"Вясна" назірае
707 subscribers
593 photos
19 videos
334 links
Праваабарончы цэнтр “Вясна” з дапамогай назіральніц і назіральнікаў з Валанцёрскай службы ажыццяўляе маніторынг судовых працэсаў па адміністрацыйных справах.

👀У гэтым канале мы будзем дзяліцца цікавымі кейсамі з судоў.

Наш бот: @viasna_bot
Download Telegram
⚡️⚡️«Выкруцілі вочка ў кватэру і запусцілі газ». У суботу ў Серабранцы затрымалі цэлую сям'ю

19 чэрвеня супрацоўнікі міліцыі прыйшлі у кватэру сям'і Скаргі. Папярэдняя прычына зацікаўленасці міліцыі — налепка Пагоня на акне ў пакоі дачкі Яны.

Як распавялі суседзі сям'і, у момант прыходу супрацоўнікаў міліцыі дома быў адзін бацька — Алег Скарга. Сілавікі з выкарыстаннем спецсродкаў адкрылі дзверы ў кватэру.

"У пад'ездзе быў стук і крыкі. Яны [сілавікі] патрабавалі, каб ім адкрылі дзверы, казалі, што ёсць пастанова. Пазней бацькі вывелі. Яна [дачка] у гэты час у інстытуце здавала іспыт. Сілавікі выкруцілі вочка ў кватэру і запусцілі газ — так прымусілі адчыніць дзверы", — распавядаюць суседзі.

Жонка Святлана Скарга паехала ў РУУС Ленінскага раёна, каб высветліць абставіны здарэння і даведацца, што з яе мужам. Калі яна туды прыехала, то яе таксама затрымалі. Супрацоўнікі міліцыі патэлефанавалі дачцэ Яне з тэлефона Святланы і сказалі, што маму не выпусцяць, пакуль яна не прыедзе. Яна паехала ў Ленінскае РУУС, дзе яе таксама затрымалі. У гэты час жанчыну павезлі на ператрус у кватэру.

Раніцай у нядзелю 20 чэрвеня Яна патэлефанавала знаёмай і папрасіла аб сустрэчы, каб забраць тэлефон. На сустрэчу з дзяўчынай пайшоў малады чалавек — Андрэй Ярошкін. Хлопца затрымалі — на месцы сустрэчы былі супрацоўнікі міліцыі.

⚖️21 чэрвеня прайшлі суды ў судзе Ленінскага раёна над Алегам Скаргай і Андрэем Ярошкіным. Андрэя асудзілі на 15 сутак, меркавана, па артыкуле 19.3 КаАП (з'яўленне ў грамадскім месцы ў стане ап'янення).

⚖️Справу Алега Скаргі разглядала суддзя Ленінскага раёна Інчына. На мужчыну склалі два пратаколы — ч. 1 арт. 24.23 і арт. 24.3 КаАП. На працэс прыйшлі асабіста два супрацоўнікі Ленінскага РУУС, каб даць паказанні сведак супраць мужчыны. На судзе мужчына заявіў, што раскайваецца і прызнае віну. У выніку, Інчына адправіла справу на "дапрацоўку".

Паводле папярэдняй інфармацыі, усіх членаў сям'і Скаргі выпусцілі на свабоду. Андрэй Ярошкін адбывае 15-сутачны арышт.

❗️UPD: Стала вядома, што Алега Скаргу сёння асудзілі па двух пратаколах: па арт. 24.3 і 24.23 КаАП. Суддзя Інчына арыштавала мужчыну на 25 сутак.
❗️Жыхароў Маладзечна арыштавалі на 15 і 25 сутак за нядзельную акцыю

20 чэрвеня ў Маладзечне ля камяня «Пакутнікам за волю і незалежнасць Беларусі» затрымалі шэсць чалавек. Каля 14:00 у маладзечанскі парк прыехалі міліцыянты, некаторыя з якіх былі ў цывільным. Супрацоўнікі міліцыі затрымалі дваіх журналістаў «Рэгіянальнай газеты», аднаго мужчыну, траіх жанчын і адвезлі іх ў РАУС. Дваіх жанчын, у якіх ёсць непаўнагадовыя дзеці, адпусцілі з аддзялення яшчэ ў нядзелю. На ўсіх затрыманных склалі пратаколы па арт. 24.23 КаАП за ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве.

