Лінейная (аг | рэг) рэсія
1.3K subscribers
85 photos
3 files
140 links
Пра даныя і як іх прыстасаваць да штодзённасці

Мяне можна знайсці

У твітары: https://twitter.com/aliaksandr_k
Англ: https://twitter.com/unfriendlydata
Ці ў тг: @shurackapalieski
Download Telegram
Пра беларускі фэйсбук, малпаў, сантыметры, эканамічную няроўнасць і ўважлівасць

#everyday

Уявім сабе вельмі асцярожную малпу міліён год таму. Яна пастаянна бачыла драпежнікаў у афрыканскім гушчары, чым моцна раздражняла сваіх калег - іншых малпачак. “Ты проста бачыш патэрны ў рандомых дадзеных” - казалі яны ёй з дапамогай гукаў і крыкаў рознага дыяпазону і гучнасці. Дададзім у гэтую гісторыю шаблязубага тыгра. Шанцаў, што асцярожная малпа перадала нам свае гены куды больш, чым шанцаў, што менш асцярожныя малпы бегаюць хучэй за тыгра. Так тлумачыцца беспрэцэдэнтная здольнасць людзей бачыць патэрны ва ўсім, чым толькі можна. Ну, ці амаль так.

У беларускім фэйсбуку, на старонцы Сяргея Чалага, на днях з’явіўся прэкрасны прыклад таго, як людзі спрабуюць патлумачыць проста шум у дадзеных. Для тых, хто адмаўляецца кавырацца ў беларускім фэйсбуку, перакажу сутнасць гісторыі. Ourworldindata мае ў сваёй базе дадзеных наступны графік змены сярэдняга росту людзей цягам гісторыі. У ім ёсць забаўны артэфакт - каля 1450 год д.н.э. людзі рэзка зрабіліся заўважна больш высокімі, а потым зноў пачалі быць нізкімі.

Малпа бачыць патэрн - малпа тлумачыць. Мой асабісты фаварыт сярод тамашніх гіпотэз гэта гвалтоўная акупацыя хомасапіенс неандэртальцамі, што і выклікала рэзкі рост наступных пакаленняў. У 1450 годзе да нашай эры. З іншага боку, калі б я, будучы мікенскім войнам каціў на сваёй калясніцы ў 1450 годзе д.н.э. і сустрэў неандэртальца, не ведаю, як б павялі сябе мае сантыметры. Але большасць тамашніх гіпотэз зводзіцца да выбуху вулкана. Прыдумаць, як канкрэтна гэта павінна было стымуляваць рост - тое яшчэ ментальнае практыкаванне.

Цяпер звярнем увагу на шкілетаў, мумій, эканамічную няроўнасць і сантыметры. Так склалася, што калі пры раскопках знаходзяць пахаванні высокастатусных асобаў, іх косткі часта больш чым у суседніх пахаваннях. І гэтаму ёсць даволі простае тлумачэнне: высокі статус дазваляе пазбегнуць голаду і дрэннай дыеты, асабліва ў дзяцінстве, што істотным чынам паўплывае на далейшы рост арганізму. Калі проста: багатыя - жэрлі, бедныя - галадалі.

Да фэйсбучных дэбатаў гэта тычыцца даволі дэтэктыўным чынам. Калі паглядзець, дзе ourworldindata узялі дадзеныя, можна зразумець, што яны проста візуалізавалі таблічку з Hermanussen (2003). Пры гэтым, зрабілі памылку нават у даце публікацыі, што ўжо намякае. Таблічка таксама не арыгінальная, а ўзятая з Angel (1984). Узятая таксама не цалкам, бо на 1450 BC прыведзеныя дадзеныя (і гэта ключавы факт) па Royal, але не прыведзеныя дадзеныя па Commoners, якія на 6.4 сантыметры ніжэй. Тое, што там дадзеныя толькі па пары індывідаў можна зразумець па адсутнасці estimated population density, што і лагічна - адкуль density ў пары шкілетаў з аднаго кургана.

У адпаведнасці, ніякага “аўтлаера” у 1450 ВС, канешне, няма – ёсць неакуратная праца з дадзенымі і шэраг паступовых памылак, якія і прывялі да публікацыі папулярнага, але памылковага графіка. Поўны і правільны варыянт можна глянуць у Boix & Rosenbluth (2014), а менавіта – Figure 1 і Table 3

З ростам аб’ёму даступных дадзеных, было б карысным прывіваць людзям культуру працы з імі. З іншага боку, ёсць меркаванне, што нашым продкам малпачкам было цікавей уяўляць захапляючыя патэрны ў афрыканскім гушчары, а не маркотна кавырацца ў зямлі палкай-капалкай. Так што fair enough.
"Прыгожую ці разумную", "Багатага ці добрага" альбо іншыя фундаментальныя пытанні патрыярхальнага грамадства часоў позняга капіталізму

#statistics #everyday

Выбіраць сабе партнёра з дапамогай статыстычнага аналізу, вымярэнняў і тэстаў ёсць вельмі эфектыўнай стратэгіяй: так вы пераканаеце патэнцыйнага партнёра ў сваёй адэкватнасці, высокай ступені эмпатыі і адсутнасці аўтызму. Але для таго, каб гэта рабіць, патрэбныя дадзеныя. Зараз мы гэтым і займемся.

