Вясна / Правы чалавека ў Беларусі
9.94K subscribers
21.2K photos
464 videos
74 files
18.9K links
Тэлеграм-канал Праваабарончага цэнтру «Вясна». Актуальныя навіны ў галіне правоў чалавека ў Беларусі.

Пра затрыманні пісаць на @viasna_bot, для кансультацый - @ViasnaSOS.
Сувязь з інфармацыйнай службай: @Viasnainfo
Юрыдычная служба: @zvarot96
Download Telegram
​​«Беларусь будзе саўпраўднай краінай для жыцця». Фігуранты «справы Ціханоўскага» ў Гродне выступілі з апошнімі словамі ў судзе

У Гродне амаль пяць месяцаў судзяць траіх фігурантаў «справы Ціханоўскага»: палітвязня Дзмітрыя Фурманава, Яўгена Разнічэнку і Уладзімір Кнігу. Іх усіх абвінавачваюць у актыўным удзеле ў дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак 29 траўня ў Гродне (ч.1 арт. 342 КК). Акрамя гэтага, Разнічэнку і Кнігу абвінавачваюць у гвалтоўных дзеяннях у дачыненні да міліцыянтаў (арт. 364 КК). Пракурор запрасіў для іх пакаранне ад 2 да 4 гадоў калоніі.

Сёння палітвязні выступілі з апошнімі словамі.

📍Дзмітрый Фурманаў:
«...Але відавочна, што ўсяму дрэннаму прыходзіць скананне. Так і гэткі антыграмадскі рэжым пераменецца, і на ягонае месца прыйдуць файныя беларусы, якія пачнуць з адраджэння нацыянальных каштоўнасцяў, павышэння ўзроўня жыцця грамадзян Рэспублікі Беларусь. Гэта будзе новы час, калі мы зноў будзем ганарыцца сваёй дзяржавай, міліцыяй, следчымі органамі, пракуратурай, судовымі ўстановамі, прафесійнымі хаўрусамі ды, нарэшце, сваёй беларускай мовай, гімнам, сцягам, гербам».

📍Яўген Разнічэнка:
«Сёння ў гэтай зале вырашаецца лёс невінаватага чалавека. Доўгі час я не мог зразумець выраз, які быў напісаны шмат гадоў таму: "Хочаш сесці ў турму — едзь у Беларусь". Але, калі лёс прымусіў мяне вярнуцца на Радзіму, то я зразумеў сапраўднае яго значэнне».

📍Уладзімір Кніга:
«Скажу коратка, што падзеі 29 траўня 2020 года — загадзя спланаваная правакацыя сілавымі ведамствамі Рэспублікі Беларусь. Усе факты вы самі прыводзілі — ў матэрыялах справы, відэа. Удакладняць не буду, людзі самі зрабілі свае высновы, таму толькі ЖЫВЕ БЕЛАРУСЬ!».

Апошнія словы цалкам 👉 bit.ly/3vCMHJw
⚡️⚡️Жыхара «Лебядзінага» арыштавалі на 15 сутак за падняты кулак уверх пад вокліч іншых «Жыве Беларусь» у кампаніі сяброў на базе адпачынку ў Ратамцы

32-гадовага Сяргея Шостыра затрымалі ўвечары 28 траўня ў «Лебядзіным» каля яго дома. Мужчыну абвінавацілі ў пікетаванні 10 красавіка ў групе людзей у Ратамцы. Па пратаколе, мужчына уздымаў руку ўверх, а астатнія крычалі «Жыве Беларусь».

31 траўня справу Сяргея па арт. 24.23 КаАП разглядзеў суддзя Дзмітрый Карсюк у судзе Цэнтральнага раёна.

Па словах затрыманага, 10 красавіка ён знаходзіўся з сябрамі на базе адпачынку ў Ратамцы. Яны гатавалі ежу і спявалі песні, а ўвечары раз'ехаліся па дамах. Сяргей растлумачыў, што яны знаходзілі на агароджанай тэрыторыі і не бралі ўдзел у пікеце, таму ён адмаўляе сваю віну.

На судзе стала вядома, што Шостыр не азнаёмлены з матэрыяламі справы. У іх ёсць скрыншот з відэазапісу і скрыншот з групы "Лебядзіны 97", якія і сталі доказам віны. У судзе прадэманстравалі відыёзапіс з месца адпачынку, які доўжыўся каля пяці секунд. Мужчына раней яго не бачыў. На відэа відаць, што Сяргей падняў кулак уверх. Таксама чуваць, як у канцы хтосьці кажа «Жыве Беларусь».

