Суполка беларускіх пісьменнікаў
951 subscribers
4.17K photos
3 videos
1 file
1.43K links
Навіны і гісторыя, тэксты, цікавосткі, кніжныя навінкі, крытыка.
Download Telegram
***
Паднябессем ходзяць туманы
І дажджамі дыхаюць яны:
Цёплымі, грыбнымі – баравічнымі,
Аж душа становіцца крынічнаю.
Мілы, добры мой акружны лес!
Выглянь з тумановых занавес!
Падары яшчэ мне час грыбны,
Падары фантазіі і сны!
Божа! Дзень на далані трымай
І ў вачах маіх мой родны край!


Марыя Баравік

#раптамверш
***
І нашы песнi даўнiя, i скокi
Стваралi продкi для сябе самiх.
Яны ж нясуць i сёння ў свет шырокi
Iмя зямлi, што акрылiла iх.
Калi табе, пясняр, патрэбны ўрокi -
Дык вось адзiн: старайся гэтак пець,
Каб дом свой родны песнямi сагрэць, -
Тады пачуе iх i свет шырокi!


Ніл Гілевіч

#раптамверш
***
ня намі закладзены
гэты маркотны парадак:
на мове чужой гаворыць родны народ,
чужыя народы гавораць на родных мовах.
Але нам ня дадзена іншай Радзімы, калі
блакітам яе і самотай
спатолены погляд.
І можа таму, што жыццё,
нібы міг, кароткае,
на беднай,
на вечнай Радзіме
жыве чалавек.


Таццяна Сапач

#раптамверш
***
У слова — свая вага,
Слова — розуму рэха.
Слова — мая туга,
Слова — мая ўцеха.
Можа, нябесную высь,
Дзе хмары свінцовыя ходзяць,
Сёння, як і калісь,
Слова адно распагодзіць.
Слова — абрыў стром,
Слова — да згоды сцежка,
Слова — знішчальны гром,
Слова — раптоўная ўсмешка.
Робяцца з пэўнай пары
Ад слоў, што вякі сабралі,
Ворагамі — сябры,
А ворагі — сябрамі...
Слова — імя навізны,
Імя старадаўніх паходаў,
Слова — жывы сувязны
Стагоддзяў, шырот і народаў.
Слова — над прорвай мост,
Дзе ані ўлева, ні ўправа,
А толькі наўпрост і наўпрост...
Слова — таксама справа!
Даводзячы пачуццём,
Што слова — думкі выснова,
Расцём,
Каб усім жыццём
Сказаць сваё слова!


Пятрусь Макаль


#раптамверш
Чалавек не ўзнікае так

Чалавек не ўзнікае так –
Ён збываецца, адбываецца
Як ратай,
Як дзівак,
Як мастак,
Ад якога свет адбіваецца.
Чалавек не знікае так,
Бы ў кішэні вякоў пятак.
Ён сціраецца аб дарогі,
Разбіваецца аб адчаі,
Пераходзіць ва ўсе трывогі
Веку,
Што яго прыручае.
Перш чым вочы заслоняць векам,
Чалавек хоча стаць чалавекам.


Рыгор Барадулін

#раптамверш
***
Жанчыны вёсак беларускiх, вам
Я кланяюся ўклонам самым нiзкiм -
За кожную iскрынку хараства,
Што ззяе ў слове, ад калыскi блiзкiм.
Пачуеш вас, не зманеных маной, -
I весялей глядзiш у твар эпохi.
Дык пасядзiце ж, любыя, са мной,
Пагаманiце, пагукайце трохi...


Ніл Гілевіч


#раптамверш
Змяіны Цар

Мой гаспадар Змяіны Цар,
ты ведаеш, як словы
над вогнішчам купальскіх чар
складаюцца ў замовы.

Мой гаспадар Змяіны Цар,
святлом сваёй кароны
ты кажаш шлях сярод імшар
у храм дуброў зялёных.

Мой гаспадар Змяіны Цар,
ад хіжакоў дубровы
хаваюць дзіўны твой аўтар
без абразоў і словаў.

Мой гаспадар Змяіны Цар,
твайго аблічча рысы
да аўтара нясём, як дар,
і я, і сёстры рысі.