⚖️Як паведамляе «Рэгіянальная газета», у судзе Маладзечанскага раёна ўжо разглядзелі справы дваіх маладзечанцаў. У выніку, за нядзельную акцыю Пятра Дыка арыштавалі на 15 сутак, а Жанну Пілючонак — на 25 сутак.
⚡️Мінчука арыштавалі на 14 сутак за скрыншот з экстрэмісцкага канала

А 7 раніцы 23 чэрвеня дадому да 32-гадовага Сяргея прыйшлі супрацоўнікі міліцыі. Падставай для яго затрымання стала публікацыя ў сацыяльных сетках скрыншота з экстрэмісцкага канала. Мужчыну даставілі ў Ленінскае РУУС і склалі пратакол па арт. 19.11 КаАП (распаўсюд інфармацыйнай прадукцыі, уключанай у рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў).

⚖️24 чэрвеня справу мінчука разглядзела суддзя Марына Клімчук. Мужчына на судзе заявіў, што хварэе на астму. У выніку, суддзя прызнала Сяргея вінаватым і арыштавала яго на 14 сутак.
⚡️«З’явіліся дэструктыўныя паводзіны». На 15 сутак арыштавалі жанчыну, якую затрымалі перад судом над Бабарыкам

58-гадовую Таццяну Пятруковіч затрымалі 24 чэрвеня перад пачаткам суда над Віктарам Бабарыкам. У сумцы жанчыны знайшлі БЧБ-налепкі, таму супрацоўнікі затрымалі жанчыну і адвезлі ў Маскоўскае РУУС. Але там на Тяццяну склалі пратакол за дробнае хуліганства па арт. 19.1 КаАП.

Справу Пятруковіч 25 чэрвеня разглядзела суддзя Маскоўскага раёна Таццяна Мотыль. Па пратаколу, жанчына «падчас прафілактычнай гутаркі гучна крычала, размахвала рукамі, нецэнзурна лаялася, ускоквала з крэсла, на зробленую заўвагу спыніць супрацьпраўныя дзеянні не рэагавала». Таццяна скрозь слёзы гэта адмаўляе, бо нават «ніколі ў жыцці не лаялася».

«Я знаходзілася ў РУУСе, куды мяне прывезлі на прафілактычную гутарку, і гэта немагчыма, каб я мацюкалася або ўскоквала, бо адзінае, што я рабіла — плакала. Пратакол не складалі, а выдалі толькі папярэджанне, што гутарка ўжо адбылася, у якой я распісалася, і тады яна пачалася», — тлумачыла Тяццяна суддзі.

Падчас гутаркі міліцыянты пыталі ў жанчыны, «ці ведае яна палітыку дзяржавы і што такое БЧБ-сцяг». Сведка Іваноў Іван Іванавіч на судзе заявіў, што «ў Пятруковіч з'явіліся дэструктыўныя паводзіны, яна ўставала з крэсла».

🤡З тлумачэння сведкі Іванова:
«Я яе не затрымліваў, а на гутарку яе прывялі іншыя супрацоўнікі. Я пачаў ёй тлумачыць, што яна ўжо прыцягвалася па арт. 23.34 КаАП, а яна пачала крычаць, што не згодная. Пятруковіч мяне перабівала, павышала тон, дэструктыўна паводзіла сябе і была недастаткова ветлівая. Відэарэгістратара пры сабе не было, бо ён ляжаў у машыне. Прафілактычная гутарка была сарваная, таму я не паспеў запоўніць пратакол. У мяне рыбіна памяць, таму я не запомніў ва што Пятруковіч была апранутая і не ведаю, які ў яе рост, бо лінейкі з сабою не было».

Таксама Таццяна заявіла, што пратакол не чытала, бо ёй не далі акуляры, нягледзячы на неаднаразовыя просьбы.

⚖️Суддзя Мотыль палічыла віну Таццяны цалкам даказанай, таму пакарала яе 15-сутачным арыштам.
⚡️Пагражалі ломам і кувалдаю, а потым дасталі пісталет. Дваіх мужчын арыштавалі за адмову адчыніць дзверы

А 8 раніцы 24 чэрвеня дадому да Сяргея Філазаповіча прыйшлі людзі без апазнавальных знакаў. Спачатку яны грукалі ў тамбур, а потым патэлефанавалі суседзям, каб тыя адчынілі. У дзверы да Сяргея невядомыя грукалі каля 20 хвілін, а потым сказалі, што з міліцыі і паказалі ў вочка пастанову на агляд. Акрамя гэтага, яны прынеслі кувалду і лом, і, па словах суседа, дасталі пісталет. Сяргей адразу адчыніў.

Дома правялі агляд і канфіскавалі ўсю тэхніку і нават маленькі сцяжок Польшчы ў пакоі 7-гадовай дачкі. Сяргею ж прапанавалі праехаць у РАУС, дзе на яго склалі пратакол па арт. 24.3 КаАП (непадпарадкаванне супрацоўніку міліцыі) за тое, што не адчыніў дзверы па першым патрабаванні.