🤡Нягледзячы на агароджу, сведка-міліцыянт сцвярджае, што з дзесяці метраў здолеў разглядзець твары ўдзельнікаў. Міліцыянт растлумачыў, што ў той момант не спынілі магчымае правапарушэнне, бо там была вялікая колькасць удзельнікаў, каля 40 чалавек, у тым ліку і непаўнагадовыя. Таксама сведка растлумачыў, як пікетаваў Шостыр: «Ён знаходзіўся сярод іншых людзей. Ну і ўздымаў руку ўверх». Ён так і не ўспомніў, як выглядае ўваход у базу адпачынку, але дакладна памятае, што трапіў туды свабодна.

У выніку, суддзя Карсюк палічыў віну Сяргея цалкам даказанай і арыштаваў яго на 15 сутак арышту.
У Жабінцы за абразу Лукашэнкі мясцовага жыхара асудзілі да двух гадоў «хатняй хіміі»

50-гадова Аляксандра Яраша прызналі вінаватым у «абразе прэзідэнта»: нібыта ён «размясціў у адным з Telegram-каналаў паведамленне абразлівага характару, у якім утрымлівалася відавочна негатыўная ацэнка асобы кіраўніка дзяржавы».

Падрабязнасці 👉 bit.ly/2SDNTxE
Роўна год таму быў затрыманы Мікалай Статкевіч

Палітык быў затрыманы 31 траўня 2020 года па дарозе на Камароўскі рынак у Мінску, дзе ён збіраўся наведаць перадвыбарчы пікет Святланы Ціханоўскай. Пазней быў арыштаваны на 15 сутак. 15 чэрвеня прайшоў яшчэ адзін суд над палітыкам, які пакараў яго яшчэ 15 суткамі.

30 чэрвеня Мікалай Статкевіч павінен быў выйсці на волю пасля 30 сутак адміністрацыйнага арышту, аднак напярэдадні ўвечары жонцы Статкевіча Марыне Адамовіч патэлефанаваў следчы і паведаміў, што палітык падазраецца ў здзяйсненні злачынства па ч. 1 арт. 342 КК РБ («арганізацыя ці ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак»). 15 снежня Мікалаю прад'явілі новае абвінавачванне па ч. 1 арт. 293 КК РБ — «падрыхтоўка да ўдзелу ў масавых беспарадках».

🎥 Пабачыць вясну. Асабістае Міколы Статкевіча | Увидеть весну. Фильм о политике Николае Статкевиче

📨 Падтрымаць палітвязня:
- СІЗА-3. 246003, г. Гомель, вул. Кніжная, 1А, Мікалай Віктаравіч Статкевіч
💻 Напісаць анлайн 👉 bit.ly/3jwJMLn
Палітвязня Ліпеня асудзілі яшчэ па адной крымінальнай справе за абразы міліцыянтаў

31 мая адбыўся разгляд яшчэ адной крымінальнай справы ў дачыненні да палітвязня Аляксея Ліпеня. Ён ужо асуджаны на 5 гадоў «хіміі» паводле артыкулаў 369 КК РБ (Публічная абраза прадстаўніка ўлады) і 364 КК РБ (Пагроза ўжывання гвалту ў дачыненні да супрацоўніка АУС).

Новая крымінальная справа была звязана з абразлівымі каментарамі Аляксея пад пастамі пра міліцыянтаў у телеграм-канале «Карнікі Беларусі».

Суддзя Дзмітрый Астапенка асудзіў мужчыну на 2,5 года «хіміі». Гэта пакаранне «паглынаецца» больш строгім пакараннем па папярэдняй справе. Такім чынам, Аляксею трэба адбыць раней прысуджаныя пяць гадоў «хіміі».

Падрабязнасці 👉
bit.ly/2R6VS5R
Галоўная рэдактарка ​​і журналістка TUT.BY абвінавачваюцца ў саўдзеле ў нявыплаце падаткаў.

Сёння Мінскі гарадскі суд у закрытым рэжыме разгледзеў скаргу на змяшчэнне пад варту галоўнай рэдактаркі TUT.BY Марыны Золатавай і журналісткі партала Алены Талкачовай. Стала вядома, што іх абвінавачваюць у саўдзеле ва ўхіленні ад выплаты падаткаў у асабліва буйным памеры – санкцыя артыкула прадугледжвае да 5 гадоў "хіміі" ці ад 3 да 7 гадоў пазбаўлення волі .

Суд пакінуў у сіле меру стрымання ў выглядзе заключэння пад варту.

Усяго па справе TUT.BY затрымана 15 чалавек.

