Валанцёрская служба ПЦ "Вясна"
398 subscribers
534 photos
19 videos
385 links
@viasnahelp - па валанцёрскіх пытаннях.

@ViasnaSos - для паведамленняў пра затрыманні па адм. і крым. справах, а таксама для кансультацый па факце затрымання і далейшых дзеянняў.

@Zvarot96 - юрыдычная падтрымка Вясны.
Download Telegram
❗️Палітзняволеная праваабаронца «Вясны» Марфа Рабкова страціла прытомнасць падчас прагулкі

Як стала вядома, учора, 25 ліпеня, Марфа Рабкова на прагулцы ў СІЗА-1 страціла прытомнасць. Яе артэрыяльны ціск склаў 80/60 (мм. рт. сл). Яго вымераў лекар СІЗА-1, а таксама зрабіў Марфе кардыяграму.

«Вясне» не вядома, ці даваліся Марфе пры гэтым якія-небудзь лекі. Цяпер яна знаходзіцца на пасцельным рэжыме ў сваёй камеры і адчувае моцную слабасць. Таксама вядома, што цягам двух месяцаў Марфа мае патрэбу ў стаматолагу. Яна пісала заяву пра гэта, але Следчы камітэт (а менавіта ён прымае такое рашэнне) ёй у гэтым адмовіў.

📨
Падтрымаць Марфу лістамі і паштоўкамі салідарнасці:
- СІЗА-1, г.Мінск, вул.Валадарскага, д.2 220030, Марыя Аляксандраўна Рабкова
💻 Напісаць анлайн 👉 bit.ly/3jwJMLn
Пісьменніца Валярына Кустава далучылася да праекту "Паштоўкі ад вясноўкі" і напісала ліст Уладзіміру Лабковічу.

"Вітанкі, Лабковіч!

Неяк чула, што па прозвішчы цябе называюць сябры. Вось і я так вырашыла назваць, каб табе ўтульней ды весялей ліст было гэты чытаць. Каб было нешта сваё хоць праз паперу.

Не спынюся паўтараць: пашанцавала тым, хто з вамі, вясноўцамі, цяпер дзеліць камеры. Ім неймаверна пашанцавала. Перакананая, ты меў рацыю: вы будзеце дапамагаць людзям, дзе б ні былі: ты, Валік, Алесь... І нават там, дзе цяпер. І зараз дапамагаеце, адукоўваеце, падтрымліваеце, асвячаеце, весяліцеся, травіце пацешныя байкі...

Вы не проста крутыя. Вы крутыя супергероі беларускага народу. О, дарэчы, трэба замуціць такі матыватар: памятаеш, тую фотку, дзе ты, Валянцін і Алесь ідзяце па вуліцы і паказваеце "віктары"? Трэ гэтую карцінку ўзяць і дамаляваць вам строі супергерояў: бэтман, чалавек-павук, супермэн... Ты якім хочаш быць? 😉

Ведаеш, я зразумела за апошні час, што Радзіма - гэта не тэрыторыя, а людзі. Яе немагчыма скрасці. Як немагчыма канфіскаваць у чалавека, у беларуса, у нас усіх - сяброўства, любоў ці павагу.

Хаця менавіта страту адчучаеш перадусім спачатку. Страту самага дарагога: Свабоды, Айчыны, родных, магчымасцяў... Але ведаю, што ты крэпкі арэшак. І немагчыма зламаць нязломнага. Памятаеш песеньку Сержука? Працяг суседняга пляча - жыве ў маім плячы - і людажэрам-крумкачам нас не перамагчы...

Што б ты ні не зрабіў - мы заўжды на тваім баку, памятай. Толькі не ахвяруй сабой, калі ласка. Бо Звышчалавек - гэта ўсяго толькі лірычны герой Ніцшэ, а не ён сам. Ты ўжо герой.

Тое, што адбываецца, ведаю, толькі мацней цябе загартуе. Усіх нас.

Нават калі яны нас усіх выкінуць з краіны - за межы ці ў турму, то ўсё адно позна - мы ўжо сталі нацыяй. І застанемся нацыяй. Цяпер увесь беларускі народ - як выгнаннікі, якія страцілі свой Купалаўскі. Але гэта не канец. Гэта пачатак. Пачатак яго канца. І Дзікае паляванне ўжо поруч... І гэта пачатак нас. Радзіма там - дзе мы. Дзе кожны з нас: ты, Валік, Алесь і нават я... Але не ён. Дзе нашыя дзеці, нашы родныя, нашы любімыя. Беларусь - гэта мы.

Старайся спаць, калі ёсць магчымасць, гэта, кажуць, надае аптымізму.

Давай пашукаем: мо ў каталогу кнігаў, сярод тых, што можна замовіць, - раптам ёсць нешта пра Рым.

PS. Можаш павіншаваць, гэта мой дэбютны ліст да палітвязня. Сорамна, канечне. Буду выпраўляцца.

Найшчыра,
Валярына".

