Спадчына
2.83K subscribers
9.22K photos
77 videos
21 files
1.52K links
Канал пра гістарычную архітэктурную спадчыну Беларусі і не толькі.

Наш чат: https://t.me/spadczynachat
Бот зваротнай сувязі: https://t.me/spadczyna_szepat_bot
Чат пра могілкі: https://t.me/mohilki
Download Telegram
Пастановай Міністэрства культуры ад 20.03.2023 № 55 на падставе рашэння Навукова-метадычнай рады археалагічнаму комплексу на Менцы падвышана катэгорыя каштоўнасці з 3-й катэгорыі да 2-й (рэспубліканскага значэння). Нагадаем, што гарадзішча і
селішча на Менцы з'яўляюцца, вельмі верагодна, тым самым летапісным Менскам. На раскопкі комплексу Урад сёлета патраціць паўмільёна рублёў. Адначасова быў зацверджаны праект зон аховы комплексу: акрамя забароны на будаўніцтва непаспрэдна на тэрыторыі археалагічных помнікаў, адразу дзве зоны распаўсюджаны на прылеглую вёску — зона аховы культурнага пласта і зона рэгулявання забудовы (блакітным), якія абмяжоўваюць будаўніцтва да 2 паверхаў і патрабуюць пры будаўнічых і земляных работах прымаць меры па ахове археалагічных аб’ектаў
і археалагічных артэфактаў, якія перад гэтым узгадняюцца з НАН Беларусі.

Дарэчы гэта рэдкі выпадак, калі ў помніка археалогіі ўвогуле ёсць зона рэгулявання забудовы, звычайна абмяжоўваюцца ахоўнай зонай і зонай аховы археалагічнага пласта. Але гэта памылковая практыка, на нашу думку. Такія археалагічныя помнікі, як гарадзішчы, з'яўляюцца каштоўныя не толькі сваімі археалагічнымі артэфактамі, схаванымі ў зямлі, але і з'яўюцца штучнымі стварэннямі чалавечага генію, то бок помнікамі абарончай архітэктуры. Да таго ж помнікі археалогіі ўразлівыя — пасля «поўнага вывучэння культурнага пласта» любое гарадзішча можа быць лёгка пазбаўлена ахоўнага статусу і зрыта, напрыклад, пад будаўніцтва нейкай магістралі.

#Гарадзішча #археалогія #ахова
У Магілёве зноў нешта капаюць на тэрыторыі гістарычнага цэнтра. Гэтым разам - на падмурках езуіцкага касцёла Святога Францыска Ксаверыя. Як думаеце, хто з гэтых мужчын археолаг? 🤔

Фота
#магілёў #касцёлы #археалогія
Спадчына
Калі вы былі хоць раз у Бялынічах Магілёўскай в-сці, то ведаеце, што турысту глядзець там няма чаго. Адна камяніца захавалася на цэнтральным рынку. А калісьці галоўным упрыгажэннем мястэчка быў касцёл Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі пры кляштары кармелітаў…
Чарцяжы паходзяць з Расійскага дзяржаўнага гістарычнага архіва ў Пецярбургу. Не дзіва, што іх знайшла і апублікавала менавата польская даследчыца, а не беларуская. У беларусаў жа мяжа з Расіяй, да Піцера з Варшавы бліжэй, ну і моўны бар'ер перашкаджае 🤡 Жартую, здзекуюся, але добра ілюструе пасіўнасць беларускай навукі.

Дык вось менавіта дзякуючы гэтым планам нарэшце ўдалося прывязаць кармеліцкі касцёл. У Бялынічах сапраўды нічога не засталося, да чаго можна прывязацца. Але самае жывучае чалавечае тварэнне — вуліцы і дарогі. Нават шырыня пэўных вуліц захавалася, што дазволіла даволі дакладна пасадзіць планы. Пры іх супастаўленні са спадарожнікавымі здымкамі выявілася, што агароджы участкаў банка і цяперашняй царквы месцамі супадаюць з агароджай і сценамі кляштарных пабудоў. Сам касцёл апынуўся на паркоўцы перад будынкам, толькі апсіда зараз недзе пад падлогай хола кінатэатра. Месца кляштарнага корпуса амаль цалкам зараз вольнае.

