Вясна / Правы чалавека ў Беларусі
9.84K subscribers
22.7K photos
477 videos
88 files
20K links
Тэлеграм-канал Праваабарончага цэнтру «Вясна». Актуальныя навіны ў галіне правоў чалавека ў Беларусі.

Пра затрыманні пісаць на @viasna_bot, для кансультацый - @ViasnaSOS.
Сувязь з інфармацыйнай службай: @Viasnainfo
Юрыдычная служба: @zvarot96
Download Telegram
Інтэрнэт-рэсурс BYPOL і мабілізацыйны план «Перамога» прызнаныя «экстрэмісцкім фармаваннем»
❗️Мінчука, якога збілі падчас леташніх пратэстаў у Фрунзенскім РУУС, асудзілі па крымінальным артыкуле. Экс-палітвязень распавядае, што яму давялося перажыць

28-гадовы Дзяніс Лазоўскі быў затрыманы 10 жніўня мінулага года пасля мітынгу. Тады яму давялося шмат што перажыць: збіванні і жорсткае абыходжанне ў спартзале Фрунзенскага РУУС, «калідор» з сілавікоў перад ІЧУ у Жодзіне. Праз год Дзяніса зноў затрымалі за ўдзел у леташніх пратэстах — пад ціскам яго прымусілі запісаць «пакаяльнае відэа», распачалі крымінальную справу і на два з паловай месяцы змясцілі пад варту. 2 лістапада пасля суда палітвязень выйшаў на волю: суд Маскоўскага раёна асудзіў яго да трох гадоў «хіміі».

«Мяне адключылі пару ўдарамі. Я апрытомнеў у РУУС на падлозе: ляжу на жываце, рукі ў кайданках за спінай, галава пабітая, пад галавой невялікая лужынка крыві»

🗣Аповед Дзяніса (з Беларусі — праз VPN) 👉 bit.ly/3EYKxIz

🔹Распавесці гісторыю журналістам «Вясны» — @spring96info
❗️Цяпер афіцыйна: У СІЗА вязняў абмежавалі ў падпісках на друкаваныя выданні

Гэта вынікае з адказу кіраўніка СІЗА-1 Андрэя Цэндрыка на зварот родных палітзняволенага. Аказваецца адпаведныя змены былі ўнесеныя ў Правілы ўнутраннага распарадку следчых ізалятараў яшчэ 30 чэрвеня гэтага года адпаведнай пастановай МУС, а ўступілі ў сілу - 29 верасня.

З ПУР быў выключаны пункт 169: "Падпіска можа быць аформленая на імя асобы, што ўтрымліваецца пад вартай, яго роднымі ці іншымі асобамі".

"У сувязі з чым, афармленне падпіскі ў аддзяленні сувязі вырабляе супрацоўнік СІЗА за кошт сродкаў асобы, што ўтрымліваецца пад вартай, знаходзячыхся на асабовым рахунку. <...>
Раней аформленны перыядычны друк на лістапад і снежань 2021 года, будзе ўручаны адрасату",
- падкрэсліваецца ў адказе начальніка СІЗА-1.

💌 Падтрымайце палітзняволеных лістамі і паштоўкамі салідарнасці!
👉 Спіс палітвязняў з актуальнымі адрасамі можна знайсці на сайце prisoners.spring96.org (з Беларусі — праз VPN).
🔈 #FreeViasna: Тыднёвы агляд навінаў пра зняволеных праваабаронцаў «Вясны»

🔹Вынесены прысуд Леаніду Судаленку і Таццяне Ласіцы — 3 і 2,5 года калоніі адпаведна. 18 праваабарончых арганізацый выступілі з заявай і заклікалі ўлады неадкладна адмяніць гэты прысуд;

🔹Алесь Бяляцкі, якога ўтрымліваюць у СІЗА-1 амаль чатыры месяцы, даслаў чарговы ліст з-за кратаў. У ім ён узгадвае восень, разважае пра кінатэрапію і дзеліцца сваімі думкамі з СІЗА: «Прыгажосць кастрычніка была відна і з вакна. Вежа аж блішчыць ад сонца, слепіць вочы».

