Суполка беларускіх пісьменнікаў
950 subscribers
4.17K photos
3 videos
1 file
1.43K links
Навіны і гісторыя, тэксты, цікавосткі, кніжныя навінкі, крытыка.
Download Telegram
Forwarded from Літархіў
📗 Выйшаў даведнік па беларускіх могілках у замежжы

Выйшла анансаванае колькі месяцаў таму унікальнае выданне, якое распавядае пра беларускія пахаванні, традыцыю помнікаў, эпітафій і сімволікі на іх - "Кніга могілак. Беларускія пахаванні ў свеце".

Аўтары грунтоўнага альбома-даведніка — Наталля Гардзіенка і Лявон Юрэвіч. Альбом мае амаль на 600 старонак і шмат ілюстрацый.

Мы ўжо пагарталі яго і публікуем некалі цікавых фотаматэрыялаў для падвышэння вашага чытацкага інтарэсу 😊

#палічка
⭐️ Нястрачаная спадчына

Юбілейная кніжная выстаўка “Нястрачаная спадчына”, прысвечаная 90-годдзю з дня нараджэння беларускага фалькларыста, літаратуразнаўца і краязнаўца Арсеня Сяргеевіча Ліса (1934–2018), праходзіць з 2 лютага па 10 сакавіка ў зале беларускай літаратуры (пам. 205) Нацыянальнай бібліятэкі ў Мінску.

❗️Уваход па чытацкім білеце.

👉 Больш інфармацыі тут

#анонс
⭐️ Конкурс рукапісаў “Шуфлядка”

Абвешчаны другі сезон конкурсу рукапісаў “Шуфлядка”, які праводзіцца ў трох намінацыях: дзіцячая і падлеткавая кніга; нон-фікш і дакументальная проза; масавыя жанры (фантастыка, фэнтэзі, прыгоды, дэтэктыў).

❗️Дэдлайн — 18 лютага 2024 г.
Прызам у кожнай намінацыі з’яўляецца падтрымка выдання папяровай кнігі.👍

👉 Падаць заяўку тут

#анонс
⭐️ Да юбілею Янкі Шутовіча

У студзені споўнілася 120 гадоў з дня нараджэння беларускага літаратуразнаўцы, выдаўца, грамадзкага і культурнага дзеяча Янкі Шутовіча.

Рэдактар часопіса «Студэнцкая думка ў 1920-ых, выдавец і рэдактар часопісаў «Калосьсе», «Шлях моладзі» у 1930-ых, вязень польскіх і савецкіх лагераў ён па-ранейшаму мала вядомы шырокай публіцы.

Якім быў ён, з кім сябраваў і працаваў, і што пакінуў нам у спадчыну - у “Культурнай раніцы” на “Радыё Марыя”

👉 слухаць па спасылцы

#навіны
СВЕТ

ПРЭМІЯ САЮЗА ПІСЬМЕННІКАЎ ЛЕТУВЫ

33-ю прэмію Саюза пісьменнікаў Летувы за 2023 год атрымаў паэт, перакладчык, эсэіст Томас Венцлава за апошнюю кнігу вершаў «Už Onos ir Bernardinų (За Онай і Бернардынамі)».
Кніга выйшла ў выдавецтве «Апостраф», а ўсяго ў зборніку надрукаваныя тры дзясяткі вершаў, напісаных за апошнія сем гадоў.
Штогадовая прэмія Саюза пісьменнікаў Летувы прысуджаецца за каштоўны твор, апублікаваны за апошнія два гады. Сярод лаўрэатаў прэміі былі Антанас А. Ёнынас, Юргіс Кунчынас, Ніёле Міляўскайтэ, Рамуальдас Гранаўскас, Сігітас Геда, Юдзіта Вайчунайтэ, Данутэ Калінаўскайтэ, Андрус Якучунас, Айдас Марчэнас, Карнэлійс Плацеліс, Ванда Юкнайтэ і іншыя.
Сёлета ў журы працавалі папярэднія лаўрэаты прэміі: Гінтарас Граяўскас, Рымантас Кміта, Міндаўгас Квяткаўскас, Міндаўгас Настаравічус і Ундзінэ Радзевічутэ.
Камісія аднагалосна вырашыла абвясціць сёлетнім лаўрэатам Томаса Венцлаву. Узнагарода была ўручана ў Дзень Трох Каралёў у Вільні.
💡У беларускай мове ёсць процьма цікавых слоўцаў, якія да ўсяго, з'яўляюцца безэквівалентнымі.
Бярыце іх на ўзбраенне, і вашая мова стане багацейшай! 🔥

❗️Сябрына❗️

так называецца кола сяброў ці сяброўскае застолле. 🧐

Вось дык дзіўная сябрына, што за дружны люд такі, тут магутныя мужчыны і дзяды, і хлапчукі. П. Броўка

#гаворка
Лонгрыд ад "Дзеяслова" 📖

Васіль Зуёнак. Vita! Нізка вершаў.

