"Вясна" назірае
676 subscribers
607 photos
19 videos
341 links
Праваабарончы цэнтр “Вясна” з дапамогай назіральніц і назіральнікаў з Валанцёрскай службы ажыццяўляе маніторынг судовых працэсаў па адміністрацыйных справах.

👀У гэтым канале мы будзем дзяліцца цікавымі кейсамі з судоў.

Наш бот: @viasna_bot
Download Telegram
❗️Актывіста з Наваполацку двойчы запар пакаралі суткамі за рэпосты. У ЦІПе ён перанёс гіпертанічны крыз

Андрэя Галавырына
затрымалі 15 чэрвеня і змясцілі ў Наваполацкі ЦІП. Вядома, што у гэты дзень над ім адбыўся суд па арт. 19.11 КаАП за «распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў». Суддзя Зінаіда Балаболава прызнала яго вінаватым і арыштавала на 15 сутак. Учора, 1 ліпеня, Андрэя зноў пакаралі 15-сутачным арыштам.

🔺Паведамляецца, што падчас першага арышту мужчына перанёс гіпертанічны крыз.

💌Вы можаце падтрымаць Андрэя лістамі салідарнасці па адрасе: ЦІП, вул. Дзяржынскага, 2, г. Наваполацк, Віцебская вобласць, 211443, Андрэй Вітальевіч Галавырын
⚖️Старшыню Барысаўскай гарадской арганізацыі БСДП аштрафавалі за два рэпосты ў сацсетках

Па інфармацыі праваабаронцаў, Алеся Абрамовіча затрымалі 28 чэрвеня і трое сутак утрымлівалі ў часовым ізалятары Барысаўскага РАУСа. У выніку на Алеся былі складзеныя два пратаколы па арт. 19.11 КаАП (распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў). Суд Барысаўскага раёна прызнаў Абрамовіча вінаватым у тым, што ён зрабіў рэпост інфармацыйных матэрыялаў са свастыкай, а таксама за рэпост з «Белсата», які быў прызнаны ўладамі «экстрэмісцкім».

Па аднаму пратаколу мужчыне прызначылі 30 базавых велічыняў, а па другім — 10 базавых. Агулам Абрамовіча аштрафавалі на 1 280 рублёў.
⚖️Акцыі пратэсту пасля гібелі сваякоў ва Украіне, удзел у "відовішчным мерапрыемстве", "Пагоня" на адзенні: за што судзілі беларусаў у чэрвені

Па дадзеных праваабаронцаў, у чэрвені беларускія суддзі разглядзелі больш за 100 адміністрацыйных справаў. Вядомыя вынікі па 53 справах: 20 штрафаў і 33 адміністрацыйных арышта. Пры гэтым мінімум у 23 чалавек канфіскавалі тэлефоны. Акрамя гэтага, беларусаў працягваюць судзіць за акцыі пратэсту супраць вайны ва Украіне. 

❗️Так, напрыклад, суд Акцябрскага раёна асудзіў мясцовага жыхара за малюнак на асфальце. Паводле матэрыялаў справы, у парку гарадскага пасёлка Акцябрскі каля 23:00 «у связі з гібеллю ва Украіне сваяка, мужчына намаляваў мелам на тратуары бел-чырвона-белы сцяг, а таксама сцяг Украіны». Ён заявіў на судзе, што не выказваў свае грамадска-палітычныя погляды, а хацеў толькі прыцягнуць увагу да вайны ва Украіне. Вынік — 7 сутак арышту.

Падрабязнасці (з Беларусі — праз VPN) 👉 bit.ly/3yKf7VY
❗️Віцебскага актывіста Уладзіміра Булаўскага арыштавалі на 30 сутак

Учора ў судзе Чыгуначнага раёна Віцебска актывіста Уладзіміра Булаўскага асудзілі па ч.3 арт. 24.23 КаАП (несакцыянаванае пікетаванне). «Віцебская вясна» паведамляе, што на судовы працэс над Уладзімірам не змаглі трапіць сябры, бо да апошняга моманту не было вядома, калі адбудзецца суд. Таму вядомы толькі вынік — 30 сутак арышту. За што менавіта судзілі Булаўскага — невядома.