🔹Уладзь Лабковіч даслаў вестачку з-за кратаў: ён піша, што лісты для вязняў — глыток свежага паветра і натхненне;

🔹Скончыўся конкурс ілюстрацый «Кот на Валадарцы» ў падтрымку Валянціна Стэфановіча. Апошняй на конкурс свой малюнак даслала дзяўчынка Сафія, якая назвала сваю працу «Кот Валянцін і дождж з сасісак»;

🔹Працягваем збіраць адкрытыя лісты ў падтрымку зняволеных «вясноўцаў» — дасылайце вашыя лісты салідарнасці на пошту freeviasna@gmail.com альбо ў тэлеграм @spring96info.
Вярхоўны суд Беларусі прыняў рашэнне аб ліквідацыі «Таварыства беларускай мовы імя Ф Скарыны».
❗️Настаўніцу з Мазыра і маці дваіх дачок суд адправіў у калонію на два гады

Мазырскую настаўніцу Ірыну Гарашыну абвінавачалі адразу па двух артыкулах крымінальнага кодэксу: арт. 342 (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх) і ч.2 арт. 203 (незаконныя дзеянні ў дачыненні да інфармацыі аб прыватным жыцці і персанальных дадзеных).

Суд праходзіў у закрытым рэжыме, але вядома, што настаўніцу арыштавалі за тое, што яна пакідала допісы ў тэлеграм-канале «Мозырь 97», які быў прызнаным «экстрэмісцкім». А на першым судовым паседжанні абвінавацілі яшчэ ў «арганізацыі масавых беспарадкаў».

У жанчыны засталіся дома дзве дачкі — 7 і 15 гадоў.

Падрабязнасці (з Беларусі — праз VPN) 👉 bit.ly/3CVza3f
😢«Наварочваліся слёзы, калі слухала сведку». Марыя Тарасенка распавяла, як праходзіў закрыты суд над Судаленкам і Ласіцай

3 лістапада праваабаронцу «Вясны» Леаніду Судаленку і яго памочніцы Таццяне Ласіцы вынеслі прысуд — 3 і 2,5 года калоніі адпаведна. Па крымінальнай справе ў якасці абвінавачанай праходзіла і Марыя Тарасенка, памочніца Леаніда. Дзяржабвінавачванне запатрабавала для яе 2,5 года калоніі. Марыя знаходзілася пад падпіскай аб нявыяздзе і перад адным з апошніх пасяджэнняў пакінула Беларусь.

Марыя ўсё яшчэ застаецца пад падпіскай аб неразгалошванні, аднак пагадзілася распавесці пра тое, як праходзіў суд над Леанідам і Таццянай.

«Калі ты палітычна актыўны грамадзянін, то табе ва ўмовах Беларусі свеціць турэмны тэрмін, і ўсё роўна, на якую тэму і калі гэта было — "дармаедскі" дэкрэт ці прэзідэнцкія выбары — і ў якія гады гэта было. Калі ты засвяціўся ў свой час — і табе гэта ставяць у віну»

Падрабязнасці (з Беларусі — праз VPN) 👉 bit.ly/3EXjKfs
❗️Палітвязню Аляксею Салдаткіну прысудзілі тры гады «хіміі»

8 лістапада суд Цэнтральнага раёна Мінска вынес прысуд 25-гадоваму палітвязню Аляксею Салдаткіну, якога затрымалі 26 жніўня 2021 года праз фотаздымак, зроблены падчас пратэстаў 10 жніўня 2020 года на праспекце Пераможцаў. Згодна з абвінавачаннем, хлопец выкрыкваў лозунгі, наўмысна здзейсніў блакіроўку руху транспарта, а таксама ўзяў удзел у счэпцы.

Аляксей — выпускнік БДУ, закончыў школу з залатым медалём. Мусіў удзельнічаць у міжнароднай алімпіядзе па геаграфіі ў Токіа, але прапусціў яе праз хваробу. Таксама ён знаходзіўся ў фондзе адораных дзяцей Беларусі.

Суддзя Дзмітрый Карсюк прызнаў яго вінаватым і прысудзіў яму тры гады «хіміі». Палітвязня вызвалілі ў залі суда.

Падрабязнасці 👉 bit.ly/3CXjYCW
⚖️Мінімум 26 чалавек пакаралі ў адміністрацыйным парадку ў першы тыдзень лістапада

На мінулым тыдні ў раённых судах Мінска і рэгіёнаў праходзілі разгляды адміністрацыйных спраў грамадзянаў, якіх затрымлівалі і вінавацілі па розных артыкулах КаАП. Людзей прыцягвалі да адказнасці за «ўдзел у несанкцыянаваным мерапрыемстве», «дробнае хуліганства», «непадпарадкаванне міліцыі» і «распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў».

