"Вясна" назірае
706 subscribers
593 photos
19 videos
334 links
Праваабарончы цэнтр “Вясна” з дапамогай назіральніц і назіральнікаў з Валанцёрскай службы ажыццяўляе маніторынг судовых працэсаў па адміністрацыйных справах.

👀У гэтым канале мы будзем дзяліцца цікавымі кейсамі з судоў.

Наш бот: @viasna_bot
Download Telegram
❗️"Білі шокерам пад пазногці, потым аблівалі ногі і зноў білі". Былыя арыштанты распавялі пра катаванні і "суткі" ў 2023 годзе

Чацвёрты год запар у Беларусі сітуацыя з масавымі рэпрэсіямі застаецца крытычнай. Кожны дзень сілавікі ўрываюцца ў дзясяткі кватэр па ўсёй краіне, ужываюць супраць іх фізічную сілу і спецсродкі, затрымліваюць іх і адпраўляюць у ізалятары. Толькі ў мінулым месяцы пад рэпрэсіі трапілі не менш за 620 чалавек, 288 з якіх — жанчыны. "Вясна" паразмаўляла з некалькімі былымі арыштантамі, якія прайшлі праз адміністрацыйны арышт восенню і зімой 2023 года ў ізалятарах Мінска і Наваполацка.

🔹Яны распавялі пра збіццё і метады катаванняў у ГУБАЗіКу, пра арыштаваных за ўдзел у акцыях пратэсту за мяжой, пра затрыманні за каментары пад відэа палка Кастуся Каліноўскага, пра невыносныя ўмовы для палітычных і неаказанне медыцынскай дапамогі 👉 https://spring96.org/be/news/114678
⚖️БЧБ-сцяг на акне, вымпел з "Пагоняй", выява з Раманам Бандарэнкам: за што беларусаў судзілі ў лютым

У лютым праваабаронцам "Вясны" стала вядома пра мінімум 548 палітычна матываваных судоў па адміністрацыйных справах, з якіх было прызначана мінімум 95 арыштаў, 84 штрафы, а таксама тройчы — грамадскія працы.

Так, напрыклад, у Наваполацку 15 лютага паводле арт. 24.23 КаАП (несанкцыянаванае пікетаванне) асудзілі Міксіма Вуська. Паводле пратакола, Максім правёў пікетаванне ў сацыяльнай сетцы "Укантакце" выявай Рамана Бандарэнкі з бел-чырвона-белымі стужкамі ў руцэ, а таксама статусам "Не забудзем!". Суддзя Зінаіда Балаболава прызнала Максіма вінаватым і прызначыла яму сем сутак арышту.

🔹"Вясна" склала штомесячны спіс самых дзіўных і недарэчных прычын, па якіх людзей судзілі ў лютым 👉 https://spring96.org/be/news/114729
Баранавіцкага праваабаронцу Аляксандра Вайцешыка асудзілі за “непадпарадкаванне міліцыянту”

Згодна з раскладам судоў на сайце Вярхоўнага суда, 13 сакавіка ў Баранавічах Аляксандра асудзілі паводле арт. 24.3 КаАП (непадпарадкаванне супрацоўніку міліцыі). Справу разглядала суддзя Вікторыя Пакунова. Верагодна, суд прызначыў Вайцешыку адміністрацыйны арышт.

Нагадаем, Аляксандра затрымалі дома на мінулым тыдні. Сёння сілавікі апублікавалі відэа таго, як выломвалі дзверы ў кватэру праваабаронцы.
🎈Мінчука арыштавалі за БЧБ-балонікі на ліхтарным слупе

У судзе Савецкага раёна Мінска 1 сакавіка асудзілі Аляксея Скварчэўскага, якога абвінавацілі ў "несанкцыяваным пікетаванні" (арт. 24.23 КаАП). Паводле пастановы суда, "мужчына ў 5:30 размясціў на лініях электраперадач ліхтарнага слупа паблізу сваяго дома пяць балонікаў бела-чырвона-белага колеру". Віну Аляксей на судзе не прызнаў і растлумачыў, што сапраўды адпусціў з акна ў паветра пяць балонікаў, якія яму падарылі на Дзень народзінаў, але тыя зачапіліся на лініях электраперадач. Але, подле яго, у пікетаванні ён удзелу не прымаў, а балонікі зачапіліся выпадкова.

У выніку суддзя Аляксандр Воўк прызначыў Аляксею 15 сутак арышту, а таксама пастанавіў знішчыць балонікі, якія былі знятыя з электрапровадоў і захоўваліся пры матэрыялах справы.
🔴Мінчука арыштавалі за вокліч "Жыве Беларусь" з акна кватэры

У судзе Ленінскага раёна Мінска 26 лютага адбыўся суд над мужчынам, якога абвінавацілі паводле арт. 24.23 КаАП (несанкцыянаваны пікет). Згодна з пастановай суда, "мінчук 24 лютага выгукнуў з акна правакацыйны лозунг "Жыве Беларусь". Гэта пачулі мінакі, а таксама супрацоўнікі Ленінскага РУУСа.

