Суполка беларускіх пісьменнікаў
953 subscribers
3.96K photos
3 videos
1 file
1.36K links
Навіны і гісторыя, тэксты, цікавосткі, кніжныя навінкі, крытыка.
Download Telegram
Прыказка на кожны дзень

Студзень хаты студзіць, рана гаспадароў будзіць.

#прыказка
На гасцінцы

Чыстым інеем пакрыты
На гасцінцы беразняк,
Космы густа ім абвіты;
У белым снезе маладняк.

Свішчуць сані на марозе,
Коні рвуцца і хрыпяць.
Крык і гоман на дарозе,
Бомы стогнуць і звіняць.

Скверыць холад. Пабялелі
Вусы, світка вазака,
Толькі шчокі счырванелі
Ад марозу ў мужыка.

Перад святам заработкі, –
А дарога, як сляза...
Толькі бухаюць калодкі,
Толькі свіст ад палаза!..

Якуб Колас

#раптамверш
⭐️ 50 гадоў Наталлі Русецкай

Сёння адзначае юбілей паэтка, перакладчыца і даследчыца беларускай літаратуры Наталля Русецкая.
🌸 Нарадзілася 1 лютага 1974 г. ў г. Урэнь (Расія). З 1976 г. жыла ў Мінску, скончыла філфак БДУ.
🌸 Выдала вершаваны зборнік "Два бяссоні" (2004). Пераклала на беларускую мову шэраг твораў Ф. У. Радзівіл, С. І. Віткацыя, В. Гамбровіча, В. Шымборскай, К. І. Галчыньскага і інш. Вершы і пераклады друкаваліся ў Беларусі і Польшчы.
🌸 У 2007 г. апублікавала манаграфію, прысвечаную паэтычнай творчасці Францішкі Уршулі Радзівіл "Сямейная Муза". Кнігу вершаў “Каштнаны ў кішэнях” (2015).
🌸 Жыве ў Любліне, працуе выкладчыцай у Інстытуце Славянскай Філалогіі Ўніверсітэта Марыі Складоўскай-Кюры.

Віншуем і зычым посьпехаў! 💐💐💐

#угэтыдзень
📙 Двухмоўная кніга Машы Калека “Ніхто не чакае”

Выдавецтва Gutenberg Publisher неўзабаве выдасць кнігу знакавай нямецкамоўнай паэткі, габрэйкі Машы Калека (Mascha Kaléko) у перакладах Ігара Крэбса. Кніга выйдзе па-нямецку і па-беларуску.

У сярэдзіне 20 стагоддзя паэтычны голас Машы Калека быў адным з найгучнейшых нямецкіх антываенных і антыфашысцкіх галасоў, які выкрываў злачынствы і бескампрамісна заклікаў пакараць вінаватых.

👉 больш на стронцы выдавецтва


#палічка
⭐️ Прэзентацыя Андрэя Хадановіча ў Торуні

4 лютага ў нядзелю паэт і перакладчык А. Хадановіч прэзентуе сваю паэтычную кнігу "На беразе волі", што нядаўна пабачыла свет у выдавецтве Носнroth Minsk у Торуні.
❗️Месца: касцёл св. Язэпа, пачатак а 18:00, уваход вольны.

#анонс
Forwarded from Літархіў
📗 Выйшаў даведнік па беларускіх могілках у замежжы

Выйшла анансаванае колькі месяцаў таму унікальнае выданне, якое распавядае пра беларускія пахаванні, традыцыю помнікаў, эпітафій і сімволікі на іх - "Кніга могілак. Беларускія пахаванні ў свеце".

Аўтары грунтоўнага альбома-даведніка — Наталля Гардзіенка і Лявон Юрэвіч. Альбом мае амаль на 600 старонак і шмат ілюстрацый.

