Валанцёрская служба ПЦ "Вясна"
825 subscribers
518 photos
19 videos
369 links
@viasnahelp - па валанцёрскіх пытаннях.

@ViasnaSos - для паведамленняў пра затрыманні па адм. і крым. справах, а таксама для кансультацый па факце затрымання і далейшых дзеянняў.

@Zvarot96 - юрыдычная падтрымка Вясны.
Download Telegram
Лічбавая бяспека. Як зашыфраваць тэлефон, камп'ютар і чаму Touch ID – зло. Частка 1.
Базавыя правілы для прылад на IOS.

IOS

1. Усталяваць пароль на ўваход

Пароль абароніць вашыя дадзеныя ад канфіскацыі, калі тэлефон апынецца ў руках правапарушальніка.

Пачынаючы з iPhone 4s у выпадку крадзяжу або канфіскацыі, зламыснікі не атрымаюць доступ да інфармацыі на прыладзе, калі ўсталяваны надзейны пароль. Узламаць – вельмі цяжка.

Як усталяваць пароль?

Як стварыць надзейны пароль?

Выкарыстоўвайце ў паролі спалучэнне літар у розных рэгістрах, спецыяльных знакаў і лічбаў. Пажадана, каб пароль быў даўжэй за 16 знакаў.
(Прыклад надзейнага паролю:
q#$M>RdwR1953Vc0Bp#52)

2. Наладзіць аўтаматычнае абнаўленне сістэмы

Распрацоўшчыкі рэгулярна выпускаюць абнаўленні, каб не было уразлівасцяў, якія дазваляюць ашуканцам атакаваць вас.
Як наладзіць аўтаматычнае абнаўленне?

3. Адключыць абвесткі на заблакаваным экране

Абвесткі дазваляюць чытаць паведамленні, у якіх можа быць адчувальная інфармацыя, нават без доступу да прылады.
Можна наладзіць тэлефон так, каб на заблакаваным экране не высвечвалася ўтрыманне паведамленняў.
Як наладзіць?

4. Не выкарыстоўваць сінхранізацыю з ICloud
У айфонах па замоўчванні ўсталяваная сінхранізацыя з воблачным сховішчам ICloud.
Не рэкамендуем яе выкарыстоўваць, карпарацыя Apple перахапляе кантэнт з дапамогай электронных сігнатур, збірае і аналізуе інфармацыю пра вас. Акаўнты ў ICloud неаднаразова ўзломвалі і злівалі дадзеныя.

5. Адключыць Touch ID і Face ID

Не рэкамендуем выкарыстоўваць. Touch ID і Face ID – небяспечная абарона. Зламыснік можа атрымаць доступ да прылады, прыклаўшы да яго ваш палец або паднёсшы да вашага твару.

Аўтар: Аліса Аб.

#надапарада
Лічбавая бяспека. Як зашыфраваць тэлефон, камп'ютар і чаму Touch ID – зло. Частка 2.
Базавыя правілы для прылад на Android.

Android

1. Паставіць пароль на ўваход

Рэкамендуем абараняць сістэму надзейным паролем. Калі тэлефон патрапіць да зламыснікаў, інфармацыя не будзе выкрадзена.

2. Не выкарыстоўваць разблакаванне пальцам і Face ID

Калі вы знерухомлены, злачынец можа сілком падвесці палец / твар для разблакавання і атрымаць доступ да інфармацыі.

3. Схаваць абвесткі на заблакаваным экране

Калі на заблакаваным экране паказваецца змест паведамленняў, махляр прачытае іх, не ведаючы паролю.
У наладах можна схаваць змест паведамленняў і пакінуць толькі апавяшчэнні пра іх.

4. Наладзіць шыфраванне

Калі зламыснік мае фізічны доступ да вашага тэлефона, аднаго паролю на ўваход недастаткова. Паўнадыскавае шыфраванне забяспечыць дадатковую абарону, "замаскіруе" ўсе дадзеныя на тэлефоне і карце памяці і без паролю атрымаць да іх доступ практычна немагчыма.
Як наладзіць паўнадыскавае шыфраванне?

5. Не ўсталёўваць дадаткі з іншых крыніц

Android дазваляе ўсталёўваць дадаткі не толькі з Google Play, але і ад іншых распрацоўнікаў. Вы можаце ўсталяваць шкоднасную / шпіёнскую праграму.
Як адключыць устаноўку дадаткаў з іншых крыніц?

6. Рэгулярна абнаўляць АС

ПЗ вашай прылады можа ўтрымліваць уразлівасці, якія ўплываюць на бяспеку. Таму распрацоўшчыкі рэгулярна выпускаюць абнаўленні, якія ліквідуюць знойдзеныя ўразлівасці сістэмы.
Як праверыць абнаўленні?

