Спадчына
2.89K subscribers
10.2K photos
87 videos
22 files
1.61K links
Канал пра гістарычную архітэктурную спадчыну Беларусі і не толькі.

Наш чат: https://t.me/spadczynachat
Бот зваротнай сувязі: https://t.me/spadczyna_szepat_bot
Чат пра могілкі: https://t.me/mohilki
Download Telegram
У Магілёве на скрыжаванні Пушкінскага праспекта і вуліцы Астроўскага рыюць катлаван пад будаўніцтва падземнага пераходу.

Праблема ў тым, што менавіта на гэтым скрыжаванні, у граніцах катлавана ў пачатку XIX стагоддзя была пабудаваная адна з парадных уязных арак — Чарнігаўская брама. Помнік класіцызму, як і аналагічная брама на быхаўскім кірунку, не перажыў пасляваеннае аднаўленне горада.

Тым не менш ягоныя падмуркі ўсё яшчэ знаходзяцца ў зямлі. Помнік не абмераны, не прывязаны да мясцовасці, не зафіксаваны. Калі яго падмуркі разбураць, то будзе цалкам страчаны для навукі.

Горадабудаўнічая сітуацыя дазваляе нават зрабіць такую развязвязку, якая б дазволіла аднавіць гэтае збудаванне на сваім гістарычным месцы.

На жаль у горадзе праводзіцца палітыка, якая ігнаруе патрэбы пешаходаў, веласіпедыстаў, маламабільных грамадзян. Усё дзеля аўтамабіляў. Яшчэ адну паласу дадамо і загонім людзей пад зямлю і ўсё паедзе.

Не паедзе. Праверана на сотнях еўрапейскіх гарадоў яшчэ ў сярэдзіне XX стагоддзя. Нажаль гэтыя «свежыя» навіны ўрбанізму дагэтуль не дабраліся да кабінетаў магілёўскіх чыноўнікаў. Падземны здзек з людзей падаецца як падарунак жыхарам!

Думаю, будаўніцтва падземнага пераходу выклікана яшчэ адной прычынай — неабходнасцю загрузіць будаўнічыя і праектныя арганізацыі горада хоць нейкай працай. З той жа прычыны праектуецца велізарны пацёмкінскі жылы раён на ўскраіне, хоць горад адзіны з абласных цэнтраў, які паводле перапісу імкліва змяншаецца. Старыя паміраюць, а маладыя з'язджаюць у месцы, дзе не будуюць падземныя пераходы на кожным скрыжаванні...

#Магілёў #археалогія #знішчэнне #гістарычнаязабудова
Спадчына
У цэнтры Мінска падчас планавых работ знайшлі надмагіллі XIX стагоддзя. Каменныя пліты знайшлі каля бізнес-цэнтра «Імперскі»: яны датуюцца сярэдзінай XIX стагоддзя, магчыма, 1876 і 1823 гадамі. Каму надмагіллі належаць, навукоўцам яшчэ трэба будзе высветліць.…
Надмагіллі належаць баранэсе Эміліі з Корфаў Дамброўскай, якая памерла ў 18?6 годзе і Міхаліне Нецяёўскай. Тое, што яны не яўрэйскага паходжання, відавочна. Іхнія надмагіллі перанесены сюды з іншага месца. А вось з якога - пытанне.

На першы погляд абедзве каталічкі. Гарадскімі каталіцкімі могілкамі ў Мінску былі Кальварыйскія, якія захаваліся цалкам, і пасля яшчэ Залатагорскія, якія былі былі знішчаны. Спачатку на халернай частцы пабудавалі пасля вайны дом, а ў 1970-я дабілі ўзвядзеннем Палаца мастацтва.

У 2017 годзе 12 надмагільных пліт з Залатагорскіх могілак выявілі ў лесе на ўездзе ў вёску Прылукі. Сёння яны экспануюцца на тэрыторыі вакол касцёла Святога Роха.

Але першае надмагілле наводзіць яшчэ на іншыя думкі. Корфы - разгалінаваны нямецкі род лютэранскага веравызнання. Чыёй менавіта дачкой была Эмілія пакуль высветліць не ўдалося. Але ў Мінску былі свае нямецкія лютэранскія могілкі, якія таксама былі знішчаны камуністамі ў 1970-я гады. І размешчаны яны ад вуліцы Ерусалімскай, дзе выяўлены надмагіллі ўсяго за 700 м.

