Вясна / Правы чалавека ў Беларусі
9.91K subscribers
21.4K photos
467 videos
76 files
19K links
Тэлеграм-канал Праваабарончага цэнтру «Вясна». Актуальныя навіны ў галіне правоў чалавека ў Беларусі.

Пра затрыманні пісаць на @viasna_bot, для кансультацый - @ViasnaSOS.
Сувязь з інфармацыйнай службай: @Viasnainfo
Юрыдычная служба: @zvarot96
Download Telegram
За рэгістрацыю ў «плане Перамога» мінчука асудзілі на чатыры гады калоніі

У Мінскім гарадскім судзе 12 чэрвеня быў асуджаны культурніцкі актывіст Андрэй Прымака. Яго абвінавацілі паводле трох артыкулаў Крымінальнага кодэксу: арт. 368 (абраза Лукашэнкі), арт. 342 (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, ці актыўны ўдзел у іх), арт. 361-1 (стварэнне ці ўдзел у экстрэмісцкім фармаванні).

Справу разглядаў суддзя Яўген Пісарэвіч.

Андрэя затрымалі 12 студзеня, пазней яму прысудзілі 10 сутак адміністрацыйнага арышту, пасля якіх на волю ён ужо не выйшаў.

Чытаць па спасылцы 👉 spring96.org/be/news/112150
У ААН прайшла дыскусія «Свабода меркаванняў і іх свабоднае выказванне ў Беларусі пад пытаннем»

У мерапрыемстве, якое праводзілася ў межах 53-й сесіі Рады па правах чалавека ў Жэневе, спікерамі былі спецыяльная дакладчыца ААН па сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі Анаіс Марэн, прадстаўніца па нацыянальным адраджэнні Аб'яднанага Пераходнага Кабінета Аліна Коўшык, член Беларускай асацыяцыі журналістаў Вольга Хвоін, журналістка Ганна Любакова. Мадэрыраваў дыскусію пастаянны прадстаўнік Літоўскай Рэспублікі пры ААН у Жэневе Дарыюс Станюліс.

У сваім выступленні прадстаўніца па нацыянальным адраджэнні Аб'яднанага Пераходнага Кабінета распавяла пра парушэнні права беларусаў на свабоду слова і выказванне меркаванняў, якія рэжым здзяйсняе на працягу больш 20 гадоў, складаныя ўмовы працы для незалежных СМІ ў выгнанні і сучасныя выклікі ў працы на сваёй цяперашняй пасадзе.

Крыніца: @CabinetBelarus
😔23 гады таму ў гэты дзень выкралі Дзмітрыя Завадскага

Алесь Бяляцкі і Валянцін Стэфановіч выйшлі на акцыю ў снежні 2000 года з пытаннем да ўладаў, дзе зніклыя палітыкі і аператар Завадскі.

Праз 23 гады грамадства не атрымала адказ на гэтае пытанне, а праваабаронцаў, якія дабіваліся праўды па грамадска-палітычных пытаннях, саміх пасадзілі ў турмы
Як можна падтрымаць палітвязняў?

Амаль штодзённа па ўсёй Беларусі працягваюцца затрыманні беларусаў па крымінальных справах. За кратамі знаходзяцца тысячы чалавек, якія маюць патрэбу ў дапамозе і падтрымцы.

Мы заклікаем вас працягваць падтрымліваць кожнага і кожную, хто сутыкнуўся з палітычным пераследам. Дасылайце словы падтрымкі праз лісты і тэлеграмы, рабіце грашовыя пераводы, дасылайце пасылкі з прыемнымі дробязямі. Памятайце, што сіла беларусаў — у салідарнасці!

🌿Карысныя спасылкі па падтрымцы:

Практычны дапаможнік па перадачах для вязняў ад “Вясны”

"Наша сіла — у салідарнасці!" Вялікі дайджэст па дапамозе палітвязням

"Хачу напісаць вязню!" Распавядаем, як гэта зрабіць

Як рабіць грашовы перавод?

"Гэта надзвычай цудоўная падтрымка". Распавядаем пра пасылкі салідарнасці палітвязням

📨Адрасы і спіс усіх палітвязняў, якім можна даслаць паштоўку або ліст

💳Падтрымаць «Вясну» на Patreon
Дапамога хворай на рак пенсіянерцы, якая чакае сына з турмы

Пасля прэзідэнцкіх выбараў 2020 года пастаянныя перажыванні з-за рэпрэсій справакавалі праблемы са здароўем Алы, і ў сакавіку 2021 года ёй паставілі дыягназ — анкалогія.

