Аб’яднаны Пераходны Кабінет Беларусі
3.12K subscribers
2.04K photos
139 videos
1 file
961 links
Афіцыйны канал Аб’яднанага Пераходнага Кабінета Беларусі – часовага выканаўчага органа, створанага нацыянальнай лідаркай Святланай Ціханоўскай.
Пытанні і прапановы @belcabinet_bot
Кантакт для СМІ press@belaruscabinet.org
Download Telegram
«Мы не можам сабе дазволіць растрачваць давер упустую»

Кіраўніца Аб'яднанага Пераходнага Кабінета Святлана Ціханоўская выступіла з прамовай на закрыцці слуханняў прадстаўнікоў Кабінета ў Каардынацыйнай Радзе:

«<…> Прадстаўнікі справаздачыліся не столькі перад Каардынацыйнай Радай, колькі перад народам.

У верасні мы працягнем гэтую практыку — адкрытых дэбатаў і шчырай размовы — я сустрэнуся з вамі, каб даць агульную справаздачу па працы Кабінета і нашых планах. Але я прапаную і вам, Каардынацыйнай Радзе, падрыхтаваць вашую справаздачу: што было зроблена, а што не ўдалося. <...>

Перад намі шмат працы: заўтра мы з вамі праводзім канферэнцыю «Новая Беларусь», і я хачу папрасіць прадстаўнікоў скарыстацца гэтай магчымасцю для пабудовы кантактаў, пошуку новых ідэй, якія наблізяць нас да перамогі. 

Пасля мы адзначаем гадавіну ад выбараў 2020 года. Прашу прыкласці ўсе намаганні, каб Беларусь гучала па ўсім свеце.

Наш прыярытэт — вызваленне палітвязняў. Тут няма простага адказу ці плана. Ёсць розныя шляхі — і ўсе шляхі мы павінны разглядаць. Як мінімум, трымаць гэтае пытанне высока і падтрымліваць родных.

Давайце працаваць разам, каб павялічыць дапамогу для беларускіх арганізацый і ініцыятыў, над павышэннем мабільнасці, пашырэннем практыкі выдачы віз.

Я б вельмі хацела, каб профільныя камісіі Каардынацыйнай Рады больш актыўна працавалі з камандамі прадстаўнікоў Аб’яднанага Пераходнага Кабінета. Гэта могуць быць і рэгулярныя сустрэчы для абмену інфармацыяй, і супольныя кампаніі.  

Я ведаю, што бывае цяжка дамаўляцца, але гэта адзіны правільны шлях. <...>

Спадзяюся пачуць вашыя рэкамендацыі — і на іх падставе ў найбліжэйшы час я агучу свае рашэнні па далейшай працы прадстаўнікоў Аб'яднанага Пераходнага Кабінета. Дзякуй!»

@CabinetBelarus
Напярэдадні канферэнцыі «Новая Беларусь» у Варшаве адбыўся круглы стол палітычных лідараў

Удзел у сустрэчы ўзялі больш за 50 палітыкаў і актывістаў, у тым ліку Офіса Святланы Ціханоўскай, Аб’яднанага Пераходнага Кабінета, Каардынацыйнай Рады, Народнага антыкрызіснага ўпраўлення, «Кіберпартызан», «Партыі БНФ», штаба Віктара Бабарыкі, АГП, БСДП, БХД, руху «За Свабоду», «Рабочага руху», «Рады», «ByPOL», «BelPOL», «BYSOL», «Народных Амбасадаў Беларусі», «Сумленных людзей» і іншых. 

Сустрэча была закрытая для прэсы. Падчас яе абмяркоўвалі пазіцыі і планы дэмакратычных сіл. Вынікі працы круглага стала будуць прэзентаваныя на канферэнцыі 6 жніўня.

@CabinetBelarus
Пачынаецца трансляцыя канферэнцыі «Новая Беларусь 2023»

Яе адкрые кіраўніца Аб’яднанага Пераходнага Кабінета Беларусі Святлана Ціханоўская. Праграма мерапрыемства апублікаваная па спасылцы.

