Суполка беларускіх пісьменнікаў
945 subscribers
3.78K photos
3 videos
1 file
1.3K links
Навіны і гісторыя, тэксты, цікавосткі, кніжныя навінкі, крытыка.
Download Telegram
***
Снег беліць паплавы,
ствалы прысад,
і хаты,
і нават бровы чорныя твае,
ён на каўнер
кладзецца пульхнай ватай,
а на гарачых шчоках растае.

Прыемна нам ісці
адным, без сведак,
на чыстым снезе
пракладаць сляды.
Здаецца, не сняжынкі,
а пялёсткі кветак
на дол страсаюць майскія сады.


Хведар Жычка

#раптамверш
***
Адбіў сабе дзялянку і кашу.
Спынюся, калі ўсю дарэшты выкашу,
калі свой смутак, боль — сваю душу
камусьці роднаму і ўсяму свету выкажу.
А як не дасць мне выказацца лёс
і даўняй мары здзейсніцца не суджана,
знямоглы я ўпаду на свой пракос
і адпачну на ім душой натруджанай.


Васіль Гадулька

#раптамверш
***

А потым гаспадыня да стала,
да чаю мёд нам падала.
І ўсе, адчуўшы пах мядовы,
хваліць той мёд былі гатовы.
Калі ж адчулі яго смак -
хвалілі мёд і так і сяк.
Хвалілі гаспадыню чынна,
што частавала нас гасцінна,
а ўслед за ёй - гаспадара.
Хвалілі потым пчаляра.
Хвалілі луг, хвалілі кветкі,
што мёд даюць надзіва рэдкі.
Усім тут аддалі хвалу.
Забылі толькі пра... пчалу.


Анатоль Вярцінскі

#раптамверш
***
у нашых снах было каму прысніцца.

Перад тваім партрэтам на стале
Дыміцца цыгарэта ў папяльніцы,
І кава ў філіжанцы астые.

Сто сноў яшчэ да несаснёнай страты,
але ў адхіст, як травы ад касы,
зламаны жэст, якім бакал падняты,
і рух, што папраўляе валасы.

Нібы па ветры мроіва сняжынак -
усё ў адхіст!..
Нічога не ўтрымаць.

Застацца жыць. Глядзець на фотаздымак.
Паліць цыгарку. Каву дапіваць.


Уладзімер Някляеў


#раптамверш
Наступніку Уладзіміра Караткевіча

Яго вершы крывіцкія руны
прадказалі, і, быццам вякі
з паўнаводнай прадоннай ракі
выплываюць паэты ў трунах,
а ў галовах скрозь чорныя дошкі,
церні німбамі зараслі —
значыць, Бог не пайшоў упрочкі
з Белай
крэўнай
яго Русі.

Бог жыве!
Адраджэння прагнуць,
хто пакінуў заўчасна свет,
ад пакутаў нябёсы смягнуць —
гэта знак, што ідзе Паэт.

I свіцяцца скрозь цемру руны,
Ён ідзе,
пакуль вы спіцё,
і на спадчынных гуслях струны
чуюць сэрца Яго біццё.


Анатоль Сыс


#раптамверш
Блакіт

Блакіт, блакіт! Дар непаўторны неба!
Хмурынак белы статак — знак даброт.
Пашлі касцам, аратым, творцам хлеба,
У працы спор цяплом сваіх яснот!

Сагрэй, сагрэй сваім дыханнем глебу
Айчынных роўніц, даляў і шырот,
Пашлі нашчадкам прыпяцкіх дулебаў
Янтарных злакаў буйны намалот!

Лі хараство, блакітны дах Айчыны,
Адлюстраваны ў безлічы азёр,
На моры лёну, стужкі ручаінак,

Над збажыной залочаны прастор!..
Мільгні і мне празрыстай бірузой
У зрэнках воч любімае жанчыны!


Алесь Звонак

#раптамверш
***
Простае шчасце людское,
Так, як і наша з табою,

Пэўна, складаецца з солі,
З хлеба, сабранага ў полі,

З поту, з дарожнага пылу,
З роднага небасхілу,

З дружбы, мацнейшай ад смерці,
З песні... І так мне здаецца:

Каб з чаго іншага скласці,
Дык ці было б яно шчасцем?


Максім Танк

#раптамверш
Беларусі

Ты дала мне жыццё, удыхнула мне сілу у грудзі;
Мне з табою ніколі ні сумна, ні цяжка не будзе,
Бо жыву я цяпер тваіх дум жыватворчаю сілай,
Што ўліла ты мне ў сэрца…
Ты песні мае разбудзіла,
Чую я на сабе цеплыню тваёй матчынай ласкі,
Мая родная, добрая, сон мой з дзіцячае казкі.
Вось табе маё сэрца, мой розум, і праца, і песня,
Веру, думкі крылатыя новым святлом ты абвесціш.
Жыць хачу я табой, для цябе, наша родная маці,
Дык прымі ж ты мяне ў сваёй светлай, у радаснай хаце!
Поле роднае вокал.
Збіраюцца з выраю птушкі.
Лёг мой шлях да цябе
шаўкавістай, шырокай істужкай.
Тут квітнеюць твае, творчай працай ўзараныя гоні…
Хай знайду я свой лёс у тваім працавітым сягонні.


Канстанцыя Буйло

#раптамверш
***
Помню, помню праз гады,
Спеўная ваколіца:
«Выпі, золатца, вады,
Сэрца супакоіцца».

Да крынічнай, спакайной —
Сцежкі-птушкі вольныя.
Трыццаць вёснаў за спіной,
А ці ўсе спакойныя?

