"Вясна" назірае
678 subscribers
607 photos
19 videos
341 links
Праваабарончы цэнтр “Вясна” з дапамогай назіральніц і назіральнікаў з Валанцёрскай службы ажыццяўляе маніторынг судовых працэсаў па адміністрацыйных справах.

👀У гэтым канале мы будзем дзяліцца цікавымі кейсамі з судоў.

Наш бот: @viasna_bot
Download Telegram
⚡️⚡️Крычалі "Жыве Беларусь" на канцэрце "Пошлая Молли". Дырэктара івэнт-агенцтва аштрафавалі на 2175 рублёў за парушэнне парадку правядзення канцэрту

8 чэрвеня ў судзе Кастрычніцкага раёна Мінска прайшоў суд над дырэктарам івэнт-агенцтва Антонам Сасноўскім, які арганізоўваў канцэрт групы «Пошлая Молли» 26 траўня. На дырэктара склалі пратакол па ч.2 арт. 24.23 КаАП (парушэнне ўстаноўленага парадку арганізацыі або правядзення масавага мерапрыемства) згодна з якім, «26 траўня з 19:00 да 22:00 Сасноўскі, парушыў парадак арганізацыі і правядзення канцэрта гурта "Пошлая Молли", падчас якога прысутныя грамадзяне выказвалі свой грамадска-палітычны настрой шляхам выкрыквання лозунгаў "Жыве Беларусь!"». Відэа «правапарушэння» выявілі супрацоўнікі міліцыі 30 траўня ў адным з тг-каналаў.

Сасноўскі патлумачыў суддзі Аляксандру Рудэнку, што «дадзены інцыдэнт адбыўся падчас канцэртнай паўзы, якая ўзнікла па прычыне тэхнічнай няспраўнасці і ў той час, калі калектыў арганізатараў займаўся ліквідацыяй дадзенай тэхнічнай няспраўнасці, для таго, каб канцэрт змог працягнуцца і арганізаваць бяспеку гледачоў. Выкрыкі лозунгі наведвальнікаў доўжыліся не больш за 30 секунд і ў поўным аб'ёме трапілі на відэа». Па словах Сасноўскага, за ўсе шэсць гадоў дзейнасці ніколі з гэтым не сутыкаліся і былі цалкам занятыя ліквідацыяй няспраўнасці і не ведалі, як на гэта рэагаваць і якія меры прымаць. Пасля паходу ў РУУС івэнт-агенства атрымала поўныя інструкцыі і рэкамендацыі па ўзаемадзеянні, і наступны канцэрт фірмы, арганізаваны праз тры дні, прайшоў без інцыдэнтаў і ў поўнай адпаведнасці з Законам аб масавых мерапрыемствах і Кодэксам аб культуры.

У выніку, суддзя Рудэнка прызнаў Антона Сасноўскага вінаватым і аштрафаваў на 2175 рублёў (75 базавых велічыняў).
⚡️Жыхарку Калодзішчаў арыштавалі на 6 сутак за БЧБ-стужкі на дрэвах. Падчас ператрусу ў яе канфіскавалі кнігу Святланы Алексіевіч

Каля 16:30 4 чэрвеня 36-гадовая жыхарка Калодзішчаў Наталля Івяндзікава ехала на працу. Але па дарозе яе затрымалі супрацоўнікі міліцыі і разам з ёй паехалі дадому для правядзення ператрусу. Восем супрацоўнікаў праводзілі яго без панятых на працягу двух з паловай гадзін. У Наталлі канфіскавалі ўсю тэхніку, у тым ліку і тэхніку мужа, на якой ён працуе. Акрамя тэхнікі ў жанчыны канфіскавалі кнігу Святланы Алексіевіч і БЧБ-стужкі. Адзін з супрацоўнікаў «бегаў па хаце і крычаў: "Дзе сцяг, дзе сцяг?"». Але БЧБ-сцяг так і не знайшлі. У РАУСе на Наталлю склалі пратакол па арт. 24.23 КаАП за «несанкцыянаванае пікетаванне».

Падставай для затрымання і ператрусу сталі БЧБ-стужкі, якія, па словах міліцыянта «Неўскага», Наталля развешвала на дрэвы а 6 раніцы 4 чэрвеня. Міліцыянт «Неўскі» асабіста з'явіўся 7 чэрвеня ў суд Мінскага раёна, каб сведчыць супраць жанчыны. Ён сцвярджаў, што «бачыў Івяндзікаву раніцай на месцы здзяйснення правапарушэння, але не фатаграфаваў яе дзеянні і правапарушэнне не спыняў». Якое адзенне было на жанчыне, сведка, вядома, не памятае, але «лёгка яе апазнаў»🤷‍♀

Наталля сваю віну не прызнала, бо а 6 раніцы спала і нікуды не выходзіла з хаты. Гэтыя паказанні ў якасці сведкі пацвердзіў і яе муж. Але суддзя Вадзім Казей палічыў віну жанчыны цалкам даказанай і арыштаваў Наталлю на 6 сутак.
⁉️Стаць валанцёрам ці валанцёркай па назіранні ў судах вельмі проста! Як гэта зрабіць?

