"Вясна" назірае
678 subscribers
607 photos
19 videos
341 links
Праваабарончы цэнтр “Вясна” з дапамогай назіральніц і назіральнікаў з Валанцёрскай службы ажыццяўляе маніторынг судовых працэсаў па адміністрацыйных справах.

👀У гэтым канале мы будзем дзяліцца цікавымі кейсамі з судоў.

Наш бот: @viasna_bot
Download Telegram
‼️Сям'ю затрымалі супрацоўнікі КДБ, а асудзілі за непадпарадкаванне супрацоўнікам РУУСа

22 ліпеня супрацоўнікі КДБ затрымалі амаль усю сям'ю: 66-гадовую Таццяну Шчасную, 64-гадовага Сяргея Анановіча і 29-гадовага Яна Анановіча. Быў праведзены ператрус у іх кватэры і на лецішчы. Пасля допыту ў КДБ усіх адвезлі ў Савецкае РУУС, дзе склалі пратаколы па арт. 24.3 КаАП. Згодна з пратаколам, яны аказалі непадпарадкаванне супрацоўнікам міліцыі на тэрыторыі РУУСа: упіраліся нагамі і рукамі, адмаўляліся выходзіць з аўтамабіля.

Справы ўсіх членаў сям'і 23 ліпеня разглядзелі суддзі Савецкага раёна Сяргей Шаціла і Аляксандр Волк.

⚖️Яна Анановіча, па яго словах, наогул адразу не затрымлівалі. Супрацоўнікі КДБ прапанавалі прыехаць хлопцу дадому да бацькоў, каб аддаць ім ключы ад кватэры, у якой павінен быў адбыцца ператрус. Пасля ператрусу Яна разам з бацькамі адвезлі ў КДБ, дзе дапыталі ў якасці сведкі, а затым перавезлі ў Савецкае РУУС. Там, па словах сведкі-міліцыянта, ён і "здзейсніў правапарушэнне". Міліцыянт на судзе пацвердзіў непадпарадкаванне. Суддзя Шаціла прызнаў Яна вінаватым і арыштаваў яго на 10 сутак.

⚖️Сяргея Анановіча судзіў таксама суддзя Шаціла. Сваю віну мужчына не прызнаў, бо сцвярджае, што выйшаў са службовай машыны па першаму патрабаванню. У сваіх паказаннях ён пацвердзіў усе словы сына. Сяргей даглядае сваю 86-гадовую маці, якая знаходзіцца ў цяжкім стане з-за кавіда, таму суддзя аштрафаваў Сяргея на 2900 рублёў (100 базавых велічыняў).

⚖️Найбольш жорсткае пакаранне вынеслі Таццяне Шчаснай, справу якой разглядзеў суддзя Аляксандр Волк. Жанчына на судзе заявіла, што гэта ўсё няпраўда і суддзя гэта павінень разумець. Са словаў Таццяны, яна дабраахвотна выйшла са службовай машыны і прайшла ў РУУС. Сведка "Любімаў" на судзе сцвярджаў, што жанчыну затрымалі для "высвятлення асобы", а ва дворыку адмовілася прайсці за ім. Відэакамеры ў двары РУУСа, вядома, не працавалі. У выніку, разглядзеўшы справу за 15 хвілін, суддзя Волк арыштаваў Шчасную на 15 сутак.
❗️Ад 13 да 28 сутак. Чатырох мінчукоў пакаралі за белыя аркушы паперы на вокнах

Учора ў судзе Фрунзенскага раёна прайшлі суды над мінчукамі, якіх затрымалі 25 ліпеня.

Справы 42-гадовай Маі Шатохінай і 26-гадовага Юрыя Клімашэўскага разглядзела суддзя Юлія Чыж. Мінчукоў абвінавацілі ў "выражэнні сваіх палітычных інтарэсаў шляхам размяшчэння на акне аднаго белага аркуша паперы". За гэта правапарушэнне Маю і Юрыя затрымалі дома. Пры гэтым, у хлопца падчас перетрусу канфіскавалі два тэлефоны і два ноўтбукі.

На судзе яны пацвердзілі, што вывешвалі аркушы на акно, але з іншай мэтай. Па словах Шатохінай, аркуш паперы яна зняла адразу пасля таго, як патэлефанавалі з міліцыі, і нават зрабіла відэа, на якім бачна, што на паперы ёсць пісьмовыя заўвагі. У Юрыя, з яго словаў, таксама на паперы былі запісы.

⚖️У выніку, суддзя Чыж пакарала Маю і Юрыя 15-сутачнымі арыштамі па арт. 24.23 КаАП.

34-гадовага Дзяніса Кулікова і 31-гадовага Андрэя Мураўёва затрымалі таксама дома. На наступны дзень іх справы разглядзела суддзя Фрунзенскага раёна Марыя Ярохіна.

