Лінейная (аг | рэг) рэсія
1.3K subscribers
85 photos
3 files
140 links
Пра даныя і як іх прыстасаваць да штодзённасці

Мяне можна знайсці

У твітары: https://twitter.com/aliaksandr_k
Англ: https://twitter.com/unfriendlydata
Ці ў тг: @shurackapalieski
Download Telegram
#war #пуцінхуйло

Пра вітамін В размову мы пакуль запаркуем, але нешта вам трэба ўсё ж распавесці. Распавяду вам пра статыстыку пуцінскай вайны супраць Украіны.

Так, гэта тэрапеўтычны пост. Але ягоны тэрапеўтычны характар не робіць гэтую статыстыку несапраўднай.

Танкі

На 31 дзень вайны расійская федэрацыя мае 296 задакументаваных стратаў па танках. Пад задакументаванымі стратамі маецца на ўвазе наяўнасць фота альбо відэа. Няма фота альбо відэа - няма страты. За 10 год у Афганістане СССР згубіў 147 танкаў. Так, за месяц вайны з Украінай пуцінскае войска згубіла 200% ад лічбаў з Афганістана. У ~120 разоў хутчэй, прыкладна. Наколькі поўная колькасць адрозніваецца ад колькасці задакументаваных мне складана сказаць, але большасць людзей, з якімі я размаўляў, лічыць, што можна дакідваць 20% без асаблівых праблем.

Забітыя

Я давяраю дадзеным амерыканскай разведкі. Пакуль што яны нас не падводзілі. Па стане на 23 сакавіка ацэнка была ад 7.000 да 15.000. Я проста ўзяў сярэднюю ад гэтага дыяпазону. Такім чынам, пуцінскае войска згубіла 80% ад забітых у Афганістане. Пры гэтым, мы ўжо некалькі дзён як перавысілі чачэнскія лічбы (абедзве вайны) - зараз у нас 11.000, там было ў сукупнасці 9.614 забітых.

Астатняе можна паглядзець на графіку
#war #пуцінхуйло

З нагоды "основные задачи спецоперации России на Украине выполнены" абнавіў вам графік. Дакінуў туды іншыя канфлікты, у якіх удзельнічала расія. Зрабіў іх шэрымі, каб акцэнтаваць увагу на Украіне. Нагадваю, што ўсё прыведзена да % ад стратаў у Афганістане. Таксама нагадваю, што гэта толькі задакументаваныя страты: няма фота ці відэа - няма страты
Пра колькасны аналіз і ваенныя рашэнні

#war

Аперацыя “Бура ў пустыні” часта апісваецца ў тэрмінах тэатральных: вытанчаная харэаграфія амаль мільённага войска, якая прывяла да знішчэння 20.000 - 50.000 іракскіх вайскоўцаў пры ўсяго 292 забітых з боку кааліцыі. Таксама, менавіта такія відэа пра гэтую аперацыю асацыююцца ў мяне з тэрмінам “тэатр ваенных дзеянняў”.

Таму мне падаўся цікавым гэты пост, заснаваны на ўспамінах былога аналітыка Ўпраўлення разведкі Міністэрства абароны ЗША, які прымаў удзел у планаванні аперацыі. На ягоную думку, усе статыстычныя разлікі, сімуляцыі, аналізы, якія каштавалі мільёны грошаў, не мелі ў выніку ніякага ўплыву на рашэнні, якія прымаліся суб'ектыўна і спантанна.

Кантэкст, пра які ён распавядае - гэта спроба аналізу таго, калі пачынаць наземную аперацыю. Камандуючы аперацыяй Норман Шварцкопф шукаў метадалогію ацэнкі поспеху паветранай кампаніі, каб зразумець, калі іракская армія будзе аслабленая настолькі, што наземныя сілы здолеюць паспяхова выканаць пастаўленыя задачы.

