Аб’яднаны Пераходны Кабінет Беларусі
3.14K subscribers
1.62K photos
119 videos
1 file
828 links
Афіцыйны канал Аб’яднанага Пераходнага Кабінета Беларусі – часовага выканаўчага органа, створанага нацыянальнай лідаркай Святланай Ціханоўскай.
Пытанні і прапановы @belcabinet_bot
"Адно акно" @odnooknobysocial_bot
Кантакт для СМІ press@belaruscabinet.org
Download Telegram
Намеснік кіраўніцы Кабінета Павел Латушка накіраваў украінскаму боку дакументы з абгрунтаваннем увядзення санкцый супраць 8 беларускіх прадпрыемстваў ВПК

У Нацыянальнае агенцтва па прадухіленні карупцыі Украіны накіраваны ліст са спісам 8 прадпрыемстваў ваенна-прамысловага комплексу Беларусі, якія ажыццяўляюць пастаўкі тавараў для арміі і ваеннай прамысловасці Расіі, з абгрунтаваннем накладання на іх санкцыйных абмежаванняў.

На падставе гэтага ліста назвы дадзеных прадпрыемстваў размешчаныя на спецыялізаваным сайце «Вайна і санкцыі». Таксама, паводле Нацыянальнага агенцтва па прадухіленні карупцыі Украіны, пералік прадпрыемстваў будзе накіраваны ў Службу бяспекі Украіны для вывучэння і далейшага ўвядзення ў іх дачыненні санкцый.

Раней у Нацыянальнае агенцтва па прадухіленні карупцыі Украіны былі накіраваныя спісы з імёнамі 24 суддзяў, 15 прапагандыстаў і 16 чыноўнікаў структур Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расіі, на якіх прапануецца накласці персанальныя санкцыі.

Павел Латушка падкрэсліў: «Мэтай нашай санкцыйнай палітыкі ў ваенна-прамысловай сферы з'яўляецца паслабленне магчымасці рэжыму Лукашэнкі садзейнічаць расійскай агрэсіі супраць Украіны і вырабляць узбраенні для патрэб Расійскай Федэрацыі.

Мы знаходзімся ў пастаянным узаемадзеянні з украінскім бокам. І гэтае ўзаемадзеянне выйшла на новы, больш дзейсны ўзровень пасля нашага апошняга візіту ў Кіеў, у тым ліку ў пытаннях санкцыйнага ціску на рэжым Лукашэнкі, які з'яўляецца саўдзельнікам расійскай агрэсіі супраць незалежнай Украіны».

@CabinetBelarus
«Фільмы маюць сілу ўздзеяння мацнейшую за бомбы»

Прадстаўніца па нацыянальным адраджэнні Аб’яднанага Пераходнага Кабінета Аліна Коўшык выступіла на адкрыцці першага нефармальнага з'езду беларускіх кінематаграфістаў, які праходзіць у гэтыя дні ў Варшаве:

«У 2019 годзе прайшоў апошні беларускі кінафорум «Лістапад». Сёння, у 2023 годзе, адбываецца гістарычная падзея — першы нефармальны з’езд беларускіх кінематаграфістаў.

За гэты час прайшла поўная пераарыентацыя кінасферы. І ў вас вялікая задача — стварыць беларускую кінаіндустрыю нанова. Фільмы маюць сілу ўздзеяння мацнейшую за бомбы.

Нам, беларусам, сёння як ніколі патрэбныя нашы героі і новыя беларускія міфы. Наша гісторыя поўніцца такімі падзеямі, асобамі і творамі. Як казаў Бернарда Берталучы: «Людзі прыходзяць у кінатэатр, каб падзяліць адну і тую ж мару». І сёння яна ў нас сапраўды адна.

Гэта складаны для нас час — час выклікаў. Злачынцы пазбавілі нас краіны, але не пазбавілі мары і магчымасці дзейнічаць: ствараць культуру новай Беларусі ўжо сёння. Шукаць партнёраў і збіраць найлепшы сусветны досвед. Ладзіць калабарацыі, адкрываць новыя крэатыўныя формы.

Я хачу, каб мы, беларусы, неўзабаве атрымалі наш першы «Оскар». Жадаю вам плённай працы на форуме».