Вы можаце напісаць ліст падтрымкі Уладзіміру Мікалаевічу Лабковічу:
СІЗА-1, 220030, г. Мінск, вул. Валадарскага, 2

Таксама заклікаем вас пісаць лісты і іншым палітвязням, інфармацыю пра палітвязвяў можна ўзяць на тэматычных сайтах:
1) https://prisoners.spring96.org/be
2) https://politzek.me/friends
3) https://dissidentby.com

#паштоўкіадвясноўкі
Спявачка і паэтка Кацярына Ваданосава далучылася да праекту "Паштоўкі ад вясноўкі" і напісала ліст Івану Каневага.

"Сардэчна вітаю Вас, шаноўны спадар Іван! Мы з Вамі, на жаль, незнаёмыя, але мне падаецца, што гэты (безумоўна, сумны) факт не з'яўляецца перашкодай для напісання Вам ліста:)
Калі я даведалася, што Вы маеце дачыненне да музыкі, то падумала: "З гэтым чалавекам мне, без сумневу, будзе, пра што пагаварыць!"
Я таксама люблю музыку, сама займаюся ёй, пішу песні ды да нядаўняга часу выступала. Тыя, хто слухаў мае альбомы, кажуць, што гэта фоль-рок, бо мне падабаецца ўплятаць у аранжыроўкі крышку нестандартныя для тыповага рок-гурта інструменты: цымбалы, скрыпку, віяланчэль, духавыя... А натхненнем заўсёды лічыла дзьве плыні: класічны рок і рок-н-рол 60-70-х, а, з другога боку, сярэднявечную і барочную музыку. Напэўна, тое, што я гісторык, бачна па маім лісце?:) Такімі літаркамі пісалі ў ХІІ стагоддзі (канешне, раўнейшымі і прыгажэйшымі). Згадзіцеся, яны вельмі падобныя да сучасных?) А потым прыйшла вычварная готыка:)
...Спадар Іван, мне вельмі-вельмі хочацца, каб Вы не гублялі надзеі. Калі ласка, трымайцеся, паспрабуйце знаходзіць хаця б кроплю радасці ў кожным новым дні! Гэта цяжка; проста не забывайцеся, што ёсць тыя, хто чакаюць і любяць Вас. А я буду моцна спадзявацца на Ваш адказ. Напэўна, я падаюся Вам зусім дыназаўрам са сваёй любоўю да "Лед Зэпелін" і Дзюфая (быў такі кампазітар у ХV стагоддзі))? Якую музыку любіце Вы? Парайце што-небудзь: час мне стрэсці з сябе пыл вякоў!:)
Дзякуй Вам за ўсё. Прыміце маю павагу і гэтыя нязграбныя словы падтрымкі.
Кацярына Ваданосава."

Вы можаце напісаць ліст падтрымкі Івану Віктаравічу Канявега:
ПК №15, 213105, г. Магілёў, п / а Вейна, Слаўгарадская шаша 183

Таксама заклікаем вас пісаць лісты і іншым палітвязням, інфармацыю пра палітвязвяў можна ўзяць на тэматычных сайтах:
1) https://prisoners.spring96.org/be
2) https://politzek.me/friends
3) https://dissidentby.com

#паштоўкіадвясноўкі
Музыка і мастак Андрусь Такінданг далучыўся да праекту "Паштоўкі ад вясноўкі" і напісаў ліст Мікіту Ганчарову.

"Добры дзень, Мікіта. Мяне клічуць Андрусь. Я музыка і мастак з Мінска. Хачу гэтым лістом падбадзёрыць вас і перадаць словы падзякі і падтрымкі. У вас наперадзе доўгае і шчаслівае жыццё, няхай час праведзены ў зняволенні будзе ўсяго толькі маленькім эпізодам у вашым лёсе. Малюся за вашае здароўе і вяртанне на свабоду, хай Бог бароніць і дапамагае. Калі я не памыляюся, вы з Брэста? Мне пашчасціла бываць у вашым прыгожым горадзе, піць каву, гуляць па пешаходнай вуліцы. Магчыма, калі-небудзь мы з вамі перасячэмся на вуліцах Мінска, Брэста ці іншага горада і тады зможам пагутарыць ужывую. Цяпер у Беларусі гарачае надвор'е, па вечарах людзі запаўняюць рэстараны, кавярні, бары, шмат хто выезжае на прыроду (рэкі, лясы). Але па-сапраўднаму поўнае, гарманічнае жыццё пачнецца толькі тады, калі вы зможаце выйсці на свабоду. Беларусь чакае вас, кожная хвіліна набліжае заканчэнне турэмнага тэрміну. Да сустрэчы на волі."

Вы можаце напісаць ліст падтрымкі Мікіту Максімавічу Ганчарову:
СІЗА-7, 224030, г. Брэст, вул. Савецкіх памежнікаў, 37

Таксама заклікаем вас пісаць лісты і іншым палітвязням, інфармацыю пра палітвязвяў можна ўзяць на тэматычных сайтах:
1) https://prisoners.spring96.org/be
2) https://politzek.me/friends
3) https://dissidentby.com

#паштоўкіадвясноўкі
🕊«Мы выбралі нашу сумесную будучыню. І гэта самы важны выбар для народа і грамадства». Аб чым піша праваабаронца Марфа Рабкова на волю

🔹Адзінства — наша сіла, сапраўднае адзінства і салідарнасць, а не тое, у гонар чаго прыдумалі новае свята 17 верасня. Так іранічна, што гэтае свята супала з днём майго затрымання. Вельмі сімвалічна;

🔹Дзякуй табе вялікі за падтрымку і тое, што ты гатовая падарыць мне частку сваіх сілаў. Ад такога хочацца плакаць, але гэта цёплыя і добрыя слёзы захаплення ад нашых людзей;

🔹Я таксама ўпэўненная, што ўсё будзе добра. Прагрэс і развіццё можна стрымаць на некаторы час, але не спыніць. Гісторыя гэта цудоўна пацвярджае.