Суд над Філазаповічам прайшоў 25 чэрвеня ў судзе Мінскага раёна, а ягоную справу разглядзеў суддзя Антон Колабаў. Участковы бараўлянскага РАУСа Грыцкевіч Сяргей Дзмітрыевіч на судзе сцвярджаў, што яны адразу прадставіліся і паказалі пастанову. Але суседзі Сяргея гэта адмаўляюць, бо чулі толькі, што яны з бараўлянскай міліцыі, але ніякіх дакументаў яны не паказвалі і свае прозвішчы не называлі.
⚖️Вынік — 10 сутак.

Дадому да жыхара Мачулішчаў Андрэя Пахомава невядомыя прыйшлі а 6 раніцы 23 чэрвеня. Прычынай агляду ў кватэры стала інфармацыя аб тым, што «Пахомаў па месцы жыхарства можа вырабляць, захоўваць і распаўсюджваць прадукцыю, якая змяшчае заклікі да экстрэмісцкіх дзеянняў». Пратакол па арт. 24.3 КаАП на Андрэя склалі нібыта за адмову адчыніць дзверы, але мужчына сцвярджае, што ён наўпрост чакаў, калі апранецца яго дзяўчына.

⚖️У выніку, суддзя Мінскага раёна Анжаліка Казлова нават не выклікала на суд сведак, бо доказаў на яе думку хапіла. Суддзя арыштавала Пахомава на 10 сутак.
❗️Пенсіянерку арыштавалі на 15 сутак за БЧБ-сардэчкі

23 чэрвеня а 7 раніцы ў дзверы да 59-гадовай пенсіянеркі Наталлі Хоміч пагрукаліся супрацоўнікі міліцыі. Прычына – тры БЧБ-сардэчка на акне. Агляд у кватэры Наталлі доўжыўся каля трох гадзін, падчас якога канфіскавалі ўсю тэхніку і папяровыя сардэчкі. У Маскоўскім РУУСе на яе склалі пратакол па арт. 24.23 КаАП, палічыўшы сардэчкі на акне несанкцыянаваным пікетаваннем.

Першы раз справу Хоміч у Маскоўскім судзе разглядзела суддзя Лідзія Целіца, але яна вырашыла вярнуць справу жанчыны "на дапрацоўку". Потым справу Наталлі накіравалі суддзі Сяргею Кацару. Негледзячы на тое, што паказанні міліцыянта на суддзе адрозніваліся ад тых, што ён напісаў у рапарце, суддзя Кацар пастанавіў арыштаваць пенсіянерку на 15 сутак.

Фота: @radiosvaboda
This media is not supported in your browser
VIEW IN TELEGRAM
⚡️Мінчука арыштавалі на 15 сутак за фота прапагандыста, якое ён адаслаў блогеру Антону Матольку

У сярэдзіне траўня блогеру Антону Матольку чытач даслаў фотаздымак датычнага да каналу "Жёлтые сливы" Аляксандра Бянько, які стаіць на касе ў краме. Блогер апублікаваў гэтае фота ў сваім тэлеграм-канале.

24 чэрвеня на адным з прапагандысцкіх тг-каналаў з'явілася інфармацыя, што аўтар гэтых здымкаў затрыманы. Пазней у гэтым жа канале паведамілі, што "злачынцу" клічуць Андрэй Антонаў.

Сёння стала вядома, што 28 чэрвеня над Антонавым у судзе Маскоўскага раёна Мінска прайшоў суд па справе за "дробнае хуліганства" (арт. 19.1 КаАП). У выніку, за фотаздымак прапагандыста, які 34-гадовы Андрэй Антонаў адаслаў Антону Матольку, пакаралі 15-сутачным арыштам.
⚡️У юбілейны дзясяты раз асудзілі сталічнага бяздомнага за пікетаванне. Ён правядзе за кратамі агулам каля 130 сутак

59-гадовы бяздомны Аляксандр Кутас з Мінску, які знакаміты сваімі дзіўнымі плакатамі, зноў быў затрыманы 30 чэрвеня каля станцыі метро "Каменная горка". Гэта звычайнае месца Аляксандра, дзе ён праводзіць большую частку дня і бавіць час там амаль кожны дзень. Аднак па палітычных артыкулах яго судзілі ўжо дзесяць разоў. Аляксандр ужо адбыў каля 100 дзён, а 12 чэрвеня за кратамі сустрэў сваё 59-годдзе.