Згодна з пратаколам, на акне ў Дзяніса віселі два аркушы паперы, а ў Андрэя – чатыры. Суддзю Ярохіну цікавіла "сэнсавая нагрузка" паперы на акне. Але мужчыны сцвярджалі, што вывешвалі іх не з-за палітычных поглядаў.

⚖️Суддзя палічыла віну мужчын па арт. 24.23 КаАП цалкам даказанай і арыштавала Дзяніса на 13 сутак, а Андрэя – на 28 сутак.
⚡️«Усю камеру вывелі начаваць на вуліцу, дзе яны правялі каля 17 гадзін». Мінчук распавёў пра ўмовы ўтрымання на Акрэсціна ў ліпені

Іван (імя змененае ў мэтах бяспекі) быў затрыманы ў сярэдзіне ліпеня. На яго склалі пратакол па арт. 24.3 КаАП (непадпарадкаванне супрацоўнікам міліцыі), а потым пакаралі «суткамі». Свой арышт хлопец адбываў у ЦІПе на Акрэсціна. Іван распавёў «Вясне назірае» пра аплату «на месцы» за харчаванне, у рацыёне якога быў хлеб з цвіллю, пра песні Цімы Беларускіх замест будзільніка, забароны для «палітычных» і холад у камеры.

Песні Цімы Беларускіх дагэтуль гучаць у ізалятары

«У ІЧУ бялізну, ручнікі і матрацы ў нашай камеры нікому не выдалі, неглядзячы на тое, што тры чалавекі былі не па «палітычных» артыкулах. Ваду таксама не давалі, а ў душ і на шпацыр не вадзілі. Першую ноч было выключанае святло, дзве наступныя — наадварот. У камеры нават не працаваў зліў унітаза. У ізалятары ўвесь час працавала радыё «Севастопаль», а песні Цімы Беларускіх былі замест будзільніка. Яго песні цяпер там кожны дзень ўключаюць», — распавядае Іван.

Харчаванне ў ЦІПе: хлеб з цвіллю, вада з крана, а аплата за гэта грашыма з асабістых рэчаў затрыманых

У ЦІПе ўмовы не змяняліся: ні матрацаў, ні бялізны, у душ і на шпацыр затрыманых не выводзілі ні разу. Ваду ўсе вымушаныя піць з крана. Таксама арыштанты не маюць магчымасці афіцыйна адмовіцца ад харчавання, каб за яго не плаціць. Адна з прычын — «няма паперы і ручкі». Акрамя гэтага, за кратамі аказваецца шмат вегетарыянцаў, якім не падыходзіць «мясцовы» рацыён, таму без перадачак яны вымушаны галадаць. Пры гэтым, аплату за харчаванне забіраюць нават за тыя дні, у якія зняволеныя наогул не прымаюць ежу. Напрыклад, калі іх вывозяць на суд:

«Нас было 18 чалавек у чатырохмеснай камеры. Посуд давалі на кожнага, але пасля супу талерку трэба было мыць вадой з крана, потым яе складалі і туды ўжо накладвалі "другое", гэта значыць, што ты еў ужо з чужой талеркі, чысціня якой выклікала пытанні. Некалькі разоў давалі хлеб ад "Мінскхлебпрам" з чорнай і жоўтай цвіллю. За некалькі дзён да майго вызвалення мне прынеслі чэк аб аплаце харчавання грашыма, якія былі ў асабістых рэчах. Да гэтага часу ў ЦІПе я нічога не еў. Мы спрабавалі аддаць раніцай маю ежу раздатчыцы, але яна кінула яе на падлогу. У адзін з дзён пасля сняданку нас адвезлі з ІЧУ ў РУУС для суда, а назад прывезлі позна ўвечары. Адпаведна, абеду і вячэры ў нас не было, але ў кошт гэта ўключылі».

«Пры афармленні ў ЦІП лекар дае падпісаць дакумент, дзе трэба паставіць вельмі шмат подпісаў. І вось там сярод усяго ёсць пункт аб згодзе на тое, каб за харчаванне была праведзена аплата з грошай, якія былі з сабою. Але на гэта мала хто звяртае ўвагу», растлумачыў Іван.

Арыштанты правялі 17 гадзін ў двары ЦІПа

Акрамя таго, што ўжо некалькі месяцаў арыштаваным па «народных артыкулах» не перадаюць лісты, перадачы і не даюць паперу і пісьмовыя прылады, з камер, па словах хлопца, супрацоўнікі ЦІПа забіраюць і фігуркі з хлеба. Гэтыя фігуркі зняволеныя выкарыстоўваюць для настольных гульняў, таму іх прыходзіцца рабіць кожны раз новыя. Таксама Іван кажа, што ў ЦІПе, калі тэмпература на вуліцы знізілася, стала холадна. Пры гэтым, многія сукамернікі былі ў шортах і без шкарпэтак, таму з-за пастаяннага скразняку ўсе сталі хварэць.