7. Пры патрэбе скарыстайцеся рэзервовай копіяй

Рэзервовае капіраванне – спосаб аднавіць дадзеныя, перанесці іх на іншы тэлефон. Захоўванне адбываецца ў вашым акаўнце Google. Важна, каб акаўнт быў абаронены дзвюхфактарнай аўтэнтыфікацыяй. Улічвайце, Google можа выдаць вашыя дадзеныя па запыце сілавых ведамстваў. Рашэнне аб бяспецы захоўвання дадзеных прымаць вам.

Аўтар: Аліса Аб.

#надапарада
Лічбавая бяспека. Як зашыфраваць тэлефон, камп'ютар і чаму Touch ID – зло. Частка 3.
Базавыя правілы для прылад на MacOS.

MacOS

1. Рэгулярна абнаўляць АС

Распрацоўшчыкі ПЗ рэгулярна выпускаюць абнаўленні, якія ліквідуюць уразлівасці сістэмы. Рэгулярная ўстаноўка абнаўленняў павышае абароненасць прылады.
Як праверыць наяўнасць абнаўлення?

2. Усталяваць пароль на ўваход

Пароль на ўваход абароніць вашу прыладу ад зламысніка. Чалавек, які не ведае пароль, не зможа атрымаць доступ да вашых файлаў, праграм і ліставанняў.
Як паставіць пароль на ўваход?

3. Усталяваць паўнадыскавае шыфраванне

Паўнадыскавае шыфраванне абараняе прыладу ад узлому.
Як ўключыць паўнадыскавае шыфраванне?

4. Адключыць сінхранізацыю з ICloud

У макбуках па замоўчванні наладжана сінхранізацыя з ICloud.
Выкарыстоўваць сінхранізацыю не рэкамендуем, паколькі карпарацыя Apple перахапляе кантэнт з дапамогай электронных сігнатур, збірае і аналізуе інфармацыю пра вас. Акаўнты ў ICloud неаднаразова ўзломвалі і злівалі дадзеныя карыстальнікаў.
Як праверыць, якія дадзеныя сінхранізуюцца?

5. Наладзіць Find My Mac

Find My Mac — сэрвіс, які дазваляе знайсці страчаную прыладу, аддалена заблакаваць яе або выдаліць усе вашыя дадзеныя.
Як наладзіць?

6. Выкарыстоўваць антывірус

Шкоднаснае ПЗ, пірацкія праграмы пагражаюць і MacOS.
Для абароны ад іх дастаткова магчымасцяў бясплатных антывірусаў, напрыклад, Avast, AVG або Avira.

Аўтар: Аліса Аб.

#надапарада
Лічбавая бяспека. Як зашыфраваць тэлефон, камп'ютар і чаму Touch ID – зло. Частка 4.
Базавыя правілы для прылад на Windows.

Windows

1. Паставіць пароль на ўваход

Пароль абароніць камп'ютар ад парушальніка, які атрымаў да яго доступ.
Як усталяваць?

2. Работаць без правоў адміністратара

У Windows ёсць уліковыя запісы з рознымі правамі ў сістэме: Стандартны і Адміністратар. Падчас работы пад уліковым запісам без правоў адміністратара рызыка заражэння шкоднаснымі праграмамі зніжаецца і менш шанцаў нанесці шкоду.
Як памяняць на права звычайнага карыстальніка?

3. Рэгулярна абнаўляць АС

У праграмным забеспячэнні з часам з'яўляюцца ўразлівасці, якія дазваляюць атакаваць вас. Для іх ліквідацыі распрацоўшчыкі рэгулярна выпускаюць абнаўленні.
Як ўключыць аўтаматычнае абнаўленне?

4. Падключыць аўтаматычнае блакаванне экрана

Пры выхадзе з камп'ютара рэкамендуецца блакаваць экран, каб староннія не змаглі атрымаць доступ да вашых файлаў.
Як падключыць?

5. Выкарыстоўваць антывірус

Антывірус абавязковы, ён абараняе праграмы і аперацыйную сістэму камп'ютара ад распаўсюджвання вірусаў.
Як запусціць поўную праверку камп'ютара з Windows 10 антывірусам?

6. Адключыць аўтазапуск

На функцыю аўтазапуску разлічваюць зламыснікі, калі пішуць вірусы, якія распаўсюджваюцца на знешніх носьбітах. Шкоднасная праграма запускаецца аўтаматычна, калі на камп'ютары ўключана функцыя «Аўтазапуск».
Як адключыць?

7. Наладзіць паўнадыскавае шыфраванне

У выпадку канфіскацыі або крадзяжу, ніхто не зможа атрымаць доступ да інфармацыі.
Як наладзіць?

Аўтар: Аліса Аб.

#надапарада
Сёння мы пачынаем серыю публікацый, у якіх збіраемся распавесці, як паводзіць сябе пры затрыманні.

Затрыманне – непрыемны досвед, і мы спачуваем, калі табе давялося яго перажыць. Не панікуй і помні пра свае правы і абавязкі.

