Вясна / Правы чалавека ў Беларусі
9.9K subscribers
20.8K photos
458 videos
71 files
18.5K links
Тэлеграм-канал Праваабарончага цэнтру «Вясна». Актуальныя навіны ў галіне правоў чалавека ў Беларусі.

Пра затрыманні пісаць на @viasna_bot, для кансультацый - @ViasnaSOS.
Сувязь з інфармацыйнай службай: @Viasnainfo
Юрыдычная служба: @zvarot96
Download Telegram
📈Палітвязні Беларусі ў 2021 годзе. Статыстыка

На канец 2021 года ў Беларусі налічвалася 969 палітвязняў. Гэта самая вялікая колькаць зняволеных па палітычных матывах за ўсю гісторыю незалежнай Беларусі.

Сярод вязняў — людзі розных узростаў, прафесій, сацыяльнага статусу, але аб’яднаныя нязгодай з дзеяннямі ўладаў падчас і пасля выбараў прэзідэнта, катаваннямі і рэпрэсіямі ў дачыненні да грамадзянаў, за што ў выніку спазналі палітычна матываваны крымінальны пераслед.

👀Падрабязная статыстыка ад «Вясны»

Як дапамагчы палітвязням?

🔹«Хачу напісаць вязню!» Распавядаем, як гэта зрабіць фота
🔹Практычны дапаможнік па перадачах для вязняў ад «Вясны»
🔹«Наша сіла — у салідарнасці!» Вялікі дайджэст па дапамозе палітвязням
Вядучы бізнэс-аналітык EPAM Дзяніс Насура адбыў на Акрэсціна 13 «сутак» за распаўсюд «экстрэмісцкіх» матэрыялаў, але на волю так і не выйшаў

Ён стаў фігурантам крымінальнай справы аб дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак (артыкул 342 КК). Айцішніку абралі меру стрымання — арышт на два месяцы, паведамляе dev.by

Хроніка палітычнага пераследу 👉 bit.ly/3HqqmEy (з Беларусі — праз VPN)
📸Фотафакт: палітзняволеная Таццяна Батура пасля 46 сутак на Акрэсціна

Падчас свайго арышту Таццяна правяла 20 дзён у карцары і 13 дзён трымала галадоўку. За 46 сутак у нечалавечых умовах дзяўчына схуднела на 8 кілаграмаў (фота зроблена праз 2 тыдні пасля таго, як яна пачала есці пасля галадоўкі). На фота таксама бачны ўкусы клапоў.

🔹13 дзён галадоўкі, 20 дзён карцару і смерць бацькі — што перажыла Таццяна Батура за 46 сутак арышту
Паўтара года «хатняй хіміі» за кроплі маторнай алівы на сцягу. У Салігорску вынеслі прысуд палітзняволенаму афганцу

22 снежня суд Салігорскага раёна прызнаў Уладзіміра Далматовіча вінаватым у знявазе дзяржаўнага сцяга — згодна з абвінавачваннем, мужчына са шпрыца распыліў на сцяг маторную аліву

Як растлумачыў мужчына, тыя дзеянні ў дачыненні да сцяга ён здзейсніў з крыўды на працу дзяржустановаў. Незадоўга да гэтага ў доме, у якім ён пражывае, размерзліся батарэі, дом затапіла, а рамонт, які мужчына рабіў у тым ліку сваімі рукамі, быў сапсаваны. Каб вырашыць праблему, абвінавачаны звяртаўся да мясцовых чыноўнікаў, дэпутатаў. Спрабаваў абараніць інтарэсы жыхароў свайго дома, але вырашыць праблему так і не атрымалася.

У тэлефоне Уладзіміра былі знойдзеныя выявы бел-чырвона-белага сцяга і надпісу «Жыве Беларусь» — на думку пракурора, гэта ўскосны доказ таго, што мужчына адмоўна ставіцца да дзяржаўнага сцяга.

Падрабязнасці 👉 bit.ly/3mS1y07
Два гады «хіміі» прысудзілі жыхару Оршы за абразу мясцовага даішніка

У Оршы вынесены прысуд Сяргею Парфяненкаву, якога абвінавацілі у абразе прадстаўніка улады па арт. 369 Крымінальнага кодэкса. Згодна з матэрыяламі следства, мужчына ў «Аднакласніках» пакінуў каментар пра супрацоўніка ДАІ, які спыняў і штрафаваў аршанскіх актывістаў. У прыватнасці, ён напісаў слова «мразь» і некалькі іншых слоў на мяжы цэнзурнасці.

Суддзя Дзмітрый Разумовіч прызначыў Сяргею пакаранне ў выглядзе двух гадоў «хіміі», а таксама пастанавіў выплаціць пацярпеламу супрацоўніку ДАІ 1750 рублёў маральнай кампенсацыі.

