Спадчына
2.89K subscribers
10.2K photos
87 videos
22 files
1.61K links
Канал пра гістарычную архітэктурную спадчыну Беларусі і не толькі.

Наш чат: https://t.me/spadczynachat
Бот зваротнай сувязі: https://t.me/spadczyna_szepat_bot
Чат пра могілкі: https://t.me/mohilki
Download Telegram
У Магілёве на скрыжаванні Пушкінскага праспекта і вуліцы Астроўскага рыюць катлаван пад будаўніцтва падземнага пераходу.

Праблема ў тым, што менавіта на гэтым скрыжаванні, у граніцах катлавана ў пачатку XIX стагоддзя была пабудаваная адна з парадных уязных арак — Чарнігаўская брама. Помнік класіцызму, як і аналагічная брама на быхаўскім кірунку, не перажыў пасляваеннае аднаўленне горада.

Тым не менш ягоныя падмуркі ўсё яшчэ знаходзяцца ў зямлі. Помнік не абмераны, не прывязаны да мясцовасці, не зафіксаваны. Калі яго падмуркі разбураць, то будзе цалкам страчаны для навукі.

Горадабудаўнічая сітуацыя дазваляе нават зрабіць такую развязвязку, якая б дазволіла аднавіць гэтае збудаванне на сваім гістарычным месцы.

На жаль у горадзе праводзіцца палітыка, якая ігнаруе патрэбы пешаходаў, веласіпедыстаў, маламабільных грамадзян. Усё дзеля аўтамабіляў. Яшчэ адну паласу дадамо і загонім людзей пад зямлю і ўсё паедзе.

Не паедзе. Праверана на сотнях еўрапейскіх гарадоў яшчэ ў сярэдзіне XX стагоддзя. Нажаль гэтыя «свежыя» навіны ўрбанізму дагэтуль не дабраліся да кабінетаў магілёўскіх чыноўнікаў. Падземны здзек з людзей падаецца як падарунак жыхарам!

Думаю, будаўніцтва падземнага пераходу выклікана яшчэ адной прычынай — неабходнасцю загрузіць будаўнічыя і праектныя арганізацыі горада хоць нейкай працай. З той жа прычыны праектуецца велізарны пацёмкінскі жылы раён на ўскраіне, хоць горад адзіны з абласных цэнтраў, які паводле перапісу імкліва змяншаецца. Старыя паміраюць, а маладыя з'язджаюць у месцы, дзе не будуюць падземныя пераходы на кожным скрыжаванні...

#Магілёў #археалогія #знішчэнне #гістарычнаязабудова
Спадчына
У цэнтры Мінска падчас планавых работ знайшлі надмагіллі XIX стагоддзя. Каменныя пліты знайшлі каля бізнес-цэнтра «Імперскі»: яны датуюцца сярэдзінай XIX стагоддзя, магчыма, 1876 і 1823 гадамі. Каму надмагіллі належаць, навукоўцам яшчэ трэба будзе высветліць.…
Надмагіллі належаць баранэсе Эміліі з Корфаў Дамброўскай, якая памерла ў 18?6 годзе і Міхаліне Нецяёўскай. Тое, што яны не яўрэйскага паходжання, відавочна. Іхнія надмагіллі перанесены сюды з іншага месца. А вось з якога - пытанне.

На першы погляд абедзве каталічкі. Гарадскімі каталіцкімі могілкамі ў Мінску былі Кальварыйскія, якія захаваліся цалкам, і пасля яшчэ Залатагорскія, якія былі былі знішчаны. Спачатку на халернай частцы пабудавалі пасля вайны дом, а ў 1970-я дабілі ўзвядзеннем Палаца мастацтва.

У 2017 годзе 12 надмагільных пліт з Залатагорскіх могілак выявілі ў лесе на ўездзе ў вёску Прылукі. Сёння яны экспануюцца на тэрыторыі вакол касцёла Святога Роха.