1. Для гэтага патрэбна некалькі вольных гадзін на дзень. Назіранне адбываецца па буднях з 9.00 да 18.00 у Мінску і іншых гарадах, дзе судзяць затрыманых, але магчыма назіраць толькі частку дня ці нават некалькі гадзін.

2. Запоўні адпаведную форму Валанцёрскай службы «Вясны».

💡Праваабаронцы “Вясны” нагадваюць, што прысутнасць валанцёраў у судзе важна, каб сабраць поўную і дакладную інфармацыю пра сітуацыю на працэсах і пра вынікі судоў. Збор інфармацыі пра рэпрэсіі, якія сёння закранулі большасць беларусаў, вельмі важны для працы праваабаронцаў па маніторынгу парушэння правоў чалавека ў Беларусі.
⚡️⚡️Катаванні ў Фрунзенскім РУУСе працягваюцца: жанчыне пагражалі ўдарыць электрашокерам і заціснуць нос стэплерам, каб яна падпісала пратакол, па якому яе асудзілі на 25 сутак

У пачатку чэрвеня жанчына (яе імя і прозвішча не называецца ў мэтах бяспекі) вярталася дадому, калі разам з ёй у ліфт зайшлі два мужчыны. Ужо на яе паверсе гэтыя мужчыны заявілі, што яны з міліцыі і ідуць да яе, каб правесці ператрус. Па версіі аднаго з супрацоўнікаў міліцыі, жанчына «не пускала іх у кватэру, чым перашкаджала міліцыянерам», за што на яе склалі пратакол па арт. 24.3 КаАП. Падчас ператрусу ў мінчанкі канфіскавалі тэхніку, грошы з гаманца і каштоўнасці. Потым яе адвезлі ў Фрунзенскі РУУС, дзе на жанчыну склалі яшчэ адзін пратакол па арт. 19.1 КаАП (дробнае хуліганства) за тое, што яна падчас допыту нібыта «абразліва паводзіла сябе ў адносінах да супрацоўнікаў, нецэнзурна лаялася, раскідвала паперы на стале і кінула на падлогу аловак».

Жанчына на судзе ўсё адмаўляла. Яна распавяла суддзе Марыі Ярохінай, што ў РУУСе супраць яе з боку міліцыянтаў быў аказаны маральны ціск: ёй пагражалі ўдарыць электрашокерам і заціснуць нос стэплерам. Жанчына дрэнна бачыць, і без акуляраў, якія ёй не дазволілі ўзяць з сабою, не можа нічога прачытаць. Таму яна папрасіла супрацоўнікаў прачытаць пратакол услых, на што атрымала адмову. Каб пазбегчы катаванняў, яна была вымушана падпісаць пратакол.

Відэакамеры на тэрыторыі РУУСа, як звычайна, «не працавалі». Па словах сведкі, нагрудных відэарэгістратараў у міліцыянтаў не было. Але сама жанчына дакладна памятае, што камера ўсё ж такі ў міліцыянта была.

У выніку, суддзя Фрунзенскага раёна Марыя Ярохіна, негледзячы на паказанні жанчыны і заяву пра ціск з боку супрацоўнікаў РУУСа, прызнала яе вінаватай і арыштавала па двух пратаколах на 25 сутак.

‼️Адзначым, што гэта не першае паведамленне праваабаронцам за апошні месяц пра пагрозы і катаванні ў Фрунзенскім РУУСе. Па словах яшчэ адной затрыманай, два тыдні таму ва ўпраўленні жанчыну душылі яе ж шнуркамі і білі электрашокерам, каб прымусіць разблакаваць тэлефон. Суддзі на судовых працэсах на гэта ўвагу не звяртаюць і наадварот прысуджаюць максімальныя «суткі».