Мы ўжо пагарталі яго і публікуем некалі цікавых фотаматэрыялаў для падвышэння вашага чытацкага інтарэсу 😊

#палічка
⭐️ Нястрачаная спадчына

Юбілейная кніжная выстаўка “Нястрачаная спадчына”, прысвечаная 90-годдзю з дня нараджэння беларускага фалькларыста, літаратуразнаўца і краязнаўца Арсеня Сяргеевіча Ліса (1934–2018), праходзіць з 2 лютага па 10 сакавіка ў зале беларускай літаратуры (пам. 205) Нацыянальнай бібліятэкі ў Мінску.

❗️Уваход па чытацкім білеце.

👉 Больш інфармацыі тут

#анонс
⭐️ Конкурс рукапісаў “Шуфлядка”

Абвешчаны другі сезон конкурсу рукапісаў “Шуфлядка”, які праводзіцца ў трох намінацыях: дзіцячая і падлеткавая кніга; нон-фікш і дакументальная проза; масавыя жанры (фантастыка, фэнтэзі, прыгоды, дэтэктыў).

❗️Дэдлайн — 18 лютага 2024 г.
Прызам у кожнай намінацыі з’яўляецца падтрымка выдання папяровай кнігі.👍

👉 Падаць заяўку тут

#анонс
⭐️ Да юбілею Янкі Шутовіча

У студзені споўнілася 120 гадоў з дня нараджэння беларускага літаратуразнаўцы, выдаўца, грамадзкага і культурнага дзеяча Янкі Шутовіча.

Рэдактар часопіса «Студэнцкая думка ў 1920-ых, выдавец і рэдактар часопісаў «Калосьсе», «Шлях моладзі» у 1930-ых, вязень польскіх і савецкіх лагераў ён па-ранейшаму мала вядомы шырокай публіцы.

Якім быў ён, з кім сябраваў і працаваў, і што пакінуў нам у спадчыну - у “Культурнай раніцы” на “Радыё Марыя”

👉 слухаць па спасылцы

#навіны
СВЕТ

ПРЭМІЯ САЮЗА ПІСЬМЕННІКАЎ ЛЕТУВЫ

33-ю прэмію Саюза пісьменнікаў Летувы за 2023 год атрымаў паэт, перакладчык, эсэіст Томас Венцлава за апошнюю кнігу вершаў «Už Onos ir Bernardinų (За Онай і Бернардынамі)».
Кніга выйшла ў выдавецтве «Апостраф», а ўсяго ў зборніку надрукаваныя тры дзясяткі вершаў, напісаных за апошнія сем гадоў.
Штогадовая прэмія Саюза пісьменнікаў Летувы прысуджаецца за каштоўны твор, апублікаваны за апошнія два гады. Сярод лаўрэатаў прэміі былі Антанас А. Ёнынас, Юргіс Кунчынас, Ніёле Міляўскайтэ, Рамуальдас Гранаўскас, Сігітас Геда, Юдзіта Вайчунайтэ, Данутэ Калінаўскайтэ, Андрус Якучунас, Айдас Марчэнас, Карнэлійс Плацеліс, Ванда Юкнайтэ і іншыя.
Сёлета ў журы працавалі папярэднія лаўрэаты прэміі: Гінтарас Граяўскас, Рымантас Кміта, Міндаўгас Квяткаўскас, Міндаўгас Настаравічус і Ундзінэ Радзевічутэ.
Камісія аднагалосна вырашыла абвясціць сёлетнім лаўрэатам Томаса Венцлаву. Узнагарода была ўручана ў Дзень Трох Каралёў у Вільні.
💡У беларускай мове ёсць процьма цікавых слоўцаў, якія да ўсяго, з'яўляюцца безэквівалентнымі.
Бярыце іх на ўзбраенне, і вашая мова стане багацейшай! 🔥

❗️Сябрына❗️

так называецца кола сяброў ці сяброўскае застолле. 🧐

Вось дык дзіўная сябрына, што за дружны люд такі, тут магутныя мужчыны і дзяды, і хлапчукі. П. Броўка

#гаворка
Лонгрыд ад "Дзеяслова" 📖

Васіль Зуёнак. Vita! Нізка вершаў.