Характар людзей звычайна мераюць з дапамогай Big 5 personality traits model. Яна складаецца з 5 характарыстык: Conscientiousness (адказнасць/сабранасць/добрасумленнасць), Extraversion, Neuroticism, Agreeableness і Openness to Experience. Трэба разумець, што гэтыя характарыстыкі не з’яўляюцца эмпірычнымі сутнасцямі самі па сабе, але зручна апісваюць комплексную эмпірычную рэальнасць чалавечага характара. І важна не блытаць мадэлі з тым, што яны апісваюць.

Падабенства характараў мае пазітыўны ўплыў спачатку і таму ёсць шмат доказаў. Аднак, яно мае негатыўны ўплыў на доўгатэрміновае задавальненне шлюбам, калі разглядаць перыяд ад 10 да 20 год. Асабліва негатыўны ўплыў мае падабенства па Conscientiousness і Extraversion. Пры гэтым, падобныя па Extraversion пары і першапачаткова мелі ніжэйшую задаволенасць шлюбам, тады як падабенства па Conscientiousness напачатку не мае ніякага негатыўнага эфекту, але істотным чынам спрыяе дэградацыі шлюба з часам.

Выглядае, што двум арганізаваным, працавітым і амбіцыёзным выпускнікам умоўнага МДЛУ прасцей сыйсціся, асабліва калі толькі адзін з іх – флексер і ўмее ў каралеўскі ніжні брэйк, а другі аддае перавагу серыялам, кнігам ці Доце. Аднак, пры нарастанні істотнасці эфектыўнага размежавання абавязкаў (напрыклад, са з’яўленнем дзяцей), пры падабенстве па Conscientiousness нарастае канфлікт інтарэсаў: у абодвух амбіцыі, у абодвух ПРАВІЛЬНАЕ разуменне таго, як і што рабіць, якое яны змяняюць з вялікімі цяжкасцямі.

Калі разглядаць індывідуальныя характарыстыкі, то высокі бал у Neuroticism негатыўны паўплывае на задавальненне шлюбам, тады як высокі бал у Agreeableness, Conscientiousness і Openness to Experience – пазітыўна. Для Extraversion дакладнай карэляцыі знайсці не атрымалася. Наўрад ці гэта вельмі шакуючыя навіны: нікому не падабаюцца шуганыя неўротыкі, усім падабаюцца арганізаваныя, адкрытыя да новага досведу людзі, з якімі лёгка дамаўляцца.

Калі цікава, тэст на Big 5 можна прайсці тут ці тут.

Цяпер пра тое, што хвалюе кожнага беларуса: заробак. Вядома, што гістарычна рост фінансавай незалежнасці жанчын спрыяў большай ініцыяцыі разводаў з іх боку. Аднак для сучасных шлюбаў, ні фінансавая незалежнасць жанчын, ні агульны прыбытак сям’і не карэлююць з верагоднасцю разводу. Адзіная рэч, якая з ёй карэлюе – адсутнасць у мужчын full-time працы, што вядзе да значнага павелічэння рызыкі разводу. Ведаю, я сам у шоку.

Куды цікавей залежнасць паміж адносным заробкам і здрадамі. Графік настолькі прэкрасны, што вельмі раю да яго дагартаць: старонка 483 выдання, альбо 15/27 самаго pdf. Уявім шкалу, дзе -1 рэпрэзентуе, што зарабляе толькі мужчына, +1 – тое, што зарабляе толькі жанчына, а 0 – аднолькавы заробак. У жанчын залежнасць строга лінейная: з ростам значэння на шкале верагоднасць здрады падае, з 5.5% пры -1 да 1.8% пры +1. Для мужчын залежнасць куды весялей: пры -1 верагоднасць здрадзіць каля 14.5%, потым яна імкнецца да свайго мінімума на адрэзку -0.1 да +0.2 (каля 3%), потым зноў пачынае расці і на +1 выходзіць на 4%. Выснова для жанчын: бярыцеся шлюбам з тымі, хто зарабляе на 20% менш.

Калі спрабаваць тлумачыць гэты феномен, можна звярнуць увагу на гетэрагенны эфект адукацыі: так, каля 85% жанчын лічыць, што пул патэнцыйных партнёраў зменшыўся апасля атрымання імі ступені, тады як 90% мужчын лічыць, што адукацыя наадварот павялічыла колькасць даступных ім партнёраў.
"Прыгожую ці разумную", "Багатага ці добрага" альбо іншыя фундаментальныя пытанні патрыярхальнага грамадства часоў позняга капіталізму. Частка 2

#statistics #everyday

Увесь тыдзень я абмяркоўваю са сваімі знаёмымі папярэдні пост пра статыстыку і пошук партнёраў. Натуральна, усе мы малпачкі і гэтая тэма усіх нас цікавіць. Я вырашыў яе працягнуць, аддаўшы цяпер павагу нашым далёкім продкам.