❗️Як мінімум 21 чалавек быў асуджаны агулам да 278 дзён адміністрацыйнага арышту, яшчэ пяць атрымалі штрафы — агулам 4 205 рублёў.

Вынікі судовых пасяджэнняў 👉
bit.ly/3BWqPeg (з Беларусі — праз VPN)

👀Усё самае цікавае з адміністрацыйных працэсаў на нашым канале «Вясна Назірае»
‼️У Мінску маркетолага арыштавалі на 30 сутак за БЧБ-налепкі ў баршопе BeerCap

Сёння ў судзе Цэнтральнага раёна разглядзелі справу па артыкулах 24.23 і 24.3 КаАП супраць 48-гадовага Руслана Мялешкі. Яго затрымалі яшчэ ў пятніцу, 5 лістапада, і да суда ўтрымлівалі на Акрэсціна.

Згодна з пратаколам, Руслан Мялешка, будучы індывідуальным прадпрымальнікам, «прыняў у неўстаноўлены час удзел у пікетаванні, а менавіта размясціў шматлікія налепкі ў BeerCap Barshop па вуліцы Герцэна, 10». Акрамя гэтага, 5 лістапада ў 21:25 у Цэнтральным РУУС «аказаў непадпарадкаванне супрацоўніку Аляксандравічу: адмовіўся прайсці ў РУУС па факце разбору ў падазрэнні ўдзелу ў пікеце, упіраўся нагамі, хапаўся за форменнае абмундзіраванне».

Віну на судзе мужчына не прызнаў.

🗣Мялешка на судзе падкрэсліў, што не з'яўляецца дырэктарам баршопа, а з'яўляецца індывідуальным прадпрымальнікам, які аказвае маркетынгавыя паслугі.

Ён распавёў, што днём 5 лістапада яму патэлефанавалі і сказалі, што трэба праверыць у краме камеры відэаназірання для падлучэння іх да нейкай сістэмы. Калі ён адкрыў дзверы, то сігналізацыя ўжо была знятая. У баршопе міліцыянты ў яго запытваліся, якое піва лепш.

«Пару супрацоўнікаў прайшліся, усе паглядзелі, паглядзелі камеры. Мы разышліся», — распавядаў Мялешка.

Аднак увечары супрацоўнікі прыехалі да яго дадому і забралі ў РУУС для гутаркі:
«Яшчэ пакурылі там каля РУУС».

Па словах Мялешкі, у Цэнтральным РУУС спыталі, адкуль маглі з'явіцца налепкі. Адказаў, што бывае там раз на тыдзень і павесіць налепкі мог, хто заўгодна. Таксама мужчына заявіў на судзе, што 5 лістапада ў баршопе налепак не бачыў. Але праверка інтэр'еру на наяўнасць або адсутнасць налепак у яго абавязкі не ўваходзіць.

🤡На судзе дапыталі сведку Аляксандровіча, які зрабіў фатаграфію з БЧБ-налепкамі ў баршопе 5 лістапада. Ён заявіў, што налепкі ў баршопе размешчаныя там, дзе «наведвальнікі не змаглі б іх размясціць, гэта значыць у месцах размяшчэння персаналу». Паводле яго словаў, супрацоўнікі пацвердзілі, што ён з'яўляецца асноўным кіраўніком установы і «Мялешка сам пацвердзіў, што размясціў налепкі ў сувязі з яго грамадзянскай пазіцыяй».

«Мне ўжо 50 гадоў. Я ўжо дарослы чалавек. Я не ўдзельнічаў у акцыях нават. Навошта мне нейкімі налепкамі псаваць сабе жыццё? Можа гэта памылка або падстава нейкая. Не ведаю як гэта назваць», — сказаў на судзе Мялешка.

⚖️У выніку, суддзя Дзмітрый Карсюк арыштаваў мужчыну на 30 сутак па двух артыкулах КаАП.
Сына палітзняволенай Таццяны Канеўскай затрымалі за маску «Честные люди»

Сёння з будынка суда ў ІЧУ забралі Аляксея Канеўскага, сына палітзняволенай Таццяны Канеўскай. У суд ён быў выкліканы ў якасці сведкі, піша @viasnaHomel.