Сукамернікі Івана распавялі, што незадоўга да яго ў камеры пры невыноснай спякоце, многія гублялі прытомнасць, таму затрыманых пачалі выводзіць на прагулкі. У адзін з дзён, са словаў сукамернікаў, усю камеру вывелі начаваць на вуліцу ў двор ЦІПа, дзе яны правялі каля 17 гадзін. Але хлопец не ведае, ці было гэта зроблена ў якасці пакарання.

Іван звяртае ўвагу, што нават калі перадачу зняволеным не аддаюць адразу, то забіраць яе пасля вызвалення — гэта велізарная падтрымка. Бо на выхадзе з ЦІПа «палітычным», якім перадачы не перадавалі, супрацоўнікі Акрэсціна казалі: «Бачыш, ты нікому не патрэбны, і на зону табе х*р хто што перадасць».
❗️Чарговыя «суткі» за белы аркуш паперы на акне. На думку міліцыянтаў, гэта «незаконны бюлетэнь, які заклікае да пратэстных мерапрыемстваў»

Каля 22:00 27 ліпеня быў затрыманы 44-гадовы Андрэй Грынчык. Супрацоўнікі Фрунзенскага РУУСа адвезлі мужчыну ва ўпраўленне, дзе склалі пратакол па арт. 24.23 КаАП. Падставай для затрымання стаў белы аркуш паперы на акне, які міліцыянты расцанілі як пікетаванне.

Сёння ў судзе Фрунзенскага раёна справу Андрэя разглядзела суддзя Марыя Ярохіна. Грынчык растлумачыў суду, што вывесіў аркуш у знак пртэсту супраць гвалту, але не ведаў, што міліцыянты ўспрымуць гэта як «знак пратэсту, накіраваны на дэстабілізацыю дзеючага рэжыму».

😳У пратаколе агляду, які склалі міліцыянты, заяўлена, што «выяўлены аркуш паперы з’яўляецца незаконным бюлетэнем, які заклікае да пратэстных мерапрыемстваў, які з'яўляецца адзіночным пікетам».

⚖️За адзін белы аркуш суддзя Ярохіна пакарала бацьку двух непаўнагадовых дзяцей 25-сутачным арыштам.

Фота: Наша Ніва
⚡️На 2900 рублёў аштрафавалі дзяўчыну за тое, што сушыла на балконе цішотку

26 ліпеня ў судзе Фрунзенскага раёна разглядзелі справу 31-гадовай Алесі Яначкінай, якую затрымалі напярэдадні дома. У Фрунзенскім РУУСе на дзяўчыну склалі пратакол па арт. 24.23 КаАП за несанкцыянаванае пікетаванне. Згодна з пратаколам, Алеся вывесіла на балконе белую цішотку з чырвонай паласой пасярэдзіне, якая, на думку міліцыянтаў, формаўтварала БЧБ-сцяг.

Па словах Алесі, цішотка сохла на балконе некалькі дзён, а зняла яна яе адразу пасля заўвагі ўчастковага. Праз пару дзён за дзяўчынай прыйшоў міліцыянт і прапанаваў прайсці з імі на прафілактычную гутарку, пасля чаго яе затрымалі да наступнага дня. У Алесі ёсць непаўнагадовае дзіця, таму яе павінны былі вызваліць праз тры гадзіны. Сведка-міліцыянт на судзе нават забыўся, што менавіта ён затрымліваў дзяўчыну і складаў пратакол.

⚖️Судзя Марыя Ярохіна прызнала Алесю вінаватай у пікетаванні і пакарала яе штрафам у памеры 2900 рублёў (100 базавых велічыняў).
⚡️Карэспандэнта "Вячэрні Магілёў" арыштавалі на 6 сутак за пікет супраць гвалтоўнай вакцынацыі

Егудзі Ігаэля затрымалі 27 ліпеня ў Мінску на праспекце Незалежнасці. Супрацоўнікам АМАПу не спадабалася цішотка Егудзі з надпісам "Против насильственной вакцинации", таму ў Ленінскім РУУСе на мужчыну склалі пратакол па арт. 24.23 КаАП за несанкцыянаванае пікетаванне.

30 ліпеня над мужчынам прайшоў суд, а яго справу разглядзела суддзя Ленінскага раёна Таццяна Шоцік.

У самым пачатку паседжання Егудзі заявіў, што "супрацоўнікі Акрэсціна яму гаварылі, што ў яго няма ніякіх правоў, яго не азнаёмілі з матэрыяламі справы і не дазволілі патэлефанаваць адвакату". Таму мужчына запатрабаваў "выканання правоў у месцах пазбаўлення волі".

Адвакат хадайнічаў аб далучэнні да справы ліста ад працадаўцы, у якім гаворыцца, што Егудзі працуе ў фондзе "Адкрытыя сэрцы", з'яўляецца пазаштатным карэспандэнтам газеты "Вячэрні Магілёў" і робіць усё для падтрымкі дзеючага канстытуцыйнага ладу.