Відэа катаванняў падчас жнівеньскіх падзей менавіта з Фрунзенскага РУУС з'явілася ў інтэрнэце.
⚡️⚡️Экс-памочніка пракурора Першамайскага раёна Мінска Яўгена Бабака арыштавалі на 15 сутак

Раніцай 10 чэрвеня, па словах суседзяў, да 29-гадовага Яўгена Бабака прыехала група захопу ў бронекамізэльках, гэтыя людзі ў тамбуры крычалі «адчыняй!», у двары былі два характэрныя бусікі. Пасля ўсяго Яўгена звезлі, а яго кватэру разграмілі. Увечары прэс-сакратарка заявіла, што Бабак затрыманы "супрацоўнікамі міліцыі ў межах адміністрацыйнага працэсу".

Сёння справу былога памочніка пракурора па арт. 24.23 КаАП разглядзела суддзя Маскоўскага раёна Таццяна Мотыль. Яўгена, па класіцы, абвінавацілі ў «пікетаванні шляхам размяшчэння на балконе БЧБ-сцяга».

⚖️Па словах Яўгена, БЧБ-сцяг ён знайшоў 6 кастрычніка, а 10 чэрвеня вырашыў вывесіць яго ў знак пратэсту супраць гвалту. Згодна з рапартам, гэта заўважылі супрацоўнікі ГУБАЗіКу і прыйшлі дадому да Бабака, каб забраць сцяг. Затрымалі яго а 10 раніцы. На судзе ён заявіў, што не бачыць сэнсу ў допыце сведак-міліцыянтаў. Вынік — 15 сутак.
⚡️⚡️«Ён надзеў мне на галаву баксёрскі шлем, сабе – баксёрскія пальчаткі і пачаў біць па галаве…» Мінчук распавёў пра катаванні ў траўні ў Фрунзенскім РУУСе

🔹За апошні месяц праваабаронцам “Вясны” сталі вядомыя тры выпадкі катаванняў і збіцця ў Фрунзенскім РУУСе Мінска. Пасля публікацыі пра пагрозы і катаванні электрашокерам, стэплерам і звычанымі шнуркамі, да нас звярнуўся мінчук, які асабіста сутыкнуўся з гвалтам з боку сілавікоў у РУУСе Фрунзенскага раёна. Аляксандра (яго прозвішча не называецца ў мэтах бяспекі) затрымалі ў пачатку траўня за расклейванне налепак, пасля чаго збівалі і катавалі ў Фрунзенскім РУУСе.

🌿Аляксандр распавёў «Вясна назірае» пра жорсткае затрыманне, збіццё сілавікамі, катаванні ў РУУСе, суд і ўмовы ўтрымання для «палітычных» на Акрэсціна: https://telegra.ph/katavann%D1%96-2021-06-12
❗️З пачатку перадвыбарчай кампаніі ў Беларусі было затрымана па крымінальных і адміністрацыйных справах некалькі дзясяткаў тысяч чалавек. Затрыманні і суды працягваюцца да гэтага часу, таму трэба ведаць свае правы і як імі карыстацца, а таксама, як патрабаваць справядлівага судовага працэса.

🔹На платформе FreedomLab з'явіўся цыкл відэа-лекцый, якія дапамагаюць разабрацца ў міжнародных стандартах справядлівага суда і тлумачаць, чаму патрэбен абаронца і як абараняць сябе самому ці самой.

🔹Таксама платформа FreedomLab запусціла курс і па маніторынгу за судовымі працэсамі, які тлумачыць, чаму важна назіраць за судамі.

*Гэта інфармацыя мусіць быць карыснай для валанцёраў і валанцёрак. А калі вы яшчэ не сталі часткай Валанцёрскай службы, але хочаце, то распавядаем, як гэта зрабіць:

🔺 Патрэбна некалькі вольных гадзін на дзень. Назіранне адбываецца па буднях з 9.00 да 18.00 у Мінску і іншых гарадах, дзе судзяць затрыманых, але магчыма назіраць толькі частку дня ці нават некалькі гадзін.

🔺 Запоўні адпаведную форму Валанцёрскай службы «Вясны».

💡Праваабаронцы “Вясны” нагадваюць, што прысутнасць валанцёраў у судзе важна, каб сабраць поўную і дакладную інфармацыю пра сітуацыю на працэсах і пра вынікі судоў. Збор інфармацыі пра рэпрэсіі, якія сёння закранулі большасць беларусаў, вельмі важны для працы праваабаронцаў па маніторынгу парушэння правоў чалавека ў Беларусі і для прызнання людзей палітзняволенымі.
⚡️⚡️«Ён дастаў белую каністру з вадкасцю і сказаў: Гэта кіслата. Ты калі-небудзь адчуваў, як плавіцца скура?» Чарговае сведчанне катаванняў у Фрунзенскім РУУСе ў траўні

Праваабаронцы "Вясны" працягваюць фіксаваць і дакументаваць гісторыі катаванняў і збіцця, якія зараз актыўна выкарыстоўваюць супрацоўнікі Фрунзенскага РУУСа Мінска ў дачыненні да беларусаў за іх грамадска-палітычную актыўнасць. Пацярпелыя распавядаюць пра ўсё новыя і новыя «метады працы», якія выкарыстоўваюцца ў РУУСе Фрунзенскага раёна: удушэнне шнуркамі, і збіццё ў баксёрскіх пальчатках, паяльнік і электрашокер.

