Спадчына
2.89K subscribers
10.2K photos
87 videos
22 files
1.61K links
Канал пра гістарычную архітэктурную спадчыну Беларусі і не толькі.

Наш чат: https://t.me/spadczynachat
Бот зваротнай сувязі: https://t.me/spadczyna_szepat_bot
Чат пра могілкі: https://t.me/mohilki
Download Telegram
100-старонкавы дапаможнік на рускай мове па доглядзе за сваёй маёмасцю для праваслаўных цэркваў Эстоніі. А можна нешта такое ў Беларусі зрабіць?
#замежжа #цэрквы #Эстонія #лікбез
Анастылаз — метад рэстаўрацыі, у аснове якога вяртанне на сваё першапачатковае месца захаваных частак канструкцый і дэталяў помніка, перамешчаных у выніку разбурэнняў ці перабудоў. Слова, у адрозненне ад большасці архітэктурных тэрмінаў, якія маюць італьянскае, нямецкае ці французскае паходжанне, паходзіць са старажытна-грэчаскай мовы і азначае «вяртанне да ранейшага стану» — і гэта нездарма, бо метад распрацаваў грэчаскі архітэктар Нікалаас Баланас пры аднаўленні афінскага Акропаля. Той выгляд, які вядомы нам зараз, гэта вынік 200-гадовай рэканструкцыі. Пасля здабыцця незалежнасці Грэцыяй у 1832 годзе з Акропаля, які быў ператвораны ў асманскую крэпасць з гарнізонам, гарэмам і мячэтамі, былі вычышчаны ўсе сляды не толькі асманскай прысутнасці, але нават і часоў Візантыі. З тых часоў грэчаскія навукоўцы збіраюць гэты бясконцы пазл, вяртаючы на сваё месца мармуровыя блокі Парфенона, Эрэхтэёна, храма Нікі Аптэрас і прапілеяў. Асабліва гэты працэс актывізаваўся ў апошнія гады, калі дзякуючы сучасным тэхналогіям з'явілася магчымасць электроннай апрацоўкі помнікаў і фрагментаў (літаральны кожны камень на Акропалі адсканаваны), а праз гэта не толькі знаходзіць іх сапраўднае месца, але і збіраць наноў бэлькі з каменьчыкаў ды выпілоўваць з мармуру страчаныя фрагменты, якія дакладна састыкоўваюцца з аўтэнтычнымі.

Метад амаль ідэальны, але не абыходзіцца без крытыкі:
па-першае, не заўсёды магчыма высветліць дакладнае месцазнаходжанне фрагмента, нават калі відавочна да якой часткі помніка ён адносіўся, так нядаўнія даследванні паказалі, што ў сабраных даўней калонах Парфенона былі пераблытаны амаль ўсе барабаны (цыліндрычныя блокі), то бок кожная калона складася з некалькіх блокаў, якія насамрэч былі часткамі іншых калон;
па-другое, для таго, каб устанавіць на сваё месца фрагменты часам патрабуецца адбудаваць з нуля аб'ём, які ў дзясяткі і сотні раз перавышае аб'ём самога фрагмента. У выпадку з класічнымі помнікамі звычайна прасцей, бо ёсць магчымасць паўтарыць захаваны сіметрычны фрагмент, але ў іншых выпадках, калі няма аніякіх крыніц, гэта фактычна дадумка, а дзе пачынаецца фантазія — сканчаецца рэстаўрацыя;
па-трэцяе, фрагменты ў большасці сваёй мацуюцца не на клей-мамент — каб замацаваць аўтэнтычны блок яго неабходна прасвідраваць, што можа прывесці да яго разбурэння адразу ці ў аддаленай будучыні.

#лікбез #рэстаўрацыя #аднаўленне
Архітэктурная пераемнасць:
1. Палацца дэль Капітаніята. Вічэнца. Архітэктар Андрэа Паладыа. 1571—1572
2. Дом на Махавой. Масква. Архітэктар Іван Жалтоўскі (шляхціц з Пінскага павета). 1932—1934. Фактычна першы помнік савецкага неакласіцызму («сталінскага ампіру»), які азнаменаваў смерць савецкага канструктывізму.
3. Будынак Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання Беларусі. Мінск. Архітэктар П. Іваноў. 1952

Выразнасць фасадам надаюць вялікія паўкалоны кампазітнага ордара, якія часта чляняць плоскасць сцен, а таксама складаны раскрапаваны антаблемент, які ўзбагачае фасады актыўнай гульнёй святла і ценю.

