Новы свет 🌞
678 subscribers
650 photos
12 videos
2 files
542 links
Інфа: https://t.me/masvet_by/7

Мы суполка людзей, што ствараюць будучыню мастацтва роднай зямлі.

Мы пісьменнікі, паэты, перакладнікі, мастакі, музыкі, спевакі, рамеснікі. І мы любім беларускае мастацтва!

Падтрымка & публікацыя: @masvet_by_bot
Download Telegram
#верш
#госць
#лін_b

я лін b., а гэта мой верш

«Водар гісторыі ў паветры»

у паветры водар мінулых часоў,
гістарычныя муры над намі.
век узлёту і славы, кажуць, прайшоў.
веру: раніцу стрэнем мы з вамі.

наш цягнік узлятае ў неба,
мае крылы бялёса імчаць.
і краіна–узараная глеба–
больш не будзе вясны чакаць.

ты жняя, нашы дзеі–калоссе,
ты пяеш, наша музыка–крык.
нават у самую чорную восень
туманоў сіні цень знік.

барацьба–гэта полымя сэрцаў,
што яднае і свеціць уначы.
надаюць ёй тысячы сэнсаў,
толькі верны: перамагчы.

зеляніна маёй краіны,
што квітнее ў мароз і боль,
прашаптала нам шлях адзіны:
паднябесны праведны бой.

і блакітна-чыстае неба
палілося ў тваіх вачах.
нам не трэба вады і хлеба.
насычаемся вераю ў снах.
#верш
#госць
#лін_b

«Трыялет»
табе аддана, родная прастора,
я спачываю ў зеляніне траў.
прашу адзінае: хутчэй пазбаў
маю душу ад скрухі-гора.
хто моцна так цябе кахаў?
апроч мяне, паэтаў мора.
табе аддана, родная прастора,
я спачываю ў зеляніне траў.
#верш
#госць
#лін_b

а віною ўсяму твае вочы,
быццам мора празрыстыя хвалі.
ад іх позірку сэрца клакоча.
і балюча, што сэрца са сталі.

а надзеі я ўсё ж не губляю,
бо і сталь можа мяккай зрабіцца,
і далей табе кветкі збіраю,
каб вачыма тваймі захапіцца.
#верш
#госць
#лін_b

«срэбра зор»

угару я лячу ў пустэчу,
срэбра зор мірыяды мігцяць.
ты ніколі мяне не калечыў,
нат калі сам хацеў крычаць.

я віншую –узняў свае вейкі–
твае вусны і сэрца.
–стук.–
пад жыцця цягніком рэйкі
надаюць маім думкам грук.

дагарэла ружай світанне,
а пад пеклам –блакіту вочы–
маляваў ты слоў спатканне:
як жыццё шляхам мроі крочыць.

мой мастак, улюбёны лёса,
твае рукі цалуюць хвалі.
аржаное калоссе бялёса
танчыць.
партнёр са сталі.

знічкі –згас нехта ці то брахня?
кожны ў іх адшукаў давер.–
упрыгожваннем з грывы каня
раскіданы па свеце цяпер.

а ў травах пахучых уночы
стракатаннем нас конікі стрэлі.
ты складаць спевы ветру ахвочы,
ён качае мяне на арэлях.
#верш
#гость
#лін_b

«плач»

уяўляеш, што ўся краіна магла б размаўляць толькі па-беларуску
–сэрца сціскаецца.–
цябе пытаюцца сябры,
ці разумееш ты рускую?
(бо з Беларусі ж).
слёзы з'яўляюцца.
ты крычыш, а яны ня чуюць
–апалітычныя.–
іх цікавіць толькі зямное,
практычнае.
бяжыш насустрач, наросхрыст
–у абдымкі з болем–
а яны зачыняюць вейкі
і вочы.
"што ты хочаш?
па-руску можаш?"
рукі мае, траву абдымаючы,
натыкаюцца на шкло
–у вашых сэрцах,
зусім не шаноўнае спадарства.–
рознакаляровыя вочы вашыя
–я ў іх глядзела–
свецяць мёртвым,
у іх каварства.
балюча цела
ўпала ў лесе.
вы забіваеце іх, не турбуючыся
–вашыя вытокі
беларускасці, белакрыласці–
самыя вольныя ў свеце.
#верш
#госць
#лін_b