У выніку суд прызнаў мужчыну вінаватым у "пікеце" і прызначыў яму 13-сутачны арышт.
За "экстрэмізм" асудзілі ксяндза з Гродзенскага раёна

Пробашча касцёла вёсак Галынка і Пярстунь Гродзенскага раёна Паўла Гедройца асудзілі за "распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў" паводле арт. 19.11 КаАП. Суд адбываўся 12 і 14 сакавіка, справу разглядала суддзя Наталля Козел. Вынік пакуль невядомы.

Старонка святара ў Facebook выдаленая, паведамляе канал "Право имеют".
🤡Жыхарку Сянно судзяць па артыкуле аб парушэнні заканадаўства аб выбарах

Суд Сенненскага раёна сёння, 10 красавіка, будзе разглядаць справу мясцовай жыхаркі Галіны Гарбачовай, піша тэлеграм-канал «Витебск, я гуляю». Яе будуць судзіць па рэдкім артыкуле 10.9 КаАП (парушэнне заканадаўства аб выбарах, рэферэндуме, рэалізацыі права заканадаўчай ініцыятывы грамадзян). Гэты артыкул прадугледжвае штраф памерам да 15 базавых велічыняў (600 рублёў). Пакуль невядома, што менавіта ставяць у віну Гарбачовай.

Аўтары канала прааналізавалі нядаўнія рашэнні суда ў банку дадзеных судовых рашэнняў па гэтым артыкуле. Так, беларусаў судзілі за фота бюлетэня, за вынесены з участку чысты бюлетэнь і за падачу старшыні ўчастковай камісіі пры рэгістрацыі ў якасці назіральніка пратакол пасяджэння аб'яднання, якое не зарэгістравана ў Мінюсце.
⚖️Мінімум 416 судоў: вынікі адміністрацыйнага пераследу ў сакавіку

Па ўсёй Беларусі штодзённа працягваюцца жорсткія затрыманні беларусаў, большасць з якіх адпраўляюць за краты паводле адміністрацыйных пратаколаў. У сакавіку праваабаронцы "Вясны" зафіксавалі не менш за 453 фактаў рэпрэсій. Таксама ў мінулым месяцы было разгледжана мінімум 416 адміністрацыйных справаў. Суды прызначылі не менш за 82 адміністрацыйных арышты і 86 штрафаў.

📍"Вясна" склала штомесячны спіс самых дзіўных і недарэчных прычын, па якіх беларусаў судзілі ў сакавіку 👉 https://spring96.org/be/news/114948
Старшыню браслаўскага АСВОДа адправілі на "суткі" за падпіску на групу STOP LUKA

У Браславе 28 сакавіка старшыню мясцовага АСВОДа Аляксея Бузо асудзілі паводле арт. 19.11 КаАП за падпіску на "экстрэмісцкія" групы STOP LUKA і "Тэлеканал Белсат" у "Аднакласніках", піша канал "Витебск, я гуляю".

Суд прызнаў Аляксея вінаватым у захоўванні "экстрэмісцкіх матэрыялаў" і прызначыў 15 сутак арышту з канфіскацыяй тэлефона.

Вядома, што Бузо ў свой час узначальваў выратавальны пост у аграгарадку Плюсы. У 2013 годзе ён быў прызнаны лепшым начальнікам паста ў раёне. У 2014 годзе ўзначалены ім пост атрымаў ганаровую грамату райвыканкама.

📸Фота: Аляксей праводзіць урок у школе ў рамках Тыдню бяспекі ў 2023 годзе
Пікетаваў з плакатам каля будынка Мёрскага райвыканкама: за што судзілі каталіцкага актывіста

Былога палітвязня з Мёраў, актывіста Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі Сяргея Васільева 10 красавіка асудзілі паводле арт. 24.23 КаАП за "несанкцыянаваны пікет", заўважылі @christianvision.

Паводле пастановы суда, Сяргей 7 красавіка 2024 года стаяў з плакатам каля ўвахода ў будынак Мёрскай адміністрацыі. Зместам надпісу на плакаце невядомы. На судзе 10 красавіка актывіст пацвердзіў, што стаяў з плакатам. У выніку суддзя Ірына Яскевіч арыштавала мужчыну на 15 сутак.