🔺На гэты раз хлопец, які сутыкнуўся з жорсткасцю ў Фрунзенскім РУУСе, распавёў "Вясне назірае" пра новыя спосабы катаванняў, а таксама пра ўмовы ўтрымання на Акрэсціна і сваіх сукамернікаў: https://telegra.ph/spyn%D1%96ce-gvalt-06-15

📲Калі вы гатовыя падзяліцца з намі вашай гісторыяй, то напішыце нам у бот: @viasna_bot
‼️Шукаем назіральнікаў і назіральніц за судамі ў Брэсце!

Горад Брэст займае другое месца па колькасці палітзняволеных у Беларусі. Суды там праходзяць у канвеерным парадку — дзясяткі людзей судзяць па "палітычных" справах цэлымі партыямі.

У сувязі з будучымі летнімі вакацыямі і адпычынкамі, свой вольны час вы маглі бы правесці з карысцю для грамадства — за назіраннямі ў судах. Вельмі важна праманіторыць як мага больш судоў, у тым ліку, у сувязі з хуткай магчымай амністыяй.

📌Далучыцца да назірання ў судах вельмі проста:

🔹Вам ужо споўнілася 16 гадоў.

🔹У Вас ёсць некалькі вольных гадзін на дзень. Назіранне адбываецца па буднях з 9.00 да 18.00 у Мінску і іншых гарадах, дзе судзяць затрыманых, але магчыма назіраць толькі частку дня ці нават некалькі гадзін.

🔹 Запоўніць адпаведную форму Валанцёрскай службы «Вясны».

💡Праваабаронцы “Вясны” нагадваюць, што прысутнасць валанцёраў у судзе важна, каб сабраць поўную і дакладную інфармацыю пра сітуацыю на працэсах і пра вынікі судоў. Збор інфармацыі пра рэпрэсіі, якія сёння закранулі большасць беларусаў, вельмі важны для працы праваабаронцаў па маніторынгу парушэння правоў чалавека ў Беларусі і для прызнання людзей палітзняволенымі.
⚡️⚡️Студэнта, якога затрымалі за дзень да абароны дыплому, арыштавалі на 15 сутак

23-гадовы Сяргей Верамяюк — студэнт пятага курсу БНТУ. Яго затрымалі днём 14 чэрвеня каля інтэрнату. На наступны дзень хлопец павінен быў абараніць дыплом. Па пратаколе па арт. 24.3 КаАП, Сяргей аказаў непадпарадкаванне супрацоўніку міліцыі, адмовіўшыся прайсці ў службовы аўтамабіль для «ўстанаўлення асобы».

16 чэрвеня справу студэнта разглядзела суддзя Марына Фёдарава ў судзе Савецкага раёна. Сяргей распавёў суду, што прыехаў да інтэрнату, бо на наступны дзень трэба было абарараняць дыплом. Каля ўвахода яго сустрэлі два незнаёмых у цывільным і прапанавалі прайсці з імі. Ён пагадзіўся і пайшоў дабраахвотна. Студэнт сцвярджае, што міліцыянт, які ў судзе выступіў у якасці сведкі, яго не затрымліваў. Таксама Верамяюк растлумачыў, што непадпарадкаванне не аказваў і «хоча толькі абараніцца і з'ехаць дадому ў Брэст».

⚖️Суддзя Фёдарава за 10 хвілін разглядзела справу хлопца і палічыла, што доказаў віны дастаткова, таму арыштавала Сяргея на 15 сутак.
⚡️⚡️Яшчэ аднаго студэнта БНТУ арыштавалі на 15 сутак

Студэнта БНТУ Дзмітрыя Крывецкага затрымалі 16 чэрвеня каля 11:00 наўпрост ва ўніверсітэце адразу пасля абароны дыплома. Да яго падышлі два чалавекі ў масках і сказалі аддаць тэлефон. Яшчэ двое чакалі Дзіму на лесвіцы. Са словаў аднагрупнікаў, перад затрыманнем адзін з невядомых падышоў да выкладчыка заўзятага Уладзіміра Пятровіча і "нешта яму сказаў". У выніку Дзмітрыя адвялі чацвёра невядомых, а потым адвезлі ў Фрунзенскі РУУС і склалі пратакол па арт. 24.23 КаАП. Дома ў яго правялі ператрус.

