Суполка беларускіх пісьменнікаў
951 subscribers
4.17K photos
3 videos
1 file
1.43K links
Навіны і гісторыя, тэксты, цікавосткі, кніжныя навінкі, крытыка.
Download Telegram
***
Зялёны птах
з палоскай жоўтаю удоўж крыла.
Згубіла страх,
разгубленасць перамагла.
Выглядваю штодзень
з акна цябе.
Ужо дзяўбе
крупінкі раннія маіх надзей.
Паветра дзюбкай чысціць між галля.
He страшна сцюжа, золь.
Затоена любуюся здаля.
Мінае боль.
Сініцы, амялушкі і гілі
таксама гронкі слёз маіх дзяўблі.
Спагадліва чырыкалі ў галлі.
Зялёны птах маю журбу гаіў.


Данута Бічэль

#вершдня
***
Празвінеў званок, – і на пероне
Ужо растаў бялява-пухкі дым…
Праз прастораў звонкія парогі
Мы шточас шыбчэй-шыбчэй імчым.

Я вакенца ў золкасць адчыняю,
Папяроса пыхае, трымціць…
За вакном – прыгожая нязнанасць,
Кругабегі рэйкавых пуцін.

Паравоз стучыць-грыміць па шпалах,
Па загонах распусціўшы чад…
Струнных думак звонкія цымбалы
Не спяшаюць тонны ні на час.

Я гляджу – бягуць на сустрач далі.
На загонах раніца імжыць…
У істоце нечага не стала,
Не хапае нечага ў душы.

Груст апаў, фарботай задумлёны,
І вішнёвы смутак без пары…
Ці за тым, што ў песенных загонах
Я пакінуў вёскі ля зары…

Паравоз грыміць і ўторыць думкам
І ў разгоне раду хоча даць.
– З-за прыгожых, песенных лятункаў
Хіба варта, хлопча, груставаць?..

І з чыгуннай песняю ўрачыстай
Мы шточас шыбчэй-шыбчэй імчым…
І шапчу я – будзь заўсёды “чыстым,
Будзь заўжды – як вечнасць, маладым”!..


Змітрок Астапенка

#вершдня
***
Жывое ў вяках беларускае слова –
Народа душа і народа хвала.
Цябе абзывалі “мужыцкаю мовай”,
А нам жа ты матчынай мовай была.

І самай прыгожай, і самаю мілай,
Той маці, што шыла нам світкі з радна,
Што ўлетку на рэчцы палотны бяліла,
А ўвосень авёс дажынала адна.

Той маці, што зімамі кросны снавала,
Што з самай калыскі, як толькі магла,
Сумленнасці, праўдзе, дабру навучала,
Старанна ад розных хвароб берагла.

Прыеду дадому... І што за праява...
Пачую гаворку, ці песню, ці верш –
Здаецца са мной размаўляеш ласкава,
І сцежкаю поруч са мною ідзеш.

У маках чырвоных гарыць прыгуменне...
О матчына мова! Маленства вясна!
Ніколі ніхто мне цябе не заменіць,
Бо ты, як і маці, на свеце адна.


Алесь Бачыла


#вершдня
Па дарозе ў Ялізава

Бярэзіна зірне, мільгне дуброва,
І праплывуць сасновыя бары.
Кассё прыхлыне пахам чабаровым,
антонаўкамі стрэнуць Сталяры.
Усе гады я вам была аданай,
настаўнікі мае – лясы, палі!
Прасветленай рамонкавай палянай
лікуй, душа мая, душа мая, балі…
І не надыхацца мне тут, не надзівіцца, —
займае дых пяшчотаю бяроз,
спляліся над марудлівай крыніцай
арэшына і сціплы вербалоз.
Тут рэха слоў, якім вучыла маці,
гучыць у назвах, спеве збажыны.
І радасці дзіцячай не стрымаць мне –
вартуюць луг рабыя бацяны.


Людміла Паўлікава


#вершдня
***

Вось тут, далёка ад сталіцы,

Паблізу ісцінаў старых,

Жыву, як выгнаны патрыцый,

Грыбы збіраю у бары.


