"Вясна" назірае
678 subscribers
607 photos
19 videos
341 links
Праваабарончы цэнтр “Вясна” з дапамогай назіральніц і назіральнікаў з Валанцёрскай службы ажыццяўляе маніторынг судовых працэсаў па адміністрацыйных справах.

👀У гэтым канале мы будзем дзяліцца цікавымі кейсамі з судоў.

Наш бот: @viasna_bot
Download Telegram
⚡️Блогерка і маркетолаг Наста Пілюгіна арыштаваная на 15 сутак

Справу Насты Пілюгінай 30 ліпеня разглядзеў суддзя Партызанскага раёна Міхаіл Макарэвіч. Насту разам з астатнімі затрыманнымі ў суд даставілі асабіста.

Нагадаем, Пілюгіна была затрымана 29 ліпеня разам са сваім хлопцам Уладзіславам Піртанём. У Партызанскім РУУСе на іх склалі пратаколы па арт. 24.3 КаАП — непадпарадкаванне супрацоўнікам міліцыі.

На судзе Наста паведаміла, што ўчора ў КДБ была дапытаная ў якасці сведкі па арт. 289 КК, але падпіскі аб неразглошванні не дала. Яна звярнула ўвагу, што дапытвалі яе не па крымінальнай справе, а па біяграфіі, а потым адвезлі дадому, дзе супрацоўнікі КДБ правялі ператрус. Дома быў яе хлопец, які і адчыніў дзверы. БЧБ-сцягі дзяўчына адразу самастойна аддала, бо ёй сказалі, «што лепш самой гэта зрабіць». Пасля ператрусу Насту затрымалі разам з Уладзіславам Піртанём. Але іх пасадзілі ў розныя службовыя машыны. Потым па дарозе ў РУУС Пілюгіну пасадзілі ў машыну, у якой ужо сядзеў Алег Урбановіч (сёння яго арыштавалі на 14 сутак). Сведчанні міліцыянта Наста лічыць паклёпам, бо ў РУУС яна прайшла дабраахвотна.

⚖️Суддзя Макарэвіч адхіліў хадайніцтва адвакаткі аб праглядзе відэакамер на тэрыторыі РУУСа, бо палічыў, што гэта толькі яе здагадкі. Вынік — 15 сутак.
⚡️Уладзіслава Піртаня арыштавалі на 15 сутак

Сваякі Уладзіслава Піртаня не паспелі хутка заключыць дамову з адвакатам, але суддзя Міхаіл Макарэвіч усё роўна вырашыў разглядаць справу хлопца, парушаючы яго права на абарону:

— Ужо 18:15, да 21 гадзіны мне вас тут трымаць?
— Зразумеў.
— Самастойна будзеце сябе абараняць? Так?
— Так.

Пратакол па арт. 24.3 КаАП на Піртаня склалі 29 ліпеня за тое, што ён нібыта адмовіўся прайсці ў РУУС за міліцыянтам і крычаў каля машыны. Уладзіслаў звярнуў увагу суддзі, што ўчора яму нават не давалі пратакол на подпіс. Хлопец распавёў, што ператрус адбываўся на працягу трох гадзін, пасля чаго яго і затрымалі. У РУУСе, па яго словах, непадпарадкаванне её не аказваў, таму віну не прызнае.

⚖️Суддзя Макарэвіч разглядзеў справу за 9 хвілін. Па рашэнню суддзі Уладзіслава арыштавалі на 15 сутак.
⚡️⚡️«Мне апраналі пакет на галаву і душылі. Мяне сілком напаілі нейкай вадкасцю з бутэлькі». Новыя сведчанні катаванняў пры затрыманні

29 ліпеня ў сябе дома быў затрыманы Юрый Марозаў. Згодна з пратаколам па арт. 24.3 КоАП, Юрый быў затрыманы «ў сувязі з падазрэннем ва ўдзеле ў масавых мерапрыемствах, але на тэрыторыі Партызанскага РУУС аказаў непадпарадкаванне супрацоўнікам міліцыі, адмовіўшыся выйсці з машыны». Сваю віну хлопец не прызнаў.