Па пратаколу, студэнт «4 чэрвеня прыняў удзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве на вуліцы Прытыцкага, у якім усе ўдзельнікі трымалі БЧБ-сцягі, выкрыквалі лозунгі і паказвалі жэсты».

У матэрыялах справы ёсць фотаздымак з удзельнікамі мерапрыемства. Сведка-міліцыянт на судзе сцвярджаў, што асабіста бачыў Крывецкага сярод астатніх.

Суддзя Фрунзенскага раёна Юлія Чыж арыштавала хлопца на 15 сутак.
⚡️⚡️Былую студэнтку БДМУ арыштавалі на 15 сутак. Пасля затрымання яе трымалі ў «стакане» 4 гадзіны

16 чэрвеня каля суда Маскоўскага раёна затрымалі былую студэнтку БДМУ Марыю Алешка, якую адлічылі пасля забастоўкі 26 кастрычніка. Дзяўчына прыйшла на суд студэнткі БДМУ з Міністэрствам аховы здароўя з нагоды недапушчальнасці платных адпрацовак, а ўжо на выхадзе з будынка суда яе сустрэлі два супрацоўніка міліцыі і прапанавалі прайсці з імі.

17 чэрвеня Марыю судзіў Сяргей Кацар у судзе Маскоўскага раёна па арт. 19.1 КаАП (дробнае хуліганства).

На судзе Алешка распавяла, што ў Маскоўскім РУУСе патрабавала вызваць адваката, але ёй адказалі: "Адваката мы Вам не дазволім". Таксама Марыя заявіла пра пагрозы з боку супрацоўнікаў і пра тое, што яе трымалі ў «стакане» 4 гадзіны. Затрымалі дзяўчыну нібыта для «прафілактычнай гутаркі», якая так і не адбылася «з-за паводзін Марыі». Згодна з пратаколам, дзяўчына ў актавай залі «гучна крычала, неаднаразова ўскоквала з крэсла, нахабна і агрэсіўна сябе вяла». Ноччу яе адвезлі на Акрэсціна.

🤡У рапарце сведкі-міліцыянта было напісана, што відэакамер у залі, дзе дзяўчына "хуліганіла", не было, але на судзе ён заблытаўся і сказаў, што ўсё ж такі былі🤷‍♀

У выніку, суддзя Сяргей Кацар прызнаў Алешка вінаватай і арыштаваў на 15 сутак.
⚡️⚡️⚡️Затрыманых гледачоў на спектакле «Белы трусік, Чырвоны трусік» караюць 15-сутачнымі арыштамі

16 чэрвеня ў Чырвоным Дворыку павінна была адбыцца прэм’ера спектаклю «Белы трусік, Чырвоны трусік». Праз некалькі хвілін пасля пачатку туды прыйшлі супрацоўнікі міліцыі і затрымалі каля васьмі гледачоў і сяброўку Каардынацыйнай Рады Аксану Зарэцкую, якая арганізавала прагляд спектаклю. Затрыманых адвезлі ў Цэнтральны РУУС, дзе на ўсіх склалі пратаколы за нібыта непадпарадкаванне супрацоўнікам міліцыі па арт. 24.3 КаАП. Увечары чатырох жанчын, у якіх ёсць непаўнагадовыя дзеці, выпусцілі с пратаколамі да суда, а астатніх перавялі на Акрэсціна.

17 чэрвеня справы гледачоў спектакля разглядзелі ў судзе Цэнтральнага раёна. Справы 34-гадовага Мікіты Раманкіна і 25-гадовай Аліі Саед разглядзеў суддзя Аляксандр Петраш. Ён арыштаваў мінчукоў на 15 сутак кожнага.

Справу 48-гадовай Святланы Мяшчанінавай разглядаў суддзя Дзмітрый Карсюк. Жанчыну, як і іншых, абвінавацілі ў тым, што «на тэрыторыі РУУСа каля 19:40 Святлана аказала непадпарадкаванне супрацоўніку міліцыі». Па словах Святланы, Аксана Зарэцкая запрасіла яе на сяброўскую сустрэчу для прагляду спектакля, у якім у яе адбыўся дэбют у якасці актрысы. Жанчына патлумачыла, што «прыйшла каля 18:30 на вуліцу Рэвалюцыйную і чакала пачатку пастаноўкі, але, як толькі на маніторы ўключыўся спектакль, адразу прыйшлі мужчыны ў цывільным і паставілі ўсіх тварам да сцяны». Мяшчанінава сцвярджае, што добраахвотна прайшла за супрацоўнікамі і ніхто з затрыманых непадпарадкаванне супрацоўнікам не аказваў. Яна звярнула ўвагу суддзі, што супрацоўнікі здымалі ўсё на відэа, якое магло б пацвердзіць яе словы.