Прычынай змяшчэння ў ІЧУ аказалася маска, на якой быў надпіс «Честные люди».

🔹Аператыўна паведаміць пра затрыманне ці вобшук можна ў нашым тэлеграм-боце 👉 @viasna_bot

🔹Паведаміць пра затрыманне і атрымаць бясплатнае юрыдычнае кансультаванне 👉
@ViasnaSOS, @SosViasna
🆘 Дапамога сям'і палітвязня

📍Андрэй Сакалоўскі — жыхар Гродна, асуджаны да 3 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму за падзеі 6 верасня 2020 года ў горадзе Гродна, калі там праходзіла акцыя пратэсту. Паводле абвінавачвання, ён «з помсты, меў намер прычыніць боль 11 пацярпелым амапаўцам, пагражаў іх асабістай бяспецы».

❗️Родныя палітвязня звярнуліся па дапамогу:

«На сённяшні дзень наша сям'я засталася без асноўнага карміцеля. Страціла працу і я, бо была ўладкованая ў арганізацыю мужа.

У нас непаўналетняе дзіця, якое на дадзены момант праходзіць курс рэабілітацыі ў псіхолага пасля ўсяго таго, што здарылася.

Прашу па магчымасці падтрымаць нашу сям'ю да майго працаўладкавання».

💵 Падтрымаць фінансава сям'ю Андрэя
«Жыве Беларусь і будзе жыць вольнай». У Брэсце вынеслі прысуды пятай частцы абвінавачаных у «масавых беспарадках»

Суддзя Аляксандр Семянчук пастанавіў прызнаць усіх 19 палітзняволеных, што праходзілі па справе, вінаватымі і прызначыць наступныя пакаранні:

🔻Шафарэнка Якаў — 5,5 года калоніі ўзмоцненага рэжыму + штраф 100 базавых;
🔻Філімонаў Станіслаў — 5 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму + штраф 100 базавых;
🔻Пякач Яўген — 4 гады і 11 месяцаў калоніі ўзмоцненага рэжыму;
🔻Целешман Аляксандр — 4,5 года калоніі агульнага рэжыму;
🔻Антонаў Марк, Верамей Ілля, Волкаў Руслан, Гарчанюк Ігар, Канцэвіч Філіп, Соўпель Іван, Трацюк Сяргей — па 4 гады калоніі ўзмоцненага рэжыму кожнаму;
🔻Клімчук Арцём, Казлоўскі Віктар, Раманаў Глеб, Сідзюк Раман, Цяліпка Леў, Цімафееў Аляксандр, Хабавец Данііл — па 3,5 года калоніі ўзмоцненага рэжыму кожнаму;
🔻Мазько Павел — 3,5 года калоніі агульнага рэжыму.

Падрабязнасці і апошняе слова палітвязняў (з Беларусі — праз VPN) 👉 bit.ly/3HdNbMz
🎉Сёння ў калоніі сваё 58-годдзе сустракае палітзняволены Віктар Бабарыка. Павіншуйце яго!

Віктар быў затрыманы 18 чэрвеня разам з сынам Эдуардам, калі накіроўваўся ў ЦВК для здачы сабраных подпісаў. У гэты ж дзень Віктар Бабарыка і яго сын былі змешчаныя ў СІЗА КДБ. Эдуард утрымліваецца там па гэты дзень.

У судзе Маскоўскага раёна Мінска 6 ліпеня палітзняволенага экс-банкіра, былога кандыдата на пасаду прэзідэнта Беларусі Віктара Бабарыку асудзілі да 14 гадоў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму, прызнаўшы яго вінаватым у атрыманні хабару ў асабліва буйным памеры (ч. 3 арт. 430 КК) і ў легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам (ч. 2 арт. 235 КК). 

Віктар Бабарыка віну не прызнаў. 

💌Павіншаваць Віктара можна па адрасе:
ПК №1, 211440, г. Наваполацк, вул. Технічная, 8,
Віктар Дзмітрыевіч Бабарыка
🤘Палітвязень Ігар Банцэр атрымаў пераклад на беларускую мову гімну «Ліверпуля», які зрабіў палітвязень Андрэй Аляксандраў

Палітзняволены рок-музыка Ігар Банцэр у лісце распавёў пра тое, што чытае ў зняволенні, на канцэрт якога гурта планаваў з’ездзіць з дзецьмі і падзякаваў за пераклад «ліверпульскай запеўкі», якую пераклаў палітвязень Андрэй Аляксандраў.