Арганізатар з’езду — Belarusian Filmmakers’ Network — нефармальная ініцыятыва, накіраваная на развіццё беларускага незалежнага кіно, яго прасоўванне ўнутры і па-за межамі краіны, а таксама ўключэнне айчынных аўтараў у глабальны індустрыяльны кантэкст.

@CabinetBelarus
This media is not supported in your browser
VIEW IN TELEGRAM
Дыскусія з дэпутатамі Вярхоўнай Рады, сустрэчы з парламентарыямі і замежнымі дыпламатамі ў Кіеве, перадача дапамогі беларускім добраахвотнікам

— Пачынаецца працоўны візіт намесніка кіраўніцы, прадстаўніка па замежных справах Кабінета Валера Кавалеўскага ва Украіну

У візіце таксама бяруць удзел дарадца Святланы Ціханоўскай па парламенцкім супрацоўніцтве і канстытуцыйнай рэформе Анатоль Лябедзька і кіраўнік Місіі дэмакратычнай Беларусі ў Кіеве Генадзь Манько.

Падчас паездкі запланаваныя:

▪️абмеркаванне з дэпутатамі Вярхоўнай Рады і некаторых еўрапейскіх парламентаў стану беларуска-ўкраінскіх адносін;

▪️сустрэчы з афіцыйнымі асобамі і прадстаўнікамі дыпламатычнага корпусу ў Кіеве;

▪️перадача гуманітарнага грузу для беларускіх добраахвотнікаў ва Украіне;

▪️сустрэчы з дэпутатамі Вярхоўнай Рады Украіны;

▪️сустрэча з прадстаўнікамі беларускай дыяспары ў Львове.

«Мы абмяркуем праблематыку беларуска-ўкраінскіх адносін і перспектывы іх далейшага развіцця. Неабходна надаць новую ўвагу пытанням, з якімі сутыкаецца беларуская супольнасць ва Украіне. Кіеў — месца актыўнай міжнароднай палітыкі, што вызначае важнасць супрацоўніцтва з дыпламатычным корпусам ва Украіне», — распавёў Валер Кавалеўскі.

@CabinetBelarus
«Мы гатовыя садзейнічаць грамадскаму дыялогу паміж беларусамі і літоўцамі»

Прадстаўніца па нацыянальным адраджэнні Аб’яднанага Пераходнага Кабінета Аліна Коўшык пракаментавала антыбеларускія выказванні ў медыйным полі Літвы:

«Я, як і вялікая колькасць дэмакратычна настроеных беларусаў, удзячная Літоўскай Рэспубліцы за падтрымку беларускага пратэсту ад самага яго пачатку. Але немагчыма не заўважыць, што некаторыя літоўскія палітыкі і іншыя лідары меркаванняў усё часцей дэманструюць негатыўнае стаўленне да беларусаў. На жаль, яно небяспечнае найперш для нашых аднадумцаў, арыентаваных на шлях еўрапейскага і мірнага развіцця. Для тых, хто знайшоў у Літве палітычны прытулак і застаецца ўдзячным яе народу за гасціннасць.

Такое стаўленне – адказ, накіраваны не таму адрасату. Бо негатыўных ацэнак заслугоўвае злачынны лукашэнкаўскі рэжым: за ролю расійскага памагатага ў вайне ва Украіне, за незаконнае размяшчэнне расійскай ядзернай зброі і тысяч наймітаў з ПВК «Вагнер», за міграцыйны крызіс.

Мне бачацца штучна створанымі канфлікты, справакаваныя фэйкамі пра небяспеку так званага радыкальнага «літвінізму», які з’яўляецца нічым іншым, як аналагам «рускага міру». Дэмакратычныя сілы Беларусі ніколі не выказвалі і не выкажуць прэтэнзій да тэрытарыяльнай цэласнасці Літвы і зацікаўленыя ў трывалых, добразычлівых і ўзаемавыгадных адносінах з суседзямі. Гэта асабліва важна і для мяне асабіста, дэмакратычнага палітыка, гісторыка і гарадзенкі, для якой мае значэнне спадчына Вялікага Княства Літоўскага і наша цяперашняе і будучае добрасуседства.