У Фрунзенскім РУУСе ўчора на Кутаса зноў склалі пратакол па арт. 24.23 КаАП за пікетаванне, але ў яго нават нічога не было бел-чырвона-белага колеру. На яго плакаце быў толькі сцяг БССР і надпіс.

⚖️1 ліпеня суддзя Юлія Чыж разглядзела справу бяздомнага. Кутас цалкам прызнаў сваю віну. У выніку, суддзя Чыж арыштавала яго на 30 сутак.

🌿Гісторыю бяздомнага Аляксандра Кутаса можна прачытаць па спасылцы.
⚡️«10 чалавек у 2-меснай камеры з макрыцамі, кожнай раніцай — хлорка, днём — тры «шмона», два разы ў ноч — пералік жыхароў камеры». Якія ўмовы на «сутках» былі ў чэрвені

🌿Марыя (імя дзяўчыны было зменена ў мэтах бяспекі), якую арыштавалі за «дробнае хуліганства» на 15 сутак, распавяла «Вясне назірае», як яна з сукамерніцамі змагалася са спякотай, сядзела ў карцары, дзе было дзевяць чалавек, пра жудасныя ўмовы ў баранавіцкім СІЗА, і як ім там давялося працаваць.
⚡️⚡️«Выказала падзяку Максіму Знаку, чым парушыла правілы правядзення масавых мерапрыемстваў». Выпускніцу юрфаку БДУ Кацярыну Віннікаву арыштавалі на 15 сутак

29 чэрвеня на цырымоніі ўручэння дыпломаў Кацярына Віннікава выступіла з натхняльнай прамовай, у якой падзякавала юрыстам і выкладчыкам, сярод якіх быў і палітвязень Максім Знак. 1 чэрвеня ў дзяўчыны ў інтэрнаце правялі ператрус і канфіскавалі ноўтбук, а яе саму дапытвалі некалькі гадзінаў у РУУСе, прычым адваката падчас допыту не пусцілі. У Ленінскім РУУСе на Кацярыну склалі пратакол па арт. 24.23 КаАП за несанкцыянаванае пікетаванне.

2 ліпеня справу Кацярыны Віннікавай разглядзелі ў судзе Ленінская раёна. Судзіла дзяўчыну Марына Клімчук. Згодна з пратаколам, Віннікава «правяла пікетаванне шляхам выказвання грамадзка-палітычных поглядаў, выступала на сцэне супраць пераследу юрыстаў». Кацярына сваю віну не прызнала.

Па словах Віннкавай, на ўручэнне дыплома былі запрошаныя ўсе студэнты 4 курса з мэтай уручэння дыпломаў, а сама цырымонія пачыналася ў 18:00. Было прапанавана лепшым студэнтам выступіць з падзячнай прамовай, таму яна, як чырвонадыпломніца, выйшла на сцэну з падзячнай прамовай. Яна тлумачыць, што выступала з удзячнасцю выкладчыкам, а Максіма Знака згадала толькі адзін раз. Суддзя запытала, які сэнс укладвала дзяўчына ў сваю прамову, на што тая адказала: «Дзякавала настаўнікам і тым, хто ўкладваў свае сілы і атрымаў дыплом юрфака БДУ». Кацярына адмаўляе, што такім чынам выказвала сваю палітычную пазіцыю, і нагадвае, што яна выходзіла не па ўласнай ініцыятыве, а гэта толькі было часткай праграмы.

На судзе выступілі выкладчыкі і студэнты БДУ, якія пацвердзілі, што прозвішча Знака Кацярына назвала толькі адзін раз. Усе характарызуюць яе толькі са станоўчага боку. У рапарце супрацоўніка міліцыі сказана, што "падчас маніторынгу інтэрнэту знайшоў запіс на якім відаць, што Віннікава, выступаючы са сцэны, выказала падзяку Максіму Знаку, чым парушыла правілы правядзення масавых мерапрыемстваў, а таксама была ў белай сукенцы з чырвоным поясам".

Суддзя Клімчук адхіліла хадайніцтвы адваката аб тым, каб далучыць да матэрыялаў справы каталогі дзвюх крам, з такімі жа сукенкамі, а таксама фатаграфіі беларускіх хакеістаў у бел-чырвона-белых расфарбоўках.

⚖️У выніку, суддзя Клімчук прызнала выпускніцу юрфаку БДУ вінаватай і арыштавала яе на 15 сутак.
⚡️⚡️Цімура Газізава затрымалі адразу пасля заканчэння 15-сутачнага арышту. Ён зноў за кратамі

1 ліпеня Цімур Газізаў павінен быў выйсці на волю пасля 15-сутачнага арышту. Тады яго затрымалі на спектале ў Чырвоным Дворыку. Але Цімура з ЦІПа так і не выпусцілі, бо супрацоўнікі ГУБАЗіКа каля 19:00 павезлі яго дадому для правядзення ператрусу.