🔹Сапраўды, што мы выбралі сябе і адначасова адзін аднаго. Мы выбралі нашу сумесную будучыню. І гэта самы важны выбар для народа і грамадства.

💌Падтрымаць Марфу лістамі і паштоўкамі салідарнасці па адрасе: СІЗА-1. 220030, г. Мінск, вул. Валадарскага, 2
💻 Напісаць анлайн 👉 bit.ly/3jwJMLn
😔У праваабаронцы Марфы Рабковай памёр бацька

Марфа
Рабкова ўжо амаль год утрымліваецца пад вартай у СІЗА-1. На працягу гэтага часу супрацоўнікі следчых органаў не раз шантажавалі Марфу сітуацыяй з цяжкахворым бацькам, прымушаючы даць патрэбныя ім паказанні — інакш яна яго не паспее ўбачыць.

Марфа мноства разоў падавала хадайніцтвы на змяненне меры стрымання з заключэння пад варту на хатні арышт або падпіску нявыездзе — для таго, каб яна магла даглядаць за бацькам. Пры гэтым да хадайніцтва прымацоўваліся усе неабходныя медыцынскія зняволення. Але Рабковай заўсёды адмаўлялі.

Таксама следчыя заўсёды адмаўлялі Марфе ў заявах на яе спатканне з роднымі.

Акрамя гэтага, «Вясне» вядома, што зімой ад COVID-19 памерла бабуля Марфы Рабковай.

📨 Падтрымаць Марфу лістамі і паштоўкамі салідарнасці:
- СІЗА-1, г.Мінск, вул.Валадарскага, д.2 220030, Марыя Аляксандраўна Рабкова
💻 Напісаць анлайн 👉 bit.ly/3jwJMLn
Паэт і бард Алесь Наркевіч далучыўся да праекту "Паштоўкі ад вясноўкі" і напісаў верш-ліст Анастасіі Булыбенка.

"Ліст палітвязьню

Ня ведаю з чаго пачаць
Свой допіс…
Падбіраю словы…
Сказаць “дзень добры” –
Прамаўчаць
пра дні ў няволі,
Пад аховай,
Пад забаронай,
Пад хлусьнёй,
несправядлівасьцю,
Ў палоне…
Пачаць “дзень добры!” –
Божа ж мой!
Ён у нянавісьці ўжо тоне!
Як і любы з паскудных дзён,
Калі жывеш у несвабодзе,
Калі і праца – твой палон,
І па-за працай – ты як злодзей…
У дыктатуры пад крылом,
Што туліць Край ў абдымкі сьмерці…
Калі палова – бедакі
з IQ +/-
«ўсе мы людзі»…
МАЕ ПАНЕНКІ, ЮНАКІ
ТАМ,
У НЯ ВО ЛІ…
У ПА КУ ЦЕ…
Сказаць «дзень добры»
не магу…
Ў нядобры час,
у злыдняў зграі…
Адно – надзею зьберагу –
На волі ажыве й зайграе…
Адно, што веру і жыву
Я тым «ЖЫВЕ!»…
А так і будзе…
Ісусы нашы
і мяне
Ратуюць
Праўдай аб іудзе.

Чэрвень – ліпень 2021"

Вы можаце напісаць ліст Булыбенка Анастасіі Аляксандраўне:
СІЗА-3. 246003, г. Гомель, вул. Кніжная, 1А

Таксама заклікаем вас пісаць лісты і іншым палітвязням, інфармацыю пра палітвязвяў можна ўзяць на тэматычных сайтах:
1) https://prisoners.spring96.org/be
2) https://politzek.me/friends
3) https://dissidentby.com

#паштоўкіадвясноўкі
Журналіст Аляксандр Чарнуха далучыўся да праекту "Паштоўкі ад вясноўкі" і напісаў ліст Ягору Марціновічу.

"Прывітанне, Ягор!

Мы не так добра знаёмыя, як магло б быць. Так, вучыліся разам, некалькі разоў гулялі ў футболу, віталіся пры сустрэчы, але хіба гэта блізкае знаёмства? Але я сапраўды ганаруся і тым, што ёсць - таму што ты сумленны чалавек, а сумленне - гэта тое, што нельга купіць за грошы. Сумленне - гэта тое, да чаго не прымусіш, тое, што з табою навечна. І гэта сапраўдны гонар - мець сумленне.

Гэта як футбольны клуб, які яшчэ зусім зялёным абраў адзін раз і на ўсё жыццё. Хай гэты клуб у цяжкім становішчы, хай гульцы стомленыя і дэматываваныя, хай усё супраць - але ты ўсё роўна будзеш глядзець гульню, шчыра перажываць кожнае імгненне, а пасля будзеш гатовы нават атрымаць у сківіцу, адстойваючы сваё права звацца часткай гэтага клубу.