Справу Юрыя Марозава разглядзеў суддзя Партызанскага раёна Міхаіл Макарэвіч.

Па словах Марозава, пры затрыманні ніхто з супрацоўнікаў міліцыі не прадставіўся і не паказаў сваё пасведчанне. Ператрус у кватэры хлопца праводзілі восем супрацоўнікаў у цывільным, частка з якіх былі ў балаклавах. Са словаў Юрыя:

«У кватэру ўвайшлі восем супрацоўнікаў, ніхто не паказваў пасведчанні. Мяне паставілі на калені і трымалі тварам да сцяны. Мяне перыядычна білі. Білі нагамі. Мне апраналі пакет на галаву і душылі. Мяне сілком напаілі нейкай вадкасцю з бутэлькі. Потым у кватэры правялі ператрус у прысутнасці незнаёмых мне людзей. Былі панятыя ў балаклавах, таму я не ведаю хто гэта. Правялі ператрус, пры гэтым ператрус — гэта калі ўсе твае рэчы расшвырваюць па кватэры. Перыядычна мяне прыніжалі, лаяліся матам. Пасля гэтага мяне прымусілі нешта падпісаць. У мяне нават не было магчымасці паглядзець што гэта, бо мяне білі. Пасля гэтага канфіскавалі частку рэчаў, якія на Акрэсціна са мной не прыехалі, таму я не ведаю дзе іх шукаць. Потым мы прайшлі ў аўтамабіль. Увесь гэты час я знаходзіўся ў кайданках, таму фізічна не мог аказваць непадпарадкаванне. Калі камеры там ёсць, то можна паглядзець, што я не супраціўляўся. Я спакойна прайшоў у РУУС. У машыне са мной было трое супрацоўнікаў".

Сведка-міліцыянт на судзе сцвярджаў, што паліў каля РУУСа, калі ўбачыў, як Марозаў штурхнуў плячом аднаго супрацоўніка ў цывільным і паспрабаваў выбегчы на праезную частку. Відэакамера на будынку РУУСа на гэтую тэрыторыю, вядома, накіраваная не была. Акрамя гэтага, сведка памыліўся і з часам "правапарушэння".

⚖️У выніку, суддзя Макарэвіч пакараў Юрыя Марозава 14-сутачным арыштам, нават негледзячы на заяву пра катаванні.
⚡️Няправільнае адзенне, падтрымка з балкону Марша, белыя аркушы: за што судзілі беларусаў у ліпені

Праваабаронцам "Вясны" вядома пра мінімум 85 судовых працэсаў у ліпені над затрыманымі беларусамі па адміністрацыйных справах. У выніку, за ліпень беларускія суддзі пакаралі штрафамі 27 чалавек агулам на 1 809 базавых велічыняў (каля 52,5 тысяч беларускіх рублёў) і 58 чалавек арыштавалі на 932 сутак.

🌿"Вясна назірае" традыцыйна зрабіла спіс самых дзіўных прычын для адміністрацыйнага пераследу з іншадумствам за месяц.
⚡️⚡️«З двух бакоў пабеглі людзі і пачалі страляць». Пачалі судзіць затрыманых з гуртом IRDORATH на лецішчы

Учора, 2 жніўня, на лецішчы пад Мінскам затрымалі 16 чалавек, сярод якіх былі ўдзельнікі беларускага музычнага фэнтэзі-фолк гурта IRDORATH. Затрыманне адбылося на святкаванні Дня народзінаў вакалісткі гурта Надзеі Калач (Ірдарат). Сёння прэс-служба МУС паведаміла, што супраць шасці затрыманых распачалі крымінальныя справа за ўдзел у жнівеньскіх маршах. Аблава ГУБАЗіКа і САХРа на кампанію была звязана менавіта з гэтым. Тых, хто таксама знаходзіўся на лецішчы, таксама затрымалі. Справы некаторых чалавек па арт. 24.3 КаАП сёння разглядзелі ў судзе Мінскага раёна.