Да дыягназу жанчына працягвала працаваць швачкай з-за невялікай пенсіі — 300 рублёў, але ў траўні 2021 года яна была вымушаная пакінуць працу. Ала імкнецца трымацца аптымістычна і з пазітывам глядзіць у будучыню.

Аднак фінансавае становішча яе сям'і ўскладненае яшчэ і тым, што адзін з яе найбліжэйшых сваякоў, які дапамагаў маральна і матэрыяльна, трапіў пад рэпрэсіі і доўгі час дапамагаць ужо не зможа.

Падтрымаць Алу праз сэрвіс hutka.help
🗣«Гэта бессэнсоўны акт прапаганды». Былы палітвязень ПК-17 пра сюжэт БТ пра яго калонію

На дзяржаўным тэлеканале «Беларусь 1» паказалі сюжэт пра шклоўскую ПК № 17, экскурсію па якой правялі палітзняволеныя: былы журналіст гэтага канала Дзмітрый Лукша, асуджаны за «масавыя беспарадкі» ў Брэсце Уладзімір Рубашэўскі і мінчук Юрый Сяргей.

У сюжэце абурыліся існаваннем Маскоўскага механізму супраць Беларусі, які займаецца фіксацыяй парушэння правоў і свабод у нашай краіне. Прапагандысты зноў сцвярждалі, што палітвязняў у Беларусі няма, высновы «Даклада аб сур'ёзнай пагрозе чалавечаму вымярэнню АБСЕ ў Беларусі з 5 лістапада 2020 года» БДІПЧ АБСЕ — лухта, правы грамадзян не ўшчамляюцца, а ў калоніях ўмовы створаныя як у санаторыі.

«Вясна» папрасіла былога палітвязня ПК-17 паглядзець сюжэт БТ і распавесці пра сапраўдныя ўмовы ўтрымання ў шклоўскай калоніі.

«Яны паказалі абразцова-паказальны корпус, дзе жывуць выключна карысныя для адміністрацыі зняволеныя».

Чытаць па спасылцы 👉
spring96.org/be/news/112151
🎉Павіншуйце палітзняволенага Яўгена Рубашку з Днём народзінаў

Яўген 9 ліпеня адзначыць 34-годдзе ў зняволенні.

У лютым Рубашку адміністрацыя бабруйскай калоніі перавяла на месяц у ПКТ. Пры гэтым яго неаднаразова змяшчалі ў штрафны ізалятар за надуманыя парушэнні. У Бабруйску 19 красавіка суддзя Антон Дудаль перавёў Яўгена на турэмны рэжым у Жодзіна.

Нагадаем, 22 красавіка 2022 года суд прызнаў чатырох анархістаў вінаватымі паводле ч. 1 арт. 342 КК і ч. 3 арт. 361-1 КК і прызначыў Аляксандру Бялову, Рубашку, Арцёму Дзмітрыевічу Салаўю — па пяць гадоў калоніі, Арцёму Сяргеевічу Салаўю — 4,5 года калоніі.

«Сэрца смелае, якое большым стала». Гісторыя палітвязня Яўгена Рубашкі

💌 Павіншуйце палітвязня лістамі і паштоўкамі салідарнасці:
Следчая турма № 8. 222163, г. Жодзіна, вул. Савецкая, 22А, Яўгену Аляксандравічу Рубашку
💻Напісаць анлайн
🌿Праваабаронцы «Вясны» два гады за кратамі. Вечар салідарнасці ў Вільні

Два гады таму, 14 ліпеня 2021 года, старшыня «Вясны» Алесь Бяляцкі, яго намеснік Валянцін Стэфановіч і юрыст арганізацыі Уладзімір Лабковіч былі брутальна схопленыя беларускімі ўладамі і кінутыя за краты за сваю праваабарончую дзейнасць, легальную дапамогу грамадзянам і імкненне да дэмакратыі ў краіне.

Што вядома пра вясноўцаў на гэты момант? У якіх умовах утрымліваюцца праваабаронцы і з якімі праблемамі сутыкаюцца? Што іх падтрымлівае ў зняволенні?

Гэтыя і іншыя пытанні мы абмяркуем на сустрэчы, прысвечанай другой гадавіне затрымання вясноўцаў.

📍Дзе: Гасцёўня Беларускай Рады культуры, Šv. Ignoto g. 5 (Vilnius)
Калі: 14 ліпеня ў 18.00

Запрашаем на вечар cалідарнасці!

