"Вясна" назірае
728 subscribers
585 photos
19 videos
328 links
Праваабарончы цэнтр “Вясна” з дапамогай назіральніц і назіральнікаў з Валанцёрскай службы ажыццяўляе маніторынг судовых працэсаў па адміністрацыйных справах.

👀У гэтым канале мы будзем дзяліцца цікавымі кейсамі з судоў.

Наш бот: @viasna_bot
Download Telegram
⚡️13 920 рублёў і 397 сутак: Як мінскія суддзі адзначылі гадавіну пачатку пратэстаў

На працягу гэтага тыдня ў Мінску актыўна судзілі беларусаў і беларусак, затрыманых у знакавыя для Беларусі дні — гадавіну пачатку мірных акцый пратэсту. На пратэстоўцаў у РУУСах складалі пратаколы за «непадпарадкаванне супрацоўнікам міліцыі», «дробнае хуліганства» і «ўдзел у масавых мерапрыемствах», а потым беларускія суддзі каралі іх штрафамі і суткамі. 

🌿«Вясна назірае» распавядае, за што на самой справе судзілі мінчукоў.
⚡️Збіццё, прусакі і начлег на вуліцы ў гразі: умовы ўтрымання на Акрэсціна ў ліпені і жніўні

Праваабаронцам "Вясны" працягвае паступаць інфармацыя пра нечалавечыя і жудасныя ўмовы ўтрымання на Акрэсціна. Супрацоўнікі ЦІПа працягваюць збіваць затрыманых, забіраць у іх грошы, на скаргі аб прусаках у камерах не рэагаваць, а тых, хто захварэў на COVID-19 не лячыць і не ізаляваць ад здаровых людзей.

"Вясна назірае" пагутарыла з чатырма людзьмі, якія ў розны час знаходзіліся ў камерах на Акрэсціна з ліпеня па жнівень. Суразмоўцы распавялі пра мясцовую "медыцынскую дапамогу", начлег у дворыку ЦІПа, мясцовы абмен валют і збіццё мужчын:

🔹«Людзей з высокай тэмпературай ізалююць у карцэр. Адна дзяўчынка правяла ў карцэры чатыры дні, а ёй нават не адшпілілі ложак ад сцяны»;

🔹«Супрацоўнікі маглі нават выкінуць усе рэчы з тумбачкі, а аднойчы вывернулі смецце з вядра на рэчы арыштаваных»;

🔹«Хлопец паскардзіўся, што не адчувае пахі, а лекарка яму рэзка нашатыру дала панюхаць»;

🔹 «Усю камеру вывелі і замкнулі на вечар і ноч у шпацырным дворыку, таму спаць прыходзілася на бетоне ў гразі і холадзе».

📲Чытаць цалкам па спасылцы.
⚡️Гомельскага актывіста Іллю Міронава арыштавалі на 25 сутак

Суддзя Віктар Казачок пакараў актывіста Іллю Міронава 25-сутачным арыштам па ч.3 арт. 24.23 КаАП. Іллю асудзілі за надпіс на майцы "Пішыце лісты", якую міліцыянты расцанілі як несанкцыянаванае пікетаванне.
⚡️Шахцёра Алега Кудзёлку пакаралі 10-сутачным арыштам

Як паведамляе «Новы Час», салігорскага шахцёра Алега Кудзёлку з 4РУ, які ў верасьні 2020 года адмовіўся паднімацца на паверхню, сёння арыштавалі на 10 сутак па адміністрацыйнай справе.

Алега затрымалі ўчора, калі ён прыехаў для абмена праў у ДАІ.

Крыніца: @novychas
⚡️Анархіста Іллю Сянько ўжо другі раз запар пакаралі 15-сутачным арыштам. На судзе ён заявіў пра збіццё супрацоўнікамі ГУБАЗіКа

Іллю Сянько арыштавалі яшчэ 4 жніўня падчас «зачысткі» актывістаў анархісцкга руху. Тады хлопца ў судзе Кастрычніцкага раёна пакаралі 15-сутачным арыштам па арт. 24.3 КаАП нібыта за непадпарадкаванне супрацоўнікам міліцыі. Але пасля арышту Ілля на волю так і не выйшаў. На хлопца склалі новы пратакол, але ўжо па арт. 19.1 КаАП (дробнае хуліганства).