Некалькі слоў пра біялагічныя тлумачэнні паводзінаў людзей. Яны выклікаюць вялікую незадаволенасць пэўных колаў больш гуманітарнай акадэміі. З аднаго боку, гэта вылікана спадчынай сацыяльнага дарвінізму і папулярнымі некалі практыкамі апраўдваць “прыродай” прымус і эксплуатацыю: іншых рас, іншых народаў, жанчын. З іншага боку, гэта выклікана нізкай падрыхтаванасцю гэтых колаў ў плане эмпірычных даследванняў. Агулам, трэба заўсёды памятаць, што чалавечыя паводзіны комплексныя, на іх уплывае мноства чыннікаў і нават калі біялагічныя тлумачаць частку варыяцыі, яны ніколі не тлумачаць усю.

У Швецыі існуе база дадзеных па адаптаваных дзецях. Як правіла, менавіта такія дадзеныя выкарыстоўваюцца для размежавання сацыяльных і біялагічных эфектаў, асабліва калі біялагічныя бацькі ніякім чынам у выхаванні дзяцей не ўдзельнічалі. Прыкладна год таму выйшла даследванне каля 20.000 адаптаваных дзяцей на прадмет патэрнаў іх сямейнага жыцця.

У выбарку траплялі дзеці, адаптаваныя да 10 год ў поўныя сем’і, толькі пры наяўнасці дадзеных пра біялагічных бацькоў. Гэта дазваляе параўноўваць патэрны сямейнага жыцця паміж імі, іх біялагічнымі і легальнымі бацькамі. Вынікі наступныя: развод легальных бацькоў уплывае на развод дзяцей ў межах ад -14% да +7%, тобок ніяк не паўплывае; развод біялагічных бацькоў строга павялічвае шанец разводу дзяцей, ад +13% да +31%.

Але, у мяне ёсць некалькі пытанняў да гэтага даследвання. Па-першае, планка “да 10 год” падаецца даволі высокай, бо значныя этапы сацыялізацыі ўжо паспелі адбыцца. Гэтую праблема можна было б вырашыць проста ўключыўшы ў аналіз ўзрост адаптацыі. Але гэтага я не знайшоў, што вылікае падазрэнні. Па-другое, адсутнічае кантроль за камунікацыяй паміж адаптаванымі дзецьмі і іх біялагічным бацькамі. Калі такая камунікацыя магчымая, біялагічныя бацькі ўсё яшчэ могуць выступаць для сваіх дзяцей сацыяльным прыкладам. Магчыма, такая камунікацыя абмяжоўваецца законам, напрыклад праз нераскрыццё інфармацыі пра біялагічных бацькоў, але з артыкулу гэта не зразумела, а па-швецку я не чытаю.

Таксама, даволі даўно вядома, што развод аднаго з моназіготных блізнят у значна большай ступені павялічвае верагоднасць разводу другога, у параўнанні са звычайнымі (гетэразіготнымі) братамі і сёстрамі. З улікам таго, што моназіготныя блізняты генэтычна нашмат больш падобныя, гэты факт кажа на карысць наяўнасці генэтычных чыннікаў разводаў.

Цяпер паразмаўляем пра тое, аб чым вы ўсе разважаеце перад сном: пра ваш major histocompatibility complex (HLA). HLA - гэта генэтычны кластэр, які ў вялікай ступені адказвае за адаптыўную імунную сістэму. Прынамсі, гэта тое, як я гэта зразумеў апасля 20 хвілін кавырання ў гугле. Вядома, што вялікая колькасць млекакормячых шукае сабе сэксуальным партнёраў з адрозным HLA, што вядзе да больш варыятыўнай і таму больш эфектыўнай імуннай сістэмы нашчадкаў. Карыстаюцца яны для гэтага сваім абаняннем.

Пытанне ў тым, ці існуюць аналагічныя патэрны сярод людзей. Канешне ж існуюць. Сама здольнасць людзей аддаваць перавагу пахам на падставе ступені адрознення HLA не з’яўляецца вельмі добра даказанай, бо існуюць эксперыменты з канкуруючымі вынікамі. Аднак добра вядома, што ступень адрознення HLA пастаянных партнёраў большая, чым можна было б чакаць by chance. Пры гэтым, нават сярод пастаянных партнёраў большае адрозненне HLA карэлюе са ступенню задаволенасці адносінамі, сэксуальным задавальненнем, а таксама жаданнем завесці дзяцей. Цікава, што першыя дзве залежнасці назіраюцца як сярод мужчын, так і сярод жанчын, але апошняя - жаданне завесці дзяцей ад HLA адрознага партнёра - назіраецца толькі сярод жанчын, тады як мужчын HLA маці сваіх патэнцыйных дзяцей пакідае раўнадушным.
Пра вітамін D

#vitamin_d #health #everyday

Калі зайсці на cochrane library і пашукаць інфармацыю пра вітамін D (а менавіта там трэба шукаць медыцынскую інфармацыю) , можна зразумець, што D - гэта новы вітамін C. Там пра ўплыў/лячэнне вітамінам D астмы, рассеянага склерозу, хранічных боляў і яшчэ 89 рэв'ю (сістэматызацыя клінічных доказаў), а таксама дадзеныя пра 15797 клінічных эксперыментаў з вітамінам D. Ёсць, дзе пакавырацца.