Пішыце свае пытанні ў каментарыях да трансляцыі — мадэратары і вядучыя будуць задаваць іх удзельнікам. Дзяліцеся спасылкай на трансляцыю ў сацсетках, каб больш людзей ведала і магло далучыцца.

Калі вы зараз у Беларусі, не рэпосціце, не лайкайце і не каментуйце эфір са сваіх персанальных акаўнтаў у мэтах бяспекі.

@CabinetBelarus
Кіраўніца Аб'яднанага Пераходнага Кабінета Святлана Ціханоўская выступіла з вітальным словам на адкрыцці канферэнцыі «Новая Беларусь 2023»

«Нас труціць звычка рыхтавацца да горшага. Аднак сёння давайце згадаем, колькі паспяховых праектаў мы ўжо з вамі зладзілі. Яшчэ пяць гадоў таму яны здаваліся немагчымымі, але сёння яны частка новай гісторыі. 

Той самы марафон, на якім мы, беларусы, сабралі больш за 570 тысяч еўра на падтрымку палітзняволеным і іх сем’ям. Гэта выбітнае дасягненне для грамадства, у якім тры гады рэпрэсіруюць за салідарнасць.

Тыя ініцыятывы па аднаўленні беларускага тэатру, кнігадрукавання, адукацыі на роднай мове – і гэта дазваляе захаваць нашу ідэнтычнасць і перадаць новаму пакаленню беларусаў нашыя нацыянальныя каштоўнасці.

Тыя вайсковыя згуртаванні, што змагаюцца зараз ва Украіне. Яны здзяйсняюць подзвіг за подзвігам і дэманструюць усяму свету, чаму нельга ставіць знак роўнасці паміж беларусамі і лукашэнкаўскім рэжымам.

Ды і само тое, што мы сёння знаходзімся тут, ладзім адкрытыя дыскусіі, праводзім публічныя слуханні Кабінета – гэта вялікае дасягненне для грамадства, якое амаль 30 гадоў не бачыла жыцця ў вольнай краіне. Бо празрыстасць, разнастайнасць, свабода слова – гэта фундамент, на якім будуецца дэмакратычная ўлада.

А што за будынак будзе на гэтым фундаменце, залежыць толькі ад нас»

Трансляцыя даступная па спасылцы.

@CabinetBelarus
Павел Латушка — на канферэнцыі «Новая Беларусь 2023» у адказ на пытанне, дзеля чаго патрэбен Аб’яднаны Пераходны Кабінет:

«Пытанне Аб’яднанага Пераходнага Кабінета — гэта не дыскусія, гэта патрэба. Бо гэта аб'яднанне волі і сілы. Гэта не стала тым, што б я хацеў як палітык, калі я прапаноўваў гэта яшчэ ў верасні <...> Не ўпэўнены, ці стане такім заўтра. Але такі інстытут патрэбен сёння і будзе патрэбен заўтра. Бо калі адбудуцца змены, без Кабінета ў краіне будзе анархія. Каб гэты інструмент быў эфектыўны, нам трэба мець сілу, волю і энергію працаваць»

Трансляцыя даступная па спасылцы.

@CabinetBelarus
Валер Кавалеўскі — падчас канферэнцыі «Новая Беларусь 2023»

«Сяброўства ў інтэграцыйных фарміраваннях з Расіяй і сяброўства ў Еўрасаюзе — гэта ўзаемавыключальныя катэгорыі. Проста немагчыма быць у двух месцах адначасова, і таму, што гэта і тэхнічна вельмі складана зрабіць, і таму, што Расія ніколі не дазволіць гэтага зрабіць. Нават нягледзячы на тое, што была канцэпцыя «інтэграцыя інтэграцый». Таму што Расія заўсёды з вялікай рэўнасцю ставілася да геапалітычных змен, да змен у палітыцы краін, якія ўваходзілі ў Савецкі саюз»

Трансляцыя даступная па спасылцы.