Згодна з новым пратаколам, Ілля «4 жніўня гучна крычаў, нецэнзурна лаяўся, на заўвагі міліцыянтаў не рэагаваў». Справу Сянько разглядзелі 20 жніўня ў судзе Кастрычніцкага раёна. Актывіст адмовіўся на судзе даваць паказанні, але заявіў пра збіццё і пагрозы з боку ГУБАЗіКа. Па яго словах, праз пару дзён пасля затрымання да яго прыйшлі супрацоўнікі ГУБАЗіКа, збівалі, пагражалі і нават адрэзалі хлопцу дрэды, прымушаючы прызнаць віну і даць патрэбныя ім паказанні. Таксама Ілля сказаў, што сядзіць у чатырохмеснай камеры, у якой адразу знаходзяцца 20 чалавек. Суддзя Кастрычніцкага раёна Наталля Яроўская адмовіла хлопцу ў выкліку супрацоўніка ГУБАЗіКа ў якасці сведкі і нават не звярнула ўвагі на заяву Іллі пра збіццё.

⚖️Акрамя гэтага, справу Сянько сёння не ўнеслі ў расклад суда. У выніку, суддзя прызнала актывіста вінаватым і арыштавала на 15 сутак. Агулам Ілля правядзе за кратамі 30 сутак.
⚡️Былога артыста ансамблю «Харошкі» зноў пакаралі суткамі

Сёння ў судзе Фрунзенскага раёна разглядзелі справу былога артыста ансамблю «Харошкі» Дзмітрыя Кукса. 21 жніўня ён павінен быў выйсці на волю пасля 15-сутачнага арышту за «непадпарадкаванне супрацоўнікам міліцыі», але адразу пасля вызвалення сілавікі пасадзілі яго ў цёмна-сіні мікрааўтобус і звезлі ў невядомым кірунку.

Справу Дзмітрыя 23 жніўня разглядзела суддзя Марыя Ярохіна. На гэты раз на мужчыну склалі пратакол па арт. 19.1 КаАП (дробнае хуліганства), згодна з якім, Кукс «паводзіў сябе агрэсіўна і задзірліва, гучна крычаў, нецэнзурна лаяўся, на заўвагі не рэагаваў, выбіў з рук Загора А. І. тэчку з дакументамі, чым парушыў грамадскі парадак і спакой грамадзян».

Сведка-міліцыянт на судзе распавёў, што па загаду кіраўніцтва яму трэба было сустрэць Дзмітрыя на выхадзе з ізалятару, адвезці ў РУУС і правесці з ім гутарку. Па выхадзе Кукс «пагадзіўся на патрабаванні» міліцыянтаў і прайшоў з імі ў машыну. Па дарозе ў РУУС у мужчыны запытвалі, ці ведае ён тых, хто ўдзельнічае ў несанкцыянаваных масавых мерапрыемствах. Па словах міліцыянтаў, Дзмітрый наўпрост у машыне пачаў весці сябе агрэсіўна, а калі выходзіў, то выбіў тэчку з рук міліцыянта.

Адвакатка Дзмітрыя звярнула ўвагу суддзі на тое, што складу «правапарушэння» няма, бо службовая машына міліцыянтаў не з’яўляецца грамадскім месцам. Таксама на судзе эмацыйна выступіла і маці Дзмітрыя, якая хвалюецца за здароўе сына, бо ён хварэе на алергію і цяжка яе пераносіць. Сам Кукс не памятае, каб агрэсіўна сябе паводзіў, але дадаў, што калі і здзейсніў гэта, то з-за яго маральнага, эмацыйнага і фізічнага стана, які пагоршыўся пасля мінулых «сутак».

⚖️У выніку, суддзя Ярохіна пакарала Кукса 12-сутачным арыштам.

🔹Нагадаем, раней праўладныя СМІ пісалі, што Дзмітрый «арганізаваў вытворчасць незарэгістраваных газет і экстрэмісцкіх матэрыялаў у сябе дома». Таксама з ім запісалі пакаяльнае відэа.
❗️«Як “Пагоня“ звязана з хрысціянствам?» Мінчука пакаралі 14-сутачным арыштам за налепку з Пагоняй на машыне

43-гадовага Дзяніса Ільінчыка затрымалі 24 жніўня. Падставай для яго затрымання стала налепка з Пагоняй на задніх дзвярах аўтамабіля. За гэта ў Цэнтральным РУУСе супраць Дзяніса склалі пратакол па арт. 24.23 КаАП. Сёння, 26 жніўня, у судзе Цэнтральнага раёна справу Ільінчыка разглядзеў суддзя Дзмітрый Карсюк.

Па словах Дзяніса, на машыне акрамя налепкі з Пагоняй, ёсць яшчэ і налепка з хрысціянскім крыжом, бо ён верыючы чалавек. Мужчына кажа, што гэтыя налепкі размешчаны на машыне ўжо амаль 5 гадоў. Імі Дзяніс не выражае свае палітычныя погляды, а толькі веравызнанне. Але суддзя Карсюк не разумеў, «як “Пагоня“ звязана з хрысціянствам». Дзяніс адказаў, што «ВКЛ — гэта цэнтр хрысціянства, а акрамя вершніка на гербе ёсць крыж».

