Новы свет 🌞
684 subscribers
644 photos
11 videos
2 files
536 links
Інфа: https://t.me/masvet_by/7

Мы суполка людзей, што ствараюць будучыню мастацтва роднай зямлі.

Мы пісьменнікі, паэты, перакладнікі, мастакі, музыкі, спевакі, рамеснікі. І мы любім беларускае мастацтва!

Падтрымка & публікацыя: @masvet_by_bot
Download Telegram
#верш
#Хросная

Цень
лялечнага доміка
Напаўзае на палову свету
А карані яго - у магме
Калі гэта ўкрыжаванне
то вельмі смешнае
Тым, хто вырас
з лялечнага доміка
рэкамендуецца
спаліць яго
ўшчэнт

Верш пасуе як і да асабістых пачуццяў аўтаркі, так і да п'есы Хенрыка Ібсена "Лялечны дом"
#верш
#Nichto_Absalutna

Не прыслухоўвайцеся проці ночы

Будучыня курчыцца ў раздушанай агоніі,
Нешта напаўуцямнае выдзіраецца
З разцамі, позьнімі зубамі - зыбкім поклічам,
Ляціць у чужыя вымярэньні з гравітацыяй.
Ці тое "save our souls",
Ці "kill 'em all".

Хочацца схавацца,
Закапацца глыбока пад зямлю
І над Зямлю, засыпаць выхад і ўваход,
Каб не сьвяціла Сонца ў мозаг,
Праганяючы з рэальнасьцю
Папераблытаныя сьненьні, вывад - увод.

Не адляпіць сьвятло з валосься, пазуроў,
Не адчапіць ад барабанных перапонак
Гэты стогн.
Нібыта сівер у антарктычнае пустэльні,
Ён дзьме праз скуру, косьці - ўсё-нішто,
Растрыбушыў, забіў, зашыў у чарговы том,
З пабеленай патрушчанай паперы.
#верш #да_незабыту #эстраґон_адысэй

да незабыту.

хадзіў я неяк у цішы
хмяльнога дому
маўчання стогны патушы
маўчання стогны
нам важна зараз зразумець
як дзень задыхаў
дурную пыху кінь у клець
дурную пыху

дрыготка сінія, бы смерць,
мае далоні
табе заклейваюць канверт
я зноў у палоне
палоне прывідных ідэй
мінулых зімаў
у нас не ўсё як у людзей
каханне — міна.

эстраґон адысэй, лета'24.
#верш #песня
#Максім_Крывіч

🌌 Зорны шлях

Амаль тры тыдні я сяджу ля акна,
Шукаю ў цемры хоць якога святла...
Што зор, што месяца, што нат ліхтароў
Не дастае, каб абудзіць маю кроў.

Шукаю сонца я у чорнай начы,
І мне, на жаль, нікому не памагчы.
Усё жаданні, мроі, мары мае
Зусім няўдала замянялі цябе.

🌃 У нябёсах зорны шлях, як аскепкі мрой...
Пад струны гітары я зноў засынаю...
Я прайдуся па дварах у апошніх снах...
Пад бэзам і вязам, дзе мы з табой разам,
Дзе мы яшчэ разам з табой.


Амаль тры тыдні я не бачу святла,
На сэрцы смутак, слёзы, холад і тла.
У цемрашальствы, мітусні гарадской
Было нам цяжка заставацца сабой.

Усё пакінулі, спалілі масты:
Такога выйсця не прадбачылі мы.
І з таго часу нашу кроў не сагрэць,
Адно пакінулі: у вершах гарэць.

🌃 У нябёсах зорны шлях, як аскепкі мрой...
Пад струны гітары я зноў засынаю...
Я прайдуся па дварах у апошніх снах...
Пад бэзам і вязам, дзе мы з табой разам,
Дзе мы яшчэ разам з табой.


І міне месяц, а за ім шмат гадоў,
З табою пэўна мы сустрэнемся зноў,
І, не зважаючы на месца і час,
Былое нешта адгукнецца у нас.

У вочы глянуўшы адно аднаго,
У іх убачым мы былое святло...
Але на сэрцы толькі сціснуты боль:
Імгненне, два — мы разыдземся з табой.

🌃 У нябёсах зорны шлях, як аскепкі мрой...
Пад струны гітары я зноў засынаю...
Я прайдуся па дварах у апошніх снах...
Пад бэзам і вязам, дзе мы з табой разам,
Дзе мы яшчэ разам з табой.


• • •
Telegram канал
• • •
#верш
#Максім_Крывіч

Ціха. Спакойна.
Малюткія белыя зоры
Раскінуты нечай гарэзнай па небе рукой.

Цёмна. Халодна.
Бязмежнага поля прасторы.
Мы побач сядзелі. Мы знічкі лічылі з табой.


• • •
Telegram канал
• • •
#Расьціслаў #верш #пераклад

Ружа бадзягі

(зь фінскае)

Скрыпеню кветка — ружа для бадзяг —
Іх для цябе нарваў з канавы ля шашы,
Скрыпеню кветка — ружа для бадзяг,
Калі ў край хмелю хлопец твой адбыў.

Увесь тыдзень невядомымі шляхамі
Я блукаў ды ў лужах ранкам засынаў,
Ня квітнеюць ружы там, але мястамі
Кветкі ёсць, ды іх цябе я назьбіраў.