Па-першае, мне падалося цікавым, наколькі дэцэнтралізаваным быў аналіз. Аналітыкі Цэнтральнага камандавання ЗША, Упраўлення разведкі Міністэрства абароны ЗША, яшчэ нейкіх абрэвіятур, якія я не здолеў расшыфраваць. Па выніку, у камандуючага было на выбар некалькі аналізаў і мадэляў, якія канкурыравалі за ягоную ўвагу.

Па-другое, існавала праблема, знаёмая ўсім, хто будаваў статыстычныя мадэлі для прыняцця рашэнняў: частка мадэляў была занадта складаная і ўпакаваныя ў лішнія элементы, адзіная задача якіх - зрабіць так, каб мадэль выглядала больш “навукова”; іншая частка - занадта спрошчанай, па словах крыніцы: “і трэцякласнік б прыдумаў лепшую”.

У выніку, няздольны абраць паміж рознымі аналізамі, Шварцкопф проста сказаў: “да гары ўсё агнём, пачынаем наземную аперацыю, калі знішчым 50% іракскай арміі”. Пры гэтым, калі верыць крыніцы, гэта было мала таго, што непатрэбна, але яшчэ і недасягальна.

Цікава, што калі верыць гэтаму афіцыйнаму дакументу ад 2014 году, амерыканская армія і зараз надае мала ўвагі выключна колькаснаму аналізу. Працэс ацэнкі баявой моцы падсумоўваецца наступным чынам: “…хоць у працэсе і выкарыстоўваецца колькасны аналіз, ацэнка ў значнай ступені суб'ектыўная. Ацэнка баявой моцы патрабуе аналізу як матэрыяльных, так і нематэрыяльных фактараў, такіх як маральны дух і ўзровень падрыхтоўкі”

Мой уласны досвед, а таксама размовы з калегамі, падказвае, што гэта ўвогуле стандартная гісторыя. Калі ў таго, хто прымае рашэнні, ёсць на выбар некалькі колькасных ці іншых аналізаў, якія занадта складаныя/метадалогію якіх ён не разумее, даволі часта абіраецца проста той, які супадае з ягонай суб'ектыўнай ацэнкай. Адсюль і жарты пра тое, што бізнес аналітыкі, дата сайнцісты і іншыя аналітыкі дадзеных існуюць для таго, каб цешыць эга кіраўніцтва тым, што іхняя інтуіцыя супала са страшэннай матэматычнай вундэрфавляй, якую чарговы раз прыцягнулі “яйцагаловыя” са сваіх лабараторый кабінетаў. Нешта ў гэтым ёсць.
#sport #everyday

У твітэры ўзнікла спрэчка, фундаментальная для будучыні чалавецтва: ці можна развіць ягадзічныя мышцы з дапамогай прысяданняў. Адказваю

- Так, у прысяданнях “ягадзічныя” мышцы не з'яўляюцца асноўнымі. Пры класічных прысяданнях “да паралелі” актывацыя biiceps femoris і gluteus maximus у 2-3.5 разы менш, чым актывацыя “ног”.

- Калі прысядаць глыбока, за паралель, сітуацыя мяняецца. Актывацыя gluteus maximus (тыя самыя “ягадзічныя мышцы”) у пазітыўнай фазе ў 1.2 - 1.5 разы больш, чым актывацыя vastus medialis і vastus lateralis (тое, што мы называем “мышцы ног”)

- Калі прысядаць звычайна, да паралелі, максімальна ўключыць ягадзічныя мышцы можна з дапамогай больш шырокай пастаноўкі ног. Але розніца з любой іншай пастаноўкай ног не такая драматычная - усё роўна ў асноўным працуюць менавіта яны (ногі)

Высновы:
- Так, прысяданні вам у гэтым дапамогуць
- Яшчэ больш яны дапамогуць вашым нагам
- Можна спрабаваць прысядаць за паралель, але гэта патрабуе добрай тэхнікі і зайздроснай гнуткасці. Калі вы не цяжкаатлет, лепш пераключыцца на больш спецыфічныя практыкаванні
#war #пуцінхуйло

прайшоў амаль месяц з апошняга абнаўлення графіку па задакументаваных (толькі фота ці відэа) стратах расійскай імперыі. асноўныя высновы:

- калі давяраць дадзеным брытанскай разведкі, расія згубіла забітымі на 1000 чалавек больш, чым ссср за 10 год у афганістане. альбо ў 1.5 разы больш, чым за 2 чачэнскія
- у катэгорыі "танкі" украінцы імкліва іх набліжаюць да 400% ад згубленых у афганістане

нагадваю, усе канфлікты прыведзеныя да % ад афганістану. вайна ва ўкраіне - чырвоным, каб лепш было бачна, астатнія канфлікты - адценнямі шэрага
Дзякуй дзеду за перамогу мабільнасць паміж пакаленнямі

#statistics #history

Звычайна кажуць, што ў сучасным грамадстве карэляцыя паміж заробкам ці дабрабытам паміж пакаленнямі падае геаметрычна: калі карэляцыя заробку дзяцей і бацькоў - 0.5, карэляцыя з заробкам дзеда будзе 0.25, з заробкам прадзеда - 0.125 і г.д.

Ёсць забаўная папера, якая спрабуе гэта праверыць на дыстанцыі ў 20 пакаленняў. Калі ёй верыць, залежнасць куды больш сур'ёзная.

Трэба адразу сказаць, што ў паперы шмат статыстычных рашэнняў, у якіх лёгка накасячыць. Мне лянота іх правяраць, я ў палове не разбіраюся. Веру ў тое, што рабяты пастараліся.

А рабяты і праўда пастараліся. Знайшлі падатковыя дадзеныя жыхароў Фларэнцыі за 1427, прабач госпадзі, год. Знайшлі такія ж дадзеныя, але за 2011 год. Праз прозвішчы, нейкім чынам супаставілі, хто чый продак і ацанілі, як заробак і дабрабыт продка з 1427 году карэлюе з заробкам і дабрабытам нашчадка з 2011. Ёсць разбіўка па прафесіях нават, абсалютна захапляльна.

Што знайшлі. Знайшлі эластычнасць у 0.045 па заробку. Ну, тобок: дзед Джавані зарабіў за 1427 год 36.2 флорыны (сярэдні заробак). А сам Джавані за 2011 зарабіў 10000 еўра. У сябра Джавані дзед зарабіў 72.4 флорыны, у два разы больш. Тады сябар Джавані зарабляе прыкладна 10450 еўра ў год, на 450 еўра больш. З аднаго боку, не так шмат. З іншага боку, 600 год прайшло

Больш паказальная карціна, калі ўсіх разбіць на вышэйшы, сярэдні і ніжэйшы клас, па 33% кожны. Сачыце за рукамі:

Калі ў твайго продка не было ніякіх накапленняў у 1427 і ён трапляў у ніжэйшы клас, твае шанцы там застацца ў 2011 - 42%. А вось калі ў цябе быў багаты продак, твае шанцы трапіць у ніжэйшы клас у 2011 - толькі 27%. Нагадваю, прайшло 600 год.
Presentation Vardomatskiy.pdf
1.7 MB
Трымайце яшчэ вынікі сацыялагічнага апытання пра стаўленне беларусаў да пуцінскай вайны з Украінай. Я запытаў, ці публічная гэтая прэзентацыя, мне сказалі, што так. Скрыншоты з яе ўцягнулі ў твітэр яшчэ раніцай. Так што будзем лічыць, што публічная
Зоркі аўтарытарнай мадэрнізацыі і беларуская эканамічная навука

#statistics #belarus

Ёсць такая зорка беларускай аўтарытарнай мадэрнізацыі як Кірыл Руды. Кірыл Руды - прафесара кафедры сусветнай эканомікі і доктар эканамічных навук. У яго ёсць артыкул у часопісе “Банкаўскі веснік”, за люты 2021, пад назвай “О политэкономии финансовой стабильности”. Там ён мадэлюе “взаимосвязь между долгосрочным экономическим ростом и динамикой политических предпочтений”. Ну, груба кажучы, спрабуе “прадказаць” ці “патлумачыць”, чаму ў некаторых краінах падтрымліваюць дэмакратыю, у некаторых - аўтарытарных лідараў, ці ваенных і г.д.