Акрамя гэтага, Дзяніс на судзе абурыўся паказаннямі сведкі-міліцыянта, які сцвярджаў, што затрыманне адбылося каля 12:00. Але мужчына сцвярджае, што 24 жніўня ён прыехаў у ДАІ, каб аплаціць штраф за няправільную паркоўку. Штраф аплаціў ён толькі каля 15:00, на што звярнуў увагу сведкі. Праз некаторы час супрацоўнікі ДАІ заўважылі на машыне налепку, самастойна яе знішчылі, а Дзянісу прапанавалі праехаць у РУУС для гутаркі, дзе яго і затрымалі.

⚖️У выніку, Суддзя Карсюк прызнаў Дзяніса Ільінчыка вінаватым па арт. 24.23 КаАП і арыштаваў яго на 14 сутак.
❗️Мінчука арыштавалі на 15 сутак за размову з АМАПаўцамі на Зыбіцкай

Сёння каля 12:30 на вуліцы Зыбіцкай 38-гадовы Максім Пятровіч набываў ежу. Каля яго стаялі супрацоўнікі АМАПу ў службовай форме, з якімі Максім вырашыў паразмаўляць. У выніку, размова скончылася затрыманнем Пятровіча. Але пратакол па арт. 24.3 КаАП на мужчыну склалі за непадпарадкаванне супрацоўнікам міліцыі на тэрыторыі Цэнтральнага РУУСа. Па пратаколе, Максім «быў затрыманы па падазрэнні ва ўдзеле ў несанкцыянаваных масавых мерапрыемствах, адмовіўся выйсці са службовага аўтамабіля, упіраўся, чым аказаў непадпарадкаванне міліцыянту».

Амаль праз тры гадзіны справу Максіма разглядзеў суддзя Цэнтральнага раёна Дзмітрый Карсюк. На пытанне суддзі наконт меркаванай прычыны затрымання, мужчына адказаў: «Пакрыўдзіліся, напэўна, можа я ім не тое што сказаў».

⚖️Суддзя Карсюк пакараў Максіма Пятровіча 15-сутачным арыштам.
‼️Web-дызайнерку затрымалі пасля ператрусу, дапыталі ў ГУБАЗіКу, а арыштавалі за непадпарадкаванне ўчастковаму РУУСа

У сераду, 1 верасня, пасля ператрусу дома была затрыманая 26-гадовая Анастасія Рокач — IT-дызайнерка, былая супрацоўніца кампаніі «Wargaming». У судзе Цэнтральнага раёна 3 верасня справу Анастасіі разглядзела суддзя Вікторыя Шабуня.

Па словах дзяўчыны, каля 14:00 яны з мужам былі дома, працавалі. Да іх пагрукаліся трое супрацоўнікаў міліцыі, але пасведчанне паказаў толькі адзін з іх. Дома пасля ператрусу забралі ўсю тэхніку, а Анастасію павезлі ў ГУБАЗіК на допыт, які доўжыўся каля 30 хвілін. Пасля допыту Рокач павезлі ў Цэнтральны РУУС, на тэрыторыі якога, згодна з пратаколам, яна аказала непадпарадкаванне супрацоўніку міліцыі: упіралася і чаплялася за яго адзенне. Дзяўчына кажа, што шла самастойна і нават не ведае, колькі супрацоўнікаў шлі побач, бо ёй не дазвалялі падымаць галавы. Віну сваю Анастасія адмаўляе.

Сведка-міліцыянт на судзе заявіў, што Рокач затрымалі па падазрэнні ва ўдзеле ў масавым мерапрыемстве раніцай 1 верасня. Міліцыянт сцвярджаў, што не ведае сваіх калегаў, з якімі затрымліваў Рокач, дома падчас ператрусу мужа Анастасіі не бачыў, бо не хадзіў па ўсіх пакоях (сям’я жыве ў аднапакаёвай кватэры), а непадпарадкаванне доўжылася каля хвіліны.

🤡Дыялог адваката са сведкай:
— За чыю вопратку хапалася Рокач?
— За маю.
— Ужывалі сілу да Рокач?
— Узялі за руку.
— Чаму не адлюстравалі гэта ў рапарце?
— Проста не адлюстраваў.
— Кіраўніцтва не павінна гэта ведаць па Вашаму?
— Я пісаў тое, што палічыў патрэбным.
— Яна ўпіралася нагамі ўжо ў аўтамабілі. Але ў рапарце гэтага таксама не пазначана.
Я пісаў у рапарце тое, што лічыў патрэбным.