Падрабязнасці (з Беларусі — праз VPN) 👉 bit.ly/3zvcFS6
На рэдактара сайта Intex-press склалі пратакол за захоўванне «экстрэмісцкіх матэрыялаў»

У камп’ютары, які быў забраны ў Руслана Равякі супрацоўнікамі КДБ у ліпені 2021 года падчас вобшуку у рэдакцыі Intex-press, знайшлі экстрэмісцкі матэрыял — кнігу Адольфа Гітлера «Мая барацьба».

Як тлумачыць сам журналіст, гэтым камп’ютарам ён карыстаўся дзесьці з 2013 ці 2015 года, але файл са згаданай кнігай пазначаны 2007 годам.

«На мяне склалі адміністрацыйны пратакол за захоўванне матэрыялаў, унесеных у спіс экстрэмісцкіх. Я напісаў, што не згодны з пратаколам, бо не ведаю, адкуль у камп’ютары з’явіўся гэты файл», — распавёў @bajby Руслан.
❗️Мікалай Казлоў прызнаны палітычным зняволеным

Мікалай
— старшыня Аб'яднанай грамадзянскай партыі, асуджаны на тры месяцы арышту па ч. 1 арт. 407 Крымінальнага кодэкса за разгалошванне дадзеных па крымінальнай справе супраць Каардынацыйнай рады. Раней Казлоў некалькі разоў адмаўляўся даваць падпіску аб неразгалошванні пасля допытаў у СК — за гэта яго ўжо прыцягвалі да адміністрацыйнай адказнасці.

Чаму праваабарончыя арганізацыі лічаць яго справу палітычна матываванай 👉 bit.ly/3pS2G62

Спіс усіх палітвязняў Беларусі 👉 bit.ly/306kkW9
🕊Таццяна Ласіца даслала ліст з-за кратаў

Палітзняволеная праваабаронца Таццяна Ласіца, якую асудзілі да 2,5 гадоў калоніі, у нядаўнім лісце на волю дзякуе за віншаванні з Днём народзінаў і Новым годам:

«Вялякі дзякуй за вашыя паштоўкі, усе я іх атрымала. Дзякуй за вашую падтрымку і заўсёды цёплыя словы, за вашую шчырасць і дабрыню. Мне вельмі прыемна, гэта грэе душу.

Не хвалюйцеся, у мяне ўсё добра. Дзень нараджэння сустракала добра: быў і торт, і цукеркі, і салодкая вада, гарбата ды іншае. У мяне добрыя сябры, цудоўная сям’я, мой кот 🙂 Усе яны любяць і чакаюць мяне. Я таксама іх усіх вельмі люблю і спадзяюся, што ўсё будзе добра».

🌿Чытаць гісторыю палітзняволенай валанцёркі:
«Калі за кратамі такія, як Таня, свет перакуліўся» – сябры пра валанцёрку «Вясны» Таццяну Ласіцу

💌Працягвайце пісаць праваабаронцам у турмы:
- СІЗА-1, 220030, г. Мінск, вул. Валадарскага, 2
(Алесь Бяляцкі, Валянцін Стэфановіч, Уладзімір Лабковіч, Марфа Рабкова, Андрэй Чапюк)
- СІЗА-3, 246003, г. Гомель, вул. Кніжная, 1А (Леанід Судаленка, Таццяна Ласіца)
💻 Напісаць анлайн 👉 bit.ly/3jwJMLn
✊🏻Больш навінаў пра вясноўцаў – на сайце freeviasna.org
Суд над палітзняволеным журналістам і футбалістам «Крумкачоў» Аляксандрам Івуліным пачнецца 17 студзеня

Яго абвінавачваюць у «арганізацыі і актыўным удзеле ў групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак».
❗️Папраўчая калонія №1 арганізуе анлайн-спатканні вязняў з дзецьмі на базе наваполацкай бібліятэкі

Як паведамляецца на сайце горада, цэнтралізаваная бібліятэчная сістэма Наваполацка дамовілася з папраўчай калоніяй №1 аб стварэнні сацыяльнага праекта. Ён дапаможа падтрымліваць сувязь сем'яў з асуджанымі сваякамі. Па словах дырактаркі ЦБС Наваполацка Марыі Караваевай, у калоніі ўжо прайшло першае спатканне па відэасувязі і ў будучыні плануецца працягваць гэтую практыку.

📍У ПК-1 адбываюць пакаранне дзясяткі палітзняволеных, якія, дзякуючы гэтыму праэкту, могуць пабачыць сваіх дзетак. Але інструкцыі, як скарыстацца гэтай магчымасцю, на сайце няма. Верагодна, інфармацыю сваякі могуць атрымаць праз адміністрацыю калоніі.
🌿Палітвязень Мікалай Папека на «хіміі» выступіў на святочным канцэрце

Палітзняволены пчаляр-паэт Мікалай Папека, які адбывае пакаранне ў ПУАТ №21, распавёў у лісце пра свой удзел у культурных мерапрыемствах і пра мару напісаць басню.

«Быў святочны канцэрт, на якім мы самі выступалі з песнямі гуртоў ДДТ і Цоя (Кіно). Я дэклараваў верш Паўлюка Труса «Падаюць сняжынкі», якім уразіў як начальства, так і судзімых».