Нас цікавіць пераважна уплыў D на настрой. Прычыны даволі простыя: 1) у нас з вамі выдаўся не самы просты перыяд і да нашага настрою ёсць пытанні 2) мы жывем у лакацыі з маленькай колькасцю сонечных дзён. Маленькая колькасць сонечных дзён - мала D. Калі дэфіцыт вітаміна D спрыяе млявасці і абыякавасці да жыцця, у нас праблема.

На гэтым тыдні будзем разбірацца, якія ў нас ёсць на руках доказы і што нам рабіць (спойлер - піць вітамін D).

Калі разглядаць эпідэміялагічныя дадзеныя (проста назіраем за людзьмі, ніякіх эксперыментаў), у нас звычайная праблема карэляцыя vs прычыннасць - гэта людзі мала гуляюць па сонцы і таму сумныя, ці ў іх дэпрэсія і ім агулам цяжка выходзіць з хаты? Але пачнем менавіта з іх.

Я уцягнуў дадзеныя па суіцыдах адсюль і па сонечнай актыўнасць адсюль. Зразумела, што суіцыды - не самая аптымальная аперацыяналізацыя, калі трэба памераць эфект на настрой агулам, без экстрымаў (беларусь, дарэчы, традыцыйна ў топ-5). Ультрафіялет таксама можа быць не лепшай аперацыяналізацыяй. Але гэта было прасцей за ўсё знайсці, так што пачнем з таго, што ёсць.

Першы графік паказвае карэляцыю (па краінах) паміж суіцыдамі і сонечнай актыўнасцю. Яна не моцная, але яна ёсць. Агулам, 16% варыяцыі ва ўсіх суіцыдах на планеце можна "патлумачыць" сонечнай актыўнасцю. Менш сонца - больш суіцыдаў. Другі графік - тыя ж самыя дадзеныя, толькі для 20 найбольш і найменш суіцыдальных краін.

Код для рэплікацыі
Пра вітамін D і дэпрэсію

#vitamin_d #health #everyday

Ад панядзелка пераходзім да аўторка, а ад суіцыдаў - да дэпрэсій. Працягваем разбірацца з эпідэміялагічнымі дадзенымі (не дадзенымі эксперыментаў) пра вітамін D і настрой.

Насамрэч, добрых клінічных дадзеных мала. Гістарычна, вітамін D вывучыўся ў кантэксце лячэння рахіта ў дзяцей, астэапароза і іншых праблем такога кшталту, а ў зусім дагістарычныя часы - туберкулёза. А розныя дрэнныя настроі і дэпрэсіі - праблемы белых людзей былі не ў першым прыярытэце. Таму, напрыклад, шмат дадзеных - выключна пра людзей сталага ўзросту. Але нейкія дадзеныя ёсць, з імі і будзем працаваць.

Даследванне 1:
Швейцарыя, 380 пацыентаў, гаспіталізаваных з дэпрэсіяй (ICD-10 depressive episode). Сярод іх, толькі ў 12.6% узровенень D быў вышэй за 20.8 ng/ml. У 55.5% ён быў ніжэй за 13.87 ng/ml. Агулам, карціна даволі жудасная. Але памятаем пра тое, што карэляцыі гэта не прычыннасць - людзі, якія заграмелі ў шпіталь, маглі месяцамі не выходзіць з хаты. 46% былі гаспіталізаваныя ў зімовы перыяд, што таксама паказальна

Даследванне 2:
Нідэрланды, 1282 чалавекі ўзростам 65-95 год, 169 з дыягнаставанай умеранай (minor) дэпрэсіяй і 26 - з глыбокай (major). У людзей без дэпрэсіі сярэдні ўзровень вітаміна D быў 22 ng/ml, у людзей з любым тыпам дэпрэсіі - 19 ng/ml. Розніца ёсць, але не такая заўважная, калі глядзець на абсалютныя лічбы. Аднак трэба разумець, што сярэдні ўзровень там агулам нізкі - 21 ng/ml. Таксама мяне засмучвае той факт, што ў людзей без дыягнаставанай дэпрэсіі часцей бралі аналізы ў зімні перыяд (26.7% супраць 20.7% і 23.1%)

Даследванне 3:
ЗША, ментальна хворыя падлеткі, 104 чалавекі. Сярод іх, у 34% моцны дэфіцыт - < 20 ng/ml, у 38% проста дэфіцыт - 20-30 ng/ml. У гэтым плане ментальна хворыя амерыканскія падлеткі не моцна адрозніваюцца ад беларусаў. Пры гэтым, у дзяцей з прыступамі псіхозу ўзровень вітаміна D быў 20.4 ng/ml супраць 24.7 ng/ml у астатніх. Зноў тая ж карціна - розніца ёсць, але не драматычная.

З гэтага можна зрабіць наступную выснову. Так, эпідэміялагічныя дадзеныя за тое, што нізкі ўзровень вітаміна D асацыяваны з дэпрэсіяй і іншымі растройствамі, прысутнічаюць. Але розніца не такая заўважная, месцамі зусім дробная. Мае высновы з большага рэзаніруюць з даступнымі мета-аналізамі, напрыклад гэтым.

