Суполка беларускіх пісьменнікаў
940 subscribers
3.86K photos
3 videos
1 file
1.33K links
Навіны і гісторыя, тэксты, цікавосткі, кніжныя навінкі, крытыка.
Download Telegram
А мы ўсё пытаемся

У сябе пытаемся і ў другіх
ці ёсць на зямлі каханне.
І чаму кожны з нас
ў васемнаццаць гадоў веснавых
не думае
ці ёсць на зямлі каханне?

Паэзія.
Ці патрэбна яна людзям?
У сябе і ў другіх мы пытаемся.
Праз тысячагоддзі крочыць Гамер к людзям.
А мы ўсё чамусьці пытаемся.


Мікола Купрэеў

#раптамверш
Я - дзяўчынка на шары

Я - дзяўчынка на шары,
што плыве у блакіце!
І палаюць Стажары
нада мною ў зеніце,
і нікому не ў цяжкасць,
я - нібыта пушынка,
што трапляе ў бязважкасць,
я - на шары дзяўчынка!
Шар вялікі, бязмежны
У здзіўленні я кратаю,
быццам Белыя Вежы,
быццам чорныя кратэры,
горы ззяюць снягамі
і дымяцца абшары
у мяне пад нагамі.
Я - дзяўчынка на шары!

Заручуся з бясстрашшам
у густой сіняве,
страціць як раўнаважжа,
калі шар не дае?!
Ім адзіным сагрэта,
не ўпаду, і не дзіва!
Пада мною планета,
Што мяне нарадзіла.

Я ж - дзяўчынка на шары!


1967

Раіса Баравікова

#раптамверш
***
Калi вясною закукуе
Зязюля ў лесе ранiцой,
Ты прыгадай вясну другую,
Сустрэчы нашыя з табой.

Згадай ўсё што сэрцу мiла,
Што сэрцу дорага было,
Забудзь, што ўсё адгаманiла,
Адкукавала, адышло.

Згадай усё што нам жадала
Зязюля ў гучным гушчары
Забудзь што ў хованкi гуляла
Жаданне з намi да зары.

Забудзь што рэху не вярнуцца
Нi да цябе, нi да мяне,
Забудзь!.. Хай сэрцы адгукнуцца
Адно другому па вясне.


Аркадзь Куляшоў

#раптамверш
***
Не ведаю — зімою альбо летам
Мой абарвецца неспакойны век...
А дзесьці недалёка ў момант гэты
Зальецца плачам новы чалавек.

І ў міг, калі я свет круты пакіну
І певень глуха тройчы пракрычыць,
Камусьці перавяжуць пупавіну
Сардэчныя і мудрыя ўрачы.

Ён будзе цешыць іх забаўным піскам,
Зажмураны й чырвоны, як агонь,
Такі маленькі, што, дальбог, калыскай
Яму была б шырокая далонь.

Снягуркі-акушэркі ўзважаць чынна
І выпішуць шчаслівы нумарок...
Не бабка-павівалка, а дзяўчынка
Яго завяжа смела ў вузялок.

Магчыма, хлопца Сенем назавуць,
Ды не бяда, як будзе ён Валодзя...
Я не пакрыўджуся, я ціха адплыву —
Жыццю на змен
жыццё прыходзіць.


Сымон Блатун

#раптамверш
***
Цёплы вечар, ціхі вецер, свежы стог,
Улажылі спаць мяне вы на зямлі.
Не курыцца светлы пыл усцяж дарог,
Ў небе месяца праглянуў бледны рог,
Ў небе ціха зоркі расцвілі.

Знічка коціцца агністаю слязой,
Прашумела мякка скрыдламі сава;
Бачу я, з прыродай зліўшыся душой,
Як дрыжаць ад ветру зоркі нада мной,
Чую ў цішы, як расце трава.

(1910)

Максім Багдановіч

#раптамверш
Радзімае

Гудзе бруя ў рацэ -
адвечная гаворка.
Радзімка на шчацэ.
Радзіма на пагорку.

Пры лёце зор да траў
устане час з нябыту.
Радзімка на вятрах.
Радзіма каля жыта.

І новы дзень шчасцеў,
хаця было і горка.
Радзімка на шчацэ.
Радзіма на пагорку.

Пад шолах траў і ніў
любоў да вас я зведаў,
я вас абараніў
на ўсё жыццё наперад.

нібыта спарышы
з сусветнае валокі -
радзімка на душы
Радзіма - пад аблокі.

Юрка Голуб

#раптамверш
***
Сніцца яснае прадвесне.
Песняў хочацца мне - песняў!
З ветрам крыллі распрасцерці,
паляцець па белым свеце,
завіхрыць шалёным узлётам
узняць сонца пазалоту
І аздобіць, і прыбраці
Беларусь маю, як маці,
каб пасля начэй бясконцых
Заірдзела яна сонцам!

(1925)

Міхась Васілёк

#раптамверш