2 ліпеня судовы працэс супраць Газізава вяла суддзя Ленінскага раёна Юлія Інчына. У пачатку працэсу мужчына заявіў, што нават не азнаёмлены з матэрыяламі яго справы. Суддзі Інчынай з-за дрэннай сувязі давялося тройчы зачытаць пратакол па арт. 24.3 КаАП, згодна з якім «1 ліпеня каля 22:00 будучы падобным па прыкметах да асобы, якая знаходзіцца ў вышуку Ленінскага РУУСа за здзейсненае злачынства, прадугледжанае арт. 339 КК, здзейсненае 20 жніўня на тэрыторыі Ленінскага раёна, на неаднаразовыя просьбы прадаставіць дакументы, адказваў катэгарычнай адмовай, чым аказаў непадпарадкаванне супрацоўнікам міліцыі». Віну сваю Газізаў не прызнаў і нават не зразумеў аб якім злачынстве ідзе гаворка, бо чуў гэта ўпершыню.

Адвакат хадайнічаў аб выкліку маці Газізава ў якасці сведкі, для доказу таго, што супрацоўнікі Ленінскага РУУСа прысутнічалі пры ператрусе і таму асоба Газізава была ўстаноўленая, а падставаў патрабаваць ад яго прадастаўлення дакументаў не было. Суддзя Інчына ў хадайніцтве адмовіла.

Газізаў таксама хадайнічаў аб выкліку ў якасці сведкі выпускніцу Кацярыну Віннікаву, асуджаную ў той жа дзень, бо яна знаходзілася разам з Цімурам у РУУСе.

Супрацоўнікі ГУБАЗіКа прапаноўвалі Газізаву падпісаць дакументы аб "недапушчальнасці ўдзелу ў масавых мерапрыемствах".

На судзе Цімур распавёў, што адбылося 1 ліпеня насамрэч:
«А 19:00 у мяне скончыўся арышт і пасля таго, як я атрымаў свае асабістыя рэчы, мяне пад рукі ўзялі тры супрацоўнікі ГУБАЗіКа, а дакументы яны свае не паказалі. Сілавікі запатрабавалі праехаць з імі для правядзення ператрусу. Праз 15 хвілін у кватэры раптам з'явіліся два новыя супрацоўнікі, якія не прадставіліся і прыступілі да ператрусу. На кепцы аднаго з супрацоўнікаў было напісана “Ленінскае РУУС". Вопісаў рэчаў ніякіх не рабілі. Усяго ў кватэры было 5 супрацоўнікаў міліцыі. Супрацоўнікі ГУБАЗіКа адмовілі мне ў выкліку адваката, а для мяне гэта было вельмі важна. Каля 20:30 мяне прывезлі ў РУУС, дзе мне зноў адмовілі ў адвакаце. Я сядзеў спакойна, паводзіў сябе вельмі асцярожна. Каля 22:00 супрацоўнік Зайцаў мне сказаў: «Мне ўсё роўна, хочаш ты падпісваць ці не, я зраблю ўсе 60 подпісаў за цябе і напішу "адмову"». Ён пры мне дэманстратыўна пачаў падпісваць усе дакументы гэтым словам. Я не буду рабіць нешта, з-за чаго мог бы вярнуць зноў туды на суткі. Сэнс іх слоў быў у тым, што яны мяне, калі захочуць, то пасадзяць. Я зразумеў, што ў іх ёсць да мяне асабістая непрыязнь. Мне яшчэ ў мінулым годзе начальнік Ленінскага РУУСа г. Мінска казаў, што ў мяне будуць праблемы. А 20:30 маю асобу ўжо дакладна ведалі. Супрацоўнік Зайцаў мне зноў сказаў, што я яму нават не патрэбны, каб мяне пасадзіць».

Адвакат звяртае ўвагу суда, што Газізава не азнаёмілі ні з адным дакументам і асобу яго не ўстанаўлівалі. Сведку-міліцыянта на судзе Цімур не пазнаў, і сам сведка таксама не змог апісаць мужчыну, але затое пацвердзіў паказанні ў пратаколе. Суддзя Інчына адмовіла ў выкліку ўсіх сведак з боку абароны.