Затрымалі яго ўвечары 6 ліпеня перад канцэртам «Купальскае кола», дзе Уладзімір мусіў граць з этнагуртом «Гук».

«Да яго мэтанакіравана падышлі двое мужчын у цывільным і затрымалі», – распавялі відавочцы.

Гэта ўжо чацвёртае затрыманне Булаўскага за апошнія два гады.
❗️«Калі не падабаўся адказ, то біў палкай па ягадзіцах». Мінчанка распавяла пра пяць арыштаў, катаванні ў ГУБАЗіКу і вымушаны ад’езд з краіны

20-гадовую Ганну Морскую з пачатку 2021 года па адміністрацыйных справах сілавікі затрымлівалі пяць разоў. У лютым пасля затрымання на антываеннай акцыі пратэсту дзяўчына стала сведкай збіцця сукамерніцы ў ЦІПе на Акрэсціна, а ў траўні сілавікі збівалі ўжо яе саму. Агулам за кратамі ў нечалавечых умовах Ганна адбыла 63 дні. У траўні ў ГУБАЗіКу дзяўчыну паўгадзіны ўтрымлівалі на падлозе "ластаўкай" — адзін са спосабаў катаванняў.

«Заходзіць мужчына, падыходзіць да стала і кажа: На падлогу!. Я не зусім зразумела, што ён хоча і перазапытала. Адказаў: На падлогу бл*ць. Я падпарадкавалася і лягла. Потым закрылі дзверы. Далей ён дастаў кайданкі, сказаў, што адчувае ад мяне пагрозу і надзеў іх на мяне. Потым паставіў у ластаўку — гэта калі рукі ў кайданках, а ногі прасоўваюць за іх, скручвая цябе абаранкам».

Падрабязнасці 👉 bit.ly/3nWrsQQ
🤡У Магілёве асудзілі кнігарню за «распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў»

Суд Ленінскага раёна Магілёва 5 ліпеня разглядзеў адміністрацыйную справу па ч. 2 арт. 19.11 КаАП (распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў) супраць кнігарні «Асвета». Судовы працэс вяла суддзя Аксана Ратнікава. Вынік суда невядомы.

Нагадаем, у 2022 годзе ўлады прызналі «экстрэмісцкімі» кнігу Віктара Ляхора «Ваенная гісторыя Беларусі. Героі. Сімвалы. Колеры», зборнік артыкулаў пад рэдакцыяй Анатоля Тараса «Беларусь на раздарожжы», выданне Дзмітрыя Лукашука і Максіма Гарунова «Беларуская нацыянальная ідэя» і кнігу Альгерда Бахарэвіча «Сабакі Эўропы». Таксама неаднаразова з'яўляліся звесткі пра забарону ў Беларусі антыўтапічнага рамана “1984” Джорджа Оруэла.

14 чэрвеня пракуратура Савецкага раёна Мінска запатрабавала выдаліць "экстрэмісцкія кнігі" з пляцовак kufar.by, Ozon.ru и Bestbooks.by. У ведамстве паведамлялі, што распачалі адміністрацыйны працэс «па фактах распаўсюду названай інфармацыйнай прадукцыі» паводле ч.2 арт. 19.11 КаАП.
"Вясна" назірае
🤡У Магілёве асудзілі кнігарню за «распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў» Суд Ленінскага раёна Магілёва 5 ліпеня разглядзеў адміністрацыйную справу па ч. 2 арт. 19.11 КаАП (распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў) супраць кнігарні «Асвета». Судовы працэс вяла суддзя…
🤷‍♀️Магілёўскую кнігарню «Асвета» аштрафавалі на 4 800 рублёў за дзве «экстрэмісцкія» кнігі

Па інфармацыі «MAYDAY TEAM», кіраўніцтва кнігарні «Асвета» прыцягнулі да адказнасці за дзве кнігі Віктара Ляхора «Ваенная гісторыя Беларусі. Героі. Сімвалы. Колеры». Дырэктарка кнігарні растлумачыла на судзе, што на гэтую пасаду яна была прызначана толькі 24 траўня і не ведала пра наяўнасць «экстрэмісцкіх» кніг у краме.

