Apeikin. Спорт.
144 subscribers
400 photos
116 videos
3 files
436 links
Канал суб'ектыўных навін аб спорце, палітыцы і грамадстве з перабіўкамі на рэкламу і музычныя паўзы.
Download Telegram
🕊 Падтрымайце беларускага героя: дапамажыце чэмпіёну аднавіцца і павярнуцца да паўнавартаснага жыцця

Фонд Athletes for Freedom амаль завяршыў збор сродкаў для падтрымкі беларускага спартоўца, чэмпіёна Еўропы па рукапашным баі, майстра спорту міжнароднага класа і майстра Беларусі.

❗️Дзякуючы неабыякавам беларусам з неабходных 3000$ засталося сабраць меньш за 250$!

У 2020 годзе беларускі спартовец падтрымаў дэмакратычны рух у Беларусі, а вясной 2022 года добраахвотна накіраваўся абараняць Украіну ад расейскай агрэсіі. У маі 2023 года, змагаючыся пад Бахмутам, спартовец атрымаў цяжкае раненне, быў на мяжы жыцця і смерці, і зараз праходзіць працяглую рэабілітацыю ў Польшчы.

На яго аднаўленне патрабуюцца значныя сродкі, а з-за часовай страты працаздольнасці ён не можа зарабляць на жыццё сваім рамяством. Сродкі пойдуць на тое, каб дапамагчы яму вярнуцца да нармальнага жыцця, аплаціць жыллё і бытавыя выдаткі на некалькі месяцаў.

Засталося зусім трохі!

🔗 Вы можаце зрабіць ваш данат праз Фэйсбук і падзяліцца зборам з вашымі сябрамі па спасылцы:

https://www.facebook.com/donate/832207325560421/

❗️Калі вы знаходзіцеся ў краіне, дзе ў Фэйсбуку недаступная функцыя "Donate", вы можаце зрабіць ваш донат уключыўшы VPN і выбраўшы адну з краін зоны
“Шахеды” гараць на Палессі...

Апошнія тыдні сітуацыя вакол Беларусі не сціхае, а хваля ідзе за хваляй, вайсковыя гульні на мяжы, ультыматыўная заява МЗС Украіны і...абвяржэнне з боку арміі ды Рады бяспекі Ўкраіны, збітыя расейскія "Шахеды" і вызваленне чарговай групы палітычных.

Да ўсяго гэтага дадаецца цяжэйшая сітуацыя на расейска - украінскім тэатры баявых дзеянняў. Баі пад Курскам, баі пад Пакроўскам, тэрарыстычныя па сутнасці атакі расейскіх войскаў па ўкраінскіх гарадах з выкарыстаннем балістычных ракет. Падзеі рушаць патокам, і нават не хапае часу паспяваць іх грунтоўна разбіраць.

Палітычны шторм вакол Беларусі доўжыцца, і магчыма зараз у такой сітуацыі свядома не варта падліваць масла ў агонь – бо гэта справа свалачная і небяспечная для краіны. Аднак жа маем за край розных аматараў правакаваць ды падпаліць беларускую хату.

Вельмі сумнае і трагічнае становішча ў журналісцкім цэху, практычна знікла аб’ектыўнасць і годнасць, пануе заангажаванасць і самая брутальная каньюктура.

Блогеры ды розныя раскручаныя ў 20-ым годзе спікеры навыперадкі віталі спрэчную заяву ўкраінскага МЗС. Нават некаторыя абазваныя патрыёты эмігранцкага пулу ўзахлеб кінуліся абсмоктваць тэму мажлівага ўварвання з боку Украіны на Беларусь. Узгадаем, што ў вядомай заяве ўкраінскага знешнепалітычнага ведамства вымагалася ад беларускай арміі адыйсці на дыстанцыю недасягальную тэрыторыі Украіны, ды наганяўся страх на ўкраінскіх грамадзянаў “скапленнем беларускіх войск”. Але літаральна ўслед рушыла заява Дзяржаўнага памежнага камітэту Украіны ды РНБО Украіны пра тое, што на сёння няма рэальнай пагрозы з боку Беларусі, праўда яе радыкалы не заўважылі. Некаторыя нашыя калегі навучыліся ігнараваць альтэрнатыўныя галасы ды раздзмухваць тое, што ўпісваецца ў парадыгму эскалацыі.

Эскалацыя вайны тлумачыцца шэрагам вайсковых экспертаў вымерваннем варыянтаў перамір’я, кожны з бакоў жадае набраць пабольш казырэй у выглядзе тэрыторыяў ды ключавых аб’ектаў інфраструктуры, гарадоў і сёл, АЭС і ТЭЦ, дамбаў, выгодных шляхоў. Украінцы бароняць сваю радзіму, а расіяне вядуць цынічны імперскі захоп чужога.

Аднак то прэмьер Індыі Н.Модзі, то кітайскія лідэры, то заходнія, то прэзідэнт У. Зяленскі, то дыктатар У. Пуцін прагаворваюцца пра нейкія інтэнсіўныя закулісныя перамовы ў пошуку сцэнароў прыпынення вайны. Няма сумневу, што адбываюцца актыўныя кансультацыі.

Зразумела, што і кіраўніцтва Беларусі не можа не ведаць пра гэтыя расклады, тым больш актуальнымі ў логіцы набліжэння да выбараў. Працягваецца інтэнсіўнае ўзаемадзеянне беларускага ўраду з кітайскімі калегамі. 5 верасня А.Лукашэнка правёў чарговую сустрэчу з амбасадарам Кітая ў Беларусі спадаром Се Сяоюнам, які завершыў сваю дыпламатычную місію ў краіне. З кітайскімі дзяржаўнымі персонамі цяпер кіраўнік Беларусі сустракаецца часцей, чым з расейскімі.

Нельга не заўважць нарастанне супярэчнасцяў між Масквой ды Кітаем датычна афіцыйнага Мінску, а некаторыя пагадненні з паднябеснай фактычна супярэчаць дамовам з Расеяй.

Таксама бяз падтрымкі КНР наўрадці б адбыліся такія яскравыя развароты да Захаду, ад якіх расейскія z-прапагандысты заходзяцца лаем. Бязвіз для грамадзянаў заходніх дзяржаў, рэзкая нармалізацыя на мяжы (прагучала інфармацыя пра падрыхтоўку міжнароднай канферэнцыі па барацьбе з нелегальнай міграцыяй, ўзбясіўшая некаторых ліберальных спікераў), працягваецца вызваленне палітычных. Дарэчы палітычных вызваляюць групамі па некалькі дзясяткаў чалавек, у чым ёсць свая логіка для ўлады, бо калі выйдзе адразу паўтысячы, існуе страх пэўных хваляванняў. Насамрэч страхі яўна перабольшаныя, няма аніякіх падстаў для забурэнняў, але ўлада дзейнічае па сваіх парадыгмах. Тым не менш, чакаецца, што да Новага году на волю па амністыі выйдуць каля 500-600 палітычных зняволеных.