VITA!

Якім народам і які
Наканаваны Боскі суд –
Між неаспрэчных ёсць такі:
Цераз пакуты і вякі
Жыць будзе Беларускі Цуд.


👉 Цалкам нізка тут

#лонгрыд
***
Вясёлы месяц люты,
Мяцеліцай раскуты, —
Шумі вятрамі, грай!
Вятры пабралі лютні,
Імчаць у свет бязлюдны.
Праводзіны?
Адходзіны?
Зіме?
Гэй, пачынай!
Давай!
Давай!
Ах, ах, ды ў гэтым месяцы
Яшчэ забіты весніцы,
Марозам прымарожана,
Прымружана
Шчэ лужына
Завейлівым сняжком.
Гудзе вятрамі вуліца,
Як бубен дом.
Мяцеліца пасцелецца
Ад рання да цямна.
Апоўначы насмеліцца
Адліга —
Месяц крыгай
Да самага відна.
А зорка — во свавольніца! —
Пад раніцу расколецца
Аб шыбіну акна.
— Скажыце! Навіна!
Кажыце не кажыце,
Ідзе вясна!


Міхась Стральцоў

#вершдня
Прыказка на кожны дзень

Прымак і перад катом шапку здымае.

#прыказка
📙 Выдавецтва "Скарына" праанансавала выхад кнігі вершаў Анатоля Івашчанкі "Непрамо(ў)ленае".

З водгуку на кнігу паэта Алеся Дуброўскага:
"Я люблю карціны, дзе намаляваны пяціпавярховыя хрушчоўкі. Я думаў, што гэта дзіўна любіць, а потым убачыў групы ў сацсетках, дзе гэтым хрушчоўкам ставяць тысячы падабаек. Усё пытанне ў тым, як перанесці ў мастацтва нашу пяціпавярховую рэальнасць ці наш час. “Час раскідваць бутэлькі і час іх зьбіраць па дварах” – так яго характарызуе Анатоль Івашчанка, і трансфармацыя біблейскай цытаты здаецца абсалютна арганічнай. Можа, калі ў паэта ёсць слых і калі паэт умее “транскрыбіраваць” мову гэтага пяціпавярховага часу, то словы складуцца “ў слушны радок”? Можа, ёсць сэнс дазволіць гэтаму часу прагучаць?.."

👉 Набыць кнігу тут

#палічка
📅 110 гадоў з дня нараджэння Аркадзя Куляшова

Арка́дзь Куляшо́ў нарадзіўся 6 лютага 1914, Саматэвічы, Клімавіцкага р-на — памёр 4 лютага 1978, Нясвіж.
📌 Пасля школы ў 1928 г. паступіў у Мсціслаўскі пэдтэхнікум. Далей вучыўся ў БДУ, уваходзіў у БелАПП, працаваў у рэдакцыі “Чырвонай змены”, браў удзел у ВАВ (франтавы карэспандэнт), пасля вайны працаваў галоўным рэдактарам на “Беларусьфільме”, быў дэпутатам ВС БССР.
📌 Пачаў друкавацца ў 1926 г. У траўні 1928 г. ў “Полымі” быў апублікаваны верш «Бывай…» . У 1930 г. выйшаў першы зборнік вершаў «Росквіт зямлі».
📌 А. Куляшоў быў вельмі пладавіты - выдаў некалькі дзясяткаў кніг, сярод іх былі пераклады, раманы ў вершах, паэмы і інш.
📌 У 1968 г. атрымаў званне народнага пісьменніка БССР. У 1970 г. - Дзяржаўную прэмію БССР імя Я. Купалы за пераклады вершаў М. Лермантава, «Энэіды» І. Катлярэўскага, «Песні пра Гаявату» Г. Лангфэла.
📌 Памёр раптоўна ў ноч на 4 лютага 1978 у санаторыі ў Нясвіжы, пахаваны ў сталіцы на Ўсходніх могілках.

#угэтыдзень