З такім аналізам ёсць адна даволі істотная праблема - арыентацыя на сярэднія значэнні. Наступным пастом паспрабую патлумачыць, пра што я.
Пра вітамін D, дэпрэсію і рандамізаваныя клінічныя даследванні

#vitamin_d #health #everyday

Ад карэляцый пераходзім да прычынна-следчых сувязяў і вывучаем дадзеныя эксперыментаў альбо рандамізаваных клінічных даследванняў.

Даследванне 1:

Метааналіз (групіроўка дадзеных з розных эксперыментаў). 4 эксперыменты, Індыя і Кітай, 948 удзельнікаў. Выснова: прыём вітаміна D змяншае ўзровень дэпрэсіі, памер змяншэння - сярэдні (замяралі яны гэта ў т.з. Cohen’s D. Гэта ўніверсальная метрыка, каб параўноўваць кілаграмы, сантыметры, ступені дэпрэсіі, што заўгодна. Яны знайшлі эфект у 0.58. Калі яго пераводзіць у чалавечы рост, гэта эфект у ~3 сантыметры розніцы паміж эксперыментальнай і кантрольнай групай. Калі вам падаецца, што гэта не шмат, запытайцеся, што на гэты конт думаюць хлопцы 177 см)

Даследванне 2:
Таксама метаанілз. 4923 удзельнікі. Эфект быў станоўчы, але ўжо ў два разы менш - 0.28 (у чалавечым росце гэта ~1.6 сантыметраў). Аднак, самі аўтары адзначаюць 2 нюансы. Па-першае, у гэтых клінічных даследваннях вельмі мала людзей з дэпрэсіяй, агульныя лічбы па розных шкалах дэпрэсіі нізкія. Па-другое, у некаторых з гэтых эксперыментаў дозы былі вельмі маленькія - напрыклад, 400 IU цягам 5 дзён (?????). Тым не менш, статыстычна значны эфект не знойдзены.

Даследванне 3:

(Уключана ў метааналіз 2, але распавесці ўсё роўна цікава)

Нарвегія, 334 удзельнікі, 3 групы - 40.000 IU кожны тыдзень, 20.000 IU кожны тыдзень і кантрольная група з плацэба. Працягласць - 1 год. Замяраўся т.з. total BDI scores. Шкала наступная: 0–13 - няма дэпрэсіі, 14-19 - лёгкая форма, 20-28 - сярэдняя форма, 29-63 - цяжкая форма. У тых, хто год прымаў 40.000 IU, сярэдні бал упаў з 4.5 да 3. У тых, хто прымаў 20.000 IU, бал упаў з 5 да 4. У тых, хто прымаў плацэба, бал упаў з 4 да 3.8, тобок амаль не змяніўся. Вынік - змяншэнне сімптомаў дэпрэсіі з ростам дозы вітаміна D

Высновы
:
- Рандамізаваныя клінічныя даследванні - лепшая крыніца доказаў
- Іх пра вітамін D і дэпрэсію не так шмат - 11, калі я правільна падлічыў
- З ростам дазіровак расце станоўчы эфект
- Эфект альбо слабы, альбо сярэдні. Магічнай пілюляй вітамін D не з’яўляецца
- Для людзей з ужо нармальным узроўнем вітаміна D і з нізкім узроўнем дэпрэсіі заўважнага эфекту хутчэй за ўсё не будзе
Як хутка правяраць медыцынскую інфармацыю

#health #everyday #vitamin_d

Перад тым, як скончыць серыю пра вітамін D, хачу падзяліцца сайтам, якім я карыстаюся, калі мне лянота самому шукаць і аналізаваць даследванні - examine.com. Сайт створаны для акамуляцыі медыцынскай інфармацыі ў адзін фармат і не прымае данаты, спонсараў, на ім няма рэкламы і г.д.

Як карыстацца:
- Уводзім назву прэпарата/рэчыва/г.д., якое нас цікавіць
- У іх ёсць секцыі How to Take (пра дазіроўкі) і Human Effect Matrix
- У Human Effect Matrix ёсць 5 калонак:
- Level of evidence, пра тое, які аб’ём высокаякасных доказаў. Пад імі маецца на ўвазе рандаізаваныя кантрольныя даследванні. Чым больш, тым лепш
- Outcome, на што паўплывае
- Magnitude of effect, наколькі моцна паўплывае
- Consistency of Research Results, наколькі даследванні сябруюць паміж сабой (паказвалі адное і тое ж)
- Notes, падсумаванне і ўсялякая дататковая інфармацыя
- Найбольш істотным з’яўляецца камбінацыя калонак Level of Evidence і Consistency of Research Results. Калі абодва значэнні высокія, таму, што напісана, можна давяраць. Калі так шукаць лянота, проста чытаем/перакладаем калонку Notes. Там звычайна добрае падсумаванне.
- Нармальна перакладаецца гугл хромам

На прыкладзе вітаміна D:
Калі глядзець на найбольш даказаныя эфекты вітаміна D (высокія Level of Evidence і Consistency of Research Results), спіс наступны:
- Менш частыя прыступы астмы
- Зніжэнне рызыкі інфекцый дыхальных шляхоў
- Зніжэнне рызыкы пералому костак
- Зніжэнне парашчытападобных гармонаў
Вітамін D: што такое норма і колькі прымаць

#vitamin_d #health #everyday

Норма вітаміна D:

Праблема ў тым, што мы яе не ведаем. Само пытанне “які ўзровень вітаміна D нармальны” дрэннае.