Але, што сапраўды прывяло ў шок заходніх наглядальнікаў і журналістаў, гэта збітыя беларускімі вайскоўцамі расейскія “Шахеды”. У матэрыяле той жа Deutsche Welle ды BBC прысутнічала разгубленасць, маўляў, “гэта як, Румынія і Польшча прапускаюць, а гэтыя да краю залежныя ад Масквы, калашмацяць толькі так?!.”
2️⃣Гэта цікавая хада падзеяў, з улікам відавочнай страты ўплыву віленскай ды варшаўскай групаў апазіцыі на сітуацыю ў Беларусі. Даюцца скандальныя інтэрв’ю, пафасныя заявы, але бачнае змяншэнне інтэрасу заходніх колаў да штабоў апазіцыі за мяжой. Трэба вызнаць, што і структуры гэтыя робяць усё, каб скарэй сканаць. Аніякіх новых думак, прапаноў, пошуку дыялогу з беларусамі ў Беларусі. Нібыта як грае заезджаная пласцінка пра “крывавы рэжым”, накідванне неправеранай і часта гнюснай інфармацыі, рэгулярныя заклікі “ударыць па Беларусі”, адсутнасць здаровага сэнсу. Апошняя заява Святланы Ціханоўскай пасля збітых Узброенымі сіламі Рэспублікі Беларусь бяспілотнікаў, гэта крызіс жанру: ”Вайна падкрадаецца да Беларусі, і мы павінныя яе спыніць…” Нагнятанне страху бачнае, а вось як Ціханоўская плануе спыняць вайну, цалкам не ясна. Гэта не перашкаджае заходнім СМІ далей праслаўляць Святлану Георгіеўну. BBC выдала мульку, што гэта “праз кансультацыі спадарыні Ціханоўскай з амбасадарамі ЕЗ адбываецца вызваленне палітычных…”. Ні з кім з прадстаўнікоў апазіцыйных штабоў беларускія ўлады размаўляць не будуць, гэта відавочна.

Апошнімі палітычнымі рашэннямі А.Лукашэнка ўмацаваў свае пазіцыі сярод часткі грамадства, аднак нанёс шэраг досыць непрыемных шчалбаноў Маскве, і не варта сумнявацца, што там не заўважаюць фартэлі саюзніка. Свой жалезны электарат у 30% цяперашні рэчаісны кіраўнік Беларусі канешне мае, аднак жа за 30 гадоў улады народ стаміўся ад аднаго і таго ж аблічча. Нават з накручваннем сцэнар “элегантнай перамогі” можа не прайсці.

Таксама можна пагадзіцца з думкай, што гэта пачатак палітычнага дыялогу. Шэраг экспертаў называюць гэта “пачаткам палітычнага гандлю”, аднак што не з’яўляецца гандлем у палітычнай барацьбе? Лукашэнка канешне шукае выйсця з сітуацыі, і разглядае як сцэнары свайго ўдзелу ў выбарах, так і транзіту ўлады. Крэмль, відаць па ўсім, не ўхваляе намеры А.Лукашэнка, ды вымагае перадачы ўлады па расейскаму трэку ды фактычнага аншлюсу беларускай дзяржавы.

Існуе інфармацыя, што Масква рыхтуе сваю праграму дзеянняў дзеля “кардынальнага пералому ў Беларусі” ў бліжэйшыя месяцы і з прыцэлам на 25-год. Цяпер крамлёўскім стратэгам прыходзіцца прадумваць камбінацыю - ня толькі як перашкодзіць пацяпленню Беларусі з Захадам, але і як адрэзаць Беларусь ад Кітая. Апошнім часам на шоў вядомага расейскага прапагандыста У.Салаўёва ўсё часцей гучаць выпады як супраць Лукашэнкі, так і супраць Кітая, які “вядзе шашні з Амерыкай”. Добра прылажыцца па Беларусі ў сваёй улюблёнай “мядзьвежай манеры” праз эканамічны шантаж, рост правакацыяў, інфармацыйную вайну - пакуль не выпадае, вайна ва Украіне замінае. Аднак наперадзе спякотная восень, і пэўна вельмі цяжкая зіма...
Сёння стартаваў Мінскі паўмарафон. Сёлета ў ім ўзялі ўдзел больш за 20 тысяч аматараў бегу з 11 краін.

Пераможцамі на Мінскім паўмарафоне-2024 сталі Уладзіслаў Прамаў і Марына Даманцэвіч.
Сябры, сёння замахнуўся на самае святое і патаемнае - беларускі футбол. У гэтай занатоўцы дзялюся сваім меркаваннем датычна апошніх падзей вакол нацыянальнай зборнай і клубаў.

Перамога над Люксембургам – цяжкі крок наперад…

Не будзем цешыць сябе маной пра тое, што вось раней зборная Беларусі па футболу магла ледзь не адной левай перамагаць Люксембург. На сёння Беларусь ажно на 99-ым месцы ў рэйтыгну FIFA, а Люксембург на 85-ым.

Ды і раней  было рознае, а перамогі над такімі камандамі заўжды даваліся беларусам цяжка. У сваёй суверэннай гісторыі беларускі футбол на ўзроўні нацыянальнай каманды яшчэ не дасягнуў  сур’ёзных вяршыняў. Была бронза маладзёвай зборнай U-21 у 2011 годзе ды выхад на Алімпіяду, поспехі БАТЭ, калі клубам кіраваў Анатоль Капскі. На жаль не так шмат перамог... Нацыянальная зборная яшчэ ні разу на вялікія спаборніцтвы не прабівалася. І гэта ўсё ж несправядліва, у Беларусі ёсць свой чэмпіянат, вялікая Першая ліга, больш за 380 тысяч чалавек займаюцца футболам (па афіцыйных дадзеных), жывуць футбольныя традыцыі яшчэ ад легендарнага “Дынама” Мінск савецкай пары. Такія краіны як Эстонія, Латвія ці Ісландыя выходзілі на топ-турніры, і паказвалі прыстойны футбол.

У чым прычына, чаму краіна, дзе насельніцтва складае 300 тыс.чалавек, перамагае, а Беларусь, маючы больш 9 млн., не можа? 