Муж Анастасіі Ілля Рокач — экс-следчы Цэнтральнага раёна, якія расследаваў эканамічныя і карупцыйныя справы. У снежні мінулага года Іллю аштрафавалі на 30 базавых велічыняў за БЧБ-сцяг на балконе.

⚖️Вынікам суда для Анастасіі Рокач стаў 15-сутачны арышт.
⚡️Настаўніка музычнага каледжа пакаралі 15-сутачным арыштам за «распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў»

Інфармацыя пра затрыманне настаўніка музычнага каледжа імя Глінкі 35-гадовага Аляксандра Цярэшчанку з’явілася на праўладных тэлеграм-каналах 1 верасня. Вядома, што яго затрымалі супрацоўнікі ГУБАЗіКа, а потым запісалі з Аляксандрам «пакаяльнае відэа».

Суд над настаўнікам прайшоў 3 верасня. Яго справу па арт. 19.11 КаАП («распаўсюд інфармацыйнай прадукцыі, уключанай у Рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў») разглядзела суддзя Цэнтральнага раёна Вікторыя Шабуня. У раскладзе суда яго справы не было, таму суд фактычна прайшоў у закрытым рэжыме. У выніку, суддзя Шабуня прызнала Цярэшчанку вінаватым і пакарала яго 15-сутачным арыштам.
❗️За фота суддзі брэсцкую актывістку аштрафавалі на 87 рублёў

3 верасня падчас аглашэння прысуду па крымінальнай справе за абразу Лукашэнкі Алена Гнаўк сфатаграфавала суддзю Дзмітрыя Куроўскага. За гэтае «правапарушэнне» актывістку затрымалі ў залі суда, а ў РУУСе на жанчыну склалі пратакол па арт. 25.1 КаАП.

⚖️Сёння ў Брэсце прайшоў суд над Аленай Гнаўк. Суддзя Дзмітрый Шурын прызнаў жанчыну вінаватай ў «непаваге да суду» і аштрафаў яе на 87 рублёў (3 базавых велічыні).
⚡️Супрацоўнікаў культцэнтра “Корпус” пакаралі суткамі за непадпарадкаванне міліцыянтам

Стала вядома, што сёння ў судзе Савецкага раёна адбыліся суды над затрыманымі 2 верасня супрацоўнікамі культцэнтра “Корпус”. На дырэктара, арт-мэнеджара і ды-джэя Аляксандра Багданава ("Папу Бо"), сцэнографа Максіма Крука і арганізатарку культурных імпрэзаў Лізавету Неўмяржыцкую у Савецкім РУУСе склалі пратаколы па арт. 24.3 КаАП за непадпарадкаванне супрацоўнікам міліцыі. Іх справы пачалі разглядаць 3 верасня, але суд адправіў іх на дапрацоўку.

⚖️У выніку, 6 верасня Аляксандра Багданава і Максіма Крука арыштавалі на 10 сутак, а Лізавету Неўмяржыцкую — на 8 сутак.

Калаж: @by_culture
⚡️Затрыманых на фэсце «Аршанская бітва» пакаралі 10-сутачнымі арыштамі

У ноч з 4 на 5 верасня на фэсце «Аршанская бітва» былі затрыманыя адзін з арганізатараў фэста — Юрка Копцік, а таксама Ігар Уласенка і Васіль Мірановіч. Сёння стала вядома, што іх усіх прызналі вінаватымі ва ўдзеле ў несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве і арыштавалі на 10 сутак.
❗️Праваабаронцы «Вясны» працягваюць фіксаваць факты жорсткіх і бесчалавечных умоваў утрымання для затрыманых па «народных» артыкулах. «Вясна назірае» паразмаўляла з Дзмітрыем (імя зменена ў мэтах бяспекі), які адбываў 15-сутачны арышт у канцы жніўня ў ЦІП на Акрэсціна. Ён распавёў, пра ўмовы ўтрымання і ціск на «палітычных».

Цёплыя рэчы не перадаюць нават тым, каго затрымалі яшчэ ў летняй вопратцы

Сітуацыя ў ізалятары на Акрэсціна застаецца стабільна дрэннай на працягу года. «Палітычным» не выдаюць ні матрацаў, ні бялізны, а таксама не выводзяць на шпацыр і ў душ. Людзям, якіх затрымалі яшчэ падчас спякоты ў летняй вопратцы, не перадаюць цёплыя рэчы. Камеры ўсё яшчэ перапоўненыя: у чатырохмесных камерах сядзіць па 16-20 чалавек. Праз недахоп спальных месцаў большасці затрыманых даводзіцца спаць на драўлянай падлозе. Пастаянны скразняк і холад спрыяюць захворванню арыштаваных. На думку Дзмітрыя, большасць затрыманых у камерах хварэлі каранавірусам, але належнае лячэнне і ізаляцыю адміністрацыя не забяспечвала. Пры гэтым, лекарка ў камеру прыходзіць да зняволеных толькі пры ранішнім абходзе. З лекавых сродкаў затрыманым з сімптомамі COVID‑19 выдаюцца толькі парацэтамол, анальгін, ібупрафен і валідол ад болю ў горле.