«Я тут чытаю кнігу пра сучаснае мастацтва (пачынаючы з імпрэсіанізму), то натхнёна зараз вось табе адказ пішу, а сам думкамі ў Парыжы. Разам з тваім лістом мне ад дзяцей (ад дачкі ды сына) заляцела цыдулка, а мая дачка Караліна ўвесь час дасылае капэрты з налепкай =KISS= — вядомы амерыканскі (легендарны) глэм-рок гурт. А мы планавалі з дзецьмі летась скатацца на канцэрт гэтага гурта ў Парыж. Але з-за каранавірусу канцэрты ўсе паадмяняліся».

Банцэру даслалі пераклад на беларускую мову гімну «Ліверпуля», які зрабіў палітзняволены журналіст і паэт Андрэй Аляксандраў:

«Дзякуй за пераклад на беларускую мову гэтай запеўкі ліверпульскай! Ад душы! Так дааааўно яе не чуў! А былі часы, што ледзь не штотыдзень на футболе яе сьпявалі мы:)»

«Я таксама перакананы, што ўсё будзе добра! Адно пытанне — калі? Я веру, што ўжо хутка! Дзякуючы ўсім нам!»

💌Падтрымаць музыку: СІЗА-2, 210026, г. Віцебск, вул. Гагарына, 2,
Банцэру Ігару Раманавічу
😺«Кот на Валадарцы»: Падводзім вынікі конкурса ілюстрацыі

У адным са сваіх лістоў да жонкі Валянцін Стэфановіч распавёў, што намаляваў ёй прыгоды ката ў турме, але іх на волю не прапусціў цэнзар. Таму мы вырашылі падтрымаць Валянціна і заклікалі дасылаць нам малюнкі «Ката на Валадарцы» ці посціць іх у сацсетках з хэштэг #FreeViasna, а таксама пісаць пра гэта ў лістах праваабаронцу.

За месяц мы атрымалі 19 ілюстрацый ад людзей рознага ўзросту і з розных краінаў: малюнкі дасылалі і дзеці, і студэнты з Італіі і з Расіі, і нават палітзняволеныя.

😽Мы дзякуем усім удзельнікам конкурса за салідарнасць і падтрымку Валянціна Стэфановіча. Ён быў прыемна здзіўлены, калі пачаў атрымоўваць Катоў у лістах.

👩‍🎨Усе малюнкі (з Беларусі — праз VPN) 👉
bit.ly/3qA1l4L
Палітвязня Арцёма Карачуна асудзілі да трох гадоў «хіміі»

У судзе Фрунзенскага раёна Мінска вынесены прысуд па крымінальнай справе ў дачыненні да палітвязня Арцёма Карачуна, якога вінавацілі ў актыўным удзеле ў групавых дзеяннях, што груба парушалі грамадскі парадак (арт. 342 КК) за паслявыбарныя падзеі.

Суддзя Алёна Бушава палічыла віну хлопца даказанай і прысудзіла яму тры гады «хіміі». Палітвязня вызвалілі з-пад варты ў зале суда, узяўшы з яго падпіску аб нявыездзе да моманту ўступлення прысуду ў сілу.

Падрабязнасці 👉 bit.ly/3CUUupE
У судзе Заводскага раёна 9 лістапада вынеслі прысуд палітзняволенаму Яўгену Крачкоўскаму.

Мужчыну вінавацілі ў актыўным удзеле ў групавых дзеяннях, што груба парушаюць грамадскі парадак за падзеі 9 жніўня мінулага года.

Сёння суддзя Жанна Хвайніцкая пастанавіла прызнаць Яўгена вінаватым і паводле ч. 1 арт. 342 прызначыць яму пакаранне ў выглядзе абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу тэрмінам на 3 гады.

Менавіта такі тэрмін для Крачкоўскага прасіла памочніца пракурора Кацярына Валадзько.

Яўгена Крачкоўскага вызвалілі з-пад варты ў залі суда на час абскарджання прысуду.