Мы гатовыя садзейнічаць грамадскаму дыялогу паміж беларусамі і літоўцамі і шчыра вітаем ініцыятывы грамадзянскай супольнасці, незалежных медыя, культурніцкіх устаноў, вучоных па яго арганізацыі. І заклікаю беларусаў і літоўцаў працягваць абмен інфармацыяй адзін пра аднаго – поўнай, дакладнай, аб’ектыўнай і, што, на мой погляд, вельмі важна, экспертнай»

@CabinetBelarus
«Таталітарызм – пагроза міжнароднай бяспецы, а для беларусаў – пагроза незалежнасці краіны»

Прадстаўніца па нацыянальным адраджэнні Кабінета Аліна Коўшык выказалася з нагоды Дня памяці ахвяр таталітарных рэжымаў:

«23 жніўня ў свеце адзначаецца Дзень памяці ахвяр таталітарных рэжымаў, прымеркаваны да падпісання ў 1939 годзе пакта Молатава – Рыбентропа. Згодна з сакрэтнымі пратаколамі, заходнія вобласці Беларусі і Украіны, якія ўваходзілі ў склад Польшчы, Латвія, Эстонія, Фінляндыя, а таксама Бесарабія трапілі ў сферу ўплыву СССР. Лёс гэтых краін быў вырашаны без удзелу народаў, якія ў іх пражывалі.

Жорсткім, бесчалавечным палітычным рэжымам, якія не ўлічваюць ніякіх законаў, міжнароднага права, няма месца ў сучасным свеце. У 2020 годзе беларусы рашуча выказаліся за свабодную і дэмакратычную краіну.

Таталітарныя рэжымы, якія сістэматычна парушаюць правы чалавека ва ўласных краінах, часцей развязваюць войны і супраць іншых дзяржаў ці становяцца саўдзельнікамі агрэсіі. Сёння таталітарызм – пагроза міжнароднай бяспецы, а для беларусаў – пагроза незалежнасці краіны.

У выніку Другой сусветнай вайны нацызм быў пераможаны. Сёння гэтая ідэалогія забаронена і пераследуецца, а яе гістарычная спадчына асуджаецца.

У той жа час камунізм, асабліва найгоршая яго праява – сталінізм, не атрымаў належнай ацэнкі. Народы Усходняй Еўропы, у тым ліку беларусы, сталі ахвярамі бесчалавечнай палітыкі як нацыстаў, так і камуністаў. Аб’яднаны Пераходны Кабінет у заяве да Дня памяці ахвяр палітычных рэпрэсій асудзіў камунізм, таталітарныя і імперскія ідэалогіі.

Я веру, што беспакаранае зло вяртаецца. Расійская Федэрацыя не толькі не асудзіла камуністычную таталітарную спадчыну, але і пачала яе ўсяляк апраўдваць і, урэшце рэшт, тыражаваць.

Пасля паразы Расіі ў вайне неабходна асудзіць культ Пуціна і рэжым Лукашэнкі і давесці іх да трыбуналу, як гэта было зроблена ў дачыненні да нацысцкай Германіі пасля 1945 года».

@CabinetBelarus
Вашая барацьба за сваю свабоду – натхняе ўвесь свет. І я ганаруся тым, што вам дапамагаюць беларусы

У Дзень незалежнасці Украіны Святлана Ціханоўская звярнулася да ўкраінцаў:

«Шаноўныя ўкраінцы і ўкраінкі, 
прэзідэнт Зяленскі!

Прайшло ўжо паўтара года ад поўнамаштабнага ўварвання Расіі ва Украіну. Увесь гэты час вы бароніце сваю незалежнасць са зброяй у руках і агнём у сэрцы. Мы схіляем галаву перад вашай мужнасцю і стойкасцю. Вашая барацьба за сваю свабоду – натхняе ўвесь свет.

Я ганаруся тым, што ў гэтай барацьбе дапамагаюць беларусы. Ганаруся Палком Каліноўскага і нашымі ваярамі-добраахвотнікамі, якія здзяйсняюць подзвіг за подзвігам. Я ганаруся нашымі валанцёрамі, якія аднаўляюць гарады, дасылаюць інфармацыю ў «Беларускі Гаюн». Медыкамі, што ратуюць жыцці. Ганаруся ўсімі вольнымі беларусамі, якія данацяць на ўкраінскую армію і набліжаюць перамогу Украіны.

Мы адновім добрыя адносіны паміж нашымі народамі, а тыя, хто ўвязаў нашую краіну ў вайну – абавязкова панясуць адказнасць.

Дарагія ўкраінцы, жадаю вам сустрэць наступны Дзень незалежнасці ў мірнай і свабоднай Украіне. 

