Спадчына
2.89K subscribers
9.82K photos
85 videos
22 files
1.57K links
Канал пра гістарычную архітэктурную спадчыну Беларусі і не толькі.

Наш чат: https://t.me/spadczynachat
Бот зваротнай сувязі: https://t.me/spadczyna_szepat_bot
Чат пра могілкі: https://t.me/mohilki
Download Telegram
Паглядзіце як убога рамантуюць драўляны дом па вуліцы Міцкевіча, 7 у Гродне.

У 2021 годзе прадстаўнік кампаніі «Формула вады», якая выкупіла дамы №№7 і 9, Дзмітрый Жук распавядаў, што "пастаўлена задача захаваць гістарычнае аблічча", а па факце нам падсоўваюць фуфел, які толькі аддалена нагадвае старое.

Няцотны бок вуліцы Міцкевіча уваходзіць паводле праекта зон аховы гістарычнага цэнтра Гродна ў "ахоўную зону", а дадзеныя дамы аднесены да "шараговай забудовы". Рэгламентамі ахоўнай зоны забаронена "неабгрунтаванае змяненне характару архітэктуры фасадаў шэраговай гістарычнай забудовы, якой не нададзены статус гісторыка-культурнай каштоўнасці".

Канкрэтна, што не так:
* Выкарыстоўваецца непрафіляваная шалёўка, якая была раней
* У ніжняй частцы сцен і мезаніна замест вертыкальнай шалёўкі выкарыстоўваецца гарызантальная.
* Адсутнічаюць паяскі, якія аддзяляюць гарызантальную і вертыкальную шалёўку, што парушае гістарычнае чляненне фасадаў
* Адсутнічаюць праразныя падзоры на навісях даху (гэта яшчэ можна давесіць)
* Вокны маюць негістарычны колер, матэрыял, разбіўку, глыбіню ўстаноўкі адносна фасада (апошняе, вядома, праз тое, што робяць вентфасад без уцяпляльніка 🙄 навошта?)
* Абсалютна некарэктна выкананы ліштвы. На фота добра бачна, што яны былі падвойныя, унутраныя - простыя, закрывалі ўласна шчыліну між вокнамі і сценамі, а вонкавыя, з праразным дэкорам, мелі выключна дэкаратыўную функцыю. "Майстры" вырашылі, што яны самыя разумныя і хопіць тут і вонкавых. Але нават не спецыялісту бачна, што яны пралічыліся.
* Ужо набітыя праразныя падзоры пад стрэшкай давялося падразаць пад акно 🤡 Раней ліштвы амаль даходзілі да навісі даху, было ўвогуле не бачна, што за імі. Пасля спрашчэння ліштваў выявілася, што неяк часткі дэкору не стыкуюцца між сабой - падрэзалі!
* Адсутнічае традыцыйнае афармленне кутоў дома.

Падпішыцеся на наш Patreon, калі хочаце падтрымаць канал

#Гродна #гістарычнаязабудова #драўлянаедойлідства #дэградацыя
Лекторый "Фрэскі" запрашае на лекцыю "Традыцыі і падыходы у́ народным будау́ніцтве Беларусі на прыкладзе помнікау́ драу́лянана дойлідства к. XIX—пач. ХХ стагоддзяў". Лекцыя пройдзе 26 верасня а 18.30 па адрасе вуліца Кісялёва, 38.
Падчас лекцыі вы даведаецеся:
▪️ аб традыцыйным будаўнічым матэрыяле, яго нарыхтоўцы, практычных уласцівасцях пэўнага віду драўніны, а таксама павер’ях і забабонах, звязаных з выбарам дрэў, што панавалі ў народнай свядомасці
▪️ аб асноўных канструкцыях, будаўнічых злучэннях, спосабах апрацоўкі дрэва, што забяспечвалі трываласць будынку
▪️аб традыцыйных прыёмах аховы драўляных будынкаў ад кліматычных і біялагічных фактараў разбурэння, што не губляюць актуальнасці па сённяшні дзень
🖇 Пазнаёміць з асаблiвасцямi драулянага дойлiдства — Ігар Іваноў, музейшчык, супрацоўнік беларускага скансэна (музей Народнай архітэктуры i побыта, в. Азярцо).

#афіша #Мінск #драўлянаедойлідства
Раскопкі гарадзішча на Менцы. У аснове вала ляжаць класічныя драўляныя зрубы часоў старажытных княстваў. Таксама навукоўцы побач са зрубамі знайшлі драўляную маставую. Невялікі ўчастак праходзіць папярок вала і захаваўся да нашых дзён дзякуючы вільготнай глебе.