А вось з царквой былі складанасці. На плане яна не ўціскалася ў фармат ліста і яе паказалі ўмоўна, пазначыўшы адлегласць каля 100 сажняў. А гэта пад 180 м - занадата далёка, больш чым мы бачым на старых фота. І тут нам як раз гэтыя фота і дапамаглі. На адным з іх, дзе бачны і касцёл, і царква, такі ракурс, што каталіцкая святыня павернута да нас строга бокам. Прымаем даўжыню ад скрайняй кропкі апсіды да галоўнага фасада за модуль, тады адлегласць да цаквы складае амаль даклана 2 модулі. Цяпер на плане адкладаем аналагічны модуль ад фасада касцёла і атрымліваем дугу, да якой мусіць прымыкаць будынак царквы.

І як вы думаеце дзе яна праходзіць? Роўна на поўнач ад музея, менавіта там, дзе стаяла бібліятэка, там, дзе, як кажуць мясцовыя, жыхары, былі выяўлены скляпенні. Супадзенне? Не думаю.

Тэрыторыі абодвух храмаў мусяць быць узята пад ахову як помнікі археалогіі. Для атрымання такога статусу не трэба нават капаць археалагічны помнік: селішчы дадаюцца ў Спіс ужо толькі па натурным абследаванні. Чаму такой практыкі няма для падмуркаў храмаў і культурнага пласта вакол іх? Яны не менш каштоўныя для нас, чым пацеркі і спражкі з паляны ў лесе.

#Бялынічы #цэрквы #касцёлы #выяўленне #археалогія
Дзякуючы ціктоку ізноў усплыла гісторыя з узворваннем тэрыторыі бескурганна могільніка перыяду ранняга жалезнага веку (XІ–XІІІ стагоддзі), размешчанага каля вёскі Трасцяніца Камянецкага раёна і ўзятага пад ахову як помнік археалогіі (шыфр 113В000374).

Асабліва прыўкрасныя каментары наконт гэтай сітуацыі з гісторыка-культурнай каштоўнасцю, якія чыноўнікі давалі яшчэ ў 2018 годзе,

Начальнік гэтага аддзела культуры Камянецкага райвыканкама Мікалай Громік у прыватнасці заявіў: «Зямля разворваецца яшчэ з часоў калектывізацыі. І што, цяпер не разворваць поле, таму што там дзесьці курган ёсць? Пахаванне знаходзіцца глыбока ў зямлі, і тое, што ідзе ўзворванне, яму не пашкодзіць. Магчыма, яго ў свой час не ўзаконілі, як належыць, не ўнеслі ў збор».

Проста тытан аховы помнікаў, якая на яго ўскладзена па абавязках. Па-парадку:
* У часы калектывізацыі не было аховы помнікаў, як з'явілася — то так, не разворваць
* Які «дзесьці там курган», калі могільнік бескурганны? 💁🏼‍♂️
* «Пахаванне знаходзіцца глыбока ў зямлі». Ты яго капаў ці што? На колькі змяніўся ўзровень зямлі з часоў апошніх раскопак праз бясконцае разворванне?
* «Не ўнеслі ў збор». А ты сваю пасаду займаеш, але не ў курсе, што ў цябе помнік у Дзяржспісе з 2002 года, а ў савецкім Зборы помнікаў аж з 1984?

Намеснік генеральнага дырэктара па раслінаводстве ААТ «Белавежскі» Андрэй Босак: «Хай вызначаць і пакажуць, на якую адлегласць трэба адступіць, а мы будзем рабіць, як трэба. Мы адступім ад паказальнікаў, пытанняў няма».

Дык яны і пакажуць у праекце зон аховы. Але каб праект зон аховы з'явіўся, то трэба яго заказаць — уласніку ці землекарыстальніку, то бок табе, спадар Босак.

Мы прааналізавалі іншыя праекты зон аховы для археалагічных помнікаў і паўсюль прапісана забарона любой дзейнасці на іх тэрыторыі акрамя архелагічных даследаванняў. Так мусіць быць і ў Трасцяніцы.