На судзе мужчына не разумеў, чаму яго судзяць і некалькі разоў заяўляў аб парушэнні яго правоў. Таксама дадаў, што ён вядомы тым, што падтрымлівае Лукашэнку.

Суддзя Шоцік, у выніку, палічыла віну Егудзі цалкам даказанай, таму пакарала яго 6-сутачным арыштам.
⚡️Блогерка і маркетолаг Наста Пілюгіна арыштаваная на 15 сутак

Справу Насты Пілюгінай 30 ліпеня разглядзеў суддзя Партызанскага раёна Міхаіл Макарэвіч. Насту разам з астатнімі затрыманнымі ў суд даставілі асабіста.

Нагадаем, Пілюгіна была затрымана 29 ліпеня разам са сваім хлопцам Уладзіславам Піртанём. У Партызанскім РУУСе на іх склалі пратаколы па арт. 24.3 КаАП — непадпарадкаванне супрацоўнікам міліцыі.

На судзе Наста паведаміла, што ўчора ў КДБ была дапытаная ў якасці сведкі па арт. 289 КК, але падпіскі аб неразглошванні не дала. Яна звярнула ўвагу, што дапытвалі яе не па крымінальнай справе, а па біяграфіі, а потым адвезлі дадому, дзе супрацоўнікі КДБ правялі ператрус. Дома быў яе хлопец, які і адчыніў дзверы. БЧБ-сцягі дзяўчына адразу самастойна аддала, бо ёй сказалі, «што лепш самой гэта зрабіць». Пасля ператрусу Насту затрымалі разам з Уладзіславам Піртанём. Але іх пасадзілі ў розныя службовыя машыны. Потым па дарозе ў РУУС Пілюгіну пасадзілі ў машыну, у якой ужо сядзеў Алег Урбановіч (сёння яго арыштавалі на 14 сутак). Сведчанні міліцыянта Наста лічыць паклёпам, бо ў РУУС яна прайшла дабраахвотна.

⚖️Суддзя Макарэвіч адхіліў хадайніцтва адвакаткі аб праглядзе відэакамер на тэрыторыі РУУСа, бо палічыў, што гэта толькі яе здагадкі. Вынік — 15 сутак.
⚡️Уладзіслава Піртаня арыштавалі на 15 сутак

Сваякі Уладзіслава Піртаня не паспелі хутка заключыць дамову з адвакатам, але суддзя Міхаіл Макарэвіч усё роўна вырашыў разглядаць справу хлопца, парушаючы яго права на абарону:

— Ужо 18:15, да 21 гадзіны мне вас тут трымаць?
— Зразумеў.
— Самастойна будзеце сябе абараняць? Так?
— Так.

Пратакол па арт. 24.3 КаАП на Піртаня склалі 29 ліпеня за тое, што ён нібыта адмовіўся прайсці ў РУУС за міліцыянтам і крычаў каля машыны. Уладзіслаў звярнуў увагу суддзі, што ўчора яму нават не давалі пратакол на подпіс. Хлопец распавёў, што ператрус адбываўся на працягу трох гадзін, пасля чаго яго і затрымалі. У РУУСе, па яго словах, непадпарадкаванне её не аказваў, таму віну не прызнае.

⚖️Суддзя Макарэвіч разглядзеў справу за 9 хвілін. Па рашэнню суддзі Уладзіслава арыштавалі на 15 сутак.
⚡️⚡️«Мне апраналі пакет на галаву і душылі. Мяне сілком напаілі нейкай вадкасцю з бутэлькі». Новыя сведчанні катаванняў пры затрыманні

29 ліпеня ў сябе дома быў затрыманы Юрый Марозаў. Згодна з пратаколам па арт. 24.3 КоАП, Юрый быў затрыманы «ў сувязі з падазрэннем ва ўдзеле ў масавых мерапрыемствах, але на тэрыторыі Партызанскага РУУС аказаў непадпарадкаванне супрацоўнікам міліцыі, адмовіўшыся выйсці з машыны». Сваю віну хлопец не прызнаў.

Справу Юрыя Марозава разглядзеў суддзя Партызанскага раёна Міхаіл Макарэвіч.