Падрабязнасці 👉
spring96.org/be/news/112152
У «экстрэмісцкі» спіс унеслі праваабарончыя і моладзевыя аб'яднанні

Гаворка пра сайты і сацсеткі праектаў «Dissidentby» і «Беларускі нацыянальны моладзевы савет "РАДА"», а таксама Instagram-cтаронку «zbsunion». Усе яны былі прызнаныя «экстрэмісцкімі» судом Чыгуначнага раёну Гомеля 5 ліпеня.

Як мы пісалі раней, у той дзень за адно пасяджэнне гэты суд прызнаў «экстрэмісцкімі» ажно 105 старонак у інтэрнеце.
Не да законаў: якія правы палітвязняў парушаюцца ў зняволенні і як

За тры гады з пачатку прэзідэнцкай кампаніі ўжо стала зразумела, што ва ўладаў асаблівае стаўленне да вязняў, якія сядзяць за палітыку: за кратамі ў Беларусі сядзіцца ім значна горш, чым злодзеям, забойцам ды іншым крымінальнікам.

Якія правы палітвязняў парушаюцца ў зняволенні і як, «Еўрарадыё» тлумачыць юрыстка Праваабарончага цэнтру «Вясна» Віка Рудзянкова.

«У нас права не зазнаваць катаванні парушаецца паўсюдна, а ў адносінах да вязняў — часта з самага пачатку крымінальнага працэсу. Гэта і прымяненне сілы, і дрэнныя ўмовы ўтрымання, і катаванні электрашокерам, і розныя формы ціску, і гэтак далей. Шэраг палітвязняў робіць спробы самазабойства, што сведчыць пра прымяненне да іх катаванняў і іншых спосабаў жорсткага абыходжання»

Чытаць па спасылцы
Акімат, дэпартацыя і вялікія джыпы ў Данецку. Як Уладзімір Лабковіч назіраў за выбарамі ў міжнародных місіях

Праваабаронца Уладзімір Лабковіч ужо 21 год з’яўляецца сябрам «Вясны» і амаль столькі ж — каардынатарам кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары».

Уладзімір мае вялікі досвед у міжнародным незалежным назіранні за выбарамі ў розных краінах. Напярэдадні гадавіны затрыманні Уладзя, узгадваем наш архіўны тэкст, дзе калегі зняволенага «вясноўца» ўзгадваюць пра ягоныя рызыкоўныя прыгоды падчас розных місій назірання.

«Усе назіральнікі, і Уладзь таксама, сутыкнуліся з аднолькавай сітуацыяй: іх паставілі перад патрабаваннем пакінуць краіну цягам 24 гадзін. Нас нават паспрабавалі прымусіць падпісаць, што “я абавязваюся пакінуць тэрыторыю Малдовы ў 24 гадзіны».

Чытаць па спасылцы 👉 spring96.org/be/news/105423

💌Падтрымайце Уладзя: ПК № 17, 213004, Шклоў, 1-я Заводская, 8, Уладзіміру Мікалаевічу Лабковічу
💻Напісаць анлайн 👉 bit.ly/3PIOcjz
💸Пераслед беларусаў за данаты — ужо было асуджана не менш за 19 чалавек

Па дадзеных праваабаронцаў, за «фінансаванне экстрэмізму» было ўжо асуджана не менш за 19 чалавек, 12 з якіх былі пазбаўлены волі на тэрмін ад трох да шасці гадоў. Вынікі яшчэ сямі чалавек высвятляюцца праваабаронцамі. Яшчэ мінімум дзесяць чалавек знаходзяцца ў зняволенні ў чаканні прысуду.

Таксама вядома, што справу аднаго палітвязня спынілі праз недаказаннасць віны, а самога мужчыну вызвалілі з-пад варты.

Распавядаем, хто цяпер знаходзіцца за кратамі за фінансаванне «экстрэмізму» і «тэрарызму», а таксама прыводзім гісторыю беларуса, які ў траўні прайшоў праз допыт у КДБ за «данаты».

Чытаць па спасылцы 👉 spring96.org/be/news/112127
Рэпрэсіі супраць праваабаронцаў не спыняюцца ў Расіі

На мінулым тыдні працягваліся рэпрэсіі супраць праваабаронцаў і праваабарончых арганізацый не толькі ў Беларусі, але і ў суседніх краінах: ў Расіі ідзе суд над сустаршынёй Цэнтра абароны правоў чалавека «Мемарыял» Алегам Арловым, у Чачні на журналістку і праваабаронцу Алену Мілашыну і адваката Аляксандр Немава быў здзейснены напад, ва Украіне ў выніку ракетнай атакі з боку Расіі загінула праваабаронца і пісьменніца Вікторыя Амеліна.