Частка 1. Пратакол

• Пратакол трэба падпісаць! Кожную старонку. У пустых графах стаў прочыркі.

Лепш падпісаць пратакол, чым калі ў ім потым будзе стаяць пазнака "ад подпісу адмовіўся". Подпісам ты пацвярджаеш толькі факт азнаямлення, і ў цябе ёсць магчымасць пісьмова растлумачыць, што ты не згодзен з пратаколам.

• Вельмі важна: калі не згаджаешся са зместам пратакола, пакінь пра гэта тлумачэнне.

Пратакол можа быць тваім сябрам і дапамагчы на судзе, калі выкарыстоўваць яго для адлюстравання сваёй версіі падзей і ўносіць у яго ўсе парушэнні, якія дапусцілі супрацоўнікі міліцыі пры затрыманні, дастаўленні ў РУУС/РАУС і г. д. (не назваліся, не растлумачылі правы, не паведамілі падставы для затрымання, збілі, груба абыходзіліся, забралі тэлефон і г. д.).

Не хапае месца – прасі аркуш паперы, пранумаруй яго і працягвай пісаць там. Калі не згаджаешся з тым, што міліцыянер напісаў пра цябе ў пратаколе, то знайдзі адпаведны пункт і напішы з чым менавіта не згаджаешся і як было па тваёй версіі*.

Напрыклад, што лозунгаў ты не выкрыкваў_ла, а ішоў_ла зусім па процілеглай ад натоўпу вуліцы.
*няхай гэта не датычыцца неадпаведнасцяў у пратаколах (месца/час), бо гэта абавязак і хіба супрацоўнікаў. Пры іх выяўленні на судзе разгляд будзе перанесены для ліквідацыі недахопаў, а тэрмін у 2 месяцы далей будзе блізіцца да завяршэння.

Пры разглядзе справы суддзі любяць казаць, што ў пратаколе ніякіх заўваг не было з боку асобы, у дачыненні якой вядзецца адміністрацыйны працэс. Не дапусці гэтага, калі табе ёсць што адзначыць!

• Пры складанні пратакола табе павінны растлумачыць правы і абавязкі.

Даць паперку з надрукаваным на ёй пералікам тваіх правоў і абавязкаў не раўняецца тлумачэнню правоў і абавязкаў. Па кожным са сваіх правоў ты можаш задаваць пытанні, удакладняць і прасіць больш дэталёва растлумачыць. Калі супрацоўнік адмовіў, абавязкова пішы пра гэта ў адмысловай графе пратакола.

• Патрабуй копіі пратаколаў (аб адміністрацыйным парушэнні права і аб затрыманні)!

Калі выдаць іх адмаўляюцца, таксама адзнач гэта ў пратаколах. Подпіс аб атрыманні пратаколаў стаў толькі пасля іх атрымання.

Паводле ч. 5 арт. 11.24 ПВКоАП фізічнай асобе, у дачыненні якой вядзецца адміністрацыйны працэс, копія пратакола аб адміністрацыйным правапарушэнні выдаецца пад распіску.

Паводле арт. 8.5 ПВКоАП Копія пратакола аб затрыманні выдаецца затрыманаму па яго просьбе.

* Іншыя вартыя парады пра тое, што рабіць, калі цябе прывезлі ў пастарунак, шукайце ў нашым боце @viasna_bot, а для таго, каб бот быў заўсёды пад рукой, раім яго ўсталяваць! Пра тое, для каго створаны бот і чым ён можа дапамагчы, чытайце ТУТ!

#viasna_bot
Працягваем серыю публікацый, прысвечаных таму, як весці сябе пры затрыманні. Пачытайце, калі ласка, ды пакажыце сваім родным і блізкім. Беражыце сябе

Затрыманне – непрыемны досвед, і мы спачуваем, калі табе давялося яго перажыць. Не панікуй і помні пра свае правы і абавязкі.

Частка 2. Тэлефанаванні

У выпадку твайго затрымання, ты маеш права патрабаваць, каб міліцыянеры паведамілі пра факт затрымання тваім блізкім ці твайму наймальніку. Зрабіць гэта міліцыянеры абавязаны цягам 3-х гадзін. Калі табе адмаўляюць у гэтым патрабаванні, трэба пазначыць у пратаколе: "Паведаміць бацькам аб маім затрыманні супрацоўнікі РАУС адмовіліся".

На патрабаванне, каб табе дазволілі зрабіць асабісты званок па тэлефоне, ты можаш атрымаць як дазвол, так і адмаўленне. Абодва варыянты - у межах закону. У супрацоўнікаў міліцыі ёсць права вырашаць: дазволіць асабістае тэлефанаванне ці адмовіць у гэтым.

У той час, калі затрыманага вязуць у аўтазаку да РАУС, у яго звычайна з'яўляецца магчымасць патэлефанаваць або адправіць паведамленне сваім блізкім. Гэта не супярэчыць закону. У РАУС у 95% выпадкаў тэлефон адбяраюць.