Па словах Марозава, пры затрыманні ніхто з супрацоўнікаў міліцыі не прадставіўся і не паказаў сваё пасведчанне. Ператрус у кватэры хлопца праводзілі восем супрацоўнікаў у цывільным, частка з якіх былі ў балаклавах. Са словаў Юрыя:

«У кватэру ўвайшлі восем супрацоўнікаў, ніхто не паказваў пасведчанні. Мяне паставілі на калені і трымалі тварам да сцяны. Мяне перыядычна білі. Білі нагамі. Мне апраналі пакет на галаву і душылі. Мяне сілком напаілі нейкай вадкасцю з бутэлькі. Потым у кватэры правялі ператрус у прысутнасці незнаёмых мне людзей. Былі панятыя ў балаклавах, таму я не ведаю хто гэта. Правялі ператрус, пры гэтым ператрус — гэта калі ўсе твае рэчы расшвырваюць па кватэры. Перыядычна мяне прыніжалі, лаяліся матам. Пасля гэтага мяне прымусілі нешта падпісаць. У мяне нават не было магчымасці паглядзець што гэта, бо мяне білі. Пасля гэтага канфіскавалі частку рэчаў, якія на Акрэсціна са мной не прыехалі, таму я не ведаю дзе іх шукаць. Потым мы прайшлі ў аўтамабіль. Увесь гэты час я знаходзіўся ў кайданках, таму фізічна не мог аказваць непадпарадкаванне. Калі камеры там ёсць, то можна паглядзець, што я не супраціўляўся. Я спакойна прайшоў у РУУС. У машыне са мной было трое супрацоўнікаў".

Сведка-міліцыянт на судзе сцвярджаў, што паліў каля РУУСа, калі ўбачыў, як Марозаў штурхнуў плячом аднаго супрацоўніка ў цывільным і паспрабаваў выбегчы на праезную частку. Відэакамера на будынку РУУСа на гэтую тэрыторыю, вядома, накіраваная не была. Акрамя гэтага, сведка памыліўся і з часам "правапарушэння".

⚖️У выніку, суддзя Макарэвіч пакараў Юрыя Марозава 14-сутачным арыштам, нават негледзячы на заяву пра катаванні.
⚡️Няправільнае адзенне, падтрымка з балкону Марша, белыя аркушы: за што судзілі беларусаў у ліпені

Праваабаронцам "Вясны" вядома пра мінімум 85 судовых працэсаў у ліпені над затрыманымі беларусамі па адміністрацыйных справах. У выніку, за ліпень беларускія суддзі пакаралі штрафамі 27 чалавек агулам на 1 809 базавых велічыняў (каля 52,5 тысяч беларускіх рублёў) і 58 чалавек арыштавалі на 932 сутак.

🌿"Вясна назірае" традыцыйна зрабіла спіс самых дзіўных прычын для адміністрацыйнага пераследу з іншадумствам за месяц.
⚡️⚡️«З двух бакоў пабеглі людзі і пачалі страляць». Пачалі судзіць затрыманых з гуртом IRDORATH на лецішчы

Учора, 2 жніўня, на лецішчы пад Мінскам затрымалі 16 чалавек, сярод якіх былі ўдзельнікі беларускага музычнага фэнтэзі-фолк гурта IRDORATH. Затрыманне адбылося на святкаванні Дня народзінаў вакалісткі гурта Надзеі Калач (Ірдарат). Сёння прэс-служба МУС паведаміла, што супраць шасці затрыманых распачалі крымінальныя справа за ўдзел у жнівеньскіх маршах. Аблава ГУБАЗіКа і САХРа на кампанію была звязана менавіта з гэтым. Тых, хто таксама знаходзіўся на лецішчы, таксама затрымалі. Справы некаторых чалавек па арт. 24.3 КаАП сёння разглядзелі ў судзе Мінскага раёна.

Сярод затрыманых учора была 39-гадовая Аляксандра Грахоўская — удзельніца гурта BY CRY. Яе справу разглядаў суддзя Антон Колабаў. Згодна з пратаколам па арт. 24.3 КаАП, «Аляксандра 2 жніўня каля 20:30 адмовілася адчыняць вароты для правядзення следчых дзеянняў, чым аказала непадпарадкаванне супрацоўніка міліцыі».

Аляксандра распавяла, што на лецішчы нават няма варотаў – толькі зламаная брамка. Па яе словах, яна прышла на Дзень народзінаў да сяброўкі. Усе сабраліся і перад пачаткам святкавання усе пабачылі, як з двух бакоў на іх пабеглі людзі ў вайковай фоме і пачалі страляць. Аляксандра дадала, што было так шмат выстралаў, што яна не зразумела, чаму пакуль усе жывыя. 15 чалавек паклалі на зямлю і забралі тэлефоны. Потым жанчынам дазволілі сесці на канапу. Сваю віну Аляксандра адмаўляе, бо нават не разумее, «як можна не адчыніць тое, што і так не зачыненае». Суддзя Колабаў пакараў Аляксандру штрафам у памеры 30 базавых.

Таксама суддзя суддзя Колабаў аштрафаваў яшчэ некалькіх затрыманых з кампаніі: Шулякову — на 30 базавых, Юлію Варламаву — на 40 базавых, Вольгу Міхно — на 35 базавых.

Заўтра на выязным паседжанні суддзя разглядзіць справы Яўгена Срацэнскага і Міхаіла Аракчаева.