#паралелі
Спадчына
Photo
Хто вызначае статус гісторыка-культурных каштоўнасцей ў Беларусі? Па-першае, Рада пры Мінкультуры, па-другое, абласныя (і Мінскі гарадскі) саветы па пытанных гісторыка-культурнай спадчыны. Дакладней — другія, бо на Раду прапанова можа патрапіць толькі калі мясцовы савет палічыць, што каштоўнасць мае значэнне для ўсёй рэспублікі.

Але хто засядае ў гэтых саветах? Дзіўна, але мы не ведаем! Не так даўно мы спрабавалі даведацца ва ўсіх аблвыканкамах склад саветаў, але паўсюль нам адмовілі па розных прычынах, у Брэсце ўвогуле адказалі, што публікацыя такіх звестак умяшанне ў асабістае жыццё членаў савета. Адзінае выключэнне - Віцебскі савет, ягоны склад з кароткімі звесткамі пра кожнага члена апублікаваны на сайце выканкама.

Толькі па Віцебскім савеце мы і можам меркаваць пра іншыя. У ім 15 членаў, у тым ліку старшыня, намеснік і сакратар савета. Хачу звярнуць увагу на тое, што 4 члены з'яўляюцца чыноўнікамі, а 9 - супрацоўнікамі буджэтных (ці калябюджэтных) арганізацый (універсітэтаў, музеяў, бібліятэк, архіваў, праектных інстытутаў), толькі двое, абодва архітэктары, ніяк не звязаны з дзяржавай. Члены савета з першых дзвюх груп могуць быць цудоўнымі спецыялістамі і шчыра тапіць за ахову помнікаў, але калі табе прыносяць прапанову на статус аб'екту, які Упраўленне капітальнага будаўніцтва пры аблвыканкаме збіраецца знесці пад чарговы раён 20-павярховых мурашнікаў, то які выбар стаіць перад імі стаіць: раззлаваць начальства і ці паступіцца прынцыпамі? Адказ залежыць ад канкрэтных асоб, але немагчыма ігнараваць той факт, што пераважная большасць савета знаходзіцца ў залежным становішчы і таму можа часта ўзнікаць канфлікт інтарэсаў. Больш ураўнаважаным склад быў бы, калі б універсітэты ў Беларусі мелі акадэмічныя свабоды і самакіраванне, бо зразумела, што значная частка спецыялістаў у саветах будзе менавіта з ВНУ, як цэнтраў навукі.

Прафесійна склад больш разнастайны, адносную большасць складаюць гісторыкі - 5 членаў, археолагаў, архітэктараў, бібліятэкараў/архівістаў і чыноўнікаў (вызначыць спецыяльнаць не ўдалося) па двое, і адзін культуролаг ды музейшчык-ваеншчык. Вось пішу я прапанову для помніка архітэктуры, распісваю трыгліфы, метопы, анулі, імпасты, праводжу паралелі з іншымі помнікамі і стылямі таго часу. Але для каго? Ва ўсім савеце толькі тры члены, архітэктары і культуролаг (і магчыма гісторык Півавар, які пісаў пра сядзібы), у прынцыпе маюць дастатковы ўзровень ведаў, каб зразумець пра што гаворка. Але яны меншасць, іх меркаванне нават не перавесіць меркаванне чыноўнікаў у савеце. А як галасуюць астатнія, «по велению сердца»? Па суб'ектыўным успрыманні прыгожага? Ці адбываюцца ў савеце якія-небудзь дэбаты?

Калі вырашалі на гэтым савеце лёс сядзібы Арліцкіх у в. Двор-Гомель, то савет прагаласаваў супраць (і сядзібу ў хуткім часе знеслі), але ў пратаколе было запісана, што да мясцовых уладаў была даведзена "пазіцыя асобных членаў савета", што сядзіба варта захаваць. Цікава, хто ж гэта быў? Стаўлю на архітэктараў.