На Яўрэйскія могілкі, таксама знішчаныя, маглі звазіць надмагіллі з іншых знесеных могілак. Напрыклад у Магілёве, паводле непацверджанай інфармацыі, надмагіллі з праваслаўных Саборных могілак звезлі і звалілі каля Польскіх могілак.

Увогуле ў СССР стаўленне да памяці было варварскім: не кажучы пра знос могілак і выкарыстанне надмагілляў у якасці будаўнічага матэрыялу, у тым ліку як друза для будаўніцтва дарог, ёсць жахлівыя гісторыі, як савецкія дзеці гулялі з чарапамі памерлых у футбол.

Спадзяюся, што краязнаўцы зацікавяцца гэтай знаходкай і змогуць высветліць паходжанне асоб і дзе яны былі пахаваныя. Мы ж са свайго боку звернемся да мясцовых уладаў, каб нагадаць, што гэта - археалагічная находка, з якой трэба абыходзіцца паводле палажэнняў Кодэкса аб культуры.

#могілкі #Мінск #археалогія
Для чаго патрэбныя ахоўныя зоны гісторыка-культурных каштоўнасцей і дакладнае выкананне рэгламентаў:

У Валожыне выявілі падмуркі будынка XVII стагоддзя на месцы будучай аўтастаянкі.

У месцы ахоўнай зоны каля касцёла будаўнічыя работы павінны суправаджацца археалагічнымі даследаваннямі. Дзеля гэтага прадстаўнікі Валожынскага райвыканкама выйшлі на Інстытут гісторыі Нацыянальнай Акадэміі навук Беларусі. Археолагі выехалі ў Валожын і прыступілі да працы.

Раскопкі вядуць Сяргей Ліневіч і Ганна Ясковіч з аддзела археалогіі сярэднявечча і новага часу, прадстаўнікі груп "ГРУП АРТ Мантаж", пры актыўнай падтрымцы райвыканкама.

- Раскопкі пачаліся ў сераду. Пагутарыўшы з мясцовымі жыхарамі, высветлілі, што ў пэўных месцах ўчастка ў іх узніклі цяжкасці з пракладкай вадаправода і каналізацыі, таму што натыкаліся на нейкія скляпенні і аркі. Менавіта ў гэтых месцах мы пачалі раскопкі і натрапілі на падмурак. На сённяшні дзень мы прыходзім да высновы, што працуем з будынкам прыблізна 17 стагоддзя. І гэта цяпер адзін з найстаражытных у Валожыне.

- Тут знайшлі багаты матэрыял: рэшткі бітага посуду, шкельцы, шмат кафлі, з колькасці фактычна можна сабраць печку. Што цікава - менавіта па пластаванні мы можам паглядзець гісторыю гэтага будынка. Зверху чорныя пласт - агарод, які навазілі мясцовыя жыхары, пад ім ідзе пласт бітага смецця. Ён утварыўся падчас будаўніцтва падобнага кшталту скляпоў. Затым жоўтая падсыпка. Пад жоўтым - мы бачым чорны і іншыя пласты перыяду існавання будынка. Судзячы па матэрыяле і стану будынак можна аднесці да другой паловы 17 стагоддзя, калі Валожын належыў Слушкам.

- Добра чытаецца па фрагменце - будынак быў складзены з валунніка, які звязаны глінай. Падмурак паварочвае ў заходні бок. У знойдзеным кутку знаходзілася печка, абліцаваная кафляй - паліваный і тэракотавай.

Калі паблізу знаходзіўся касцёл, то гэты будынак мы спрабуем інтэрпрэтаваць як плябань, у якім жыў ксёндз, ці духоўную школу, якую адчынілі пры бернардзінскім кляштары. Апошняя версія пад вялікім пытаннем. Але калі гэта ўсё ж плябань, то, па сутнасці, мы знайшлі адну з найстаражытнейшых у Валожынскім раёне і Мінскай вобласці. Да гэтага моманту да старажытных помнікаў адносілася цэнтральная забудова горада ў часы перабудовы горада Тышкевічамі і дзейнасці Касакоўскага і датуецца пачаткам 19 стагоддзя. Знойдзены падмурак будынка папярэднічае перабудове. Гэта кавалачак старога архаічнага Валожына.

Таксама тут недалёка знаходзіўся драўляны касцёл, які адчыніўся ў 1690 годзе. Вядома, што ён згарэў прыкладна да 1814 года. На шматлікіх замалёўках, літаграфіях, гравюрах бачна, што ўчастак ад новага касцёла да палаца не забудоўваўся. Думаем, людзі бераглі святую зямлю. Мы яго спрабуем зараз раскапаць. Калі знойдзем, то ансамбль поўнасцю складзецца. Пасля завяршэння праца частка тэрыторыі адвядзецца пад паркоўку, а частка стане ахоўнай зонай з перспектывай стварэння ўнікальнай для Валожына турыстычнай жамчужынкі.