@CabinetBelarus
Валерый Сахашчык — падчас панэльнай дыскусіі на канферэнцыі «Новая Беларусь 2023»

«Праўда на нашым на баку. Таму мы можам меншымі рэсурсамі і сіламі дамагчыся перамогі. Для гэтага, як мінімум, хацелася б, каб спыніліся гэтыя брудныя рэчы па нацкоўванні аднаго на аднога. Гэта якраз тое, чым займаецца КДБ, яны стварылі для гэтага цэлае ўпраўленне. Каб нас пасварыць, каб выклікаць недавер»

Трансляцыя даступная па спасылцы.

@CabinetBelarus
На канферэнцыі «Новая Беларусь 2023» прадстаўнік па замежных справах Кабінета Валер Кавалеўскі прэзентаваў праект новага нацыянальнага пашпарта Беларусі

Бяспека беларусаў і абарона іх інтарэсаў падчас вымушанай эміграцыі – прыярытэт Аб'яднанага Пераходнага Кабінета.

Праект нацыянальнага пашпарта Беларусі з'явіўся ў адказ на запыт беларусаў, якім рэжым ускладніў жыццё пасля пераезду і прымушае вяртацца для абмену дакументаў. Наяўнасць сапраўднага пашпарта важная для легалізацыі за мяжой. 

Нацыянальны пашпарт Беларусі – гэта ўнікальны праект праязнога дакумента.

На працягу года кіраўніцай Кабінета Святланай Ціханоўскай і яе камандай былі праведзены перамовы і кансультацыі з кіраўніцтвам Еўракамісіі і шэрагам нацыянальных урадаў, эскіз пашпарта прадстаўлены Камітэту па праязных дакументах Еўракамісіі, дасягнута разуменне і станоўчае ўспрыманне праекта.

Надышоў этап вырабу фізічных узораў пашпарта – абавязковая ўмова для яго прызнання. Чакаецца, што вытворчасць узораў зойме некалькі месяцаў.

Для станоўчага рашэння аб прызнанні Кабінет будзе праводзіць перамовы з урадамі. Важна, каб беларусы падтрымалі праект праз звароты да афіцыйных асоб, палітыкаў, экспертаў, праз медыя і грамадзянскія арганізацыі.

Пашпарт будзе выдавацца Кабінетам праз сетку пашпартных цэнтраў. Пасля падзення рэжыму і аднаўлення дэмакратыі будзе выдавацца ўсім грамадзянам Беларусі. 

Пашпарт будзе біяметрычным машыначытэльным дакументам, які адпавядае ўсім патрабаванням Міжнароднай арганізацыі грамадзянскай авіяцыі. 

Бяспека пашпартных даных будзе забяспечвацца ў строгай адпаведнасці з заканадаўствам Еўрасаюза.

Пашпарт – не замена для нацыянальных віз, не дазвол на пражыванне і працаўладкаванне ў краінах ЕС. Працэс легалізацыі ў дзяржаве, якая прызнала пашпарт, перастане быць праблемай у выпадках непрыдатнасці або страты старога пашпарта.

Відэавізуалізацыя новага пашпарта на YouTube-канале Кабінета.

@CabinetBelarus
Платформа «Голас» запускае апытанне ад Аб'яднанага Пераходнага Кабінета пра праект нацыянальнага пашпарта Беларусі

Прайдзіце яго па спасылцы, каб дапамагчы высветліць колькасць грамадзян Беларусі, якія хацелі б атрымаць новы беларускі пашпарт. Гэта дазволіць ацаніць аб’ём запыту для планавання вытворчага працэсу.

Удзел у галасаванні для тых, хто знаходзіцца ў Беларусі, можа быць небяспечным.

Падрабязная інфармацыя аб новым пашпарце — на новым сайце.

@CabinetBelarus
Аліна Коўшык — падчас канферэнцыі «Новая Беларусь 2023»

«Мы хочам пабудаваць краіну, якая будзе мець гонар, еўрапейскую перспектыву і будучыню. Нацыянальнае адраджэнне — гэта не толькі пытанні культуры і адукацыі. Яно фактычна прасякае ўсе сферы нашага жыцця. Мы не будзем трактаваць беларушчыну як нейкі «этнаграфічны музей», мы будзем развіваць усё найлепшае, усё, што толькі можна. Калі мы згубім наш патэнцыял, нашу творчую і інтэлектуальную нацыянальную эліту, мы не здолеем пабудаваць новую дзяржаву. Давайце не будзем чакаць, калі зменіцца сістэма, давайце змяняць яе разам, пачынаць з вельмі простых рэчаў, якія пад сілу кожнаму з нас».