Суддзя Вадзім Казей пачаў сёння разглядаць справы Аляксандра Сінкевіча, Дзмітрыя Шыманскага і Аляксея Палаўчэні (барабаншчыка гурта IRDORATH), але зрабіў перапынак да 4 жніўня.

Мужчыны на судзе распавялі, што гатавалі шашлыкі перад тым, як з’явіліся сілавікі. Дом абгароджаны толькі з боку вуліцы, а вароты былі адчыненыя. Да іх пачалі з абодвух бакоў забягаць людзі і сказалі ўсім легчы на зямлю. Сілавікі пры гэтым былі ў камуфляжы і ў масках.

Дзмітрый Шыманскі наогул быў затрыманы выпадкова: ехаў на мапедзе каля 23:00 (ужо больш за гадзіну праходзіў ператрус), убачыў машыну сябра, спыніўся і ў цемры запытаўся, хто капаецца ў машыне. Невядомы ў яго спытаў, што Дзмітрыю трэба. У гэты ж момант Шыманскі ўбачыў, што пачалі выходзіць нейкія людзі з скрынкамі абматанымі скотчам. Спыталі ў яго: «Ты сюды прыехаў?». Мужчына адказаў станоўча. Тады яму сказалі: «Класна, дачакаліся цябе», і забралі яго.

У выніку, справы затрыманых будуць разглядацца суддзямі на выязном паседжанні заўтра.
"Вясна" назірае
⚡️⚡️«З двух бакоў пабеглі людзі і пачалі страляць». Пачалі судзіць затрыманых з гуртом IRDORATH на лецішчы Учора, 2 жніўня, на лецішчы пад Мінскам затрымалі 16 чалавек, сярод якіх былі ўдзельнікі беларускага музычнага фэнтэзі-фолк гурта IRDORATH. Затрыманне…
‼️Шасцярых затрыманых з гуртом IRDORATH на лецішчы арыштавалі на 15 сутак

Стала вядома, што суддзі Мінскага раёна на выязном паседжанні разглядзелі справы яшчэ шасцярых чалавек, якіх затрымалі на святкаванні Дня народзінаў вакалісткі музычнага фэнтэзі-фолк гурта IRDORATH Надзеі Калач.

Марыя Падаляк, Аляксандр Сінкевіч, Дзмітрый Шыманскі, Яўген Срэценскі, Міхаіл Аракчэеў і Аляксей Палаўчэня былі арыштаваныя на 15 сутак. Усіх затрыманых судзілі па арт. 24.3 КаАП за тое, што яны не адчынілі вароты сілавікам.

Нагадаем, 2 жніўня на лецішчы, дзе Надзея Калач святкавала Дзень народзінаў, супрацоўнікі ГУБАЗіКа і САХРа затрымалі 16 чалавек. На наступны дзень прэс-служба МУС паведаміла, што на дзесяцярых чалавек склалі пратаколы за непадпарадкаванне супрацоўнікам міліцыі, а супраць яшчэ шасцярых распачалі крымінальныя справы за ўдзел у жнівеньскіх маршах.
⚡️Маці Сяргея "хлопотное дельце" Міронава асудзілі на 15 сутак

Справу 61-гадовай Святланы Чапурка разглядзелі сёння ў судзе Маскоўскага раёна. Справу вяла суддзя Таццяна Мотыль.

Святлану затрымалі дома 5 жніўня і адвезлі ў Маскоўскі РУУС. Там на жанчыну склалі пратакол па арт. 19.1 КаАП за "дробнае хуліганства".

Суддзя Мотыль асудзіла Святлану фактычна ў закрытым рэжыме, бо расклад спраў вывесілі толькі праз амаль дзве гадзіны пасля суду. У выніку, суддзя пакарала Святлану 15-сутачным арыштам.
⚡️Былога намесніка дырэктара фінансава-эканамічнага дэпартаменту «Беларусбанку» зноў арыштавалі на 12 сутак

Учора ў судзе Цэнтральнага раёна разглядзелі справу 37-гадовага Максіма Халецкага. 5 жніўня каля 18:00 да яго на вуліцы падыйшлі міліцыянты і запрасілі на прафілактычную гутарку. У Цэнтральным РУУСе, згодна з пратаколам, Максім адмовіўся прайсці ва ўпраўленне, чым аказаў непадпарадкаванне супрацоўнікам міліцыі.

Сваю віну Халецкі адмаўляе. На судзе Максім распавеў, што ў яго не было матыву для непадпарадкавання, а міліцыянт, які выступіў у якасці сведкі, хлусіць. Відэакамер, вядома, у месцы здзяйснення "правапарушэння" не было.

Суддзя Вікторыя Шабуня, у выніку, прызнала Максіма Халецкага вінаватым па арт. 24.3 КаАП і пакарала яго 12-сутачным арыштам.