Аплату за харчаванне забіраюць з гаманца, а перадачы аддаюць толькі «перазатрыманым»

Грошы з асабістых рэчаў у затрыманых па-ранейшаму забіраюць адразу, як яны трапляюць у ЦІП на Акрэсціна. Пасля вызваленням чалавеку на рукі выдаюць чэк за аплату за харчаванне за ўвесь тэрмін арышту, у якім ужо вылічылі канфіскаваную суму. Перадачы на Акрэсціна супрацоўнікі прымаюць, аднак да затрыманых яны так і не даходзяць. Часам з перадач і асабістых рэчаў арыштаваным могуць перадаць лекі. Таксама перадачы «дастаюцца» тым, на каго складаюць новыя адміністрацыйныя пратаколы. Пасля «вызвалення» чалавека вязуць у РУУС, каб скласці новы пратакол, таму арыштаваным аддаюць перадачы, як пры вызваленні, але з гэтымі перадачамі яны потым зноў вяртаюцца на Акрэсціна. Дзмірый распавёў, што калі сваякі затрыманых паспявалі за перадаць дзве перадачы, то першую не аддавалі нават пасля вызвалення, а з другой часткова знікалі рэчы і прадукты.

«Хотите беспредел? Вот вам беспредел»

Акрамя гэтага, у якасці дадатковага ціску на «палітычных» у камеры падсаджваюць бяздомных, у якіх, у тым ліку, ёсць вошы. Таксама арыштаваных часта забіраюць на допыты: супрацоўнік РУУС забірае з камеры арыштанта, а часам можа і некалькі разоў. У іх запытваюць асабістыя дадзеныя, якія і так пазначаны ў матэрыялах справы. У 2:00 і ў 4:00 ночы праходзіць так званы «шмон» і «пераклічка», калі трэба назваць свае дадзеныя. Хлопец узгадвае, што пасля таго, як з камеры ў іх забралі ўсе асабістыя рэчы, затрыманыя заявілі супрацоўнікам ЦІПа, што гэта «парушэнне іх правоў». У адказ на гэта супрацоўнікі вылілі ім у камеру вядро «хлоркі» са словамі: «Хотите беспредел? Вот вам беспредел». Таксама супрацоўнікі пагражалі, што калі скаргі ад арыштаваных не спыняцца, то ўмовы рэзка пагоршацца.
❗️За выкрык лозунгу "Жыве Беларусь" у тралейбусе мінчука пакаралі 30-сутачным арыштам

61-гадовага Міхаіла Дубіну 8 верасня затрымалі на прыпынку грамадскага транспарту за лозунг "Жыве Беларусь" у тралейбусе. "Неабыякавы грамадзянін" паскардзіўся ў міліцыю на тое, што "невядомы мужчына выходзіў і выкрыкваў лозунг". Таму па выхадзе з транспарту Міхаіла адразу затрымалі міліцыянты. У Фрунзенскім РУУСе на мужчыну склалі пратакол па арт. 24.23 КаАП за несанкцыянаванае пікетаванне.

Сёння справу Дубіны разглядзела суддзя Марыя Ярохіна. Міхаіл сцвярджае, што ў тралейбусе паспрачаўся з двума мужчынамі на шакаладку, што выкрыкне "Жыве Беларусь". У выніку, аказалася, што гэтыя мужчыны – міліцыянты ў цывільным.

Суддзя Ярохіна прызнала Міхаіла вінаватым і пакарала яго 30-сутачным арыштам.
‼️«Прыказалі прачытаць гэтыя словы ў РУУСе». Трох затрыманных у Кунцаўшчыне пакаралі суткамі і штрафам

Раніцай 9 верасня ў мінскай Кунцаўшчыне павінен быў адбыцца дваравы Марш з БЧБ-сімволікай. Каля 8.20 відавочцы пабачылі затрыманні, а пазней на праўладных тэлеграм-каналах з'явіліся пакаяльныя відэа з чатырма затрыманымі. На адным з пакаяльных відэа прагучала, што затрымалі пяць чалавек, але ў судзе пакуль разглядзелі справы толькі трох. Высветлілася, што ў Фрунзенскім РУУСе на затрыманых склалі пратаколы па арт. 24.23 КаАП за «ўдзел у несанкцыянаваным вулічным шэсці каля 7:50 9 верасня». Згодна з рапартам міліцыянта, супрацоўнікі міліцыі некаторы час назіралі за шэсцем з БЧБ-сцягамі і толькі потым пачалі затрымліваць удзельнікаў.