❗️Адвакат назваў гэты працэс тэатрам абсурду, бо няма такога закона, які прадугледжваў бы пакаранне за адмову прадставіцца нават супрацоўніку міліцыі, таму што гэта асабістае права, а не абавязак. Ён заявіў, што яго падабаронны затрыманы незаконна і гэта прамое парушэнне правоў Газізава. Гэтак жа незаконныя пратаколы і дзеянні супрацоўнікаў міліцыі. Галоўным парушэннем стала адмова ў праве на абарону.

У выніку, нягледзячы на грубыя памылкі ў справе, у адмове выкліку адваката падчас ператрусу, ілжэсведчанне міліцыянта, на поўнае неадпаведнасць нормаў пратакола, суддзя Юлія Інчына арыштавала Газізава яшчэ на 15 сутак.
⚡️Пенсіянерку, якая паведаміла пра затрыманне дэлегаткі «Сходу», арыштавалі на 11 сутак

30 чэрвеня на сваёй старонцы ў фэйсбуку 61-гадовая Ала Спосаб паведаміла пра затрыманне дэлегаткі “Сходу” Вольгі Казановіч. Пры гэтым, яна дадала, што калі яе не будзе ў фэйсбуку, то яе затрымалі. Так і здарылася, але толькі на наступны дзень. Ала вярталася дадому з прадуктовай крамы, калі да яе падыйшлі міліцыянты, спыталі прозвішча і імя, а потым прапанавалі праехаць у Фрунзенскі РУУС. Ёй нават не дазволілі занесці дадому прадукты. У РУУС жанчыну адвезлі для «прафілактычнай гутаркі» з-за інфармацыі аб тым, што Ала раней прымала ўдзел у несанкцыянаваных масавых мерапрыемствах. Але ў РУУСе на пенсіянерку склалі пратакол па арт. 19.1 КаАП за дробнае хуліганства. Згодна з пратаколам, яна «ў службовым кабінеце №24 Фрунзенскага РУУСа, парушая грамадскія правілы і нормы паводзінаў, наўмысна ажыццяўляла дзеянні, а менавіта: паводзіла сябе агрэсіўна і выклікаючы, рукой скінула прыналежнасці са стала, перавярнула крэсла, на заўвагу супакоіцца не рэагавала».

🤡2 ліпеня справу Алы Спосаб разглядзела суддзя Фрунзенскага раёна Марыя Ярохіна. На судзе дапыталі сведку-міліцыянта, які сцвярджаў, што затрымліваць пенсіянерку ніхто не збіраўся, а хацелі толькі пагутарыць і адпусціць дадому. Але «негледзячы на ўсе просьбы супакоіцца, жанчына працягвала паводзіць сябе агрэсіўна». Па яго словах, Алу даставілі ў РУУС каля 19:45, правялі яе ў кабінет №24, дзе пачалі тлумачыць пра тое, якія змены былі ўнесены ў КаАП, аб адказнасці, якая прадугледжана за ўдзел у несанкцыянаваных масавых мерапрымствах. Падчас гутаркі Ала нібыты стала паводзіць сябе агрэсіўна, з выклікам, пачала крычаць: «Чаму я тут знаходжуся, выпусціце мяне». Яна пачала махаць рукамі, скінула пісьмовыя прыналежнасці са стала. Ёй некалькі разоў тлумачылі, што дадзеныя дзеянні могуць кваліфікавацца як дробнае хуліганства, але на заўвагу яна не адрэагавала, а працягвала махаць рукамі, зачапіла крэсла і яно перакулілася. Пасля чаго міліцыянты вырашылі заводзіць адміністрацыйную справу.

Ала Спосаб растлумачыла суду, што нават не памятае, як там крэсла ўпала. Па словах пенсіянеркі, у яе дыябет, таму калі яна доўга не прымае ежу, то ў яе нямеюць пальцы, ад чаго ў яе магла ўпасці ручка. За гэта жанчына некалькі разоў прасіла прабачэнне. Яна падкрэсліла, што яна настаўніца, таму за доўгія годы працы ў яе выпрацавалася такая манера размовы, на якую некаторыя крыўдзяцца.

⚖️Суддзі Ярохінай паказанняў сведкі хапіла, каб прызнаць Алу вінаватай і арыштаваць яе на 11 сутак.
‼️Праваабарончы цэнтр “Вясна” шукае валанцёраў і валанцёрак для назірання ў судах.

💡Далучыцца да назірання ў судах вельмі проста:

▪️Вам ужо споўнілася 16 гадоў.

▪️У Вас ёсць некалькі вольных гадзін на дзень. Назіранне адбываецца па буднях з 9.00 да 18.00 у Мінску і іншых гарадах, дзе судзяць затрыманых, але магчыма назіраць толькі частку дня ці нават некалькі гадзін.

