"Вясна" назірае
708 subscribers
593 photos
19 videos
334 links
Праваабарончы цэнтр “Вясна” з дапамогай назіральніц і назіральнікаў з Валанцёрскай службы ажыццяўляе маніторынг судовых працэсаў па адміністрацыйных справах.

👀У гэтым канале мы будзем дзяліцца цікавымі кейсамі з судоў.

Наш бот: @viasna_bot
Download Telegram
⚖️Былога палітвязня Аляксея Раманава арыштавалі другі раз запар

Былы палітзняволены Аляксей Раманаў быў затрыманы падчас масавага «хапуну» ў Беларусі 23 студзеня. Зранку яго дапытвалі ў КДБ, а вечарам перавялі ў ІЧУ. Праз некалькі дзён яго прызналі вінаватым у "распаўсюдзе экстрэмісцкіх матэрыялаў" (арт. 19.11 КаАП) і прызначыў яму 15 сутак арышту.

Па інфармацыі "Свабоды", 8 лютага Аляксея зноў асудзілі да 15 сутак арышту.

Аляксей мае інваліднасць праз анкалагічную хваробу. У яго шэраг цяжкіх хранічных захворванняў, ён прымае шмат лекаў і мусіць прытрымлівацца адмысловай дыеты.

Як стала вядома "Свабодзе", за першыя 15 дзён ён тройчы трапляў у шпіталь, у яго былі моцныя прыступы. Але пасля шпіталю яго вярталі назад у ізалятар.
📍Гомельскага актывіста Васіля Палякова зноў асудзілі

У Гомелі 9 лютага над Васілём адбыўся ўжо другі запар суд паводле ч. 2 арт. 19.11 КоАП (распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў). Вынік праваабаронцам пакуль невядомы.

Нагадаем, Васіля затрымалі падчас рэйду сілавікоў на сваякоў палітзняволеных і былых палітвязняў. Тады яго асудзілі да 15 сутак арышту.
🤯Палітвязня, які адбывае тэрмін на "хіміі", аштрафавалі за атрыманне "замежнай дапамогі" ад INeedHelpBY

У Оршы 1 лютага адбыўся суд над палітвязнем Дзянісам Сяргеевым паводле ч. 2 арт. 24.15 КаАП (выкарыстанне замежнай бязвыплатнай дапамогі для ажыццяўлення тэрарыстычнай і іншай экстрэмісцкай дзейнасці). Дзяніса затрымлівалі ў ПУАТ-36 23 студзеня падчас рэйду КДБ за прадуктовую дапамогу ад ініцыятыву INeedHelpBY.

Паводле пратаколу, палітвязень "атрымаў і выкарыстаў замежную бязвыплатную дапамогу ў выглядзе таварна-матэрыяльных каштоўнасцяў на агульную суму 244 рублі і 38 капеек, пералічаных прадстаўнікамі экстрэмісцкага фармавання INeedHelpBY у адрас інтэрнэт-крамы "Еўраопт".

Суддзя Юлія Хаткевіч прызначыла Дзянісу штраф памерам 1 000 рублёў (25 базавых велічыняў) з кампенсацыяй сумы "замежных" аплат у Е-дастаўцы.

Маці экс-палітвязня, якая з’ехала ў Вільню, праз Viber асудзілі за Е-дастаўку. Аўдыё суда
⚖️Працягваюцца масавыя суды за атрыманне "дапамогі" праз INeedHelpBY

Падчас рэйду КДБ напрыканцы студзеня за атрыманне прадуктовай дапамогі ад ініцыятывы INeedHelpBY пад пераслед трапілі не менш за 275 чалавек. Па адміністрацыйным справам асудзілі мінімум 115 чалавек, 85 з якіх — паводле арт. 24.15 КаАП (выкарыстанне замежнай бязвыплатнай дапамогі). Суды прызначаюць вялікія штрафы з кампенсацыяй сумы аплаты ў Е-дастаўцы. 