Некаторыя спецыялісты часта паўтараюць мульку пра спецыфіку беларускага нацыянальнага характару, які нібыта перашкаджае перамогам, “беларусы надта добрыя і мяккія..” Гэта чуў шмат разоў. Падобныя думкі выказваў былы рулявы зборнай Бернд Штанге, што не перашкодзіла камандзе пры ягоным кіраўніцтве абыграць Францыю ды шэраг іншых дабротных каманд. На мінулым тыдні ў гэтым сэнсе выказаўся футбаліст мінскага “Дынама” ды зборнай Беларусі Іван Бахар, які ўмудрыўся нядаўна не забіць у матчах свайго клубу з “Андэрлехтам”, маючы два цалкам галевых моманты, “заўжды трэба верыць у сябе. На жаль, у нас праблемы з менталітэтам. Заўзятары не вераць, СМІ чапляюцца толькі за негатыў. Гэта бачна. Увесь час выходзім нейкія заціснутыя. Таму спадзяюся, што будзем гуляць з верай у свае сілы і пакажам добры вынік.”

Мікраклімат у камандзе і псіхалогію фармуюць трэнеры, і калі беларускія гульцы патрапляць у рукі добрых коўчаў, усё ідзе выдатна, і характар працуе і перамогі прыходзяць.

Але псіхалогія псіхалогіяй, а менеджмент ніхто не адмяняў. Чыноўнікі, якія прыймаюць дурныя рашэнні ды не выконваюць прафесійна свае функцыі, любяць запускаць тэму пра “залішнюю талерантнасць”, “слабых гульцоў”, “не тое пакаленне…”

Карані праблемы ў іншым – у клубным футболе, у маладзёвых і дзіцячых камандах, у адсутнасці добрых  трэнераў. А Федэрацыя кідаецца са скрайнасці ў скрайнасць, то беларускі чэмпіянат стаў адным з самых легіянерскіх, то ўвялі планку заробкаў, і вытурылі амаль усіх моцных замежнікаў з чэмпіянату. Памятаем трагічныя падзеі 20-га году, і да таго рэпрэсіі да лідэраў зборнай – Станіслава Драгуна, Максіма Бардачова, Данілы Нечаева, Дзяніса Шчарбіцкага. Што канешне было ідыёцтвам. З-за палітынчных поглядаў адмовіўся гуляць за зборную Ільля Шкурын, наймацнейшы беларускі футбаліст на сёння…

У 2009 годзе Беларусь наведаў славуты экс-футбаліст зборнай Францыі Мішэль Плаціні, паездзіў па некаторых стадыенах нашай дзяржавы. Паглядзеў уладкаваную футбольную пляцоўку, якую адкрылі ў раёне Мінску “Зялёны Луг”,  і сказаў, “такія пляцоўкі мусяць быць па ўсяму гораду…” І нашыя чыноўнікі адкрылі рты.

Канешне, адзін стадыен аддалі МЧС, другі – пад жытловую забудову, трэці – пад бізнэс–цэнтр. Насамрэч наладзіць магчымасць аматарскім, дзіцячым, юнацкім  камандам гуляць, не з’яўляецца вялікай праблемай. Дабротная пляцоўка, адзін адказны чалавек, які дае хлопцам на пару гадзінаў мяч, лёгкія накідкі рознага колеру для каманд, і ўсё. Упарадкаваць тыя ж школьныя стадыены, якія пастаянна пустуюць, вельмі проста. Крыху ініцыятывы ды гнуткасці, так робяць паўсюль у Еўропе, нічога новага.
2️⃣У беларускім футболе мы бачым сур’ёзны крызіс найперш на клубным узроўні. Гэты сезон у Еўракубках  назваць інакш, чым правальным, цяжка. Нашыя каманды пацярпелі буйныя паразы ад другаразрадных клубаў з Малдовы, Балгарыі, а “Іслач” здолела саступіць нават напаўаматарскай “Ла Фіярыце” з Сан-Марына (!). Якія б не былі праблемы з фінансаваннем, як бы не былі складанымі матчы ва ўмовах спартыўных санкцый  - прайграваць паштальёнам і касірам непрыймальна…

Але вернемся да зборнай. Скажу шчыра, не прыймаю падыход істэрычак і панікёраў, якіх у нашым спартыўным свеце хапае. Дарэчы, быў здзіўлены такім бязвер’ем шэрагу вядучых спецыялістаў і гульцоў напярэдадні старту нашай нацыянальнай каманды ў Лізе Нацыяў. Хто глядзеў трансляцыю на канале СТВ, то падавалася, каментатары гатовыя былі пахаваць каманду яшчэ да пачатку гульні. Не быў арыгінальны і  экс-гулец зборнай Аляксандр Глеб, які  перад матчам з Люксембургам сказаў, што “гульня нашай зборнай нагадвае Андорру, калі мы гулялі з імі 10 – 20 гадоў назад”. Аднак, насуперак усім скептыкам, беларускія футбалісты паказалі характар.

Трэба сказаць, што галоўнаму трэнеру нацыянальнай зборнай па футболе Карласу Аласу Ферэру касманда дасталася ў досыць сумным становішчы. Апошнія гады за камандай цягнуўся шлейф няўдач, а сярэдні век гульцоў быў адным з самых сталых у Еўропе. То бок ад гішпанца чакаюць ня толькі вынікаў, але і амалажэння каманды. Ісці на такія меры заўжды цяжка. Калі яшчэ маеш такі падбор выканаўцаў як трэнер Гішпаніі, альбо Германіі, гэта лягчэй, аднак у беларускім варыянце куды праблемней.

Тым не менш Карлас Алас узяўся за справу з натхненнем, і першыя ж  матчы  зборнай паказалі прафесіяналізм гішпанскага коўча. Перамога над Косава, прыгожая нічыя са Швейцарыяй. Заўзятары чакалі хуткіх перамог, але жыццё больш складаная рэч, і новы трэнерскі штаб толькі пачаў сваю працу. У новым сезоне зборная правяла  таварыскія матчы з Расеяй ды Ізраілем, і пацярпела вялікія паразы, прапусціўшы ў сухую па чатыры мячы ад кожнага суперніка. Па праўдзе не быў здзіўлены такім вынікам, пабачыўшы склад каманды ў тых матчах. Коўч, закатаўшы рукавы, у прамым і пераносным сэнсе, пачаў масава праглядаць моладзь з чэмпіянату Беларусі. Цяпер у камандзе ўсяго палова тых хлопцаў, якія былі ў таварыскіх матчах. Многія беларускія легіянеры тады не прыехалі, таму ўсё  лагічна, аднак было і другое…некалькі маладых зорак гішпанец  узяў у нататнік…