Нас цікавіць ягоная лінейная мадэль “прадказання” ці “тлумачэння” узроўню падтрымкі ваенных. R^2 гэтай мадэлі - 1. Калі вам не смешна, віншую - вы здаровы чалавек. Мне вельмі смешна і зараз я буду тлумачыць так, каб і вам было. Спачатку будзе крыху нудна, але заставайцеся на сувязі - потым будзе забаўна.

Я буду спрошчваць і апускаць дэталі, але для папулярнага тлумачэння пойдзе. Уявіце сабе, як у школе, каардынатную плоскасць. X у нас будзе “аб’ём экспарту фіялак”, а Y - “колькасць забойстваў на душу насельніцтва”. Цяпер паставім адну кропу, Беларусь. Праз нашую няшчасную Беларусь можна правесці прамую лінію. Цяпер дакінем яшчэ кропку, Уганду. Праз любыя 2 кропкі на каардынатнай плоскасці таксама можна правесці прамую лінію. Такім чынам, усе нашыя кропкі ляжаць на прамой лініі і гэтая прамая лінія ідэальна “тлумачыць” залежнасць колькасці забойстваў ад экспарту фіялак, і фіялкамі можна беспамылкова прадказваць забойствы. R^2, альбо “якасць падгонкі” такой лінейнай мадэлі будзе 1, ідэальная. Як у Кірыла Рудага. А вось калі мы дакінем яшчэ кропку, прамую лінію ўжо не абавязкова атрымаецца правесці так, каб усе тры з іх ляжалі на ёй. Можна, але не абавязкова.

Цяпер уявім трохмерную прастору: экспарт фіялак, папулярнасць гурту РСП і колькасць забойстваў. Праз адну, дзве ці тры кропкі на гэтай прасторы заўсёды можна правесці плоскасць. І R^2 будзе 1. Ідэальная мадэль. А праз чатыры - ужо не абавязкова. Не складана здагадацца, як гэта абагульніць: калі на прасторы, сфармаванай N пераменнымі, ляжыць N ці менш кропак, праз іх заўсёды можна правесці N-1 гіперплоскасць. І заўсёды атрымаць R^2 = 1 (насамрэч для той мадэлі, якой карыстаецца Руды, гэта справядліва і для N+1 кропак, але тое тэхнічныя дэталі).

Іншы папулярны метад стрэльнуць сабе ў нагу і атрымаць ідэальную мадэль - гэта прадказваць пераменную з дапамогай гэтай ж пераменнай. Ну, колькасць забойстваў з дапамогай колькасці забойстваў. Ідэальнае прадказанне, R^2 = 1.

Што канкрэтна нарабіў Кірыл Руды я не ведаю. З таго, што напісана ў тэксце, памылку рэканструяваць нельга. У яго 38 краін для аналізу і 13 пераменных. Падазраю, недзе згубіў больш паловы сваіх назіранняў.

Памылкі робяць усе. Памылкі такога кшталту ўвогуле здараюцца часта. Нармальная рэакцыя на гэта - пабачыць, што ў цябе R^2 = 1, зрабіць кавы і пачаць разбірацца, дзе ты накасячыў. Тое, што ў Кірыла Рудага, ці ў аспірантаў у ягоным рабстве, якія насамрэч пісалі гэты артыкул, нічога не стрэльнула ў галаве, ёсць даволі іранічным. Тое самае тычыцца рэцэнзентаў, якія гэты артыкул правяралі і дапускалі да публікацыі.

А разгадка простая: беларуская эканамічная навука ў заўважнай ступені - карга-культны карга-культ, дзе шмат у каго мала ўяўлення пра тое, чым яны спрабуюць займацца.
pdf_rudy.pdf
290.2 KB
Шмат у каго не працуе спасылка на артыкул вышэй, то трымайце пдфку
#science

Тут у твітэры чарговы рускі ліберал не можа разабрацца, як можна квантавую фізіку выкладаць па-ўкраінску. Пра беларускую мову таксама часта чуў такі аргумент.