Хроніка палітычнага пераследу 31 траўня 👉 bit.ly/3fVVKi0
За слова "узурпатар" у адрас Лукашэнкі жыхара Баранавічаў асудзілі на 2 гады "хатняй хіміі"

47-гадовага Вячаслава Кульбу абвінавачвалі ў "публічнай абразе прэзідэнта" – нібыта ён у кнізе заўваг і прапаноў АЗС напісаў: "Скаргаў няма. Не разумею калектыў вашай АЗС, які падтрымлівае рэжым узурпатара Лукашэнкі".

Мужчына сказаў, што напісаў тэкст, бо адчуў пах няякаснага бензіну.

"З майго пункту гледжання, дзеючы прэзідэнт такі добры гаспадарнік, што, магчыма, ён мог бы пракантраляваць якасць бензіну".

Падрабязнасці 👉 bit.ly/3ySUhlp
🇷🇺Пяць расейцаў, якіх утрымліваюць па «палітычных артыкулах» у беларускіх СІЗА. Распавядаем, што вядома пра іх цяпер

❗️У беларускіх следчых ізалятарах цяпер па «палітычных артыкулах» утрымліваецца мінімум пяць грамадзян Расійскай Федэрацыі.


Іх затрымалі ў сувязі з пратэстамі, якія ўспыхнулі ў Беларусі падчас і пасля электаральнай прэзідэнцкай кампаніі-2020. Усе абвінавачваюцца па розных крымінальных артыкулах, але пры гэтым усе праходзяць па арт. 342 КК (арганізацыя ці актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак):

🔹 Ягор Дуднікаў і Сафія Сапега, якіх утрымліваюць у СІЗА КДБ;
🔹Актывісты «Страна для жизни» Андрэй Новікаў і Дзмітрый Папоў;
🔹Асуджаны на адзін год калоніі па брэсцкай «справе карагодаў» Даніла Чамаданаў.

Узгадваем гісторыі пераследу расейцаў беларускімі ўладамі і распавядаем, што з імі адбываецца цяпер 👉 bit.ly/3uDk7qa
⚡️⚡️78-гадовую пенсіянерку аштрафавалі на 4350 рублёў за адзін цюльпан каля мемарыялу Тарайкоўскага

Якія ў вас падставы не давяраць суду?
— Ніякіх, але і даверу ніякага.


З гэтага дыялогу 31 траўня пачаўся разгляд справы 78-гадовай Галіны Івановай у судзе Фрунзенскага раёна. Судовы працэс вяла суддзя Марыя Ярохіна.

16 траўня пенсіянерку Галіну Іванову затрымалі каля мемарыяла Тарайкоўскага. Жанчыну абвінавацілі «ў пікетаванні, шляхам узняцця рукі ўверх і ўскладання аднаго цюльпана». У рапарце ўчастковага Фрунзенскага РУУСа сказана, што пенсіянерка «ўздымала два пальцы ўверх каля дарогі, ускладала кветкі і махала праязджаючым машынам, чым парушыла закон аб масавых мерапрыемствах». За гэта «правапарушэнне» на жанчыну склалі пратакол па ч.3 арт. 24.23 КаАП, бо гэта ўжо паўторнае затрыманне за год. Мінулым разам Галіну Герасімаўну затрымалі на Маршы пенсіянераў і аштрафавалі на 600 рублёў. Штраф спісалі з яе пенсіі.

Галіна Герасімаўна пракаментавала абвінавачванне:
Я была адна. На Прытыцкага касілі траву і там я знайшла цюльпан пухнаты. Я такіх прыгожых раней ніколі не бачыла, таму адразу захацела яго дадому забраць, але ён ужо да гэтага часу трохі падсох. У сметнік яго выкінуць рука не паднялася, таму я паклала яго да астатніх кветак каля дарогі і пайшла далей. Але мяне амаль адразу затрымалі. А дарэчы, ці ёсць закон, які забараняе класці кветкі?

🤡Суддзя Ярохіна абурылася пытанню і параіла спытаць у юрыстаў. Міліцыянт на судзе пацвердзіў, што асабіста бачыў, як пенсіянерка каля дарогі спрабавала прыцягнуць да сябе ўвагу кіроўцаў. Галіна Герасімаўна, слухаючы паказанні сведкі, смяялася і не разумела, як ён можа хлусіць, гледзячы ёй у вочы.