Сярод затрыманых учора была 39-гадовая Аляксандра Грахоўская — удзельніца гурта BY CRY. Яе справу разглядаў суддзя Антон Колабаў. Згодна з пратаколам па арт. 24.3 КаАП, «Аляксандра 2 жніўня каля 20:30 адмовілася адчыняць вароты для правядзення следчых дзеянняў, чым аказала непадпарадкаванне супрацоўніка міліцыі».

Аляксандра распавяла, што на лецішчы нават няма варотаў – толькі зламаная брамка. Па яе словах, яна прышла на Дзень народзінаў да сяброўкі. Усе сабраліся і перад пачаткам святкавання усе пабачылі, як з двух бакоў на іх пабеглі людзі ў вайковай фоме і пачалі страляць. Аляксандра дадала, што было так шмат выстралаў, што яна не зразумела, чаму пакуль усе жывыя. 15 чалавек паклалі на зямлю і забралі тэлефоны. Потым жанчынам дазволілі сесці на канапу. Сваю віну Аляксандра адмаўляе, бо нават не разумее, «як можна не адчыніць тое, што і так не зачыненае». Суддзя Колабаў пакараў Аляксандру штрафам у памеры 30 базавых.

Таксама суддзя суддзя Колабаў аштрафаваў яшчэ некалькіх затрыманых з кампаніі: Шулякову — на 30 базавых, Юлію Варламаву — на 40 базавых, Вольгу Міхно — на 35 базавых.

Заўтра на выязным паседжанні суддзя разглядзіць справы Яўгена Срацэнскага і Міхаіла Аракчаева.

Суддзя Вадзім Казей пачаў сёння разглядаць справы Аляксандра Сінкевіча, Дзмітрыя Шыманскага і Аляксея Палаўчэні (барабаншчыка гурта IRDORATH), але зрабіў перапынак да 4 жніўня.

Мужчыны на судзе распавялі, што гатавалі шашлыкі перад тым, як з’явіліся сілавікі. Дом абгароджаны толькі з боку вуліцы, а вароты былі адчыненыя. Да іх пачалі з абодвух бакоў забягаць людзі і сказалі ўсім легчы на зямлю. Сілавікі пры гэтым былі ў камуфляжы і ў масках.

Дзмітрый Шыманскі наогул быў затрыманы выпадкова: ехаў на мапедзе каля 23:00 (ужо больш за гадзіну праходзіў ператрус), убачыў машыну сябра, спыніўся і ў цемры запытаўся, хто капаецца ў машыне. Невядомы ў яго спытаў, што Дзмітрыю трэба. У гэты ж момант Шыманскі ўбачыў, што пачалі выходзіць нейкія людзі з скрынкамі абматанымі скотчам. Спыталі ў яго: «Ты сюды прыехаў?». Мужчына адказаў станоўча. Тады яму сказалі: «Класна, дачакаліся цябе», і забралі яго.

У выніку, справы затрыманых будуць разглядацца суддзямі на выязном паседжанні заўтра.
"Вясна" назірае
⚡️⚡️«З двух бакоў пабеглі людзі і пачалі страляць». Пачалі судзіць затрыманых з гуртом IRDORATH на лецішчы Учора, 2 жніўня, на лецішчы пад Мінскам затрымалі 16 чалавек, сярод якіх былі ўдзельнікі беларускага музычнага фэнтэзі-фолк гурта IRDORATH. Затрыманне…
‼️Шасцярых затрыманых з гуртом IRDORATH на лецішчы арыштавалі на 15 сутак

Стала вядома, што суддзі Мінскага раёна на выязном паседжанні разглядзелі справы яшчэ шасцярых чалавек, якіх затрымалі на святкаванні Дня народзінаў вакалісткі музычнага фэнтэзі-фолк гурта IRDORATH Надзеі Калач.

Марыя Падаляк, Аляксандр Сінкевіч, Дзмітрый Шыманскі, Яўген Срэценскі, Міхаіл Аракчэеў і Аляксей Палаўчэня былі арыштаваныя на 15 сутак. Усіх затрыманых судзілі па арт. 24.3 КаАП за тое, што яны не адчынілі вароты сілавікам.