❗️Заклікаем абскарджваць рашэнні судоў. Гэта дае шанец на адмену пастановы, а таксама дазваляе адцягнуць час для выплаты штрафа (мінімум на два месяцы).

📲Каб абскардзіць штраф, запрасіце ў суда матывіровачную частку, і звяртайцеся па дапамогу да юрыстаў "Вясны": Telegram: @zvarot96 | Email: zvarot@spring96.org

🔹"Хто дапамагае з перадачамі?" Падрабязнасці масавага рэйду сілавікоў на сваякоў палітвязняў
🔹
У Беларусі пачалі судзіць за "выкарыстанне замежнай дапамогі для ажыццяўлення экстрэмісцкай дзейнасці"
🔹Мінімум 85 чалавек судзяць за атрыманне "замежнай дапамогі" праз INeedHelpBY
😳Гродзенца арыштавалі за кветкі і фота Аляксея Навальнага каля генконсульства Расіі

У судзе Ленінскага раёна Гродна 20 лютага адбыўся суд над мясцовым жыхаром паводле арт. 24.23 КаАП (несанкцыянаванае пікетаванне). Паводле пастановы суда, ён паклаў побач з генконсульствам Расіі ў Гродне два гваздзікі і фота палітзняволенага расійскага палітыка Аляксея Навальнага, які 16 лютага памёр у папраўчай калоніі. Пасля гэта мужчына сфатаграфаваў кветкі і фотаздымак.

У гэты час каля консульства дзяжурылі супрацоўнікі міліцыі, якія і затрымалі мужчыну.

Суд прызнаў яго вінаватым у пікетаванні і прызначыў яму 10-сутачны арышт.

📸Фота ілюстрацыйнае
🤡Лідчаніна арыштавалі за "Жыве Беларусь" у Twitter

У Лідзе 25 лютага адбыўся суд над інжынерам і бацькам двух непаўнагадовых дзяцей. Яго абвінавацілі ў "несанкцыянаваным пікетаванні" паводле 24.23 КаАП.

Паводле пратакола, мужчына ў сацсетцы X (Twitter) размясціў надпіс "Жыве Беларусь". На судзе ён прызнаў сваю віну.

У выніку яму прызначылі 15 сутак арышту.
❗️"Білі шокерам пад пазногці, потым аблівалі ногі і зноў білі". Былыя арыштанты распавялі пра катаванні і "суткі" ў 2023 годзе

Чацвёрты год запар у Беларусі сітуацыя з масавымі рэпрэсіямі застаецца крытычнай. Кожны дзень сілавікі ўрываюцца ў дзясяткі кватэр па ўсёй краіне, ужываюць супраць іх фізічную сілу і спецсродкі, затрымліваюць іх і адпраўляюць у ізалятары. Толькі ў мінулым месяцы пад рэпрэсіі трапілі не менш за 620 чалавек, 288 з якіх — жанчыны. "Вясна" паразмаўляла з некалькімі былымі арыштантамі, якія прайшлі праз адміністрацыйны арышт восенню і зімой 2023 года ў ізалятарах Мінска і Наваполацка.

🔹Яны распавялі пра збіццё і метады катаванняў у ГУБАЗіКу, пра арыштаваных за ўдзел у акцыях пратэсту за мяжой, пра затрыманні за каментары пад відэа палка Кастуся Каліноўскага, пра невыносныя ўмовы для палітычных і неаказанне медыцынскай дапамогі 👉 https://spring96.org/be/news/114678
⚖️БЧБ-сцяг на акне, вымпел з "Пагоняй", выява з Раманам Бандарэнкам: за што беларусаў судзілі ў лютым

У лютым праваабаронцам "Вясны" стала вядома пра мінімум 548 палітычна матываваных судоў па адміністрацыйных справах, з якіх было прызначана мінімум 95 арыштаў, 84 штрафы, а таксама тройчы — грамадскія працы.