Нагадаем, Яўген быў затрыманы 8 верасня 2021 года пасля ператрусу ў яго доме. Прычынай для затрымання стаў фотаздымак ад 9 жніўня мінулага года, дзе ён і яшчэ некалькі чалавек падчас мітынгу на Стэле знаходзіцца на пешаходным пераходзе на дазваляльны сігнал святлафора.
Чарговы прысуд паводле жнівеньскіх падзей: мужчыну асудзілі да трох гадоў «хатняй хіміі»

У судзе Цэнтральнага раёна вынесены прысуд 28-гадоваму Яўгену Н. Яго прызналі вінаватым паводле арт.342 Крымінальнага кодэкса і асудзілі да трох гадоў «хатняй хіміі». Мужчыну вызвалілі ў залі суда.

Згодна з абвінавачаннем, мужчына з у ноч пасля выбараў «прыняў актыўны ўдзел у дзеяннях, якія груба парушылі грамадскі парадак, публічна выкрыкваў лозунгі, здзяйсняў гучныя воплескі рукамі, станавіўся ў счэпку і перашкаджаў руху транспартных сродкаў».

Падчас апошняга слова Яўген распавёў пра дні ў ЦІП і СІЗА ў жніўня 2020 года:

«У момант затрымання да мяне была прымененая грубая фізічная сіла. Былі пагрозы жыццю. На Акрэсціна ў мяне не было спальных рэчаў, прадметаў асабістай гігіены, у мяне не было прагулак.

<...> З моманта 9 жнііўня я не бачыў справядлівых і гуманных адносін да сябе, тым не менш сёння ў будынку суда я разлічваю на справядлівасць».

Падрабязнасці (з Беларусі — праз VPN) 👉 bit.ly/3EVXIKc
Жыхару Бабруйска замянілі «хімію» на калонію за абразу Лукашэнкі

25 жніўня суд Бабруйска і Бабруйскага раёна прызнаў 31-гадовага Рамана Стацэвіча вінаватым у «публічнай абразе прэзідэнта». Суддзя Антон Дудаль прысудзіў яму два гады «хіміі», нягледзячы на тое, што пракурорка Ірына Хадневіч прасіла пазбавіць яго волі на год.

Згодна з абвінавачаннем, мужчына ў размове ў відэарулетцы «наўмысна абразіў Лукашэнку з выкарыстаннем ненарматыўнай лексікі».

Размову ў відэачаце запісаў і выклаў былы міліцыянт Канюшык — ён лічыць, што «дапамагае АУС выкрываць асоб, якія пышыраюць ідэі падарваць аўтарытэт прадстаўнікоў ўлады і ідэю ўтварэння хаасу і хваляванняў у нашай Рэспубліцы Беларусь».

@MAYDAYhr стала вядома, што пракурорка Хадневіч была не згодная з рашэннем суддзі і настойвала на сваім пакаранні. У канцы верасня Раман атрымаў пракурорскі пратэст.

Сёння, 9 лістапада, у судзе Магілёўскай вобласці, судовай калегіяй у складзе суддзяў Мазурава, Гладкага і Кічыгіна, Стацэвічу ўзмацнілі жорсткасць пакарання — замест двух гадоў «хіміі», мужчыне давядзецца правесці год у калоніі.
💌«Лісты салідарнасці ідуць з розных куткоў Беларусі, а таксама з-за мяжы», – палітзняволены экс-настаўнік гісторыі з калоніі

Палітзняволены былы настаўнік гісторыі і грамадазнаўства са Смаргоні Андрэй Пятроўскі, асуджаны да 1,5 гадоў калоніі за паклёп на прэзідэнта, даслаў ліст з калоніі, у якім распавядае пра падтрымку з волі:

«Лісты салідарнасці ідуць з розных куткоў Беларусі, а таксама з-за мяжы: Германія, Аўстрыя, Кіпр, Швейцарыя, Расія, Польшча, Францыя. Пішуць беларусы, якія там жывуць. Як кажуць, беларус беларусу – беларус :)»

Але палітвязень адзначае, што часу на напісанне лістоў у яго не хапае:

«На напісанне лістоў выдзелены час з 8:30 да 20:20. Як бачыце, небагата :( Хочацца адказаць усім, хто мне піша, хоць разарвіся :)»

📩Падтрымаць настаўніка: ПК №2, 213800, г. Бабруйск, вул. Сікорскага, 1,
Андрэй Францавіч Пятроўскі