"Вясна" назірае
685 subscribers
602 photos
19 videos
338 links
Праваабарончы цэнтр “Вясна” з дапамогай назіральніц і назіральнікаў з Валанцёрскай службы ажыццяўляе маніторынг судовых працэсаў па адміністрацыйных справах.

👀У гэтым канале мы будзем дзяліцца цікавымі кейсамі з судоў.

Наш бот: @viasna_bot
Download Telegram
This media is not supported in your browser
VIEW IN TELEGRAM
⚡️"Біць нельга!" За пікет у падтрымку палітзняволеных судзяць Адама Бяляцкага

Увечары 13 траўня каля метро «Каменная горка» затрымалі Адама Бяляцкага. Хлопец выйшаў на адзіночны пікет, каб падтрымаць палітзняволеных журналістак Дар’ю Чульцову і Кацярыну Андрэеву, а таксама палітзняволеную шматдзетную матулю Вольгу Залатар. На яго склалі пратакол па ч.1 арт. 24.23 КаАП. Да суда яго змясцілі ў ізалятар на Акрэсціна.

14 траўня яго справу накіравалі суддзе Фрунзенскага раёна Марыі Ярохінай.

❗️Падчас суда, які праходзіў анлайн, узніклі праблемы з сувяззю. Адпаведна, ён не пачуў пытання суддзі і маўчаў у адказ. У гэты момант ахоўнік ударыў яго так, каб не было відаць на відэа. Назіральнік, які ў гэты час быў у судовай залі, пачуў, як Адам сказаў ахоўніку: "Біць нельга!", а затым заявіў пра гэта суддзі. Суддзя Марыя Ярохіна ніякім чынам не адрэагавала на заяву арыштаванага.

Суд працягваецца.
⚡️Пенсіянерку судзяць за тое, што яна нібыта ўсталявала БЧБ-сцяг на надмагіллі Васіля Быкава. Справу адправілі на дапрацоўку

14 траўня суддзя Першамайскага раёна Анастасія Ляйкоўская разглядзела справу 61-гадовай Ірыны Карнеевай. Яна прыйшла на суд па позве. Згодна з пратаколам, Ірына Ігараўна "прыняла актыўны ўдзел у пікетаванні, усталяваўшы БЧБ-сцяг на надмагіллі Васіля Быкава". За гэта Ірыну затрымалі наўпрост на могілках, а ў Першамайскім РУУСе на яе склалі пратакол па ч.3 арт. 24.23 КаАП.

На судзе Ірына патлумачыла, што добра памятае дзень пахавання Быкава, калі яго труну накрылі БЧБ-сцягам. Таму яна вырашыла завязаць кветкі стужкамі менавіта гэтай расфарбоўкі. Да магілы пісьменніка жанчына 9 траўня ўсклала тры чырвоных цюльпана.

Па словах Ірыны, сцяг яна не ўсталёўвала, а толькі ўсклала кветкі. Яна лічыць гэта выразам сваёй павагі, а не пікетаваннем. Пенсіянерка знаходзілася каля надмагілля толькі 5 хвілін. У гэты момант да Карнеевай падышлі два супрацоўніка міліцыі і адвялі ў службовую машыну. Па дарозе ў яе пыталіся, ці ведае яна пра акцыю, на што Ірына адказала адмоўна.

🤡У суд асабіста прыйшоў і сведка-міліцыянт, які пацвердзіў, што Ірына ўсталявала сцяг і распавядаў суду пра заклікі ў дэструктыўных тг-каналах. Таксама пры затрыманні сведка прапанаваў жанчыне забраць кветкі для доказу яе віны, але ў пратаколе напісалі толькі пра БЧБ-сцяг🤷‍♀

Ірына каля надмагілля Быкава пазнаёмілася з мужчынам, які асабіста ведаў пісьменніка. У момант іх гутаркі і адбылося затрыманне, таму жанчына папрасіла знаёмага прыйсці ў суд у якасці сведкі. На судзе ён пацвердзіў, што ніякай сімволікі Карнеева не ўскладала.

Пенсіянерка паспрабавала звярнуцца да сведкі-міліцыянта:
– Я хацела б даведацца, што адчувае чалавек, які хлусіць суду?
– Пытанне здымаецца.