Сумленне - гэта калі ты ніколі не трапіш з «Манчэсцера» у «Ліверпуль», а з «Рэала» у «Барселону». Сумленне, гэта калі ты ніколі не скажаш публічную абразу пра чалавека, з якім трэніраваўся ў адной дзіцячай секцыі ці нават сядзеў за адным сталом. Сумленне - гэта калі ты будзеш рабіць сваю справу праз боль, праз абставіны, праз не магу. Але ніколі не змаўчыш, калі твае паплечнікі апынуліся ў цяжкім становішчы, калі ты бачыш несправядлівасць. І грошы, статус ці страх тут не пры чым. Ты проста не зможаш па-іншаму. Таму што маеш сумленне.

Я спадзяюся, Ягор, што ўжо вельмі хутка ты зможаш быць разам з сям’ёй - у цябе цудоўная сям’я, якая за цябе шчыра перажывае. Гэта вельмі цяжка - перажываць за сям’ю, што яна перажывае за цябе. Усё абавязкова будзе добра. Клуб па-ранейшаму ў вышэйшай лізе, сумленне па-ранейшаму з табою. А значыць - усё не так дрэнна."

Вы таксама можаце напісаць ліст падтрымкі Ягору Аляксандравічу Марціновічу:
СІЗА-1, 220030, г. Мінск, вул. Валадарскага, 2

Таксама заклікаем вас пісаць лісты і іншым палітвязням, інфармацыю пра палітвязвяў можна ўзяць на тэматычных сайтах:
1) https://prisoners.spring96.org/be
2) https://politzek.me/friends
3) https://dissidentby.com

#паштоўкіадвясноўкі
Журналіст і праваабаронца Сяржук Сыс далучыўся да праекту "Паштоўкі ад вясноўкі" і напісаў ліст Алесю Бяляцкаму.

"Вітаю, шаноўны дружа Алесь!
Пішу табе я, твой "старажытны" сябра Сяржук. Менавіта ты ахрысціў мяне гэтым прыметнікам яшчэ ў 2012 годзе, калі ў Бабруйскай калоніі ствараў эсэ "Светлы смутак па вечнай радзіме", прысвечанае мне і нашаму сяброўству. Якраз учора я нанач перачытаў яго.
Сапраўды, Алесь, мала хто можа пахваліцца такім працяглым сяброўствам з табой, хіба яшчэ Эдуард Акулін. За гэта я кажу дзякуй лёсу. Уявіць нават складана - 42 гады таму мы сустрэліся на падрыхтоўчым курсе "гомельскага ўнівермага".
Смешны я быў тады, а мы - наіўнымі і светлымі. Але тое неўзабаве прайшло. З’явіліся выразныя мэты, акрэсліліся светапогляды. У мяне, праўда, гэта доўжылася болей. Але ад самага пачатку мы жылі і сьнілі беларушчынай. Наспеў урэшце час і я, 14 год таму, даблукаў аж да "Вясны".
И вось я, сённяшні, ёсць такім, дзякуючы і твайму уплыву, твайму цярпліваму патранату. Пра што не шкадую і чым ганаруся.
Закруціў час новую спіралю, абрынуў новыя выпрабаванні, якія мусім прайсці, ды выкараскацца на шырокі і прамы шлях.
Узгадваю нашую вокамгненную сустрэчу на акрэсцінскім калідоры 15 ліпеня. Мы паспелі абмяняцца позіркамі і я супакоіўся - бачыў у тваіх вачах падтрымку і ўпэўненасць.
А пакуль - як ёсць. У лесе нарэшце запахла грыбочкамі: баравікамі, чырвонагаловікамі, лісічкамі. Толькі сёлета я іх збіраць не маю магчымасці. А як вольная хвіліна надараецца - чытаю. Перавагу аддаю мемуарам, дзённікам, успамінам. Узрост такі, відаць.
Пішу трохі вершаў, яны неяк супакойваюць і суцяшаюць. Праўда, некаторыя кажуць, што занадта самотна выходзіць, шчымліва аголена. Ну такі цяпер настрой у мяне. Глянь сам:

Уявіў на імгненне сябе мурашом:
Адзінокім, зляканым і кволым,
У якога дашчэнту раструшчылі дом,
І нікога-нікога наўкола.
Прадзіраюся лісцем апалым ледзь-ледзь,
Лапкі б’ю аб бярвёны ігліцы.
Вось яшчэ б і смарагдавы мох адалець,
Каб да новага дому прабіцца.
Сілаў мала зусім, каб мурашнік знайсці,
Некрануты звярынаю злосцю...
І калі не загіну ў дрымучым трысці -
Папрашуся да вас, вашамосці.

Яшчэ мне ўзгадалася, як у снежні 2019 года мы выбраліся аглядаць старыя доты і капаніры пад Заслаўем. Жартавалі тады - можа яшчэ спатрэбяцца. Сёння, думаю, мы самі як тыя доты і здольныя трымаць кругавую абарону.
Трымайся там. Мы, аксакалы, вытрымаем абавязкова!"