Не ведаю як арганізаваны падобныя органы ў іншых краінах, але ў Беларусі яны непразрыстыя (не публікуецца ні склад, ні пратаколы пасяджэнняў) і, як бачна, разбалансаваныя.

#лікбез #ахова
На будынку Інстытута бізнесу БДУ па вул. Маскоўскай, 5 у Мінску, пабудаваным у 1929 годзе, відавочна, без аніякага навуковага абгрунтавання пераціраюць фасады цэментам. Будынак з'яўляецца гісторыка-культурнай каштоўнасцю (шыфр 713Г000134), усе работы на ім, у тым ліку бягучы рамонт фасадаў, мусяць выконвацца пад кіраўніцтвам навуковага кіраўніка.

Праз перацірку фасада губляецца выразнасць руста, унікальнага для Беларусі па сваім малюнку. Але галоўная праблема ў самім матэрыяле.

Чым небяспечны цэмент на помніках?
Пісалі раней, паўтараем для засваення

Рошчына для цаглянага мура і тынкоўкі будынка зроблена з вапны. Вапна ўвесь час карбанізуецца з выдзяленнем вуглекіслаты, якая павінна выходзіць са сцяны, гэтак жа як і солі. Цэмент з’яўляецца паранепранікальным матэрыялам, пад якім пачынаюць збірацца тыя самыя солі і вільгаць. У выніку вапняны тынк перастае «дыхаць» і пачынае «гнісці» ад тэмпературных перападаў і канцэнтрацыі соляў. Усё гэта прыводзіць да разбурэння помніка.

#савецкаяспадчына #гістрычнаязабудова #Мінск #лікбез #антырэстаўрацыя
Анлайнер запосціў галасавалку пра стыль, у якім пабудаваны дом Мураўёва ў Гродне. Правільны адказ, на думку журналістаў, мадэрн, тое ж самае можна часта прачытаць і ў даведніках па беларускіх славутасцях.

Але, як ужо не раз адзначалася, у Беларусі маецца вялікая праблема з вызначэннем стыляў. Неарэнесанс называецца неабарока, эклектыка мадэрнам, неараманскі стыль неаготыкай. Гэты гродзенскі дом пабудаваны, як пішуць, да 1888 года. Мадэрн як стыль праявіцца ў наступным дзесяцігоддзі, у Расійскай імперыі першыя будынкі - самы самы канец 1890-х, але найчасцей ужо пачатак XX стагоддзя. Такім чынам чыста храналагічна дом Мураўёва, калі гісторыкі не маняць, не можа быць мадэрнам.

Ды і ў архітэктуры няма нічога такога, што б паказвала на мадэрн. Можна ў нейкіх формах вежаў і акон нейкае падабенства ўлавіць, але фасады ў цэлым - архітыповы прыклад цаглянага кірунку эклетычнага стылю. Мадэрн вельмі дэкаратыўны стыль, калі звонку дом можа быць аскетычным і стыль будзе дрэнна чытацца, то ў інтэр'еры адразу ўсё стане зразумела - пазнавальныя агароджы лесвіц, трафарэтныя размалёўкі з мудрагелістымі кветкамі, характэрны выгляд дзвярэй. Нягледзячы на тое, што будынак быў разрабаваны дашчэнту пакуль стаяў закінутым, а што засталася, тое было знішчана мярзотнай рэканструкцыяй, нават да ўсіх гэтых бедаў у інтэр'еры нічога не нагадвала пра мадэрн.

#лікбез #гродна #гістарычнаязабудова
Часта можна пачуць, што Чырвоны касцёл, помнік неараманскага стылю, мае элементы неаготыкі. У першую (і апошнюю) чаргу такім элементам называецца акно-ружа, сапраўды вельмі характэрнае для гатычнага стылю. Але насамрэч касцёл не мае ніякіх відавочных гатычных элементаў, таму што акно-ружа вядомае і ў помніках раманскага стылю, але пра гэта не было вядома ўсім тым, хто пісаў пра архітэктуру мінскай святыні ў савецкі і постсавецкі час. Цяпер ёсць інтэрнэт і прыклады знайсці лёгка, але ніхто не абвяргае тэзіс пра неаготыку.