Мясцовае спартыўнае кіраўніцтва, як і многія “вельмі разумныя” журналісты, пачалі ўшчэнт крытыкаваць працу гішпанскага спецыяліста. На што старыя гульцы адказвалі, “пабачым афіцыйныя матчы…” Мяркую, і сам трэнер, атрымаўшы мора папрокаў ды паглядзеўшы правалы беларускіх клубаў, трохі быў збіты з панталыку. Было апасенне, што ўвесь гэты лямант зламае Карласа Аласа. І ў першым матчы нацыянальнай зборнай у Лізе Нацыяў  з камандай Балгарыі як раз гэтыя наступствы і былі бачныя. Не бывае так, каб усё было кепска, і адразу ўсё выдатна. Гішпанец таксама пайшоў асцярожным шляхам, сканцэнтраваўшы гульню каманды на абароне з рэдкімі контратакамі. Нічыю з балгарамі прынёс адзін з тых самых маладых талентаў, на якія звярнуў увагу новы трэнер – брамнік Фёдар Лапаўхаў, якому ўсяго 21 год. Беларускія газеты пасля гульні выйшлі з загалоўкамі кшталту, “Дзякуй, Федзя!”. Больш 10-ці фантастычных сэйваў брамніка не далі суперніку забіць. Але з’явіліся і новыя маладыя хлопцы. Першы раз у гісторыі нацыянальнай зборнай быў прыцягнуты 17-ці гадовы гулец у склад першай каманды Беларусі, нападаючы Трафім Мельнічэнка! Таксама пачаў выходзіць 20-ці гадовы Максім Кірэеў, які выступае за бельгійскі “Льерс”. А ў матчы з Люксембургам ўжо выдатна сябе зарэкамендаваў Герман Баркоўскі, якому 22 гады.

Тым не менш матч з камандай Балгарыі выдаўся надзвычай складаны, ціск над кіраўніцтвам зборнай ды футбалістамі быў вялізны, проста адчувалася напруга. Гэтае ачко далося цяжка.
3️⃣На матч са старымі знаёмымі з Люксембургу беларускія футбалісты выйшлі вельмі сабраныя, і гатовыя да бою. Трэнер каманды Герцагства Люксембург Люк Шольц, які знешне вельмі  падобны на якога беларускага мужыка са Старых Дарог, заявіў, што ягоная каманда шукае камбінацыйны футбол. І тут Карлас Алас правёў вельмі ўдалы матч. У першым тайме беларусы ізноў гулялі ад абароны, аднак выкарыстоўвалі плотны прэсінг гульцоў суперніка на розных участках поля, выматвалі. Перыядычна праходзілі контратакі, а досыць ўзрастовая каманда “чырвоных львоў” пачала функцыянальна здаваць. І тут гішпанец дадаў “паліва” ў гульню зборнай, выпусціўшы маладога Максіма Кірэева, Валерыя Грамыка, Андрэя Кавалёва, а пад канец матча-фактурнага Германа Баркоўскага, і хлопцы апошнія  20 хвілінаў наўпрост цярзалі Люксембург. А гол наспяваў ужо з сярэдзіны другога тайму, і канешне В.Грамыка падараваў заўзятарам пераможны гол.

Пасля матчу, аўтар пераможнага голу, Валерый Грамыка сказаў, “…папрасіў  у Кірыла Печэніна пас, ён выканаў дыяганаль. Юра Кавалёў забягаў справа. Падумаў, лепш не буду яму атдаваць, а выканаю сам…”. Гучала вельмі па-беларуску :).
БУДЕТ НОВЫЙ ДЕНЬ!

Безумоўна вялікаму савецкаму та расейскаму паэту і музыканту Ягору Летаву сёння магло б споўніцца 60 гадоў.

Творчасць Летава геніяльна. Летаў - гэта нават не музыка, гэта культурніцкае з'яўленне еўразійскага маштабу. Уплыў на пакаленне - легендарны, сэнсы - бясконцыя. Чыстая сібірская касмічная метафізіка. Нічога больш натуральнага не было, і, напэўна, ужо ніколі не будзе. Такая творчасць магла паўстаць толькі на зломе эпохі - ад рэвалюцыі да глыбіннай філасофіі. У творчасці Летава не было фальшывых нотаў. Цудоўная музыка і тэксты для славянскіх пасіянарыяў.

Я тройчы быў на канцэртах Гражданской обороны. Да сяго часу лічу гэты гурт найлепшым на постсавецкай прасторы.

https://youtu.be/zrr3x5NKu5E?si=P-9L-yvklz2XzZ28
Вельмі радуе, што пачалі з'яўляцца новыя змястоўныя праекты. Напрыклад, спартыўныя журналісты Іван Сапега і Ірына Целяпнёва запусцілі профільны гандбольны падкаст, дзе абмяркоўваюць самыя актуальныя падзеі еўрапейскага і сусветнага гандболу. Рэкамендую падпіску.
🤾 Заклікаем паслухаць новы беларускамоўны падкаст пра гандбол «Сведкі левай рукі Гідсэля»!

“Сведкі левай рукі Гідсэля” — гэта новы падкаст на беларускай мове пра галоўныя падзеі ў еўрапейскім і сусветным гандболе ад экс-журналістаў Івана Сапегі і Ірыны Целяпнёвай.

Вось што пішуць аўтары:

🗣Сёння стартуе 32-гі сезон Лігі чэмпіёнаў, а мы прадстаўляем першы выпуск нашага падкасту, з якога вы даведаецеся:

📌 хто зможа адабраць тытул у “Барселоны”,
📌 чаго мы чакаем ад “Фрэдэрысіі”,
📌 калі нарэшце пашчасціць “ПСЖ”,
📌 чаму “Пік” — новы галоўны клуб Венгрыі,
і шмат-шмат іншага!


Паслухаць падкаст можна на любой зручнай вам платформе па спасылцы 🎙

А падзякаваць аўтарам можна сваёй падабайкай і падпіскай на сацсеткі ⬅️
Please open Telegram to view this post
VIEW IN TELEGRAM
ЧАСОВАЯ АДЛІГА Ў АДНОСІНАХ БЕЛАРУСІ І ПОЛЬШЧЫ. ЧАГО ЧАКАЦЬ ДАЛЕЙ?

Мінулы тыдзень у Беларусі не вызначыўся аніякімі асаблівымі падзеямі, адбывалася звычайная палітычная руціна. І тым не менш ёсць некаторыя пазітыўныя сігналы.

Хіба найперш трэба адзначыць досыць аб’ектыўнныя выказванні Міністра замежных спраў Польшчы Радаслава Сікорскага пра сітуацыю ў Беларусі. Насуперак дамінуючай даволі прымітыўнай і крывой парадыгме заходніх краінаў датычна Беларусі, дзе па нейкіх незразумелых прычынах беларусам накідваецца такая самая віна, як Пуціну ды расіянам, а да таго раскручваецца эскалацыя ды варожасць датычна нашай краіны, пан Сікорскі сказаў праўду. Гэта выклікае павагу само па сабе, калі палітыкам стае мужнасці ісці супраць плыні.