Васільеў быў затрыманы ў жніўні 2021 года, а пазней асуджаны да 3 гадоў «хіміі» за «паклёп» у адрас Лукашэнкі.
Ніну Багінскую аштрафавалі на 2000 рублёў

Суд Партызанскага раёну Менску аштрафаваў вядомую грамадскую актывістку Ніну Багінскую на 2000 рублёў (50 базавых велічыняў). Як стала вядома «Белсату», падставай для пераследу стаў значак з выявай нацыянальнага сцяга, які быў на вопратцы Багінскай. За гэта супраць яе склалі пратакол паводле арт. 24.23 КаАП (несанкцыянаваны пікет).

Суддзя Аляксадр Супічэнка ў сваёй пастанове напісаў, што «значак белага колеру з выявай белага і чырвонага колеру» падлягае знішчэнню, і пакараў Багінскую штрафам памерам 50 базавых велічыняў (2 000 рублёў).
⚖️Адмова праехаць у РУУС, падпіска на "Медыязону", БЧБ-значок: за што беларусаў судзілі ў красавіку

У мінулым месяцы "Вясне" стала вядома пра мінімум 530 палітычна матываваных судоў па адміністрацыйных справах, з якіх было прызначана мінімум 31 арышт, 45 штрафаў, а ў адным выпадку — грамадскія працы.

Так, у Гродне 25 красавіка на 10 сутак арыштавалі Ягора Глытава паводле арт. 19.11 КаАП (распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў). Паводле пастановы суда, Ягора затрымалі раніцай 25 красавіка за падпіску ў Іnstagram на старонку mediazona.bу. Падпіску супрацоўнікі міліцыі знайшлі ўвечары напярэдадні затрымання. Акрамя гэтага, у матэрыялах справы пазначана, што 24 красавіка мужчыну ўжо аштрафавалі паводле арт. 19.11 КаАП.

Чытаць падрабязнасці 👉 https://spring96.org/be/news/115168
🇺🇦Віцебскага лекара арыштавалі за падтрымку Украіны ў чат-рулетцы

У судзе Першамайскага раёна Віцебска 15 красавіка разглядзелі справу Аляксандра Рандарэнкі, якога абвінавацілі паводле арт. 24.23 КаАП. Падставай для затрымання стаў лозунг грамадска-палітычнага характару, які мужчына нібыта выкрыкнуў у чат-рулетцы, а таксама дэманстрацыя прадмета з выявай сцяга жоўта-сіняга колеру. Гэта міліцыянты расцанілі як "несанкцыянаванае пікетаванне". Вядома, што затрымлівалі лекара супрацоўнікі ГУБАЗіКу.

На судзе Аляксандр прызнаў віну і патлумачыў, што падчас стрыму быў п'яны. У выніку суддзя Наталля Карабліна прызначыла яму 15 сутак арышту.
⚖️Актывістку руху «Маці-328» Марыну Уладыку асудзілі да 15 сутак арышту

Па інфармацыі @MAYDAYMog, жанчыну затрымалі раніцай 7 траўня, а дома правялі ператрус.

У судзе Заводскага раёна Мінска 8 траўня над жанчынай адбыўся суд. Яе абвінавацілі ў "дробным хуліганстве" паводле арт. 19.1 КаАП. Суддзя Алена Някрасава арыштавала Уладыку на 15 сутак.

Вядома, што Марына з'яўляецца каардынатаркай па дапамозе сіротам, асуджаным да вялікіх тэрмінаў паводле арт. 328 КК (Незаконны абарот наркатычных сродкаў і псіхатропных рэчываў). Каля дзясятка асуджаных маглі "атаварвацца" ў турэмнай краме дзякуючы дапамозе актывістаў руху.
😔Перакладчыцу Вольгу Калацкую аштрафавалі на 800 рублёў

Калацкую затрымалі напачатку траўня, а дома ў яе прайшоў ператрус. Да суда яна знаходзілася на волі. 17 траўня яе асудзілі паводле арт. 19.1 КаАП (дробнае хуліганства). Суд прызначыў ёй 20 базавых велічыняў (800 рублёў), піша @radiosvaboda.

У 2021-ым годзе Вольгу асудзілі да 2 гадоў «хатняй хіміі» за тое, што падчас адной з акцый пратэсту яна нібыта ўдарыла прапагандыста Азаронка.

Вольга пераклала на беларускую мову дзясяткі фільмаў, серыялаў і кніг, у тым ліку творы Вірджыніі Вулф, Тэнесі Уільямса, Уільяма Голдынга, Пола Остэра, Тоні Парсанза, Артура Голдэна, фільмы «Гладыятар», «Шрэк», «Сямейка Смітаў» ды іншыя.
🟨21 траўня — Дзень палітвязняў

Сёлета — трэцяя гадавіна са дня смерці ў шклоўскай калоніі № 17 палітзняволенага актывіста Вітольда Ашурка. З таго часу ў месцах няволі памерлі яшчэ пяць палітвязняў: Мікалай Клімовіч, Алесь Пушкін, Вадзім Храсько, Ігар Леднік і Аляксандр Кулініч.