Раней Халецкі ужо двойчы адбываў арышты па "народных артыкулах". У красавіку Максіма звольнілі з пасады намесніка дырэктара фінансава-эканамічнага дэпартаменту «Беларусбанку» адразу пасля таго, як ён адбыў адміністрацыйны арышт.
⚡️⚡️"Акрамя таго, што яна нічога не чуе, так яшчэ і гаварыць не можа". Ціск на арыштантаў на Акрэсціна працягваецца

З 22 ліпеня за кратамі знаходіцца 51-гадовая Алена Левіна. Пасля затрымання на жанчыну склалі пратакол па арт. 24.3 КаАП за «непадпарадкаванне супрацоўнікам міліцыі», а пасля яе арыштавалі на 15 сутак. За пару дзён да вызвалення на жанчыну склалі новы пратакол за Марш, у якім яна не ўдзельнічала. Агулам Алену арыштавалі на 30 сутак.

У Левінай ёсць праблемы са слыхам: яна носіць слыхавы апарат. Праблема ў тым, што ў камеры ў Алены селі батарэйкі ў апараце, а без яго жанчына вельмі дрэнна чуе. Супрацоўнікі ЦІПа адмовіліся перадаць для яе новыя батарэйкі, пры тым, што яны прынялі іх ад сваякоў жанчыны. Па словах сукамерніцы, у Алены з'явіліся праблемы са здароўем з-за ўмоваў утрымання на Акрэсціна. Ноччу ў камерах холадна, таму ў жанчыны пачаўся моцны кашаль і асіп голас:

"Я вельмі турбуюся, бо акрамя таго, што яна нічога не чуе, так яшчэ і гаварыць не можа," – перадае сукамерніца.

Супрацоўнікі ЦІП Акрэсціна таксама адмовіліся прымаць ад сваякоў таблеткі, таму Алена засталася без медыцынскай дапамогі. На волю яна выйдзе толькі ў канцы жніўня.
"Вясна" назірае
⚡️⚡️"Акрамя таго, што яна нічога не чуе, так яшчэ і гаварыць не можа". Ціск на арыштантаў на Акрэсціна працягваецца З 22 ліпеня за кратамі знаходіцца 51-гадовая Алена Левіна. Пасля затрымання на жанчыну склалі пратакол па арт. 24.3 КаАП за «непадпарадкаванне…
⚡️«Мне по..й чуе яна ці не». Мінская міліцыя абвергла навіну пра слабачулую Алену Левіну

Учора Мінская міліцыя назвала фэйкам гісторыю 51-гадовай Алены Левінай, якой супрацоўнікі Акрэсціна не аддалі батарэйкі для слыхавага апарату, без якога яна амаль нічога не чуе. Таксама ў ведамстве дадалі:

«У Цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў кругласутачна дзяжурыць медыцынскі работнік, які кожную раніцу праводзіць покамерный абыход і апытанне аб стане здароўя, у выпадку неабходнасці праводзіцца агляд. Усе арыштанты своечасова забяспечваюцца ўсімі неабходнымі медыцынскімі прэпаратамі, а ў выпадку пагаршэння здароўя шпіталізуюцца ва ўстановы аховы здароўя».

Але пасля гэтай заявы стала вядома, што мясцовая лекарка сапраўды прасіла адміністрацыю ЦІПа выдаць батарэйкі Левінай. На сваю просьбу яна атрымала адказ ад супрацоўніка ЦІПа Аляксея Цішэчкіна: «Мне пох..й чуе яна ці не».

Падчас другога суда Левінай усё ж такі выдалі батарэйкі, каб яна магла ўдзельнічаць у судовым працэсе, але адразу пасля суда іх зноў забралі. Праз тое, што ў жанчыны няма цёплых рэчаў, і пры гэтым ёй даводзіцца ляжаць і сядзець на халодным бетоне, яна да гэтага часу моцна кашляе.
⚡️Артыста ансамбля арыштавалі на 15 сутак

Артыста беларускага ансамбля 33-гадовага Дзмітрыя Куксу затрымалі 6 жніўня. На момант пачатку судовага паседжання 9 жніўня ў Дзмітрыя ўжо скончыўся 72-гадзінны тэрмін з моманту затрымання, але суддзя не звярнула на гэта ўвагі.

Справу артыста разглядала суддзя Фрунзенскага раёна Юлія Чыж.

У Фрунзенскім РУУСе на мужчыну склалі пратакол па арт. 24.3 КаАП "за адмову адчыніць дзверы ў жылое памяшканне для правядзення ператрусу". Але Дзмітрый сцвярджае, што яго затрымалі на вуліцы каля метро Спартыўная, заламалі рукі, надзелі адразу кайданкі, а ўжо потым адвезлі для ператрусу. Там, па словах мужчыны, яны самастойна яго ключамі адчынілі дзверы, пакуль сам Кукса быў у кайданках.