Сведка-міліцыянт на судзе сцвярджаў, што «ім паступіла інфармацыя аб магчымам несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве на вуліцы Рэвалюцыйная 7а, таму прысутных затрымалі для "ўстанаўлення асобы", але на тэрыторыі РУУСа Святлана «адмовілася прайсці, упіралася і чаплялася за яго руку». Па словах міліцыянта, відэакамер у іх не было.

Для суддзі Дзмітрыя Карсюка доказаў віны хапіла, таму ён пакараў Мяшчанінаву 15-сутачным арыштам.

Чакаецца суд над яшчэ адным затрыманым.
⚡️⚡️Актывіста ініцыятывы "Честные люди" арыштавалі на 15 сутак. Ён быў затрыманы на прэм'еры спектаклю «Белы трусік, Чырвоны трусік»

40-гадовага Цімура Газізава затрымалі 16 чэрвеня на прэм'еры спектаклю Аксаны Зарэцкай. 18 чэрвеня яго справу разглядзеў суддзя Цэнтральнага раёна Дзмітрый Карсюк.

Актывіста, як і астатніх гледачоў, абвінавацілі ў непадпарадкаванні супрацоўніку міліцыі на тэрыторыі РУУСа па арт. 24.3 КаАП, але першапачаткова іх затрымалі па арт. 24.23 КаАП. Цімур сваю віну адмаўляе.

Па словах Газізава, ён ішоў на сустрэчу да сваёй знаёмай на Рэвалюцыйную, 7А на прагляд спектаклю. Пасля таго, як ён падняўся на другі паверх, ён убачыў вялікую колькасць людзей. Невядомыя ў цывільным адразу яму сказалі стаць да сцяны разам з астатнімі і забралі ўсю тэхніку ў прысутных. Актывіст сцвярджае, што непадпарадкавання ён не аказваў і ішоў у РУУС дабравольна.

Усе хадайніцтвы ад адваката і Цімура суддзя Карсюк адхіліў. У выніку, суддзя пастанавіў арыштаваць мужчыну на 15 сутак.
⚡️⚡️Двух студэнтаў арыштавалі на 20 сутак за рэпост з экстрэмісцкага канала, значок з Пагоняй і непадпарадкаванне міліцыянтам

⚖️16 чэрвеня затрымалі студэнтку БНТУ Марыю Карытка. Каля 12:30 да яе падышлі супрацоўнікі міліцыі и папрасілі паказаць дакументы, а потым запатрабавалі прайсці з імі. У службовай машыне каля Савецкага РУУСа дзяўчыне далі на подпіс два пратаколы: па ч.2 арт. 19.11 КаАП (распаўсюд інфармацыйнай прадукцыі, уключанай у рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў) і па 24.3 КаАП (непадпарадкаванне супрацоўнікам міліцыі). Суткі дзяўчыну трымалі ў РУУСе, а потым перавялі на Акрэсціна.
18 чэрвеня па рашэнні суддзі Савецкага раёна Сяргея Шацілы студэнтку арыштавалі на 20 сутак.

⚖️Таксама 16 чэрвеня затрымалі яшчэ аднаго студэнта сталічнага ўніверсітэта – Дзмітрыя Савасцеенку. Хлопца затрымалі наўпрост падчас пары. "Неабыякавы грамадзянін" націснуў трывожную кнопку з-за значка з Пагоняй на заплечніку Дзмітрыя. Але пратаколы ў Савецкім РУУСе на студэнта склалі за "размахванне БЧБ-сцягам" і "непадпарадкаванне міліцыянтам". У выніку, 18 чэрвеня суддзя Сяргей Шаціла прызнаў Дзмітрыя вінаватым па арт. 24.23 і 24.3 КаАП і пакараў яго 20-сутачным арыштам.
⚡️⚡️40 сутак запар. Экс-міліцыянта Ягора Емяльянава не выпусцілі з Акрэсціна і арыштавалі трэці раз

Сёння ў трэці раз арыштавалі былога міліцыянта Ягора Емяльянава, які адмовіўся ў жніўні ўдзельнічаць у падаўленні пратэстаў у Наваполацку і звольніўся з міліцыі.

