"Вясна" назірае
685 subscribers
602 photos
19 videos
338 links
Праваабарончы цэнтр “Вясна” з дапамогай назіральніц і назіральнікаў з Валанцёрскай службы ажыццяўляе маніторынг судовых працэсаў па адміністрацыйных справах.

👀У гэтым канале мы будзем дзяліцца цікавымі кейсамі з судоў.

Наш бот: @viasna_bot
Download Telegram
This media is not supported in your browser
VIEW IN TELEGRAM
🍅Аматара памідораў са смятанай зноў арыштавалі на 15 сутак. За кратамі ён правядзе 60 сутак

65-гадовага інжынера Анатоля Шалковіча затрымалі 11 лістапада, а пазней тройчы арыштоўвалі на 15 сутак. Сёння чытач @euroradio са спасылкай на сукамерніка мужчыны на Акрэсціна паведаміў, што Шалковіча зноў пакаралі 15-сутачным арыштам. Па якіх артыкулах судзяць інжынера — невядома.

🔹Анатоль стаў папулярным праз яго заяву у пакаяльным відэа МУС пра любоў да белага і чырвонага колераў.
‼️Маці непаўнагадовага дзіцяці ў лістападзе арыштавалі на 13 сутак

У судзе Фрунзенскага раёна Мінска 22 лістапада суддзя Марыя Ярохіна арыштавала на 13 сутак маці непаўнагадовага дзіцяці Наталлю Паўловіч. Пры гэтым, падчас суда Ярохіна прызнала знаходжанне ў Наталлі на ўтрыманні дзіцяці — змякчальнымі абставінамі.

🔹Наталлю абвінавацілі ў тым, што яна, «будучы ў стане алкагольнага ап'янення, у службовым кабінеце РУУСа паводзіла сябе агрэсіўна і задзірліва, нецэнзурна лаялася, скінула пісьмовыя прыналежнасці са стала, а на заўвагі не рэагавала». За гэта ў РУУСе на яе склалі пратакол па арт. 19.1 КаАП (дробнае хуліганства). Сваю віну жанчына прызнала.

🔻Нагадаем, што згодна з КаАП адміністрацыйны арышт не можа ужывацца да жанчын з непаўнагадовымі дзецьмі. Іх нават не могуць затрымліваць больш, чым на тры гадзіны. Але насуперак закону суддзя Марыя Ярохіна адправіла Наталлю на Акрэсціна.
​​😳«Дэманстраваў татуіроўку сцяга бел-чырвона-белага колеру на руцэ», — вытрымка з пратаколу па справе Паўла Белавуса

Праваабаронцы атрымалі пастанову суда па адміністрацыйнай справе супраць заснавальніка Symbal.bу Паўла Белавуса ад 19 лістапада. Фармулёўка «правапарушэння» паводле арт. 24.23 КаАП гучыць так: «Белавус парушыў парадак правядзення мерапрыемства ў выглядзе пікетавання, без адпаведнага дазволу Мінгарвыканкама , што выказалася ў дэманстрацыі татуіроўкі сцяга бел-чырвона-белага колеру на руцэ, дзеля выказвання сваёй нязгоды з дзейнай уладай, што стала даступна неабмежаванаму колу асобаў».

🤡Пры гэтым, «неабмежаванае кола асобаў» — міліцыянты з Ленінскага РУУСа, бо менавіта ім і «дэманстраваў» сваю татуіроўку Белавус. Віну сваю на судзе Павел не прызнаў. Згодна з пастановай суда, Белавус патлумачыў, што «падчас гутаркі ў РУУСе размахваў рукамі, таму міліцыянты і заўважылі тату».

Суддзя Юлія Шут, прызнала «тлумачэнні супрацоўніка Ленінскага РУУС аб'ектыўнымі і верагоднымі, бо яны паслядоўныя, а таксама пацвярджаюцца пратаколам аб адміністрацыйным правапарушэнні, якім зафіксаваны факт яго здзяйснення». Таму, суддзя Шут палічыла, што паказанні міліцыянта пацверджваюць віну Паўла.