Сабралі для вас падборку навінаў пра пераслед і напад на праваабаронцаў і праваабарончыя арганізацыі ў суседніх краінах.

Чытаць па спасылцы 👉 spring96.org/be/news/112155
📄 Што пачытаць у нядзелю? Сабралі для вас самыя цікавыя матэрыялы «Вясны» за тыдзень:

🔹«Гэта бессэнсоўны акт прапаганды». Былы палітвязень ПК-17 пра сюжэт БТ пра яго калонію

🔹Дайджэст вызваленых: 34 палітвязні ў чэрвені выйшлі на волю, 27 з іх — па заканчэнні тэрміну

🔹«Крымінальная справа або перавод грошай у РНПЦ». Беларус распавёў пра пераслед за данаты

🔹Спецдакладчыца ААН па Беларусі: «Сітуацыя з правамі чалавека катастрафічная»

🔹У чэрвені судамі ў крымінальным парадку рэпрэсавана не менш за 58 чалавек

🔹Затрыманні, арышты, звальненні, прапагандысцкі фільм: як у апошнія месяцы пераследуюць супрацоўнікаў Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта

🔹Сітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі. Чэрвень 2023

🔹«Ні ў якім разе не гань прэзідэнта!». Бацьку былога палітвязня Станіслава Паўлінковіча выклікалі на размову ў КДБ

💳Падтрымаць «Вясну» на Patreon | Аднаразовым данатам
❗️Палітзняволенага мінчука Кірыла Казея часта змяшчаюць у ШІЗА

Мінчук да затрымання працаваў у кампаніі, якая прадае кампутарную тэхніку. Кірыл жанаты, ёсць дзеці 7 і 10 гадоў.

Паводле следства, Казея затрымалі за спробу правучыць кіроўцу BMW, які збіваў мужчыну на дарозе за БЧБ-сцяг. Нібыта палітвязень разам са знаёмымі збіраўся пракалоць шыны аўто мужчыны. У выніку Кірыла абвінавацілі па трох артыкулах Крымінальнага кодэкса. На судзе Казей не прызнаў сваёй віны. Ён распавёў падрабязна пра затрыманне, пра гвалт, які чынілі амапаўцы, пра пагрозы і здзекі ў РУУС з боку міліцыянтаў. 

Казею прысудзілі 7 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Тэрмін палітвязень адбывае ў віцебскай калоніі № 3. Па інфармацыі праваабаронцаў, на палітвязня цісне адміністрацыя ўстановы: яго часта змяшчаюць у ШІЗА і ўтрымліваюць там па некалькі месяцаў на год.

💌Падтрымайце Кірыла: ПК № 3. 211322, Віцебская вобласць, п. Віцьба, Кірыл Аляксандравіч Казей
💻Напісаць анлайн
Былога палітвязня Аляксандра Кабанава абвясцілі ў вышук за «садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці»

Гэта вынікае з інфармацыі, якая маецца на адпаведным міліцэйскім стэндзе.

Нагадаем, што Кабанаў цалкам адбыў тэрмін у калоніі па палітычнай справе. Пасля вызвалення ён з'ехаў з Беларусі і працягвае сваю актывісцкую дзейнасць. Праз гэтае да яго бацькоў ужо прыходзілі з вобшукамі, а супраць Аляксандра распачалі новыя крымінальныя справы.
🌿«Роднасная душа» і «барацьбіт з беспакаранасцю». Што кажуць пра Валянціна Стэфановіча віцэ-прэзідэнты FIDH

У 2019 годзе праваабаронца Валянцін Стэфановіч быў абраны віцэ-прэзідэнтам Міжнароднай федэрацыі за правы чалавека (FIDH) па рэгіёне Усходняй Еўропы і Цэнтральнай Азіі. Разам з ім віцэ-прэзідэнтамі па рэгіёне тады зрабіліся Талекан Ісмаілава з Кыргызстана і Артак Кіракасян з Арменіі.

Да гадавіны затрымання Валянціна ўзгадваем архіўны тэкст «Вясны», дзе Талекан і Артак падзяліліся сваімі ўражаннямі ад сумеснай працы з Валянцінам.

«Валянцін вельмі шмат зрабіў для свету, для такіх праваабаронцаў, як мы, і маладых, паказваючы, што трэба змагацца вельмі сур'ёзнымі і моцнымі інструментамі: нягвалту, гуманнасці, выконваючы высокія стандарты, каштоўнасці правоў і свабодаў чалавека».