Заслухаўшы паказанні сведкі і праглядзеўшы матэрыялы справы, суддзя Марыя Ярохіна прыняла рашэнне аштрафаваць Галіну Іванову на 4350 рублёў (150 базавых).
❗️У Брэсце 25 фігурантаў «справы карагодаў» чакаюць прысудаў. Пракуроры запрасілі ім пакаранне ад 1,5 года «хатняй хіміі» да 1 года калоніі

У судах Брэста паралельна разглядаюцца крымінальныя «справы карагодаў» па ч. 1 арт. 342 КК супраць дзвюх «партый» берасцейцаў за ўдзел 13 верасня ў карагодзе на скрыжаванні бульвара Касманаўтаў і праспекта Машэрава, калі пратэстоўцы былі разагнаныя вадамётам. На лаве падсудных — 13 і 12 чалавек, сярод якіх шэсць палітзняволеных, якія ўтрымліваюцца ў СІЗА-7.

Ужо адбыліся судовыя спрэчкі, дзе дзяржабвінавачванне запрасіла ім пакаранне — ад 1,5 года «хатняй хіміі» да 1 года калоніі. Цяпер 25 чалавек чакаюць прысуды ў адносінах сябе.

Расказваем, у чым іх абвінавачваюць і якія тэрміны для кожнага запрасілі пракуроры 👉
bit.ly/3i7XFmy

Судовы канвеер па брэсцкай «справе карагодаў». Якія суддзі ў гэтым удзельнічаюць
Затрымалі журналіста Tribuna.com Дзмітрыя Руто

Яго абвінавачваюць у незаконным пікетаванні — за бел-чырвона-белы шалік ў аўто, паведамляе @tribuna_by
Затрымалі рэдактарку спэцпраектаў Hrodna.lifе Ірыну Новік
Тры гады «хіміі» прызначаныя па чарговай справе па жнівеньскіх падзеях

Паводле абвінавачання, 21-гадовы Ілля Гагіеў «публічна выкрыкваў лозунгі, рабіў гучныя воплескі рукамі, рухаўся па праезнай частцы дарогі праспекта Пераможцаў, блакаваў і перагароджваў шлях транспартных сродкаў».

Суддзя Юлія Блізнюк прызнала хлопца вінаватым і асудзіла на тры гады «хіміі». Ілля быў вызвалены з-пад варты ў залі суда.

Падрабязнасці 👉
bit.ly/3g32zhV
⚡️«Я пачала ўцякаць з крыкамі "Ратуйце, міліцыя". Яны дагналі, схапілі і сказалі, што яны і ёсць міліцыя». Пенсіянерку аштрафавалі на 870 рублёў за БЧБ-шалік

62-гадовая Зінаіда Смірнова 26 красавіка вярталася дадому з могілак. Жанчына ішла міма Курапатаў з абматаным вакол паясніцы шалікам, які ёй звязала яе матуля некалькі год таму. У гэты момант за ёй пачалі гнацца невядомыя, таму Зінаіда ад страху стала ад іх уцякаць:
Я пачала ўцякаць з крыкамі "Ратуйце, міліцыя". Яны дагналі, схапілі і сказалі, што яны і ёсць міліцыя.

У Савецкім РУУСе на Смірнову склалі протакол па арт. 24.23 КаАП і абвінавацілі яе ў адзіночным пікетаванні па вуліцы Мірашнічэнкі, шляхам размахвання БЧБ-шалікам праязджаючаму міма транспарту, а таксама выкрыквала «Жыве Беларусь».

31 траўня над пенсіянеркай прайшоў судовы працэс, які вяла суддзя Савецкага раёна Алена Жуковіч.

На пытанне суддзі, чаму жанчына пачала ўцякаць, Смірнова адказала: «Я не ведала хто гэта, на мяне ж не кожны дзень нападаюць».

Зінаіда Дзмітрыеўна сцвярджае, што не крычала лозунг «Жыве Беларусь», бо замест гэтага крычала толькі «Міліцыя, дапамажыце».

Высветлілася, што пенсіянерку затрымлівалі супрацоўнікі АМАПу. Са словаў сведкі вынікае, што нехта паведаміў у міліцыю пра тое, што па трасе ідзе жанчына і размахвае БЧБ-шалікам. Але ў пратаколе агляду напісана, што «аб'ектам агляду з'яўляецца шалік, завязаны на паясніцы Смірновай». Шалік з жанчыны ўсё ж такі знялі, каб яго сфатаграфаваць.

Важна адзначыць, што на самой справе шалік проста мае белы і чырвоны колеры, але ён не ў БЧБ-расфарбоўцы: на кожным краі белага шаліку было тры чырвоныя палоскі рознай таўшчыні.