#Трасцяніца #ахова #археалогія
Спадчына
У Магілёве зноў нешта капаюць на тэрыторыі гістарычнага цэнтра. Гэтым разам - на падмурках езуіцкага касцёла Святога Францыска Ксаверыя. Як думаеце, хто з гэтых мужчын археолаг? 🤔 Фота #магілёў #касцёлы #археалогія
Земляныя работы па вуліцы Камсамольскай, а таксама на падмурках былога езуіцкага касцёла Святога Францыска Ксаверыя ў г. Магілёве праводзіліся незаконна, без апавяшчэння і ўзгаднення з Інстытутам гісторыі НАН Беларусі. Гэта вынікае з атрыманага ад іх адказу.

Профільны інстытут даведаўся пра правядзенне гэтых работ з публікацый у інтэрнэце. Быў неадкладна праведзены агляд, але на яго момант брук па Камсамольскай вуліцы ўжо не выяўлены, яго лёс не вядомы. Інстытутам зафіксавана грубае парушэнне заканадаўства Рэспублікі Беларусь у сферы аховы гісторыка-культурных каштоўнасцей. Земляныя работы, праведзеныя з выкарыстаннем цяжкай тэхнікай, знішчаюць верхнія напластаванні культурнага пласта Шклоўскага пасада. Дадзены ўчастак знаходзіцца на тэрыторыі матэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці «Гістарычны цэнтр г. Магілёва: будынкі і збудаванні, планіровачная структура, ландшафт і культурны пласт».

Яшчэ больш уражвае адказ Інстытуту Міністэрства культуры пра тое, што «работы по капитальному ремонту улицы Комсомольской не являются ремонтно-реставрационными и не выполняются на территории памятников археологии, в связи с чем их согласование с Министерством культуры не требуется». А культурны пласт у складзе гістарычнага цэнтра гэта што, помнік архітэктуры? 🤡 Атрымліваецца, можна зрыць увесь гістарычны цэнтр на паўметры і ні з кім гэта ўзгадняць не трэба? Чаго не прыдумаеш, каб нічога не рабіць...

#Магілёў #знішчэнне #археалогія
Рэшткі Святадухаўскай царквы ў Мінску, раскапаныя ў 1979 годзе. Храм адноўлены ў 2009-2011 гадах. На падвальным паверсе новага храма захаваныя фрагменты гэтых гістарычных падмуркаў.

Фота
#мінск #цэрквы #археалогія #аднаўленне
Выяўленне абрысаў княжацкага храма (або царквы на дзядзінцы), які існаваў у XII—XVI стагоддзях на тэрыторыі Верхняга замка ў Полацку. Інтэр’ер быў аздоблены фрэскамі, падлога выкладзена з паліваных керамічных плітак.

Падмурак і сцены храма былі адшуканы Міхаілам Каргерам у час археалагічных раскопак 1966—1967 гг. Ізноў яны былі раскрыты ў час нядаўняй рэканструкцыі Верхняга замка пад кадэцкае вучылішча. Менавіта ў рамках гэтай рэканструкцыі і быў рэалізаваны прыём выяўлення месцазнаходжання помніка архітэктуры і яго планіроўкі адрозным брукам.

#выяўленне #Полацк #археалогія #старажытнарускаедойлідства #царква
Раскопкі гарадзішча на Менцы. У аснове вала ляжаць класічныя драўляныя зрубы часоў старажытных княстваў. Таксама навукоўцы побач са зрубамі знайшлі драўляную маставую. Невялікі ўчастак праходзіць папярок вала і захаваўся да нашых дзён дзякуючы вільготнай глебе.

«Гэта праход унутры вала. Нават на самых ранніх планах гарадзішча былі пазначаныя тры праходы валаў: два праразаюць вал з поўдня на поўнач і адзін — у паўночна-ўсходняй частцы», — расказаў загадчык аддзела археалогіі Сярэдніх вякоў і Новага часу Інстытута гісторыі Андрэй Вайцяховіч.

Паводле яго слоў, на фотаздымках раскопак 1983 года відаць, што гэты праём дастаткова высокі, літаральна за тры метры ад вяршыні вала была выемка.