Разбіраць імперскія комплексы рускіх лібералаў у мяне жадання няма, як і "русскость" слоў "квантавая" і "фізіка", а вось паглядзець на лінгвістычны ландшафт сучасных навук - заўсёды калі ласка.

Ёсць базы дадзеных, Web of Science і Scopus, якія індэксуюць навуковыя артыкулы. За 2018 год 93-95% усіх навуковых артыкулаў былі напісаныя па-англійску. На рускай было напісана прыкладна 0.5% усіх навуковых артыкулаў - у два разы менш, чым на іспанскай і прыкладна столькі ж, колькі на партугальскай.

Выснова з гэтага вельмі простая - ніякай мовай навукі руская не з'яўляецца. Вучыць рускую як "мову навукі" мае столькі ж сэнсу, як вучыць партугальскую. Калі вы хочаце займацца навукамі, трэба вучыць англійскую. Натуральна, ёсць выключэнні, напрыклад гісторыя - там людзі вучаць мовы тых рэгіёнаў, якімі займаюцца.
#war #statistics #belarus

Пад’ехала чарговае апытанне пра стаўленне беларусаў да пуцінскай вайны з Украінай. У адрозненні ад папярэдняга апытання, якое я скідваў, цяпер у нас не тэлефоннік, а інтэрнэт-панэль.

З большага, лічбы падобная. Жадаюць удзелу Беларусі ў вайне супраць Украіны 3% (магія). У тэлефонніку такіх было 11%.

Падтрымліваюць дзеянні расіі ў той ці іншай форме 8% - 39%, у залежнасці ад пытання. У тэлефонніку было ~25-40%

Самай “папулярнай” формай падтрымкі ёсць “Поддержать действия России, но не вступать в военный конфликт” - 28%. Не жадаюць падтрымліваць расію, хочуць вываду войска/нейтралітэту/падтрымаць Украіну/ваяваць за Украіну - 45%.

З большага, гэтая пара апытанняў выглядае адэкватна: на інтэрнэт-панэлі лічбы крыху лепш, на тэлефонніку - крыху горш, але з большага яны падобная. З улікам таго, што нічога лепшага мы верагодна не атрымаем, я б на іх арыентаваўся як на лепшую прыкідку.
Слава расійскім палітолагам!

#war

Ёсць кароткі артыкул, які ідэальна прадказаў тое, як будзе развівацца вайна расіі супраць Украіны. Апублікаваны ён 3 лютага 2022 і называецца “Прогнозы кровожадных политологов”. Назва падабаецца мне вельмі. Аўтар артыкула: “Михаил Михайлович Ходаренок – экс-начальник группы 1-го направления 1-го управления Главного оперативного управления Генштаба ВС РФ, полковник”

Я рэкамендую яго прачытаць: ён кароткі і па прашэсці 70 дзён вайны - прарочы. Але размаўляць я хачу не пра яго, а пра тое, як атрымалася, што сотні палітолагаў, журналістаў, каментатараў, іншых спецыялістаў тысячы талентаў, да нават ваенных экспертаў прадказвалі хуткую перамогу расіі, а былы афіцэр расійскага генштабу прадказваў будучыню.

Уявім, што ў групы людзей увогуле ёсць экспертыза наконт нейкай сферы. Ну, у афіцэраў расійскага генштабу наконт ваенных розных спраў. Экспертыза ў іх мабыць ёсць, а вось стымулаў дзяліцца з намі - няма. Затое, верагодна, ёсць стымулы не дзяліцца і не выпадаць раптоўна з акна. Наколькі шмат стымулаў у іх было дзяліцца са сваім палітычным кіраўніцтвам - тое яшчэ пытанне. З палітолагамі ўсё наадварот.

Калі каротка, у такіх сітуацыях варта прыглядацца да людзей яшчэ з нейкай экспертызай, але ўжо без супольных інтарэсаў. Адстаўнікі, прадстаўнікі сумежных, але іншых сфер і г.д. - лепшыя варыянты. Формула, натуральна, не ідэальная - адстаўнікі могуць быць пакрыўджанымі на сваіх былых калег, сярод нават сумежных сфер можа быць канкурэнцыя за рэсурсы - але месцамі вельмі працоўная.