* Іншыя вартыя парады пра тое, што рабіць, калі цябе прывезлі ў пастарунак, шукайце ў нашым боце @viasna_bot, а для таго, каб бот быў заўсёды пад рукой, раім яго ўсталяваць! Пра тое, для каго створаны бот і чым ён можа дапамагчы, чытайце ТУТ!

#viasna_bot
Працягваем серыю публікацый, прысвечаных таму, як весці сябе пры затрыманні. Пачытайце, калі ласка, ды пакажыце сваім родным і блізкім. Беражыце сябе.

Затрыманне – непрыемны досвед, і мы спачуваем, калі табе давялося яго перажыць. Не панікуй і помні пра свае правы і абавязкі.

Частка 3. Апытанне, допыт, іншыя размовы ў пастарунку

• Не намагайся разабрацца ў тыпах гэтых размоў. Запомні галоўнае: у цябе ёсць права не сведчыць супраць сябе і блізкіх сваякоў.

• Залатое правіла! Калі чагосьці не ведаеш ці ў нечым не ўпэўнены_ая, лепш сказаць “не ведаю”, “не помню”, а яшчэ лепш маўчаць. Усё, што ты скажаш, будзе выкарыстана супраць цябе - на жаль, гэта факт.

• Пры размове з супрацоўнікам праваахоўных органаў будзь ветлівым_ай, не сварыся. Трымай рукі перад сабой. Не дакранайся да міліцыянера. Нават калі ты проста эмацыйна махаеш рукамі, могуць абвінаваціць у непадпарадкаванні – гэта артыкул. А бойка – крымінал да пяці гадоў.

* Іншыя вартыя парады пра тое, што рабіць, калі цябе прывезлі ў пастарунак, шукайце ў нашым боце @viasna_bot, а для таго, каб бот быў заўсёды пад рукой, раім яго ўсталяваць! Пра тое, для каго створаны бот і чым ён можа дапамагчы, чытайце ТУТ!

#viasna_bot
Працягваем серыю публікацый, прысвечаных таму, як весці сябе пры затрыманні. Пачытайце, калі ласка, ды пакажыце сваім родным і блізкім. Беражыце сябе.

Затрыманне – непрыемны досвед, і мы спачуваем, калі табе давялося яго перажыць. Не панікуй і помні пра свае правы і абавязкі.

Частка 4. Ператрус і дагляд асабістых рэчаў

Асабісты ператрус павінен праводзіцца ў прысутнасці 2 панятых. Панятыя не могуць быць супрацоўнікамі міліцыі. Без пастановы і панятых могуць абшукваць, калі ёсць падставы падазраваць, што ў цябе ёсць зброя.

Дагляд рэчаў (не блытаць з ператрусам!) праводзіцца ў тваёй прысутнасці. Закон не абавязвае супрацоўнікаў міліцыі праводзіць дагляд рэчаў пры панятых, тым не менш, ты можаш гэта прапанаваць, каб пазбегнуць спрэчных сітуацый. Калі табе спрабуюць прыпісаць нешта, чаго не было ў тваіх рэчах, напішы пра гэта ў пратаколе ператрусу.

• У пратаколе асабістага ператрусу пазнач усе апісаныя рэчы як мага дакладней. Пішы інвентарны нумар тэлефона, калі ёсць манеты – намінал манет і іх колькасць, нататнікі, алоўкі – пазначай усё.

• Калі цябе абшукваюць без пастановы і панятых, не згаджайся, але не супраціўляйся.

* Іншыя вартыя парады пра тое, што рабіць, калі цябе прывезлі ў пастарунак, шукайце ў нашым боце @viasna_bot, а для таго, каб бот быў заўсёды пад рукой, раім яго ўсталяваць! Пра тое, для каго створаны бот і чым ён можа дапамагчы, чытайце ТУТ!

#viasna_bot
Пачынаем серыю публікацый, прысвечаных таму, як падрыхтавацца да суда.

Частка 1. Як цябе могуць выклікаць у суд?

Выклік у суд ажыццяўляецца з дапамогай позвы. Позва - гэта дакумент, у якім указана:
- хто выклікаецца
- у якасці каго выклікаецца
- куды выклікаецца
- да каго выклікаецца
- наступствы няяўкі без паважлівых прычын.

Позва можа быць уручана табе 3-ма рознымі спосабамі:

1) позву могуць прынесці дадому і ўручыць табе пад распіску

• Калі цябе не заспелі дома, позву могуць уручыць поўнагадоваму сваяку/начальніку/дэкану і г.д.
• Калі цябе не заспелі дома і кінулі позву проста ў паштовую скрыню, а суд адбыўся ў тваю адсутнасць, ты можаш абскардзіць вынесеную пастанову, давёўшы, што ты не бачыў і не забіраў позвы.