Акрамя гэтага, палітвязень распавёў, што яму прапанавалі напісаць артыкул для мясцовай газеты пра тое, як вязні з ПУАТ, пераапрануўшыся ў клоўнаў, ездзілі з падараункамі і тэтральнымі пастаноўкамі ў дзіцячыя прытулкі.

Папека хоча пісаць у зняволенні басні, але адзначае, што для гэтага трэба шмат вольнага часу. Таксама ён дадаў: «Да і Кандрата Крапіву я не пераўзыйду, бо ён пачатковец у Беларусі. Добра, каб я хаця б напісаў караценькую».

💌Падтрымайце Мікалая: Папраўчая ўстанова адкрытага тыпу №21, 247760, г. Мазыр, бульвар Юнасці, 24
‼️Крыніца: скончыў жыццё самагубствам зняволены Дзмітрый Дудойць

Дзмітрый — жыхар Смаргоні, асуджаны да двух гадоў «хіміі» за каментар пад пастом Вольгі Карач. Яго абвінавацілі ў знявазе прадстаўніка ўлады ў сувязі з выкананнем ім службовых абавязкаў, здзейсненай ў інфармацыі, якая размешчана ў сетцы Інтэрнэт (арт.369 КК РБ).

Згодна з матэрыяламі следства, Дзмітрый яшчэ да мінулагодніх выбараў, 21 чэрвеня 2020 года, у «Аднакласніках» на старонцы Вольгі Карач «з дапамогай ненарматыўнай лексікі ахарэктэрызаваў начальніка Ганцавіцкага РАУС Віталія Куляшова, падпісаўшы ягонае фота: "Скаціна лысая, хутка прыйдзе наш час…”».

З 29 снежня 2021 года Дзмітрый адбываў тэрмін ў ПУАТ N43 у Магілёве. Па інфармацыі @dissidentBY, мужчына скончыў жыццё самагубствам, калі вяртаўся з паліклінікі без суправаджэння.

У дадзены момант «Вясна» спрабуе атрымаць пацверджанне гэтай інфармацыі
Вясна / Правы чалавека ў Беларусі
‼️Крыніца: скончыў жыццё самагубствам зняволены Дзмітрый Дудойць Дзмітрый — жыхар Смаргоні, асуджаны да двух гадоў «хіміі» за каментар пад пастом Вольгі Карач. Яго абвінавацілі ў знявазе прадстаўніка ўлады ў сувязі з выкананнем ім службовых абавязкаў, здзейсненай…
❗️Інфармацыя пацверджана: 43-гадовы Дзмітрый Дудойць скончыў жыццё самагубствам — ён скокнуў з маста і разбіўся

Нагадаем, мужчына быў асуджаны да двух гадоў «хіміі» за каментар пра начальніка Ганцавіцкага РАУС Віталія Куляшова. Свой тэрмін ён адбываў у Магілёве. Ён правёў на «хіміі» адзін тыдзень.

🔹За каментар пад пастом Вольгі Карач жыхару Смаргоні прысудзілі два гады «хіміі»
Сваякі памерлага ў Рэчыцы Дзмітрыя Усхопава пакінулі Беларусь

«Улічваючы сітуацыю вакол гібелі Дзмітрыя Усхопава ў Рэчыцы, было прынята рашэнне эвакуяваць яго блізкіх. Аперацыя ўвянчалася поспехам. Працуем далей!» — паведаміў Андрэй Стрыжак.

Нагадаем, у навагодні вечар 27-гадовы жыхар Рэчыцы Дзмітрый Усхопаў памёр у прыёмным пакоі раённай лякарні. Як распавялі сваякі памерлага, у ноч з 31 снежня на 1 студзеня ён ехаў да маці на святочную вячэру. На аўтобусным прыпынку яго затрымаў міліцэйскі патруль. Праз нейкі час міліцыянты прывезлі яго ў прыймальны пакой раённай лякарні ў стане клінічнай смерці.

Перад пахаваннем хлопца міліцыянты затрымалі блізкіх сяброў Дзмітрыя.
🎉Марфа Рабкова сёння святкуе Дзень народзінаў. Павіншуйце яе са святам!

Марфа — каардынатарка Валанцёрскай службы «Вясны», якая ўжо больш за 470 дзён знаходзіцца за кратамі. 6 студзеня дзяўчыне споўнілася 27 гадоў. Гэта другі Дзень народзінаў, які праавабаронца сустракае ў зняволенні.

У лістападзе Марфа паведаміла сваякам, што ёй прад'яўленыя канчатковыя абвінавачванні па 11 артыкулах Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь. Праваабаронцы пагражае да 20 гадоў пазбаўлення волі.

💌 Падтрымаць Марфу:
- СІЗА-1, 220030, Мінск, Валадарскага, 2, Марыі Аляксандраўне Рабковай
💻 Напісаць анлайн 👉 bit.ly/3jwJMLn