Але першае надмагілле наводзіць яшчэ на іншыя думкі. Корфы - разгалінаваны нямецкі род лютэранскага веравызнання. Чыёй менавіта дачкой была Эмілія пакуль высветліць не ўдалося. Але ў Мінску былі свае нямецкія лютэранскія могілкі, якія таксама былі знішчаны камуністамі ў 1970-я гады. І размешчаны яны ад вуліцы Ерусалімскай, дзе выяўлены надмагіллі ўсяго за 700 м.

На Яўрэйскія могілкі, таксама знішчаныя, маглі звазіць надмагіллі з іншых знесеных могілак. Напрыклад у Магілёве, паводле непацверджанай інфармацыі, надмагіллі з праваслаўных Саборных могілак звезлі і звалілі каля Польскіх могілак.

Увогуле ў СССР стаўленне да памяці было варварскім: не кажучы пра знос могілак і выкарыстанне надмагілляў у якасці будаўнічага матэрыялу, у тым ліку як друза для будаўніцтва дарог, ёсць жахлівыя гісторыі, як савецкія дзеці гулялі з чарапамі памерлых у футбол.

Спадзяюся, што краязнаўцы зацікавяцца гэтай знаходкай і змогуць высветліць паходжанне асоб і дзе яны былі пахаваныя. Мы ж са свайго боку звернемся да мясцовых уладаў, каб нагадаць, што гэта - археалагічная находка, з якой трэба абыходзіцца паводле палажэнняў Кодэкса аб культуры.

#могілкі #Мінск #археалогія
Для чаго патрэбныя ахоўныя зоны гісторыка-культурных каштоўнасцей і дакладнае выкананне рэгламентаў:

У Валожыне выявілі падмуркі будынка XVII стагоддзя на месцы будучай аўтастаянкі.

У месцы ахоўнай зоны каля касцёла будаўнічыя работы павінны суправаджацца археалагічнымі даследаваннямі. Дзеля гэтага прадстаўнікі Валожынскага райвыканкама выйшлі на Інстытут гісторыі Нацыянальнай Акадэміі навук Беларусі. Археолагі выехалі ў Валожын і прыступілі да працы.

Раскопкі вядуць Сяргей Ліневіч і Ганна Ясковіч з аддзела археалогіі сярэднявечча і новага часу, прадстаўнікі груп "ГРУП АРТ Мантаж", пры актыўнай падтрымцы райвыканкама.

- Раскопкі пачаліся ў сераду. Пагутарыўшы з мясцовымі жыхарамі, высветлілі, што ў пэўных месцах ўчастка ў іх узніклі цяжкасці з пракладкай вадаправода і каналізацыі, таму што натыкаліся на нейкія скляпенні і аркі. Менавіта ў гэтых месцах мы пачалі раскопкі і натрапілі на падмурак. На сённяшні дзень мы прыходзім да высновы, што працуем з будынкам прыблізна 17 стагоддзя. І гэта цяпер адзін з найстаражытных у Валожыне.

- Тут знайшлі багаты матэрыял: рэшткі бітага посуду, шкельцы, шмат кафлі, з колькасці фактычна можна сабраць печку. Што цікава - менавіта па пластаванні мы можам паглядзець гісторыю гэтага будынка. Зверху чорныя пласт - агарод, які навазілі мясцовыя жыхары, пад ім ідзе пласт бітага смецця. Ён утварыўся падчас будаўніцтва падобнага кшталту скляпоў. Затым жоўтая падсыпка. Пад жоўтым - мы бачым чорны і іншыя пласты перыяду існавання будынка. Судзячы па матэрыяле і стану будынак можна аднесці да другой паловы 17 стагоддзя, калі Валожын належыў Слушкам.

- Добра чытаецца па фрагменце - будынак быў складзены з валунніка, які звязаны глінай. Падмурак паварочвае ў заходні бок. У знойдзеным кутку знаходзілася печка, абліцаваная кафляй - паліваный і тэракотавай.