Выглядае цалкам несправядлівым ды абсурдным рашэнне пра ўвядзенне да Беларусі санкцыяў пасьля лютага 2022 года ў тым жа памеры, як і да Расейскай Федэрацыі. ААН, АБСЕ, ПАСЕ не вызналі Беларусь ні агрэсэрам, ні суагрэсарам, толькі балтыйскія ды некаторыя ўкраінскія спікеры працягваюць названую агрэсіўную кампанію далей. Сваімі нязграбнымі заявамі ды санкцыямі Захад зрабіў з Беларусі пуцінскі плацдарм для нападу на Украіну, а цяпер нібыта адмыслова патурае Маскве анэксіраваць Беларусь, калі варта было б выканаць найперш клятвенныя абяцанні па Будапешцкаму мемарандуму.

Фактычна лёс Еўропы ды мір на кантыненце трымаецца на пакоцанай незалежнасці Беларусі, бо ў выпадку аншлюсу, будзе ўжо зусім другая гісторыя. Сваю ролю буфера між агрэсіўнай Расеяй ды НАТО Беларусь выконвае.

Але ўрады некаторых краінаў праводзяць настолькі недальнабачную палітыку датычна Беларусі, што проста дзіву даешся, ну не могуць жа кіраўнікі дзяржавы быць настолькі недалёкімі?!

Радаслаў Сікорскі быў вельмі акуратны ў сваім інтэрв’ю датычна Беларусі і рэкамендаваў апазіцыі “нічога не рабіць заўчасна”. Таксама міністр сказаў, “…маё працоўнае меркаванне заключаецца ў тым, што ў Беларусі сітуацыя зменіцца толькі пасля таго, як яна зменіцца ў Расеі, а не раней…”.

Спроба зрынуць рэжым Лукашэнкі ў Беларусі пры такой залежнасці ад усходняга суседа аўтаматычна прывядзе да поўнай анэксіі Беларусі ды ўводу расейскіх войскаў. Захад ужо паказаў, як ён дапамагае Украіне, а пра Беларусь, на мяжы з якой будуецца фактычна мур, - ніхто і падаўна не паклапоціцца.

Нават самыя зацятыя праціўнікі ўлады фіксуюць некаторае пацяпленне між Беларуссю ды Польшчай, што натуральна аздараўлівае геапалітычную сітуацыю ў рэгіёне.

Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі публічна вызнаў, што расейскія дроны збівае толькі Беларусь. То бок фактычна нашая краіна прыкрывае Захад, а не спрыяе агрэсіі, а таксама выглядае, што ў Беларусі суверэнітэту больш, чым у некаторых дзяржаў НАТО.

Калі Польшча верне амбасадара ды ўвесь аб'ём консульскіх паслугаў у Беларусі, адновіць чыгуначнае спалучэнне ды адкрые памежныя пераходы – гэта будзе сур’ёзны крок насустрач беларусам, ды аплявуха Маскве. Пытанне ў тым, што некалькі правільных захадаў дээскалацыі між Польшчай ды Беларуссю можа адкрыць прастору для шэрагу важнейшых зрухаў у поўным разрульванні міграцыйнай праблемы, пашырэнні амністыі, вяртанні нацыянальна-культурніцкіх праектаў, паляпшэнні эканамічных стасункаў і найперш для жыхароў памежных тэрыторыяў, якія цяпер проста стогнуць бяз гандлю.

І нарэшце самае галоўнае - адэкватныя дзеянні заходніх суседзяў даюць магчымасць кіраўніцтву Беларусі дыстанцавацца ад Масквы, уносяць баланс. Як бачыцца, шэраг польскіх палітыкаў маюць галаву на плячах, і разумеюць, што ў Беларусі досыць складаная сітуацыя, і дурное вонкавае ўмяшанне абавязкова скарыстае Расейская Федэрацыя.
Паспяхова закрылі збор на платформе Athletes for Freedom Foundation у падтрымку цяжка параненага беларускага дабраахвотніка. Дзякую ўсім, хто браў удзел - дапамагаў грашыма ці дзяліўся інфармацыяй. Для нас было важным дапамагчы прадстаўніку спартыўнай супольнасці, які зрабіў мужны крок.

Але ў чарговы раз хачу ўзняць пытанне адказнасці грамадскіх і палітычных структур за лёсы тых, хто быў гатовы на рашучыя дзеянні, а зараз страціў працаздольнасць і застаўся па-за ўвагай грамадства.

Тут трэба альбо спыніць "вызваленчую" рыторыку, альбо быць гатовым да сур'ёзных наступстваў у будучыні. Нельга заклікаць да таго, за што мы потым не зможам несці адказнасць.

Дапамагчы байцу яшчэ можна па спасылцы ў Facebook:

https://www.facebook.com/donate/832207325560421/?fundraiser_source=external_url
Хто ўзначаліць Міжнародны алімпійскі камітэт?

Сярод агучаных кандыдатаў эксперты аддаюць перавагу брытанцу Себасцьяну Коў, якога некаторыя спартсмены папракаюць за прадузятае стаўленне, а расейскія паблікі называюць “магільшчыкам расейскай лёгкай атлетыкі”.

Пасля Алімпіяды стала вядома пра сыход са свёй пасады кіраўніка Алімпійскага камітэту немца Томаса Баха. Цяпер ў прэс-службе МАК быў абнародаваны спіс кандыдатаў на месца новага прэзідэнта. Выбары прэзідэнта пройдуць у рамках сесіі МАК з 18 па 21 сакавіка 2025г. У спісе сем кандыдатаў:

- кіраўнік Міжнароднай асацыяцыі легкаатлетычных федэрацый (World Athletics) Себасцьян Коў (Вялікая Брытанія);

-прэзідэнт Міжнароднай федэрацыі гімнастыкі японец Марынары Ватанабэ (Японія);

-віцэ-прэзідэнт МАК Хуан Антоніа Самаранч-малодшы (Гішпанія);

-прэзідэнт Міжнароднай федэрацыі лыжнага спорту ды сноўборду Ёхан Эліаш (Швецыя);

-кіраўнік Міжнароднага звязу веласіпедыстаў Давід Лапарцьен (Францыя);

-іарданскі прынц, Прэзідэнт Алімпійскага камітэту Іардані Фейсал ібн Хусейн (Іарданія);

-самая тытулованая спартсменка ў гісторыі Зімбабвэ, старшыня камісіі спартсменаў МАК Кірсці Ковентры (Зімбабвэ).