Нагадаем, 2 жніўня на лецішчы, дзе Надзея Калач святкавала Дзень народзінаў, супрацоўнікі ГУБАЗіКа і САХРа затрымалі 16 чалавек. На наступны дзень прэс-служба МУС паведаміла, што на дзесяцярых чалавек склалі пратаколы за непадпарадкаванне супрацоўнікам міліцыі, а супраць яшчэ шасцярых распачалі крымінальныя справы за ўдзел у жнівеньскіх маршах.
⚡️Маці Сяргея "хлопотное дельце" Міронава асудзілі на 15 сутак

Справу 61-гадовай Святланы Чапурка разглядзелі сёння ў судзе Маскоўскага раёна. Справу вяла суддзя Таццяна Мотыль.

Святлану затрымалі дома 5 жніўня і адвезлі ў Маскоўскі РУУС. Там на жанчыну склалі пратакол па арт. 19.1 КаАП за "дробнае хуліганства".

Суддзя Мотыль асудзіла Святлану фактычна ў закрытым рэжыме, бо расклад спраў вывесілі толькі праз амаль дзве гадзіны пасля суду. У выніку, суддзя пакарала Святлану 15-сутачным арыштам.
⚡️Былога намесніка дырэктара фінансава-эканамічнага дэпартаменту «Беларусбанку» зноў арыштавалі на 12 сутак

Учора ў судзе Цэнтральнага раёна разглядзелі справу 37-гадовага Максіма Халецкага. 5 жніўня каля 18:00 да яго на вуліцы падыйшлі міліцыянты і запрасілі на прафілактычную гутарку. У Цэнтральным РУУСе, згодна з пратаколам, Максім адмовіўся прайсці ва ўпраўленне, чым аказаў непадпарадкаванне супрацоўнікам міліцыі.

Сваю віну Халецкі адмаўляе. На судзе Максім распавеў, што ў яго не было матыву для непадпарадкавання, а міліцыянт, які выступіў у якасці сведкі, хлусіць. Відэакамер, вядома, у месцы здзяйснення "правапарушэння" не было.

Суддзя Вікторыя Шабуня, у выніку, прызнала Максіма Халецкага вінаватым па арт. 24.3 КаАП і пакарала яго 12-сутачным арыштам.

Раней Халецкі ужо двойчы адбываў арышты па "народных артыкулах". У красавіку Максіма звольнілі з пасады намесніка дырэктара фінансава-эканамічнага дэпартаменту «Беларусбанку» адразу пасля таго, як ён адбыў адміністрацыйны арышт.
⚡️⚡️"Акрамя таго, што яна нічога не чуе, так яшчэ і гаварыць не можа". Ціск на арыштантаў на Акрэсціна працягваецца

З 22 ліпеня за кратамі знаходіцца 51-гадовая Алена Левіна. Пасля затрымання на жанчыну склалі пратакол па арт. 24.3 КаАП за «непадпарадкаванне супрацоўнікам міліцыі», а пасля яе арыштавалі на 15 сутак. За пару дзён да вызвалення на жанчыну склалі новы пратакол за Марш, у якім яна не ўдзельнічала. Агулам Алену арыштавалі на 30 сутак.

У Левінай ёсць праблемы са слыхам: яна носіць слыхавы апарат. Праблема ў тым, што ў камеры ў Алены селі батарэйкі ў апараце, а без яго жанчына вельмі дрэнна чуе. Супрацоўнікі ЦІПа адмовіліся перадаць для яе новыя батарэйкі, пры тым, што яны прынялі іх ад сваякоў жанчыны. Па словах сукамерніцы, у Алены з'явіліся праблемы са здароўем з-за ўмоваў утрымання на Акрэсціна. Ноччу ў камерах холадна, таму ў жанчыны пачаўся моцны кашаль і асіп голас:

"Я вельмі турбуюся, бо акрамя таго, што яна нічога не чуе, так яшчэ і гаварыць не можа," – перадае сукамерніца.