Калі паблізу знаходзіўся касцёл, то гэты будынак мы спрабуем інтэрпрэтаваць як плябань, у якім жыў ксёндз, ці духоўную школу, якую адчынілі пры бернардзінскім кляштары. Апошняя версія пад вялікім пытаннем. Але калі гэта ўсё ж плябань, то, па сутнасці, мы знайшлі адну з найстаражытнейшых у Валожынскім раёне і Мінскай вобласці. Да гэтага моманту да старажытных помнікаў адносілася цэнтральная забудова горада ў часы перабудовы горада Тышкевічамі і дзейнасці Касакоўскага і датуецца пачаткам 19 стагоддзя. Знойдзены падмурак будынка папярэднічае перабудове. Гэта кавалачак старога архаічнага Валожына.

Таксама тут недалёка знаходзіўся драўляны касцёл, які адчыніўся ў 1690 годзе. Вядома, што ён згарэў прыкладна да 1814 года. На шматлікіх замалёўках, літаграфіях, гравюрах бачна, што ўчастак ад новага касцёла да палаца не забудоўваўся. Думаем, людзі бераглі святую зямлю. Мы яго спрабуем зараз раскапаць. Калі знойдзем, то ансамбль поўнасцю складзецца. Пасля завяршэння праца частка тэрыторыі адвядзецца пад паркоўку, а частка стане ахоўнай зонай з перспектывай стварэння ўнікальнай для Валожына турыстычнай жамчужынкі.

Крыніца

А калі б не было зон і выканання рэгламентаў - ніхто б нічога не даследаваў, а калі б выпадкова і выявілі, то не звярнулі б увагу або ўвогуле знішчылі.

#Валожын #археалогія
Спадчына
У Магілёве, відаць, адрылі такі падмуркі Чарнігаўскай брамы. Як адзначаюць краязнаўцы - у раскопе выяўлены мур з раздвоеным вуглом. Менавіта такі раскрапаваны вугал адлюстраваны на чарцяжах і гістарычных фота Чарнігаўскай брамы. Ці спыніць гэта будаўнікоў?…
Інстытут гісторыі НАН Беларусі паведамляе, што на месцы раскопак катлавана пад будаўніцтва падземнага пераходау ў Магілёве, дзе меркавана размяшчалася Чарнігаўская брама, помнік класіцызму, усё ж такі вядзецца археалагічны нагляд супрацоўнікамі МДУ імя А. А. Куляшова.

На месцы катлавана часткова аголены цагляныя падмуркі, якія фіксуюцца і інтэрпрэтуюцца спецыялістамі. Выяўленыя падмуркі часткова ўваходзяць у межы катлавана, асноўная іх частка сыходзіць у бок тратуара, дзе земляныя работы не вядуцца.

#Магілёў #археалогія
Спецыялісты з Гомеля пачалі адмываць часткі драўляных клецяў, ванятых з раскопу вала гарадзішча на Менцы, і выявілі зааморфную фігуру, відаць барана з рогамі.

Археолаг Андрэй Вайцяховіч удакладніў, што тысячу гадоў таму, калі ўзводзіўся вал, гэтая фігура была засыпаная зямлёй разам з клецямі і не была бачная людзям.

Археолаг звярнуў увагу, што гэта спецыяльная частка канструкцыі, якая як крук падпірала знешнюю сцяну клецяў. Такіх драўляных частак было вынята некалькі.

Гісторык выказаў здагадку, што выява магла быць звязана з паганскім уяўленнем пра свет або гэта была частка традыцыйнага дэкору.

#Менка #археалогія #старажытнарускаедойлідства #драўлянаедойлідства
У 1981 годзе пры будаўніцтве мемарыяла Змагарам за савецкую ўладу на Савецкай плошчы ў Магілёве была выяўлена драўляная маставая 17 стагоддзя. Яе перанеслі на тэрыторыю музея этнаграфіі, дзе яна экспанавалася на адкрытым паветры некалькі гадоў.