Цяпер да нашага аўтара. Афіцэр генштаба, але ў адстаўцы. У ёй ён даўно, але, калі верыць гуглу, ваенную аналітыку піша рэгулярна. Экспертыза павінна быць, супольных інтарэсаў можа ўжо і не быць. Добры прыклад.

Хто б мог чакаць, але яшчэ адным добрым прыкладам ёсць Гіркін. Экспертыза ў тэрарыстычнай дзейнасці на тэрыторыі Украіны ў яго - памерам з боінг, а супольных інтарэсаў з генштабам расіі не так шмат: ні туды, ні ўвогуле да кармушкі яго не пусцілі. Месцамі бачна, што ён пакрыўджаны, але аналіз вайны ва Украіне і прагнозы ў яго пакуль надзіва якасныя.

У навуках такое здараецца часта, калі трэба выкрыць фальсіфікацыі, падман, дрэнныя навуковыя практыкі. З трох аўтараў папулярнага, шэсць тысяч разоў працытаванага, артыкула пра фальсіфікацыі ў псіхалогіі, два - не псіхолагі. John Ioannidis, аўтар артыкулу пра тое, чаму большасць навуковых адкрыццяў - няпраўда, увогуле страляе без разбору: у псіхолагаў, эканамістаў, дыетолагаў і г.д. Сядзіць сабе ў іншым горадзе ў сваёй Stanford School of Medicine і што ты яму зробіш. Экспертыза ў іх усіх гіганцкая, а супольных інтарэсаў з тымі, каго яны крытыкуюць, няма.

Мараль тут простая: ніколі б не падумаў, але рады, што ў расіі так шмат палітолагаў.
#statistics #everyday

Чытаў вясёлы артыкул, як карэйцы і японцы бяруцца шлюбам - на радзіме і ў ЗША.

Кавалеры-эмігранты карэйскага і японскага паходжання бяруцца шлюбам з амерыканкамі не сваёй этнічнасці толькі ў 16% выпадкаў. Нявесткі-эмігранткі карэйскага і японскага паходжання - у 34% выпадкаў.

Нават сярод тых карэйска-японскіх кавалераў, якія нарадзіліся ў ЗША, гэты працэнт - 36. Сярод дзяўчат - 49%.

Тлумачэнне ў артыкуле наступнае. Ёсць краіны з традыцыйна нізкім удзелам жанчын на рынку працы. Ёсць краіны з высокім. Будзем лічыць гэта нейкім проксі патрыярхальнасці выхавання, культуры, традыцый. Тыя нявесткі, якія бяруцца шлюбам з хлопцамі не з такіх культур, займаюцца хатняй гаспадаркай на 6 гадзін у тыдзень менш, чым тыя, хто пабраўся шлюбам з патрыярхальнымі хлопчыкам. Гэта праўда, нават калі кантраляваць на заробак, наяўнасць дзяцей і г.д.

6 гадзін у тыдзень - гэта шмат ці не? Для прыкладу, па ацэнцы гэтай ж мадэлі, кожны дзіцёнак да 18 год дадае 4 гадзіны хатніх абавязкаў у тыдзень. Тут я задумаўся, наколькі гэта рэалістычная ацэнка (выглядае малой), але калі да 18, эфект першых год можа размывацца. Кожная дадатковая гадзіна працы, якую працуе муж, дадае 13 хвілін да хатніх абавязкаў жонкі.