Супрацоўнікі ЦІП Акрэсціна таксама адмовіліся прымаць ад сваякоў таблеткі, таму Алена засталася без медыцынскай дапамогі. На волю яна выйдзе толькі ў канцы жніўня.
"Вясна" назірае
⚡️⚡️"Акрамя таго, што яна нічога не чуе, так яшчэ і гаварыць не можа". Ціск на арыштантаў на Акрэсціна працягваецца З 22 ліпеня за кратамі знаходіцца 51-гадовая Алена Левіна. Пасля затрымання на жанчыну склалі пратакол па арт. 24.3 КаАП за «непадпарадкаванне…
⚡️«Мне по..й чуе яна ці не». Мінская міліцыя абвергла навіну пра слабачулую Алену Левіну

Учора Мінская міліцыя назвала фэйкам гісторыю 51-гадовай Алены Левінай, якой супрацоўнікі Акрэсціна не аддалі батарэйкі для слыхавага апарату, без якога яна амаль нічога не чуе. Таксама ў ведамстве дадалі:

«У Цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў кругласутачна дзяжурыць медыцынскі работнік, які кожную раніцу праводзіць покамерный абыход і апытанне аб стане здароўя, у выпадку неабходнасці праводзіцца агляд. Усе арыштанты своечасова забяспечваюцца ўсімі неабходнымі медыцынскімі прэпаратамі, а ў выпадку пагаршэння здароўя шпіталізуюцца ва ўстановы аховы здароўя».

Але пасля гэтай заявы стала вядома, што мясцовая лекарка сапраўды прасіла адміністрацыю ЦІПа выдаць батарэйкі Левінай. На сваю просьбу яна атрымала адказ ад супрацоўніка ЦІПа Аляксея Цішэчкіна: «Мне пох..й чуе яна ці не».

Падчас другога суда Левінай усё ж такі выдалі батарэйкі, каб яна магла ўдзельнічаць у судовым працэсе, але адразу пасля суда іх зноў забралі. Праз тое, што ў жанчыны няма цёплых рэчаў, і пры гэтым ёй даводзіцца ляжаць і сядзець на халодным бетоне, яна да гэтага часу моцна кашляе.
⚡️Артыста ансамбля арыштавалі на 15 сутак

Артыста беларускага ансамбля 33-гадовага Дзмітрыя Куксу затрымалі 6 жніўня. На момант пачатку судовага паседжання 9 жніўня ў Дзмітрыя ўжо скончыўся 72-гадзінны тэрмін з моманту затрымання, але суддзя не звярнула на гэта ўвагі.

Справу артыста разглядала суддзя Фрунзенскага раёна Юлія Чыж.

У Фрунзенскім РУУСе на мужчыну склалі пратакол па арт. 24.3 КаАП "за адмову адчыніць дзверы ў жылое памяшканне для правядзення ператрусу". Але Дзмітрый сцвярджае, што яго затрымалі на вуліцы каля метро Спартыўная, заламалі рукі, надзелі адразу кайданкі, а ўжо потым адвезлі для ператрусу. Там, па словах мужчыны, яны самастойна яго ключамі адчынілі дзверы, пакуль сам Кукса быў у кайданках.

У выніку, суддзя Чыж пакарала артыста 15-сутачным арыштам.
❗️За дзіцячы малюнак на акне мінчука арыштавалі на 12 сутак

У судзе Фрунзенскага раёна 10 жніўня разглядзелі справу 41-гадовага Дзмітрыя Бубенкі. Яго затрымалі ўвечары 9 жніўня дома за "несанкцыянаванае пікетаванне шляхам размяшчэння белага аркуша паперы на акне". Менавіта так пазначылі міліцыянты ў пратаколе дзіцячы малюнак.

Дзмітрый растлумачыў суддзі Наталлі Бугук, што на вокнах вісяць дзіцячыя малюнкі, якія павесілі амаль чатыры гады таму. Па яго словах, яны абараняюць расаду жонкі ад сонца. Суддзю цікавіла, чаму ён не атрымаў на гэта дазвол ад уладаў.