#Магілёў #археалогія
Дзякуючы ўрагану ў Гомелі зрабілі навуковае адкрыццё

Аказалася, што дрэва, якое ўпала падчас нядаўняга ўрагану ў Гомелі, доўгія гады хавала ў сваіх каранях дзіўную знаходку. Па словах намесніка дырэктара музея па навуковай рабоце Гомельскага палацава-паркавага ансамбля Дзмітрыя Лінданкова, былі выяўленыя сляды кладкі, якая мае форму васьмікутніка.

Прагледзеўшы ілюстрацыі і планы палаца, удалося вызначыць, што ў тым самым месцы ў другой палове XIX стагоддзя размяшчаўся фантан.

Дакументы і фота 30-х гадоў XX стагоддзя пацвердзілі, што такіх фантанаў было два, але ў пасляваенны час яны не захаваліся.

Цяпер знаходка старанна вывучаецца, пасля чаго будзе прынята рашэнне адносна яе далейшага лёсу — рэстаўрацыя або ўпарадкаванне.

#Гомель #знаходкі #археалогія
За Палацам Рэспублікі ў Мінску перакладаюць сеткі. У раскопе праявіліся падмуркі касцёла Тамаша Аквінскага, на аднаўленне якога камуністы ўзялі пасля вайны з Германіі рэпарацыі, а пасля ўзарвалі ў 1950 годзе, відаць, каб не адсвечваў на фоне будучага помніка Сталіну на Цэнтральнай плошчы.

У час будаўніцтва Палаца Рэспублікі падмуркі касцёла раскапалі. У прынцыпе нічога не замінае яго аднаўленню - сёння на гэтым месцы газон. Рэшткі касцёла ўнесены ў Дзяражаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей як помнік археалогіі.

#Мінск #археалогія #касцёлы
На мінулым тыдні падчас комплекснага навуковага абследавання 200 гектараў тэрыторый археолагам нацыянальнага парку «Прыпяцкі» ў трох лакацыях знойдзены археалагічныя помнікі — 12 раней невядомых курганоў. Гэта дзве курганныя групы з 9 курганоў і 2 курганоў, а таксама адзінкавы курган.

#археалогія

https://www.sb.by/articles/na-territorii-natsparka-pripyatskiy-obnaruzheny-perspektivnye-dlya-arkheologov-kurgany.html
У Стоўбцах раскапалі падмуркі знішчанага касцёла Святога Казіміра. Верагодна, раскопкі праводзяцца ў рамках падрыхтоўкі да адбудовы капліцы, дзе знаходзілася труна святога Фабіяна Малішоўскі, прыёра дамініканскай місіі. Прынамсі такія планы парафія агучвала раней.

Мяркуючы па наваколлях, квадратны раскоп зроблены як раз над гэтай часткай страчанага храма. На фота, дасланых падпісчыкамі, бачныя фрагменты сутарэнняў, якія захаваліся на ўсю вышыню з праёмамі і праходамі.

Раней мы ўжо звярталіся з аформленай у адпаведнасці з Кодэксам аб культуры прапановай, каб тэрыторыю ўсяго дамініканскага кляштара, знішчанага саветамі, прызналі хаця б помнікам археалогію. Гэта дазволіла б пазбегнуць самавольнага будаўніцтва на тэрыторыі. Такі статус сёння мае таксама знішчаны касцёл Святога Тамаша Аквінскага, але абласны савет адмовіў у ім падмуркам касцёла ў Стоўбцам, быццам статус гісторыка-культурнай каштоўнасці можа быць нададзены толькі тым аб’ектам, якія рэальна існуюць. Існаванне падмуркаў у сваім лісце афіцыйна пацвердзіў Інстытут гісторыі НАН Беларусі, які праводзіў папярэднія раскопкі. Цяпер і мы іх бачым на фота.