У гэтую суботу, 19 чэрвеня, Ягора павінны былі вызваліць пасля 30-сутачнага арышту, але яго перазатрымалі. 21 чэрвеня ў судзе Савецкага раёна справу былога міліцыянта разглядзеў суддзя Аляксандр Волк. У гэты раз на былога міліцыянта склалі пратакол па арт. 23.4 КаАП (непадпарадкаванне). Па пратаколе, калі Емяльянава вывезлі з ІЧУ ў Савецкае РУУС, то там ён "аказаў непадпарадкаванне службовай асобе, не хацеў выходзіць з машыны, упіраўся нагамі, хапаўся рукамі".

Сведка-міліцыянт "Бельскі" на судзе падчас допыту наўпрост прачытаў свае паказанні з пратаколу. На судзе Емяльянаў прызнаў віну і раскаяўся.

"Я зрабіў гэта з-за свайго псіхічнага становішча пасля ізаляцыі, бо вельмі баяўся, што мяне зноў пакараюць. За час знаходжання за кратамія зразумеў дзе я хачу быць, дзе я хачу жыць, не парушаць закон", — сказаў на судзе 21 чэрвеня Ямельянаў.

У выніку, суддзя Волк пакараў яго 10-сутачным арыштам. Агулам на "сутках" былы міліцыянт правядзе 40 сутак.

Цалкам гісторыю пераследа Ягора Емяльянава можна прачытаць па спасылцы.
⚡️⚡️«Выкруцілі вочка ў кватэру і запусцілі газ». У суботу ў Серабранцы затрымалі цэлую сям'ю

19 чэрвеня супрацоўнікі міліцыі прыйшлі у кватэру сям'і Скаргі. Папярэдняя прычына зацікаўленасці міліцыі — налепка Пагоня на акне ў пакоі дачкі Яны.

Як распавялі суседзі сям'і, у момант прыходу супрацоўнікаў міліцыі дома быў адзін бацька — Алег Скарга. Сілавікі з выкарыстаннем спецсродкаў адкрылі дзверы ў кватэру.

"У пад'ездзе быў стук і крыкі. Яны [сілавікі] патрабавалі, каб ім адкрылі дзверы, казалі, што ёсць пастанова. Пазней бацькі вывелі. Яна [дачка] у гэты час у інстытуце здавала іспыт. Сілавікі выкруцілі вочка ў кватэру і запусцілі газ — так прымусілі адчыніць дзверы", — распавядаюць суседзі.

Жонка Святлана Скарга паехала ў РУУС Ленінскага раёна, каб высветліць абставіны здарэння і даведацца, што з яе мужам. Калі яна туды прыехала, то яе таксама затрымалі. Супрацоўнікі міліцыі патэлефанавалі дачцэ Яне з тэлефона Святланы і сказалі, што маму не выпусцяць, пакуль яна не прыедзе. Яна паехала ў Ленінскае РУУС, дзе яе таксама затрымалі. У гэты час жанчыну павезлі на ператрус у кватэру.

Раніцай у нядзелю 20 чэрвеня Яна патэлефанавала знаёмай і папрасіла аб сустрэчы, каб забраць тэлефон. На сустрэчу з дзяўчынай пайшоў малады чалавек — Андрэй Ярошкін. Хлопца затрымалі — на месцы сустрэчы былі супрацоўнікі міліцыі.

⚖️21 чэрвеня прайшлі суды ў судзе Ленінскага раёна над Алегам Скаргай і Андрэем Ярошкіным. Андрэя асудзілі на 15 сутак, меркавана, па артыкуле 19.3 КаАП (з'яўленне ў грамадскім месцы ў стане ап'янення).

⚖️Справу Алега Скаргі разглядала суддзя Ленінскага раёна Інчына. На мужчыну склалі два пратаколы — ч. 1 арт. 24.23 і арт. 24.3 КаАП. На працэс прыйшлі асабіста два супрацоўнікі Ленінскага РУУС, каб даць паказанні сведак супраць мужчыны. На судзе мужчына заявіў, што раскайваецца і прызнае віну. У выніку, Інчына адправіла справу на "дапрацоўку".

Паводле папярэдняй інфармацыі, усіх членаў сям'і Скаргі выпусцілі на свабоду. Андрэй Ярошкін адбывае 15-сутачны арышт.