📌Нагадаем, Павла Белавуса затрымалі 15 лістапада, пасля чаго тройчы закідвалі на «суткі». Агулам Павел правёў на Акрэсціна 35 сутак. Але на волю так і не выйшаў — ён стаў падазраваемым па крымінальнай справе паводле арт. 342 КК (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, або актыўны ўдзел у іх). 29 снежня Павел быў прызнаны палітвязнем.
‼️Сёння ў ЦІПе на Акрэсціна для арыштантаў прымаюць цёплыя рэчы і лекі. Пра гэта паведамляюць сваякі затрыманых у чатах па ўзаемадапамозе.

📌Нагадаем, апошнія месяцы адміністрацыя Акрэсціна адмаўлялася прынімаць перадачы арыштаваным па «палітычных» артыкулах.
‼️Праваабаронцу Алеся Капуцкага зноў арыштавалі на 15 сутак. Новы год ён сустрэне за кратамі

Нагадаем, Алеся затрымалі 17 снежня ў Маладзечна. На яго склалі пратакол па ч.2 арт. 19.11 КаАП (распаўсюджванне экстрэмісцкіх матэрыялаў), а потым арыштавалі на 15 сутак. Алесь мусіў выйсці на волю 1 студзеня, але на яго склалі новы пратакол. 31 снежня над праваабаронцам адбыўся суд. Яго пакаралі чарговым 15-сутачным арыштам.
⚡️Вынікі адміністрацыйнага пераследу беларусаў за 2021 год у лічбах

Цягам года беларускія ўдады штодзённа працягвалі «барацьбу» з беларусамі і беларускамі, якія да гэтага часу выказваюць незадаволенасць дзеяннямі ўлады. Праваабаронцы і валанцёры «Вясны» таксама трапілі пад хвалю рэпрэсій і пацярпелі ад яе.

🔻Але гэта не перашкодзіла праваабаронцам падвесці вынікі мінулага году. Па інфармацыі Валанцёрскай службы «Вясны», за 2021 год беларускія суддзі вынеслі 3211 судовых рашэнняў.

💸З 1 студзеня 2021 года па «палітычных артыкулах» аштрафавалі мінімум 828 чалавек на агульную суму ў 35 942 базавых велічыняў. Гэта 1 мільён 42 тысячы і 318 рублёў (прыкладна 409 тысяч даляраў).

⚖️Арыштамі суддзі пакаралі мінімум 2 107 чалавек. Агулам у ізалятарах беларусы адбылі 32 125 сутак (амаль 89 гадоў на ўсіх). Па дадзеным «Вясны», за год з 3211 адміністрацыйных справаў за недаказанасцю віны спынілі толькі 13.

🔺Акрамя гэтага, праваабронцы налічылі 6 443 затрыманні ў мінулым годзе.
⁉️Чаму важна перадаваць перадачы на Акрэсціна для затрыманых па адміністрацыйных справах?

Былы арыштант паведаміў блогеру Антону Матольку пра тое, што перадачу, якую на Акрэсціна прынялі ад сваякоў 30 снежня, аддалі яму толькі пасля вызвалення. «Вясна назірае» тлумачыць, чаму важна перадаваць перадачы ў ЦІП, нават ведаючы, што іх адразу не перададуць арыштантам.

🔹Перадачу магчыма атрымаць, калі на затрыманага складаюць новы пратакол. Пасля «вызвалення» некаторых вязуць у РУУС, каб скласці новы пратакол і зноў адправіць на «суткі». На гэты час ім аддаюць усе рэчы і нават перадачы. Таму ў чалавека ёсць магчымасць трапіць у камеру з цёплымі рэчамі, ежай і сродкамі гігіены на «другі заезд». Вось як гэта апісвае былы арыштант:

«Тым не менш, сваякам ёсць сэнс перадаваць перадачу хоць бы адзін раз з неабходным адзеннем, невялікай колькасцю печыва, сухафруктаў і вады, сродкамі гігіены і наборам лекаў, бо калі чалавека павязуць афармляць на паўторны тэрмін, то ў яго будзе магчымасць пераапрануцца і паесці (у РУУС ніхто нікога карміць не будзе), а бутэльку з вадой можна будзе ўзяць з сабой – гэта досыць каштоўны прадмет, як бы смешна гэта не гучала».