▪️Запоўніць адпаведную форму Валанцёрскай службы «Вясны».

🕊Праваабаронцы “Вясны” нагадваюць, што прысутнасць валанцёраў у судзе важна, каб сабраць поўную і дакладную інфармацыю пра сітуацыю на працэсах і пра вынікі судоў. Збор інфармацыі пра рэпрэсіі, якія сёння закранулі большасць беларусаў, вельмі важны для працы праваабаронцаў па маніторынгу парушэння правоў чалавека ў Беларусі.
🌿«Вясна назірае» склала спіс дзіўных прычын для затрымання ў чэрвені, за якія суддзі каралі беларусаў тэрмінам ад 5 да 30 сутак.

📌Агулам за чэрвень па інфармацыі Валанцёрскай службы «Вясны» было асуджана мінімум 119 чалавек. Вядома пра 25 штрафаў на агульную суму 2 450 базавых велічыняў (больш за 71 000 беларускіх рублёў) і не менш за 94 адміністрацыйных арышта агульнай працягласцю ў 1 477 сутак.
⚡️Хлопца арыштавалі за «надпіс антыдзяржаўнага характару» на фасадзе

Раніцай 2 ліпеня быў затрыманы 24-гадовы Мікалай Бібліс. Яго абвінавацілі ў «нанясенні на фасадзе трансфарматарнай падстанцыі фарбаю чырвонага колеру надпісы-лозунгі антыдзяржаўнага характару "Жыве" 27 чэрвеня каля 9:20 раніцы». У Фрунзенскім РУУСе, за «несанкцыянаванае пікетаванне» на хлопца склалі пратакол па арт. 24.23 КаАП.

Справу Бібліса разглядзелі ў судзе Фрунзенскага раёна 5 чэрвеня. Сваю віну Мікалай прызнаў, але ўдакладніў, што свой надпіс нанасіў восенню, а менавіта гэты надпіс яму не належыць. Згодна з рапартам міліцыянта, 24 чэрвеня ў РУУС паступіла інфармацыя, што «ў тг-канале “Баста“ з’явілася інфармація аб новым надпісу ў раёне Захаду». Туды «выехалі міліцыянты і правялі агляд месца "правапарушэння", але сімволікі не знайшлі». На судзе дапыталі і 29-гадовага міліцыянта Жукоўскага Пятра Літвінавіча, які нават не змог назваць правільны адрас «правапарушэння».

У выніку, суддзя Юлія Чыж пакарала Мікалая 13-сутачным арыштам.
⚡️Мінчука пакаралі 14-сутачным арыштам за перасыл "лагатыпу экстрэмісцкага канала"

У судзе Фрунзенскага раёна 6 ліпеня разглядзелі справу 34-гадовага Алега Пралата па арт. 19.11 КаАП (распаўсюд інфармацыйнай прадукцыі, уключанай у Рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў). Мужчыну вінавацяць у "перасылу лагатыпу, які быў унесены ў Рэспубліканскі спіс
экстрэмісцкіх матэрыялаў са свайго нумару тэлефона".

Супрацоўнікі міліцыі аб гэтым даведаліся 5 ліпеня – ў дзень яго затрымання. Дома ў Алега правялі ператрус. Падчас ператрусу Алег па просьбе міліцыянтаў аддаў свой тэлефон і пацвердзіў, што рабіў рэпост яшчэ з некаторых каналаў, якія лічацца экстрэмісцкімі.

Суду Пралат патлумачыў, што не лічыць гэта "распаўсюдам экстрэмісцкіх матэрыялаў", бо "карыстаўся гэтым каналам дзеля навінаў, як і парталам TUT.BY". Пралат пацвердзіў, што ведаў, што лагатып прызнаны экстрэмісцкім.

У выніку, суддзя Марыя Ярохіна прызнала Алега Пралата вінаватым і арыштавала яго на 14 сутак.
‼️Жанчыну аштрафавалі на 1450 рублёў за белы аркуш паперы на акне 12 паверха

У судзе Савецкага раёна 8 ліпеня разглядзелі справу 36-гадовай Анастасіі Емяльянавай. Пратакол па арт. 24.23 КаАП на яе склалі яшчэ 15 чэрвеня. Тады да яе прыйшлі супрацоўнікі міліцыі, канфіскавалі ўпрыгожванні і прапанавалі праехаць з імі ў Савецкае РУУС. Пасля складання пратакола яе зноў адвезлі дадому, дзе забралі яшчэ і аркушы паперы.