Справы Уладзіслава Кубіцкага, Дзмітрыя Палякова і Аляксандры Дончанка разглядзелі ў судзе Фрунзенскага раёна 9 верасня.

24-гадовы Уладзіслаў Кубіцкі сваю віну на судзе не адмаўляў. Суддзя Юлія Блізнюк цікавілася, як Кубіцкі мог не ведаць, што шэсце з «пратэстнай» сімволікай — незконнае:

— Вы разумелі, што дазвол не атрымалі? Што гэта масавае мерапрыемства і яно праводзіцца незаконна, несанкцыянавана? Вам гэта было зразумела?
— Цяпер зразумела, што гэта незаконна.
— А калі Вам гэта стала зразумела?
— Пасля таго, як затрымалі.
А пачынаючы са жнівеньскіх падзеяў мінулага года, Вам, чалавеку з вышэйшай адукацыяй, які чытае, глядзіць навіны, было незразумела і невядома ўсё гэта?
— Цяпер зразумела.

Акрамя гэтага, у матэрыялах справы былі паказанні Уладзіслава, якія ён даваў адразу пасля затрымання: "Я, пасля прызыву вырашыў прыняць удзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве ў выглядзе шэсця, якое павінна было адбыцца па вуліцы Кунцаўшчына ў бок станцыі метро Каменная Горка». Але Кубіцкі на гэта заявіў, што яму «прыказалі прачытаць гэтыя словы ў РУУСе».

🎪Падчас судовага паседжання суддзі нехта патэлефанаваў і яна адказала, што ў яе зараз «палітычны скайп». Вынік — 15 сутак арышту.

41-гадовы Дзмітрый Палякоў — першы, хто з'явіўся ў праўладных тэлеграм-каналах на пакаяльным відэа, якое запісалі наўпрост у бусе. Яго справу разглядзела суддзя Наталля Бугук.

На судзе Дзмітрый адзначыў, што днямі яму прыйшло паведамленне ў тэлеграме з прапановай аб удзеле ў маршы. Раніцай 9 верасня яны з дзяўчынай падыйшлі да 26-й паліклінікі і чакалі пачатку шэсця. Туды пачалі падыходзіць невядомыя людзі у чорным адзенні. Потым да іх падбегла невядомая дзяўчына і раздала БЧБ-сцягі. Праз некалькі хвілін у метрах дзесяці ад сябе, ён заўважыў некалькі людзей, якія шлі ўжо са сцягамі. Яны з дзяўчынай пачалі ісці да групы людзей, але праз два метра іх ужо затрымалі. Суддзя Бугук палічыла віну Палякова даказанай і арыштавала Палякова на 13 сутак.

Справу 37-гадовай Аляксандры Дончанка вяла суддзя Юлія Блізнюк. Аляксандра распавяла, што на Марш ёй прапапаваў схадзіць Дзмітрый Палякоў. Раней яна ў акцыях пратэсту не ўдзельнічала. Суддзя Блізнюк вырашыла задаць дадатковыя пытанні:

— Вам было вядома пра тое, што гэта недзяржаўная сімволіка, і што БЧБ-сцягі ў нас забароненыя?
— Што забароненыя — не ведала.
— Заўтра Палякаў пойдзе на які-небудзь пікет, Вы зноў з ім пойдзеце?
— Не. Заўтра не пойдзе. 13 сутак яму далі.

Па словах Дончанка, яны нават не паспелі прыняць удзел у шэсці, бо іх затрымалі амаль адразу, як яны падыйшлі. У выніку, суддзя Блізнюк прызнала Аляксандру вінаватай і аштрафавала яе на 2610 рублёў (90 базавых велічыняў).

❗️Вядома, што на маршы былі затрыманыя Таццяна Бусел і яе сын Аляксей Бусел, а пасля ператрусу ў іх кватэры быў таксама затрыманы муж і бацька — Сяргей Бусел. Іх справаў учора не было ў судзе Фрунзенкага раёна, таму іх лёс дагэтуль невядомы.
😳«Пікетавала БЧБ-валасамі». Дзяўчыну аштрафавалі на 2320 рублёў за колер валасоў

Раніцай 9 верасня на вуліцы Адзінцова ў Мінску затрымалі 19-гадовую Вікторыю Лёвіну. Міліцыянтам не спадабаўся колер валасоў дзяўчыны, таму яе затрымалі і адвезлі ў Фрунзенскі РУУС. На Вікторыю склалі пратакол па арт. 24.23 КаАП, дзе пазначылі, што яна «правяла пікетаванне, маючы на галаве афарбоўку валасоў бел-чырвона-белага колеру».