К «Дажынкам» 2022 года на цэнтральнай плошчы Стоўбцаў знеслі міжваенныя гандлёвыя рады, а на іх месцы адбудавалі браму-званіцу. Праблема ў тым, што пры адсутнасці статусу гісторыка-культурнай каштоўнасці, удзел у такім праекце навуковага кіраўніка і ўзгадненне Міністэрства культуры не патрабуюцца. У выніку брама аказалася агулам падобнай да гістарычнай, але вельмі недакладнай у дэталях.

Сярод выяўляеных у раскопах рэчаў - цэгла, якую складаюць побач у кубы, відаць, для паўторнага выкарыстання. А таксама фрагменты багатай ляпной аздобы інтэр’ераў, якія маглі б дапамагчы ўзнавіць арыгінальны выгляд помніка.

Вядома, што ў выпадку адбудовы самога касцёла грамадства мусіць быць зацікаўлена ў тым, каб яго адбудавалі па навуцы, максімальна дакладна. Гэтак жа вядома, што парафія хутчэй зацікаўлена ў сімвалічным аднаўленні, чым у навуковым. Менавіта для такіх выпадкаў і патрэбнае дзяржаўнае рэгуляванне прац, але тут яго няма.

#Стоўбцы #археалогія #касцёлы
У час вывучэння двара Крэўскага замка археолагі знайшлі каменны падмурак невядомай раней канструкцыі. Спецыялісты мяркуюць, што гэта можа быць частка моста.

Зараз археалагічныя работы вядуцца на ўчастку побач з малай брамай на паўднёвай сцяне замка. Падчас раскопак археолагі заўважылі фундамент, які, хутчэй за ўсё, належыць замкаваму мосту — ён вёў ад малай брамы ва ўнутраны двор.

«Лінія падмурка цалкам адпавядае канфігурацыі моста. А ў гэтым месцы знаходзілася замкавая сажалка, таму і была неабходнасць узводзіць каменны падмурак», — паведаміў БелТА навуковы супрацоўнік Інстытута гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук, кандыдат гістарычных навук Алег Дзерновіч.

Звонку ад падмурка грунт пакрыты пластом суглінку, а ўсярэдзіне захаваліся драўляныя канструкцыі.

«Сярод знойдзеных артэфактаў - фрагменты керамічных рыштункаў XVI-XVII стагоддзяў, а таксама нумізматычны матэрыял канца XVI — сярэдзіны XVII стагоддзя. Сярод досыць рэдкіх знаходак — пацерка, зробленая са срэбнай манеты часоў Стэфана Баторыя, якая была сагнутая», — дадаў Дзерновіч.

#Крэва #замкі #археалогія
У раскопках на Менцы знайшлі могілкі XI стагоддзя. Пахаванні ўнутры гарадскіх умацаванняў у раннехрысціянскі перыяд сведчаць пра тое, што тут былі пахаваныя людзі з высокім статусам у грамадстве.

«Мы зрабілі нечаканую знаходку, пра якую нават не маглі здагадвацца. У куце профілю раскопу мы знайшлі сляды ног чалавека ў пахаванні. Мы пачалі раскрываць суседнія ямы і выявілі ў іх пахаванні», — расказаў карэспандэнту Sputnik загадчык аддзела археалогіі Сярэдніх вякоў і Новага часу Інстытута гісторыі НАН Андрэй Вайцяховіч.

Паводле яго слоў, на гэты момант выяўленыя два поўныя пахаванні і фрагмент яшчэ аднаго. Яны знаходзяцца ў магільных ямах і перакрытыя культурным пластом эпохі старажытнарускіх княстваў.

«Мы можам з упэўненасцю гаварыць пра тое, што гэтыя пахаванні XI-XII стагоддзяў», — звярнуў увагу кіраўнік раскопак.

Андрэй Вайцяховіч асабліва адзначыў, што ў старажытных гарадах унутры гарадскіх сцен проста так ніхто не ладзіў могілкі. Яны маглі з'явіцца толькі пры адной умове: калі ў горадзе была царква. Толькі каля яе сцен можна было здзяйсняць пахаванні.