Так, напрыклад, у Наваполацку 15 лютага паводле арт. 24.23 КаАП (несанкцыянаванае пікетаванне) асудзілі Міксіма Вуська. Паводле пратакола, Максім правёў пікетаванне ў сацыяльнай сетцы "Укантакце" выявай Рамана Бандарэнкі з бел-чырвона-белымі стужкамі ў руцэ, а таксама статусам "Не забудзем!". Суддзя Зінаіда Балаболава прызнала Максіма вінаватым і прызначыла яму сем сутак арышту.

🔹"Вясна" склала штомесячны спіс самых дзіўных і недарэчных прычын, па якіх людзей судзілі ў лютым 👉 https://spring96.org/be/news/114729
Баранавіцкага праваабаронцу Аляксандра Вайцешыка асудзілі за “непадпарадкаванне міліцыянту”

Згодна з раскладам судоў на сайце Вярхоўнага суда, 13 сакавіка ў Баранавічах Аляксандра асудзілі паводле арт. 24.3 КаАП (непадпарадкаванне супрацоўніку міліцыі). Справу разглядала суддзя Вікторыя Пакунова. Верагодна, суд прызначыў Вайцешыку адміністрацыйны арышт.

Нагадаем, Аляксандра затрымалі дома на мінулым тыдні. Сёння сілавікі апублікавалі відэа таго, як выломвалі дзверы ў кватэру праваабаронцы.
🎈Мінчука арыштавалі за БЧБ-балонікі на ліхтарным слупе

У судзе Савецкага раёна Мінска 1 сакавіка асудзілі Аляксея Скварчэўскага, якога абвінавацілі ў "несанкцыяваным пікетаванні" (арт. 24.23 КаАП). Паводле пастановы суда, "мужчына ў 5:30 размясціў на лініях электраперадач ліхтарнага слупа паблізу сваяго дома пяць балонікаў бела-чырвона-белага колеру". Віну Аляксей на судзе не прызнаў і растлумачыў, што сапраўды адпусціў з акна ў паветра пяць балонікаў, якія яму падарылі на Дзень народзінаў, але тыя зачапіліся на лініях электраперадач. Але, подле яго, у пікетаванні ён удзелу не прымаў, а балонікі зачапіліся выпадкова.

У выніку суддзя Аляксандр Воўк прызначыў Аляксею 15 сутак арышту, а таксама пастанавіў знішчыць балонікі, якія былі знятыя з электрапровадоў і захоўваліся пры матэрыялах справы.
🔴Мінчука арыштавалі за вокліч "Жыве Беларусь" з акна кватэры

У судзе Ленінскага раёна Мінска 26 лютага адбыўся суд над мужчынам, якога абвінавацілі паводле арт. 24.23 КаАП (несанкцыянаваны пікет). Згодна з пастановай суда, "мінчук 24 лютага выгукнуў з акна правакацыйны лозунг "Жыве Беларусь". Гэта пачулі мінакі, а таксама супрацоўнікі Ленінскага РУУСа.

У выніку суд прызнаў мужчыну вінаватым у "пікеце" і прызначыў яму 13-сутачны арышт.
За "экстрэмізм" асудзілі ксяндза з Гродзенскага раёна

Пробашча касцёла вёсак Галынка і Пярстунь Гродзенскага раёна Паўла Гедройца асудзілі за "распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў" паводле арт. 19.11 КаАП. Суд адбываўся 12 і 14 сакавіка, справу разглядала суддзя Наталля Козел. Вынік пакуль невядомы.

Старонка святара ў Facebook выдаленая, паведамляе канал "Право имеют".
🤡Жыхарку Сянно судзяць па артыкуле аб парушэнні заканадаўства аб выбарах

Суд Сенненскага раёна сёння, 10 красавіка, будзе разглядаць справу мясцовай жыхаркі Галіны Гарбачовай, піша тэлеграм-канал «Витебск, я гуляю». Яе будуць судзіць па рэдкім артыкуле 10.9 КаАП (парушэнне заканадаўства аб выбарах, рэферэндуме, рэалізацыі права заканадаўчай ініцыятывы грамадзян). Гэты артыкул прадугледжвае штраф памерам да 15 базавых велічыняў (600 рублёў). Пакуль невядома, што менавіта ставяць у віну Гарбачовай.