⚖️Суддзя Жуковіч усе ж такі вырашыла даверыцца паказанням сведкі-міліцыянта, таму прызнала Зінаіду Смірнову вінаватай і аштрафавала яе на 870 рублёў (30 базавых).
Media is too big
VIEW IN TELEGRAM
Журналіст Аляксандр Буракоў, які супрацоўнічае з Deutsche Welle распавёў @MAYDAYhr, што цяпер ІЧУ УУС Магілёўскага аблвыканкама больш падобны на ваенную турму.
Жыхара Баранавічаў асудзілі на год «хіміі» — за «здзек» над сцягам. Шкода склала 2 рублі 44 капейкі

21-гадовага Вячаслава Уласевіча прызналі вінаватым у «здзеке над дзяржаўным сцягам і сімвалам Рэспублікі Беларусь» — нібыта ён зняў сцяг з будынка, пранёс яго на некаторую адлегласць і кінуў на зямлю. З-за гэтага дрэўка зламалася на тры часткі і пашкодзілася палатніна: шкода ў памеры 2 рублі 44 капейкі была кампенсаваная абвінавачаным цалкам.

Падрабязнасці 👉 bit.ly/3wKgWOQ
У Мінску па трох артыкулах КК судзяць палітзняволенага жыхара «Плошчы Пераменаў» Латыпава. Віну ён не прызнае

Пачаўся разгляд крымінальнай справы супраць палітвязня Сцяпана Латыпава. Яго абвінавачваюць у стварэнні дваровага telegram-чата, майстэрні па вырабе пратэстнай сімволікі і супраціве супрацоўнікам міліцыі пры затрыманні. Акрамя гэтага, як дырэктара кампаніі «Беларбо», яго абвінавачваюць ва ўвядзенні ў зман кліентаў пры аказанні паслуг па хімічнай абароне раслін.

❗️За кратамі ў судзе Латыпаў знаходзіцца з ацёкамі на твары, сіняком пад вачыма, на левай руцэ з-пад кашулі бачны бінт, на пальцы пластар. Пасля допыту пацярпелага міліцыянта Васіля Рогава ён запытаў:

— Пацярпелы, Вы толькі што казалі, што я Вас ударыў нагой у твар. Паглядзіце на мяне. У Вас быў характэрны ацёк на твары, як у мяне?

Калі міліцыянт адказаў адмоўна, то Латыпаў сказаў, што ў яго больш няма пытанняў.

Падрабязнасці 👉
bit.ly/3ikQhEv
У Мінску на працоўным месцы затрыманы артыст камернага хору Дзяніс Іваноў.

Яго адвезлі ў Савецкі РУУС Мінска. Дзяніса ўжо затрымлівалі ўвосень 2020 і ў студзені 2021.

Хроніка палітычнага пераследу 1 чэрвеня 👉 bit.ly/3wQr5cD

Аператыўна паведаміць пра затрыманне можна ў нашым тэлеграм-боце 👉 @viasna_bot
За травень па «пратэстных» крымінальных справах асуджана не менш за 109 чалавек

«Вясна» прыводзіць несуцяшальныя дадзеныя травеньскага маніторынгу «палітычных» крымінальных спраў:

🔹За месяц колькасць палітычных зняволеных узрасла на 99 чалавек;
🔹Амаль палова прысудаў была вынесеная у Брэсцкай вобласці — 50;
🔹
Агулам за травень па палітычна матываваных крымінальных справах суды вынеслі 252 гады пазбаўлення волі.

«Падчас разгляду палітычна матываваных крымінальных спраў становіцца вядома, што да шмат якіх фігурантаў спраў ужываліся забароненыя метады вядзення следства, аднак суды пакідаюць такія факты, нават пры наяўнасці медыцынскіх дакументаў, без ацэнкі»

Справаздача цалкам 👉 bit.ly/3z1poLJ
👦Падлеткі за кратамі — у Міжнародны дзень абароны дзяцей успамінаем пра непаўнагадовых палітвязняў Беларусі.

Усіх іх вінавацілі ва ўдзеле ў пратэстах пасля выбараў і амаль усім прысудзілі па 3 гады выхаваўчай калоніі.

📍Асобна стаіць гісторыя Мікіты Залатарова. На той момант 16-гадовага Мікіту абвінавачвалі ажно па трох артыкулах Крымінальнага кодэкса і асудзілі на 5 гадоў выхаваўчай калоніі. Зараз супраць яго ўзбудзілі новую справу — Мікіту абвінавачваюць у нападзе на супрацоўніка СІЗА.

📖 Гісторыі хлопцаў і адрасы, каб іх падтрымаць:

Мікіта Залатароў
Дзяніс Хазей
Сяргей Гацкевіч
Аляксандр Вінярскі
Эдуард Кудынюк

💻 Напісаць анлайн 👉 bit.ly/3jwJMLn