Але гэта гіпотэза аўтараў. Мая гіпотэза простая - анімэ. Калі паглядзець, напрыклад, на еўрапейскі кіберспорт - самыя паспяховыя з іх непрапарцыйна анімэшнікі і непрапарцыйна бяруць сабе ў жонкі азіятак. А вось хлопчыкам-азіятам застаецца толькі матэматыка, толькі тэхнічныя дысцыпліны, толькі ІТ, толькі хардкор. Спадзяюся, сітуацыю для іх выправіць кейпоп.
Насамрэч, асноўны фокус артыкула - гэта феномен “Gold Miss”: адукаваныя азіяткі ў краінах Азіі менш выходзяць замуж. Для мужчын - усё наадварот. У Штатах такой праблемы няма. Ёсць меркаванне, што пакуль няма.
Знайдзі расіста з дапамогай статыстыкі і філасофіі навукі

#statistics

Даследаванне пра расавую дыскрымінацыю ў амерыканскай судовай сістэме. Дадзеныя пра 1116 суддзяў і 380000 прысудаў. Замяраецца тое, колькі год у сярэднім атрымліваюць чорныя, белыя, лацінасы і іншыя. Аналіз кантралюецца на тып злачынства, крымінальную гісторыю падсудных і іншыя фактары, якія могуць уплываць на прысуд.

Праз гэты аналіз знайшлі самых расісцкіх суддзяў - тых, хто выносіць больш жорсткія прысуды чорным ці лацінасам, але не белым. Напрыклад, у цябе было 100 чорных, 40 з іх ты апраўдаў. А са 100 белых, якія ў цябе былі, ты апраўдаў 60. Выбарка вялікая, вынік падазроны, вынік кансістэнтны з дэфініцыяй расізму. А значыць ты расіст. Гучыць лагічна.

Цяпер сачыце за рукамі. Дакладней, рукамі падлічваць мне лянота, таму я проста напісаў сімуляцыю: 1116 суддзяў, у кожнага па 380000/1116 спраў, палова падсудных - чорныя, палова - белыя. Шанец вынесці апраўдальны прысуд заўсёды 50%. Максімальная роўнасць. Таксама прыкруціў ім рандомны генератар імёнаў (інакш неяк непрыгожа).

Атрымаў наступных таварышаў:

Abeyta, Jazmin: 35.3% апраўдальных прысудаў чорным супраць 54% белым
al-Soliman, Mawdood: 38.2% супраць 55.8%
Houge, Charrdonnay: 40.1% супраць 57%

І г.д.

Што гэта значыць? Гэта значыць, што інтэрпрэтацыя дадзеных крытычна залежыць ад гіпотэзы, якую мы правяраем, ад пытання, якое мы задаём.

Калі правяраць гіпотэзу “сярод нас ёсць суддзі-расісты, хто яны?” (“сярод 1116 манет ёсць падкручаная манета, якая з іх?”), натуральна, што Jazmin, Mawdood і Charrdonnay - першыя кандыдаты на тое, каб быць названымі расістамі.

Калі правяраць гіпотэзу “ці ёсць сярод нас суддзі-расісты?” (“ці ёсць сярод 1116 манет падкручаная?”), дадзеныя абсалютна кансістэнтныя з тым, што ў кожнай манеты 50% шанец выпасці на любы бок. Проста калі падкінуць 1116 манет па 340 разоў кожную, рана ці позна мы пабачым анамальныя вынікі.

Паперу яны па выніку перапісалі, адзін з аўтараў нават выдаліў твітэр.
Самы расісцкі суддзя таксама не сышоў непакараны. На ягонай старонцы ў вікі (https://en.wikipedia.org/w/index.php?title=C._Darnell_Jones_II&oldid=1036140457) пэўны час была інфармацыя, што ён - самы расісцкі суддзя ў адпаведнасці з навукай. Прычым, у дачыненні да чорных. Выглядае ён вось так. Памятайце: trust the science!
#everyday #finance

Час ад часу чую, што мае калегі, знаёмыя ці знаёмыя знаёмых займаюцца тым, што называецца active trading ці там day trading - набываюць, прадаюць, сочаць за рынкамі ўсялякай крыпты, акцый, валют і іншага, з надзеяй зарабіць бабло.

Мне, канешне, зрабілася цікавым, наколькі гэта асэнсаваная актыўнасць.