Слава Україні!
Жыве Беларусь!»
Прадстаўнікі Кабінета, Офіса Святланы Ціханоўскай, Палка Каліноўскага, дэпутаты Вярхоўнай Рады, парламентарыі 20 краін ЕС
— у Кіеве адбылася сустрэча па тэме беларуска-ўкраінскіх адносін

Намеснік кіраўніцы, прадстаўнік па замежных справах Кабінета Валер Кавалеўскі пракаментаваў сустрэчу:

«Мы абмяркоўвалі стан нашых адносін, праблемы, перспектывы і крокі, якія мусім зрабіць, каб дасягнуць гэтых перспектыў. Вельмі важна і каштоўна, што ў нас была, як і заўсёды, адкрытая размова — і мы гатовыя з павагай ставіцца да ўсіх меркаванняў, у тым ліку і крытычных. Пра тое, што магло было быць зроблена, але не зроблена, пра тое, што мы абавязкова будзем рабіць. Будзем працаваць далей над ініцыятывамі, якія былі агучаныя. Такія сустрэчы дазваляюць нам выбудаваць узаемны давер, пазначыць новыя кірункі і ідэі, якія дапамогуць дасягнуць нашай агульнай мэты — вызвалення нашых краін. Каб яны сталі сапраўды дэмакратычнымі, вольнымі і еўрапейскімі».

Разгорнуты каментарый глядзіце па спасылцы на YouTube-канале Кабінета.

@CabinetBelarus
Намеснік кіраўніцы Кабінета Павел Латушка павіншаваў украінскі народ з Днём Незалежнасці

«З Днём Незалежнасці, моцная, рашучая, нязломная Украіна! З Днём Незалежнасці, мужны, свабодны, нязломны ўкраінскі народ!

Вы паказалі ўсяму свету, што значыць быць сапраўднымі патрыётамі і ваярамі.

Перамога будзе за Украінай. І гэтая перамога зменіць свет. Бо змагаючыся за сваю незалежнасць сёння, Украіна змагаецца і падае прыклад усім народам і краінам, якія пацярпелі ад рускага імперыялізму. Перамога Украіны — гэта шанец з ім скончыць. Шанец скончыць з гэтай імперыяй.

У лютым 2022 года беларусы выйшлі на антываенныя акцыі. Ведаючы, чым гэта пагражае. Бо прарасійскі рэжым ад самага пачатку ўдзельнічае ў вайне на баку Расіі супраць волі беларускага народа.

Нават тысячы новых арыштаў і прысудаў за антываенныя пратэсты не спынілі беларускіх рэйкавых партызан, якія перашкаджалі руху расійскіх вайсковых эшалонаў. Не спынілі падполле, якое перадавала і працягвае перадаваць інфармацыю аб перамяшчэннях расійскіх войскаў у Беларусі. Не спынілі дыверсантаў, якія вывелі са строю расійскі самалёт навядзення. Не спынілі тысячы беларускіх валанцёраў.

Не спынілі нашых герояў-добраахвотнікаў, якія з першых дзён сталі плячо да пляча са сваімі пабрацімамі-ўкраінцамі і разам б’юць акупантаў, абараняючы Украіну ў шэрагах ЗСУ.

І мы, беларусы, працягнем падтрымліваць Украіну, працягнем змагацца да Перамогі. За вашу і нашу свабоду.

Веру, упэўнены, што сваю 33-ю гадавіну незалежнасці Украіна сустрэне цалкам вызваленай, у сваіх законных межах.

Слава Украіне! Героям слава! Жыве Беларусь!»

Зварот цалкам глядзіце па спасылцы на YouTube-канале Кабінета.

@CabinetBelarus
Media is too big
VIEW IN TELEGRAM
«Наперадзе ў вас — толькі Перамога»

Кіраўнік Місіі дэмакратычнай Беларусі ў Кіеве Генадзь Манько павіншаваў Украіну з Днём Незалежнасці:

«Сябры! Віншую вас з Днём Незалежнасці Украіны!

За мной цэлае поле маленькіх сцяжкоў, на якім можна ўбачыць сцяжкі розных вайсковых падраздзяленняў, у тым ліку беларусаў, грузінаў, іншых замежнікаў і саміх украінцаў.