Анатоль Сыс

(Ілюстрацыя Генадзя Грака)

#раптамверш
Простая лінія

Рыжагаловы хлопчык з палесскай вёскі
дзяўчаты і тыя цябе не баяцца
пагонішся за каторай -
не зловіш
і тады бяжыш далей
па той простай
па той засяроджанай лініі
якая табе аднаму відаць


Алесь Разанаў

#раптамверш
***
Палае золкае паветра –
Гараць асеннія кусты,
Чырвона-цёмныя лісты,
Сарваныя пякучым ветрам,

Ляцяць: на чорныя карэнні,
Праз ярка-жоўтую зару,
У парудзелую траву,
На дол, на вострыя каменні...


Адам Глобус


#раптамверш
***
Быццам палын у пракосах,
Частая сівень імжыць.
Мама падрэзала косы —
Стала іх цяжка насіць.

Вёрсты смылелі даўгія,
Доўгія ночы — на ўздых.
Доўгія косы тугія,
Ой, на плячах маладых!

Пылам іх, горам накрылі
Скруха, вайна і крыжы.
Доўгія косы любілі
Два, што ў магілах, мужы.

Сталіся зімамі вёсны, —
Ані жаўронка ў палях.
Мама падрэзала косы —
Як укароціла шлях.


Яўгенія Янішчыц

#раптамверш
***
Бессэнсоўна ляцець у вырай,
калі гэты вырай не твой.
Для кагосьці жыццё як выраб,
для кагосьці жыццё як твор.

Выбар гэта ці наканаванне –
бессэнсоўна думаць-гадаць.
Існаванне як паляванне…
Ці дыханне – як рыфма да

вераснёвага шэпту лісця
над прыціхлаю зябкай травой.
Рыфмаванне – вядомае выйсце,
калі гэты вырай – не твой.

Як каштаны, знаходзіць сугуччы.
Вось ён – гладкі, халодны, бліскучы…
Хутка счэзне – шкада да слёз! –
быццам сцёртая рыфма. З часам
заставацца страшна сам-насам.
Выраб – выбар, гучанне – лёс.

Алесь Дуброўскі

#раптамверш
***
Ідуць дажджы,
Асенняя пара.
Заплаканыя вокны спахмурнелі.
Аўторка не адрозніш ад нядзелі,
Ад быльнягу –шпачынага пяра.
За тыдзень свет, здаецца, пастарэў.
За вёскай –непралазнае балота.
Апошняя цяжкая пазалота
Злятае з абсвістаных ветрам дрэў…
А потым
сонца высветліць блакіт,
I дрэвы ўміг ізноў памаладзелі,
I над ракою ў золаце нядзелі –
Наструненыя постаці ракіт…
Заблытаны лісткі календара.
У чыстым небе,
маладым і сінім,
Перапляліся промні з павуціннем…
Ах, восень,
пераходная пара…


Генадзь Бураўкін

#раптамверш
Восень

Пуста ў лузе. Толькі стогі
Парыжэўшыя стаяць,
Ды шпакі каля дарогі
Цэлы дзень адно крычаць.

Грэчка зжата. Гола ў полі.
Жыта звезена даўно.
Толькі плаваюць на волі
Кучы хмар, як валакно.

Дожджык сее беспрастанку;
Вецер свішча так, як звер…
Колькі лужын каля ганку!
А гразі, гразі цяпер!..

Ссохлі травы, ўсё павяла.
Слоць, плюхота, холад, цьма.
Эх, скарэй бы закрывала
Зямлю чорную зіма!

Якуб Колас

#раптамверш
* * *
Каб хлеб, як сонца, палымнеў
У кожным нашым доме,
Каб сэрцы грэў і ў жылах пеў
Вясёлым летнім громам –

Пад ветру сіні перасьвіст,
Шум вербалозаў ніцых
Кляновы ліст, асеньні ліст
Зьбіраюць маладзіцы.

І колер хустак і спадніц
З барвовасьцю прысадаў
Імпрэсіянісцкім зіхаціць
Шаленствам лістапада.

1972

Максім Танк

#раптамверш
Восень

Салодкi дым гадзiны шарай
На поўдзень крылы птушак нёс.
Блакiтна-попельныя хмары
Цяклi па дрэвах срэбрам сьлёз.

У мякка-чорныя калюгi
Плылi апошнiя лiсты;
А ядлаўцовыя кусты
Ішлi
На груд,
Як валацугi.