Мне дарогі не пытаць,
Сонейка высокага.
А як жа стану суцяшаць
Ў горы сябра-сокала?

Ды, вядома, як тады
Ты мяне, ваколіца:
«Выпі, золатца, вады,
Сэрца супакоіцца».


Яўгенія Янішчыц

#раптамверш
***
Змяшанне забытых фарбаў –
няжоўтай і неблакітнай,
і часам празрыста-чорнай
з пранізлівай і сцюдзёнай –
у небе,
падзертым на паскі –
і гэта, нарэшце, дождж!..”

Дрэва, поўнае зроку,
сцяжына, поўная слыху -
насуперак сну і страху,
насупраць святла і лёху -
і гэта, здаецца, я...

І пад палахлівыя крыкі
шматлюднай сям'і вераб'інай
мы ціха сыходзім з карціны -
з двух розных бакоў палатна -
і крышацца, быццам крыгі,
забыўшы га перасцярогі,
задзіўленыя, знямоглыя,
глухія рамкі вакна.

Таццяна Сапач

#раптамверш
А мы ўсё пытаемся

У сябе пытаемся і ў другіх
ці ёсць на зямлі каханне.
І чаму кожны з нас
ў васемнаццаць гадоў веснавых
не думае
ці ёсць на зямлі каханне?

Паэзія.
Ці патрэбна яна людзям?
У сябе і ў другіх мы пытаемся.
Праз тысячагоддзі крочыць Гамер к людзям.
А мы ўсё чамусьці пытаемся.


Мікола Купрэеў

#раптамверш
Я - дзяўчынка на шары

Я - дзяўчынка на шары,
што плыве у блакіце!
І палаюць Стажары
нада мною ў зеніце,
і нікому не ў цяжкасць,
я - нібыта пушынка,
што трапляе ў бязважкасць,
я - на шары дзяўчынка!
Шар вялікі, бязмежны
У здзіўленні я кратаю,
быццам Белыя Вежы,
быццам чорныя кратэры,
горы ззяюць снягамі
і дымяцца абшары
у мяне пад нагамі.
Я - дзяўчынка на шары!

Заручуся з бясстрашшам
у густой сіняве,
страціць як раўнаважжа,
калі шар не дае?!
Ім адзіным сагрэта,
не ўпаду, і не дзіва!
Пада мною планета,
Што мяне нарадзіла.

Я ж - дзяўчынка на шары!


1967

Раіса Баравікова

#раптамверш
***
Калi вясною закукуе
Зязюля ў лесе ранiцой,
Ты прыгадай вясну другую,
Сустрэчы нашыя з табой.

Згадай ўсё што сэрцу мiла,
Што сэрцу дорага было,
Забудзь, што ўсё адгаманiла,
Адкукавала, адышло.

Згадай усё што нам жадала
Зязюля ў гучным гушчары
Забудзь што ў хованкi гуляла
Жаданне з намi да зары.

Забудзь што рэху не вярнуцца
Нi да цябе, нi да мяне,
Забудзь!.. Хай сэрцы адгукнуцца
Адно другому па вясне.


Аркадзь Куляшоў

#раптамверш
***
Не ведаю — зімою альбо летам
Мой абарвецца неспакойны век...
А дзесьці недалёка ў момант гэты
Зальецца плачам новы чалавек.

І ў міг, калі я свет круты пакіну
І певень глуха тройчы пракрычыць,
Камусьці перавяжуць пупавіну
Сардэчныя і мудрыя ўрачы.

Ён будзе цешыць іх забаўным піскам,
Зажмураны й чырвоны, як агонь,
Такі маленькі, што, дальбог, калыскай
Яму была б шырокая далонь.

Снягуркі-акушэркі ўзважаць чынна
І выпішуць шчаслівы нумарок...
Не бабка-павівалка, а дзяўчынка
Яго завяжа смела ў вузялок.

Магчыма, хлопца Сенем назавуць,
Ды не бяда, як будзе ён Валодзя...
Я не пакрыўджуся, я ціха адплыву —
Жыццю на змен
жыццё прыходзіць.


Сымон Блатун

#раптамверш
***
Цёплы вечар, ціхі вецер, свежы стог,
Улажылі спаць мяне вы на зямлі.
Не курыцца светлы пыл усцяж дарог,
Ў небе месяца праглянуў бледны рог,
Ў небе ціха зоркі расцвілі.

Знічка коціцца агністаю слязой,
Прашумела мякка скрыдламі сава;
Бачу я, з прыродай зліўшыся душой,
Як дрыжаць ад ветру зоркі нада мной,
Чую ў цішы, як расце трава.

(1910)

Максім Багдановіч

#раптамверш
Радзімае

Гудзе бруя ў рацэ -
адвечная гаворка.
Радзімка на шчацэ.
Радзіма на пагорку.

Пры лёце зор да траў
устане час з нябыту.
Радзімка на вятрах.
Радзіма каля жыта.

І новы дзень шчасцеў,
хаця было і горка.
Радзімка на шчацэ.
Радзіма на пагорку.

Пад шолах траў і ніў
любоў да вас я зведаў,
я вас абараніў
на ўсё жыццё наперад.

нібыта спарышы
з сусветнае валокі -
радзімка на душы
Радзіма - пад аблокі.

Юрка Голуб

#раптамверш
***
Сніцца яснае прадвесне.
Песняў хочацца мне - песняў!
З ветрам крыллі распрасцерці,
паляцець па белым свеце,
завіхрыць шалёным узлётам
узняць сонца пазалоту
І аздобіць, і прыбраці
Беларусь маю, як маці,
каб пасля начэй бясконцых
Заірдзела яна сонцам!

(1925)

Міхась Васілёк

#раптамверш