Там, калі ў канаве ўрэсьце розум тухнуў,
Як парсюк, у брудзе мехам я ляжаў,
Прачынаўся у пахмельлі, позірк глухнуў.
Час вяртаньне ў будні набліжаў.

Скрыпеню кветка — ружа для бадзяг —
Іх для цябе нарваў з канавы ля шашы,
Скрыпеню кветка — ружа для бадзяг,
Калі ў край хмелю хлопец твой адбыў.

Гэта кветка вельмі з тым, хто рваў падобная —
Пустазельле ў садзе ўрадлівым жыцьця.
Што яшчэ прынесьці з дальніх падарожжаў
Мог бы твой бадзяга акрамя?

Падарунак гэты ўсё ж ад сэрца,
Як раскаяньне і просьба дараваць.
У вадзе хоць, хутка вяне гэта кветка.
Так і слова цяжка мне стрымаць.

Скрыпеню кветка — ружа для бадзяг —
Іх для цябе нарваў з канавы ля шашы,
Скрыпеню кветка — ружа для бадзяг,
Калі ў край хмелю хлопец твой адбыў.

1988 — 8-10 ліпеня 2024

─────────≪✷≫────────
Канал аўтара
#Savavožyk #верш

Яна 
не любіла вандраваць адна
але
у трупе скончыліся акторы

яна сабрала валізу
і ўспаміны
валізу выкінула на шляху да вакзала

у адзін бок 
нейкія 3 еўра
пусты вагон
толькі яна і Бог

рэйкі несьлі іх як вада
штораз грукаталі гісторыі
новых жыцьцяў
нельга двукроць ступіць на адныя рэйкі
асабліва перад хуткасным цягніком

Цягнік
сустракала начная Гародня
яе
сустрэў прывід
Фары Вітаўта.

─────────≪✷≫────────
Канал аўтаркі
#Расьціслаў #верш

Недзе

”Надоело говорить, и спорить,
И любить усталые глаза…
В флибустьерском дальнем синем море
Бригантина поднимает паруса…”

Бригантина, Павел Коган, 1937

Аб марах ня мроіў я ніколі,
Але бачу ясна я ў далі
На сівым і раўнадушным небакраі
Быццам мёртвыя у хмарах караблі.

Іх нясе, кудысьці і калісьці,
Выпадкова бачныя на міг,
Абыякавыя, ў колер вышняй сталі...
Рухаюцца, хаця вецер сьціх.

Мелянхолія захоплівае розум,
Нібы клічуць тыя караблі,
І радкі з часопіса старога
Мне на думкі нечакана навялі,

Дзе ня быў ў жыцьці, бадзёры вецер,
Акіянскага прыбою гук.
У нябёсах касякі ламаюць хвалі.
Недзе там. А я — дакладна тут.

31 ліпеня
#верш
#Хросная

Мой Бог - Бог-Вораг
Я хачу
Пабіцца з ім на двубоі
Каб гарачая сталь
стала зубамі
якімі Бог
будзе з'едзены
Я хачу
Каб Бог адчуў
увесь боль
прадвызначэння.
Каб Бог
Адчуў гнеў
людзей
створаных з мякіны
з гліны
і з солі
Каб Бог
нарадзіўся
у целе жанчыны
І каб імя ёй
Ева
Я хачу
Каб цела бога
Напоўніла мяне ўсю
І згубілася
У лабірынтах
вантробаў.

Я хачу
выклікаць Бога
на двубой

Але пакуль што
Я раню
толькі сябе
Пакуль Бог
смяецца
скалячы
жалезныя зубы
вырваныя
з майго рота

У Бога-Ворага
шкляныя вочы
І ён глядзіць на мяне
з усіх аскепкаў
і з усіх люстэркаў

Калі чалавек створаны
па падабенстве Бога
дык чаму Бог
смяецца?

Ведаеш, Божа
Твае святыя - вялікія
сонныя рыбіны
што марудна плывуць
па жоўтай рацэ
і ціна
асядае
на іх вачах

А валасы тваіх святых - вяроўкі
А песні тваіх святых - трызны
А языкі тваіх святых - са срэбра
А цнатлівасць іх - сухавей
І слёзы іх - попел

А іх мова -
незразумелая
для людскіх вушэй
Бо яны ў сваёй святасці
гавораць мовай ціны
і мовай ракі
якая не мае
дна

Мой Бог - Спячы Бог
Ён прарастае праз зямлю
І зямля напаўняецца сэнсам
І рэкі цякуць
па волі яго.

Бог бязмежны
І сэрца яго
настолькі вялікае
што замяняе яму
вочы.

Мой Бог - Спячы Бог
Ён вышэй
за ўсялякія канцэпцыі
догмы і традыцыі
І ён ёсць зямля
І дух

Ён прымае
І любіць
Толькі спіць.
І я нават баюся
што будзе з яго вялікім сэрцам
Калі ён прачнецца?

Я б хацела
прыняць Бога
Але ў яго
дзве часткі

Я хаджу за Богам
Бо хачу
з'есці яго
Ці хачу
каб Бог
з'еў мяне

У майго Бога
два твары
Але растуць яны
з адной галавы