У выніку, суддзя Бугук палічыла Бубенку вінаватым па арт. 24.23 КаАП і арыштавала яго на 12 сутак.

📸На фота малюнак, за які Дзмітрыя пакаралі арыштам.
⚡️Супрацоўніка «Нафтана» арыштавалі за БЧБ-налепку на бамперы машыны

36-гадовага спурацоўніка «Нафтана» Сяргея Хвасцёнка затрымалі 9 жніўня ў Мінску каля ўніверсама «Цэнтральны» на пр. Незалежнасці. У Сяргея зламалася машына, таму ён спыніўся на дарозе. Пабачыўшы гэта, да яго пад’ехалі супрацоўнікі ДАІ і прапанавалі дапамогу. Але на бамперы супрацоўнікі заўважылі бел-чырвона-белую налепку, якая, па словах Сяргея, залеплівала дзірку на бамперы каля пяці гадоў. Таму замест дапамогі мужчыну адвезлі ў Цэнтральны РУУС, дзе склалі пратакол па арт. 24.23 КаАП.

Справу Хвасцёнкі 10 жніўня разглядзеў суддзя Цэнтральнага раёна Дзмітрый Карсюк.

Сведка-міліцыянт «Аляксандраў» распавёў, што затрымліваў Сяргея разам з супацоўнікамі АМАПу. Міліцыянт сцвярджаў, што Хвасцёнак адразу заявіў, што такім чынам выказвае сваі палітычныя погляды, але сам мужчына гэта адмаўляе.

⚖️Вынікам суда стаў 15-сутачны арышт.
⚡️Вялізарныя суткі і штрафы: як судзілі затрыманых за ўскладанне кветак каля мемарыялу Тарайкоўскага

У судзе Фрунзенскага раёна 11 жніўня разглядзелі справы трох мінчукоў. Іх затрымалі каля мемарыялу Тарайкоўскага 10 жніўня — на гадавіну гібелі Аляксандра.

⚖️Першай учора затрымалі 40-гадовую Наталлю Шэкаву. У жанчыны ёсць непаўнагадовае дзіця, але замест трох гадзін, як таго патрабуе закон, яе пратрымалі за кратамі ноч да суда. Падставай для затрымання стала «несанкцыянаванае пікетаванне шляхам ускладаня кветак» каля народнага мемарыялу. Суддзі Чыж Наталля распавяла, што ў яе не было ніякіх палітычных матываў, а толькі — чалавечыя. Па словах жанчыны, яна гуляла каля месца гібелі Тарайкоўскага, успомніла падзеі мінулага года і вырашыла пакласці кветкі на тым месцы. Суддзя Юлія Чыж расцаніла гэты учынак, як пікетаванне і пакарала жанчыну па арт. 24.23 КаАП штрафам у памеры 2900 рублёў (100 базавых велічыняў).

⚖️На тым жа месцы каля 17:03 затрымалі 20-гадовага Аляксея Латошу. У віну хлопцу ставіцца таксама ўскладанне кветак каля мемарыялу. Аляксей пацвердзіў, што ў памяць аб загінулым уваткнуў кветкі ў слуп. Але адрузу пасля гэтага яго затрымалі людзі ў цывільным. Суддзя Чыж цікавілася, чаму ён зрабіў гэта менавіта каля метро, а не могілках. Хлопец дадаў, што ў яго ёсць малое дзіцё, таму ён шкадуе аб учыненым і хоча быць зараз з імі, а не за кратамі. Вынік — 13 сутак.

