Вясна: Палітвязні Беларусі
935 subscribers
3.36K photos
13 videos
3.31K links
Мы стварылі адмысловы канал, дзе будзем збіраць усю магчымую інфармацыю пра людзей, якія пацярпелі ад рэпрэсій з боку беларускіх уладаў, а таксама важныя і карысныя парады па дапамозе ім і іх родным. Наш бот: @viasna_bot
Download Telegram
📍Палітвязень з Мазыра Яраслаў Пашкоў выйшаў на волю

Палітзняволенага Яраслава Пашкова 7 верасня абвінавацілі ў дыскрэдытацыі Рэспублікі Беларусь і абразе Лукашэнкі. Палітвязню прысудзілі пазбаўленне волі тэрмінам на адзін год і дзевяць месяцаў у калоніі агульнага рэжыму. Акрамя гэтага, па рашэнні суда ён павінен заплаціць штраф у памеры 100 базавых велічыняў (3 200 рублёў). Справу разглядала суддзя Галіна Кніжонак-Максімава.

Пашкоў быў затрыманы 30 верасня 2021 года па крымінальнай справе, узбуджанай за каментары ў інтэрнэце пасля гібелі ў мінскай кватэры it-спецыяліста Андрэя Зельцэра і супрацоўніка КДБ Дзмітрыя Федасюка. Аднак пад час следства дадалі новае абвінавачанне. У лісце на волю Яраслаў напісаў, што 3 сакавіка памерла ягоная маці.

Стала вядома, што палітвязень выйшаў на волю некалькі тыдняў таму.
💡Нагадваем вам пра практычны дапаможнік па перадачах для вязняў ад “Вясны”

За кратамі знаходзяцца сотні беларусаў, якія маюць патрэбу ў дапамозе і падтрымцы. Праваабарончы цэнтр “Вясна” з дапамогай сваякоў вязняў склаў практычны дапаможнік па перадачах у СІЗА і калоніі, які спросціць збор пасылак і перадач. Што класці ў перадачы, як іх перадаваць, якія лайфхакі ёсць – у дапаможніку ад "Вясны".
🎉Палітвязень Даніла Ганчароў выйшаў на волю

Даніла Ганчароў — мастак па святле, быў звольнены з Новага драматычнага тэатра за забастоўку. Міліцыянты прыйшлі ў кватэру Данілы з вобшукам 15 сакавіка 2021 года і затрымалі за “адзіночнае пікетаванне” БЧБ-сцягам. Пасля 15-сутачнага арышту яго перазатрымалі па крымінальнай справе. Яго абвінавацілі ва ўдзеле ў групавых дзеннях, што груба парушаюць грамадскі парадак (ч. 1 арт. 342 КК) і ў саўдзеле ў такім злачынстве (ч. 6 арт. 16 ч. 1 арт. 342 КК).

Ганчарова асудзілі да двух гадоў калоніі агульнага рэжыму. Даніла ў судзе сваёй віны не прызнаў і выступіў з моцным апошнім словам. Тэрмін палітвязень адбываў у шклоўскай калоніі і сёння выйшаў на волю па заканчэнні тэрміну.
📍Палітзняволенага анархіста Сяргея Раманава адправілі ў ПКТ

Актывіста анархічнага руху Сяргея Раманава на 4 месяцы змясцілі ў памяшканне камернага тыпу (ПКТ). Увесь час адміністрацыя ваўкавыскай калоніі цісне на палітвязня: яго ўжо некалькі разоў змяшчалі ў штрафны ізалятар, на месяц адпраўлялі ў ПКТ, а таксама пазбавілі рэжымнай перадачы і званкоў.

Нагадаем, 22 снежня Мінскі абласны суд прызначыў Аліневічу і Раманаву — па 20 гадоў калоніі; Рэзановічу — 19 гадоў калоніі; Дубоўскаму — 18 гадоў калоніі. Суд з першага пасяджэння адбываўся ў закрытым рэжыме.

💌Падтрымаць палітвязня: ПК № 11, 231900, г. Ваўкавыск, вул. Ракасоўскага, 118, Сяргей Аляксандравіч Раманаў
💻Напісаць анлайн
📍Палітвязня Юрыя Касцюка перавялі ў брэсцкі СІЗА

Касцюка абвінавачваюць паводле арт. 361-4 КК («садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці»). Падставай пракуратара назвала тое, што Юрый дапамагаў іншым палітвязням: папрасіў знаёмых адкрыць польскую банкаўскую картку, куды атрымліваў грошы, якія пасля накіроўваў сваякам палітвязняў. Грошы на дапамогу атрымліваў ад «арганізацый, якія пазіцыянавалі сабе як праваабарончыя».