У выніку, суддзя Чыж пакарала артыста 15-сутачным арыштам.
❗️За дзіцячы малюнак на акне мінчука арыштавалі на 12 сутак

У судзе Фрунзенскага раёна 10 жніўня разглядзелі справу 41-гадовага Дзмітрыя Бубенкі. Яго затрымалі ўвечары 9 жніўня дома за "несанкцыянаванае пікетаванне шляхам размяшчэння белага аркуша паперы на акне". Менавіта так пазначылі міліцыянты ў пратаколе дзіцячы малюнак.

Дзмітрый растлумачыў суддзі Наталлі Бугук, што на вокнах вісяць дзіцячыя малюнкі, якія павесілі амаль чатыры гады таму. Па яго словах, яны абараняюць расаду жонкі ад сонца. Суддзю цікавіла, чаму ён не атрымаў на гэта дазвол ад уладаў.

У выніку, суддзя Бугук палічыла Бубенку вінаватым па арт. 24.23 КаАП і арыштавала яго на 12 сутак.

📸На фота малюнак, за які Дзмітрыя пакаралі арыштам.
⚡️Супрацоўніка «Нафтана» арыштавалі за БЧБ-налепку на бамперы машыны

36-гадовага спурацоўніка «Нафтана» Сяргея Хвасцёнка затрымалі 9 жніўня ў Мінску каля ўніверсама «Цэнтральны» на пр. Незалежнасці. У Сяргея зламалася машына, таму ён спыніўся на дарозе. Пабачыўшы гэта, да яго пад’ехалі супрацоўнікі ДАІ і прапанавалі дапамогу. Але на бамперы супрацоўнікі заўважылі бел-чырвона-белую налепку, якая, па словах Сяргея, залеплівала дзірку на бамперы каля пяці гадоў. Таму замест дапамогі мужчыну адвезлі ў Цэнтральны РУУС, дзе склалі пратакол па арт. 24.23 КаАП.

Справу Хвасцёнкі 10 жніўня разглядзеў суддзя Цэнтральнага раёна Дзмітрый Карсюк.

Сведка-міліцыянт «Аляксандраў» распавёў, што затрымліваў Сяргея разам з супацоўнікамі АМАПу. Міліцыянт сцвярджаў, што Хвасцёнак адразу заявіў, што такім чынам выказвае сваі палітычныя погляды, але сам мужчына гэта адмаўляе.

⚖️Вынікам суда стаў 15-сутачны арышт.
⚡️Вялізарныя суткі і штрафы: як судзілі затрыманых за ўскладанне кветак каля мемарыялу Тарайкоўскага

У судзе Фрунзенскага раёна 11 жніўня разглядзелі справы трох мінчукоў. Іх затрымалі каля мемарыялу Тарайкоўскага 10 жніўня — на гадавіну гібелі Аляксандра.

⚖️Першай учора затрымалі 40-гадовую Наталлю Шэкаву. У жанчыны ёсць непаўнагадовае дзіця, але замест трох гадзін, як таго патрабуе закон, яе пратрымалі за кратамі ноч да суда. Падставай для затрымання стала «несанкцыянаванае пікетаванне шляхам ускладаня кветак» каля народнага мемарыялу. Суддзі Чыж Наталля распавяла, што ў яе не было ніякіх палітычных матываў, а толькі — чалавечыя. Па словах жанчыны, яна гуляла каля месца гібелі Тарайкоўскага, успомніла падзеі мінулага года і вырашыла пакласці кветкі на тым месцы. Суддзя Юлія Чыж расцаніла гэты учынак, як пікетаванне і пакарала жанчыну па арт. 24.23 КаАП штрафам у памеры 2900 рублёў (100 базавых велічыняў).

⚖️На тым жа месцы каля 17:03 затрымалі 20-гадовага Аляксея Латошу. У віну хлопцу ставіцца таксама ўскладанне кветак каля мемарыялу. Аляксей пацвердзіў, што ў памяць аб загінулым уваткнуў кветкі ў слуп. Але адрузу пасля гэтага яго затрымалі людзі ў цывільным. Суддзя Чыж цікавілася, чаму ён зрабіў гэта менавіта каля метро, а не могілках. Хлопец дадаў, што ў яго ёсць малое дзіцё, таму ён шкадуе аб учыненым і хоча быць зараз з імі, а не за кратамі. Вынік — 13 сутак.

⚖️Каля 19:55 каля мемарыялу затрымалі 23-гадовага Кастуся Цаўлоўскага. Прычына — ускладанне адной квекі каля выхаду з метро. Сваю віну хлопец адмаўляе, бо не ведаў, што ўскладанне кветак расцэньваецца, як «несанкцыянаванае пікетаванне». Ён патлумачыў, што зрабіў гэта, каб ушанаваць памяць об загінулым, а не для выказвання сваіх палітычных ітарэсаў. Суддзя зноў запытала, чаму Кастусь зрабіў гэта не на могілках. У выніку, суддзя Юлія Чыж пакарала хлопца па арт. 24.23 КаАП 30-сутачным арыштам.