Іх усіх аб’ядноўваў не толькі палітычны пераслед у адносінах да сябе, але і тое, што ім несвоечасова ці няякасна была аказана медыцынская дапамога ў зняволенні, а таксама праблемы са здароўем, нягледзячы на якія іх усё роўна ўзялі пад варту ці адправілі ў калоніі.

На знак салідарнасці з палітзняволенымі Беларусі ў Дзень палітвязняў мы змянілі аватарку на жоўты колер, каб зрабіць іх больш бачнымі ў інфапрасторы.

Свабоду палітвязням!
🤡Мінчука арыштавалі за БЧБ-фіранкі па скарзе "неабыякавага грамадзяніна"

Згодна з пастановай суда, апублікаванай на сайце pravo.by, у судзе Першамайскага раёна Мінска 26 красавіка разглядзелі справу Вячаслава С. паводле арт. 24.23 КаАП (несанкцыянаванае пікетаванне). Яго абвінавацілі ў пікетаванні бел-чырвона-белымі фіранкамі на акне кватэры. Суд прызначыў яму 3-сутачны арышт.

Вячаслаў абскардзіў пастанову суда, адзначыўшы, што доказы яго віны адсутнічаюць. Таксама на судзе даў паказанні сведка, які патлумачыў, што "расфарбоўка фіранак не ўтрымлівае чырвоных і белых колераў". Акрамя гэтага, паводле матэрыялаў справы, праверка "правапарушэння" пачалася пасля скаргі невядомага чалавека ў міліцыю.

У выніку скаргу Вячаслава пакінулі без задавальнення, а рашэнне суда — без зменаў.
⚖️Назіральніцу за выбарамі 2020-га году Гражыну Гетка адправілі на "суткі"

Гражыну затрымалі ў Бярозаўцы яшчэ 5 чэрвеня. Па інфармацыі праваабаронцаў, жанчыну арыштавалі на 10 сутак. Паводле якога артыкула яе судзілі — невядома.

Гэта ўжо другое затрыманне жанчыны за гэты год — напрыканцы зімы ёй прызначылі 25 сутак арышту.
📍БЧБ-фіранкі, "Пагоня" на пашпарце, татуіроўка: за што беларусаў судзілі ў траўні

Па ўсёй Беларусі штодзённа працягваюцца жорсткія затрыманні беларусаў, большасць з якіх адпраўляюць за краты паводле адміністрацыйных пратаколаў. У траўні праваабаронцы "Вясны" зафіксавалі не менш за 361 факт адміністрацыйнага пераследу па палітычных матывах. Суды прызначылі не менш за 46 адміністрацыйных арыштаў і 45 штрафаў. "Вясна" склала штомесячны спіс самых дзіўных і недарэчных прычын, па якіх беларусаў судзілі ў траўні.  

Так, у Мінску 17 траўня асудзілі бацьку непаўнагадовага дзіця за пікетаванне вокладкай пашпарту з Пагоняй, якую заўважылі супрацоўнікі суда Мінскага раёна. Паводле мінчука, калі 16 траўня а 9 раніцы ён праходзіў праз турнікет у будынку суда, супрацоўнікі заўважылі ў яго руках пашпарт з Пагоняй. Мужчына на судзе віну не прызнаў. За гэта "правапарушэнне" яго арыштавалі на 13 сутак.

Падрабязнасці 👉 https://spring96.org/be/news/115494
🗣"Падчас месячных карысталася анучай". Былыя зняволеныя распавялі пра ўмовы ў беларускіх ІЧУ

"Вясна" паразмаўляла з трыма былымі зняволенымі з Мінска, Віцебска і Гомеля пра тое, у якіх умовах утрымліваюць палітычных, пра медыцынскую дапамогу ў ізалятарах, пра стаўленне да замежных грамадзян, якія чакаюць дэпартацыі і пра тое, як людзей паўторна затрымліваюць пасля першага арышту. 

"Праблема, вядома, для ўсіх дзяўчын была з пракладкамі. Іх можна прасіць толькі ў медыцынскага супрацоўніка. Адна дзяўчына, таксама асуджаная па палітычных матывах, баялася прасіць пракладкі. А яны ўвогуле могуць даць толькі адну на дзень. Бывае, што шанцуе і даюць больш, але звычайна па адной. Гэтай дзяўчыне не давалі, таму яна падчас месячных карысталася нейкай анучай, якую потым мыла ў халоднай вадзе і сушыла", — узгадвае былая арыштантка віцебскага ІЧУ.

Чытаць падрабязнасці 👉 https://spring96.org/be/news/115630