Сярод прэтэндэнтаў вельмі яскравыя фігуры, кожны з якіх варты асобнай тэмы, аднак сярод найбольш верагодных называюць кандыдатуру брытанца С. Коў. Агенцтва Reuters выдзяляе менавіта гэтага англійскага функцыянера, хоць таксама высока ацэньвае і гішпанца Хуана Антоніа Самаранча, за якім і прозвішча, і імя, якое ведае ўвесь свет. За шведам Ёханам Эліашам ягоныя капіталы, мульці-мільянер Эліаш мае вялікі ўплыў у бізнэс-колах. 62-ух гадовы бізнэсмэн быў выканаўчым дырэктарам фірмы па вырабу спартыўных тавараў. Пасля Алімпіяды ў Парыжы часта гучыць і прозвішча француза Лапарцьена. Француз блізкі сябра Томаса Баха. Вельмі прыстойныя каментары пра іарданскага прынца Фейсала ды спарцмэнку з Зімбабвэ К.Ковентры. Іярданец гатовы на шырокія інвестыцыі, Ковентры мае аўтарытэт.

Тым не менш менавіта Коў назваў найбольш верагодным будучым прэзідэнтам былы кіраўнік IIHF Рэне Фазель: “Невялікая перавага у Себасцьяна Коў, ён быў прэзідэнтам брытанскага НАК, прэзідэнт міжнароднай федэрацыі. Паспяхова правёў Гульні ў Лондане, алімпійскі чэмпіён. Важны кандыдат Самаранч -малодшы…”

Зразумела, што ўплыў Брытаніі надзвычай магутны, і гэта ня толькі выспа, былыя калоніі, Садружнасць Нацый, традыцыйная падтрымка Новай Зеландыі, Аўстраліі, ЗША, Канады, шэраг верных саюзнікаў у Еўропе ды Азіію.

Сам Коў быў у свой час выдатным спартсменам, і выйграў золата Алімпіяды ў Маскве. А потым стаў палітыкам і функцыянерам Кансерватыўнай партыі Англіі, і цвёрда выконвае сваю партыйную лінію ў палітыцыі ды спорце, “нічога асабістага”…Раней Себасьцьян Коў быў абраны ў Палату грамадаў, а цяпер ў Палаце лордаў. Перад Алімпіядай у Парыжы ён заявіў, што нават калі расейскіх і беларускіх спарцмэнаў МАК дапусціць да Алімпіяды, то World Athletics – не. Сваё слова функцыянер стрымаў, і нашых атлетаў не дапусцілі.

Менавіта Брытанія найбольш жорстка выступае супраць беларусаў ды “прывязвае” да расіянаў. Хоць рэчаіснасць зусім іншая, і тэзіс пра роўную віну ахвяры ды агрэсара гучыць хутчэй абсурдна, брытанскія прадстаўнікі на ўсіх узроўнях заціскаюць беларусаў у эканоміцы, у спорце, у палітыцы накідвання санкцыяў. Бяз усялякай фобіі, аднак беларусам гэта наўпрост трэба ведаць.

Што вельмі цікава, у маладыя гады Коў лічыў, што спорт мусіць быць па-за палітыкай, браў удзел у Маскоўскай Алімпіядзе пад нейтральным сцягам, бо Англія тады байкатавала Гульні. Аднак потым кардынальна змяніў сваю пазіцыю, і цяпер займеў славу “магільшчыка спартсменаў”.

Беларуская легкаатлетка Ірына Жук заявіла: ”Прэзідэнт World Athletics увогуле наш пратыўнік. “На маім стадыёне вы не пабачыце расіянаў ды беларусаў”- і ўсё. Прынцыповая пазіцыя. Гучыць так, нібыта ў чалавека іншы колер скуры, і таму ён не прыймае ўдзелу ў спаборніцтвах. Гэта аддае нацыяналізмам ці расізмам. Незразумелыя рэчы.”

Іншая беларуская атлетка Таццяна Халадовіч сказала пра кіраўніка World Athletics “русафоб, прыцясняў расіянаў, і мы патрапілі пад агульную раздачу…”
2⃣Расейскія тэлеграм–рэсурсы брытанскага прадстаўніка называюць не інакш як “магільшчыкам расейскай лёгкай атлетыкі”.

9 верасьня камісія МАК па этыцы накіравала сябрам арганізацыі ліст, які датычыцца правілаў вылучэння кандыдатур на кіруючыя пасады:

-Прэзідэнт МАК павінен быць дзеючым сябрам МАК на момант абрання і на працягу ўсяго свайго тэрміну (8 год).

На цяперашні час Коў зьяўляецца сябрам МАК як кіраўнік World Athletics. Але як толькі сэр Коў гэтую пасаду пакіне (а гэта максімум 2027г.), ён аўтаматычна перастане быць сябрам МАК.

Таксама камісія МАК заявіла:

-Камісія па этыцы хацела б звярнуць увагу на праблему канфлікту паміж місіяй прэзідэнта МАК, які прадстаўляе МАК у якасці лідэра алімпійскага руху і місіяй прэзідэнта НАК альбо міжнароднай фэдэрацыі, якія з’яўляюцца асобнымі складнікамі алімпійскага руху.

Да таго існуюць юрыдычныя перашкоды для вылучэння Коў ды Самаранча на месца кіраўніка МАК. У МАК прысутнічае ўзрастовая мяжа ў 70 гадоў для сябраў арганізацыі - Коў будзе 68 на момант выбараў, а Самранчу-66. Правілы дазваляюць выключэнне, якое дасць магчымасць працягнуць сяброўства яшчэ на чатыры гады, але рашэнне мусіць быць падтрыманае кіраўніцтвам МАК.

Наперадзе сур’ёзная барацьба за пасаду прэзідэнта Міжнароднага алімпійскага камітэту, гэта вялікая палітыка і вялікі бізнэс.

Праўда, калі б сыходзячы прэзідэнт Томас Бах назваў імя свайго магчымага пераемніка на пасадзе, да яго хутчэй за ўсё прыслухаліся б іншыя федэрацыі. Пра гэта кажуць усе спартсмены, але ці пажадае нямецкі функцыянер уваходзіць у канфлікт з тымі ж брытанцамі?

Калі спадара Коў ўсё ж абяруць прэзідэнтам МАК, да беларусаў пэўна працягнецца палітыка дыскрымінацыі ды “прывязвання” да Расеі, а магчымая і ўвогуле забарона нашым спартсменам браць удзел у Алімпіядзе.
❗️Уроцлаў пад вадой: беларусы і польскія спартсмены змагаюцца са стыхіяй разам

Наш сябар Яўген Мазура, былы дырэктар хакейнага клубу "Лакаматыў" і ўладальнік салона прыгажосці ва Уроцлаве, разам з футбалістамі каманды "Шлёнск Уроцлаў" і іншымі валанцёрамі далучыўся да абароны горада ад падтаплення.