VITA!

Якім народам і які
Наканаваны Боскі суд –
Між неаспрэчных ёсць такі:
Цераз пакуты і вякі
Жыць будзе Беларускі Цуд.


👉 Цалкам нізка тут

#лонгрыд
***
Вясёлы месяц люты,
Мяцеліцай раскуты, —
Шумі вятрамі, грай!
Вятры пабралі лютні,
Імчаць у свет бязлюдны.
Праводзіны?
Адходзіны?
Зіме?
Гэй, пачынай!
Давай!
Давай!
Ах, ах, ды ў гэтым месяцы
Яшчэ забіты весніцы,
Марозам прымарожана,
Прымружана
Шчэ лужына
Завейлівым сняжком.
Гудзе вятрамі вуліца,
Як бубен дом.
Мяцеліца пасцелецца
Ад рання да цямна.
Апоўначы насмеліцца
Адліга —
Месяц крыгай
Да самага відна.
А зорка — во свавольніца! —
Пад раніцу расколецца
Аб шыбіну акна.
— Скажыце! Навіна!
Кажыце не кажыце,
Ідзе вясна!


Міхась Стральцоў

#вершдня
Прыказка на кожны дзень

Прымак і перад катом шапку здымае.

#прыказка
📙 Выдавецтва "Скарына" праанансавала выхад кнігі вершаў Анатоля Івашчанкі "Непрамо(ў)ленае".

З водгуку на кнігу паэта Алеся Дуброўскага:
"Я люблю карціны, дзе намаляваны пяціпавярховыя хрушчоўкі. Я думаў, што гэта дзіўна любіць, а потым убачыў групы ў сацсетках, дзе гэтым хрушчоўкам ставяць тысячы падабаек. Усё пытанне ў тым, як перанесці ў мастацтва нашу пяціпавярховую рэальнасць ці наш час. “Час раскідваць бутэлькі і час іх зьбіраць па дварах” – так яго характарызуе Анатоль Івашчанка, і трансфармацыя біблейскай цытаты здаецца абсалютна арганічнай. Можа, калі ў паэта ёсць слых і калі паэт умее “транскрыбіраваць” мову гэтага пяціпавярховага часу, то словы складуцца “ў слушны радок”? Можа, ёсць сэнс дазволіць гэтаму часу прагучаць?.."

👉 Набыць кнігу тут

#палічка
📅 110 гадоў з дня нараджэння Аркадзя Куляшова

Арка́дзь Куляшо́ў нарадзіўся 6 лютага 1914, Саматэвічы, Клімавіцкага р-на — памёр 4 лютага 1978, Нясвіж.
📌 Пасля школы ў 1928 г. паступіў у Мсціслаўскі пэдтэхнікум. Далей вучыўся ў БДУ, уваходзіў у БелАПП, працаваў у рэдакцыі “Чырвонай змены”, браў удзел у ВАВ (франтавы карэспандэнт), пасля вайны працаваў галоўным рэдактарам на “Беларусьфільме”, быў дэпутатам ВС БССР.
📌 Пачаў друкавацца ў 1926 г. У траўні 1928 г. ў “Полымі” быў апублікаваны верш «Бывай…» . У 1930 г. выйшаў першы зборнік вершаў «Росквіт зямлі».
📌 А. Куляшоў быў вельмі пладавіты - выдаў некалькі дзясяткаў кніг, сярод іх былі пераклады, раманы ў вершах, паэмы і інш.
📌 У 1968 г. атрымаў званне народнага пісьменніка БССР. У 1970 г. - Дзяржаўную прэмію БССР імя Я. Купалы за пераклады вершаў М. Лермантава, «Энэіды» І. Катлярэўскага, «Песні пра Гаявату» Г. Лангфэла.
📌 Памёр раптоўна ў ноч на 4 лютага 1978 у санаторыі ў Нясвіжы, пахаваны ў сталіцы на Ўсходніх могілках.

#угэтыдзень
Мая Беседзь

Кажуць, што рэкі птушкамі створаны, —
Такімі малымі на першы пагляд, —
Капалі і ў дзюбах адносілі ў бор яны
Мяшэчкі з зямлёй
I ляцелі назад.
А каня гуляла ды мыла іх здзекамі,
I птушкі паслалі ёй вечны праклён,
Таму і лятае яна над рэкамі
I просіць піць
Аж да сённяшніх дзён.
Канаючы ўлетку штодня на спякоце,
Той рэдкаю кропляй яна існуе,
Што хмарка, дажджом прашумеўшы ў лістоце,
З нябёсаў часамі пашле для яе.
Я, ўпарты, не кіну пачатае справы,
Каменне крышу,
Разграбаю пяскі,
Пад кпіны аматараў лёгкае славы
Капаю рэчышча ўласнай ракі.
З надзеяй гляджу на крыніцу спатканую,
Хачу, каб яна разлілася ракой...
Не Волгай магутнай,
Не нават Камаю,
Хоць Беседдзю, што на радзіме маёй.
Бо прагай да працы ахоплены часта я,
I сэрца абпалена смагай радка,
Бо жыць не магу,
Як каня няшчасная,
Кропляй дажджу з лесавога лістка.