Сведка-міліцыянт суду пацвердзіў, што затрымліваў жанчыну каля 19 гадзін, але ў пратаколе гаворка ідзе пра 16 гадзін. У Ірыны атрымалася даказаць, што ў 16:00 яна знаходзілася ў іншым месцы, дзякуючы чэку.

Адвакат жанчыны звярнуў увагу суда на характэрныя памылкі ў пратаколе і дадаў, што пытанні аб кветках і стужках ніяк не адносяцца да справы, бо Ірыну абвінавачваюць канкрэтна ў устанаўленні сцяга. Пасля тлумачэнняў адваката суддзя Ляйкоўская вырашыла вярнуць справу на дапрацоўку.
"Вясна" назірае
⚡️Стэндапера, які ў нядзелю наведаў праўладны мітыніг ва Уруччы, арыштавалі на 15 сутак Увечары 27 красавіка супрацоўнікі Першамайскага РУУСа затрымалі 31-гадовага стэндапера Цярэнція Марыніча. На хлопца склалі пратакол за дробнае хуліганства па арт. 19.1…
⚡️Стэндаперу, які 25 красавіка наведаў праўладны мітыніг ва Уруччы, дадалі яшчэ 15 сутак

Увечары 27 красавіка супрацоўнікі Першамайскага РУУСа затрымалі 31-гадовага стэндапера Цярэнція Марыніча. На хлопца склалі пратакол за дробнае хуліганства па арт. 19.1 КаАП, якое ён нібыта здзейсніў ужо на тэрыторыі РУУСа. За гэта суддзя Першамайскага РУУСа Анастасія Ляйкоўская арыштавала Марыніча на 15 сутак.

15 траўня стала вядома, што Цярэнція таемна асудзілі 10 траўня ў выходны дзень ужо па новаму пратаколу па арт. 19.10 КаАП (Прапаганда ці публічная дэманстрацыя, выраб, распаўсюд нацысцкай сымволікі ці атрыбутыкі). Вынік – 15 сутак.

Агулам на "сутках" стэндапер правядзе амаль месяц.
"В РУУСе сказалі, што мяне пасадзяць за тое, што я выгадавала такую дачку". Таццяну Міхайлаву арыштавалі на 15 сутак

13 траўня стала вядома, што дадому да 56-гадовай Таццяны Міхайлавай зноў прыйшлі супрацоўнікі міліцыі. Яе затрымалі за ўскладанне кветак каля Камароўскага рынку, але жанчына гэта адмаўляе.

Пасля затрымання Міхайлаву даставілі ў Савецкае РУУС і склалі пратакол па арт. 24.23 КаАП - несанкцыянаванае пікетаванне. У пратаколе пазначылі, што 12 траўня на вуліцы В. Харужай Таццяна "прыняла актыўны ўдзел у пікетаванні, усклаўшы кветкі на пляцоўцы ля цэнтральнага ўваходу ў Камароўскі рынак".

Жанчына сцвярджае, што ў гэты час яна была ў сябе дома і ўдзел у пікетаванні не прымала. Таму суддзя Сяргей Шаціла пацікавіўся, у сувязі з чым на яе тады склалі пратакол. Таццяна выказала здагадку, што гэта можа быць звязана з яе дачкой:

– У красавіку да нас прыязджалі супрацоўнікі міліцыі і шукалі маю дачку, якая нібыта ўдзельнічала ў "прагулцы з парасонамі". Яе не знайшлі, таму прапанавалі мне праехаць з імі, а ўжо ў Цэнтральным РУУС мне сказалі, што мяне пасадзяць за тое, што я выгадавала такую дачку. Але ёй ужо 30 гадоў, яна дарослы чалавек і самастойна прымае рашэнні. Пратакол мне тады не паказалі, што ставіцца ў віну не казалі. І толькі на судзе я даведалася, што мяне абвінавачваюць у непадпарадкаванні, калі я ішла ад дома да машыны: быццам я чаплялася і ўпіралася. Гэта няпраўда, але цяпер гэта ўсё роўна, так? І цяпер я думаю, што яны прыехалі да мяне дадому, бо я ўжо дзесьці засвяцілася. Пыталіся, дзе Юля, але яе не было, таму мне прапанавалі праехаць з імі.