Вы можаце напісаць ліст падтрымкі Алесю Віктаравічу Бяляцкаму:
СІЗА-1, 220030, г. Мінск, вул. Валадарскага, 2

Таксама заклікаем вас пісаць лісты і іншым палітвязням, інфармацыю пра палітвязвяў можна ўзяць на тэматычных сайтах:
1) https://prisoners.spring96.org/be
2) https://politzek.me/friends
3) https://dissidentby.com

#паштоўкіадвясноўкі
Што варта ведаць пра спатканні з вязнямі: працягласць спатканняў

Спатканні бываюць:
- кароткатэрміновыя;
- працяглыя.

Кароткатэрміновыя - спатканні працягласцю да 2-х гадзін ва ўмовах СІЗА* і да 4-х гадзін — у калоніі.
*Але, напрыклад, у СІЗА-1 працягласць спаткання можа быць скарочана да адной гадзіны.

Працяглыя - спатканні ў калоніях і турме могуць доўжыцца да 3-х сутак.
11 месяцаў за кратамі. Муж праваабаронцы Марфы Рабковай распавёў пра яе стан

Марфа была затрыманая 17 верасня 2020 года. Яна абвінавачваецца па трох артыкулах Крымінальнага кодэкса — ёй пагражае да 12 гадоў пазбаўлення волі.

За гэтыя месяцы Марфа моцна схуднела, у яе праблемы са здароўем і памерлі бабуля і бацька. Следчыя неаднаразова прапаноўвалі ёй супрацоўніцтва: прызнаць віну і тады ёй зменяць меру стрымання і адпусцяць да хворых бацькоў. Але Марфа прынцыповая ў сваёй пазіцыі.

Муж палітзняволенай праваабаронцы Вадзім Жаромскі распавёў, як Марфа адчувае сябе цяпер 👉 bit.ly/3sm6Y5k

💌Падтрымаць затрыманых вясноўцаў:
СІЗА-1, 220030, г. Мінск, вул. Валадарскага, 2 (Алесь Бяляцкі, Валянцін Стэфановіч, Уладзімір Лабковіч, Марфа Рабкова, Андрэй Чапюк)
СІЗА-3, 246003, г. Гомель, вул. Кніжная, 1А (Леанід Судаленка, Таццяна Ласіца)

💻 Напісаць анлайн 👉 bit.ly/3jwJMLn

❗️Калі вы атрымліваеце лісты ад вясноўцаў, калі ласка, паведаміце пра гэта нам у тэлеграме @Spring96info
Што варта ведаць пра спатканні з вязнямі: спатканні ў ізалятары часовага ўтрымання

Хоць затрыманы нядоўга знаходзіцца ў ІЧУ — ад 3 да 10 сутак (пры крымінальнай справе), яму ўсё адно дазваляюцца спатканні з блізкімі сваякамі і чальцамі сям'і.
На гэта патрэбна атрымаць пісьмовы дазвол таго органа, які вядзе крымінальны працэс. Для гэтага блізкім сваякам або чальцам сям'і трэба звярнуцца да яго з заявай. Такі дазвол сапраўдны толькі на адно спатканне і дзейнічае на перыяд, пакуль змешчаны пад варту адносіцца да таго органа, які яго выдаў. У дазволе павінна быць пазначана, каму і з кім спатканне дазваляецца. На спатканне з асобай, якая ўтрымліваецца пад вартай у ІЧУ, дапускаецца адначасова адзін наведвальнік, не лічачы дзяцей да шаснаццацігадовага ўзросту.
На падставе пісьмовага дазволу і дакумента, які пацвярджае асобу, начальнік ІЧУ дазваляе спатканне ў парадку агульнай чаргі і аддае пісьмовае распараджэнне дзяжурнаму пра яго правядзенне.

Правілы паводзінаў падчас спаткання:
- забаронена перадаваць адно аднаму якія-небудзь прадметы, рэчы, дакументы ці прадукты харчавання;
- зносіны праходзяць пад візуальным кантролем супрацоўніка ІЧУ;
- зносіны праходзяць на мове, якая зразумела супрацоўніку ІЧУ (пры неабходнасці — можа быць запрошаны перакладчык).

*Калі пазначаныя правілы парушаюцца, спатканне можа быць спынена датэрмінова.
Пісьменніца і журналістка Святлана Курс далучылася да праекту "Паштоўкі ад вясноўкі" і напісала ліст Таццяне Астроўскай.