За мной стаіць расійская тэхніка, якая збіралася прайсці тут парадам у лютым 2022 года. Але сёння ўвесь Хрышчацік застаўлены расійскай тэхнікай, спаленай за гэты час барацьбы — барацьбы ўкраінцаў за Незалежнасць. Наперадзе ў вас — толькі Перамога».

@CabinetBelarus
Валер Кавалеўскі, Анатоль Лябедзька і Генадзь Манько сустрэліся з дарадцам Офіса прэзідэнта Украіны Міхаілам Падалякам

Палітыкі абмеркавалі:

▪️унутры- і знешнепалітычныя крокі беларускіх дэмакратычных сіл, у прыватнасці прадстаўленыя на канферэнцыі «Новая Беларусь 2023» «Дэкларацыю аб сяброўстве Беларусі ў Еўрапейскім саюзе» і праект новага нацыянальнага пашпарта Беларусі;

▪️наладжванне сталага супрацоўніцтва ў галіне знешняй палітыкі, у тым ліку па выключэнні Расіі з Рады Бяспекі ААН;

▪️перспектывы сумеснага ўдзелу ў палітычных і экспертных мерапрыемствах.

@CabinetBelarus
Media is too big
VIEW IN TELEGRAM
Намеснік кіраўніцы Кабінета Валер Кавалеўскі на Хрышчаціку запісаў віншавальны зварот з нагоды Дня Незалежнасці Украіны

«Віншуем украінскі народ з Днём Незалежнасці!

Тут «парад» расійскай тэхнікі: некалі яны думалі, што праедуць па Хрышчаціку як пераможцы. Але зараз мы бачым тут знішчаную расійскую ваенную тэхніку. Гэта тая цана, якую плацяць расіяне за сваю авантуру — спробу захапіць Кіеў і Украіну.

Беларусы таксама знаходзяцца пад пагрозай расійскай агрэсіі, таму мы разумеем барацьбу ўкраінскага народа і падтрымліваем яго на гэтым шляху. Гэта наша агульная бяда, наш агульны вораг. І супольнымі намаганнямі мы абавязкова пераможам.

Слава Украіне! Героям слава!»

@CabinetBelarus
Намеснік кіраўніцы Кабінета Павел Латушка і намеснік прадстаўніка па замежных справах Кабінета Уладзімір Астапенка правялі анлайн-сустрэчу з намеснікам міністра ўнутраных спраў Латвіі Касперсам Аболіньшам

На сустрэчы была данесеная пазіцыя Кабінета па пытанні магчымага закрыцця межаў у сувязі з пагрозай бяспекі краінам ЕС з боку рэжыму Лукашэнкі. 

Абмяркоўваліся магчымыя захады па павелічэнні ціску на дыктатара і мінімізацыі негатыўных наступстваў для грамадзян Беларусі. Акрамя забеспячэння візавай падтрымкі для грамадзян Беларусі, прадстаўнікамі Кабінету было прапанавана падтрымаць праект новага нацыянальнага пашпарта.

Латвійскі бок пацвердзіў, што працягне прытрымлівацца падыходу размежавання беларускага народу і рэжыму Лукашэнкі. Было пацверджана, што ёсць разуменне таго, што менавіта рэжым вінен у міграцыйным крызісе, размяшчэнні ядзернай зброі ў Беларусі, а таксама прысутнасці ПВК «Вагнер» на тэрыторыі нашай краіны.

Таксама была адзначана важнасць каардынацыі і гарманізацыі абмежавальных захадаў краін-суседзяў у дачыненні да рэжыму.

Асобна былі абмеркаваныя сітуацыя вакол ПВК «Вагнер» і магчымае развіццё падзей на тэрыторыі Беларусі ў сувязі з выкарыстаннем рэжымам нелегальных мігрантаў для дэстабілізацыі становішча на межах ЕС з Беларуссю.

Касперс Аболіньш адзначыў, што любыя рашэнні па функцыянаванні пагранічных пераходаў будуць прымацца ў каардынацыі з Польшчай і Літвой. 

Раней кансультацыі з Міністэрствам унутраных спраў Літвы па дадзеных пытаннях правёў намеснік кіраўніцы Аб’яднанага Пераходнага Кабінета Валер Кавалеўскі. Сёння падобныя кансультацыі намеснік кіраўніцы Кабінета Павел Латушка правёў з МУС Польшчы.

