Суполка беларускіх пісьменнікаў
949 subscribers
4.2K photos
3 videos
1 file
1.44K links
Навіны і гісторыя, тэксты, цікавосткі, кніжныя навінкі, крытыка.
Download Telegram
Чалавек не ўзнікае так

Чалавек не ўзнікае так –
Ён збываецца, адбываецца
Як ратай,
Як дзівак,
Як мастак,
Ад якога свет адбіваецца.
Чалавек не знікае так,
Бы ў кішэні вякоў пятак.
Ён сціраецца аб дарогі,
Разбіваецца аб адчаі,
Пераходзіць ва ўсе трывогі
Веку,
Што яго прыручае.
Перш чым вочы заслоняць векам,
Чалавек хоча стаць чалавекам.


Рыгор Барадулін

#раптамверш
***
Жанчыны вёсак беларускiх, вам
Я кланяюся ўклонам самым нiзкiм -
За кожную iскрынку хараства,
Што ззяе ў слове, ад калыскi блiзкiм.
Пачуеш вас, не зманеных маной, -
I весялей глядзiш у твар эпохi.
Дык пасядзiце ж, любыя, са мной,
Пагаманiце, пагукайце трохi...


Ніл Гілевіч


#раптамверш
Змяіны Цар

Мой гаспадар Змяіны Цар,
ты ведаеш, як словы
над вогнішчам купальскіх чар
складаюцца ў замовы.

Мой гаспадар Змяіны Цар,
святлом сваёй кароны
ты кажаш шлях сярод імшар
у храм дуброў зялёных.

Мой гаспадар Змяіны Цар,
ад хіжакоў дубровы
хаваюць дзіўны твой аўтар
без абразоў і словаў.

Мой гаспадар Змяіны Цар,
твайго аблічча рысы
да аўтара нясём, як дар,
і я, і сёстры рысі.


Анатоль Сыс

(Ілюстрацыя Генадзя Грака)

#раптамверш
Простая лінія

Рыжагаловы хлопчык з палесскай вёскі
дзяўчаты і тыя цябе не баяцца
пагонішся за каторай -
не зловіш
і тады бяжыш далей
па той простай
па той засяроджанай лініі
якая табе аднаму відаць


Алесь Разанаў

#раптамверш
***
Палае золкае паветра –
Гараць асеннія кусты,
Чырвона-цёмныя лісты,
Сарваныя пякучым ветрам,

Ляцяць: на чорныя карэнні,
Праз ярка-жоўтую зару,
У парудзелую траву,
На дол, на вострыя каменні...


Адам Глобус


#раптамверш
***
Быццам палын у пракосах,
Частая сівень імжыць.
Мама падрэзала косы —
Стала іх цяжка насіць.

Вёрсты смылелі даўгія,
Доўгія ночы — на ўздых.
Доўгія косы тугія,
Ой, на плячах маладых!

Пылам іх, горам накрылі
Скруха, вайна і крыжы.
Доўгія косы любілі
Два, што ў магілах, мужы.

Сталіся зімамі вёсны, —
Ані жаўронка ў палях.
Мама падрэзала косы —
Як укароціла шлях.


Яўгенія Янішчыц

#раптамверш
***
Бессэнсоўна ляцець у вырай,
калі гэты вырай не твой.
Для кагосьці жыццё як выраб,
для кагосьці жыццё як твор.

Выбар гэта ці наканаванне –
бессэнсоўна думаць-гадаць.
Існаванне як паляванне…
Ці дыханне – як рыфма да

вераснёвага шэпту лісця
над прыціхлаю зябкай травой.
Рыфмаванне – вядомае выйсце,
калі гэты вырай – не твой.

Як каштаны, знаходзіць сугуччы.
Вось ён – гладкі, халодны, бліскучы…
Хутка счэзне – шкада да слёз! –
быццам сцёртая рыфма. З часам
заставацца страшна сам-насам.
Выраб – выбар, гучанне – лёс.