Па яе словах, ні выдавецтва «Харвест», якому належыць кніга, ні Міністэрства інфармацыі Беларусі не папярэдзілі кіраўніцтва крамы аб тым, што кнігі варта зняць з продажу.

8 чэрвеня пракуратура выявіла факт парушэння, а пазней склалі пратакол па ч. 2 арт. 19.11 КаАП (распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў). Магілёўская суддзя Аксана Ратнікава прызначыла штраф кнігарні «Асвета» ў памеры 150 базавых велічыняў (4 800 рублёў).

Аўтар кнігі — Віктар Ляхор, вядомы беларускі геральдыст, які стварыў сімволіку ДАІ, АМАП, ГУБАЗіК, Дэпартаменту аховы, а таксама МЗС.
‼️Былога нафтанаўца больш за месяц утрымліваюць за кратамі

Аляксея Калейнікаваса
затрымалі ў Наваполацку 15 чэрвеня. Падствай стаў перасыл знаёмым паведамлення з «TUT.BY». Паводле рапарта міліцыянта, падчас «правядзення аператыўна-вышуковых мерапрыемстваў яны атрымалі інфармацыю аб тым, што Аляксей захоўваў з мэтай распаўсюду інфармацыйныя матэрыялы, якія прызнаныя экстрэмісцкімі».

Першы суд над ім адбыўся 17 чэрвеня. Наваполацкая суддзя Зінаіда Балаболава прызнала яго вінаватым па ч.2 арт. 19.11 КаАП і арыштавала на 15 сутак. Але па закэнчэнню тэрміну Аляксей на волю не выйшаў, бо на яго склалі новы пратакол. Тады суд прызначыў яму чарговыя 15 сутак.

Учора, 18 ліпеня, над Аляксеем адбыўся трэці суд запар. Суддзя Зінаіда Балаболава разглядала справу Калейнікаваса па арт. 19.11 КаАП, але вынік яго невядомы. Меркавана, Аляксея зноў пакаралі «суткамі».

📲Калі вам вядомыя падрабязнасці або вынік суда, то паведамляйце ў наш тэлеграм @spring96info ці на гарачую лінію @ViasnaSOS, @SosViasna.
🤷Кобрынец палаяўся з жонкай і вывесіў БЧБ-сцяг на акно, каб яе асудзілі, але ў выніку сам апынуўся за кратамі

Увечары 2 ліпеня ў Кобрыне быў затрыманы мясцовы жыхар па «скарзе неабыякавага грамадзяніна» на бел-чырвона-белы сцяг на акне балкона. На судзе мужчына растлумачыў, што палаяўся з жонкай, таму размясціў аркуш паперы бел-чырвона-белага колеру на акне, каб яе прыцягнулі да адміністрацыйнай адказнасці. Але замест жонкі міліцыянты затрымалі яго самога і ў РАУСе склалі пратакол па арт. 24.23 КаАП за «несанкцыянаванае пікетаванне». Вынік — 10 сутак арышту.

📷Фота ілюстрацыйнае.
❗️Былога выкладчыка юрфака БДУ Дзмітрыя Осіку арыштавалі на 15 сутак

Дзмітрый Осікатрэнер уласнай каратэ-студыі, былы выкладчык кафедры канстытуцыйнага права юрыдычнага факультэта БДУ. Дзмітрыя затрымалі дома 13 ліпеня і адвезлі ў Цэнтральны РУУС Мінска, дзе склалі пратакол па адміністрацыйнай справе. 15 ліпеня суд прызначыў яму 15 сутак арышту. Па якім артыкуле асудзілі Осіку, пакуль невядома.

Праўладныя тэлеграм-каналы пішуць, што ён удзельнічаў у акцыях пратэсту і арганізаваў спаборніцтвы, частка сабраных сродкаў з якіх пайшла на ўкамплектаванне ўкраінскай арміі, а таксама нібыта ён «уступаў у інтымную блізкасць з вучаніцай».
‼️Мінчука аштрафавалі за грашовыя пераводы ад фонда «Страна для жизни» і спагналі з яго 900 еўра

У канцы чэрвеня ў Мінску супрацоўнікі КДБ затрымалі мужа і жонку. Пасля допытаў іх адпусцілі, але на мужа склалі пратакол па ч. 6 арт. 24.23 КаАП «Парушэнне парадку арганізацыі ці правядзення масавых мерапрыемстваў, якое суправаджаецца выплатай узнагароды за ўдзел у масавым мерапрыемстве».