«Мы пачалі раскопкі і аказалася, што гэтая выемка — засыпаны праход. Матэрыялы там у асноўным XIX стагоддзя. На дне мы выявілі маставую з часанага бярвення».

Археолаг звярнуў увагу, што яна знаходзіцца на некалькі метраў ніжэй за ўзровень вяршыняў знойдзеных раней драўляных клецяў у вале.

Андрэй Вайцяховіч канстатаваў, што пакуль да канца незразумела, была гэта маставая ўязной брамы ці гэта найпазнейшая прарэзка вала, і гэтая маставая з'яўляецца праходам часоў Вялікага Княства Літоўскага ці Рэчы Паспалітай.

Цяпер археолагам трэба працягваць здымаць пласты глебы, каб убачыць і зразумець, ці была звязаная маставая з клецьмі. Таму што калі яны паміж сабой звязаныя — гэта магла быць менавіта трэцяя ўязная брама.

#Мінск #Гарадзішча #археалогія #драўлянаедойлідства
Падчас будаўніцтва трасы-дублёра ў раёне Ямніцкага пасёлка ў Магілёве выявілі нямецкі бетонны бункер — доўгатэрміновую агнявую кропку.

Бронекаўпак быў усталяваны ў гэтым месцы прыблізна ў 1943 годзе, калі нямецкая акупацыйная адміністрацыя ператварала Магілёў у горад-цытадэль. Падобныя бронекаўпакі дагэтуль захоўваюцца ў гарадскім ландшафце на ўскрайках абласнога цэнтра.

Выяўленая сёння ДАК (доўгатэрміновая агнявая кропка) з’яўлялася кулямётнам гняздом, лічаць спецыялісты. У пасляваенныя часы бетонны бронекаўпак быў засыпаны зямлёй, верагодна, мясцовымі жыхарамі.

Аб'ект перададуць на баланс Магілёўскага агралесатэхнічнага каледжа ў Буйнічах, дзе ствараецца рэканструкцыя нямецкай лініі абароны часоў вайны.

#археалогія #Магілёў #фартыфікацыя
У Полацку з экскаватарамі добраўпарадкаваюць тэрыторыю парку на гістарычным задзвінскім пасадзе Востраў.

Востраў размешчаны прама насупраць Сафіі і быў заселены з даўніх часоў, яшчэ з канца X—XI стст. Задзвінскія пасады Полацка, у тым ліку Востраўскі, з’яўляюцца найменш даследаванымі.

Земляныя работы ўзімку выглядаюць падазрона, звычайна іх адкаладаюць да цёплага перыяду, калі не хочуць, каб усё развалілася праз год. Але для работ у Полацку ёсць прычына - тут сёлета пройдзе Форум рэгіёнаў, а таму ўсе рэканструкцыі (у тым ліку рэстаўрацыя Дома афіцэраў) і добраўпарадкаванні ператворацца ў гонку да пэўнай даты.

У такіх умовах не да археалогіі. Да таго ж, як паказвае практыка зваротаў, кожны раз, калі пытаешся, ці ёсць археалагічны нагляд на помніку археалогіі, аказваецца, што яго няма, забылі, а культурны пласт на глыбіню 2,4 м ужо вывезлі на сметнік.

Але ў гэтым выпадку нарэшце пашчасціла. Інстытут гісторыі на наш зварот паведаміў, што археалагічны нагляд ёсць і ажыццяўляецца мясцовым археолагам Ігарам Магалінскім. Ну хоць у Полацку дбаюць пра сваю старызну.

#Полацк #археалогія
У Магілёве на скрыжаванні Пушкінскага праспекта і вуліцы Астроўскага рыюць катлаван пад будаўніцтва падземнага пераходу.

Праблема ў тым, што менавіта на гэтым скрыжаванні, у граніцах катлавана ў пачатку XIX стагоддзя была пабудаваная адна з парадных уязных арак — Чарнігаўская брама. Помнік класіцызму, як і аналагічная брама на быхаўскім кірунку, не перажыў пасляваеннае аднаўленне горада.

Тым не менш ягоныя падмуркі ўсё яшчэ знаходзяцца ў зямлі. Помнік не абмераны, не прывязаны да мясцовасці, не зафіксаваны. Калі яго падмуркі разбураць, то будзе цалкам страчаны для навукі.