Алесь Дуброўскі

#раптамверш
***
Ідуць дажджы,
Асенняя пара.
Заплаканыя вокны спахмурнелі.
Аўторка не адрозніш ад нядзелі,
Ад быльнягу –шпачынага пяра.
За тыдзень свет, здаецца, пастарэў.
За вёскай –непралазнае балота.
Апошняя цяжкая пазалота
Злятае з абсвістаных ветрам дрэў…
А потым
сонца высветліць блакіт,
I дрэвы ўміг ізноў памаладзелі,
I над ракою ў золаце нядзелі –
Наструненыя постаці ракіт…
Заблытаны лісткі календара.
У чыстым небе,
маладым і сінім,
Перапляліся промні з павуціннем…
Ах, восень,
пераходная пара…


Генадзь Бураўкін

#раптамверш
Восень

Пуста ў лузе. Толькі стогі
Парыжэўшыя стаяць,
Ды шпакі каля дарогі
Цэлы дзень адно крычаць.

Грэчка зжата. Гола ў полі.
Жыта звезена даўно.
Толькі плаваюць на волі
Кучы хмар, як валакно.

Дожджык сее беспрастанку;
Вецер свішча так, як звер…
Колькі лужын каля ганку!
А гразі, гразі цяпер!..

Ссохлі травы, ўсё павяла.
Слоць, плюхота, холад, цьма.
Эх, скарэй бы закрывала
Зямлю чорную зіма!

Якуб Колас

#раптамверш
* * *
Каб хлеб, як сонца, палымнеў
У кожным нашым доме,
Каб сэрцы грэў і ў жылах пеў
Вясёлым летнім громам –

Пад ветру сіні перасьвіст,
Шум вербалозаў ніцых
Кляновы ліст, асеньні ліст
Зьбіраюць маладзіцы.

І колер хустак і спадніц
З барвовасьцю прысадаў
Імпрэсіянісцкім зіхаціць
Шаленствам лістапада.

1972

Максім Танк

#раптамверш
Восень

Салодкi дым гадзiны шарай
На поўдзень крылы птушак нёс.
Блакiтна-попельныя хмары
Цяклi па дрэвах срэбрам сьлёз.

У мякка-чорныя калюгi
Плылi апошнiя лiсты;
А ядлаўцовыя кусты
Ішлi
На груд,
Як валацугi.


Адам Глобус

#раптамверш
Kušlany. Vosień

Kušlany. Vosień. Žarabia.
Macieja Buračka siadziba.
Tut čas stvały nie parubaŭ –
Navieki pasadziłi.

I kamianioŭ, i kaminoŭ
Stajać žyvyja cieni,
Stajać, jak praŭda nad manoj
Abo śviatło nad ciemraj.

...Daroha niesła varanych,
A tyja – advakata:
Uciok z paŭstanckaj starany,
Skryvaŭleny ad kataŭ.

Nie paratunku jon šukaŭ –
Adčajem poŭniŭ voka.
Maŭlaŭ, chto sieŭ na mužyka –
Nia ŭzdymiecca vysoka.

Štoś furman ścich na pieradku
I haspadar falvarka...
Nia budzie pryjaźni radku? -
Dy tolki ŭ niedaviarkaŭ!

Jasnavialmožnyja burčać:
Ad ziernia preč pałovu!
Absiah Macieja Buračka.
Suśviet zmahanski
słova.

Jurka Hołub

#раптамверш
Лісты вечнасьці

Праплываюць у небе аблокі нясьпешна –
Гэта вечнасьць свае пасылае лісты,
Каб да ісьціны мудрай, журлівай і ўсьцешнай,
Хоць на колькі хвілін далучыўся і ты.

Піша вечнасьць лісты безь пяра, без паперы,
Сэнс вялікай надзеі дыктуе цішком.
Сам палёт аблачын, нібы тайнапіс веры,
Пераймае душа, каб не быць пад замком.

Паляціць і яна за нязнаныя межы,
І ў нязвыклым шляху не заўважыць сама,
Як зьліецца з абсягам, што Волі належыць,
У якім ні канца, ні пачатку няма.


Сяргей Законнікаў

#раптамверш
Роднае слова

Пад казачным дубам
над Нёманам сінім
хлапец прызнаваўся ў каханні
дзяўчыне.

I рэхам той шэпт
адгукаўся між гаю:
...Кахаю, кахаю...

Я чула пяшчотнае,
шчырасці поўнае,
маё, беларускае, роднае, кроўнае,
такое раптоўнае,
такое чароўнае.

Такое ласкавае, цёплае, чыстае,
як сонца, агністае,
як Нёман, празрыстае,
як казка, быліна, як песня,
жаданае,
дагэтуль зусім у жыцці не спазнанае,
вясновае слова ад шчырага сэрца.