⚖️Каля 19:55 каля мемарыялу затрымалі 23-гадовага Кастуся Цаўлоўскага. Прычына — ускладанне адной квекі каля выхаду з метро. Сваю віну хлопец адмаўляе, бо не ведаў, што ўскладанне кветак расцэньваецца, як «несанкцыянаванае пікетаванне». Ён патлумачыў, што зрабіў гэта, каб ушанаваць памяць об загінулым, а не для выказвання сваіх палітычных ітарэсаў. Суддзя зноў запытала, чаму Кастусь зрабіў гэта не на могілках. У выніку, суддзя Юлія Чыж пакарала хлопца па арт. 24.23 КаАП 30-сутачным арыштам.
⚡️Мінчука затрымалі падчас спецаперацыі сілавікоў па абароне працаўнікоў ЖРЭА. Суддзя спыніў адну са справаў пасля прагляду відэа з месца затрымання

37-гадовага Дзмітрыя Панчанку затрымалі раніцай 7 жніўня падчас прабежкі. Каля 9:50 у Мінску па вуліцы Бяды ў міліцыянтаў праходзіла спецаперацыя па абароне працаўнікоў ЖРЭА, якія ў гэты момант зразалі белыя стужкі з плоту. Згодна з пратаколам па арт. 24.23 КаАП міма іх прабягаў Дзмітрый і выкрыкнуў лозунг «Жыве Беларусь». Гэта заўважылі супрацоўнікі міліцыі, селі ў службовы аўтамабіль і паехалі затрымліваць Панчанку. Яны спыніліся, выйшлі да яго і прапанавалі сесці з імі ў машыну, але, па словах міліцыянта, Дзмітрый адмовіўся, упіраўся нагамі і нават пачаў уцякаць. Міліцыянты яго дагналі, надзелі кайданкі, адвезлі ў Савецкі РУУС і склалі два пратаколы: па арт. 24.23 КаАП і арт. 24.3 КаАП (непадпарадкаванне супрацоўнікам міліцыі).

Сам Панчанка сцвярджае, што штодзённа бегае па таму маршруту. Па яго словах, 7 жніўня ён бег у слухаўках, калі перад ім спынілася машына, з якой выйшлі два міліцыянты. Дзмітрый дастаў слухаўкі і запытаў, што здарылася. Міліцыянты пацікавіліся, што ён крычаў, а потым надзелі кайданкі і павялі ў машыну.

Суд над мужчынам пачаўся 9 жніўня ў судзе Савецкага раёна. У матэрыялах справы было шмат памылак, а сведкі блыталіся ў паказаннях. У справе нават адсутнічаў пратакол асабістага агляду пры тым, што ў Дзмітрыя забралі тэлефон і слухаўкі. Чаму гэта не пазначылі ў пратаколе — невядома.

⚖️Суддзя Сяргей Шаціла задаволіў хадайніцтва адвакаткі на прагляд відэакамер з месца затрымання Панчанкі, таму ў справе быў абвешчаны перапынак. На наступны дзень відэа з трох камер былі дасканала даследаваныя. У выніку, суддзя Шаціла пасля прагляду пастанавіў спыніць справу па арт. 24.3 КаАП праз недаказанасць віны, а па арт. 24.23 КаАП прызнаць вінаватым Панчанку і аштрафаваць на 2900 рублёў (100 базавых).
⚡️13 920 рублёў і 397 сутак: Як мінскія суддзі адзначылі гадавіну пачатку пратэстаў

На працягу гэтага тыдня ў Мінску актыўна судзілі беларусаў і беларусак, затрыманых у знакавыя для Беларусі дні — гадавіну пачатку мірных акцый пратэсту. На пратэстоўцаў у РУУСах складалі пратаколы за «непадпарадкаванне супрацоўнікам міліцыі», «дробнае хуліганства» і «ўдзел у масавых мерапрыемствах», а потым беларускія суддзі каралі іх штрафамі і суткамі. 

🌿«Вясна назірае» распавядае, за што на самой справе судзілі мінчукоў.
⚡️Збіццё, прусакі і начлег на вуліцы ў гразі: умовы ўтрымання на Акрэсціна ў ліпені і жніўні

Праваабаронцам "Вясны" працягвае паступаць інфармацыя пра нечалавечыя і жудасныя ўмовы ўтрымання на Акрэсціна. Супрацоўнікі ЦІПа працягваюць збіваць затрыманых, забіраць у іх грошы, на скаргі аб прусаках у камерах не рэагаваць, а тых, хто захварэў на COVID-19 не лячыць і не ізаляваць ад здаровых людзей.

