Новы свет 🌞
678 subscribers
650 photos
12 videos
2 files
542 links
Інфа: https://t.me/masvet_by/7

Мы суполка людзей, што ствараюць будучыню мастацтва роднай зямлі.

Мы пісьменнікі, паэты, перакладнікі, мастакі, музыкі, спевакі, рамеснікі. І мы любім беларускае мастацтва!

Падтрымка & публікацыя: @masvet_by_bot
Download Telegram
#верш #дзеньроднаймовы
#EriKurayami


Бясконцасьць

Бясконцасьць - быццам далёкае слова,
Узвышанае занадта.
Нерэальная, нязбытная частка мовы,
Рэчаіснасьць упарта.

Бясконсцасьць - такое маруднае слова,
Калі на бетоне ўкленчыў,
У чаканьні ці зморыць катаў стома,
Галавой бясконца ў плечы.

Бясконцасьць - невыноснае самае слова,
Калі гэта працяг ад ніколі.
Бо тым ніколі ня ўбачыць дома
Каго забілі яны ў няволі.

Бясконцасьць - годнае вельмі слова!
Чырвоным па белым напішам
Каб ужо не забылася больш нічога
І ня страцілі волі нашай.

───────≪✷≫───────
Ціўтар — @EriKurayami
інста — eriwitcheri
#малюнак #дзеньроднаймовы
#EriKurayami

БЯСКОНЦАСЬЦЬ

──────≪✷≫──────
Ціўтар — @EriKurayami
інста — eriwitcheri
#проза #дзеньроднаймовы
#EriKurayami


Каровінымі сьцежкамі

    Адны з самых прыемных успамінаў дагэтуль – успаміны пра летнія часіны ў дзяцінстве. Мне не было нудна ці сумна, калі я была адна. Таму што я не была самотная насамрэч.
   Вось я выходжу з хаты, без абутку, у адным купальніку. Шлёпаю басымі нагамі па прахладным бетоне ганку, хуценька прабягаю частку заасфальтаванага падворку, нагрэтую да немажлівасьці сонцам і ныраю пад навес з вінаграднай лазы. Пад ёй заўсёды прахлада, але я рушу далей, пупыркі гумавага пакрыцьця перад каліткай прыемна пакусваюць голыя ступні. Каровы прайшлі ўжо даўно, я выйшла за калітку і бачу іх з прыгорку, ўнізе далёка-далёка ў полі. Аж да іх я рэдка дахаджу.
   Стромы спуск да возера - самая адрэналінавая частка майго шпацыру. Ён пячэ гарачым пяском і раскаленай глінай, ён коліць камянямі, ён пагражае калдобінамі: “Вось зараз нага сюды трапіць – і паляціш!”. Але штораз я зьлятаю па ім пасьпяхова. Цікава, а як тут праходзяць каровы? Ніколі ня бачыла гэтага. Я прабягаю па інэрцыі па прахладнай траве амаль да самага возера. Да вады вядзе невялічкі пляжык з рачным пяском. Кожная пясчынка падаецца амаль ідэальным напаўпразрыстым шарыкам. Па палогім дну я спускаюся ў ваду. Асцярожна і павольна пакуль не зайду па грудзі. І толькі тады рэзкім штуршком адрываюся ад пясчанай паверхні і плыву.
   Прахладная вада адчуваецца вельмі прыемна на бронзавай ад сонца скуры, рухі, запаволеныя вадой і адчуваньне, як яна трымае цела прыносяць асалоду. Я не заўважаю нічога, аж пакуль ня слышу нейкае дзіўнае бульканьне побач. Гэты гук мяне пужае, бо, калі заходзіла ў ваду, побач дакладна не было анікога – ні людзей, ні кароваў, ні коз. І нават сабакі ня цахлілі. Але павярнуўшыся, я супакойваюся: там з вады падымаецца чорны шнурочак, даволі высока, нібы хоча пахваліцца залатымі ўпрыгожваньнямі на вушках. Ён плыве значна шпарчэй за мяне і хутка абганяе, а потым сур’ёзная пыска вужыка ізноў зьнікае пад спакойнай паверхняй вады. Я ўсьміхаюся – ня кожны дзень са мной плаваюць адны з самых прыгожых нашых суседзяў.
    Я выходжу на іншым беразе. Ён адначасова іншы і не, бо можна туды дайсьці пешшу з другога боку, затое да яго я сьмела даплываю. На той, які насамрэч іншы, мне плыць яшчэ страшна. Тут з вады выходзіш адразу на канюшыны і адразу ў нос бье ашаламляльны пах траваў. Конікі стрыкочуць так, што, здаецца, хутка параўнаюцца з канямі па гучнасьці. Гэты бераг адчуваецца як іншы сьвет. Гэта сьвет кароваў і конікаў, дзікіх пчолаў і конскага шчаўя са смачнымі здаравеннымі сьцяблінамі. І кожным разам тут адбываецца нешта цікавае. Незаўважнае стомленым неабходнасьцю выжываць дарослым, але пакуль яшчэ адкрытае для мяне - босай дзяўчынкі ў полі.


Тэлеграм канал: @karpilauskaja
Ціўтар: @EriKurayami