На суд з'явіўся сведка-міліцыянт "Бельскі", які ў гэты момант знаходзіўся побач з затрыманай у ІЧУ. Паводле яго словаў, ён асабіста назіраў, як жанчыны ў белым ўсклалі кветкі, пасля чаго спусціліся ў пераход і знялі маскі і хусткі – так ён і апазнаў Таццяну. Ён растлумачыў, што змог запомніць твары сямі з дзесяці жанчын, на што адвакат спытаў, ці маецца ў яго пасведчанне аб звышнатуральных здольнасцях. "Бельскі" адказаў, што ён звычайны чалавек.

Муж Таццяны таксама пацвердзіў суду, што яна ўвесь дзень правяла ў агародзе і нікуды не сыходзіла.

У пратаколе было шмат памылак, якія не выправілі нават пасля дапрацоўкі. У справе адсутнічалі доказы віны, непасрэднага ўдзелу Таццяны ў пікетаванні і нават яе фактычнага знаходжання ў Мінску. Але 15 траўня суддзя Шаціла не звярнуў на гэта ўвагу і арыштаваў Таццяну Міхайлаву на 15 сутак.

@belsat раней зрабіў відэа пра сям’ю Міхайлавых:
https://youtu.be/78hCN9Ygq-U
⚡️⚡️11 і 12 сутак. Прайшлі першыя суды над затрыманымі раварыстамі на Цнянскім вадасховішчы

Каля 17:50 16 траўня на Цнянскім вадасховішчы ў Мінску затрымалі групу раварыстаў. Паводле інфармацыі відавочцаў, затрымалі больш за 10 чалавек. Вядома, што людзей на чатырох мікрааўтобусах павезлі ў Савецкае РУУС «для высвятлення».

Вядома, што затрыманыя — удзельнікі MINSK FIXED GEAR. Учора ў гэтым месцы павінен быў адбыцца Toure de Tsna. Вядома, што адзін чалавек быў затрыманы за майку «АнтиЛукашенко».

Сёння на судзе стала вядома, што ўсіх затрыманых абвінавачваюць «ва ўдзеле ў несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве, шляхам выкрыквання лозунгу "Жыве Беларусь"». На ўсіх раварыстаў склалі пратаколы па арт. 24.23 КаАП.

Суддзя Савецкага суда Сяргей Шаціла 17 траўня разглядзеў справы 20-гадовага Бахціяра Муратава і 18-гадовага Рамана Лапіча.

Сваю віну хлопцы не прызналі. Па словах Лапіча, спачатку да іх прыехаў адзін бус і затрымалі хлопца ў майцы. Тады астатнія ўдзельнікі спыталі ў супрацоўнікаў АМАПа, ці могуць яны тут застацца. Супрацоўнікі дазволілі, а самі з'ехалі. Праз 20 хвілін яны вярнуліся, агледзелі сумкі і запісалі дадзеныя раварыстаў. Але потым прыехалі яшчэ бусы і ўсіх раварыстаў затрымалі. Бахціяр таксама пацвердзіў, што ніякай сімволікі не было, а лозунгаў яны не выкрыквалі.

У выніку, суддзя Шаціла арыштаваў Бахціяра Муратава на 11 сутак, а Рамана Лапіча12 сутак. Ровары хлопцаў арыштаваныя.

Чакаюцца суды над астатнімі раварыстамі.
⚡️Арт-мэнэджэрку Ксенію Тырсікаву арыштавалі на 15 сутак

Ксенію затрымалі дома ўвечары 14 траўня і абвінавацілі адразу па двум пратаколам: па арт. 24.23 і арт. 24.3 КаАП за тое, што яна нібыта ўсклала кветкі каля Камароўскага рынку.

17 траўня суддзя Савецкага раёна Алена Жуковіч арыштавала Тырсікаву па двух пратаколах на 15 сутак.
⚡️Студэнтку, якую затрымалі за БЧБ-налепку на ноўтбуку, аштрафавалі на 2900 рублёў

Затрыманне 19-гадовай Віялеты Людчык адбылося 15 траўня на фестывалі BSU FEST. На ўваходзе пры аглядзе рэчаў яе спынілі, бо на яе ноўтбуку заўважылі БЧБ-налепку.
За гэта на Віялету выклікалі супрацоўнікаў АМАПу, а пасля гэтага адвезлі ў Цэнтральны РУУС, дзе склалі пратакол па арт. 24.23 КаАП.