«Гэта праход унутры вала. Нават на самых ранніх планах гарадзішча былі пазначаныя тры праходы валаў: два праразаюць вал з поўдня на поўнач і адзін — у паўночна-ўсходняй частцы», — расказаў загадчык аддзела археалогіі Сярэдніх вякоў і Новага часу Інстытута гісторыі Андрэй Вайцяховіч.

Паводле яго слоў, на фотаздымках раскопак 1983 года відаць, што гэты праём дастаткова высокі, літаральна за тры метры ад вяршыні вала была выемка.

«Мы пачалі раскопкі і аказалася, што гэтая выемка — засыпаны праход. Матэрыялы там у асноўным XIX стагоддзя. На дне мы выявілі маставую з часанага бярвення».

Археолаг звярнуў увагу, што яна знаходзіцца на некалькі метраў ніжэй за ўзровень вяршыняў знойдзеных раней драўляных клецяў у вале.

Андрэй Вайцяховіч канстатаваў, што пакуль да канца незразумела, была гэта маставая ўязной брамы ці гэта найпазнейшая прарэзка вала, і гэтая маставая з'яўляецца праходам часоў Вялікага Княства Літоўскага ці Рэчы Паспалітай.

Цяпер археолагам трэба працягваць здымаць пласты глебы, каб убачыць і зразумець, ці была звязаная маставая з клецьмі. Таму што калі яны паміж сабой звязаныя — гэта магла быць менавіта трэцяя ўязная брама.

#Мінск #Гарадзішча #археалогія #драўлянаедойлідства
Пад уродскія чалавейнікі, з якімі мы пасля яшчэ стагоддзе не будзем ведаць што рабіць, як з нізкавартасным жытлом, зносяць рэшткі Грушаўкі. А між іншым гэты гістарычны куток Мінска мусіў быць філіялам музея беларускага народнага дойлідства і побыту, як і забудова Паўночнага завулка, якая такі статус усё ж займела. Нават была створана схема аховы Грушаўскага прадмесця (чытай у допісе ніжэй)

#Мінск #знішчэнне #драўлянаедойлідства #Грушаўка
Forwarded from aktahon
У 1991 годзе распрацавана схема Грушаўскага прадмесця (БДАНТД, ф. 91, воп. 1, спр. 579), паводле якой меркавалася стварэнне філіі музея архітэктуры (як па Паўночным завулку) з узяццем усёй драўлянай забудовы вуліцы Хмялеўскага пад ахову. Таксама рэкамендавалася ўзяць пад ахову асобныя драўляныя дамы па вуліцы Разінскай, 3-м Чыгуначным завулку, завулках Грушаўскім і Расінскім.

Што ж на дадзены момант? На адной з ілюстрацый мы колерам паказалі страчаныя (чырвоны), знявечаныя (аранжавы) і больш-менш захаваныя (сіні) будынкі. Як бачна, за 30 год страчана больш за 70% помнікаў, якія планавалася ўзяць пад ахову, а на вуліцы-музеі засталася добра калі палова дамоў, часта ў вельмі скажоным выглядзе.

Не ведаю які статус мела гэтая схема, але, відавочна, ахоўваць «халупы» ніхто не збіраўся. Няма разумення каштоўнасці драўлянага дойлідства і сёння. У прадмесці яшчэ захавалася пара-тройка дамоў, якія валодаюць гісторыка-архітэктурнымі вартасцямі для надання ім статусу гісторыка-культурных каштоўнасцей, але ніхто гэтага рабіць не будзе. Як не будуць і вывозіць экспанаты нястворанай філіі ў музей народнага дойлідства, бо як мы памятаем па гісторыі з іншымі будынкамі - у іх ёсць генплан, які не дае ім выконваюць сваю першачарговую функцыю.

#мінск #грушаўка #гістарычнаязабудова #знішчэнне #драўлянаедойлідства
У Аздамічах Столінскага раёна сёння ацыбулілі золатам драўляную Свята-Троіцкую царкву 1893 года пабудовы.

Ахоўнага статусу царква дагэтуль не мае.

Крыніца

#Аздамічы #цэрквы #антырэстаўрацыя #драўлянаедойлідства
Пачалася рэстаўрацыя драўлянай Георгіеўскай царквы канец XVIII стагоддзя на Юр'евай горцы ў Жыровіцах. Са сцен ужо знялі шалёўку.

Фота

#Жыровіцы #цэрквы #рэстаўрацыя #драўлянаедойлідства
Спецыялісты з Гомеля пачалі адмываць часткі драўляных клецяў, ванятых з раскопу вала гарадзішча на Менцы, і выявілі зааморфную фігуру, відаць барана з рогамі.

Археолаг Андрэй Вайцяховіч удакладніў, што тысячу гадоў таму, калі ўзводзіўся вал, гэтая фігура была засыпаная зямлёй разам з клецямі і не была бачная людзям.