Шукаю вернай панацэі

Ад розных там душэўных ран

Тут, у бярозавым ліцэі,

І на рысталішчах палян.


Дзе коннікі прымаюць старты,

Дзе збоч, як быццам бы арлы,

Падлеткі сочаць дол упарта

З сасны — тарпейскае скалы.


Паганец, я малюся богу

Румянай поўні і схадка

І, захінуты ў ночы тогу,

Сню лусту-скрыль маладзіка.


Міхась Стральцоў

#вершдня
***
Прыходзіць дзень на змену цёмнай ночы
гісторыі касцёр гарыць, гарыць…
І век мой калясніцаю з гары
грукоча…

Не праглядзець бы, не звярнуць ляйчынай,
каб не застацца вечна ў забыцці…
Свядомасць розуму, ўзбагаці
Айчынай.


Леанід Галубовіч

#вершдня
***
Схіляецца ніва да самай зямлі,
у кветках паснулі ад спёкі чмялі.

На лапах замшэлых калышацца бор,
і пахам дурманіць духмяны чабор.

Як добра стаміцца ад цяжкіх дарог,
схіліцца ў знямозе пад елку на мох,

і слухаць так прагна, так соладка сніць,
як срэбны жаўрук над палямі звініць.

Зямля залатая з цяжарам палёў
і з пошумам рэчак і цёмных бароў,
паслухай маленькага сэрца любоў!


Вера Вярба

#вершдня
***
Здарожыўшыся, скамарох
Аднойчы заснуў на аселіцы.
А ноч звініць ад камароў.
Ланцуг перагрызла Мядзведзіца.

I Млечным Шляхам з сяла
Праз нашу краіну азёрную,
Прытопваючы, пайшла
Збіраць медзякі зорныя.

Цяпер паспрабуй вярні
З лаговішча паўночнага,
Дзе ў глухой цішыні
Лапу сваю смокча яна!

Адно, звон пачуўшы смыка,
Пачынае скакаць, і да раніцы
На сіні рачны перакат
Густы зарапад асыпаецца.

Максім Танк


(Здымак В. Малышчыца)

#вершдня
***
Над густа-сінім возерам чарот
З прыходам восені шуміць тужліва.
Здаволена гумно на поўны рот
Глытае дар багатай, сьпелай нівы.
Як шэрань на траве, палотнаў рад,
Ля хат вясёлыя гамоняць людзі,
Кабеты ў садзе кормяць немаўлят,
Сад засаромеўся і стаў аж рудым.
Чароды на зялёных берагох
Апошняю гадуюцца травою,
І сьлівы сыта луснулі ў бакох,
Аб'еўшыся і сонцам, і зямлёю.
Жанчына ля іржэўніка сядзіць
(Мо сівізна ў касе, мо павуціньне)
І думае і ў далячынь глядзіць,
Дзе жоравы лятуць імклівым клінам.
Юнацтва шкода, сэрца хоча жыць,
А думкі нейкай цеплынёй сагрэты.
Далёка да зімы!
Як добра адпачыць!
Якое доўгае бывае лета!

1958

Уладзімір Караткевіч

#вершдня
ДАЛЕЧЫНЯ

Далечыня падступае i адступае, i ўсюды
замест яе застаю сутоньлiвую зямлю,
засяроджаную ваду, шурпатыя дрэвы.

Я ў iх дапытваюся пра далечыню.

Кажа зямля: гэта — мой слых.
Кажа вада: гэта — мой зрок.
Кажуць дрэвы: гэта — нашае дыханьне.

Я паварочваюся наўкола.
Я магу быць адначасова толькi тут,
дзе стаю, дзе ўжо ёсьць.

Далечыня — мой страчаны рай: ён
адлюстроўваецца снамi i мiражамi.

Я разаслаў у далечыню па розных
кiрунках стрэлы, а стрэлы вяртаюцца,
цэлячыся ў мяне.


Алесь Разанаў

#вершдня
***
І ў маладой бярозы, і ў старой
Вясной шуміць зялёны лістабой.
Адрозніць цяжка: дзе чыё лісцё -
Адна зямля, адзінае жыццё.
І восенню асыплецца на дол
І са старой лісцё, і з маладой.
Ідзеш, ступаеш па сухім лісці -
Не ведаеш, як старасць абысці...