17 траўня справу студэнткі разглядзеў суддзя Петраш. Віну студэнтка не прызнала. У пратаколе пра налепку нічога не было, бо абвінавацілі яе ў выкрыкванні лёзунгу "Жыве Беларусь". У пратаколе Віялета пазначыла ўсе свае заўвагі, аднак у тым пратаколе, які быў у матэрыялах справы, іх ужо не было.

Дыялог з суддзёй:
– У сувязі з чым у студэнткі трэцяга курса такая налепка?
– На маім ноўтбуку даволі шмат налепак з жывёламі, зорачкамі, і вось гэтая дзесьці была, я ўжо пра яе і забылася.
– Ну вы ж яе размяшчалі калісьці.
– Так.
– І ўсё ж такі ў сувязі з чым? Вы так і не адказалі. Вы ў прынцыпе можаце не адказваць.
– Прыгожыя колеру.
– Ваш адказ зафіксаваны.

Сведка-міліцыянт пры дачы паказанняў заявіў, што лозунг дзяўчына крыкнула прама падчас агляду.

У выніку, старшыню Студэнцкай Рады па якасці адукацыі БДУ суддзя Петраш аштрафаваў за БЧБ-налепку на 2900 рублёў (100 базавых).
⚡️⚡️"У мяне гуманітарная прафесія –я лекар. Мне не падабаецца, калі гінуць людзі". Судзяць лекарку-кардыёлага за кветкі каля мемарыялу Тарайкоўскага

56-гадовая лекарка-кардыёлаг Вольга Карнеева 16 траўня каля 16.20 усклала кветкі да народнага мемарыялу Аляксандра Тарайкоўскага. У гэты момант да яе адразу пад'ехаў бус, адкуль выйшлі каля сямі супрацоўнікаў АМАПу, адзін з якіх здымаў усё на відэа. Яе затрымлівалі адразу чацвёра супрацоўнікаў.

Вольгу даставілі ў Фрунзенскае РУУС і склалі пратакол за несанкцыянаванае пікетаванне па арт. 24.23 КаАП. 17 траўня справу лекаркі разглядзела суддзя Фрунзенскага раёна Марыя Ярохіна.

Сваю віну Карнеева не прызнала. Жанчына патлумачыла, што праходзіла міма мемарыяла і ўбачыла, што на месцы гібелі мала кветак, таму спусцілася ў пераход і купіла букет. Вольга распавяла, што гэта старажытная славянская духоўная традыцыя – класці кветкі на месца гібелі чалавека. Таму яна проста паклала іх і пайшла далей.

Суддзя Ярохіна ўдакладніла, ці знаходзіцца на станцыі метро "Пушкінская" якое-небудзь пахаванне. Карнеева нагадала суду, што на тым месцы загінуў чалавек.

Пасля чаго адбыўся наступны дыялог Вольгі з суддзёй Ярохінай:
– Ці з'яўляецца блізкім сваяком, асоба, пра якую Вы кажаце, якая загінула, пры абставінах, пра якія суду не вядома, Вы нам не патлумачыце?
— Суд ведае гэтыя абставіны і без мяне. Ён мне не з'яўляецца блізкім сваяком. Ён проста чалавек. Проста грамадзянін Рэспублікі Беларусь.
— Раскажыце, пра каго Вы кажаце.
– Пра Аляксандра Тарайкоўскага.
– Якое Вы маеце дачыненне да гібелі гэтага грамадзяніна?
– Ніякага.
– Можаце патлумачыць суду сваё волевыяўленне?
Мне проста па-чалавечы шкада. У мяне гуманітарная прафесія – я лекар. Мне не падабаецца, калі гінуць людзі. Я шаную памяць загінулых, таму і паклала туды кветкі.

Вольга Карнеева заявіла, што сведка-міліцыянт, які прыйшоў у суд, не прымаў удзел у яе затрыманні, бо затрымлівалі яе супрацоўнікі АМАПу. Па яго словах, акрамя ўскладання кветак, Вольга яшчэ і ўздымала руку ўверх каля дарогі, каб прыцягнуць увагу кіроўцаў.

