Навіны Вілейка
314 subscribers
5.55K photos
123 videos
3 files
1.58K links
Навіны. Аб'явы. Карысная інфармацыя.
Download Telegram
Яго афармленне кніг «Выбраныя творы» Якуба Коласа, «Бандароўна» Янкі Купалы, «Казкі і краскі» Васіля Віткі, «Знак бяды» Васіля Быкава, «Маўчанне травы» Васіля Зуёнка, манументальна-экспрэсіўныя лісты «Неамагнетызм», «Дзядоўнік», «Сябры», серыі аўталітаграфій і малюнкаў «Здані», «Вёскі катастроф», «Негатыў», «Акт», цыкл партрэтаў сучаснікаў і блізкіх людзей – увайшлі ў беларускую графічную класіку 80-х гадоў мінулага стагоддзя як творы, зробленыя не толькі на высокім прафесійным узроўні, але, мабыць, галоўнае, з вострым, па-сапраўднаму філасофскім, поглядам на свет, які нас акружае: з яго дабрынёй і трагізмам, складанымі супярэчнасцямі і любоўю. У 1972 годзе Юрый Паўлавіч піша «Партрэт Я. Коласа», які прызнаны лепшым партрэтам паэта. За сваю работу для кнігі Васіля Зуёнка ён быў узнагароджаны дыпломам першай ступені рэспубліканскага конкурсу кнігі. За ілюстрацыі да кнігі Якуба Коласа – дыпломам Францыска Скарыны і дыпломам ІІ ступені на Усесаюзным конкурсе кнігі.

Пасля заканчэння аддзялення графікі Беларускага дзяржаўнага тэатральна-мастацкага інстытута Юрый Герасіменка-Жызнеўскі доўгі час быў кіраўніком народнай мастацкай студыі выяўленчага і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва ў г. Маладзечна. Юрый Паўлавіч быў ініцыятарам стварэння ў Маладзечанскім музычным вучылішчы аддзялення дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, дзе і выкладаў у апошнія гады жыцця. Тыя, хто блізка былі знаёмы з мастаком, заўжды адзначаюць, што Юрый Паўлавіч быў вельмі таленавітым мастаком-наватарам і цёплым, вельмі сардэчным чалавекам, для якога творчасць была ўсім. Без творчасці ён не ўяўляў сваё жыццё. І тое, што паспеў зрабіць на сваім нядоўгім творчым шляху, – дарагога каштуе.
У мастацтве Юрый Герасіменка-Жызнеўскі праявіў сябе як сапраўдны філосаф, творчасць якога непарыўна звязана з роднай Зямлёй і Космасам чалавека. Шмат яго былых вучняў сёння – прафесійныя мастакі. Работы Юрыя Герасіменкі-Жызнеўскага знаходзяцца ў Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі і музеі сучаснага выяўленчага мастацтва ў Мінску, іншых установах культуры і адукацыі краіны, прыватных калекцыях Беларусі, ЗША, Францыі, Германіі, Польшчы і іншых краін.

Адным з апошніх яго жаданняў, напрыканцы жыцця, было дадаць да свайго прозвішча дзявочае прозвішча маці Марыі Людвікаўны Жызнеўскай. Ён пражыў усяго 48 гадоў. Не стала Юрыя Паўлавіча Герасіменка-Жызнеўскага 15 лютага 1997 года. Пахаваны ён у Даўгінава, на сваёй малой радзіме. Яго сын Павел яшчэ студэнтам аддзялення скульптуры Акадэміі мастацтваў зрабіў помнік на магіле бацькі ў выглядзе схіленага анёла са складзенымі, як для малітвы, каля грудзей рукамі. Дарэчы, яго сыны і нявесткі таксама закончылі Акадэмію мастацтваў. Сын Павел і яго жонка Алеся – скульптары, жывуць і працуюць разам у Брэсце. У сына Андрэя – спецыяльнасць мастацкая – апрацоўка металу, яго жонка, Святлана, – мастак-кераміст, жывуць і працуюць у Мінску.

У сваіх творах Юрый Паўлавіч Герасіменка-Жызнеўскі мовай пластычных форм маляваў тое, што ў паняцці творцы з’яўлялася самым галоўным: глыбіннай сувяззю чалавека з Космасам і Зямлёй, падпарадкаваных векавым рытмам прыроды. Памяць пра Юрыя Герасіменка-Жызнеўскага застаецца назаўжды ў яго карцінах, ілюстрацыях, успамінах родных людзей і сяброў. Жывуць яго вучні – а значыць жыве і памяць пра самога мастака, бо мастацтва вечнае…

Сяргей ГАНЧАР

#вілейка #вялейка #даўгінава #жызнеўскі #маладзечна #маладэчна #Молодечно #вилейка #долгиново #вилейский #вилейскийрайон #жизневский