Згодна з пратаколам, мужчына «для атрымання фінансавай дапамогі з мэтай пакрыцця выдаткаў, абумоўленых прыцягненнем яго жонкі да адказнасці за парушэнне парадку правядзення масавых мерапрыемстваў, адкрыў рахунак у банку Рaysera, на які фондам «Страна для жизни» былі пералічаны грашовыя сродкі ў памеры агулам 900 еўра, і выкарыстаў атрыманыя грошы для пакрыцця выдаткаў, панесеных у сувязі з аплатай штрафаў, накладзеных на ягоную жонку на падставе ч. 1 арт. 23.34 КаАП».

Вядома, што жанчыну двойчы затрымлівалі на акцыях пратэсту ў 2020 годзе.

Суд над мужчынам адбыўся 4 ліпеня. На працэсе мужчына цалкам прызнаў сваю віну. Суддзя Маскоўскага раёна Мінска Таццяна Мотыль, паводле судовай пастановы, прызнала мужчыну вінаватым па ч. 7 арт. 24.23 КаАП, пры гэтым артыкул прадугледжвае толькі шэсць частак. У выніку мінчука пакаралі штрафам у памеры 480 рублёў (15 базавых велічыняў). Акрамя гэтага, суд пастанавіў на падставе п. 1 ч. 2 арт. 6.10 КаАП спагнаць ва ўласнасць дзяржавы кошт «прадмета адміністрацыйнага правапарушэння» — 2 396 рублёў і 7 капеек ці 900 еўра.
❗️Збівалі патэльняй, пакуль пілі каву з кавамашыны затрыманага: падрабязнасці "рэйда" ў Іванаве

Раніцай 13 ліпеня ў Іванаве прайшла хваля ператрусаў і затрыманняў. Збіццё, катаванні, разгром у дамах, стрэлы и пагрозы — тое, з чым сутыкнуліся восем затрыманых мясцовых жыхароў у той дзень. Вядома, што ў "рэйдзе" прымалі ўдзел дзве групы — з Брэста і Мінска. Сталічныя сілавікі былі больш жорсткія — менавіта адзін з іх стрэліў у сабаку мясцовай актывісткі. У выніку былі асуджаныя сем чалавек: траіх аштрафавалі, яшчэ чатырох адправілі на "суткі". Настаўніца Алена Пуцыковіч, якая адбывае "хатнюю хіміі" па палітычнай справе, пасля затрымання трапіла ў лякарню — абвастрылася хвароба.

Адзін з супрацоўнікаў ГУБАЗіКу пужаў маці непаўнагадовых дзяцей Марыну Кіявец, што яна будзе сядзець па 15 сутак паводле трох пратаколаў, а потым, маўляў, "забяруць у Брэст і пасадзяць на бутэльку".

Падрабязнасці (з Беларусі — праз VPN) 👉 bit.ly/3vaJsL8

📸На фота: Марына Кіявец
⚖️Тату-майстра Алега Фалея адправілі на «суткі»

Тыдзень таму ў Мінску быў затрыманы тату-майстр Алег Фалей. На «пакаяльным відэа», якое з’явілася на праўладных тэлеграм-каналах, ён кажа, што ў жніўні 2020 года наведаў адзін з пратэсных маршаў, пасля якога ў пад'ездзе пакінуў надпіс «Жыве Беларусь». Стала вядома, што 19 ліпеня Алега арыштавалі на 15 сутак.
📍Баранавіцкую актывістку Тамару Патоцкую аштрафавалі за «распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў»