Падчас канферэнцыі прадстаўніца па нацыянальным адраджэнні агучыла рашэнне Аб’яднанага Пераходнага Кабінета пасмяротна ўзнагародзіць Вітольда Ашурка медалём «Гонар і годнасць».

Медаль брату Вітольда Ашурка Андрэю ўручыла кіраўніца Кабінета Святлана Ціханоўская.

Трансляцыя даступная па спасылцы.

@CabinetBelarus
⚡️ Кіраўніца Кабінета паведаміла аб вызваленні Аляксандра Азарава ад пасады прадстаўніка па аднаўленні законнасці і правапарадку Кабінета
У фінале канферэнцыі «Новая Беларусь 2023» кіраўніца Аб’яднанага Пераходнага Кабінета Святлана Ціханоўская абвясціла шэраг рашэнняў

«На дадзены момант я чакаю рэкамендацый ад Каардынацыйнай Рады па выніках слуханняў. Мы прыкладзём намаганні, каб палепшыць працу Кабінета згодна з гэтымі рэкамендацыямі. У найбліжэйшы час мы прызначым кіраўніка апарату Кабінета і прадставім агульную стратэгію.

Я прыняла рашэнне вызваліць Аляксандра Азарава ад пасады прадстаўніка Кабінета. Разам з тым я б хацела, каб Аляксандр Азараў працягнуў працу пры Кабінеце па плане «Перамога» — і каардынаваў супрацоўніцтва з беларускім падполлем.

Такім чынам, пазіцыя прадстаўніка па аднаўленні законнасці і правапарадку становіцца вакантнай — і мы будзем шукаць адпаведную кандыдатуру. Узімку мы правядзём выбары ў Каардынацыйную Раду, каб яна стала сапраўдным прадстаўнічым органам беларусаў, які мае аўтарытэт і прадстаўляе інтарэсы беларусаў.

Так, як мы заслухалі справаздачу прадстаўнікоў Аб’яднанага Пераходнага Кабінета перад беларусамі, гэтак дасць справаздачу і Каардынацыйная Рада.

Мы будзем пашыраць супрацоўніцтва з Украінай. У сувязі з гэтым я прызначаю кіраўніком Місіі дэмакратычнай Беларусі ў Кіеве Генадзя Манько. Цягам апошняга года ён адказваў за нашу працу з Палком Каліноўскага і ўстанавіў добрыя кантакты ва Украіне.

Таксама я прызначаю Маргарыту Ворыхаву сваёй дарадцай па моладзевай палітыцы і студэнцтве. Маргарыта кіруе арганізацыяй «Рада» і мае значны палітычны досвед: яна прадстаўляла Беларусь у Кантактнай групе Рады Еўропы і ў Кансультатыўнай групе ў Еўрасаюзе»

@CabinetBelarus
Еўрапейскі выбар Беларусі, салідарнасць з Украінай, стратэгія дэмсіл і непрызнанне выбараў рэжыму 2024 года

Па выніках канферэнцыі «Новая Беларусь 2023» лідары беларускіх дэмакратычных сіл апублікавалі чатыры ключавыя дакументы для дэмакратычнага руху Беларусі і заклікалі беларусаў далучыцца да гэтых заяў

▪️«Дэкларацыя аб сяброўстве Беларусі ў Еўрапейскім саюзе» вызначае еўрапейскі выбар Беларусі, сцвярджае прыналежнасць нашай краіны да еўрапейскай цывілізацыі, вітае супрацоўніцтва палітычных структур Еўрапейскага саюза з дэмакратычнымі сіламі Беларусі і заклікае да пашырэння гэтага супрацоўніцтва.