🔗 Чытайце падрабязнасці на афіцыйным сайце Беларускага фонда спартыўнай салідарнасці па спасылцы ⬅️
🆘 Дапаможам Польшчы пасля шторму «Барыс» 🆘

Шторм “Барыс” выклікаў разбуральныя паводкі па ўсёй Цэнтральнай Еўропе. Таксама моцна пацярпелі паўднёва-заходнія рэгіёны Польшчы, уключаючы Ўроцлаў і прылеглыя раёны ды мястэчкі. Многія польскія сем’і страцілі свае дамы і маёмасць, іх чакае доўгі шлях да аднаўлення. 

Як арганізацыя, заснаваная на салідарнасці і ўзаемападтрымцы, Беларускі фонд спартыўнай салідарнасці імкнецца рэагаваць на любыя грамадскія выклікі. Мы аказвалі падтрымку беларускаму грамадству пасля мірных пратэстаў у Беларусі ў 2020 годзе, падтрымлівалі ўкраінскі народ пасля расейскага ўварвання ў лютым 2024 года, а сёння лічым сваім абавязкам выказаць салідарнасць з Польшчай, якая пацярпела ад стыхіі.

❗️Таму мы пачынаем кампанію па збору сродкаў, каб аказаць непасрэдную падтрымку людзям Польшчы ў крытычнай сітуаціі.

Сродкі, сабраныя ў рамках гэтай кампаніі, пойдуць непасрэдна на падтрымку муніцыпальных бюджэтаў гарадоў, якія найбольш пацярпелі ад шторму, такіх як Уроцлаў, Валбжых, Легніца, Клодзка і іншыя.

Вашы ахвяраванні дапамогуць забяспечыць:

🔺 Часовы прытулак для перамешчаных сем’яў;
🔺 Ежу і чыстую ваду для тых, хто мае патрэбу;
🔺 Медыкаменты для параненых і пацярпелых;
🔺 Намаганні па аднаўленні дамоў і інфраструктуры
.

Кожны ўнёсак дапаможа аднавіць жыццё сем’яў у гэтых рэгіёнах.

🔗 Даслаць данат можна праз платформу БФСС па спасылцы:

https://bssf.eu/padtrymka-polchshy-barys/
Forwarded from MALDZIS
Што робіць MALDZIS?

Стварае мапу і гайды беларускіх імёнаў і каштоўнасцяў у замежжы і замежных – у Беларусі.
Ладзіць тэматычныя выставы, прэзентацыі і лекцыі.
Ушаноўвае памяць выбітных беларусак і беларусаў.
Шукае і набывае нацыянальныя культурна-гістарычныя каштоўнасці за мяжой, каб перадаць іх у музеі Беларусі.
Падтрымлівае ідэі і праекты ў галіне культурнай дыпламатыі.
Называе беларускім усё, што мае беларускія карані.

Рупімся пра сваё, пашыраем сувязі!

Таксама падпісвайцеся на наш Instagram, а тут нас можна падтрымаць 🙏
Санкцыі да “Белавія”- справядлівае пакаранне ці памылковая недарэчнасць?

Закрануць тэму санкцый у дачыненні да кампаніі “Белавія” прымусіла апошняя гісторыя з “пакутнікам рэжыму” Раманам Пратасевічам, які нядаўна цудоўна адпачываў на дарагім курорце ў Дубаях.

Нагадаем гэтую гісторыю, бо дагэтуль маем суцэльны туман у пытанні, якое павінна штодня гучаць ад нацыянальных палітыкаў, бо наяўнасць авіяспалучэння з еўрапейскім краінамі - гэта прамы інтарэс беларускага народа. Аднаўленне пасажырскага трафіку людзей з Беларусі ў еўрапейскія сталіцы можа сур'ёзна змяніць стаўленне беларусаў да ЕС і еўрапейскай інтэграцыі, якое значна пахіснулася апошнім часам з-за неабгрунтаваных санкцый і несправядлівай ізаляцыі. Таксама карыстаючыся бязвізам у Беларусь можа вярнуцца шырокі паток турыстаў з краін ЕС і зацікаўленых прадстаўнікоў еўрапейскага бізнесу.

Авіяспалучэнне Мінск-краіны ЕС - гэта найважнейшае нацыянальнае пытанне, якім нельга гандляваць. Але чамусці гэтае пытанне не ўсплывае ў рыторыцы публічных дзеячоў. Некаторыя нават наадварот - з кампрадорскім імпэтам патрабуюць новых санкцый для беларусаў.

Многія разумеюць, што нават сыходзячы з паняцця элементарнай справядлівасці – пакаранне “Белавія” крывое і недарэчнае, ужо не кажучы датычна прававога боку і наступстваў для беларускага грамадства. Пакаранымі аказаліся людзі, ніякі не "рэжым".

23 траўня 2021года самалёт кампаніі Ryanair , ляцеўшы з Афінаў у Вільню, быў вымушаны зрабіць пасадку ў Мінску пасля таго, як беларускі дыспетчар паведаміў, што на борце знаходзіцца выбуховая прылада. Як высветлілася пазней, трывога была ілжывай. Пасля прызямлення самалёта беларускія сілы бяспекі арыштавалі апазіцыйнага журналіста Рамана Пратасевіча ды ягоную дзяўчыну Софью Сапегу. Яшчэ да пачатку разбіральніцтва Украіна першай увяла санкцыі да Беларусі, спыніўшы авіязлучэнне з Мінскам, забараніўшы пры гэтым транзіт для авіялайнераў. За Украінай рушылі ўслед дзяржавы Еўрасаюзу, таксама без усялякага разбіралніцтва.

Тут для параўнання варта ўзгадаць пра малайзійскі самалет рэйсу MH17, збіты 17 ліпеня 2014 года расейскім “Букам” пад камандаваннем Ігара Гіркіна. Загінула 298 чалавек, шмат дзяцей і жанчын. Тады пачалося працяглае міжнароднае расследванне, і толькі ў 2022 годзе акружны суд Гаагі вызнаў трох чалавек віноўнымі датычна крушэння “Боінга”. 8 гадоў было разбіральніцтва, і ніхто аніякія санкцыі не ўводзіў. Акром названага ўжо Гіркіна, які на той час быў “міністрам абароны” ДНР, таксама быў засуджаны былы кіраўнік вайсковай разведкі ДНР, палкоўнік ГРУ Генштабу РФ у адстаўцы Сяргей Дубінскі, а таксама падпарадкаваны Дубінскага ў вайсковай разведцы ДНР Леанід Харчэнка. Праўда названыя фігуры не пакараныя, а Гіркін арыштаваны ў Расею за крытыку Пуціна, што той вядзе занадта павольна вайну з Украінай.