Нагадаем, Касцюк адбыў тэрмін за «знявагу дзяржаўных сімвалаў» і 6 студзеня выйшаў на волю. 15 лютага яго затрымалі супрацоўнікі КДБ з нагоды ўдзелу ў тэлеграм-чаце «Волейбол по выходным». Хлопец з'ехаў у Расію, аднак быў затрыманы ў Сочы. Пазней мужчыну таемна вывезлі ў Беларусь.

Як стала вядома брэсцкай «Вясне», Касцюка ў сярэдзіне снежня перавялі ў СІЗА-7. Меркавана, у наступным месяцы ўжо адбудзецца суд над хлопцам.

💌Падтрымаць палітвязня грашовымі пераводамі і тэлеграмамі: СІЗА-7, 224030, г. Брэст, вул. Савецкіх памежнікаў, 37, Касцюк Юрый Андрэевіч
💻Напісаць анлайн 👉 bit.ly/3PIOcjz
🗓 Агляд навінаў пра палітвязняў за тыдзень

🔹 Палітвязнямі на гэтым тыдні былі прызнаныя 10 чалавек. На дадзены момант у спісе палітзняволеных налічваецца 1442 чалавек.

Цалкам адбылі тэрміны і выйшлі на волю: Максім Лацунцэвіч, Яраслаў Пашкоў, Даніла Ганчароў, Уладзіслаў Багамольнікаў, Таццяна Екельчык.

🔹 На гэтым тыдні стала вядома пра прысуды па палітычна матываваных справах:
Арцёму Забелянкову — 2 гады калоніі;
Ягору Лебядку — 5 гадоў калоніі;
Таццяне Карповіч — 5 гадоў калоніі.

🔹Палітвязню Віктару Шауру, якому раней замянілі «хімію» на калонію, збіраюцца ўзмацніць пакаранне і перавесці на турэмны рэжым.

🔹Берасцейца Івана Соўпеля ў лістападзе перад Днём народзінаў змяшчалі ў ШІЗА, але тэрмін і прычыны невядомыя.

🔹Актывіста анархічнага руху Сяргея Раманава на 4 месяцы змясцілі ў памяшканне камернага тыпу (ПКТ).

🔹Прысуд журналісту Дзянісу Івашыну пакінулі без зменаў, а скаргу без задавальнення.

🔹У судзе Ленінскага раёна Мінска прызначылі дату суда па справе супраць старшыні «Вясны» Алеся Бяляцкага, яго намесніка Валянціна Стэфановіча і каардынатара кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары» Уладзіміра Лабковіча. 5 студзеня справу пачне разглядаць суддзя Марына Запаснік.

🌿 Тэксты «Вясны» пра палітвязняў:

🔹Вынесены прысуд «рэйкаваму партызану» Віталю Мельніку, якому пры затрыманні прастрэлілі калені

🔹Прызначаная дата суда па «справе Вясны». Працэс пачнецца ўжо 5 студзеня

#навіны_палітвязняў
😔Пенсіянерка Эма Сцепулёнак сустрэне Новы год у калоніі

У судзе Мёрскага раёна 17 лістапада быў агучаны прысуд 69-гадовай былой настаўніцы беларускай мовы і літаратуры з Мёраў Эме Сцепулёнак. Пенсіянерку ўтрымлівалі за кратамі амаль год, але ў сярэдзіне верасня жанчыне змянілі меру стрымання і перавялі на хатні арышт.

Эму Антонаўну абвінавацілі паводле двух артыкулаў Крымінальнага кодэкса: арт. 368 (Абраза Лукашэнкі) і арт. 369 (Абраза прадстаўніка ўлады). Суд прызначыў палітзняволенай 2 гады пазбаўлення волі ва ўмовах агульнага рэжыму. Яе ўзялі пад варту ў зале суда.

З 16 снежня пенсіянерка пачала адбываць тэрмін у гомельскай жаночай калоніі № 4.

💌Павіншаваць Эму са святамі: ПК-4, 246035, г. Гомель, вул. Антошкіна, 3, Эма Антонаўна Сцепулёнак
💻 Напісаць анлайн 👉 bit.ly/3PIOcjz
📍У Мінску на гэтым тыдні пачнуць судзіць сям'ю з трох чалавек

Супрацоўнікі ГУБАЗіКу ў Мінску раніцай 27 верасня затрымалі Анастасію Кізім. Бацькам дзяўчыне паведамілі, што ў яе «праблемы з законам». Разам з ёй ва ўпраўленне паехаў і яе бацька Сяргей. З таго часу і ён перастаў выходзіць на сувязь. Таксама тады была затрымана і маці дзяўчыны — Алена. Ці знаходзяцца яны цяпер пад вартай — невядома.