Аўтары канала прааналізавалі нядаўнія рашэнні суда ў банку дадзеных судовых рашэнняў па гэтым артыкуле. Так, беларусаў судзілі за фота бюлетэня, за вынесены з участку чысты бюлетэнь і за падачу старшыні ўчастковай камісіі пры рэгістрацыі ў якасці назіральніка пратакол пасяджэння аб'яднання, якое не зарэгістравана ў Мінюсце.
⚖️Мінімум 416 судоў: вынікі адміністрацыйнага пераследу ў сакавіку

Па ўсёй Беларусі штодзённа працягваюцца жорсткія затрыманні беларусаў, большасць з якіх адпраўляюць за краты паводле адміністрацыйных пратаколаў. У сакавіку праваабаронцы "Вясны" зафіксавалі не менш за 453 фактаў рэпрэсій. Таксама ў мінулым месяцы было разгледжана мінімум 416 адміністрацыйных справаў. Суды прызначылі не менш за 82 адміністрацыйных арышты і 86 штрафаў.

📍"Вясна" склала штомесячны спіс самых дзіўных і недарэчных прычын, па якіх беларусаў судзілі ў сакавіку 👉 https://spring96.org/be/news/114948
Старшыню браслаўскага АСВОДа адправілі на "суткі" за падпіску на групу STOP LUKA

У Браславе 28 сакавіка старшыню мясцовага АСВОДа Аляксея Бузо асудзілі паводле арт. 19.11 КаАП за падпіску на "экстрэмісцкія" групы STOP LUKA і "Тэлеканал Белсат" у "Аднакласніках", піша канал "Витебск, я гуляю".

Суд прызнаў Аляксея вінаватым у захоўванні "экстрэмісцкіх матэрыялаў" і прызначыў 15 сутак арышту з канфіскацыяй тэлефона.

Вядома, што Бузо ў свой час узначальваў выратавальны пост у аграгарадку Плюсы. У 2013 годзе ён быў прызнаны лепшым начальнікам паста ў раёне. У 2014 годзе ўзначалены ім пост атрымаў ганаровую грамату райвыканкама.

📸Фота: Аляксей праводзіць урок у школе ў рамках Тыдню бяспекі ў 2023 годзе
Пікетаваў з плакатам каля будынка Мёрскага райвыканкама: за што судзілі каталіцкага актывіста

Былога палітвязня з Мёраў, актывіста Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі Сяргея Васільева 10 красавіка асудзілі паводле арт. 24.23 КаАП за "несанкцыянаваны пікет", заўважылі @christianvision.

Паводле пастановы суда, Сяргей 7 красавіка 2024 года стаяў з плакатам каля ўвахода ў будынак Мёрскай адміністрацыі. Зместам надпісу на плакаце невядомы. На судзе 10 красавіка актывіст пацвердзіў, што стаяў з плакатам. У выніку суддзя Ірына Яскевіч арыштавала мужчыну на 15 сутак.

Васільеў быў затрыманы ў жніўні 2021 года, а пазней асуджаны да 3 гадоў «хіміі» за «паклёп» у адрас Лукашэнкі.
Ніну Багінскую аштрафавалі на 2000 рублёў

Суд Партызанскага раёну Менску аштрафаваў вядомую грамадскую актывістку Ніну Багінскую на 2000 рублёў (50 базавых велічыняў). Як стала вядома «Белсату», падставай для пераследу стаў значак з выявай нацыянальнага сцяга, які быў на вопратцы Багінскай. За гэта супраць яе склалі пратакол паводле арт. 24.23 КаАП (несанкцыянаваны пікет).