❗️UPD: Стала вядома, што Алега Скаргу сёння асудзілі па двух пратаколах: па арт. 24.3 і 24.23 КаАП. Суддзя Інчына арыштавала мужчыну на 25 сутак.
❗️Жыхароў Маладзечна арыштавалі на 15 і 25 сутак за нядзельную акцыю

20 чэрвеня ў Маладзечне ля камяня «Пакутнікам за волю і незалежнасць Беларусі» затрымалі шэсць чалавек. Каля 14:00 у маладзечанскі парк прыехалі міліцыянты, некаторыя з якіх былі ў цывільным. Супрацоўнікі міліцыі затрымалі дваіх журналістаў «Рэгіянальнай газеты», аднаго мужчыну, траіх жанчын і адвезлі іх ў РАУС. Дваіх жанчын, у якіх ёсць непаўнагадовыя дзеці, адпусцілі з аддзялення яшчэ ў нядзелю. На ўсіх затрыманных склалі пратаколы па арт. 24.23 КаАП за ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве.

⚖️Як паведамляе «Рэгіянальная газета», у судзе Маладзечанскага раёна ўжо разглядзелі справы дваіх маладзечанцаў. У выніку, за нядзельную акцыю Пятра Дыка арыштавалі на 15 сутак, а Жанну Пілючонак — на 25 сутак.
⚡️Мінчука арыштавалі на 14 сутак за скрыншот з экстрэмісцкага канала

А 7 раніцы 23 чэрвеня дадому да 32-гадовага Сяргея прыйшлі супрацоўнікі міліцыі. Падставай для яго затрымання стала публікацыя ў сацыяльных сетках скрыншота з экстрэмісцкага канала. Мужчыну даставілі ў Ленінскае РУУС і склалі пратакол па арт. 19.11 КаАП (распаўсюд інфармацыйнай прадукцыі, уключанай у рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў).

⚖️24 чэрвеня справу мінчука разглядзела суддзя Марына Клімчук. Мужчына на судзе заявіў, што хварэе на астму. У выніку, суддзя прызнала Сяргея вінаватым і арыштавала яго на 14 сутак.
⚡️«З’явіліся дэструктыўныя паводзіны». На 15 сутак арыштавалі жанчыну, якую затрымалі перад судом над Бабарыкам

58-гадовую Таццяну Пятруковіч затрымалі 24 чэрвеня перад пачаткам суда над Віктарам Бабарыкам. У сумцы жанчыны знайшлі БЧБ-налепкі, таму супрацоўнікі затрымалі жанчыну і адвезлі ў Маскоўскае РУУС. Але там на Тяццяну склалі пратакол за дробнае хуліганства па арт. 19.1 КаАП.

Справу Пятруковіч 25 чэрвеня разглядзела суддзя Маскоўскага раёна Таццяна Мотыль. Па пратаколу, жанчына «падчас прафілактычнай гутаркі гучна крычала, размахвала рукамі, нецэнзурна лаялася, ускоквала з крэсла, на зробленую заўвагу спыніць супрацьпраўныя дзеянні не рэагавала». Таццяна скрозь слёзы гэта адмаўляе, бо нават «ніколі ў жыцці не лаялася».

«Я знаходзілася ў РУУСе, куды мяне прывезлі на прафілактычную гутарку, і гэта немагчыма, каб я мацюкалася або ўскоквала, бо адзінае, што я рабіла — плакала. Пратакол не складалі, а выдалі толькі папярэджанне, што гутарка ўжо адбылася, у якой я распісалася, і тады яна пачалася», — тлумачыла Тяццяна суддзі.

Падчас гутаркі міліцыянты пыталі ў жанчыны, «ці ведае яна палітыку дзяржавы і што такое БЧБ-сцяг». Сведка Іваноў Іван Іванавіч на судзе заявіў, што «ў Пятруковіч з'явіліся дэструктыўныя паводзіны, яна ўставала з крэсла».

🤡З тлумачэння сведкі Іванова:
«Я яе не затрымліваў, а на гутарку яе прывялі іншыя супрацоўнікі. Я пачаў ёй тлумачыць, што яна ўжо прыцягвалася па арт. 23.34 КаАП, а яна пачала крычаць, што не згодная. Пятруковіч мяне перабівала, павышала тон, дэструктыўна паводзіла сябе і была недастаткова ветлівая. Відэарэгістратара пры сабе не было, бо ён ляжаў у машыне. Прафілактычная гутарка была сарваная, таму я не паспеў запоўніць пратакол. У мяне рыбіна памяць, таму я не запомніў ва што Пятруковіч была апранутая і не ведаю, які ў яе рост, бо лінейкі з сабою не было».

Таксама Таццяна заявіла, што пратакол не чытала, бо ёй не далі акуляры, нягледзячы на неаднаразовыя просьбы.

⚖️Суддзя Мотыль палічыла віну Таццяны цалкам даказанай, таму пакарала яе 15-сутачным арыштам.