У матэрыялах справы ёсць памылкі: замест фактычнага месца затрымання на вуліцы Сердзіча, напісалі вуліцу Пушкінскую.

Суддзя Марыя Ярохіна вырашыла зрабіць у справе Карнеевай перапынак да 18 траўня.
‼️Студэнта ФМА БДУ арыштавалі на 15 сутак за налепку з Пагоняй на ноўтбуку

19-гадовага Роберта Казака затрымалі 15 траўня на фестывалі BSU FEST. Пры аглядзе рэчаў у яго заплечніку заўважылі ноўтбук з налепкай герба Пагоня. Але ў пратаколе напісана, што Роберт крычаў "Жыве Беларусь", а пра налепку нават не згадалі. У Цэнтральным РУУСе на хлопца склалі пратакол па арт. 24.23 КаАП. А яго справу 17 траўня разглядзеў суддзя Аляксандар Петраш.

Роберт сваю віну не прызнаў. На судзе былі сведкі, якія пацвердзілі, што бачылі момант затрымання і не чулі ніякіх лозунгаў.

Але суддзя Петраш даверыўся паказанням сведкі-міліцыянта, які нават не змог успомніць чырвоную куртку, у якой Роберт быў пры затрыманні і ў РУУСе. Вынік – 15 сутак арышту.
"Вясна" назірае
⚡️⚡️11 і 12 сутак. Прайшлі першыя суды над затрыманымі раварыстамі на Цнянскім вадасховішчы Каля 17:50 16 траўня на Цнянскім вадасховішчы ў Мінску затрымалі групу раварыстаў. Паводле інфармацыі відавочцаў, затрымалі больш за 10 чалавек. Вядома, што людзей…
⚡️"Маюцца прыкметы масавага мерапрыемства". Як судзяць удзельнікаў велагонкі Toure de Tsna, якая так і не адбылася

17 траўня асудзілі дзесяцерых раварыстаў, якія вырашылі адкрыць веласезон на Цнянскім вадасховішчы. Усе ўдзельнікі арыштаваныя на 10–15 сутак па арт. 24.23 КаАП за несанкцыянаванае масавае мерапрыемства.

Справы раварыстаў разглядалі суддзі Савецкага раёна Алена Жуковіч і Сяргей Шаціла.

Усе раварысты пацвярджаюць паказанні адзін аднаго: збіраліся адкрыць веласезон, праінфармавалі ўдзельнікаў праз групу ў сацсетках, на Цнянскім вадасховішчы не ўдзельнічалі ў масавых мерапрыемствах, лозунгі не выкрыквалі і сімволікі пры сабе не было.

Сведка-міліцыянт на судзе сцвярджаў што нёс службу каля Цнянскага вадасховішча і ўбачыў масавае мерапрыемства на адлегласці 10 метраў. Асабіста чуў, як выкрыквалі лозунгі. Аднак на кожным судзе паказанні сведкі былі супярэчлівыя, а апісаць затрыманых не мог.

У вопісу рэчаў 18-гадовага студэнта БНТУ Мацвея Лазара быў толькі ровар, але адсутнічаў заплечнік з прызамі для гонкі і сертыфікатамі для пераможцаў.

24-гадовы Уладзіслаў Кутас на судзе заявіў, што агулам было затрымана 24 раварыста. Некаторыя з іх цяпер знаходзяцца ў 6-мясцовай камеры сярод 18 чалавек.

Па словах 22-гадовага Георгія Гашко, супрацоўнікі АМАПу, якія атачылі раварыстаў, агучылі прычыну затрымання: "Маюцца прыкметы масавага мерапрыемства".

Па рашэнні суддзі Сяргея Шацілы былі арыштаваныя:
▪️28-гадовы Аляксей Матусевіч – 11 сутак;
▪️28-гадовы Дзяніс Парамонаў – 13 сутак;
▪️24-гадовы Уладзіслаў Кутас – 12 сутак;
▪️18-гадовы Мацвей Лазар – 15 сутак;
▪️20-гадовы Бахціяр Муратаў – 11 сутак;
▪️18-гадовы Раман Лапіч – 12 сутак.