"Дарагая Таццяна!
Мяне завуць Святлана Курс, мне 49 год, я жыву ў Польшчы, пішу тэксты (літаратуру і эсэістыку), блогерствую трохі і працую ў Вайсковым музэі.
Калі я пераглядала сьпісы палітзьняволеных, я хацела напісаць кожнаму.
Вас выбрала за сонечную і адначасова трохі закрытую ўсьмешку; і таму, што вы падобныя на маю лепшую сяброўку са студэнцтва, і таму, што вы жанчына, і таму, што мы з вамі ў падобным веку.
І таму, што ў Вас хутка Дзень нараджэньня. І таму, што два найлепшыя месяцы лета вы нізавошта сядзіце ў турме.
Я ня ведаю, што пішуць з волі ў няволю, бо цяжка пераадолець сваё гарачае шкадаваньне, што хтосьці нявінны, мірны, падобны да цябе, гніе ў цяжкай турме.
Я сядзела тры дні на Акрэсьціна ў 1998-м, і ў мяне ўспаміны як з самага ніжняга кола пекла, а гэта ж былі яшчэ мкяэйшыя часы. Мне сорамна, што я цяпер ня з вамі.
У нашай краіне піраміда дабра і зла канчаткова перавярнулася, як гэта было ў часы Эрыха Марыі Рэмарка. І вы, чалавек, які працаваў для іншых людзей і іх дабра, сядзіце за кратамі.
У мяне няма для вас словаў суцяшэньня, бо ў дадзеных абставінах яны былі б крывадушнымі ці таннымі. Я працытую Рэмарка, якога ў мірны час лічыла занадта сэнтымэнтальным. Аказваецца, ён проста быў вельмі мужным, гэта правільна чытаецца толькі ў такі страшны гістарычны час, поўны выпрабаваньняў. Такі час, як наш.
“Ніколі яшчэ жыццё не было такім каштоўным, як сёння ... калі яно так мала каштуе.
Калі яшчэ хочацца жыць, гэта значыць, што ёсць у цябе нешта любімае. Гэтак, вядома, цяжэй, але разам з тым і лягчэй. Дзіўна, наколькі крывапіўцы любяць маралізаваць”.
Я агностык, буду маліцца да Няведамага за ваша жыцьцё, здароўе і сілу. За Вашае вызваленьне. Хаця лепей змагацца, чым маліцца.
З павагай - Святлана.
Даруйце, калі я што ня так сказала."

Вы можаце напісаць ліст падтрымкі Таццяне Сяргееўне Астроўскай:
СІЗА-1, 220030, г. Мінск, вул. Валадарскага, 2
.

Таксама заклікаем вас пісаць лісты і іншым палітвязням, інфармацыю пра палітвязвяў можна ўзяць на тэматычных сайтах:
1) https://prisoners.spring96.org/be
2) https://politzek.me/friends
3) https://dissidentby.com

#паштоўкіадвясноўкі
Фатограф і папулярызатар астраноміі Віктар Малышчыц далучыўся да праекту "Паштоўкі ад вясноўкі" і напісаў ліст Ксеніі Сырамалот.

"Ксюша, добры дзень!

Піша Вам ваш астраном, памятаеце такога?) А я вось мала каго памятаю. У мяне нейкая праблема, абсалютна несумяшчальная з прафесіяй: я ніколі не магу запомніць ні твары, ні імёны. Але Ваш клас чамусьці ў памяці застаўся – напэўна, палову вучняў я б назваў. Праўда, я раней з-за гэтай праблемы з галавой памылкова называў Вас Касяй, але не так даўно пазнаёміўся і з Вашай сястрой, таму цяпер ужо не пераблытаю).

Асабіста Вас я чамусьці запомніў якраз за рашоткай. За рашоткай агароджы, канешне. Памятаеце, мы з вашымі аднакласнікамі ўвечары ў траўні назіралі за Месяцам і планетамі ў тэлескоп? Мы затрымаліся гадзін да дзесяці, развіталіся, а я пайшоў пакаваць тэлескоп у машыну. І ўжо збіраўся зачыняць багажнік, як чую: “Віктар Васільевіч!” Азірнуўся – а за агароджай стаіць група гэтых сонеек і рукамі машуць). Памятаеце? Хто ж ведаў тады, што давядзецца бачыць гэтыя твары і зусім за іншымі рашоткамі.

Ваша сястра неяк у інстаграме пісала, што Вы прасілі пісаць пра звычайныя, часам можа смешныя, сітуацыі. Мне цяжка адразу нешта прыгадаць, але вось успомнілася, што давялося дома перабіраць старыя рэчы і кнігі. Адкрыў я сваю першую кнігу па астраноміі – гэта была энцыклапедыя “Я пазнаю свет”, а там якраз на старонцы стаіць касманаўт з нашым сцягам на астэроідзе! Кніга, дарэчы, была старая і маскоўскага выдавецтва, але ж нашы партызаны паўсюль). Спадзяюся, мы яшчэ ўбачым Беларусь, якая ставіць свой след на далёкіх астэроідах.

Ксюша, ведаеце, не так даўно ля майго дома спыніўся “Саманд” з надпісам “Следчы камітэт”. Я ўжо было падумаў, што па маю душу прыехалі). Але з машыны вылезлі двое маладзенькіх хлапцоў, практычна Вашых аднагодак. Форма была ў іх не па памеры і вісела мяшком, машына была іржавай і дабітай, а па іх дзеяннях было бачна, што раследуюць яны “мегакрутую” справу: нехта год таму намаляваў на слупе каля дома маленькі сцяжок, які праз два месяцы ўначы шэрыя людзі замазалі шэрай фарбай. Узгадваючы гэтых няўдачнікаў у пагонах, я часта думаю: яны на свабодзе, але ніякай свабоды не маюць і мець не будуць. І вы, хто меў смеласць выказацца супраць беззаконня і гвалту ў нашай краіне, нашмат больш свабодныя, хоць і схаваныя за лязгатам жалезных рашотак.