🔹Калі пасля сутак на арыштантаў заводзяць крымінальныя справы і пераводзяць у СІЗА, то перадачу таксама атрымліваецца забраць з сабою.

🔹Акрамя гэтага, неабходна перадаваць цёплыя рэчы, якія «можна выкарыстоўваць у якасці матрацаў ці падушак», бо нары складаюцца з металічных рэек, размешчаных уздоўж і папярок, якія ўтвараюць дзіркі памерам 10*25 сантыметраў прыблізна. Таму ні сядзець, ні ляжаць на іх немагчыма, а на целе ад іх застаюцца сінякі.

🔹Кожны дзень у ЦІПе на Акрэсціна можна перадаваць лекі для затрыманых. Як кажуць, былыя арыштанты, «прымуць іх ці не — залежыць ад настрою дзяжурных». Але спрабаваць трэба. Лекавая передача, як і звычайная, перадаецца праз заяву, на якім у графе «назва» трэба пазначыць «лекі». Калі ў чалавека ёсць нейкае захворванне, якое патрабуе піць лекі па рацэпту, то гэты рацэпт або яго копію абавязкова трэба передаць з перадачай. Звычайныя лекі распакоўваць не трэба і лепш перадаваць з інструкцыяй. Іх трэба пакласці ў празрысты пакет і абавязкова дадаць запіску з прозвішчам, імем, імем па бацьку і датай народзінаў затрыманага. Лекі адразу да арыштантаў не трапляюць — іх выдае фельчар Акрэсціна. Калі арыштанту трэба перадаць акуляры, лінзы і раствор да іх, то лепш мець пры сабе выпіску з медыцынскай карткі ці прызначэнне лекара на выпадак, калі папросяць даказаць патрэбу. З таблетак перадаваць можна аспірын, парацэтамол, антыбіётыкі, ібупрафен, лекі ад горла і кашлю, а таксама ад ціску і г.д. Варта памятаць, што ў камерах сядзяць шмат людзей, якім таксама могуць спатрэбіцца лекі, таму перадавайце як мага больш.
Падтрымайце лістамі салідарнасці праваабаронцу Алеся Капуцкага, які адбывае арышт у маладзечанскім ізалятары

🔹Нагадаем, Алеся Капуцкага затрымалі 17 снежня ў Маладзечне. На яго склалі пратакол па ч. 2 арт. 19.11 КаАП (распаўсюджванне экстрэмісцкіх матэрыялаў), а потым арыштавалі на 15 сутак. Алесь мусіў выйсці на волю 1 студзеня, але на яго склалі новы пратакол. 31 снежня над праваабаронцам адбыўся суд. Яго пакаралі чарговым 15-сутачным арыштам.

💌Дасылайце Алесю лісты і паштоўкі са словамі падтрымкі: Маладзечанскі ІЧУ, 222310, г. Маладзечна, вул. Галіцкага, 23, Аляксандру Капуцкаму
‼️13 дзён галадоўкі, 20 дзён карцару і смерць бацькі — што перажыла Таццяна Батура за 46 сутак арышту

Мінчанка Таццяна Батура, якую затрымалі 15 лістапада перад судом над палітзняволенай Вольгай Залатар, правяла ў ЦІПе на Акрэсціна 45 сутак. Яе тройчы арыштоўвалі на 15 сутак і абяцалі ўтрымліваць за кратамі больш за два месяцы. 30 снежня Батура не выйшла на волю — яе зноў перазатрымалі. За дзень да вызвалення ў Таццяны памёр бацька. Але сілавікі яе не адпусцілі нават на яго пахаванне.