Археолаг звярнуў увагу, што гэта спецыяльная частка канструкцыі, якая як крук падпірала знешнюю сцяну клецяў. Такіх драўляных частак было вынята некалькі.

Гісторык выказаў здагадку, што выява магла быць звязана з паганскім уяўленнем пра свет або гэта была частка традыцыйнага дэкору.

#Менка #археалогія #старажытнарускаедойлідства #драўлянаедойлідства
У Кушлянах вельмі дзіўна прапіталі драўляную сядзібу Францішка Багушэвіча нейкім каляровым засцерагальным сродкам... з аднаго боку.

Так рабіць нельга, гэта разбурае візуальнае успрыманне помніка. Або ўзгадняецца нейкі празрысты сродак, або малюецца сядзіба цалкам у адзін тон.

#Кушляны #антырэстаўрацыя #сядзібы #драўлянаедойлідства
Як зараз выглядае адбудова з нуля сядзібы князёў Мяшчэрскіх у Клімавічах. Уся драўніна помніка архітэктуры па надуманых прычынах заменена, пакінута роўна столькі, каб упісацца ў нарматыў па "рэканструкцыі". Нават вокны, наколькі можна зразумець новыя, а не рэстаўраваныя. Абяцаюць, што вернуць аўтэнтычны дэкор, але пакуль да яго не дайшло.

Фота

#Аднаўленне #Клімавічы #сядзібы #драўлянаедойлідства
Дэградацыя архітэктуры выглядае так. Дамок у Старых Дарогах.

#дэградацыя #драўлянаедойлідства #СтарыяДарогі
На могілках вёскі Мількавічы ў Навагрудскім раёне мясцовыя парафіяне і два мясцовыя калгасы адрамантавалі драўляную капліцу XIX стагоддзя.

Сцвярджаецца, што гэта адзіная драўляная капліца, якая захавалася ў раёне, але гучыць сумнеўна.

Захавалі драўляныя сцены, закансервавалі нейкую пляцоўку, якая мацавалася без цвікоў. Але дах цалкам замянілі.

У час рамонту ў капліцы былі адшуканыя рэліквіі 1755 года з надпісамі на лацінскай мове, барэльеф абраза Маці Божай Вастрабрамскай 1844 года, старадаўнія падсвечнікі, рушнікі, абрусы.

Ці атрымалася падобна?

Крыніца
#Мількавічы #касцёлы #драўлянаедойлідства #аднаўленне
На сядзібе Мяшчэрскіх у Клімавічах фарбуюць прапіткай адбудаваны з нуля помнік драўлянага дойлідства і мантуюць дэкор. Якасць фота пакуль не дазваляе разгледзець дэталі. Пачакаем.

#Клімавічы #драўлянаедойлідства #аднаўленне
Спадчына
Гэтая вёска цалкам з'яўляецца гісторыка-культурнай каштоўнасцю. Пад ахову дзяржавай узятыя не толькі самі дамкі, які прыклад народнай архітэктуры, планіроўка вёскі і брукаванка, але нават асобна прапісаная шалёўка, дрэвы на вуліцы і традыцыйныя пакрыцці падворкаў.…
Сёння ў чаце западозрылі нешта няладнае з гэтымі вёскамі. І мелі рацыю. Памятаеце я абацяў паздзекавацца з аховы спадчыны ў Беларусі?

Першае, што мусіла выклікаць падазрэнне - цэлая вёска ўзятая пад ахову. Гэта абсалютна немагчыма, у Беларусі аніводная вёска ці яе частка, ніякі вясковы дом, калі ў ім не жыў Якуб Колас ці Максім Багдановіч, не ўзятыя пад ахову.

У гарадах вынішчаюцца - зносамі і сайдынгам - найлепшыя прыклады традыцыйнага дойлідства і найлепшыя прыклады складанага разнога дэкору. "Вясковая траўма" ў беларусаў здаецца невыкаранальнай. На любым ўзроўні, ад звычайнага абывацеля да чыноўніка выканкама і міністэрства, вам упэўнена скажуць, што гэта проста хаты і ніякай культурнай каштоўнасці яны не маюць.

Традыцыйныя беларускія ландшафты імкліва знікаюць, яшчэ гадоў 20 і наступныя пакаленні не павераць, што драўлянае дойлідства калісьці існавала на Беларусі.

Для ўсёй драўлянай архітэктуры адвялі невялікае гета ў Строчыцах, дзе нават не знайшлі магчымасці за 30 гадоў сабраць тое, што ў іх на складах ляжыць разабранае. У музеі дагэтуль нічым не прадстаўлены 3 з шасці этнаграфічных рэгіёнаў Беларусі. Новыя аб'екты на захоўванне музей не прымае, таму што ў яго ёсць "генплан"! У музеі прадстаўлены даволі архаічныя тыпы вясковай забудовы, але абсалютна праігнаравана забудова канца XIX - пачатку XX стагоддзя. А навошта яна?