Лідэрку баранавіцкай суполкі Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Народная Грамада), сябру ініцыятыўнай групы Ціханоўскай Тамару Патоцкую 28 ліпеня выклікалі ў міліцыю, але на волю не выпусцілі. За кратамі жанчыну ўтрымлівалі амаль суткі да суда. У РАУСе на яе склалі пратакол па арт. 19.11 КаАП (распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў). 29 ліпеня баранавіцкая суддзя Аксана Копач прызнала Тамару вінаватай і прызначыла 640 рублёў штрафу (20 базавых велічыняў). На волю жанчына выйшла ў той жа дзень.
❗️60 сутак запар: актывіста з Наваполацку, які ў ЦІПе перанёс гіпертанічны крыз, асудзілі ў чацвёрты раз

Праваабаронцам стала вядома, што наваполацкага актывіста Андрэя Галавырына сёння асудзілі чацвёрты раз запар. Гэтым раз на яго склалі пратакол па арт. 19.11 КаАП за рэпост з «экстрэмісцкага» канала. Суддзя Зінаіда Балаболава прызнала яго вінаватым і прызначыла чарговыя 15 сутак. Вядома, што папярэднія тры пратаколы былі складзеныя проста за падпіску на «экстрэмісцкія» каналы.

Нагадаем, Андрэя затрымалі 15 чэрвеня і змясцілі ў Наваполацкі ЦІП. Пасля гэтага над ім прайшлі тры суды і кожны раз суддзя Балаболава арыштоўвала актывіста на 15 сутак.

Яшчэ падчас першага арышту мужчына перанёс гіпертанічны крыз.

💌Вы можаце падтрымаць Андрэя лістамі салідарнасці па адрасе: ЦІП, вул. Дзяржынскага, 2, г. Наваполацк, Віцебская вобласць, 211443, Андрэй Вітальевіч Галавырын
🤡Пазаштатнага супрацоўніка КДБ кінулі за краты на 10 сутак. Але ёсць нюанс

Раніцай 7 ліпеня супрацоўнікі міліцыі прыйшлі да пінчука Аляксандра. Згодна з пратаколам, 16 лютага мужчына пакінуў каментар пад пастом аднаго з «экстрэмісцкіх» каналаў. За гэта супрацоўнікі мясцовага РАУСа склалі на яго пратакол па арт. 19.11 КаАП (распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў). Да суда пінчука пакінулі за кратамі.

На наступны дзень справу Аляксандра разглядзелі ў судзе Пінскага раёна і г. Пінска. Мужчына цалкам прызнаў сваю віну, але адзначыў, што «з'яўляецца пазаштатным супрацоўнікам КДБ, таму ўся ягоная актыўнасць у экстрэмісцкіх тэлеграм-каналах абумоўлена заданнямі куратара з КДБ».

Але суддзю Андрэя Бычылу гэта не пераканала, таму ён арыштаваў мужчыну на 10 сутак.
📲Праваабаронцы просяць дасылаць вынікі адміністрацыйных справаў з судоў, а таксама аўдыё і тэкставую інфармацыю з судовых пасяджэнняў на:

Telegram: @ViasnaSOS, @spring96info | Email: viasna@spring96.org

❗️Нагадваем кантакты «Вясны» на выпадак затрыманняў

Паведамляйце пра выпадкі затрыманняў нам на тэлеграм-бот @viasna_bot ці на @ViasnaSOS, @SOSViasna

❗️Чат дапамогі сваякам затрыманых ад валанцёраў «Вясны»: @help_people_belarus

🔹Звярнуцца па дапамогу па юрыдычных пытаннях, а таксама абскардзіць пастанову суда:
Telegram: @zvarot96 | Email: zvarot@spring96.org

🔹Калі вы пацярпелі ад катаванняў з боку сілавікоў ці сутыкнуліся з бесчалавечным і жорсткім абыходжаннем у ІЧУ або ЦІПе:
Telegram: @ViasnaDOC | Email: viasnadoc@spring96.org

🔹Распавесці пра ўмовы ўтрымання ў ізалятарах журналістам «Вясны»:
Telegram: @spring96info | Email: viasna@spring96.org
⚖️Грамадскія працы за падтрымку Украіны, «суткі» за блакітна-жоўты сцяжок і штрафы за БЧБ-аватаркі: за што ў ліпені судзілі беларусаў

Больш за два гады штодзённа ў Беларусі праходзяць масавыя затрыманні па палітычных матывах. Але беларусы ні на дзень не спыняюць свой пратэст і працягваюць выказваць нязгоду з дзейнай уладай. За гэта іх збіваюць, катуюць і змяшчаюць у ізалятары ў нечалавечыя ўмовы. За ліпень, па дадзеных праваабаронцаў, было зафіксавана мінімум 122 затрыманні па адміністрацыйных справах. Беларускія суддзі прызначылі больш за 26 штрафаў і 61 арышт.