Крыніца

А калі б не было зон і выканання рэгламентаў - ніхто б нічога не даследаваў, а калі б выпадкова і выявілі, то не звярнулі б увагу або ўвогуле знішчылі.

#Валожын #археалогія
Спадчына
У Магілёве, відаць, адрылі такі падмуркі Чарнігаўскай брамы. Як адзначаюць краязнаўцы - у раскопе выяўлены мур з раздвоеным вуглом. Менавіта такі раскрапаваны вугал адлюстраваны на чарцяжах і гістарычных фота Чарнігаўскай брамы. Ці спыніць гэта будаўнікоў?…
Інстытут гісторыі НАН Беларусі паведамляе, што на месцы раскопак катлавана пад будаўніцтва падземнага пераходау ў Магілёве, дзе меркавана размяшчалася Чарнігаўская брама, помнік класіцызму, усё ж такі вядзецца археалагічны нагляд супрацоўнікамі МДУ імя А. А. Куляшова.

На месцы катлавана часткова аголены цагляныя падмуркі, якія фіксуюцца і інтэрпрэтуюцца спецыялістамі. Выяўленыя падмуркі часткова ўваходзяць у межы катлавана, асноўная іх частка сыходзіць у бок тратуара, дзе земляныя работы не вядуцца.

#Магілёў #археалогія
Спецыялісты з Гомеля пачалі адмываць часткі драўляных клецяў, ванятых з раскопу вала гарадзішча на Менцы, і выявілі зааморфную фігуру, відаць барана з рогамі.

Археолаг Андрэй Вайцяховіч удакладніў, што тысячу гадоў таму, калі ўзводзіўся вал, гэтая фігура была засыпаная зямлёй разам з клецямі і не была бачная людзям.

Археолаг звярнуў увагу, што гэта спецыяльная частка канструкцыі, якая як крук падпірала знешнюю сцяну клецяў. Такіх драўляных частак было вынята некалькі.

Гісторык выказаў здагадку, што выява магла быць звязана з паганскім уяўленнем пра свет або гэта была частка традыцыйнага дэкору.

#Менка #археалогія #старажытнарускаедойлідства #драўлянаедойлідства
У 1981 годзе пры будаўніцтве мемарыяла Змагарам за савецкую ўладу на Савецкай плошчы ў Магілёве была выяўлена драўляная маставая 17 стагоддзя. Яе перанеслі на тэрыторыю музея этнаграфіі, дзе яна экспанавалася на адкрытым паветры некалькі гадоў.

#Магілёў #археалогія
Дзякуючы ўрагану ў Гомелі зрабілі навуковае адкрыццё

Аказалася, што дрэва, якое ўпала падчас нядаўняга ўрагану ў Гомелі, доўгія гады хавала ў сваіх каранях дзіўную знаходку. Па словах намесніка дырэктара музея па навуковай рабоце Гомельскага палацава-паркавага ансамбля Дзмітрыя Лінданкова, былі выяўленыя сляды кладкі, якая мае форму васьмікутніка.

Прагледзеўшы ілюстрацыі і планы палаца, удалося вызначыць, што ў тым самым месцы ў другой палове XIX стагоддзя размяшчаўся фантан.

Дакументы і фота 30-х гадоў XX стагоддзя пацвердзілі, што такіх фантанаў было два, але ў пасляваенны час яны не захаваліся.

Цяпер знаходка старанна вывучаецца, пасля чаго будзе прынята рашэнне адносна яе далейшага лёсу — рэстаўрацыя або ўпарадкаванне.

#Гомель #знаходкі #археалогія
За Палацам Рэспублікі ў Мінску перакладаюць сеткі. У раскопе праявіліся падмуркі касцёла Тамаша Аквінскага, на аднаўленне якога камуністы ўзялі пасля вайны з Германіі рэпарацыі, а пасля ўзарвалі ў 1950 годзе, відаць, каб не адсвечваў на фоне будучага помніка Сталіну на Цэнтральнай плошчы.

У час будаўніцтва Палаца Рэспублікі падмуркі касцёла раскапалі. У прынцыпе нічога не замінае яго аднаўленню - сёння на гэтым месцы газон. Рэшткі касцёла ўнесены ў Дзяражаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей як помнік археалогіі.

#Мінск #археалогія #касцёлы