Напярэдадні сустрэчы міністраў унутраных спраў Літвы, Латвіі і Польшчы, запланаванай на 28 жніўня ў Варшаве, у іх адрас была пісьмова накіравана пазіцыя Кабінета.

@CabinetBelarus
Кіраўніца Аб’яднанага Пераходнага Кабінета Святлана Ціханоўская звярнулася да беларусаў у Дзень абвяшчэння незалежнасці Беларусі

«Роўна 32 гады таму Беларусь была абвешчана незалежнай дзяржавай. Здзейснілася мара многіх пакаленняў. <…>

Незалежнасць – гэта не iдэалагiчныя сходы і ваенныя парады за народныя грошы, а сучасная інфраструктура, якасная медыцына для ўсіх грамадзян, а не толькі для дзяржаўнай эліты. Адукацыя без ідэалагічнага прымусу.

І, вядома, незалежнасць – гэта не быць у чыёйсьці сферы ўплыву, а магчымасць самастойна абіраць партнёраў і шлях развіцця краiны. <…>

Менавіта за такую будучыню мы выходзілі ў 2020-м на вуліцы. За такую будучыню сёння пакутуюць палітычныя вязні ў лукашэнкаўскіх турмах. Пра такую Беларусь мараць і тыя, хто вымушана пакінуў Радзіму, але хочуць найхутчэй вярнуцца дадому. <…>

Мы паказвалі, што здольныя бараніць нашую свабоду: мірна – пратэстамі і забастоўкамі; і на франтах – са зброяй у руках. Гэта пацвярджае гiсторыя і нашая сучаснасць»

Зварот цалкам глядзіце па спасылцы.

@CabinetBelarus
Намеснік кіраўніцы Кабінета Павел Латушка распавёў аб значнасці даты 25 жніўня для беларусаў

«25 жніўня 1991 года фактычна адбылося абвяшчэнне незалежнасці сучаснай Беларусі. У гэты дзень, пасля правалу Жнівеньскага путчу, які меў за мэту спыніць распад СССР, Вярхоўны Савет прагаласаваў за наданне Дэкларацыі аб дзяржаўным суверэнітэце, прынятай 27 ліпеня 1990 года, статусу канстытуцыйнага закона. За абвяшчэнне незалежнасці Беларусі аддалі свае галасы 253 дэпутаты з 265. <…>

Але ж зараз нас хочуць гэтага пазбавіць.

Праз жудасную захопніцкую вайну ва Украіне. І праз марыянеткавы ўрад Лукашэнкі ў Беларусі, які ад самага пачатку свайго з’яўлення, зноў пацягнуў Беларусь пад Расію, ад Незалежнасці — у залежнасць»

Зварот цалкам глядзіце па спасылцы.

@CabinetBelarus
Генадзь Манько прыступіў да выканання абавязкаў кіраўніка Місіі дэмакратычнай Беларусі ў Кіеве

Ён пракаментаваў пачатак працы на новай пасадзе:

«Стаяць вялікія і складаныя задачы. <…> Але агульнае ўяўленне [пра іх] ёсць, бо я знаходжуся ва Украіне з мінулага году, практычна ад пачатку вайны. Займаўся дапамогай добраахвотнікам, Палку Кастуся Каліноўскага і некаторым іншым беларускім вайсковым падраздзяленням».

Каментарый цалкам — па спасылцы.

@CabinetBelarus
Прадстаўніца па нацыянальным адраджэнні Кабінета Аліна Коўшык павіншавала вядомага беларускага пісьменніка Уладзіміра Арлова з 70-годдзем

«Ад усяго сэрца жадаю Вам моцнага здароўя, новых кніжак, натхнення і найхутчэйшага — нашага супольнага — вяртання на Радзіму. Каб мы там «пачуваліся сваімі людзьмі на сваёй зямлі»

Віншаванне цалкам глядзіце па спасылцы.

@CabinetBelarus
Намеснік кіраўніцы Кабінета Павел Латушка сустрэўся з генеральным дырэктарам МЗС Славеніі Матэяй Норчыч Штамцар

Падчас сустрэчы адбылося абмеркаванне перададзеных славенскаму боку матэрыялаў аб здзейсненых рэжымам ваенных злачынствах, звязаных з незаконным перамяшчэннем украінскіх дзяцей з акупіраваных тэрыторый Украіны ў Беларусь, і справаздачы, падрыхтаванай Justice Hub пры падтрымцы НАУ, па фактах здзяйснення рэжымам Лукашэнкі злачынстваў супраць чалавечнасці.