Суддзёй Аленай Жуковіч былі асуджаныя:
▪️22-гадовы Георгій Гашко – 11 сутак;
▪️21-гадовы Міхаіл Кушнер – 10 сутак;
▪️25-гадовы Дзяніс Рудкоўскі – 11 сутак;
▪️25-гадовы Артур Чумак – 10 сутак.
⚡️"Прыняла актыўны ўдзел у несанкцыянаваным культурна-відовішчным масавым мерапрыемстве". Жанчыну арыштавалі на 10 сутак за песню "Муры" ў пераходзе

16 траўня каля 19:00 затрымалі 41-гадовую Алену Гаўрылаву ў пераходзе каля Камароўскага рынку. Супрацоўнікі міліцыі расцанілі спеў песні "Муры" як несанкцыянаванае культурна-відовішчнае масавае мерапрыемства, за якое на жанчыну склалі пратакол па арт. 24.23 КаАП.

18 траўня ў судзе Савецкага раёну суддзя Сяргей Шаціла разглядзеў справу Алены Гаўрылавай.

Яна патлумачыла, што ў той дзень спявала розныя песні, сярод якіх была і песня "Муры" - менавіта яна стала прычынай затрымання. Таму суддзя Шаціла вырашыў пацікавіцца, што яна азначае. Алена адказала, што гэтая песня пра "каталонскага музыку: ён спяваў, а людзі паўтаралі яго песні". Але сведка-міліцыянт не пагадзіўся і заявіў, што песня носіць палітычны характар.

Суддзя таксама цікавіўся, ці спыняліся каля жанчыны людзі, але Алена адказала адмоўна. У выніку, суддзя Шаціла палічыў віну Гаўрылавай цалкам даказанай, а спеў песні "Муры" – несанкцыянаваным культурным мерапрыемствам. Вынік – 10 сутак.
⚡️⚡️Былога намесніка кіраўніка перадвыбарчага штабу Валерыя Цапкалы Святаслава Барбука і ягоную жонку Веру арыштавалі на 10 сутак

Вядома толькі, што іх асудзілі за незаконнае пікетаванне па ч.1 арт. 24.23 КаАП. Святаслава і Веру затрымалі ўчора, ноч да суда яны правялі на Акрэсціна. Сёння мужа і жонку арыштавала суддзя Першамайскага раёна Святлана Чараповіч.
‼️"Дыктатару месца ў пекле" Раварыста, якога затрымалі за цішотку на Цнянскім вадасховішчы, арыштавалі на 15 сутак

31-гадовага Канстанціна Сямёнава супрацоўнікі АМАПу затрымалі 16 траўня. Ён быў першым, каго затрымалі у той дзень перад пачаткам гонкі Toure de Tsna. Гэта адбылося каля 15:55 на Цнянскім вадасховішчы.

У Савецкім РУУСе на хлопца склалі пратакол па арт. 24.23 КаАП, але не за ўдзел у масавым мерапрыемстве, як астатніх асуджаных, а за адзіночнае пікетаванне цішоткай з надпісам "Дыктатару месца ў пекле".

Па словах Канстанціна, ён чакаў пачатак гонкі і паспеў толькі зняць верхнюю вопратку, калі да яго пад'ехаў бус і яго затрымалі.

🤡Сведка-міліцыянт "Громаў" сцвярджаў на судзе, што "бачыў як Сямёнаў ехаў сярод раварыстаў у цішотке з палітычным надпісам".

Цішотку Канстанціна канфіскавалі без афармлення дакументаў. Таксама арыштавалі ровар.