▪️«Рэзалюцыя дэмакратычных сіл Беларусі пра салідарнасць з народам Украіны» выказвае падтрымку ўкраінскаму народу ў барацьбе з агрэсіяй РФ і асуджае дзеянні рэжыму Лукашэнкі — саўдзельніка агрэсіі. Дакумент дэкларуе адмоўнае стаўленне беларусаў да ўдзелу Беларусі ў расійскай агрэсіі і заклікае беларускі народ падтрымліваць беларускіх добраахвотнікаў, якія ваююць на баку Украіны. Таксама ў дэкларацыі выказваецца падтрымка намаганняў Украіны і міжнароднай супольнасці па стварэнні Спецыяльнага міжнароднага крымінальнага трыбунала, які мусіць асудзіць за злачынствы агрэсіі ў тым ліку вышэйшае ваеннае і палітычнае кіраўніцтва рэжыму Лукашэнкі.

▪️«Палітычная дэкларацыя дэмакратычных сіл Беларусі» выказвае падтрымку легітымным прадстаўнікам беларускага народа: нацыянальнай лідарцы Святлане Ціханоўскай, яе выканаўчаму органу Аб’яднанаму Пераходнаму Кабінету, Каардынацыйнай Радзе як прадстаўнічаму органу грамадзянскай супольнасці, дэмакратычным палітычным партыям, рухам і грамадскім арганізацыям. У дакуменце вызначаецца бачанне будучыні Беларусі як незалежнай, дэмакратычнай нацыянальнай дзяржавы і будучага сябра Еўрапейскага саюза. Дэкларацыя называе асноўныя пункты агульнай для дэмакратычных сілаў стратэгіі, якая мусіць прывесці да дэмакратычных перамен.

▪️«Заява аб выбарах 2024 года» называе запланаваныя рэжымам выбары імітацыяй і  падманам, заклікае выбаршчыкаў не прымаць у іх удзел, а грамадскія арганізацыі і партыі правесці інфармацыйную кампанію аб несапраўднасці гэтых выбараў. Дакумент змяшчае заклік да міжнароднай супольнасці не прызнаваць вынікі выбараў рэжыму і абвяшчае правядзенне «альтэрнатыўнай аб'яднанай кампаніі дэмакратычных сіл».

Дакументы былі распрацаваны на круглым стале дэмсіл напярэдадні канферэнцыі «Новая Беларусь 2023».

@CabinetBelarus
Аб’яднаны Пераходны Кабінет заклікае далучыцца да Міжнароднага дня салідарнасці з Беларуссю

Гэта адзін з самых важных дзён у сучаснай гісторыі нашай краіны, калі беларусы зрабілі свой выбар і гучна сказалі «не» Лукашэнку, дыктатуры, гвалту і хлусні.

9 жніўня беларусы, якія знаходзяцца ўнутры краіны, могуць:

▪️напісаць лісты палітзняволеным;
▪️прыдумаць ідэю для плаката, з якім беларусы замежжа выйдуць на акцыі;
▪️стаць валанцёрам адной з дэмакратычных арганізацый;
▪️прачытаць кнігу беларускага аўтара / паслухаць беларускую музыку і падкасты / паглядзець беларускія тэатральныя пастаноўкі на YouTube і фільмы.

9 жніўня беларусы замежжа могуць:

▪️зладзіць акцыі, маршы і пікеты ў сваім горадзе (пазначце на спецыяльна створанай карце на сайце, што і дзе арганізуеце);
▪️арганізаваць падпісанне паштовак палітвязням на працы ці ва ўніверсітэце;
▪️вывесіць беларускі нацыянальны сцяг з вакна свайго дома;
▪️ахвяраваць грошы на дапамогу беларусам праз фонды;
▪️апублікаваць пост пра беларускі пратэст з хэштэгамі #standwithbelarus #freebelarus.

Гэта магчымасць нагадаць сабе і свету пра тое, за што мы змагаемся, хто мы ёсць, у якой краіне хочам жыць. Далучайцеся!

Больш звестак аб гістарычным значэнні 9 жніўня 2020 года, а таксама аб магчымасцях адзначыць гэты дзень і быць актыўным — на адмысловым сайце.

Для захавання бяспекі тым, хто знаходзіцца ўнутры Беларусі, сайт трэба наведваць толькі з уключаным VPN.

@CabinetBelarus