Палітыкі разгледзелі магчымыя механізмы дзейнасці па прыцягненні прадстаўнікоў рэжыму да міжнароднай крымінальнай адказнасці.

Матэя Норчыч Штамцар падкрэсліла, што Славенія выступае за далейшы ціск на рэжым Лукашэнкі. Абмеркаваны захады па яго павелічэнні.

Генеральны дырэктар МЗС Славеніі выказала згоду прааналізаваць магчымасці выкарыстання інструментаў ААН у гэтым кірунку – у сувязі з абраннем Славеніі ў склад непастаянных членаў Савета Бяспекі ААН (падчас выбараў Славенія перамагла рэжым Лукашэнкі).

Таксама Павел Латушка і Матэя Норчыч Штамцар дамовіліся скласці спіс магчымых дзеянняў па падтрымцы дэмакратычных сіл Беларусі з боку Славеніі ў рамках ААН.

Асобна падчас размовы была закранутая праблема беларускай дыяспары, звязаная з адкрыццём рахункаў у камерцыйных банках Славеніі. Была дасягнута дамоўленасць, што для яе вырашэння МЗС Славеніі накіруе запыт у Нацыянальны банк.

Праблема выдачы славенскіх віз грамадзянам Беларусі, якія пацярпелі ад рэпрэсій рэжыму, альбо членам іх сем'яў будзе асобна разгледжана ў МЗС Славеніі.

@CabinetBelarus
Вынікі працоўнага візіту Валера Кавалеўскага ва Украіну

Разам з дарадцам Святланы Ціханоўскай па парламенцкім супрацоўніцтве і канстытуцыйнай рэформе Анатолем Лябедзькам і кіраўніком Місіі дэмакратычнай Беларусі ў Кіеве Генадзем Манько намеснік кіраўніцы, прадстаўнік па замежных справах Кабінета Валер Кавалеўскі ўзяў удзел у серыі сустрэч:

▪️з дэпутатамі Вярхоўнай Рады і парламентарыямі каля 20 краін ЕС, падчас якой абмяркоўваліся беларуска-ўкраінскія стасункі, праблемы легалізацыі беларусаў ва Украіне, у тым ліку праблемы з банкаўскімі рахункамі і ВНЖ, а таксама складанасці, з якімі сутыкаюцца беларускія добраахвотнікі; на палях сустрэчы таксама праведзены перамовы з еўрадэпутатамі;

▪️з дарадцам Офіса прэзідэнта Украіны Міхаілам Падалякам, з якім дасягнута дамоўленасць аб правядзенні сумесных палітычных і экспертных мерапрыемстваў і абмеркаваны магчымасці супрацоўніцтва ў знешняй палітыцы;

▪️з экспертнай супольнасцю ў Кіеве, падчас якой вялася гаворка аб праблемах беларусаў ва Украіне, перспектывах пашпарта новай Беларусі, узаемадзеянні з добраахвотнікамі і валанцёрамі, кантактах з украінскімі ўладамі і магчымасці візіту Святланы Ціханоўскай ва Украіну;

▪️з прадстаўнікамі дыпламатычнага корпусу ЕС у Кіеве, якім – у мэтах падтрымання сталых дыпламатычных стасункаў з беларускімі дэмсіламі – быў прадстаўлены кіраўнік Місіі дэмакратычнай Беларусі Генадзь Манько;

▪️са штабам Палка Каліноўскага, падчас якой адбылася перадача гуманітарнага грузу для беларускіх добраахвотнікаў;

▪️з беларускай дыяспарай у Львове, на якой уздымаліся пытанні супрацоўніцтва з мясцовымі ўладамі ў галіне медыя і па праблемах легалізацыі (курыраваць іх вырашэнне будзе Генадзь Манько).

Валер Кавалеўскі пракаментаваў вынікі працоўнага візіту: «Атмасфера сустрэч з украінскім бокам, у тым ліку з афіцыйнымі асобамі, была вельмі прыязнай. Можна з упэўненасцю казаць, што прагрэс у адносінах ёсць і дыялог наладжваецца. Але нас чакае яшчэ шмат руплівай працы для таго, каб адносіны прынеслі істотныя для абодвух бакоў вынікі».

@CabinetBelarus