Суддзя Шаціла арыштаваў Сямёнава на 15 сутак.
⚡️«У жодзінскім ІЧУ нас ставілі на расцяжку і білі па шчыкалатках, ад чаго заставаліся гематомы. Таксама білі па нырках, але гэта было па лайце, каб сінякоў не заставалася»

🌿«Вясна назірае» паразмаўляла з Андрэем Пархоменкам, якога затрымалі 26 красавіка за БЧБ-скрыню ад тэлевізара LG. Андрэй распавёў пра холад у жодзінскіх камерах, цікавых суседзяў і таемны агляд кватэры міліцыянтамі: https://telegra.ph/LG-skrynya-z-narodam-05-19
‼️Пасля аўтамабільнай аварыі супрацоўнікі ДПС затрымалі мужчыну за налепку з
Пагоняй на тэлефоне. Яго арыштавалі на 10 сутак


42-гадовы Віталь Рубец працуе электрамеханікам. 16 траўня ён трапіў у аварыю і выклікаў супрацоўнікаў ДПС. Пры афармленні дакументаў пасля аварыі мужчына дастаў тэлефон, на якім была налепка з Пагоняй. Мужчыну затрымалі і адвезлі ў Першамайскі РУУС, каб скласці пратакол🤷‍♀

Паводле пратаколу па арт. 24.23 КаАП, Віталя абвінавачваюць у "пікетаванні шляхам размяшчэння налепкі з Пагоняй на чахле тэлефона".

Справу Віталя Рубца 18 траўня разглядзела суддзя Першамайскага раёна Святлана Чараповіч.

Чахол з налепкай, па словах Віталя, яму даў брат за пару дзён да затрымання. Налепцы Віталь не надаў значэння, бо яна для яго нічога не значыць. Супрацоўнікі ДПС папрасілі мужчыну звязацца з яго працадаўцам, таму Віталь дастаў тэлефон, каб патэлефанаваць. У гэты час супрацоўнікі ДПС заўважылі налепку і, згодна з іх рапартам, папрасілі яе зняць, але Рубец адмовіўся. Віталь растлумачыў, што ў момант просьбы быў у стане афекту пасля ДТЗ, таму проста мог не звярнуць на гэта ўвагу.

У выніку, Віталь Рубец быў арыштаваны суддзёй Чараповіч на 10 сутак.
⚡️Праваабарончы цэнтр “Вясна” шукае валанцёраў і валанцёрак для назірання ў судах.

Прысутнасць валанцёраў у судзе важна, каб сабраць поўную і дакладную інфармацыю пра сітуацыю на працэсах і пра вынікі судоў. Збор інфармацыі пра рэпрэсіі, якія сёння закранулі большасць беларусаў, вельмі важны для працы праваабаронцаў па маніторынгу парушэння правоў чалавека ў Беларусі.

Назіранне адбываецца па буднях з 9.00 да 18.00 у Мінску і іншых гарадах, дзе судзяць затрыманых. Магчыма назіраць толькі частку дня ці нават некалькі гадзін.

Каб далучыцца да назірання, калі ласка, запоўніце форму.
⚡️Жыхара Новай Баравой арыштавалі на 10 сутак за інсталяцыю на акне ў выглядзе сэрца з чорна-белым гербам Пагоня і мішурой

Паўла Зінгера 20 траўня затрымалі дома каля 23:00. Падставай для затрымання стала скарга "неабыякавага грамадзяніна" ў аддзел Бараўлянскага РАУСа на "інсталяцыю на акне балкона ў выглядзе сэрца з чорна-белым гербам Пагоня і мішурой". Але паводле рапарту, скарга паступіла ад супрацоўнікаў АМАПу.

У РАУСе на Паўла склалі пратакол па арт. 24.23 КаАП за несанкцыянаванае пікетаванне. 21 траўня яго справу разглядзела суддзя Мінскага раёна Алена Новікава.

Суддзя Новікава цікавілася, ці размяшчаў мужчына інсталяцыю па чыей-небудзь просьбе. Павел сцвярджаў, што размясціў гэта без мэты.

У выніку, суддзя Новікава прысудзіла Зінгеру 10 сутак арышту.
⚡️⚡️"Сайт ТUT.BY носіць прамы палітычны характар". Дзяўчыну арыштавалі на 15 сутак за плакат салідарнасці з супрацоўнікамі TUT.BY

26-гадовая Таццяна Нямкевіч 20 траўня вырашыла выказаць сваю салідарнасць з рэдакцыяй TUT.BY, але не паспела – дзяўчыну затрымалі. Згодна з пратаколам, Нямкевіч 20 траўня ў Асмолаўцы прыняла ўдзел у пікетаванні, трымаючы плакат у руках.

Справу па арт. 24.23 КаАП 21 траўня разглядзела суддзя Цэнтральнага раёна Вікторыя Шабуня.