Абвінавацілі Анастасію ў "пікетаванні шляхам размяшчэння на акне 12 паверха белага аркуша паперы". Жанчына сцвярджае, што ён на акне ўжо не вісеў нават і 9 траўня, калі яго ўбачылі супрацоўнікі міліцыі. Белыя аркушы паперы жанчына размяшчае па ўсяму дому, каб вывучыць ангельскую мову. На іх яна піша пераклад слоў, каб хутчэй іх запомніць. Па яе словах, яна працуе дома, бо ёй трэба сядзець з дзіцём. Стол з кампутарам стаіць на балконе, таму яна і там вешае пераклад на паперы, каб глядзець нават у перапынку паміж працай. Суддзя Савецкага раёна Аляксандр Волк падчас суда прачытаў усе словы на тых аркушах паперы, якія забралі дома ў Анастасіі.

У пісьмовых матэрыялах справы ёсць фотаздымкі вокнаў кватэры, але Анастасія не ўпэўнена, што гэта яе. На гэтых фотаздымках нават няма нумара дому, таму яго наўпрост самастойна дапісалі супрацоўнікі міліцыі.

У выніку, суддзя Волк палічыў віну Емяльянавай цалкам даказанай і аштрафаваў жанчыну на 1450 рублёў (50 базавых велічыняў).
⚡️«Міліцыянты папрасілі аднесці сцяг да службовай машыны». На 2900 рублёў аштрафавалі дзяўчыну за пікетаванне ў лесе каля санаторыя «Радон»

19 чэрвеня каля санаторыя «Радон» у Дзятлаўскім раёне затрымалі Віктара Мацкевіча. Ён з кампаніяй знаёмых адпачываў на беразе ракі Моўчадзь у выходны дзень, а сваю палатку паставіў ў лесе. На гэтай палатке Віктар размясціў БЧБ-сцяг, які і стаў прычынай затрымання. Затрыманне ажыццяўляў падпалкоўнік з Дзятлаўскага РАУСа У. І. Святоха. У РАУСе на мужчыну склалі пратакол па арт. 24.23 КаАП, расцаніўшы яго адпачынак як «несанкцыянаванае пікетаванне». 22 чэрвеня на суд да Віктара прыйшла падтрымаць яго знаёмая Ірына Трафімік, але яе затрымалі наўпрост падчас суда. Дзяўчыну абвінавацілі ў «несанкцыянаваным пікетавані 19 чэрвеня шляхам дэманстрацыі БЧБ-сцяга і выкрыкванні лозунга Жыве Беларусь у лясным масіве». У РАУСе на Ірыну склалі пратакол па арт. 24.23 КаАП і адпусцілі дадому.

Доказам віны, меркавана, стала відэа, з якім Ірыне не далі нават азнаёміцца. Суддзя Наталля Лобан і старшыня суда Дзятлаўскага раёна Сяргей Сёмуха палічылі, што «адмова ў азнаямленні з відэа на дыску не парушаюць правы Ірыны на абарону». На думку Ірыны, супрацоўнікі абрэзалі пачатак відэа, на якім просяць яе аднесці сцяг у іх службовую машыну, а пакінулі толькі тую частку, дзе яна нібыта «шпацыруе са сцягам па лесе».

⚖️9 ліпеня суддзя Наталля Лобан прызнала Ірыну Трафімік вінаватай у «пікетаванні ў лясным масіве» і аштрафавала яе на 2900 рублёў (100 базавых велічыняў).
⚡️"Выходзіў з мяшком на галаве і з ёгуртам у руцэ". Мінчука арыштавалі на 30 сутак за непадпарадкаванне

8 ліпеня падчас масавых затрыманняў па ўсёй Беларусі прыйшлі і да 31-гадовага Дзяніса Ілюковіча. У дзверы мінчука пагрукаліся супрацоўнікі Кастрычніцкага РУУСа а 8 раніцы, а калі той адчыніў дзверы, то адразу заявілі, што ён затрыманы за непадпарадкаванне супрацоўнікам міліцыі😳

Падставай для затрымання стала інфармацыя, што Дзяніс з'яўляецца ўдзельнікам экстрэмісцкіх каналаў.

У РУУСе на мужчыну склалі пратаколы па арт. 24.3 КаАП за непадпарадкаванне і па арт. 19.1 КаАП за дробнае хуліганства. Але, па словах відавочцаў затрымання, Дзяніс выходзіў з дому дабраахвотна, але з мяшком на галаве і з ёгуртам у руцэ.

Суд над Ілюковічам праходзіў ужо на наступны дзень – 9 ліпеня. Справу разглядала суддзя Вольга Няборская. Яна палічыла мінчука вінаватым па двух пратаколах і арыштавала яго на 30 сутак.