Анастасію і бацькоў абвінавачваюць у «актыўным ўдзеле ў групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак» (арт. 342 КК)

Стала вядома, што 27 снежня ў судзе Савецкага раёна Мінска распачнецца суд над Анастасіяй. Суддзя — Вольга Емяльянчанка. Ужо на наступны дзень, 28 снежня, пачнецца суд і над яе бацькамі. Іх справу будзе разглядаць суддзя Заводскага раёна Анастасія Асіпчык.

💌Падтрымаць Анастасію: СІЗА-1. 220030, г. Мінск, вул. Валадарскага, 2, Анастасія Сяргееўна Кізім
💻Напісаць анлайн 👉 bit.ly/3PIOcjz
📍Палітзняволеную Юлію Лаптановіч перавялі ў калонію

Гродзенскі абласны суд 18 ліпеня асудзіў Юлію Лаптановіч па шасці артыкулах Крымінальнага кодэкса да пяці гадоў калоніі. У кастрычніку Вярхоўны суд скараціў ёй тэрмін на тры месяцы — да чатырох гадоў і дзевяці месяцаў зняволення, а таксама скарацілі суму штрафа амаль на тысячу рублёў.

Год таму Юлію і яе мужа Ігара асудзілі па «справе карагодаў». Ігара адправілі ў калонію, а жанчыне прысудзілі «хатнюю хімію». Праз некалькі месяцаў Юлію затрымалі па новай крымінальнай справе. На волі іх чакаюць трое дзяцей.

У снежні жанчыну перавялі ў гомельскую жаночую калонію № 4.

💌Падтрымайце Юлію: ПК № 4. 246035, г. Гомель, вул. Антошкіна, 3, Юлія Аляксандраўна Лаптановіч
💻 Напісаць анлайн 👉 bit.ly/3PIOcjz
🎄Як павіншаваць палітзняволеных з каляднымі святамі?

Святы ідуць і абуджаюць надзею на новы, свежы і лепшы год, які чакае нас наперадзе. Пры гэтым за кратамі застаюцца тысячы нашых суайчыннікаў, да якіх не даляціць пах сапраўднага каляднага стала. Праваабаронцы заклікаюць віншаваць палітвязняў са святамі і ствараць ім святочны настрой за кратамі любымі магчымымі спосабамі!

🔺Лісты салідарнасці — глыток свабоднага паветру для вязняў. Падпісвайце паштоўкі, пішыце лісты і дасылайце словы падтрымкі зняволеным праз электронныя сэрвісы: Майстэрню паштовак салідарнасці і письмо.бел. Не забывайце класці пустыя канверты, маркі і паперу, каб яны змаглі адказаць на лісты салідарнасці.

Калі не ведаеце каму напісаць, то скарыстайцеся рандомным пошукам палітзняволеных на нашым сайце. Прозвішчы вязняў можна шукаць на трох мовах: беларускай, расейскай і ангельскай. Для старту неабходна толькі перайсці па спасылцы і націснуць на «Выпадкова абраць аднаго палітзняволенага».

🔺Таксама прапануем дасылаць палітвязням тэлеграмы. Гэта можна зрабіць на пошце або па нумару тэлефона 166 (толькі з гарадскога) і надыктаваць тэкст. Не забывайце падпісвацца, каб яны ведалі ад каго дайшла вестка.

🔺Даслаць пасылку з рознымі прыемнымі дробязямі. Зрабіць гэта можна толькі тым вязням, прысуд якіх яшчэ не ўступіў у законную сілу. Калі ласка, не трэба адносіць палітвязням перадачы без узгаднення са сваякамі, бо ў СІЗА ўстаноўлены ліміт на перадачы па вазе – 30 кг на месяц. Пры гэтым пасылкі маюць абмежаванні толькі ад пошты – ў адной пасылцы можна адсылаць рэчаў да 50 кг за раз. Таксама цяпер вельмі важна падтрымліваць вязняў вітамінамі і лекамі праз "медыцынскую бандэроль". Такую бандэроль трэба падпісаць "з медыкаментамі". Чым можна парадаваць вязняў за кратамі, знойдзеце ў практычным дапаможніку ад "Вясны".

🔺Зрабіць грашовы перавод, каб палітвязні змаглі пачаставаць сабе прысмакамі з турэмнай крамы. Можна зрабіць яго праз пошту або праз інтэрнэт-банкінг. Гэта таксама тычыцца толькі тых вязняў, прысуд якіх яшчэ не ўступіў у законную сілу. Інструкцыю знойдзеце ў вялікім дайджэсце па дапамозе палітвязням.

