Суполка беларускіх пісьменнікаў
949 subscribers
4.2K photos
3 videos
1 file
1.44K links
Навіны і гісторыя, тэксты, цікавосткі, кніжныя навінкі, крытыка.
Download Telegram
Беларускія краявіды

Беларускія
краявіды...
Перазвоны
азёр і бароў.
Над палеткамі
бульбы і жыта -
Песня
велічных курганоў.
Гэта наша
зямля дарагая,
Гэта нашы
лугі і палі,
Над якімі
спрадвеку лунае
Бусел -
сімвал
бяссмерця
зямлі.


Анатоль Грачанікаў


#вершдня
***
Ісці да мэты — ўстаць да ўсходу
I даць зямлю адчуць нагам,
Ды, крышачы сцяну нягоды,
Ісці насуперак вятрам.

Няхай палохаюць віхуры,
Ты не мяняй кірунак свой,
Бо нават птушкі супраць буры
Сядзяць наперад галавой.


Пятрусь Броўка

#вершдня
***
Акуніся ў рацэ маленства,
Абдыміся з патокам імклівым —
І адчуеш ізноў падабенства
Сам з сабою — плыўцом шчаслівым.

Мары даўняй парыў гарачы
Зноў падхопіць цябе небывала,
Дзе на дрогкі кручок удачы
Залатая рыбка клявала.

Зноў з сабой цябе пабратае
На рацэ ў паядынку натхнёным
Хваля тая, што човен хістае,
А не падае ў ногі з паклонам.

Потым вынырнеш, засяроджаны,
Адпіхнуўшыся лёгка ад донца,
Станеш чысты, як нованароджаны,—
Сын ад шлюбу вады і сонца.

Змыеш стому сваю і змору,
Каб, адчуўшы віроў шаленства,
Зноў падацца ў абдымкі мора...
Дзе ты, рэчка майго маленства?


Пятрусь Макаль

#вершдня
***
Зялёны птах
з палоскай жоўтаю удоўж крыла.
Згубіла страх,
разгубленасць перамагла.
Выглядваю штодзень
з акна цябе.
Ужо дзяўбе
крупінкі раннія маіх надзей.
Паветра дзюбкай чысціць між галля.
He страшна сцюжа, золь.
Затоена любуюся здаля.
Мінае боль.
Сініцы, амялушкі і гілі
таксама гронкі слёз маіх дзяўблі.
Спагадліва чырыкалі ў галлі.
Зялёны птах маю журбу гаіў.


Данута Бічэль

#вершдня
***
Празвінеў званок, – і на пероне
Ужо растаў бялява-пухкі дым…
Праз прастораў звонкія парогі
Мы шточас шыбчэй-шыбчэй імчым.

Я вакенца ў золкасць адчыняю,
Папяроса пыхае, трымціць…
За вакном – прыгожая нязнанасць,
Кругабегі рэйкавых пуцін.

Паравоз стучыць-грыміць па шпалах,
Па загонах распусціўшы чад…
Струнных думак звонкія цымбалы
Не спяшаюць тонны ні на час.

Я гляджу – бягуць на сустрач далі.
На загонах раніца імжыць…
У істоце нечага не стала,
Не хапае нечага ў душы.

Груст апаў, фарботай задумлёны,
І вішнёвы смутак без пары…
Ці за тым, што ў песенных загонах
Я пакінуў вёскі ля зары…

Паравоз грыміць і ўторыць думкам
І ў разгоне раду хоча даць.
– З-за прыгожых, песенных лятункаў
Хіба варта, хлопча, груставаць?..

І з чыгуннай песняю ўрачыстай
Мы шточас шыбчэй-шыбчэй імчым…
І шапчу я – будзь заўсёды “чыстым,
Будзь заўжды – як вечнасць, маладым”!..


Змітрок Астапенка

#вершдня
***
Жывое ў вяках беларускае слова –
Народа душа і народа хвала.
Цябе абзывалі “мужыцкаю мовай”,
А нам жа ты матчынай мовай была.

І самай прыгожай, і самаю мілай,
Той маці, што шыла нам світкі з радна,
Што ўлетку на рэчцы палотны бяліла,
А ўвосень авёс дажынала адна.

Той маці, што зімамі кросны снавала,
Што з самай калыскі, як толькі магла,
Сумленнасці, праўдзе, дабру навучала,
Старанна ад розных хвароб берагла.

Прыеду дадому... І што за праява...
Пачую гаворку, ці песню, ці верш –
Здаецца са мной размаўляеш ласкава,
І сцежкаю поруч са мною ідзеш.

У маках чырвоных гарыць прыгуменне...
О матчына мова! Маленства вясна!
Ніколі ніхто мне цябе не заменіць,
Бо ты, як і маці, на свеце адна.


Алесь Бачыла


#вершдня
Па дарозе ў Ялізава

Бярэзіна зірне, мільгне дуброва,
І праплывуць сасновыя бары.
Кассё прыхлыне пахам чабаровым,
антонаўкамі стрэнуць Сталяры.
Усе гады я вам была аданай,
настаўнікі мае – лясы, палі!
Прасветленай рамонкавай палянай
лікуй, душа мая, душа мая, балі…
І не надыхацца мне тут, не надзівіцца, —
займае дых пяшчотаю бяроз,
спляліся над марудлівай крыніцай
арэшына і сціплы вербалоз.
Тут рэха слоў, якім вучыла маці,
гучыць у назвах, спеве збажыны.
І радасці дзіцячай не стрымаць мне –
вартуюць луг рабыя бацяны.


Людміла Паўлікава


#вершдня
***

Вось тут, далёка ад сталіцы,

Паблізу ісцінаў старых,

Жыву, як выгнаны патрыцый,

Грыбы збіраю у бары.


Шукаю вернай панацэі

Ад розных там душэўных ран

Тут, у бярозавым ліцэі,

І на рысталішчах палян.


Дзе коннікі прымаюць старты,

Дзе збоч, як быццам бы арлы,

Падлеткі сочаць дол упарта

З сасны — тарпейскае скалы.


Паганец, я малюся богу

Румянай поўні і схадка

І, захінуты ў ночы тогу,

Сню лусту-скрыль маладзіка.


Міхась Стральцоў

#вершдня
***
Прыходзіць дзень на змену цёмнай ночы
гісторыі касцёр гарыць, гарыць…
І век мой калясніцаю з гары
грукоча…

Не праглядзець бы, не звярнуць ляйчынай,
каб не застацца вечна ў забыцці…
Свядомасць розуму, ўзбагаці
Айчынай.


Леанід Галубовіч

#вершдня
***
Схіляецца ніва да самай зямлі,
у кветках паснулі ад спёкі чмялі.

На лапах замшэлых калышацца бор,
і пахам дурманіць духмяны чабор.

Як добра стаміцца ад цяжкіх дарог,
схіліцца ў знямозе пад елку на мох,

і слухаць так прагна, так соладка сніць,
як срэбны жаўрук над палямі звініць.

Зямля залатая з цяжарам палёў
і з пошумам рэчак і цёмных бароў,
паслухай маленькага сэрца любоў!


Вера Вярба

#вершдня