2) позва можа быць агучана па тэлефоне

• Пацікаўся, хто з табой размаўляе, і запішы яго дадзеныя
• Калі званок робіцца са схаванага ці невядомага нумара, выкажы сумневы ў тым, што ён сапраўды належыць МУС, папрасі даслаць позву
• Лепш не адказваць на званкі з невядомых і схаваных нумароў.

3) позва можа быць дасланая з дапамогай SMS / паведамлення ў вайбер

• Калі ты не прачытаў SMS, а суд адбыўся ў тваю адсутнасць, ты можаш абскардзіць вынесеную пастанову, давёўшы, што тэлефон не знаходзіўся ў тваім валоданні
• Калі ты быў за мяжой з адключаным роўмінгам, то адпраўнікі SMS убачаць, што апавяшчэнне не дастаўленае, а суд адбыўся ў тваю адсутнасць, ты можаш абскардзіць вынесеную пастанову

Увага: Калі позву на суд уручае супрацоўнік РАУС пасля затрымання - гэта незаконна і не мае юрыдычнай сілы. Паўнамоцтвам паведамляць аб часе і месцы суду валодаюць самі суды альбо іншыя органы, якія могуць разглядаць справу. Гэта не РАУС.

Што пагражае, калі позва атрыманая, а на суд не ідзеш
- цябе могуць падвергнуць прыводу
- цябе могуць пакараць штрафам або арыштам, але дэ-факта гэтага амаль не адбываецца.

* Шмат іншай карыснай інфармацыі вы можаце знасці ў @viasna_bot. Усталёўвайце ды карыстайцеся.
Працягваем серыю публікацый, прысвечаных таму, як падрыхтавацца да суда.

Частка 2. Што варта зрабіць падчас падрыхтоўкі справы

1. Запатрабуй не толькі азнаямлення, але і тлумачэння сваіх правоў і абавязкаў.

2. Уважліва прачытай пратакол. Памятай, што абставіны ў пратаколе не павінны засноўвацца на здагадках. Унясі туды ўсе свае пярэчанні. Пасля гэтага падпішы пратакол. Адмаўляцца падпісваць пратакол няма сэнсу: ён мае юрыдычную сілу і без твайго подпісу.

3. Знайдзі адваката або хадайнічай перад судом, каб твае інтарэсы прадстаўляў хтосьці з блізкіх сваякоў (юрыдычная адукацыя ў гэтым выпадку неабавязковая):
- заключыць дамову з адвакатам можа любы: не абавязкова сам чалавек ці блізкі сваяк
- сярэдні памер ганарару адваката каля 100 $
- удзел адваката не гарантуе памяншэнне памеру штрафу або пазбаўленне ад арышту, асабліва калі гэта тычыцца палітычнай справы

4. Азнаёмся з матэрыяламі справы перад паседжаннем (у той жа дзень ці за 2-3 дні) Для гэтага трэба звярнуцца ў канцэлярыю суда. Па матэрыялах справы:
- падрыхтуй пазіцыю абароны; лепш зрабі гэта пісьмова – у выглядзе заявы, каб далучыць яе ў судзе да матэрыялаў справы;
- калі патрэбна, патрабуй выклікаць сведак па справе;
- аформі карысныя для суда дакументы;
- пазнач усе памылкі і разыходжанні: напрыклад, розныя месца/час, , месца жыхарства сведкі і інш.

Ведай свае правы: падчас адміністрацыйнага працэсу ты можаш:
• адмовіцца ад дачы тлумачэнняў;
• прадстаўляць доказы;
• заяўляць адводы і хадайніцтвы;
• мець абаронцу з моманту адміністратыўнага затрымання;
• падаваць скаргі на дзеянні суддзі.

* Шмат іншай карыснай інфармацыі вы можаце знасці ў @viasna_bot. Усталёўвайце ды карыстайцеся.
Апошняя частка з серыі публікацый, прысвечаных таму, як падрыхтавацца да суда.

Частка 3. Як сябе паводзіць на судзе?

1. Вызначыся са сваёй пазіцыяй:
- або ты прызнаеш, што ўдзельнічаў у акцыі,
- або кажаш пра тое, што выпадкова праходзіў міма.
Калі кажаш, што ўдзельнічаў, гавары, што ты нічога не парушаў, а рэалізоўваў свае правы. Калі кажаш, што ты ішоў міма, то памятай, што ў судзе павінна быць дакладна даказана твая віна.

2. Паколькі разгляд адміністраіыўных спраў у судах адкрыты, запрашай з сабой на паседжанне сяброў, сваякоў, журналістаў і іншых.

3. Вядзі аўдыёзапіс судовага паседжання з самага яго пачатку без папярэджання, каб зафіксаваць магчымыя парушэнні, даслоўныя рэплікі суддзі, і потым скласці добрую скаргу ў выпадку неабходнасці.

4. Калі ты выкладаеш факты парушэнняў з боку супрацоўнікаў, можаш звярнуць увагу суддзі на незаконнасць вядзення адміністратыўнага працэсу, папрасіць пракаментаваць гэты прынцып.

