Навіны Вілейка
307 subscribers
5.42K photos
121 videos
3 files
1.57K links
Навіны. Аб'явы. Карысная інфармацыя.
Download Telegram
У ПАМЯЦЬ СЯРГЕЯ ГАНЧАРА ВІЛЕЙСКІ НАРОДНЫ ТЭАТР ПРАДСТАВІЦЬ ПРЭМ’ЕРУ СПЕКТАКЛЯ «ТРЫБУНАЛ»

У культурным жыцці нашага горада падзея – 18 сакавіка ў Палацы культуры вілейскі народны тэатр прадставіць прэм’еру спектакля «Трыбунал» па аднайменнай трагікамедыі беларускага драматурга Андрэя Макаёнка. Вілейскія тэатралы-аматары чакалі гэтага год.

Працаваць над новым спектаклем вілейскія артысты пачалі яшчэ ў мінулым годзе, а яго прэм’еру планавалася прымеркаваць да 75-годдзя Вялікай Перамогі. Так бы і адбылося, але свае карэктывы ўнесла пандэмія…. І вось урэшце прыйшоў час тэатралам паглядзець і ацаніць новую работу народнага тэатра.
Пастаноўка «Трыбунала» – сумесная работа трох вілейскіх рэжысёраў: Вадзіма Шырочына, Аляксандры Лапацкай і Кірыла Чэрніка, якія адначасова з’яўляюцца і акцёрамі (Вадзім іграе ролю Калабка, Аляксандра – яго жонкі Паліны, а Кірыл – іх сына). Акрамя іх, у спектаклі заняты вілейскія артысты Андрэй Дударчык (ён іграе Сырадоева), Вольга Шляпо, Ганна Раенка (яны выступяць у ролях дочак). У спектаклі заняты і двое артыстаў-дэбютантаў – Анастасія Міна і Павел Вашкель, якія арганічна ўліліся ў творчы калектыў і не згубіліся на фоне вопытных майстроў сцэны. Ролі, якія выконваюць маладыя артысты, у пачатку рэпеціравалі вядомыя на Вілейшчыне і не толькі Крысціна Каўрыга, якая зараз знаходзіцца ў дэкрэтным адпачынку, і Сяргей Ганчар, жыццё якога раптоўна абарвалася амаль тры месяцы назад. Менавіта памяці Сяргея Мікалаевіча – таленавітага, творчага, харызматычнага і светлага – калектыў народнага тэатра і прысвячае сваю новую работу. Для нас, калектыву рэдакцыі газеты, якую ён узначальваў, – гэта надзвычайна хвалююча і важна.

Нядаўна мне давялося пагутарыць з рэжысёрамі Вадзімам Шырочыным, Аляксандрай Лапацкай і артысткай тэатра Вольгай Шляпо. Мае субяседнікі вельмі цёпла прыгадвалі Сяргея Ганчара. Ён быў не проста харызматычным чалавекам, акцёрам-самародкам, але і галоўным экспертам па дэталях, даваў адказ на кожнае гістарычнае пытанне. Ніхто дакладней, чым ён, не мог пракансультаваць наконт дэкарацый, касцюмаў акцёраў. Здавалася, адзначалі артысты, Сяргей ніколі не бываў стомленым, на сцэне з ім было лёгка і камфортна. Ён хутка ўжываўся ў ролю, імправізаваў, быў самакрытычным і светлым. Мінае час, а не верыцца, што гэтага чалавека няма з намі. Вось і артысты тэатра падзяліліся: яны вераць, што Сяргей Мікалаевіч будзе бачыць, як яны іграюць, і адтуль, з вышыні, падтрымліваць іх…

А яшчэ мы гаварылі пра новую работу народнага тэатра. У спектаклі – пра канфлікт, раскол у адной сялянскай сям’і, якая жыве ў акупаванай фашыстамі вёсцы. Калгаснага пастуха Цярэнція Калабка немцы назначаюць старастам. Яго родныя ўспрымаюць гэта як здрадніцтва, не ведаючы, што іх муж і бацька выконвае заданне. І яму выносяць свой прысуд.
– На прыкладзе адной беларускай сям’і, паказанай у п’есе, мы бачым, як глыбока зачапіла людзей вайна, – расказвае Вадзім Шырочын. – А яшчэ ў творы пра волю да перамогі, патрыятычны дух простых сялян. Выхаваныя ў гэтым духу, яны не могуць дараваць бацьку тое, што ён нібыта супрацоўнічае з ворагамі…
Многія з чытачоў, упэўнена, чыталі п’есу Макаёнка і добра ведаюць яе сюжэт. Для некага ж знаёмства з гэтым творам адбудзецца дзякуючы спектаклю вілейскіх артыстаў. Так ці інакш, цікава будзе ўсім, хто прыйдзе на прэм’еру. А напрыканцы сакавіка калектыў вілейскага народнага тэатра плануе паказаць спектакль «Трыбунал» на фестывалі народных тэатраў «Бярэзінская рампа».

Ірына БУДЗЬКО/Фота з архіва Вілейскага Палаца культуры
Газета "Шлях Перамогі"

#вілейка #Вялейка #вилейка #театр #спектакль #тэатр
Media is too big
VIEW IN TELEGRAM
В преддверии Дня театра телеканал СТВ снял сюжет о Народном театре Вилейского Дворца культуры и о спектакле "Трибунал". Приятного просмотра!

#вілейка #вялейка #вилейка #театр #тэатр