"Вясна назірае" пагутарыла з чатырма людзьмі, якія ў розны час знаходзіліся ў камерах на Акрэсціна з ліпеня па жнівень. Суразмоўцы распавялі пра мясцовую "медыцынскую дапамогу", начлег у дворыку ЦІПа, мясцовы абмен валют і збіццё мужчын:

🔹«Людзей з высокай тэмпературай ізалююць у карцэр. Адна дзяўчынка правяла ў карцэры чатыры дні, а ёй нават не адшпілілі ложак ад сцяны»;

🔹«Супрацоўнікі маглі нават выкінуць усе рэчы з тумбачкі, а аднойчы вывернулі смецце з вядра на рэчы арыштаваных»;

🔹«Хлопец паскардзіўся, што не адчувае пахі, а лекарка яму рэзка нашатыру дала панюхаць»;

🔹 «Усю камеру вывелі і замкнулі на вечар і ноч у шпацырным дворыку, таму спаць прыходзілася на бетоне ў гразі і холадзе».

📲Чытаць цалкам па спасылцы.
⚡️Гомельскага актывіста Іллю Міронава арыштавалі на 25 сутак

Суддзя Віктар Казачок пакараў актывіста Іллю Міронава 25-сутачным арыштам па ч.3 арт. 24.23 КаАП. Іллю асудзілі за надпіс на майцы "Пішыце лісты", якую міліцыянты расцанілі як несанкцыянаванае пікетаванне.
⚡️Шахцёра Алега Кудзёлку пакаралі 10-сутачным арыштам

Як паведамляе «Новы Час», салігорскага шахцёра Алега Кудзёлку з 4РУ, які ў верасьні 2020 года адмовіўся паднімацца на паверхню, сёння арыштавалі на 10 сутак па адміністрацыйнай справе.

Алега затрымалі ўчора, калі ён прыехаў для абмена праў у ДАІ.

Крыніца: @novychas
⚡️Анархіста Іллю Сянько ўжо другі раз запар пакаралі 15-сутачным арыштам. На судзе ён заявіў пра збіццё супрацоўнікамі ГУБАЗіКа

Іллю Сянько арыштавалі яшчэ 4 жніўня падчас «зачысткі» актывістаў анархісцкга руху. Тады хлопца ў судзе Кастрычніцкага раёна пакаралі 15-сутачным арыштам па арт. 24.3 КаАП нібыта за непадпарадкаванне супрацоўнікам міліцыі. Але пасля арышту Ілля на волю так і не выйшаў. На хлопца склалі новы пратакол, але ўжо па арт. 19.1 КаАП (дробнае хуліганства).

Згодна з новым пратаколам, Ілля «4 жніўня гучна крычаў, нецэнзурна лаяўся, на заўвагі міліцыянтаў не рэагаваў». Справу Сянько разглядзелі 20 жніўня ў судзе Кастрычніцкага раёна. Актывіст адмовіўся на судзе даваць паказанні, але заявіў пра збіццё і пагрозы з боку ГУБАЗіКа. Па яго словах, праз пару дзён пасля затрымання да яго прыйшлі супрацоўнікі ГУБАЗіКа, збівалі, пагражалі і нават адрэзалі хлопцу дрэды, прымушаючы прызнаць віну і даць патрэбныя ім паказанні. Таксама Ілля сказаў, што сядзіць у чатырохмеснай камеры, у якой адразу знаходзяцца 20 чалавек. Суддзя Кастрычніцкага раёна Наталля Яроўская адмовіла хлопцу ў выкліку супрацоўніка ГУБАЗіКа ў якасці сведкі і нават не звярнула ўвагі на заяву Іллі пра збіццё.

⚖️Акрамя гэтага, справу Сянько сёння не ўнеслі ў расклад суда. У выніку, суддзя прызнала актывіста вінаватым і арыштавала на 15 сутак. Агулам Ілля правядзе за кратамі 30 сутак.