Аркадзь Куляшоў

#вершдня
⭐️ Новыя беларускія кнігі

Пляцоўка з такой назвай з’явілася ў сеціве - пра гэта абвесціў ініцыятар і стваральнік пісьменнік Валер Гапееў. Асноўная мэта рэсурса - даваць агляд кніжных навінак у выглядзе анатацый, рэцэнзій і крытыкі.

Чытачу прапануюцца рубрыкі: “дарослае”, “падлеткам”, “дзецям”.👍

Водгукі збіраюцца з адкрытых крыніц, частку з іх складаюць допісы самога сп. В. Гапеева. Цяпер там маюцца агляды на два дзясяткі выданняў і плануецца далейшае папаўненне. Паводле задумы, разглядацца будуць толькі новыя і нядаўна выдадзеныя кнігі (ад 2020 году). 🔥🔥🔥

👉 Цікава? Абавязкова зазірніце сюды

#навіны
Край мой

Спяць дубы векавечныя
Над замшэлым каменнем,
Побач дні чалавечыя
Нібы тыя імгненні.
Век агонь тут захоўвае
І ваду не чапае,
Але робіць часоваю
Чалавечую памяць.

Край мой бачыць азёрамі,
Край мой чуе лясамі,
Край мой літары зорныя
Ў небе ночы чытае.
Як калісь пачыналася,
Як фінал усвядоміць,
Ўсё, на што забываемся,
Край працягвае помніць.

Камянямі замшэлымі,
Векавымі дубамі
Нам легенды адмервае
Запаветная памяць.
Час агонь тут захоўвае
І ваду не чапае,
А хвіліна чарговая
Нас цярпліва чакае.


Алесь Камоцкі

#раптамверш
📙 “Як нацыя вучылася спяваць” другі наклад кнігі

Днямі выйшаў з друку другі наклад кнігі “Як нацыя вучылася спяваць: жыццё і дзейнасць Антона Грыневіча”. Першы наклад, што быў надрукаваны некалькі месяцаў таму паспяхова разышоўся. 👍

Выданне змяшчае падрабязную біяграфію навукоўца і ягоныя кнігі, якія даўно сталі бібліяграфічнай рэдкасцю - спеўнікі: «Беларускія песні з нотамі» (1910/1912), «Народны спеўнік» (1920), «Школьны спеўнік» (1920), «Беларускі дзіцячы спеўнік» (1925), а таксама іншыя матэрыялы, напрыклад, песні, запісаныя ў час зняволення ў віленскіх Лукішках. 🔥

❗️Шукайце ў сталічнай кнігарні “Акадэмкніга”.

#палічка
📅 110 гадоў з дня нараджэння Валянціна Таўлая

Паэт, літаратуразнаўца і грамадскі дзеяч нарадзіўся 8 лютага 1914 г. ў Баранавічах — памёр 27 красавіка 1947 г., у Мінску.
📌 Вучыўся ў Слонімскай настаўніцкай семінарыі, у 1925 годзе выключаны за адмову запісацца палякам. У 1927—1929 гг. вучыўся ў Віленскай беларускай гімназіі. Належаў да шэрагаў КПЗБ, адбываў зняволенне за палітычную дзейнасць у польскіх турмах. Пад час ВАВ у партызанах.
📌 Друкавацца пачаў у 1928 годзе (газета «Сіла працы», Вільня). Сфармаваўся як паэт-рэвалюцыянер.
📌 Аўтар публіцыстычных нарысаў пра рэвалюцыйна-вызваленчую і антыфашысцкую барацьбу. Пісаў літаратурна-крытычныя артыкулы (пра творчасць Я. Купалы, П. Пестрака, Я. Брыля). Пераклаў на беларускую мову асобныя творы А. Міцкевіча, І. Крылова і інш.
📌 Памёр у Мінску, пахаваны на Вайсковых могілках сталіцы.

#угэтыдзень
⭐️ Конкурс рукапісаў “Шуфлядка” - засталося 10 дзён!

Пачаўся другі сезон конкурсу рукапісаў “Шуфлядка”, які праводзіцца ў трох намінацыях: дзіцячая і падлеткавая кніга; нон-фікш і дакументальная проза; масавыя жанры (фантастыка, фэнтэзі, прыгоды, дэтэктыў).

Прыз пераможцам - выданне кнігі! 🔥🔥🔥

👉 Рэгламент тут

👉 Падацца тут

❗️Дэдлайн 18 лютага 2024 г.

#анонс