Метадаў, якім чынам правесці мяжу, шмат:
- Можна набраць шмат “здаровых” людзей, памераць узровень вітаміна D, адкінуць па 2.5% найбольш экстрэмальных вынікаў з абодвух бакоў і назваць гэты дыяпазон “нормай”
- Памераць у дачыненні да канкрэтнай пераменнай. У выпадку вітаміна D звычайна мераюць % пераломаў і спрабуюць знайсці мяжу, за якой назіраецца заўважнае падзенне/рост. Альбо праз рызыку рахіта ў дзяцей.
- Дадаць рандамізацыю і выпісваць вялікай групе людзей розныя дозы вітаміна D, каб паглядзець, як працуюць менавіта інтэрвенцыі
- Перасячэнні/кабмінацыі гэтых варыянтаў, розныя іншыя метады

У выніку ў нас наступныя варыянты таго, адкуль пачынаецца дэфіцыт:
< 12.5 ng/ml
< 20 ng/ml
< 25 ng/ml
< 30 ng/ml

А гэта толькі дэфіцыт, ёсць ж яшчэ і “недахоп” і толькі пасля “норма”. Ну, вы зразумелі. У адпаведнасці, калі мяне цікавіць “норма” вітаміна D з пункту гледжання майго настрою, мяжа дэфіцыту, падлічаная на падставе якасці костак аўстралійскіх пенсіянераў - не самая рэлевантная метрыка.

Прааналізаваўшы гэтае падрабязнае рэв’ю, у тым ліку - дадзеныя пра таксічнасць вітаміна D, я прыйшоў да высновы, што аптымальны для мяне ўзровень - каля 45-50 ng/ml

Колькі прымаць:

Гэта таксама складанае пытанне. Рэжымаў і дыяпазонаў вялікае мноства. У тых клінічных даследаваннях, што я бачыў, рэжымы былі ад 200 IU штодня, да 540.000 IU разава тым, хто трапіў у рэанімацыю. Усё без пабочак.

Калі зайсці з боку таксічнасці, дадзены аналіз паказвае, што перадазіроўка вітамінам D здараецца пры 175–1161 ng/ml (медыяна 371), а кумулятыўная доза вітаміна D, якая да гэтага прывяла, складала ў сярэднім 3.600.000 IU. З улікам улікам таго, што з маім рэжымам у 5.000 штодня, мой узровень рэдка падымаецца да 50 ng/ml - мне няма чаго баяцца.

Examine.com паведамляе, што верхняя бяспечная норма вар’юецца ад 4.000 IU да 10.000 IU штодня, у залежнасці ад краіны і арганізацыі. Пры гэтым, стандартная рэкамендацыя - прымаць 400-800 IU. Але гэтая рэкамендацыя верагодна неадэкватная.

Вось гэты аналіз розных рэжымаў прыёму паказаў наступнае:
- Калі прымаць 50.000 IU раз у тыдзень чатыры тыдні, а потым столькі ж раз у месяц на працягу пяці месяцаў, да “нармальнага” узроўню дацягнулі 38% пацыентаў
- Калі прымаць 50.000 IU тры разы на тыдзень на працягу шасці тыдняў, “нармальнага” узроўню дасягнулі 82% пацыентаў

Нават мой рэжым у 5.000 - гэта толькі 35.000 IU у тыдзень. 800 IU - гэта ўсяго 5.600 IU у тыдзень. Для мяне мой рэжым у 5.000 працуе. Калі б ён не працаваў, я б разглядаў рэжым 10.000 IU пасля кансультацыі з доктарам і кантролем праз аналізы.

Высновы:
- Што такое “норма вітаміна D” не да канца зразумела, лепшы арыенцір - 40-50 ng/ml
- Прыём 1.000 - 2.000 IU наўрад ці выправіць ваш дэфіцыт
- Прыём 4.000 - 10.000 IU штодня лічыцца бяспечным, але без кансультацыі з доктарам і рэгулярных аналізаў я б 10.000 IU не прымаў
#sport #everyday

У твітэры ўзнікла спрэчка, фундаментальная для будучыні чалавецтва: ці можна развіць ягадзічныя мышцы з дапамогай прысяданняў. Адказваю

- Так, у прысяданнях “ягадзічныя” мышцы не з'яўляюцца асноўнымі. Пры класічных прысяданнях “да паралелі” актывацыя biiceps femoris і gluteus maximus у 2-3.5 разы менш, чым актывацыя “ног”.