Чытаць па спасылцы 👉 bit.ly/3mRknA0

💌Падтрымайце Валянціна: ПК № 15, 213105, Магілёў, п/а Вейна, Слаўгарадская шаша 183, Валянціну Канстанцінавічу Стэфановічу
💻Напісаць анлайн 👉 bit.ly/3PIOcjz
Жыхара Баранавіч асудзілі на 1,5 года калоніі за абразлівы надпіс у пад'езде на адрас Лукашэнкі

У судзе Баранавіцкага раёна вынесены прысуд мясцоваму 47-гадоваму слесару Алегу Кардашу. Яго абвінавацілі ў абразе Аляксандра Лукашэнкі (ч. 1 арт. 368 КК) і апаганьванні збудаванняў і псаванні маёмасці (арт 341 КК).

Справу разглядала суддзя Аксана Літвінчык, дзяржабвінаваўца – Вадзім Карачун.

Па інфармацыі мясцовай афіцыйнай газеты, жыхара Баранавічаў судзілі за тое, што ў лютым 2023 года ён распісаў некалькі сцен у пад'ездзе шматпавярховага дома. У надпісах змяшчаліся абразы на адрас Лукашэнкі. Такім чынам, гэтыя дзеянні следства кваліфікавала адразу па двух крымінальных артыкулах.

Кардаш працаваў слесарам, ездзіў працаваць у Еўропу, сімпатызаваў пратэстам у жніўні 2020 года, адседзеў больш за месяц запар у ІЧУ.

Чытаць па спасылцы 👉 spring96.org/be/news/112156
🎉Павіншуйце палітзняволеную Аніту Бакуновіч з Днём народзінаў

Нагадаем, дзяўчыну затрымалі 21 верасня ў Гродне пры спробе нелегальна перасекчы мяжу з Літвой. Доўгі час яе ўтрымлівалі ў СІЗА КДБ і не пускалі адваката.Палітзняволеную абвінавацілі паводле ч. 3 арт. 361-1 КК (удзел у экстрэмісцкім фармаванні), ч. 1 арт. 14 і ч. 3 арт. 371 КК (замах на незаконнае перасячэнне мяжы). 5 красавіка Гродзенскі абласны суд прызначыў Аніце тры з паловай гады зняволення і штраф у памеры 100 базавых велічынь. 

У канцы чэрвеня 2022 года Бакуновіч ужо асудзілі да двух гадоў «хатняй хіміі» паводле арт. 342 Крымінальнага кодэкса.

10 ліпеня Аніта адзначыць 20-годдзе ў зняволенні.

💌Павіншуйце дзяўчыну грашовымі пераводамі, пасылкамі і тэлеграмамі: Турма № 1. 230023, г. Гродна, вул. Кірава, 1, Аніта Алегаўна Бакуновіч
💻Напісаць анлайн 👉 bit.ly/3PIOcjz
Падтрымайце Мікалая Банькова пасылкамі і грашовымі пераводамі

Мікалай — былы выкладчык кафедры сувязі БДУІР. Гэтая кафедра прызначана для падрыхтоўкі кадравых афіцэраў для Узброеных Сіл і іншых сілавых структур і ведамстваў Рэспублікі Беларусь. Ён быў затрыманы 18 студзеня 2023 года. Спачатку яму прызначылі арышт паводле адміністрацыйнага пратакола, а потым перазатрымалі ў межах крымінальнай справы.

Мікалаю прад'явілі абвінавачванне па арт. 361-2 КК (Фінансаванне экстрэмісцкай дзейнасці) за данаты. Хутка над ім можа распачацца суд.

Падтрымайце Мікалая грашовымі пераводамі, пасылкамі з рознымі прыемнымі дробязямі, а таксама лістамі, паштоўкамі і тэлеграмамі.

💌Адрас для падтрымкі: СІЗА-1, 220030, г. Мінск, вул. Валадарскага, 2, Мікалай Васільевіч Банькоў
💻Напісаць анлайн
Media is too big
VIEW IN TELEGRAM
🚴‍♀️Беларускі пастар пачынае велазаезд на 1000 км уздоўж мяжы ў падтрымку палітзняволеных

Беларускі бежанец, пастар пратэстанцкай царквы Тарас Цялькоўскі сёння пачаў велазаезд уздоўж усёй заходняй мяжы Беларусі (па тэрыторыі Латвіі, Літвы, Польшчы). 1000 км ён праедзе нон-стоп у падтрымку палітвязняў у Беларусі. Яго галоўны пасыл: «Вы не забытыя, калі ласка, жывіце!».

Адной з задач з'яўляецца збор грошай для сям’і аднаго з палітзняволеных, якога асудзілі да 6 гадоў зняволення, а ягоная жонка з двума дзецьмі была вымушаная з'ехаць у Польшчу.