Горадабудаўнічая сітуацыя дазваляе нават зрабіць такую развязвязку, якая б дазволіла аднавіць гэтае збудаванне на сваім гістарычным месцы.

На жаль у горадзе праводзіцца палітыка, якая ігнаруе патрэбы пешаходаў, веласіпедыстаў, маламабільных грамадзян. Усё дзеля аўтамабіляў. Яшчэ адну паласу дадамо і загонім людзей пад зямлю і ўсё паедзе.

Не паедзе. Праверана на сотнях еўрапейскіх гарадоў яшчэ ў сярэдзіне XX стагоддзя. Нажаль гэтыя «свежыя» навіны ўрбанізму дагэтуль не дабраліся да кабінетаў магілёўскіх чыноўнікаў. Падземны здзек з людзей падаецца як падарунак жыхарам!

Думаю, будаўніцтва падземнага пераходу выклікана яшчэ адной прычынай — неабходнасцю загрузіць будаўнічыя і праектныя арганізацыі горада хоць нейкай працай. З той жа прычыны праектуецца велізарны пацёмкінскі жылы раён на ўскраіне, хоць горад адзіны з абласных цэнтраў, які паводле перапісу імкліва змяншаецца. Старыя паміраюць, а маладыя з'язджаюць у месцы, дзе не будуюць падземныя пераходы на кожным скрыжаванні...

#Магілёў #археалогія #знішчэнне #гістарычнаязабудова
Спадчына
У цэнтры Мінска падчас планавых работ знайшлі надмагіллі XIX стагоддзя. Каменныя пліты знайшлі каля бізнес-цэнтра «Імперскі»: яны датуюцца сярэдзінай XIX стагоддзя, магчыма, 1876 і 1823 гадамі. Каму надмагіллі належаць, навукоўцам яшчэ трэба будзе высветліць.…
Надмагіллі належаць баранэсе Эміліі з Корфаў Дамброўскай, якая памерла ў 18?6 годзе і Міхаліне Нецяёўскай. Тое, што яны не яўрэйскага паходжання, відавочна. Іхнія надмагіллі перанесены сюды з іншага месца. А вось з якога - пытанне.

На першы погляд абедзве каталічкі. Гарадскімі каталіцкімі могілкамі ў Мінску былі Кальварыйскія, якія захаваліся цалкам, і пасля яшчэ Залатагорскія, якія былі былі знішчаны. Спачатку на халернай частцы пабудавалі пасля вайны дом, а ў 1970-я дабілі ўзвядзеннем Палаца мастацтва.

У 2017 годзе 12 надмагільных пліт з Залатагорскіх могілак выявілі ў лесе на ўездзе ў вёску Прылукі. Сёння яны экспануюцца на тэрыторыі вакол касцёла Святога Роха.

Але першае надмагілле наводзіць яшчэ на іншыя думкі. Корфы - разгалінаваны нямецкі род лютэранскага веравызнання. Чыёй менавіта дачкой была Эмілія пакуль высветліць не ўдалося. Але ў Мінску былі свае нямецкія лютэранскія могілкі, якія таксама былі знішчаны камуністамі ў 1970-я гады. І размешчаны яны ад вуліцы Ерусалімскай, дзе выяўлены надмагіллі ўсяго за 700 м.

На Яўрэйскія могілкі, таксама знішчаныя, маглі звазіць надмагіллі з іншых знесеных могілак. Напрыклад у Магілёве, паводле непацверджанай інфармацыі, надмагіллі з праваслаўных Саборных могілак звезлі і звалілі каля Польскіх могілак.

Увогуле ў СССР стаўленне да памяці было варварскім: не кажучы пра знос могілак і выкарыстанне надмагілляў у якасці будаўнічага матэрыялу, у тым ліку як друза для будаўніцтва дарог, ёсць жахлівыя гісторыі, як савецкія дзеці гулялі з чарапамі памерлых у футбол.

Спадзяюся, што краязнаўцы зацікавяцца гэтай знаходкай і змогуць высветліць паходжанне асоб і дзе яны былі пахаваныя. Мы ж са свайго боку звернемся да мясцовых уладаў, каб нагадаць, што гэта - археалагічная находка, з якой трэба абыходзіцца паводле палажэнняў Кодэкса аб культуры.