5. Заяўляй хадайніцтвы:
- аб выкліку сведкаў,
- далучэнні да матэрыялаў справы доказаў (відэа, фота, скрыны і інш.),
- сваіх тлумачэнняў у пісьмовым выглядзе і г.д.

Выкарыстоўвай усе магчымыя інструменты, якія могуць істотна павялічыць твае шанцы на абарону. Нават калі хадайніцтвы не задаволяць, гэта дае падставу для паспяховага абскарджвання пастановы і яе адмены.

6. Калі ў якасці сведак выступаюць міліцыянты, але яны адсутнічаюць на пасяджэнні, настойвай на тым, каб суд іх вызваў і апытаў. Сам пытайся ў іх:
- як яны цябе пазналі?
- што ты рабіў?
- ва што быў апрануты і г.д.

7. Паведамі суду, калі ў цябе ёсць абставіны, якія змягчаюць адказнасць:
- чыстасардэчнае раскаянне
- добраахвотнае пакрыццё або ўстараненне нанесенай шкоды
- наяўнасць на ўтрыманні малалетняга
- цяжарнасць
-добраахвотнае спыненне супрацьпраўных паводзін і г.д.

8. Пасля вынясення пастановы аб адміністратыўным правапарушэнні прасі выдаць копію пастановы адразу.

9. Калі цябе штрафуюць, прасі скласці матывавальную частку судовага рашэння адразу.

10. Калі суд праходзіць па Skype, заяві пра тое, што ў заканадаўстве няма такой формы правасуддзя – то бок яно незаконнае. І такім чынам твае працэсуальныя правы вельмі абмяжоўваюцца. Але ўсё роўна заяўляй хадайніцтвы, якія суд мусіць задаволіць і перанесці паседжанне да іх выканання: запрашэнне сведкаў, адвядзенне часу для падрыхтоўкі доказаў і г.д.

11. Цягам 3 дзён пасля суду азнаёмся з пратаколам судовага паседжання, усё адлюстраванае там параўнай з рэчаіснасцю (спатрэбіцца аўдыёзапіс паседжання), унось свае каментары.

* Шмат іншай карыснай інфармацыі вы можаце знасці ў @viasna_bot. Усталёўвайце ды карыстайцеся.
Пасля суда: навошта абскарджваць рашэнне суда

Ты маеш права абскардзіць рашэнне суда, калі з ім не згодны.

Што дае абскарджанне?
- паказвае тваё нязгоду
- дапамагае мяняць практыку і законы
- з'яўляецца актам абароны тваіх правоў
- пакуль доўжыцца абскарджанне, пастанова суда лічыцца не ўступіўшай у законную сілу, а гэта значыць:
• штраф можна пакуль не плаціць;
• * ты лічышся не прыцягнутым да адміністрацыйнай адказнасці, і калі цябе ў гэты час затрымаюць паўторна, то штраф можа быць менш, верагоднасць арышту ніжэй.

Не прапусці тэрміны абскарджання:
- калі ў цябе штраф ці папярэджанне, на абскарджанне ёсць 10 дзён. Адлік вядзецца або з дня абвяшчэння, або з дня атрымання копіі пастановы, або з дня атрымання матывіровачнай часткі пастановы суда
- калі ў цябе адміністрацыйны арышт, на абскарджанне ёсць 5 дзён. Адлік вядзецца з моманту абвяшчэння рашэння суда. Падчас адбыцця арышту абскардзіць рашэнне суда амаль немагчыма, таму калі ты вызвалішся, трэба хадайнічаць аб аднаўленні тэрмінаў абскарджання і абскардзіць рашэнне на працягу 5 дзён пасля выхаду з "сутак".

Пасля суда: як абскардзіць рашэнне суда

Для абскарджання рашэння суда трэба падаць скаргу. Скласці скаргу ты можаш сам, а можаш звярнуцца ў праваабарончую арганізацыю, да юрыста або да адваката, якія дапамогуць табе ў гэтым.

Парадак дзеянняў пры абскарджанні:
1. Збяры
неабходныя дакументы:
• вазьмі
пастанову (рашэнне) суда. Калі пастанову табе не выдалі на рукі адразу пасля пасяджэння, то трэба ўдакладніць у сакратара, калі яе можна забраць, ці пакінуць заяву на высылку пастановы поштай.
Заўвага: калі пастанова кароткая, у ёй не апісаны дэталі тваёй справы, не прыведзены доказы віны, то напішы заяву на выраб матывіровачнай часткі судовай пастановы. Як напісаць такую заяву табе павінен растлумачыць сакратар суддзі або супрацоўнік канцылярыі суда.
прыкладзі квітанцыю аб аплаце дзяржаўнай пошліны.