Таксама стала вядома пра першы выпадак, калі пратэстоўцу прызначылі грамадскія працы:

Суд Віцебскага раёна 14 ліпеня разглядзеў справу мужчыны, які каля возера ў Віцебскім раёне без дазволу райвыканкама выкрыкнуў лозунг «Слава Украіне». Участковыя мясцовага РАУСа склалі на яго пратакол па арт. 24.23 КаАП. У выніку суд пастанавіў пакараць мужчыну грамадскімі працамі тэрмінам на 50 гадзін.

📌Чытаць падрабязнасці
⚖️Былога галоўнага рэдактара газеты «Борисовские новости» Анатоля Букаса арыштавалі на 15 сутак

8 жніўня затрымалі былога галоўнага рэдактара газеты «Борисовские новости» Анатоля Букаса і ягоную жонку — іх з машыны выцягнулі сілавікі. Пасля гэтага дома ў Букасаў прайшоў ператрус. Жонку Антоля пазней вызвалілі, а яго пакінулі за кратамі да суда.

Як стала вядома @bajby, 10 жніўня над рэдактарам прайшоў суд у памяшканні Барысаўскага РАУС. На разгляд справы не дапусцілі нават жонку журналіста. У выніку Анатоля арыштавалі на 15 сутак.

Падчас затрымання ад сілавікоў гучалі абвінавачанні ў распаўсюдзе экстрэмісцкіх матэрыялаў, таму, меркавана, яго судзілі па арт. 19.11 КаАП.
⚖️Архітэктара і музыку Аляксандра Кухарэнку адправілі на «суткі» за рэпост відэа пра раследванне забойства Рамана Бандарэнкі

34-гадовага архітэктара і музыку Аляксандра Кухарэнку затрымалі 2 жніўня ў Мінску. Падставай стаў рэпост у «Вконтакте» відэа з youtube-канала «ByPol» з назвай «Роман Бондаренко. Генпрокуратура скрывает исполнителей убийства». У пратаколе пазначана, што рэпост быў выяўлены падчас праверкі інфармацыі пасля паведамлення пра гэта з ГУБАЗіКу.

Справу мужчыны разглядзелі 4 жніўня ў судзе Маскоўскага раёна Мінска. Аляксандр на судзе прызнаў сваю віну і пацвердзіў, што ў верасні 2021 года размясціў спасылку на «ByPol» і не выдаліў яе пасля таго, як канал прызналі «экстрэмісцкім».

У выніку суддзя Таццяна Мотыль прызнала Кухарэнку вінаватым паводле арт. 19.11 КаАП (распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў) і арыштавала яго на 10 сутак.
‼️Наваполацкага актывіста Андрэя Галавырына асудзілі пяты раз запар. Ён правядзе ў няволі 75 сутак

Учора пасля 60 сутак за кратамі на волю не выйшаў наваполацкі актывіст Андрэй Галавырын — на яго склалі новы пратакол. Сёння над ім адбыўся чарговы суд. Суддзя Зінаіда Балаболава пакарала яго 15-сутачным арыштам.

Нагадаем, Андрэя затрымалі 15 чэрвеня і змясцілі ў Наваполацкі ЦІП. Пасля гэтага над ім прайшлі чатыры суды за падпіску і рэпосты з «экстрэмісцкіх» каналаў (арт. 19.11 КаАП) і кожны раз суддзя Балаболава арыштоўвала актывіста на 15 сутак. Агулам Андрэя будуць утрымліваць за кратамі мінімум 75 сутак.

📍Яшчэ падчас першага арышту мужчына перанёс гіпертанічны крыз.

💌Вы можаце падтрымаць Андрэя лістамі салідарнасці па адрасе: ЦІП, вул. Дзяржынскага, 2, г. Наваполацк, Віцебская вобласць, 211443, Андрэй Вітальевіч Галавырын