#могілкі #Мінск #археалогія
Для чаго патрэбныя ахоўныя зоны гісторыка-культурных каштоўнасцей і дакладнае выкананне рэгламентаў:

У Валожыне выявілі падмуркі будынка XVII стагоддзя на месцы будучай аўтастаянкі.

У месцы ахоўнай зоны каля касцёла будаўнічыя работы павінны суправаджацца археалагічнымі даследаваннямі. Дзеля гэтага прадстаўнікі Валожынскага райвыканкама выйшлі на Інстытут гісторыі Нацыянальнай Акадэміі навук Беларусі. Археолагі выехалі ў Валожын і прыступілі да працы.

Раскопкі вядуць Сяргей Ліневіч і Ганна Ясковіч з аддзела археалогіі сярэднявечча і новага часу, прадстаўнікі груп "ГРУП АРТ Мантаж", пры актыўнай падтрымцы райвыканкама.

- Раскопкі пачаліся ў сераду. Пагутарыўшы з мясцовымі жыхарамі, высветлілі, што ў пэўных месцах ўчастка ў іх узніклі цяжкасці з пракладкай вадаправода і каналізацыі, таму што натыкаліся на нейкія скляпенні і аркі. Менавіта ў гэтых месцах мы пачалі раскопкі і натрапілі на падмурак. На сённяшні дзень мы прыходзім да высновы, што працуем з будынкам прыблізна 17 стагоддзя. І гэта цяпер адзін з найстаражытных у Валожыне.

- Тут знайшлі багаты матэрыял: рэшткі бітага посуду, шкельцы, шмат кафлі, з колькасці фактычна можна сабраць печку. Што цікава - менавіта па пластаванні мы можам паглядзець гісторыю гэтага будынка. Зверху чорныя пласт - агарод, які навазілі мясцовыя жыхары, пад ім ідзе пласт бітага смецця. Ён утварыўся падчас будаўніцтва падобнага кшталту скляпоў. Затым жоўтая падсыпка. Пад жоўтым - мы бачым чорны і іншыя пласты перыяду існавання будынка. Судзячы па матэрыяле і стану будынак можна аднесці да другой паловы 17 стагоддзя, калі Валожын належыў Слушкам.

- Добра чытаецца па фрагменце - будынак быў складзены з валунніка, які звязаны глінай. Падмурак паварочвае ў заходні бок. У знойдзеным кутку знаходзілася печка, абліцаваная кафляй - паліваный і тэракотавай.

Калі паблізу знаходзіўся касцёл, то гэты будынак мы спрабуем інтэрпрэтаваць як плябань, у якім жыў ксёндз, ці духоўную школу, якую адчынілі пры бернардзінскім кляштары. Апошняя версія пад вялікім пытаннем. Але калі гэта ўсё ж плябань, то, па сутнасці, мы знайшлі адну з найстаражытнейшых у Валожынскім раёне і Мінскай вобласці. Да гэтага моманту да старажытных помнікаў адносілася цэнтральная забудова горада ў часы перабудовы горада Тышкевічамі і дзейнасці Касакоўскага і датуецца пачаткам 19 стагоддзя. Знойдзены падмурак будынка папярэднічае перабудове. Гэта кавалачак старога архаічнага Валожына.

Таксама тут недалёка знаходзіўся драўляны касцёл, які адчыніўся ў 1690 годзе. Вядома, што ён згарэў прыкладна да 1814 года. На шматлікіх замалёўках, літаграфіях, гравюрах бачна, што ўчастак ад новага касцёла да палаца не забудоўваўся. Думаем, людзі бераглі святую зямлю. Мы яго спрабуем зараз раскапаць. Калі знойдзем, то ансамбль поўнасцю складзецца. Пасля завяршэння праца частка тэрыторыі адвядзецца пад паркоўку, а частка стане ахоўнай зонай з перспектывай стварэння ўнікальнай для Валожына турыстычнай жамчужынкі.

Крыніца

А калі б не было зон і выканання рэгламентаў - ніхто б нічога не даследаваў, а калі б выпадкова і выявілі, то не звярнулі б увагу або ўвогуле знішчылі.