Пахаванні каля храма былі статуснымі і тут маглі быць пахаваныя толькі прадстаўнікі мясцовай эліты. Тым больш, што ў XI-XII стагоддзях хрысціянства яшчэ не было масавым і людзей працягвалі хаваць у курганах, у тым ліку і тут.

«Тут маглі быць пахаваныя святары ці людзі, звязаныя з царквой. Гэта пакуль толькі здагадка, таму што ўсе пахаванні ідуць без інвентара. Раннія хрысціяне тут у процівагу паганству лічылі, што чалавек павінен адыходзіць так, як прыйшоў у гэты свет — без нічога», — растлумачыў Андрэй Вайцяховіч.

Ён мяркуе, што тут, на гарадзішчы на Менцы, знаходзілася самая старажытная хрысціянская царква ў гэтым рэгіёне. Цяпер неабходна яе лакалізаваць, што будзе дастаткова складана зрабіць, паколькі яна, напэўна, была драўлянай.

#археалогія #Менка
Падземны склеп касцёла ў Стоўбцах, у якім захоўвалася труна з целам Фабіяна Малішоўскага. Падмуркі капліцы касцёла, якую парафія плануе адбудаваць, раскрытыя ў час нядаўніх раскопак. Неверагодная захаванасць, застаўся і тынк, і арыгінальнае пакрыццё падлогі. Сапраўднае падарожжа ў часе 😮

Крыніца

#Стоўбцы #касцёлы #археалогія
Тэхналогія лазернага сканавання LIDAR дазваляе выявіць тое, што схавана пад зямлёй і лясамі.

У студзені 2024 года ў часопісе Science былі апублікаваныя вынікі даследаванняў, якія праводзіліся групай археолагаў у басейне ракі Амазонка з 2015 года. З дапамогай лідара навукоўцы выявілі рэшткі найбуйнейшага комплексу дакалумбавых паселішчаў. Яго плошча складала каля 300 квадратных кіламетраў. Раскопкі тут ужо праводзіліся раней, але даследчыкі знаходзілі толькі дробныя прадметы побыту, не падазраючы, што пад джунглямі хаваецца разгалінаваная сістэма гарадоў.

Як аказалася, 2500 гадоў таму тут будаваліся гарады з вулічнай сеткай і сістэмай каналаў для адводу вады. Яны былі акружаны сельскагаспадарчымі ўгоддзямі, а паміж населенымі пунктамі пракладзены дарогі. Паводле ацэнак навукоўцаў, у кожным горадзе пражывала ад 10 да 100 тысяч чалавек. Мяркуючы па знойдзеным пласце попелу, людзі маглі пакінуць гэтыя месцы з-за вывяржэння вулкана. Археолагі не знайшлі пісьменнасці гэтай цывілізацыі, таму мы не ведаем, як яны сябе называлі. Цяпер іх называюць «упанскай культурай» — у гонар даліны Упана, дзе былі зроблены знаходкі.

Цікава, што б удалося выявіць у Беларусі, калі б гэтай тэхналогіяй карысталіся?

#археалогія
Спадчына
Тэхналогія лазернага сканавання LIDAR дазваляе выявіць тое, што схавана пад зямлёй і лясамі. У студзені 2024 года ў часопісе Science былі апублікаваныя вынікі даследаванняў, якія праводзіліся групай археолагаў у басейне ракі Амазонка з 2015 года. З дапамогай…
Насамрэч у метад пошуку археалагічных помнікаў праз LIDAR апрабаваны ў 2022 годзе ў Мінскім, Мядзельскім, Валожынскім і Вілейскім раёнах. У 2023 годзе планавалі правесці новыя даследаванні на тэрыторыі Полацкай зямлі, але вынікаў я так і не бачыў.

https://bsu.by/news/uchenye-bgu-vpervye-v-belarusi-provodyat-poisk-arkheologicheskikh-pamyatnikov-s-ispolzovaniem-lazern-d/
#археалогія #менка