Таксама як прыклад можна ўзгадаць, як 21 кастрычніка 2016г. украінскія ўлады вярнулі ў Кіеў беларускі самалёт, пагражаючы ўзняць вынішчальнік. “Боінг” 737-800 авіякампаніі “Белавія”, выконваў рэйс В2-840 па маршруту Жуляны (Кіеў) – Мінск быў вымушаныя вярнуцца ў аэрапорт вылету. На борце знаходзілася 136 пасажыраў і 6 прадстаўнікоў экіпажу. Камандзіру экіпажу прыйшоў загад ад дыспетчара кіравання паветранага руху “Кіеў” аб неадкладным вяртанні ў аэрапорт бяз якіх-небудзь тлумачэнняў. Таксама было заяўлена, што “ў выпадку невыканання каманды ў паветру будуць узнятыя вынішчальнікі.” (Паведамленне “Белавія”). Камандзір паветранага судна выканаў загад, які паступіў, ды пасадзіў самалёт. Пасля пасадкі праваахоўныя органы Ўкраіны знялі пасажыра, грамадзяніна Арменіі. Кампанія “Белавія” прынесла свае прабачэнні пасажырам за дастаўленыя нязручнасці…Вось і ўся гісторыя.

1 ліпеня 2013 года прэзідэнт Балівіі Эво Маралес, які браў удзел у канферэнцыі краінаў - экспарцёраў газу ў Маскве, даў інтэрв’ю, дзе даў зразумець, што гатовы дазволіць прытулак Эдварду Сноўдэну. Самалёт выляцеў з аэрапарту Унукава і пілоты запрасілі аварыйную пасадку. Па словах Маралеса Францыя, Гішпанія, Партугалія ды Італія адмовілі ў доступе ў сваю паветраную прастору.
2️⃣Пасля чаго самалёт сеў у Аўстрыі, дзе падзвергся ператрусу. Калі Эдварда Сноўдэна не знайшлі, балівійскі самалёт быў адпушчаны, ды скіраваўся ў сваім напрамку.

Калі паглыбіцца ў пытанне, то будзе зразумела, што падобныя інцыдэнты адбываюцца рэгулярна, і ніхто не дадумаўся ўводзіць санкцыі ні да каго, акрамя як да беларускай авіякампаніі. У выпадку з пасадкай лайнера Ryanair ніхто не загінуў, а затрыманы журналіст ужо даўно памілаваны, у Дубаях са сваёй паненкай, але санкцыі ніхто і не плануе адмяняць.

Да таго ж не зразумелыя дэталі пасадкі ірландскага “Боінгу”, бо дагэтуль не ясна, хто паведаміў пра наяўнасць выбухоўкі на борце. Напрыклад вядомы расейскі дысідэнт Аляксандра Сотнік у сваім стрыме заявіў, што мае неабвяржымыя доказы, што аперацыя арганізаваная расейскім ФСБ, каб падставіць Беларусь пад санкцыі. Сотнік прадаставіў канкрэтныя прозвішчы афіцэраў ФСБ, якія праводзілі аперацыю і былі на борце. Са слоў дысідэнта еўрапейскія структуры не выказалі аніякага інтэрсу да прадстаўленай ім інфармацыі.

Беларусь не мае нават амбасады ў Грэцыі, і наўрадці мае такіх структураў разведкі, каб арганізоўваць падобныя аперацыі. Да таго Пратасевіч не тая персона. Тая ж Святлана Ціханоўская да санкцыяў шмат разоў лятала на розных самалётах, якія заходзілі ў паветраную прастору Рэспублікі Беларусь, і ніхто іх не прызямляў.

А.Лукашэнка тады эмацыйна заяўляў, “мы не маем да гэтага аінякага дачыненьня…”

ІКАО доўга зацягвала справу, і падавала супярэчлівыя сігналы. Аднак у выніку 19 ліпеня 2022 года ў закрытым рэжыме было прынятае рашэнне аб віноўнасці прадстаўнікоў ураду Беларусі. На нацыянальную авіякампанію "Белавія" былі накладзены санкцыі і забарона на выкарыстанне паветранай прасторай еўрапейскіх краін. Пытанне аб пераглядзе гэтага рашэння з таго часу нават не ўздымалася.

А вось Рома Пратасевіч усім нам перадаў вітанне з Аб’яднаных Арабскіх Эміратаў.
ПРА ВАСКРАСЕНСКАГА І ПАЛІТВЯЗНЯЎ.

Датычна інтэрв'ю Юрыя Васкрасенскага для "Зеркала" і некалькіх іншых працэсаў, звязаных з палітвязнямі. На гэтым тыдні ўсё даволі шчыльна з працоўным графікам, таму пакуль каментую сцісла. Магчыма потым паспею больш разгонута.

- На сённяшні дзень Юры Васкрасенскі - гэта адзіны прадстаўнік грамадзянскай супольнасці, які здольны сапраўды ўплываць на вызваленне людзей. Больш ніхто не мае ў гэтым працэсе ніякай суб'ектнасці. Падставіць і пасадзіць людзей - так. Вызваліць - не.

- Пры гэтым трэба адзначыць, што ў Васкрасенскага сапраўды ёсць разуменне тонкасці палітычных працэсаў у Беларусі. Многім інтэрнэт-крытыкам да ўзроўню Васкрасенскага - як да Марса. Тое, што я паспеў прачытаць на абшарах ФБ з рэакцый на інтэрв'ю Васкрасенскага - гэта пераважна інфантыльная рэфлексія і дзіцячыя крыўды. Мала хто зразумеў асноўны мэсэдж.

- Інтэрв'ю на Нашай Ніве з былым палітвязням Лукшай - адзін з самых безадказных крокаў, якія я бачыў за апошнія часы. Выглядала як наўмысныя дыверсія. Магчыма, камусці сапраўды выгадна, каб працэс палітычнай амністыі быў прыпынены.

Агулам усё грамадства зараз павінна быць сканцэнтравана на далейшым вызваленні людзей (працэс палітычнай амністыі) і спыненні палітычных рэпрэсій. Гэтага можна дасягнуць толькі праз дыялог усіх колаў грамадства - дзеючых прадстаўнікоў улады, грамадзянскай супольнасці, дэмакратычных сіл, інтэлігенцыі, чыноўнікаў, сілавога блоку і гд. Для гэтага як мінімум патрэбна спыніць ваяўнічую рыторыку і дыскурс прынцыповай узаемнай нянавісці. Ужо са свайго багатага досведу ведаю, што асабліва ваяўніча выступаюць тыя, хто ваяваць як раз такі не збіраецца, а асабліва прынцыпова тыя - хто нічога не ў стане зрабіць, апроч пустога балабольства. Пануюць безадказнасць, наіўнасць і эгаізм.