Кхе-кхе, мне ўжо крыху пераваліла за трыццатнік, таму старэчым голасам магу паразважаць пра сучасную моладзь). Зусім нядаўна я сустрэў вялікую групу маладых людзей, шчаслівых, натхнёных, беларускамоўных, гатовых горы зрушыць. Калі ў размове зайшла гутарка пра ад’езд з Беларусі, усе як адзін загаварылі: “Не дачакаецеся! Калі што – мы будзем апошнія выключаць святло ў аэрапорце!” Яны ведаюць, што зараз адбываецца ў краіне і ведаюць, што можа тут чакаць многіх з нас, але іх аптымізм і любоў да Беларусі настолькі моцныя, што здолеюць разбурыць з часам любыя муры.

Часта выпускнікі дзякуюць тым ці іншым настаўнікам за тое, што вучылі іх. Але я хачу сказаць: дзякуй за тое, што мы мелі магчымасць вучыць усіх вас, і Вас, Ксюша, асабіста. Нам, настаўнікам, самім у вас трэба вучыцца многім рэчам. І калі раптам накоціць сум ці прыціснуць турэмныя цяжкасці, памятайце, што ўсе памятаюць пра Вас, узгадваюць цёплымі словамі і вельмі чакаюць тут, на волі. Моцна абдымаю і жадаю добрага настрою!

Спадар Віктар)"

Вы можаце напісаць ліст падтрымкі Ксеніі Аляксандраўне Сырамалот:
СІЗА-3. 246003, г. Гомель, вул. Кніжная, 1А

Таксама заклікаем вас пісаць лісты і іншым палітвязням, інфармацыю пра палітвязвяў можна ўзяць на тэматычных сайтах:
1) https://prisoners.spring96.org/be
2) https://politzek.me/friends
3) https://dissidentby.com

#паштоўкіадвясноўкі
Што варта ведаць пра спатканні з вязнямі: спатканні ў следчым ізалятары

Калі затрыманы па крымінальнай справе знаходзіцца пад вартай у следчым ізалятары ці пад хатнім арыштам, дазвол на спатканне выдае орган, які вядзе крымінальны працэс. Для гэтага блізкім сваякам і чальцам сям'і трэба звярнуцца да яго з заявай.
Па крымінальнай справе, якая паступіла пракурору з пастановай пра перадачу крымінальнай справы для накіравання ў суд, спатканне зняволенаму з блізкімі сваякамі і чальцамі сям'і можа дазволіць пракурор ці яго намеснік.

Як правіла, падчас судовага працэсу спатканні са сваякамі не дазваляюцца. Аднак адразу пасля завяршэння суда можна звярнуцца да судзі з адпаведнай заявай.
Пасля абвяшчэння прысуду старшынствуючы ў судовым пасяджэнні ці старшыня суда па просьбе чальцоў сям'і і блізкіх сваякоў абвінавачванага, які змяшчаецца пад вартай, павінен даць ім магчымасць спаткання з абвінавачваным.
Таксама з заявай аб дазволе спаткання можна звярнуцца да суддзі пасля разгляду скаргі ў апеляцыйным парадку.
Пісьмовы дазвол сапраўдны толькі на адно спатканне, у ім павінна быць пазначана, каму і з якімі асобамі яно дазваляецца.
На падставе пісьмовага дазволу органа, які вядзе крымінальны працэс, а таксама дакументаў, якія пацвярджаюць асобу, начальнік СІЗА ці яго намеснік дае пісьмовае ўказанне пра дазвол спаткання, пасля чаго аддае распараджэнне дзяжурнаму памочніку пра яго правядзенне.
Спатканне дазваляецца ў парадку жывой чаргі. Адначасова на спатканне могуць прыйсці не больш за двух паўнагадовых, якія павінны прад'явіць дакументы, што пацвярджаюць асобу.

Правілы* паводзінаў пры спатканні ў СІЗА:
- забараняецца перадаваць адно аднаму якія-небудзь прадметы, рэчы, дакументы і прадукты харчавання;
- перамовы праводзяцца пад візуальным кантролем супрацоўнікаў СІЗА ў адмыслова абсталяваных дзеля гэтых мэтаў памяшканнях праз раздзяляльную перагародку непасрэдна ці праз перагаворную прыладу;
- перамовы могуць праслухоўвацца супрацоўнікамі СІЗА;
- размова павінна весціся на зразумелай супрацоўніку СІЗА мове, у выпадку неабходнасці запрашаецца перакладчык.

*У выпадку парушэння правіл спатканне можа быць датэрмінова спынена.
Арт-мэнеджар, аўтар больш чым 100 культурных праектаў, з кастрычніка 2020 - кіраўнік Беларускай Рады культуры Сяргей Будкін далучыўся да праекту "Паштоўкі ад вясноўкі" і напісаў ліст Уладзіміру Калачу, які 31 жніўня будзе адзначаць свой дзень народзінаў.

"Вова, вітаю.

Мы часта сутыкаліся - на нейкіх агульных сустрэчах, на прэміях, у клубах, на фэстах, здымках, але так ані разу толкам не пагутарылі.

Мне заўжды імпанавала твая з Надзяй здаровая амбітнасць - кожнаму беларусу бы мець такую рысу, дык было бы нам усім шчасце:). Вы прайшлі вялікі шлях, цяпер вось ужо Corvus Corax дае канцэрт у ваш гонар!