Суддзя Аляксадр Супічэнка ў сваёй пастанове напісаў, што «значак белага колеру з выявай белага і чырвонага колеру» падлягае знішчэнню, і пакараў Багінскую штрафам памерам 50 базавых велічыняў (2 000 рублёў).
⚖️Адмова праехаць у РУУС, падпіска на "Медыязону", БЧБ-значок: за што беларусаў судзілі ў красавіку

У мінулым месяцы "Вясне" стала вядома пра мінімум 530 палітычна матываваных судоў па адміністрацыйных справах, з якіх было прызначана мінімум 31 арышт, 45 штрафаў, а ў адным выпадку — грамадскія працы.

Так, у Гродне 25 красавіка на 10 сутак арыштавалі Ягора Глытава паводле арт. 19.11 КаАП (распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў). Паводле пастановы суда, Ягора затрымалі раніцай 25 красавіка за падпіску ў Іnstagram на старонку mediazona.bу. Падпіску супрацоўнікі міліцыі знайшлі ўвечары напярэдадні затрымання. Акрамя гэтага, у матэрыялах справы пазначана, што 24 красавіка мужчыну ўжо аштрафавалі паводле арт. 19.11 КаАП.

Чытаць падрабязнасці 👉 https://spring96.org/be/news/115168
🇺🇦Віцебскага лекара арыштавалі за падтрымку Украіны ў чат-рулетцы

У судзе Першамайскага раёна Віцебска 15 красавіка разглядзелі справу Аляксандра Рандарэнкі, якога абвінавацілі паводле арт. 24.23 КаАП. Падставай для затрымання стаў лозунг грамадска-палітычнага характару, які мужчына нібыта выкрыкнуў у чат-рулетцы, а таксама дэманстрацыя прадмета з выявай сцяга жоўта-сіняга колеру. Гэта міліцыянты расцанілі як "несанкцыянаванае пікетаванне". Вядома, што затрымлівалі лекара супрацоўнікі ГУБАЗіКу.

На судзе Аляксандр прызнаў віну і патлумачыў, што падчас стрыму быў п'яны. У выніку суддзя Наталля Карабліна прызначыла яму 15 сутак арышту.
⚖️Актывістку руху «Маці-328» Марыну Уладыку асудзілі да 15 сутак арышту

Па інфармацыі @MAYDAYMog, жанчыну затрымалі раніцай 7 траўня, а дома правялі ператрус.

У судзе Заводскага раёна Мінска 8 траўня над жанчынай адбыўся суд. Яе абвінавацілі ў "дробным хуліганстве" паводле арт. 19.1 КаАП. Суддзя Алена Някрасава арыштавала Уладыку на 15 сутак.

Вядома, што Марына з'яўляецца каардынатаркай па дапамозе сіротам, асуджаным да вялікіх тэрмінаў паводле арт. 328 КК (Незаконны абарот наркатычных сродкаў і псіхатропных рэчываў). Каля дзясятка асуджаных маглі "атаварвацца" ў турэмнай краме дзякуючы дапамозе актывістаў руху.
😔Перакладчыцу Вольгу Калацкую аштрафавалі на 800 рублёў

Калацкую затрымалі напачатку траўня, а дома ў яе прайшоў ператрус. Да суда яна знаходзілася на волі. 17 траўня яе асудзілі паводле арт. 19.1 КаАП (дробнае хуліганства). Суд прызначыў ёй 20 базавых велічыняў (800 рублёў), піша @radiosvaboda.

У 2021-ым годзе Вольгу асудзілі да 2 гадоў «хатняй хіміі» за тое, што падчас адной з акцый пратэсту яна нібыта ўдарыла прапагандыста Азаронка.

Вольга пераклала на беларускую мову дзясяткі фільмаў, серыялаў і кніг, у тым ліку творы Вірджыніі Вулф, Тэнесі Уільямса, Уільяма Голдынга, Пола Остэра, Тоні Парсанза, Артура Голдэна, фільмы «Гладыятар», «Шрэк», «Сямейка Смітаў» ды іншыя.