Яно празвінела над хвалямі ў рэчцы.
Вятрыска шаптаў яго
з лісцем між гаю:
...Кахаю, кахаю...
Шапталі яго сенажаць і дуброва,
людзьмі перачутае,
некаму нова,
адзінае, дзіўнае светлае слова —
кахаю... кахаю...

Кахаю...
Люблю...
Беларускаму краю
бясконца я слова «люблю» паўтараю.


Данута Бічэль


#раптамверш
***
І зямля, як вока міжпланецця.
А на ёй вірыцца наш паток,
А на ёй - маланка, гром і вецер,
А на ёй - жыцця адзін глыток.

Хоць бы нам не выйсці з азарэння,
Пакуль мы, як хвалі, не спылылі, -
Ёсць у нас шчаслівае імгненне
Толькі тут, на сонечнай зямлі.

Дзе любоў, трывожная як мора,
І блаліць на рана цішыні.
Ці ўзніме час зямныя зоры -
Чалавечай вечнасці агні?

Думкі-думкі, - памяць наракае -
захавайце сонечны настой.
Не пакрыўдзі, прыхамаць людская,
Мнагадзетнай, горкай і святой!

Марыя Баравік

#раптамверш
Ноч на Літве

Літоўскі месяц сама ў глыб
вядром пялёхне спудным.
Нібы з натугі галубы,
ажно застогне студня.

На недакошаных лугах
вісіць туман пры лозах.
І ў патаемных берагах
Рака паслала ложа.

Ахілены начным крысом
Стаміліся начлегі,
Не спісць сузор’е Гончых Псоў
Вартуе хутар Вегі.

У дальні свет праз родны край
Ідзеш і не паверыш,
дзе Балтыка праз небакрай
адчыніцца з павер’я.


Юрка Голуб

#раптамверш
Пакінутая вёска

Нікога. Цішыня. Нібы віхура
прайшла, нагнаўшы першабытны страх.
Здзічэлы вецер белыя хаўтуры
спраўляе на заснежаных дварах.

Не рыпнуць дзверы ў выстылыя сенцы.
І клямка не паднімецца з цвіка.
Святло не ўспыхне ні ў адным акенцы,
і шыбы ўсе — як вочы мерцвяка.

Нідзе дымкоў над стрэхамі не бачна.
Не менее сцяна прамерзлых дроў.
Змарнелы ад бяскорміцы сабачка
стаміўся ўжо чакаць гаспадароў.

На маразы паказваюць прагнозы.
Ды не пакіне ён паста свайго.
Яму зусім няўцям, якія дозы
вышэйшай мерай стануць для яго.

Ён да канца адбудзе абавязак,
хоць не працягне, можа, і да дня.
...Яна страшней ад самых страшных казак,
нявызнаная гэта цішыня.


Артур Вольскі

#раптамверш
***
І вось апала, абляцела
з высокіх дрэў густое лісце…
як доўга восень шапацела,
як расказаць яна хацела -
аб чым?
аб чымсці…

Шчыміць у пальцах іней белы.
Я зразумела небагата:
усё, што з лісцем абляцела,
усё што ў восень адбалела, -
яшчэ не боль,
яшчэ не страта.

Мой белы свет - цалюткім-цэлы!
Вячэрні прыцемак на сцежцы,
незразумелы боль на сэрцы,
і сум, нібы спалох, на ўсмешцы.
Трывожна…
Лісце абляцела…


Ала Канапелька

#раптамверш
***
Адышлі драбяза і тлум.
Я празрыстай і ціхай стала.
Праз мяне пралятаць святлу,
Як праз лісце,
Што не апала,
Як праз тонкі ўзор галін,
Як праз ніці травы нагрэтай…
Я і восень - адзін на адзін,
У ляску,
дзе пакуль што лета.


Галіна Каржанеўская

#раптамверш
Імёны

За шмат вякоў нямногія імёны
гісторыя нашчадкам зберагла.
І сэнс не толькі ў тым, што час - імгла,
што не дайшлі паданні і пісьмёны.

Імёны многіх лёсам спапялёны,
каб на шляхах да праўды і святла
паўсталі постаці, якіх змагла
нам памяць захаваць з часоў замглёных.

Названыя гісторыяй - грымяць!
І сёння на іх славу, на імя
раўняемся мы з правам несумненным

Дый хто з нас хоча безыменным стаць?
Але названы - трэба памятаць! -
збіральны вобраз тысяч безыменных.

Алесь Каско

#раптамверш