Суполка беларускіх пісьменнікаў
960 subscribers
4.07K photos
3 videos
1 file
1.4K links
Навіны і гісторыя, тэксты, цікавосткі, кніжныя навінкі, крытыка.
Download Telegram
***
Белая яблыня грому
Чорных cадоў ліхалецця.
Яблык яе нікому
Не пажадаю на свеце.
Голая яблыня грому
Жахам жагнала прысмерк.
Пэўна, што д’яблу самому
Помніцца горкі прысмак.
Светлая яблыня грому
З салаўінае усяночнай.
Ласкавага яблыка стому
Я надкусіў аднойчы.
Ціхая яблыня грому,
Першага мілага гневу.
Позірку маладому
Праглася бачыць Еву.
Добрая яблыня грому,
Радасцю поўні наўколле!
Хай жа ня будзе злому
Голлю твайму ніколі.
Белая яблыня грому,
Клопатам, гаманою
І на апошнюю строму
Светла ўзыдзі са мною.

(1977)

Рыгор Барадулін

#раптамверш
***
Я са шляхоў далёкіх і цяжкіх

Дамоў гасцінцаў прывязу такіх:

З паклонам бацьку —

Мужнасць і адвагу;

Братам — па-брацку:

Да палётаў прагу;

На завушніцы для малой сястрычкі —

Дзве зіхатлівыя

Смяшынкі-знічкі;

Ласкавай жонцы —

Зорак на каралі;

Сынам — сто сонцаў

Неадкрытых

I сто даляў...

I кожны будзе ў захапленні, мусіць...

...Дзень добры, мама,

вось і я,

вярнуўся...


1964
Васіль Зуёнак

#раптамверш
Яшчарка

Бы хтосьці заўзята
пацягнуў за нябачную нітку
вераценца рудое:

перабегла дарожку
і знікла ў атаўцы
неспадзяваная яшчарка!

І хоць бы познак які там
пра жывую прысутнасць яе,
хоць бы зеллейкавы ўскалых!

Тут была – тут няма…

…Як па адлёце душа:
ненаяўная толькі таму,
што няўгледная..

Ніна Мацяш

#раптамверш
***
Вы без мяне ляцiце, самалёты.
Вы без мяне iмчыце, цягнiкi.
...Любоў мая, ты песня, i маркота,
I спелы бор, i вольны гон ракi.
Балючы век. Надвор'я перамена:
Яшчэ лiсток не ўпаў – а снегапад.
Ды скрыпачка з дзесятага калена
Пяе ў душы на блаславёны лад.
Усё вастрэй – раднi маёй прагалы,
Агеньчык дрогкi з мамiных акон.
Ды зазвiняць вясельныя цымбалы
I жаркiм вокам гляне у сэрца конь.
Пяе вiхор, пяе лiсток апалы,
Пяе зямля курганняў i удоў.
Любоў мая, ты скрыпка i цымбалы,
I шаргункi – над грывамi гадоў.


Яўгенія Янішчыц


#раптамверш
***
Кожны з маленства злучаны выракам,
А потым крывёю аплочвае чыншы.
На Беларусі зрабіцца лірыкам
Куды лягчэй, як чым-небудзь іншым.

Вагон прарываецца рыбай праз нерат,
Бярозы галлём быццам б'юцца а шыбы,
І так мая лірыка рвецца наперад,
Як гэтая самая ў нераце рыба.

...З маленства з нас кожны злучаны выракам
І плоціць за вырак багатыя чыншы...
Гавораць, што жыць лірыкам,
Магчыма, цяжэй, як іншым.

Юлі Таўбін

#раптамверш
Лясы наддзвінскія


Лясы наддзвінскія, лясы!
Не знаю большае красы,

Як ваш убор і гонкі стан,
Як ваш зялёны акіян!

Шуміць, шуміць чароўны спеў
Зялёным верхавіннем дрэў...

Яшчэ калі ў калысцы быў,
Ваш гул таемны палюбіў.

Пад сіні бляск далёкіх зор
Спяваў мне калыханкі бор.

Я помню мой далёкі час,
Як гадаваўся сярод вас!

Лясы наддзвінскія, лясы!
Прайшлі дзіцячыя часы —

І над маёю галавой
Прамчаў гадоў крылаты рой

І скроні выбеліў мае,
Як снег вяршаліны твае.

Хоць многа часу перайшло,—
Здаецца, ўчора ўсё было.


(урывак)

Пятрусь Броўка

#раптамверш
* * *

Гэты пакойчык анёл нам распіша
фарбамі нейкага яснага дня...
Ты чуеш, якая нябесная ціша,
якая, нязнаная людству, плыве цішыня.

І мы забываем пра тлум і знямогу
ў палоне дасюль невядомага нам пачуцця,
нібы дзесь высока расказваем Богу
урыўкі з яшчэ недапісанай кнігі Быцця.


Раіса Баравікова

#раптамверш
Чорны кот

Як ветрык, ён адначасова ўсюды.
То круціцца на месцы, як ваўчок,
а то знарок, нібыта з перапуду,
як апантаны кінецца наўцёк.
Падыдзе збоку — на сябе ў люстэрку
глядзіць: няўжо ён сапраўды такі?
Скамечаную кінь яму паперку —
парве з уяўнай злосцю на шматкі.
Такі заўжды ў яго настрой — мажорны.
Ён непаседа і кумір дзятвы.
Няўцям яму, што ён, як вугаль, чорны,
як ноч, увесь — ад лап да галавы.
Спаткаць такога — дрэнная прыкмета:
пашчасціць, не пашчасціць — як каму,
але найперш расплачвацца за гэта
так ці іначай суджана яму...
Стракаты свет яго нясцерпна вабіць
вясёлкай светлых колераў жыцця.
Гуллівы ён і бесклапотны — мабыць,
таму, што сам пакуль што, як дзіця,
шчаслівы, што жыве, што нарадзіўся.
А ўжо гвалтоўны свет з яго ярмом
бязглуздых звычаяў распарадзіўся,
з якім яму ў жыццё ісці кляймом.


Васіль Гадулька

#раптамверш
***
Ах, ляны, ляны - залатыя сны,
белы кужаль - цвет вішнёвы
на грудзях вясны.
Ля маёй мяжы век бы ім цвісці:
поўны куфар тканай белі -
замуж можна йсці.

Сінія ляны, зіхацяць яны.
Ў бурны Нёман на світанні
выплылі чаўны.
Наперадзе той, каго Пётрам зваць.
Мне бы сёння на красёнках
сонейка снаваць...

Адцвілі ляны.
Восень, туманы...
Буду церці кволы лён мой,
прасці да вясны.
Буду віць, снаваць,
досвіткамі ткаць,
вечарамі прыйдзе Пётра
песняй памагаць.


Ларыса Геніюш


#раптамверш
* * *
Кожны раз, калі ты
Падаеш мне руку
I пачую я дотык
Пярсьцёнка твайго,
Прабягае па жылах
Да сэрца агонь,
Крыкнуць хочацца:
Кінь яго, зьняўшы,
Ў раку.

Кінь таму, што нямілы ён,
Хоць залаты,
Што цяжкі ён,
Як наша расстаньне, туга.
Што ён напамінае
Зьвяно ланцуга,
Да якога прыкутая
Ты.


1962

Максім Танк

#раптамверш