#Валожын #археалогія
Спадчына
У Магілёве, відаць, адрылі такі падмуркі Чарнігаўскай брамы. Як адзначаюць краязнаўцы - у раскопе выяўлены мур з раздвоеным вуглом. Менавіта такі раскрапаваны вугал адлюстраваны на чарцяжах і гістарычных фота Чарнігаўскай брамы. Ці спыніць гэта будаўнікоў?…
Інстытут гісторыі НАН Беларусі паведамляе, што на месцы раскопак катлавана пад будаўніцтва падземнага пераходау ў Магілёве, дзе меркавана размяшчалася Чарнігаўская брама, помнік класіцызму, усё ж такі вядзецца археалагічны нагляд супрацоўнікамі МДУ імя А. А. Куляшова.

На месцы катлавана часткова аголены цагляныя падмуркі, якія фіксуюцца і інтэрпрэтуюцца спецыялістамі. Выяўленыя падмуркі часткова ўваходзяць у межы катлавана, асноўная іх частка сыходзіць у бок тратуара, дзе земляныя работы не вядуцца.

#Магілёў #археалогія
Спецыялісты з Гомеля пачалі адмываць часткі драўляных клецяў, ванятых з раскопу вала гарадзішча на Менцы, і выявілі зааморфную фігуру, відаць барана з рогамі.

Археолаг Андрэй Вайцяховіч удакладніў, што тысячу гадоў таму, калі ўзводзіўся вал, гэтая фігура была засыпаная зямлёй разам з клецямі і не была бачная людзям.

Археолаг звярнуў увагу, што гэта спецыяльная частка канструкцыі, якая як крук падпірала знешнюю сцяну клецяў. Такіх драўляных частак было вынята некалькі.

Гісторык выказаў здагадку, што выява магла быць звязана з паганскім уяўленнем пра свет або гэта была частка традыцыйнага дэкору.

#Менка #археалогія #старажытнарускаедойлідства #драўлянаедойлідства
У 1981 годзе пры будаўніцтве мемарыяла Змагарам за савецкую ўладу на Савецкай плошчы ў Магілёве была выяўлена драўляная маставая 17 стагоддзя. Яе перанеслі на тэрыторыю музея этнаграфіі, дзе яна экспанавалася на адкрытым паветры некалькі гадоў.

#Магілёў #археалогія
Дзякуючы ўрагану ў Гомелі зрабілі навуковае адкрыццё

Аказалася, што дрэва, якое ўпала падчас нядаўняга ўрагану ў Гомелі, доўгія гады хавала ў сваіх каранях дзіўную знаходку. Па словах намесніка дырэктара музея па навуковай рабоце Гомельскага палацава-паркавага ансамбля Дзмітрыя Лінданкова, былі выяўленыя сляды кладкі, якая мае форму васьмікутніка.

Прагледзеўшы ілюстрацыі і планы палаца, удалося вызначыць, што ў тым самым месцы ў другой палове XIX стагоддзя размяшчаўся фантан.

Дакументы і фота 30-х гадоў XX стагоддзя пацвердзілі, што такіх фантанаў было два, але ў пасляваенны час яны не захаваліся.

Цяпер знаходка старанна вывучаецца, пасля чаго будзе прынята рашэнне адносна яе далейшага лёсу — рэстаўрацыя або ўпарадкаванне.

#Гомель #знаходкі #археалогія
За Палацам Рэспублікі ў Мінску перакладаюць сеткі. У раскопе праявіліся падмуркі касцёла Тамаша Аквінскага, на аднаўленне якога камуністы ўзялі пасля вайны з Германіі рэпарацыі, а пасля ўзарвалі ў 1950 годзе, відаць, каб не адсвечваў на фоне будучага помніка Сталіну на Цэнтральнай плошчы.

У час будаўніцтва Палаца Рэспублікі падмуркі касцёла раскапалі. У прынцыпе нічога не замінае яго аднаўленню - сёння на гэтым месцы газон. Рэшткі касцёла ўнесены ў Дзяражаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей як помнік археалогіі.

#Мінск #археалогія #касцёлы