- Калі прысядаць глыбока, за паралель, сітуацыя мяняецца. Актывацыя gluteus maximus (тыя самыя “ягадзічныя мышцы”) у пазітыўнай фазе ў 1.2 - 1.5 разы больш, чым актывацыя vastus medialis і vastus lateralis (тое, што мы называем “мышцы ног”)

- Калі прысядаць звычайна, да паралелі, максімальна ўключыць ягадзічныя мышцы можна з дапамогай больш шырокай пастаноўкі ног. Але розніца з любой іншай пастаноўкай ног не такая драматычная - усё роўна ў асноўным працуюць менавіта яны (ногі)

Высновы:
- Так, прысяданні вам у гэтым дапамогуць
- Яшчэ больш яны дапамогуць вашым нагам
- Можна спрабаваць прысядаць за паралель, але гэта патрабуе добрай тэхнікі і зайздроснай гнуткасці. Калі вы не цяжкаатлет, лепш пераключыцца на больш спецыфічныя практыкаванні
#statistics #everyday

Чытаў вясёлы артыкул, як карэйцы і японцы бяруцца шлюбам - на радзіме і ў ЗША.

Кавалеры-эмігранты карэйскага і японскага паходжання бяруцца шлюбам з амерыканкамі не сваёй этнічнасці толькі ў 16% выпадкаў. Нявесткі-эмігранткі карэйскага і японскага паходжання - у 34% выпадкаў.

Нават сярод тых карэйска-японскіх кавалераў, якія нарадзіліся ў ЗША, гэты працэнт - 36. Сярод дзяўчат - 49%.

Тлумачэнне ў артыкуле наступнае. Ёсць краіны з традыцыйна нізкім удзелам жанчын на рынку працы. Ёсць краіны з высокім. Будзем лічыць гэта нейкім проксі патрыярхальнасці выхавання, культуры, традыцый. Тыя нявесткі, якія бяруцца шлюбам з хлопцамі не з такіх культур, займаюцца хатняй гаспадаркай на 6 гадзін у тыдзень менш, чым тыя, хто пабраўся шлюбам з патрыярхальнымі хлопчыкам. Гэта праўда, нават калі кантраляваць на заробак, наяўнасць дзяцей і г.д.

6 гадзін у тыдзень - гэта шмат ці не? Для прыкладу, па ацэнцы гэтай ж мадэлі, кожны дзіцёнак да 18 год дадае 4 гадзіны хатніх абавязкаў у тыдзень. Тут я задумаўся, наколькі гэта рэалістычная ацэнка (выглядае малой), але калі да 18, эфект першых год можа размывацца. Кожная дадатковая гадзіна працы, якую працуе муж, дадае 13 хвілін да хатніх абавязкаў жонкі.

Але гэта гіпотэза аўтараў. Мая гіпотэза простая - анімэ. Калі паглядзець, напрыклад, на еўрапейскі кіберспорт - самыя паспяховыя з іх непрапарцыйна анімэшнікі і непрапарцыйна бяруць сабе ў жонкі азіятак. А вось хлопчыкам-азіятам застаецца толькі матэматыка, толькі тэхнічныя дысцыпліны, толькі ІТ, толькі хардкор. Спадзяюся, сітуацыю для іх выправіць кейпоп.
#everyday #finance

Час ад часу чую, што мае калегі, знаёмыя ці знаёмыя знаёмых займаюцца тым, што называецца active trading ці там day trading - набываюць, прадаюць, сочаць за рынкамі ўсялякай крыпты, акцый, валют і іншага, з надзеяй зарабіць бабло.

Мне, канешне, зрабілася цікавым, наколькі гэта асэнсаваная актыўнасць.

Я знайшоў дзве паперы: адна аналізуе дадзеныя з тайваньскай фондавай біржы за 1992 - 2006. Другая аналізуе дадзеныя з бразільскага “Comissão de Valores Mobiliários” за 2012-2017. Абедзве паперы добрыя тым, што стараюцца паглядзець на індывідуальных трэйдараў на доўгай дыстанцыі, каб зразумець, ці існуюць сістэматычна добрыя стратэгіі, навыкі і г.д.

У першай паперы знайшлі, што менш 1% трэйдараў прадказальна і надзейна зарабляюць на доўгай дыстанцыі. Другая папера знайшла, што толькі 1.1% зарабляе больш, чым мінімальны заробак у Бразіліі. Самы паспяховы трэйдар зарабляў у сярэднім 310$ у дзень, са стандартнай дэвіяцыяй у 2.560$. Ну, тобок - заробак добрага праграміста ў беларускім айці + гіганцкія рызыкі.

Дарэчы, існуе даволі папулярны канал пра фінансы з кантэнтам пра Беларусь і месцамі па-беларуску. Натуральна, не магу не падзяліцца
#everyday

Нядаўна пачуў спрэчку пра тое, як правільна займацца ў трэнажорцы. Першы раз са школы мабыць. Ну, колькі падыходаў, колькі паўтораў, як часта і г.д. Мы зараз пра рост мышцаў, канешне. Адказ тут ёсць і даўно вядомы. Зараз распавяду.

Гісторыя ў гэтага пытання прыкольная. Напрыклад, быў такі Арнольд Шварцэнэгер. Ён займаўся вельмі шмат, часам - па 32 падыходы на групу мышцаў у тыдзень. Як выглядае Шварцэнэгер усе ведаюць. У яго быў канкурэнт - Майк Мэнцэр. Майк рабіў, у экстрыме, 1-2 падыходы на групу ў тыдзень і ўсё. Майк выглядаў вось так. Адсюль пытанне, якое нарадзіла мільёны гадзін спрэчак: калі няма розніцы, навошта займацца больш?

