Спадчына
2.89K subscribers
10.2K photos
87 videos
22 files
1.61K links
Канал пра гістарычную архітэктурную спадчыну Беларусі і не толькі.

Наш чат: https://t.me/spadczynachat
Бот зваротнай сувязі: https://t.me/spadczyna_szepat_bot
Чат пра могілкі: https://t.me/mohilki
Download Telegram
Атрымалі адказ ад Міністэрства культуры на нашу петыцыю стварыць у Магілёве філіял Беларускага дзяржаўнага музея народнай архітэктуры і побыту, каб захаваць прыклады драўлянага дойліства, якія хутка вымываюцца з гарадской прасторы.

У адказе адзначана, што стварэнне філіяла немэтазгодна, бо будынкі размешчаны дысперсна, не ўтвараюць адзіны квартал ці вуліцу, і пакуль застаюцца жылымі. Таксама згодна з усё тым жа генпланам Музея народнага дойлідства, які не дазволіў вывезці сядзібу Арліцкіх з в. Двор-Гомель, ягоная тэрыторыя прадстаўлена ў выглядзе экспазіцыйных зон гісторыка-этнаграфічных рэгіёнаў цэласнага горадабудаўнічнага ўтварэння — паселішча сельскага тыпу [і што? Паўночны завулак у Мінску гэта філіял музея, але вёскай ніколі не быў, а на тэрыторыі самога музея знаходзіцца дом з вуліцы Вызвалення].

Тым не менш у рамках разгляду пытання аб мэтазгоднасці надання статусу гісторыка-культурнай каштоўнасці аб’ектам драўлянага жылога будаўніцтва, Музею гісторыі Магілёва даручана падрабязнае вывучэнне дадзенай тэмы.

Будзем адсочваць сітуацыю далей і спадзявацца на станоўчы вынік. А пакуль мо варта было б і па Гомелі атывізавацца, ці там ужо нічога не засталася?

Калі вам падабаецца, як мы змагаемся за культурную спадчыну, вы можаце падтрымаць наш канал праз Boosty ці Patreon (уваход праз ВПН).

#Магілёў #петыцыі #драўлянаедойлідства #гістарычнаязабудова #ахова #музеі
20 сакавіка 2023 года статус гісторыка-культурнай каштоўнасці нададзены “Традыцыйнаму роспісу на шкле" ў г. Бярозе, аг. Спорава, аг. Стрыгінь Бярозаўскага раёна і г. Пружаны, в. Слабудка, в. Новыя Засімавічы Пружанскага раёна і "Традыцыйнай тэхналогіі ткацтва “кажушком” у г. Маларыце, в. Дарапеевічы, аг. Хаціслаў Маларыцкага раёна Брэсцкай вобласці.

Пра тое, хто і як рабіў «відзікі» (малюнкі на шкле) у Беларусі, глядзіце таксама ў падкасце Natatnik.by з Вольгай Трубач.

#ахова #нематэрыяльнаяспадчына
У Вязыні Вілейскага раёна разбіраюць стогадовую агароджу драўлянай Свята-Успенскай царквы. Замест цагляных пілонаў узводзяцца новыя, але ўжо бутавыя. Царква, якая ахоўвалася ў савецкія часы, як помнік драўлянага народнага дойлідства, у наш час ахоўнага статусу не мае.

#знішчэнне #Вязынь #цэрквы #непомнік
Сёння, 18 красавіка, адзначаецца Міжнародны дзень помнікаў і гістарычных мясцін, заснаваны ў 1983 годзе Асамблеяй Міжнароднай радай па захаванні помнікаў і гістарычных мясцін (ICOMOS).

Беражыце і памнажайце нашу спадчыну, сябры!
Дзіцячы павільён у гарадскім парку культуры і адпачынку ў Брэсце. 1964. Арх. Леанард Маскалевіч
і
Кветкавая крама па Завальнай (Піліма) вуліцы ў Вільні. 1968 (праект 1961). Арх. Ніёле Вайчуніене, Рымвідас Пранайціс

Упэўнены, што знойдзецца яшчэ які-небудзь падобны праект із братніх краін Усходняга блоку, адкуль савецкія архітэктары злізалі ідэю праз часопісы.

#Брэст #Вільня #савецкаяспадчына
Проста з нагі ў лік маіх любімчыкаў урываецца Навагрудскі раённы выканаўчы камітэт. Тое, як ён ахоўвае гісторыка-культурную спадчыну і якія адказы піша на скаргі — проста нейкая песня!

Звароты тычыліся высечкі дрэваў на могілках за касцёлам ва Уселюбе, а таксама масавага зносу гаспадарчых пабудоў на тэрыторыі сядзібы О'Руркаў пасля зацвярджэння праекта зон аховы, які, вядома, забараняў і тое, і другое.

І вось яны там у райвыканаме ўпарта сцвярждаюць, што могілкі за межамі праекта зона аховы. Але калі адкрыць гэтыя зоны аховы, то тэрыторыя могілак за касцёлам цалкам у ружовую сетачку, а побач легенда — тэрыторыя гісторыка-культурнай каштоўнасці (нават не ахоўная зона, а непасрэдна тэрыторыя каштоўнасці).

Абласны выканкам не разбіраючыся ў справе капіпасціць адказ райвыканама (проста на секунду нагадаю, што пасля «жыццёва неабходнай» апошняй карэкціроўкі Кодэкса аб культуры на гэты ўзровень з Мінкультуры была перакладзена адказнасць за помнікі 3-й катэгорыі).

А пра знесеныя будынкі, знос якіх забаронены рэгламентамі праекта зон аховы — ну дык яны не гісторыка-культурныя каштоўнасці і ўвогуле ім 100 гадоў, стваралі небяспеку для людзей 🤡

Але самае кранальнае гэта апошнія абзацы іх адказаў, дзе яны здзекліва прапаноўваюць асабіста ўдзельнічаць у захаванні каштоўнасцей і карэкціроўцы праекта зон аховы, які ўжо 10 гадоў як састарэў пасля бескантрольных зносаў гаспадарчых пабудоў і пажару на сядзібным доме.

Спадарства, дык я дзейсна і ўдзельнічаю — пішу скаргі на такіх я вы. А вы праядаеце мае падаткі за што? За тое, што не разбіраецеся ў тым, што такое рэгламенты аховы, не можаце знайсці дзе межы зоны праходзяць? Ці можа за тое, што дзесяцігоддзе не заўважаеце зносаў каштоўных будынкаў і спілоўвання дрэваў насуперак нарматыўна-прававым актам?

Адказы вашы пацешныя, дзякуй, пасмяяўся, вось толькі спадчыне ў асобна ўзятым мястэчку на тэрыторыі вашага раёна — капец — і гэта ўжо не смех, а злачынная халатнасць.

#Уселюб #ахова #сядзібы