31 снежня пастанову на вызваленне дзяўчыны выпісала суддзя Наталля Бугук і перанесла суд на 3 студзеня. З РУУСа Таццяна адразу патрапіла на пахаванне бацькі. 3 студзеня дзяўчына была ўжо ў бяспецы за межамі Беларусі, у той час, як суд завочна прызначыў ёй чарговыя 15 сутак.

Таццяна Батура распавяла «Вясне» пра збіццё намеснікам начальніка Фрунзенскага РУУСа Дзянісам Марцулем, пагрозы ад ўчастковага Сяргея Дзяшко, залітыя міліцыянтамі тэлефоны вадой і клапы ды вошы ў ЦІПе на Акрэсціна 👉 https://bit.ly/335uZoM
📈Вынікі адміністрацыйнага пераследу беларусаў у 2021 годзе

Рэпрэсіі супраць беларусаў, якія цягам 2021 года працягвалі выказваць сваю незадаволенасць дзеяннямі ўлады і ўдзельнічалі ў паслявыбарчых мірных акцыях пратэсту, не спыняліся ні на дзень. Сілавікі штодзённа ўрываліся ў іх дамы, ладзілі ператрусы і затрымлівалі іх па палітычных матывах. Праваабаронцы ўвесь год фіксавалі факты катаванняў і ўтрымання арыштантаў у нечалавечых умовах. Валанцёры «Вясны» таксама пераследаваліся за іх дзейнасць, а некаторыя з іх пацярпелі ад адвольнага затрымання, адміністрацыйнага арышту і жорсткага абыходжання.

🌿«Вясна» распавядае, з якімі выпрабаваннямі падчас адміністрацыйнага пераследу сутыкнуліся беларусы ў мінулым годзе, як іх катавалі і за якія абсурдныя прычыны іх кідалі за краты і аштрафоўвалі 👉 https://bit.ly/3F26jKR
‼️Актывістку і дырэктарку «Генома» Дар’ю Царык арыштавалі на 8 сутак

Раніцай 13 студзеня ў Мінску затрымалі 30-гадовую Дар’ю Царык. Супрацоўнікі ГУБАЗІКу правялі ў яе кватэры ператрус, а потым павезлі на допыт. Ужо ў Першамайскім РУУСе на дзяўчыну склалі пратакол па адміністрацыйнай справе, але артыкул пакуль невядомы.

⚖️Суд над актывісткай адбыўся ў гэты ж дзень. Вынік — 8 сутак адміністрацыйнага арышту.

Дар’я Царык з’яўляецца дырэктаркай «Генома» (арганізацыя, якая займаецца дапамогай людзям з рэдкімі генетычнымі нейра-цяглічнымі захворваннямі), а таксама сяброўкай праўлення арганізацыі Радзіслава (дапамагае жанчынам і дзецям, якія сталі ахвярамі хатняга гвалту).
⚖️"Вясне" трэба дапамога! Дасылайце праваабаронцам інфармацыю з судоў

1 снежня 2021 года валанцёры і валанцёркі Праваабарончага цэнтра "Вясна" пацярпелі ад хвалі рэпрэсій за сваю дзейнасць па назіранні за выкананнем права на справядлівы суд: іх адвольна затрымалі, правялі ператрусы, дапыталі з пагрозамі, некаторых закінулі на «суткі». У выніку, праваабаронцаў і валанцёраў фактычна абмежавалі ў праве на назіранне за выкананнем стандартаў справядлівага правасуддзя, негледзячы на закон.

❗️Але ніякія рэпрэсіі не ў стане абмежаваць нашу законную дзейнасць. Закон абавязвае суд забяспечыць адкрыты судовы разгляд крымінальных і адміністрацыйных справаў, падчас якога кожны прысутны мае права весці пісьмовы запіс і гукапіс. Любыя абмежаванні гэтых правоў — адвольныя і незаконныя.

📲Таму «Вясна» звяртаецца да вас за дапамогай: мы просім дасылаць аўдыё і тэкставую інфармацыю з «палітычных» судовых пасяджэнняў, што праходзяць па ўсёй краіне на:

Telegram: @ViasnaSOS, @spring96info | Email: viasna@spring96.org