🔺Для палітзняволеных "хімікаў", якія знаходзяцца ў папраўчых установах адкрытага тыпу, можна таксама замовіць дастаўку ежы ці падарунку, але загадзя ўзгадніўшы з імі час. На «хіміях» вязням можна карыстацца тэлефонамі, таму можаце наўпрост павіншаваць іх са святамі ў сацсетках і мэсэнджарах. Таксама можаце адправіць ім звычайную пасылку — тут на іх змест абмежаванняў няма. Але грашовыя пераводы не прадугледжаныя.

🔺Варта памятаць і пра асуджаных да "хатняй хіміі", якія вельмі абмежаваныя ў волі, хоць і знаходзяцца дома. Вы можаце сачыць за імі ў сацсетках і падтрымліваць іх асабіста.

Не забывайце, што наша сіла — ў салідарнасці. Поўны і актуальны спіс палітвязняў — prisoners.spring96.org.

"Калядная зорка свеціць над усімі, незалежна ад кратаў". Гід па віншаваннях палітвязняў са святамі
😡Да палітзняволенага праваабаронцы Леаніда Судаленкі ў калоніі часта прыходзяць з праверкамі

Па інфармацыі праваабаронцаў адміністрацыя віцебскай калоніі працягвае ціснуць на Леаніда Судаленку.

Паведамляецца, што да Леаніда пастаянна прыходзяць з праверкамі і часта выварочваюць яго рэчы, аднак трымаецца ён добра, настроены бадзёра. Раней праваабаронца працаваў на лесапільні, але пазней быў пераведзены на іншую працу — разбор правадоў. Умовы на новай працы горш.

Нядаўна жонка Леаніда дзялілася, што лісты яму амаль не аддаюць. З верасня яго зрабілі «парушальнікам» з усімі наступствамі (пазбаўленне кароткатэрміновага спаткання, пазбаўленне права на пакупкі ў краме).

Нагадаем, 3 лістапада 2021 года праваабаронцам "Вясны" Леаніду Судаленку і Таццяне Ласіцы вынеслі прысуд — тры і два з паловай гады калоніі адпаведна. У верасні Таццяна выйшла на волю па памілаванні.

💌 Працягвайце падтрымліваць Леаніда: ПК №3, 211322, Віцебская вобласць, г.п. Віцьба, Леанід Леанідавіч Судаленка
💻 Напісаць анлайн 👉 bit.ly/3PIOcjz
❗️Палітвязень Мікалай Статкевіч зноў у ШІЗА

Пра гэта паведаміла ягоная жонка Марына Адамовіч у сваім facebook.

"Тэрмін "пакарання" мне невядомы. Дапускаю, што пастараюцца захапіць усё святы. А тое ж у адзіночцы 1 метр на 3 можа расслабіцца, святочны настрой адчуць. Так і ўяўляю шыкоўны святочны стол на 1 базавую, якую, дарэчы, яму не кожны месяц удаецца атаварыць з-за ШІЗО. (На наступны скарыстацца "сэканомленым" не дазваляюць).

Агулам, гэта ўжо не меньш, чым 21-е спагнанне з ліпеня".


Нагадаем, Статкевіч знаходзіцца за кратамі амаль 2,5 гады. 14 снежня 2021 Мікалаю быў вынесены прысуд: 14 гадоў зняволення ў калоніі асаблівага рэжыму. У канцы чэрвеня быў этапаваны з гомельскага СІЗА-3 у глыбоцкую калонію № 13. З таго часу яго рэгулярна змяшчаюць у ШІЗА.

💌Падтрымайце палітвязня: ПК № 13, 211791, Глыбокае, Савецкая, 205, Мікалаю Віктаравічу Статкевічу
💻 Напісаць анлайн 👉 bit.ly/3PIOcjz
💔Палітвязень Сяргей Глебка пачаў маляваць у зняволенні

17 кастрычніка Мінскі раённы суд прызначыў палітзняволенаму "рэйкаваму партызану" Сяргею Глебку 11 гадоў калоніі і штраф у 9 600 рублёў за падпал бярвення на рэйках з мэтай перашкоды руху цягнікоў з тэхнікай і боепрыпасамі расейскіх войскаў. Падчас судовых пасяджэнняў Сяргея ўтрымлівалі ў невыносных умовах у ІЧУ Мінскага раёна. У камеры было вельмі холадна, матрацаў і пасцельнай бялізны не выдавалі. 7 ліпеня КДБ увключыў Сяргея ў спіс "тэрарыстаў".

Нядаўна ён даслаў ліст на волю разам з малюнкам:

"Получил бандероль. Нет слов, чтобы выразить благодарность. Огромное человеческое спасибо за добросердечность. Быть добру!"

💌Падтрымайце палітвязня пасылкамі і тэлеграмамі: Следчая турма № 8, 222163, г. Жодзіна, вул. Савецкая, 22А, Сяргей Сяргеевіч Глебка
💻 Напісаць анлайн 👉 bit.ly/3PIOcjz