Па словах дзяўчыны, у момант затрымання яна размаўляла па тэлефоне, а яе плакат ляжаў у пакеце. Таццяна выказала здагадку, што пакет прасвечваўся, таму супрацоўнікі міліцыі змаглі заўважыць яркія літары. Яна патлумачыла, што плакат намалявала сама, каб падтрымаць затрыманых супрацоўнікаў рэдакцыі TUT.BY🕊

Міліцыянт, які з'явіўся на суд у якасці сведкі, сцвярджаў, што ў "непасрэднай блізкасці" назіраў, як тры чалавекі стаялі з плакатам "TUT Асмалоўка".

Дыялог адваката з міліцыянтам:
– Вы сказалі, што Нямкевіч выказвала свае палітычныя настроі, а што тут палітычнага?
– Сайт TUT.BY носіць прамы палітычны характар.
– Наколькі я ведаю, супрацоўнікі
TUT.BY былі затрыманыя не па палітычных справах.
– Я ж вам сказаў,
TUT.BY носіць палітычны характар у Рэспублікі Беларусь.

Вынік – 15 сутак.
⚡️Мінчука арыштавалі на 15 сутак за налепку "Карателям тут не рады". Яго асудзілі толькі праз 6 сутак пасля затрымання

42-гадовы Дзмітрый Белякоўскі 15 траўня выйшаў з дому выкінуць смецце. Праз плот яго паклікалі супрацоўнікі міліцыі і спыталі, ці жыве ён у гэтым доме. Калі Дзмітрый адказаў, што жыве, яму прапанавалі праехаць у РУУС. Паехаў ён у шортах і тапках.

Увагу міліцыі прыцягнула налепка з надпісам "Карателям тут не рады" на плоце дома, у якім жыве 10 чалавек. За гэта ў Савецкім РУУСе на Дзмітрыя склалі пратакол па арт. 24.23 КаАП за несанкцыянаванае пікетаванне. Яго справу пачала разглядаць суддзя Савецкага раёна Жуковіч толькі 17 траўня. Дзмітрый растлумачыў суду, што ўласнікам дома з'яўляецца ягоная маці. У доме пражывае 10 чалавек, і ён не ведае, хто размясціў на плоце налепку, якая вісіць там больш за паўгода. Таксама Белякоўскі дадаў, што гэта не яго дом, таму ён не мае права што-небудзь там рабіць. У выніку, суддзя Жуковіч адправіла справу "на дапрацоўку".

19 траўня суддзя Жуковіч працягнула разгляд справы Дзмітрыя, але ў матэрыялах справы з'явіўся пратакол па арт. 24.3 КаАП за непадпарадкаванне міліцынтам ад 18 траўня. Гэта дазволіла супрацоўнікам міліцыі пакінуць мужчыну на Акрэсціна яшчэ на трое сутак да суда. Але суддзя Жуковіч, адкрыўшы матэрыялы справы, хутка прыняла рашэнне зрабіць у судзе перапынак, а потым вярнула справу "на дапрацоўку".

Ужо 21 траўня Белякоўскага нарэшце асудзілі. Суддзя Жуковіч цікавілася, чаму Дзмітрый не здымаў налепку на працягу паўгода, і ці азначае гэта, што яна яму падабаецца. Сведка-міліцыянт на судзе нічога не памятаў: ні момант непадпарадкавання, ні колькі чалавек яшчэ затрымлівалі, акрамя Дзмітрыя, і нават ці ўключаў ён відэарэгістратар.

Потым стала вядома, што ў матэрыялах справы маюцца два пратаколы затрымання з розніцай у пяць хвілін, на што адвакат хадайнічаў аб выкліку міліцыянта, які складаў пратаколы, але суддзя адмовіла. Жуковіч абурылася:
– Дзе ў Кодэксе напісана, што па розных артыкулах не можа быць складзеныя два пратаколы затрымання??
– Таму што нельга чалавека затрымаць двойчы, бо яго трэба спачатку адпусціць, а потым зноў затрымаць, але ў нас няма звестак, што яго адпускалі.

У выніку, суддзя Жуковіч прыняла рашэнне арыштаваць Дзмітрыя па двух пратаколах на 17 сутак.