2.
Падай скаргу:
Для гэтага абяры адзін з наступных варыянтаў:
• Запоўні гугл-форму праз наш ТГ-бот @viasna_bot. Для гэтага зайдзі ў раздзел «Што рабіць пасля затрымання» і абяры «вынік суда + абскардзіць». Мы дапаможам са складаннем і падачай скаргі.
• * Падай скаргу самастойна

3. Дачакайся разгляду скаргі і рашэння па ёй
На разгляд скаргі цябе запросяць (звычайна праз SMS), але прысутнічаць неабавязкова. У любым выпадку суд дашле рашэнне па скарзе на ўказаны адрас.

Важна ведаць:
- рашэнне суда абскарджваецца ў вышэйшым судзе, але накіроўваецца праз суд, які вынес рашэнне, г. зн. у самой скарзе указваецца вышэйшы суд (напрыклад, абласны), а скарга або ліст са скаргай накіроўваецца ў суд, які вынес рашэнне (напрыклад, раённы).
- зручней за ўсё скаргі адпраўляць поштай, заказным лістом. Важна, каб дзень адпраўкі (паштовы штамп на канверце) быў не пазней апошняга дня абскарджання. Гэта значыць, важна паспець адправіць скаргу да заканчэння тэрміну абскарджання.
Што такое "хатняя хімія" і як яе адбываюць?

Гэтак званая "хатняя хімія", або абмежаванне волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу, заключаецца ў накладанні на асуджанага абавязкаў, якія абмяжоўваюць яго свабоду. "Хатняя хімія" прызначаецца на тэрмін ад паўгода да пяці гадоў.

Умовы адбывання"хатняй хіміі":

• абавязковае прыцягненне да працы: могуць заставацца на той жа працы, дзе і працавалі да суда, шукаць месца працы і ўладкоўвацца самастойна на працягу 15 дзён ці накіроўвацца крымінальна-выканаўчай інспекцыяй у камітэт па працы, занятасці і сацыяльнай абароне;
• абавязкове наведванне міліцыі (па месцы пастаноўкі на ўлік) для адзначэння;
• супрацоўнікі АУС могуць прыходзіць з праверкай дадому і па месцы працы;
• забаронена ўжываць спіртныя напоі, наведваць месцы, дзе прадаецца алкаголь;
• забаронена наведваць спартыўна-масавыя, культурныя мерапрыемствы; забаронена наведваць жыллё іншых людзей;
• забаронена адсутнічаць дома ва ўстаноўленыя перыяды часу: звычайна з 19 гадзін вечара да 6 гадзін раніцы. Калі рэжым працоўнага часу ці расклад заняткаў асуджанага не дазваляе яму знаходзіцца ва ўказаны час у сваім жыллі, крымінальна-выканаўчай інспекцыяй ўстанаўліваецца іншы час пастаяннага знаходжання там;
• дазваляецца ненадоўга выехаць у іншы горад, калі дазвол атрыман у міліцыі;
• дазваляецца прымаць гасцей;
• дазваляецца наведвацца у госці, наведваць жылле блізкіх сваякоў, толькі калі дазвол атрыманы у міліцыі.

Калі асуджаны парушае правілы адбыцця абмежавання волі без накіравання і яму выносяць тры і больш спагнанняў, то яго могуць прыцягнуць да крымінальнай адказнасці паводле арт. 415 КК ("Ухіленне ад адбыцця пакарання ў выглядзе абмежавання волі") і пазбавіць волі тэрмінам да трох гадоў.
Шаноўныя сябры і сяброўкі, ладзім апытанку для сябе, каб болей арыентавацца па нашай аўдыторыі. Адкуль Вы нас чытаеце?
Anonymous Poll
67%
З Беларусі
33%
З-за мяжы
❗️Суд над вясноўцамі Марфай Рабковай, Андрэем Чапюком і яшчэ 8 палітвязнямі зрабілі закрытым

Пракурор Раман Бізюк заявіў хадайніцтва аб слуханні судовага пасяджэння ў закрытым рэжыме, паколькі «ў матэрыялах крымінальнай справы маюцца матэрыялы экстрэмісцкай скіраванасці».

Усе палітвязні і іх абаронцы былі супраць закрыцця працэсу. Мікіта Дранец сказаў: «Мы супраць, але зыход мы ўсе ведаем»

Марфа Рабкова заявіла: «Катэгарычна супраць»

Нягледзячы на гэта, суддзя Сяргей Хрыпач, параіўшыся на месцы, задаволіў хадайніцтва пракурора і вырашыў закрыць суд па справе дзесяці палітзняволеных. Усіх прысутных выгналі з залі суда.

🔹«Вясна» распавядае, што вядома пра справу і яе фігурантаў
10 прычын, па якім роўнасць важна.

У сусвеце роўнасці кожны мае роўныя магчымасці выжываць і мець поспехі. Ніхто не сутыкаецца з дыскрымінацыяй альбо несправядлівымі перашкодамі на шляху да шчасця і самарэалізацыі. Нягледзячы на дасягнутае, шлях да роўнасці ў чалавецтва яшчэ доўгі. Чаму ж варта працягваць спробы?