Па візуальных прыкметах некаторыя падпісчыкі здагадаліся, што прыведзеныя вёскі знаходзяцца на Віленшчыне, але не па гэты бок мяжы, а па той. Так, гэта вёскі ў Літве. Яны знаходзяцца ў невялічкім паўанклаве каля Дзевянішкаў, акружаным з усіх бакоў Беларуссю. Першая вёска гэта Рымашы (Rimašiai), другая - Жыжмы (Žižmai). Яны ўваходзяць у Дзевянішкаўскі гістарычны рэгіянальны парк, такі своеасаблівы заказнік (а не гета), дзе ў натуральных умовах існуюць гістарычныя ландшафты.

У выступе памерам не больш чым 18 на 20 км у рэестр помнікаў Літвы ўнесены адразу чатыры вёскі. Ці трэба казаць, што ў Літве ў цэлым такіх аб'ектаў у рэестры будзе яшчэ некалькі дзясяткаў, калі не сотня?

На беларускім баку пакуль(!) яшчэ ёсць такія ж Рымашы і Жыжмы, бо мяжа паміж Літвой і Беларуссю існавала 20 гадоў да вайны і 30 гадоў пасля развалу СССР і нейкіх адрозненняў у побыце не магло сфарміравацца. Гэтыя вёскі нават паспелі пабыць у складзе БССР. Але ім пашчасціла больш...

Калі ў невялічкім літоўскім выступе адразу 4 вёскі пад аховай, то на ўсю Беларусь іх нуль. НІВОДНАЙ. НУЛЬ. ЗІРО. На ўсю драўляную Беларусь. То бок Жыжмы гэта помнік традыцыйнай архітэктуры, а драўляныя Геранёны за 3 км па той бок мяжы - гэта халупы, сараи, развалюхі, нікчэмнае смецце, пра якое трэба забыць, а лепш знесці.

А ў нас жа столькі даследчыкаў драўлянай архітэктуры, столькі кніг пра гэта напісалі. Сёння выкладаюць ва ўніверсітэтах, а нехта займае высокія пасады ў Акадэміі навук. І нікому не баліць сэрца, што іхнія кнігі цяпер апошняе месца, дзе можна пабачыць драўлянае дойлідства. У натуры яго больш няма! Няма гомельскіх вуліц з неверагоднай разьбой, няма франтонаў з салярнымі сімваламі, няма клецяў на ножках, няма ветракоў.

Вось такая разгадка. Шмат спадчыны там, дзе берагуць тое, што маюць. Літва беражэ, Беларусі напляваць.

#Літва #ахова #замежжа #драўлянаедойлідства
Вось, каб не быць галаслоўным, як пакуль яшчэ выглядаюць Геранёны з беларускага боку. Нічым не адрозніваюцца ад Жыжмаў, але захаванне гэтага ландшафту нікога ў Беларусі не цікавіць. А дакладна такі ж ландшафт за 6 км на поўнач - нацыянальны здабытак, але ўжо не наш.

Глядзіце, хутка беларусы будуць ездзіць у Літву паглядзець на ўнікальнае літоўскае драўлянае дойлідства! Бо такога ўжо больш нідзе не будзе ў саміх!

#драўлянаедойлідства #Геранёны
Як выглядае сядзіба Мяшчэрскіх у Клімавічах пасля таго, як яе цалкам разабралі і адбудавалі наноў з новых матэрыялаў. Мяркую, што дэкор, які абаяцалі адрэстаўраваць і вярнуць на месца, проста замянілі на наўё.

Падобна? У агульных рысах. Першае што кідаецца ў вочы - не змаглі паўтарыць глыбіню акон, іх уставілі прама ў зруб, пры тым што звычайна аконная каробка выступае вонкі зруба, а перакпад закрываецца шалёўкай.

А пасля пабачыў як зрабілі дах і проста падох ☠️ Звыштэхналогіі продкаў мінулага стагоддзя беззваротна страчаны. Цяпер толькі Еўраопты ўмеюць праектаваць і будаваць. Сорам і злочын!

#Клімавічы #антырэстаўрацыя #аднаўленне #сядзібы #драўлянаедойлідства
Які класны мезанін у швейцарскім стылі мела сядзіба ў Чарапоўшчыне Ушацкага раёна яшчэ ў 2009 годзе. Тут штогод улетку адпачываў аўтар Грунвальдскага помніка ў Кракаве і Трох Крыжоў у Вільні скульптар Антон Вівульскі. У 2014 годзе драўляная частка незваротна згарэла.

Крыніца
#сядзібы #Чарапоўшчына #драўлянаедойлідства #швейцарскістыль