Адам Глобус

#раптамверш
Kušlany. Vosień

Kušlany. Vosień. Žarabia.
Macieja Buračka siadziba.
Tut čas stvały nie parubaŭ –
Navieki pasadziłi.

I kamianioŭ, i kaminoŭ
Stajać žyvyja cieni,
Stajać, jak praŭda nad manoj
Abo śviatło nad ciemraj.

...Daroha niesła varanych,
A tyja – advakata:
Uciok z paŭstanckaj starany,
Skryvaŭleny ad kataŭ.

Nie paratunku jon šukaŭ –
Adčajem poŭniŭ voka.
Maŭlaŭ, chto sieŭ na mužyka –
Nia ŭzdymiecca vysoka.

Štoś furman ścich na pieradku
I haspadar falvarka...
Nia budzie pryjaźni radku? -
Dy tolki ŭ niedaviarkaŭ!

Jasnavialmožnyja burčać:
Ad ziernia preč pałovu!
Absiah Macieja Buračka.
Suśviet zmahanski
słova.

Jurka Hołub

#раптамверш
Лісты вечнасьці

Праплываюць у небе аблокі нясьпешна –
Гэта вечнасьць свае пасылае лісты,
Каб да ісьціны мудрай, журлівай і ўсьцешнай,
Хоць на колькі хвілін далучыўся і ты.

Піша вечнасьць лісты безь пяра, без паперы,
Сэнс вялікай надзеі дыктуе цішком.
Сам палёт аблачын, нібы тайнапіс веры,
Пераймае душа, каб не быць пад замком.

Паляціць і яна за нязнаныя межы,
І ў нязвыклым шляху не заўважыць сама,
Як зьліецца з абсягам, што Волі належыць,
У якім ні канца, ні пачатку няма.


Сяргей Законнікаў

#раптамверш
Роднае слова

Пад казачным дубам
над Нёманам сінім
хлапец прызнаваўся ў каханні
дзяўчыне.

I рэхам той шэпт
адгукаўся між гаю:
...Кахаю, кахаю...

Я чула пяшчотнае,
шчырасці поўнае,
маё, беларускае, роднае, кроўнае,
такое раптоўнае,
такое чароўнае.

Такое ласкавае, цёплае, чыстае,
як сонца, агністае,
як Нёман, празрыстае,
як казка, быліна, як песня,
жаданае,
дагэтуль зусім у жыцці не спазнанае,
вясновае слова ад шчырага сэрца.

Яно празвінела над хвалямі ў рэчцы.
Вятрыска шаптаў яго
з лісцем між гаю:
...Кахаю, кахаю...
Шапталі яго сенажаць і дуброва,
людзьмі перачутае,
некаму нова,
адзінае, дзіўнае светлае слова —
кахаю... кахаю...

Кахаю...
Люблю...
Беларускаму краю
бясконца я слова «люблю» паўтараю.


Данута Бічэль


#раптамверш
***
І зямля, як вока міжпланецця.
А на ёй вірыцца наш паток,
А на ёй - маланка, гром і вецер,
А на ёй - жыцця адзін глыток.

Хоць бы нам не выйсці з азарэння,
Пакуль мы, як хвалі, не спылылі, -
Ёсць у нас шчаслівае імгненне
Толькі тут, на сонечнай зямлі.

Дзе любоў, трывожная як мора,
І блаліць на рана цішыні.
Ці ўзніме час зямныя зоры -
Чалавечай вечнасці агні?

Думкі-думкі, - памяць наракае -
захавайце сонечны настой.
Не пакрыўдзі, прыхамаць людская,
Мнагадзетнай, горкай і святой!

Марыя Баравік

#раптамверш
Ноч на Літве

Літоўскі месяц сама ў глыб
вядром пялёхне спудным.
Нібы з натугі галубы,
ажно застогне студня.

На недакошаных лугах
вісіць туман пры лозах.
І ў патаемных берагах
Рака паслала ложа.

Ахілены начным крысом
Стаміліся начлегі,
Не спісць сузор’е Гончых Псоў
Вартуе хутар Вегі.

У дальні свет праз родны край
Ідзеш і не паверыш,
дзе Балтыка праз небакрай
адчыніцца з павер’я.


Юрка Голуб

#раптамверш