(1984)

Леанід Галубовіч

#вершдня
Восень

Над палямі хістаўся пашчэрблены месяц.
Вецер дзьмуў, і шумеў па-над Нёманам бор.
Восень вецце сухое зграбла і на ўзлессі
Падпаліла пагрэцца начлежны касцёр.
Падпаліла касцёр, прылягла у тумане,
Ды кароткім быў гэты пад зорамі сон:
Крык трывожны птушыны збудзіў яе рана,
Па зямлі ад кастра разліваўся агонь.
Загарэліся гнёзды, і іскры пажару
Пачала яна з птушкамі, з ветрам гасіць.
Толькі полымя ўжо разлілося ў імшарах,
Па лясах і палях, па курганах брусніц.
I па сённяшні дзень восень жару не можа
Пагасіць на зямлі, ходзе з краю у край,
Заліваючы ліўнямі ў полі бярозы
I цалуючы кожны рабінавы гай.


Максім Танк

#вершдня
***

Калі захварэю цяжка —
у бальніцу мяне не вязіце.
На пагорку высокім мяне палажыце!
Там сонечны промень, як шпрыц,
увядзе ў мяне поўную дозу вясны:
кубік цяпла,
кубік святла,
кубік соку бярозы,
кубік свежага ветру,
кубік водару кветак першых
і апошні, самы асноўны —
кубік соку зямлі маёй роднай.
І я ажыву! Ажыву!
Толькі —
поўную дозу вясны!
Толькі —
на тым пагорку:
бачыце каля Нёмана дзве сасны?


Мікола Купрэеў

(Ілюстрацыя - карціна Станіслава Жукоўскага (1930-31) "Восень на рацэ Нёман").

#вершдня
***
Такое кароткае жыццё. Такое кароткае.
Але ж запомніцца: некалькі вершаў і трагічная смерць.
Апантаныя ўчэпяцца,
знойдуць вострыя артыкулы,
скандальныя дзённікі,
невядомыя фота,
Вось спасылкі, тут і тут, калі ласка, можна ўсё паглядзець.
І ўсё там будзе не тое, бо не будзе галоўнага:
Паварот шэрай дарогі, і на ўзбочыне грыўка травы.
І як згубіў галаву ад паху яе мядовага,
Так, як нават ад гарэлкі не губляў галавы.
А самае важнае, дзеля чаго ён і быў народжаны,
І тое, дзеля чаго варта было б жыць да ста,
Гэта тое, што маліны трэба есці толькі прыгоршчамі,
І толькі сонечным ранкам, і толькі з куста.


Ганна Севярынец

#вершдня
***

Раўнадзенне. Восень. Ціша.
Хтось агаткі ў небе вышыў.
Залаты трывожны одум.
Дрэвы, быццам руны роду.

Раўнадзенне. Сход. Парэнчы.
Трэск палення ў зеўры печы.
Дымна. Дзіўна. Адзінотна.
Дрэвы сталі станам нотным.

До-рэ-мі... Нібы прыступкі.
А багаткі, як галубкі,
прыхінуліся ля весніц
да вяргіняў, цесна-цесна.

Раўнадзенне. З люлькі лета
ў бадыллё кульнуўся ветах.
І выяснівае вечар.
Заглядзеўся на сланечнік.

А вакол віры лістоты.
Куламеса, ростань, слота.
Тут паганскі Бог апошні
растапырыў грозна ножны.

До-рэ-мі… -- колазваротна.
Глыбіні ня змерыць лотам…
Раўнадзенне. Восень. Вея.
Роўнядзь. Ройнасць. Дзе я?..
Дзе Я?..


Антаніна Хатэнка

#вершдня
***
Ляснік мой тата. Мала
працуе языком.
Бо ён амаль што змалку
працуе лясніком.

Спраў у яго багата,
лес трэба сцерагчы.
Ды вымушаны тата
той самы лес сячы.

Ці ж ён тут вінаваты,
ён не мясцовы пан.
А ёсць яшчэ зарплата
і нарыхтоўчы план...