Сабор у Вормсе (Германія)
Царква ў Швебіш-Гмюндзе (Германія)
Царква Святога Сільвестра ў Трыесце (Італія)
Санта-Дамінга ў Сорыі (Іспанія)

#касцёлы #Мінск #лікбез
Прачытаў на канале «Пошукі старога Гомеля» допіс пра страчаную пабудову на тэрыторыі сённяшняга палацава-паркавага комплексу. З боку галоўнага уваходу быў шасцікалонны порцік. На раку выходзіў фасад, аздоблены шасццю пілястрамі. Ордар у дакументах названы «геркулесавым».

Аўтар канала сувярджае, што «гісторыкам архітэктуры такі ордэр невядомы. Магчыма, гэтая назва магла ўзяцца з-за капіявання ордара вядомага гістарычнага правобраза. Напрыклад з старажытнага храма-ратонды Геркулеса ў Рыме».

Храм Геркулеса Непераможнага на Бычыным форуме мае самы багаты карынфскі ордар. Але гісторыкам архітэктуры ўсё ж вядома, што «геркулесавым» ордарам называлі зусім іншы.

Пра гэта пісаў Андрэа Паладыа ў сваіх кнігах па архітэктуры:

«У плане аздабленняў яны таксама ў вышэйшай ступені лічыліся з тым, для якога бога яны будавалі: так, Мінерве, Марсу і Геркулесу яны будавалі храмы дарычнага ордара, бо такім багам, казалі яны, што апекваюцца ваеннай справай, пасуюць пабудовы, пазбаўленыя тонкасці і мяккасці. Але Венеры, Флоры, музам, німфам і самым пяшчотным багіням трэба, казалі яны, будаваць храмы, якія пасавалі б да іх квітнеючага і пяшчотнга дзявоцкага ўзросту, праз што яны і рабілі іх карынфскага ордара, бо ім здавалася, што тонкія і квяцістыя формы, упрыгожаныя лісцем і валютамі, пасуюць такому ўзросту. Юноне ж, Дыяне, Бахусу і іншым багам, якім, здавалася, не пасавалі ні строгасць першых, ні далікатнасць другіх, яны прадпісвалі іанічны ордар, які займае сярэдняе месца паміж дарычным і карынфскім.»

Уся класічная архітэктура ў нас будавалася па трактатах і праектах Паладыа, таму ордарам страчанай пабудовы амаль дакладна быў дарычны.
#лікбез #Гомель
Усе ведаюць пра мудрагелістыя арнаменты ў выглядзе ракавін у барока і ракако (ракайль). А што, калі я вам скажу, што многія «ракавіны» гэта зусім не рамантычныя ракавіны, а мярзотныя храсткі, як у носе і вушах?

Храстковыя элементы, або кнорпельверк (Knorpelwerk) гэта арнамент, характэрны для мастацтва маньерызму XVI стагоддзя і фламандскага барока XVII стагоддзя. У вытанчаным, фантастычным малюнку храстка ўгадваецца абрыс маскі, твар якой-небудзь пачвары, грэбень марской хвалі, або храсток, адкуль і назва.

На фота картушы з херувімамі з царквы Св. Мікіты ў Здзітаве Жабінкаўскага раёна. Сярэдзіна 17 ст.


Дэкаратыўнае наверша лавы (сталі) з брыгіцкага касцёла ў Гродне. Георг Цэль, 1646-1649

#лікбез
істужачны ўзор, або бандэльверк (ням. Bandelwerk) гэта арнамент першай паловы XVIII стагоддзя ў выглядзе пераплеценых стужак, якія часта рэзка змяняюць свой кірунак. Канцы стужак завяршаюцца плоскімі спіралямі ці лісткамі. Ён падобны да арнаменту арабесак і часта ўключае выцягнутае лісце аканта.