Вы робіце проста выдатны прадукт. Не хачу прынізіць нікога, але давялося бачыць выступы падобных у вашай стылістыцы гуртоў і мушу сказаць, што вы выглядаеце і гучыце на некалькі парадкаў вышэй за вашых калегаў у іншых краінах. Няхай сабе яны і маюць канцэрты на самых вялікіх сцэнах і большую колькасць прыхільнікаў. Пакуль што. Магу сказаць дакладна, што за апошнія тыдні колькасць вашых прыхільнікаў істотна падвысілася. Пра вас дазналася шмат беларусаў і замежнікаў.

Дужа шкада, што вы прапускаеце некалькі крутых еўрапейскіх фэстаў, на якіх вас чакалі. Але ўпэўнены, што іх яшчэ будзе ў вашым жыцці безліч!

Моцы, сілы духа і натхнення табе, Вова! Веру ў тое, што вы хутка сыграеце на Самым Вялікім Канцэрце разам з усімі нашымі круцейшымі музыкамі.

P.S. Віншую цябе з днём народзінаў, хаця, па-шчырасці, калі пішу гэта, то спадзяюся, што гэты ліст прачытаеш ужо ў сеціве постфактум, бо цябе з Надзяй ды вашымі сябрамі адпусцяць раней і ты адзначыш свята ў сваім коле.

З вераю ў лепшае,
Сяргей Будкін."

Вы можаце напісаць ліст падтрымкі Уладзіміру Аляксандравічу Калачу:
СІЗА-1, 220030, г. Мінск, вул. Валадарскага, 2
.

Таксама заклікаем вас пісаць лісты і іншым палітвязням, інфармацыю пра палітвязвяў можна ўзяць на тэматычных сайтах:
1) https://prisoners.spring96.org/be
2) https://politzek.me/friends
3) https://dissidentby.com

#паштоўкіадвясноўкі
Што варта ведаць пра спатканні з вязнямі: наведванні на "хіміі"

У папраўчай установе адкрытага тыпу наведвальнікі могуць прыходзіць да асуджаных толькі ў вызначаны распарадкам дня час. Пры гэтым наведвальнікі абавязаыя прад'явіць дакументы, якія пацвярджаюць асобу, і паказаць змесціва ручной паклажы.
Месца для зносін асуджанага і наведвальнікаў вызначаецца дзяжурным памочнікам начальніка ўстановы ў межах тэрыторыі ПУАТ.

Наведвальнік не будзе дапушчаны да зносін з ауджаным у наступных выпадках:
- пры адмове прад’явіць дакументы і рэчы для дагляду;
- пры наяўнасці прыкмет выразнага псіхічнага разладу;
- пры знаходжанні ў стане алкагольнага, наркатычнага ці іншага ап’янення.
Калі наведвальнікі парушаюць грамадскі парадак ці перадаюць асуджанаму забароненыя прадметы - сустрэча спыняецца. У будучыні такія наведвальнікі ў ПУАТ, як правіла, не дапускаюцца.

Акрамя таго, у вольны ад працы час або ў выхадны дзень асуджанаму можа быць дазволены выхад за межы ПУАТ працягласцю 4 гадзіны для наведвання жылля блізкіх сваякоў, здольных аказаць на яго станоўчы ўплыў. Пры гэтым асуджаны павінен знаходзіцца ў межах таго населенага пункта, у якім размешчана ўстанова.

Чытаць болей пра спатканні з вязнямі
​​«Стараецца, каб мы не ўпалі духам, бачачы, дзе ён знаходзіцца», — жонка праваабаронцы Леаніда Судаленкі расказала пра сустрэчы з ім у СІЗА

⚖️Суд па справе супраць палітзняволенага праваабаронцы «Вясны» Леаніда Судаленкі і валанцёрак Таццяны Ласіцы, Марыі Тарасенкі пачнецца ўжо 3 верасня. Іх вінавацяць у «арганізацыі і фінансаванні дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак». Прысуд можа быць вынесены ўжо напрыканцы верасня.

📍Жонка Леаніда распавяла, як прайшла сустрэча з ім у гомельскім СІЗА, пра настрой і здароўе палітвязня, а таксама пра праблемы з карэспандэнцыяй 👉 bit.ly/3zpAqtO

🔹«У мяне ў гэтым месяцы быў Дзень нараджэння, і муж мне напісаў паштоўку з віншаваннямі. І вось першы экзэмпляр паштоўкі, які мне паслаў, яна не дайшла. Яна таксама была завернутая цэнзарам — штосьці яму не спадабалася, мабыць. Хаця што можа не спадабацца чалавеку, які чытае віншаванне мужа сваёй жонцы? Што ў гэтых словах можа не спадабацца цэнзару, я розуму не дабяру»

💌Падтрымаць затрыманых вясноўцаў:
- СІЗА-1, 220030, г. Мінск, вул. Валадарскага, 2 (Алесь Бяляцкі, Валянцін Стэфановіч, Уладзімір Лабковіч, Марфа Рабкова, Андрэй Чапюк)
- СІЗА-3, 246003, г. Гомель, вул. Кніжная, 1А (Леанід Судаленка, Таццяна Ласіца)
💻 Напісаць анлайн 👉 bit.ly/3jwJMLn

✍️Напісаць адкрыты ліст салідарнасці вясноўцам