1⃣ Роўнасць зніжае беднасць
У 2015 годзе 10% людзей жылі менш чым на $1.90 ў дзень. За наступныя некалькі гадоў узровень беднасці знізіўся, але пасля пачатку пандэміі COVID-19 яшчэ 100 мільёнаў чалавек апынуліся ў галечы. Асабліва пацярпелі жанчыны, якія і без таго пакутуюць ад высокага узроўню беднаты. Паводле справаздачы арганізацыі «ААН-Жанчыны», разрыў ва ўзроўні беднасці паміж жанчынамі і мужчынамі найбольш вялікі ва ўзросце ад 25 да 34 гадоў. Адным з фактараў з'яўляецца пражыванне з дзецьмі, а жанчыны значна часцей жывуць у сям'і, дзе ёсць дзеці. Выяўляючы і абмяркоўваючы прычыны гендарнай няроўнасці, свет змог бы зноў пачаць зніжаць узровень беднасці.
Працяг серыі "10 прычын, па якім роўнасць важна".

2⃣ Роўнасць можа паменшыць узровень гвалту

У гарадскіх раёнах гвалт, як правіла, канцэнтруецца ў пэўных месцах. Што ўплывае на тое, дзе знаходзяцца гэтыя месцы? У адпаведнасці з Сусветным эканамічным форумам, больш высокі ўзровень няроўнасці ў прыбытках і «сканцэнтраваных недахопах» («concentrated disadvantage» — гэта сацыялалагічны тэрмін для мікрараёнаў з высокім адсоткам жыхароў з нізкім сацыяльна-эканамічным статусам. Ён выражаецца як працэнт хатніх гаспадарак перапіснога раяніравання з высокім узроўнем канцэнтраванага няшчаснага становішча). Расавая і гендарная няроўнасць таксама звязана з больш высокай схільнасцю гвалту. Наваколле, прылеглае да гэтых раёнах, часта падвяргаецца гвалту, які захоўваецца пастаянна. Каб знізіць узровень гвалту, трэба узяцца за праблему няроўнасці. Гэтае значыць, што трэба вызначыць у чым заключаецца няроўнасць. Доступ да адукацыі, працы, рэпрадукцыйнага здароўя, палітычная рэпрэзентацыя — агульныя фактары няроўнасці.
🆘Гарачая лінія «Вясны» — дапамога пры парушэннях правоў чалавека

🔹Падкажам, якія варыянты дапамогі магчымыя ў кожным выпадку, калі вы ці вашыя блізкія сутыкнуліся з парушэннямі правоў чалавека (асабістых, палітычных, працоўных, культурных), але не ведаеце, якая менавіта дапамога вам патрэбна;

🔹Накіруем на варыянты спецыялізаванай дапамогі ў кожным выпадку для людзей, якія падвергліся рэпрэсіям;

🔹Пракансультуем па пошуку і варыянтах дапамогі затрыманым/арыштаваным, падтрымаем па меры развіцця сітуацыі пасля затрымання;

🔹Пракансультуем наконт позваў (выклікаў у органы) і адміністрацыйных працэсаў: як сябе паводзіць, што рабіць;

🔹Пракансультуем наконт будучых судоў і назірання за імі;

🔹Пракансультуем па палітычна матываваных крымінальных справах і падтрымаем у выпадку ўзбуджэння справы.

✍️Пішыце на @ViasnaSOS, @SOSViasna
Працяг серыі "10 прычын, па якім роўнасць важна".

3⃣ Роўнасць можа палепшыць правы людзей з абмежаванымі магчымасцямі


Грамадзяне і арганізацыі ставяцца да людзей з інваліднасцю (прыкметнай ці «нябачнай») па-іншаму, чым да людзей без інваліднасці. 15% насельніцтва Зямлі мае інваліднасць, што робіць іх найбольш маргіналізаванай групай у свеце. Прыярытэт роўнасці азначаў бы інтэграцыю з больш за 1 мільярдам чалавек. Гэта азначае здыманне бар’ераў і забеспячэнне ахоўных мер. Людзі з інваліднасцю такім чынам атрымаюць роўны доступ да ўсяго — ад адукацыі і аховы здароўя, да добрай працы.
✍️Ананімнае апытанне аўдыторыі «Вясны»

Мы, праваабаронцы «Вясны», хочам лепш даведацца нашую аўдыторыю, таму падрыхтавалі гэтую анкету. У форме ўсяго 20 пытанняў, яе запаўненне зойме каля 5-7 хвілін. Для любога з пытанняў можна выбіраць некалькі варыянтаў адказаў.

Апытанне цалкам ананімнае. Мы будзем выкарыстоўваць дадзеныя толькі для аналізу нашай аўдыторыі. Адказы не будуць захоўвацца і перадавацца трэцім асобам. Мы будзем вельмі рады, калі вы дапаможаце нам!

✔️Прайсці апытанне