Матывы істужачнага пляцення атрымалі распаўсюд яшчэ ў Сярэднявеччы. Папярэднікамі бандэльверка з'яўляюцца марэскі (моцна стылізаваны раслінны ўзор без выяў жывых істот) і галандскі хвастаты ўзор (Schweifwerk) XVI стагоддзя, а таксама італьянскія гратэскі, якія прама наследуюць роспісы старажытнага Рыма. Арнамент спачатку распрацаваны французскімі гравёрамі каля 1700-х гг., а пасля перайшоў у інтэр'ерныя роспісы.

Такі арнамент ідэльна падыходзіць для таго, каб запаўняць ім вокладкі кніг, дэкаратыўныя панэлі, сегменты каваных агароджаў, столі, пілястры і супрапорты (наддзвер'і).

Не ведаю, ці захаваўся хоць адзін прыклад гэтага арнамента ў Беларусі, тэма арнаментаў ніяк не распрацавана ў беларускім мастацтвазнаўстве. Калі патрапіцца, то пакажу асобна.

#лікбез #арнаменты
Спадчына
істужачны ўзор, або бандэльверк (ням. Bandelwerk) гэта арнамент першай паловы XVIII стагоддзя ў выглядзе пераплеценых стужак, якія часта рэзка змяняюць свой кірунак. Канцы стужак завяршаюцца плоскімі спіралямі ці лісткамі. Ён падобны да арнаменту арабесак…
картушова-скручаны ўзор (пол. ornament kartuszowo-zwijany), або рольверк (ням. Rollwerk) гэта арнамент, які існаваў і эпоху маньерызму і ранняга барока з 1530 г. да сярэдзіны XVII ст. Ён мае выгляд пераплеценых, звычайна ў некалькі слаёў, бляшаных палос з загнутымі ці закручанымі ў аб'ёмныя спіралі канцамі. У бандэльверка, як мы памятаем, яны былі або плоскія, або фларыстычныя.

Паколькі ён быў папулярны ў афармленні гербоў і картушаў, яго сталі называць картушовым.

Скручаны стыль быў распрацаваны каля 1530 года італьянскімі мастакамі са школе Фантэнбло. Далейшае развіццё атрымаў у Нідэрландах, дзе распаўсюдзіўся праз арнаментальныя гравюры Карнеліса Флорыса (ягоны стыль нават займеў сваю назву - фларыстыль) і яго вучня Ганса Врэдэмана дэ Врыса , а таксама ў Германіі праз гравюры Віргілія Соліса.

Пасля 1560 года часта спалучаўся з вельмі падобным аковачным стылем (бешлагверк). Існаваў да сярэдзіны XVII ст.. Знік пасля з'яўлення храстковага стылю (кнорпельверк), пра які мы ўжо пісалі раней.

#лікбез #арнаменты #маньерызм
Спадчына
картушова-скручаны ўзор (пол. ornament kartuszowo-zwijany), або рольверк (ням. Rollwerk) гэта арнамент, які існаваў і эпоху маньерызму і ранняга барока з 1530 г. да сярэдзіны XVII ст. Ён мае выгляд пераплеценых, звычайна ў некалькі слаёў, бляшаных палос з…
Бешлагверк (ням. Beschlagwerk, Beschlag = коўка, аклад, аправа, арматура), або аковачны (ornament okuciowy) ці акладны ўзор. Назва яшчэ не ўстаялася, бо, верагодна, гэта першая публікацыя па-беларуску, дзе ўвогуле пра гэты арнамент згадваюць.

Ён вельмі падобны да рольверка, але нагадвае плоскасную накладку, аклад з металічных палос, упрыгожаных бляшкамі. Арнамент пайшоў з тых жа прац Флорыса і яго вучня дэ Врыса. З'явіўся ў канцы XVI ст. і затым распаўсюдзіўся ў Германіі, дзе ён выкарыстоўваўся да 1620-х гадоў. Пасля быў папулярны ў архітэктуры неарэнесансу 1870-1890-х гадоў.

Часта спалучаецца з рольверкам, так што іх цяжка развесці асобна, таму, напрыклад, у англійскай мове выкарыстоўваецца тэрмін strapwork - раменны, паясны ўзор.