Суд над дзяўчынай адбыўся ў той жа дзень у судзе Фрунзенскага раёна. Вікторыя распавяла, што валасы пафарбавала амаль паўгады таму дзеля жарту. Адразу яны былі белыя, а ззаду некалькі пасмаў чырвонага колеру. Але ў дзяўчыны адраслі чорныя карані валасоў, таму яны цяпер маюць афарбоўку «чорна-бел-чырвоную».

Суддзя Наталля Бугук папрасіла па скайпу Лёвіну павярнуцца і паказаць, як выглядае колер валасоў. Суддзя адзначыла, што ў яе «вельмі цікавая і арыгінальная прычоска» і прызнала Вікторыю вінаватай у пікетаванні. Вынік — штраф у памеры 2320 рублёў (80 базавых).

Ілюстрацыя: @katia.sheremetieva
⚡️Трох пенсіянерак пакаралі суткамі за акцыю ў падтрымку Знака і Калеснікавай. У адной з іх ператрус праводзіў КДБ

9 верасня адбыўся ператрус у некалькіх пенсіянерак, якіх судзілі раней за акцыю ў электрычцы. Пасля ператрусу затрымалі 60-гадовую Ірыну Новік, 61-гадовую Наталлю Агейчык і Алу Буянкову. Сёння над пенсіянеркамі адбыўся суд. Справы ўсіх жанчын разглядзеў суддзя Цэнтральнага раёна Дзмітрый Карсюк.

Жанчын абвінавачвалі ва ўдзеле ў несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве 6 верасня на вуліцы Старажоўскай у Мінску. Міліцыянт «Аляксандровіч» на судзе сцвярджаў, што асабіста бачыў дзесяць чалавек у белых цішотках з надпісам «23.34», але запомніў толькі Ірыну, Наталлю і Алу. Па яго словах, жанчын адразу не затрымалі, бо былі вымушаны «паехаць на грамадска-значнае правапарушэнне». У матэрыялы справы далучылі скрыншот з відэа, але на ім усе ўдзельнікі сядзяць спіною. Меркавана, гаворка ідзе пра відэа, якое знялі ў падтрымку Максіма Знака і Марыі Калеснікавай.

Наталля Агейчык
сваю віну не прызнала. Вядома, што ператрус у яе кватэры праводзілі супрацоўнікі КДБ. Жанчына звярнула ўвагу суддзі, што яны так і не знайшлі цішотку, у якой яна нібыта была на акцыі. Суддзя адхіліў яе хадайніцтва аб праглядзе відэа з камер назірання, на якіх бачна, што ў час «правапарушэння» яна размаўляла з суседкай. Вынік — 30 сутак арышту.

Ірына Новік распавяла, што 6 верасня была ў парку з дачкой. Суддзя таксама адхіліў яе хадайніцтва аб праглядзе відэа з камер назірання банку, у які Ірына заходзіла. Карсюк прызнаў вінаватай Новік і арыштаваў яе на 15 сутак.

Ала Буянкова адмовілася даваць паказанні, бо не бачыць у гэтым сэнсу. Суддзя пакараў яе 15-сутачным арыштам.
⚡️Гукарэжысёра і музыку гурта Favourite Mirror збівалі пасля затрымання і катавалі электрашокерам, а потым арышатавалі на 15 сутак

35-гадовага Аляксея Бусла разам з маці Таццянай Бусел затрымалі раніцай 9 верасня падчас «хапуна» на дваравым маршы ў мінскай Кунцаўшчыне. Пазней у праўладных тэлеграм-каналах з’явілася пакаяльнае відэа з хлопцам, якое знялі ў службовым бусе. У кватэры сям’і супрацоўнікі ГУБАЗіКу правялі ператрус, пасля якога затрымалі і бацьку Аляксея. Ноччу Сяргея Бусла ўсё ж такі выпусцілі, а Аляксея і Таццяну пакінулі за кратамі да суда. На іх, як і на астатніх удзельнікаў шэсця, склалі пратакол па арт. 24.23 КаАП за ўдзел у несанкцыянаваным мерапрыемстве.

Іх справы 10 верасня разглядзела суддзя Фрунзенскага раёна Наталля Бугук.

Сваю віну Бусел прызнаў часткова, бо «намер удзельнічаць быў, але ён не быў рэалізаваны, бо мерапрыемства не адбылося».