Паснедаўшы, уранні
ідзе ён лес піліць.
І, чую, кажа маме:
– Душа мая баліць!

Мы столькі навалілі,
я столькі напіліў!
На сходзе нас хвалілі,
ляснічы нас хваліў...

Гаворыць – ледзь не плача:
– Наш, мабыць, лёс такі,
мы хутка Рудню ўбачым
і Верб’е – напрасткі.

Мы ведаем, мы знаем,
што лес наш у бядзе.
А той, што мы саджаем –
калі ён падрасце...

Звярнуў з дарогі ўлева
і ў цёмным лесе знік.
Ён будзе рэзаць дрэвы.
Бо тата мой – ляснік.


Мікола Захаранка

#вершдня
Хустка

Ёсьць у кожнага мара харошая.
Вось і я памарыць люблю:
Сабяру толькі крышку грошай
I табе, маці, хустку куплю.

Не такую, купляў што сьпехам
У студэнцкую пару, —
Я усе магазіны аббегаю,
Падарунак пакуль падбяру.

I знайду я такую хусту,
Па ўсяму каб падышла —
I была каб табе па густу,
I каб зь лепшага пуху была.

Няхай хустка гэта пуховая,
Няхай мяккі яе пух
Ад прастуды цябе ахоўвае
У дні слоты і завірух.

Няхай будзе яна тваёй гордасьцю.
(Знаю, прыйдзе суседка, і ёй
Ты з належнай матчынай годнасьцю
Падарунак пакажаш мой.)

I пакуль дачакаемся стрэчы,
Няхай хустка сыноўняй рукой
На твае, маці, ляжа плечы,
Дасьць табе і цяпло, і спакой.

1961

Анатоль Вярцінскі

#вершдня
***
А можа, там і ёсць той бераг,
Дзе сонца цмокае рака,
Дзе ў туманах сцюдзёна шэрых
Бляск аксамітны лазняка?

А можа, там, дзе мімаволі
Святлее даль? А можа, там,
Дзе ёсць сапраўднае раздолле
Паводкам быстрым і плытам?

А можа, там, дзе павароты
Спрашчаюць шлях? А можа, там,
Дзе адчыняюцца вароты
I віядукам, і мастам?

А можа, там, дзе і спрасоння
Са мною шэпчуцца лісты?
А можа, там, дзе сонца сёння?
А можа, ты? А можа, ты?

На свеце ёсць такія высі,
Куды не кожнаму ўзысці.
Дык ты з’явіся, і ўсміхніся,
I ўсё душой азалаці!

Сцяпан Гаўрусёў

#вершдня
***
Нястомны шыпшыннік!
Хоць блізіцца захад,
плыве адвячорак —
твой зараснік днее,
прасвечаны
зыркімі сонцамі ягад,
гасцінец
з абодвух бакоў палымнее.
Вось-вось і насупіцца
восень глухая,
ты ж радасна свеціш
ад вёскі да вёскі,
і весела
квецень твая палыхае,
шчасліва
халодныя ззяюць пялёсткі.
Хоць снежныя хмары
збіраюцца дзесьці —
у неба
з калючага лезеш адзення.
Далей — у зіму —
парываешся несці
трываласць пладоў
і нястомнасць цвіцення.


Мар'ян Дукса

#вершдня
***
Плачуць асеннія клёны...
Месяц лісты палічыў...
Нехта знайшоў міліёны,
Нехта душу загубіў...

Нам вось нічога не трэба,
Наша пры нас заўсягды...
Дальш ад цнатлівага неба,
Дальш ад смяртэльнай бяды.

Сядзь, дарагая Галіна,
Годзе, аб чым сумаваць...
Шчасце заўсёды - хвіліна,
Шчасце няможна губляць.

Нам не патрэбна багацце,
Клець і чужая павець...
Будзем над горам смяяцца,
Праўдзе у вочы глядзець.
. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Прыйдуць другія варункі,
Будзеш далёка - не плач...
Я і ў лістах пацалункі
Буду табе пасылаць...


1927

Тодар Кляшторны

#вершдня