У адрозненні ад матываў, дзе імітуецца расцягнутая скура ці стужкі з матэрыі, у рольверку і бешлагверку стужкі аб'ёмныя, а таксама маюць геаметрычнай формы адтуліны, у тым ліку ў тарцавых сячэннях.

#лікбез #арнаменты
Спадчына
Бешлагверк (ням. Beschlagwerk, Beschlag = коўка, аклад, аправа, арматура), або аковачны (ornament okuciowy) ці акладны ўзор. Назва яшчэ не ўстаялася, бо, верагодна, гэта першая публікацыя па-беларуску, дзе ўвогуле пра гэты арнамент згадваюць. Ён вельмі падобны…
Акрамя адтулін гэтыя ўзоры могуць упрыгожваць заклёпкі ці камяні. Звычайна гэта імітацыі круглых ці эліпсападобных каштоўных камянёў з гладкай агранкай - так званыя кабашоны (пол. kaboszon, фр. cabochon). Або наадварот гранёныя камяні - раўты-ромбы (пол. raut ад ням. Raute - ромб).

#лікбез #арнаменты
А вы ведаеце розніцу паміж тэрмінамі «бардзюр» і «парэбрык»?

#лікбез
Спадчына
А вы ведаеце розніцу паміж тэрмінамі «бардзюр» і «парэбрык»? #лікбез
Дык вось розніца ў тым, што слова «бардзюр» абазначае паласу дэкаратыўных раслін, якая абрамляе плошчы, пляцоўкі і тратуары, а таксама так называюць скульптурныя аздабленні сцен.

#лікбез #паркі
Спадчына
А вы ведаеце розніцу паміж тэрмінамі «бардзюр» і «парэбрык»? #лікбез
А вось тое, што на карцінцы, незалежна ад глыбіні ўстаноўкі называецца бартавым каменем. Яго ў нас называюць таксама бардзюрам або борцікам. Борт ад германскага bord - край, а бардзюр ад таго ж bord толькі праз французскае bordure.

Чаму ў рускай мове Пецярбурга парэбрык стаў асацыявацца з бартавым каменем - загадка.

#лікбез
Алтар Мантэфельтра, выкананы мастаком П'ера дэла Франчэска ў 1472—1474 гадах на заказ герцага Урбінскага. Дэла Франчэска - тэарэтык перспектыўнай пабудовы.
Алтарная частка базіліка Санта-Марыя-прэса-Сан-Саціра (Сацір гэта святы, а не яблівы чалавека-казёл) у Мілане, выкананая архітэктарам і мастаком Доната Брамантэ ў 1482—1486 гадах.

Гэтыя два помнікі мастацтва, дзе адзін яўна цытуе іншы, яднае несапраўдная перспектыва - прастора на заднем фоне выглядае аб'ёмнай, але гэта падман. Карціна, вядома, плоская, а глыбіня алтарнай часткі базілікі зусім не 10 метраў, як можа падацца, а ўсяго толькі 97 см!

Прыём ілюзорнай перспектывы, які прыйшоў з рэнесанснага жывапісу (хоць тут складана падзяліць, у той час самыя выдатныя мастакі адначасова былі і дойлідамі), быў вельмі папулярным і ў эпоху барока. Уласна дзякуючы Брамантэ, бо яго перспектыўную ілюзію шырока апісвалі ў мастацкіх трактатах таго часу.

У эпоху барока падманкі (трамплёй) дабраліся і да Беларусі, але пра гэта можа іншым разам.

#лікбез #перспектыва #Мілан #Урбіна #Італія #рэнесанс
Самыя вядомыя прыклады ілюзорных перспектыў: галерэя ў палацы Спада, лесвіца Апостальскага палаца і тэатральныя дэкарацыя тэатра Алімпіка - пра іх варта асобна распавесці, хоць нядаўна ў СМІ быў вялікі матэрыял пра іх.

Але ў найлепшых традыцыях Дэна Браўна самы вялікі сакрэт схаваны прама ва ўсіх на вачах у Ватыкане. Гаворка пра плошчу Святога Пятра.