Аляксей распавёў, што 9 верасня ён прыйшоў на месца збору, дзе планавалася акцыя, пра якую даведаўся з ананімнага паведамлення ў тэлеграме. Па прыбыцці ён зразумеў, што марш пачынаецца. З сабою ў яго быў «дзяржаўны сцяг 1991 года — бел-чырвона-белы». Аляксей дастаў яго з кішэні і накінуў на плечы, але адразу на яго накінуліся невядомыя, якія не прадставіліся. Пасля затрымання Аляксея каля 30 хвілін вазілі па Мінску. Яго адвезлі спачатку ў ГУБАЗіК, далей у Фрунзенскі РУУС, а потым на агляд у кватэру.

❗️Таксама Бусел заявіў пра катаванні супрацоўнікамі ГУБАЗіКу:
«Пасля затрымання ў бусе супрацоўнікі ГУБАЗіКу ўжывалі фізічную сілу. У ГУБАЗіКу было апытанне таксама з ужываннем фізічнай сілы. Везлі ў ГУБАЗіК на падлозе аўтобуса. Часам білі. Нешта пыталіся, нешта адказваў, стымулявалі адказваць ўдарамі і электрашокерам».

Акрамя гэтага Аляксей хацеў распавесці пра агляд кватэры, але суддзя Бугук спыніла, бо «гэта не датычыцца да справы». Негледзячы на заявы пра катаванні і збіццё, суддзя Бугук пакарала музыку 15-сутачным арыштам.

Вядома, што маці Аляксея Таццяну таксама арыштавалі на 15 сутак.
😳«У мяне скайп. У нас тут куча гэтых красаўцаў». Мінская суддзя падчас суда размаўляла па тэлефоне, а потым пакарала мужчыну «суткамі» за БЧБ-налепку на машыне

У судзе Фрунзенскага раёна 9 верасня адбыўся суд над 30-гадовым Аляксандрам Сідарэнкай. Справу яго разглядзела суддзя Юлія Блізнюк.

Аляксандра затрымалі раніцай 9 верасня ў Сухарава пасля скаргі «неабыякавага грамадзяніна». Згодна з рапартам супрацоўніка Фрунзенскага РУУСа, ім патэлефанаваў невядомы і паскардзіўся на БЧБ-налепку на багажніку машыны Сідарэнкі. Міліцыянты хутка зрэагавалі на званок і праз 20 хвілін мужчыну ўжо затрымалі. На яго склалі пратакол па арт. 24.23 КаАП за несанкцыянаванае пікетаванне.

На судзе Аляксандр адмовіўся даваць паказанні і пагадзіўся з пратаколам. Ён толькі сказаў, што налепку размясціў яшчэ ў 2019 годзе. Тады суддзя абурылася:
Калі пачалі па тэлевізары ўсюды казаць, што нельга, што гэта забаронена, Вы не валодалі такой інфармацыяй?
— Не глядзеў тэлевізар.

Падчас судовага паседжання суддзі Блізнюк пателефанавалі і яна пачала размаўляць наўпрост падчас працэсу: «Доўга гаварыць не магу. У мяне скайп. У нас тут куча гэтых красаўцаў».

У выніку, суддзя прызнала вінаватым Аляксандра і арыштавала яго на 15 сутак.
❗️Мужа і жонку пяты раз запар арыштавалі за «экстрэмізм» у прыватнай перапісцы. Агулам сям’я правядзе за кратамі 71 дзень

10 верасня пасля чарговых «сутак» на волю не выйшлі Сяргей Крупеніч і Анастасія Крупеніч-Кандрацьева. З ліпеня на сям’ю ў Ленінскім РУУСе бесперапынна складаюць пратаколы па арт. 19.11 КаАП (распаўсюджванне інфармацыйнай прадукцыі, якая змяшчае заклікі да экстрэмісцкай дзейнасці або прапагандуе такую дзейнасць) за тое, што яны перасылалі ў прыватных паведамленнях адзін адному інфармацыю з «экстрэмісцкіх каналаў». Апошні раз іх арыштавалі 26 жніўня на 15 сутак. Але пасля арышту сям’я так і не выйшла на волю — на іх склалі новыя пратаколы па арт. 19.11 КаАП.

⚖️Справы Сяргея і Анастасіі разглядзела суддзя Ленінскага раёна Юлія Шут, але ў розныя дні: Сяргея — 10 верасня, а Анастасіі — 13 верасня. Іх справы ў раскладзе з’явіліся толькі пасля суда. Вядома, што мужа і жонку зноў асудзілі на 15 сутак кожнага. Агулам суддзі Ленінскага раёна арыштавалі Сяргея і Анастасію на 71 суткі.