Я знайшоў дзве паперы: адна аналізуе дадзеныя з тайваньскай фондавай біржы за 1992 - 2006. Другая аналізуе дадзеныя з бразільскага “Comissão de Valores Mobiliários” за 2012-2017. Абедзве паперы добрыя тым, што стараюцца паглядзець на індывідуальных трэйдараў на доўгай дыстанцыі, каб зразумець, ці існуюць сістэматычна добрыя стратэгіі, навыкі і г.д.

У першай паперы знайшлі, што менш 1% трэйдараў прадказальна і надзейна зарабляюць на доўгай дыстанцыі. Другая папера знайшла, што толькі 1.1% зарабляе больш, чым мінімальны заробак у Бразіліі. Самы паспяховы трэйдар зарабляў у сярэднім 310$ у дзень, са стандартнай дэвіяцыяй у 2.560$. Ну, тобок - заробак добрага праграміста ў беларускім айці + гіганцкія рызыкі.

Дарэчы, існуе даволі папулярны канал пра фінансы з кантэнтам пра Беларусь і месцамі па-беларуску. Натуральна, не магу не падзяліцца
#science

Псіхалогія - дысцыпліна правальная, у якой большасць (60-80%, у залежнасці ад таго, як лічыць) даследаванняў не праходзяць незалежную праверку. Я прыводзіў некалькі прыкладаў.

Тут зрабілі спіс вядомых і папулярных тэорый, эксперыментаў, даследаванняў, якія не прайшлі незалежную праверку. Ліст вельмі доўгі, я сканцэнтруюся на тым, што яны пазначаюць як “no good evidence” - адсутнасць добрых доказаў:

• “Стэнфардскі (турэмны) эксперымент” і ўсе ягоныя высновы. Калі сказаць адным, што яны цяпер назіральнікі, яны не пачнуць хутка здзекавацца над тымі, каму сказалі быць вязнямі
• “Эксперымент Мілгрэма”. Калі навуковец у белым халаце будзе казаць людзям біць іншых людзей токам, людзі звычайна гэтага не робяць
• Не, ураганы, якія называюцца жаночымі імёнамі, не забіваюць больш людзей, бо людзі менш баяцца жанчын
• Не выглядае, што сіла волі абмежаваная ў тым сэнсе, што і фізіялагічныя магчымасці чалавека - людзі не стамляюцца ад таго, што практыкуюць сілу волі, гэта не рэсурс
• Эфекту Даннінга — Кругера таксама верагодна не існуе. Хвіліна маўчання па тых, хто вакол гэтага мема пабудаваў сабе ідэнтычнасць
• “Множны інтэлект”, як набор статыстычна незалежных "інтэлектаў", напрыклад “эмацыйны інтэлект” vs той інтэлект, які мераецца тэстамі IQ
• Гены якія “адказваюць” за дэпрэсію. Пераправерка 18 даследаванняў з генамі-кандыдатамі паказала 0 станоўчых рэзультатаў
#war #statistics

Часта чую аргумент, што апытанням у расіі наконт вайны давяраць нельга, бо людзі баяцца ўдзельнічаць у гульнях сацыёлагаў.

Аргумент будуецца наступным чынам: пасля пачатку вайны растуць рэпрэсіі -> нават вайну нельга называць вайной -> людзі, якія не падтрымліваюць пуцінскі рэжым, залягаюць на дно = рост падтрымкі пуціна і вайны, які мы бачыў у апытаннях, выкліканы структурным скосам выбаркі - там засталіся толькі ватнікі і пуцінойды

Левада вырашыла праверыць гэта простым спосабам: 1) узялі людзей, якія праходзілі іхнія апытанні ў 2021 2) падзялілі іх на групы ў залежнасці ад таго, падтрымлівалі яны тады пуціна ці не 3) праверылі, ці можна да іх датэлефанавацца ў 2022 і правесці з імі апытанне.

Адказ: Падтрымліваў ты пуціна ў 2021 ці не - верагоднасць прайсці апытанне аднолькавая. Тобок, ніякіх структурных скосаў выбаркі не назіраецца. Тобок, расіяне падтрымліваюць вайну і пуціна.