чараўнікі

1.
я бачыла яе аднойчы.
кажуць, гэта фея–лясны дух,
доўгія валасы, агністыя вочы,
жывёлы, расліны–кола слуг.
зялёная рэчка ліецца-
мігціць на кветкавы дол,
чароўны локан ўецца,
лечыць ўсё навакол.
ня кожнаму дадзена бачыць
празрыстыя крылы яе,
і як яна пры‌відна танчыць
на поўні адбітку ў вадзе.
ляціць, быццам вецер, празрыстая,
праз дрэваў ствалы і лісце.
чуллівы ты, душа шчырая?
то з цемры пакажа выйсце.
а лес яе казачна любіць,
пануе яна ім і песціць,
магічнай моцы ня згубіць,
бо самая смелая ў свеце.
2.
у зорную ноч раптоўна
пачула яна смех звярыны.
і зрэнкі чыесьці чароўна
глядзелі. позірк лісіны.
як полымя ў тумане,
заззяла звярыная існасць.
міргнеш–і цябе падмане.
усмешка яго–хітрасць.
у вачох жа ліецца мора,
душою–таемны лес.
вялікая кемлівасць–гора.
на скроні вялікі парэз.
захоплена фея спынілася,
ён шчэрыў бялёсыя зубы.
ёй лісы датуль толькі сніліся:
ратавалі яе ад загубы.
штоноч ён прыходзіў у поле,
кранаць жа сабе не даваў.
улюбёны душою ў волю,
у мораку жыцця спяваў.
дзяўчына сядзела здалёку,
мелодыя вабіла-плы‌ла,
пачуўшы–патокі палёгкі
табе падаруюць крылы.
дух лісу нясе падарункі:
шкарлупкі арэхаў і лісце.
на ім амулеты, карункі.
у прабачэнні–выйсце.
3.
па лесе мільгаюць цені–
руды і празрыста-зялёны.
ва ўсіх ёсць дахі, сцены,
у іх жа–вецер шалёны.
калі вы ўначы шыбуеце
па лесе пад вухканне соў,
убачыце іх і пачуеце
ноты загадкавых слоў.
у бязмежныя зоры лятуць
іх думкі, усмешкі, імкненні.
дух лесу жыццё дасць адчуць,
ліс жа запаліць імгненні.
#верш
#госць
#лін_b.

je ne sais pas

давай памаўчым
на беразе нашых пачуццяў?
у вочы глядзім
у пошуках новых сугуччаў
для музыкі мора,
у якім мы з табой растварымся.
твой дотык Аўроры
не знікне, калі разляцімся.
лунае мелодыя Францыі
ў цёмным пакоі танцаў.
клянуся, тваёй грацыі
зайздросціць багіня вальсу.
штодзённа пытаюся 'як ты?'
'je ne sais pas'–усё шапталі вусны.
адпусці на свабоду яхты
і сардэчны мой боль моцны.

• • •
тг канал-прытон
• • •

@masvet_by
#верш
#лін_b

складаных людзей ніхто не любіць

як Ікар жыццё скончу аднойчы,
а няўжо сэнс хаваць сябе ёсць?
бачыш цемру і холад ночы?
іх паўночны пакутнік прынёс.
дык пакутаваць ці ўсё ж гарэць?
ні на што не зважаючы, бегчы.
я абрала даўно шлях: ляцець,
дапамогай мне сталі вершы.

ты ня хочаш мяне прымаць,
мае думкі, зламаныя рыфмай.
мне так звыкла бязгучна крычаць,
амываючы шчокі крыўдай.

і "ня любяць людзей складаных",
і "сама ты складаная надта".
я ж кажу табе ўсё без падманаў,
ці маўчаць усё ж мне болей варта?
вартаўнік маіх словаў надзейны,
зачыняе мяне па загадзе.
пасля колькасці пэўных падзей
не адчыне ні ў якім разе.

я з маленства абрала мастацтва.
дык няўжо шлях бяз драпін будзе?
без складанасцяў не пазмагацца,
загартоўка карысная людзям.

паглядзі на мяне ўважліва:
што ўва мне табе не зразумела?
няўжо тое не я так зласліва
пракрычала ўсю праўду няўмела?
табе хочацца, каб я змянілася,
ўся да косткі была б прасцейшай,
каб вясёлая, смешная й мілая,
і не цёмнай была, а святлейшай.

мы жа з рознага цеста з табою.
можа быць, ты аднойчы ўбачыш:
мае думкі, паэзія, мроі–
гэта я: каму веру й што плачу.

• • •
Telegram
• • •
#лін_b
#верш

танец у чб

мой танец
ня мае сэнсу;
мой танец –
усплёск пачуццяў
на хвалях жыцця;
мой танец –
жаданне забыцца
ў музыцы рытмах;
мой танец –
крананне струн
вечнасці;
танец –
шчасце ў небяспечнасці;
мой танец – інтымнасць
паміж мною
і маімі дэманамі –
чорнымі і белымі –
шахматная дошка
душы,
якая душыць па начах,
але падчас
танцу,
яна –
ідэальная форма
чорна-белай
чалавечнасці.

─────────≪✷≫────────
тг-канал аўтара