Ясна, што яны - прафесійных атлеты, а мы з вамі - прафесійныя катлеты, у лепшым выпадку. Але для нас тут таксама ёсць карысная інфармацыя.

Існуе тысячы, літаральна, даследаванняў пра тое, як правільна хадзіць у трэнажорку. Я буду спасылацца на адну добра напісаную паперу, якая ўключае іншыя агляды літаратуры, дадзеныя мета-аналізаў і дадзеныя канкрэтных эксперыментаў.

Няма ніякай розніцы, колькі і чаго вы робіце, калі вы робіце 2-20 падыходаў на групу мышцаў у тыдзень з інтэнсіўнасцю прыкладна ў 30-80% ад вашага максімума на адзін раз у канкрэтным практыкаванні і ў дыяпазоне 2-35 паўтораў. Ніякай розніцы. Адзінае, што гуляе ролю - аб’ём нагрузкі за тыдзень. А як вы яе размяркуеце ролі не гуляе.

Парачка прыкладаў. Адна група рабіла 7 падыходаў на 2-4 паўторы, другая - 3 падыходы на 8-12 паўтораў. Пасля 8 тыдняў ніякай розніцы ў росце мышцаў. У другім эксперыменце ўсе рабілі па 3 падыходы, але адна група - у дыяпазоне 25-35 паўтораў, другая - у дыяпазоне 8-12 паўтораў. Пасля 8 тыдняў ніякай розніцы ў росце мышцаў. Наступны эксперымент: адна група займалася 4 разы ў тыдзень, другая - 2 разы, але з аднолькавай колькасцю падыходаў. Пасля 6 тыдняў адгадайце што? Правільна - ніякай розніцы ў росце мышцаў. І г.д. і г.д.

Адзінае, на што варта арыентавацца, гэта вашыя асабістыя пажаданні. Бегаць 6 разоў на тыдзень у трэнажорку ў большасці з нас часу няма. Для таго, каб займацца з максімальнай інтэнсіўнасцю і вам хапала 1-2 падыходаў на тыдзень, у нас з вамі няма тэхнікі і матывацыі. Ну гэта і проста рызыкоўна - занадта высокі шанец траўмы.

Для большасці з нас аптымальны наступны пратакол: 5-10 падыходаў на групу мышцаў у тыдзень, у дыяпазоне 5-25 паўтораў, каб хаця б адзін падыход у тыдзень быў “да адмовы” - каб яшчэ адзін паўтор вы фізічна зрабіць не маглі.
#everyday

На працы паказалі графік з верагоднасцю трапіць у шпіталь з пераломам у залежнасці ад узросту. Даволі цікавае.

Па-першае, на графіку добра бачны пубертат: да 15 год хлопчыкі і дзяўчынкі ламаюцца прыкладна аднолькава, пасля 15 дзяўчынкі рэзка перастаюць, хлопчыкі - паскараюцца ўдарнымі тэмпамі. Яно і зразумела: спрадвечная эвалюцыйная стратэгія “прыгні з маста, каб спадабацца дзяўчыне, з якой ты нават не размаўляў” сама сябе не рэалізуе.

Далей таксама цікавае. Самы надзейны ўзрост для мужчын - гэта 60 год. Літаральна перасячэнне, калі яшчэ ёсць нейкі тэстастэрон і здольнасць утрымліваць мышачную масу, але схільнасці да ідыятызму куды менш, чым у 17.

P.S.: Калі вам 60 год і вы яшчэ прыгаіце з мастоў, каб спадабацца жанчынам - заўвагу пра ідыятызм можаце ігнараваць. Бясконца паважаю і не адгаворваў б.
#statistics #everyday

Падзялюся самым нечаканым кавалкам статыстычнай інфармацыі, пра які ведаю. Расцяжка перад фізічнай актыўнасцю не зніжае верагоднасць траўмы.

Звычайна спасылаюцца на 2 паперы. У першай, 2004 году, мета-аналіз 6 эксперыментаў на амерыканскіх футбалістах, вайскоўцах у трэнажорках і г.д. Ніякага эфекту ад расцяжкі.

У другой, 2014, мета-аналіз ужо большы - 25 даследаванняў, 26.610 удзельнікаў, 3.464 траўмы. Тут ужо і баскетбол, і футбол, чаго хош. Сілавыя трэніроўкі дапамагаюць зніжаць траўмы, практыкаванні на баланс і каардынацыю - дапамагаюць, расцяжка - зноў не дапамагае.

Як з гэтым жыць? Даволі проста. Я расцягваюся, бо мне падабаецца расцягвацца. Неверагодна. Расцягвацца таксама карысна, калі хочацца сабе лепшую расцяжку. Таксама неверагодна. Праблемы ўзнікаюць тады, калі па 20 хвілін дрыфтаваць па трэнажорцы на сваім масажным ролеры перад цяжкай станавай, у спадзяванні, што гэта ўратуе вашую спіну.