Яе спраектаваў знакаміты Джавані Ларэнца Берніні па даручэнні папы Аляксандра VII. Калі будзеце ў Рыме, то паглядзіце вакол сябе: калі ўбачыце на вяршыні абеліскаў ці на картушах (а вы іх убачыце!) сем горак з васьміканцовай зоркай над імі, то ведайце, што гэта герб роду Кіджы, да якога належаў усяго адзін папа - Аляксандр VII.

Аляксандру VII мы абавязаны тым Рымам, які мы ведаем сёння. Замест таго, каб піздзіць грошы на ўзбагачэнне ўласнай сям'і, ён на іх перабудаваў Вечны горад у стылі барока. Ён любіў літаратуру, філасофію і архітэктуру, дык так, што асабіста прымаў удзел у распрацоўцы праектаў вуліц Рыма. А Берніні быў яго ўлюбёным майстрам-архітэктарам.

Скончу гэтую вялікую рэмарку так: кожны валадар, калі хоча застацца ў гісторыі, мусіць публічна апекавацца мастацтвамі. Эканамічныя дасягненні і заваяванні забудуцца, а мастацтва вечнае і ўдзячнае.

Дык вось Берніні спраектаваў плошчу перад новым фасадам базілікі Святога Пятра, ахапіўшы яе паўколамі сваіх каланад.

Храм будавалі па праекце Мікеланджэла як цэнтрычны храм з уражвальнага памеру купалам, а але пасля да храма прыбудавалі пярэднюю частку з грувасткім фасадам, які закрыў сабою купал.

Плошча здаравенная, на яе можна паставіць Калізей і яшчэ застанецца месца. Дык вось Берніні абыграў гэтыя памеры плошчы ілюзіяй. Каланада мае два крылы, якія прымыкаюць непасрэдна да сабора. На іх ніхто не звяртае ўвагі, а дарма - менавіта ў іх і схаваны фокус.

Правіла перспектывы такое: дзве паралельныя лінія заўсёды сыходзяцца ў адной кропцы. Майстры перспектыўных падманак разварочвалі лініі так, каб ясны сыходзіліся бліжэй. Гэта стварала (разам з памяньшэннем памераў дэталяў і адлегласцей паміж імі) эфект глыбіні пры яе адсутнасці.

А што, калі развярнуць лініі так, каб лініі разыходзіліся? Гэта і правярнуў Берніні з крыламі сваёй каланады - яны разыходзяцца ад плошчы ў бок сабора. Вугал невялікі, таму яны ўсё роўна сыходзяцца ў перспектывае, але далей. Такі прыём дазваляе скараціць даўжыню плошчы, наблізіць фасад да людзей.

За адно Берніні яшчэ схаваў і пагарок, на якім стаіць сабор. Крылы трохі паўзуць па пагорку, але з такой хітрай перспектывай здаецца, што яны пабудаваныя на роўнай зямлі. Каб ілюзія была поўнай, усе гарызантальныя лінія на крылах паралельныя ўхілу пагорку. Гэта першае месца ў свеце, дзе я пабачыў не прамавугольныя вокны, а вокны ў форме паралелаграма!

Навошта гэта было рабіць? Усё дзеля тэатральнага барочнага эфекта. З плошчы сабор выглядае звычайным, нават меншым чым ёсць. Але калі чалавек трапляе на частку плошчы перад самі саборам, плошча пачынае пашырацца, перспектыўны эфект крылаў, якія губляюцца ў бакавым зроку, знікае, і над чалавекам на пагорку раптам вырастае не звычайны храм, а каласальны.

Берніні дарэчы не быў вынаходнікам і гэтай аптычнай ілюзіі, нешта падобнае да яго правярнуў на плошчы Капітолія Мікеланджэла, але Берніні давёў ідэю да дасканаласці.

Сапраўдную магію перспектывы і архітэктурнай кампазіцыі можна адчуць, калі прайсці па Віа дэла Канчыліяцыёнэ, якую пачалі прасякаць у шчыльнай забудове італьянскія фашысты ў 1936 годзе. З-за фасада выпаўзае купал, але нават без яго на такім значным аддаленні сабор выглядае каласальным - чаго не адчуваеш на самой плошчы Святога Пятра.

#лікбез #Рым #перспектыва #Італія #барока