Вясна / Правы чалавека ў Беларусі
9.85K subscribers
22.6K photos
476 videos
88 files
20K links
Тэлеграм-канал Праваабарончага цэнтру «Вясна». Актуальныя навіны ў галіне правоў чалавека ў Беларусі.

Пра затрыманні пісаць на @viasna_bot, для кансультацый - @ViasnaSOS.
Сувязь з інфармацыйнай службай: @Viasnainfo
Юрыдычная служба: @zvarot96
Download Telegram
📍Палітвязень Пётр Канстанцінаў выйшаў на волю

Жлобінскі актывіст Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі быў затрыманы на пачатку чэрвеня 2021 года. Яго абвінавацілі ва ўдзеле ў акцыя пратэсту ў жніўні 2020 года ў Жлобіне. 6 жніўня 2021 года суддзя суда Жлобінскага раёна Мікалай Сергяевіч прызначыў Канстанцінаву два гады калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму.

Тэрмін палітвязень адбываў у барысаўскай калоніі № 14, адкуль нядаўна выйшаў на волю, цалкам адбыўшы тэрмін.

Крыніца: БСДП
На мяжы з Літвой быў затрыманы 28-гадовы жыхар Гомеля

Як паведамляе @MAYDAYMog, напачатку сакавіка, у раёне вёскі Воранава (Гродзенская вобласць), быў затрыманы Віктар Залатарэўскі. Мужчына спрабаваў выехаць з Беларусі ў Літву. Пры аглядзе яго мабільнага тэлефона супрацоўнікамі міліцыі былі знойдзеныя падпіскі на «экстрэмісцкія» тэлеграм-каналы.

Як атрымалася высветліць MAYDAY, пазней мужчына быў арыштаваны паводле арт. 19.11 КаАП РБ (Распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў).

10 сакавіка, у дзень вызвалення, яму былі прад'яўленыя абвінавачанні па арт. 361-1 і арт. 361-4 КК РБ за нібыта рэгістрацыю ў плане «Перамога». Віктар знаходзіцца ў СІЗА Гродна.

Вядома, што да падзеяў сакавіка мужчына працаваў у Мінску ў адной з дзяржаўных арганізацый і пражываў у інтэрнаце. Пасля затрымання быў звольнены.

🗣Паведаміць пра затрыманне
⚖️Атрымаць бясплатную юрыдычную кансультацыю
✍️Звязацца з журналістамі «Вясны»
📚Прэзентацыя кніг пра Алеся Бяляцкага прайшла ў Вільні, у межах Тыдняў салідарнасці з Нобелеўскім лаўрэатам

На імпрэзе выступіла яго жонка Наталля Пінчук:

«Мы бачым, што імя Алеся нас аб'яднала ўсіх, сабрала ў гэтых сценах. І вельмі важна зараз гаварыць не толькі пра Алеся, а гаварыць пра ўсіх тых, хто знаходзіцца за кратамі ў Беларусі.

Нам важна кожны раз падымаць голас — наш беларускі голас, каб нас чулі тут за мяжой. Каб міжнародная супольнасць выказвала сваю салідарнасць беларускаму народу, каб міжнародная супольнасць рабіла ўсе магчымыя захады, каб ціснуць на ўлады Беларусі, каб гэты наш голас беларусаў быў пачуты.

Я думаю, уласнымі сіламі, якія ў нас ёсць, якія дадуць і прадаставяць нашыя суседзі, то гэтымі супольнымі сіламі і намаганнямі мы можам змяніць сітуацыю. Можа быць зараз гэта гучыць аптымістычна, але мы ўсё ж такі з надзеяй, што ў нас усё атрымаецца».
❗️Затрымалі сына Анатоля Лябедзькі — Арцёма

«Сёння забралі майго сына. Толькі за тое, што ён Арцём Лябедзька, што ён мой сын. Самае мярзотнае, калі пачынаюць распраўляцца з роднымі, бяруць у закладнікі тваіх блізкіх.

Сын не з’язджаў з Беларусі таму што хацеў жыць там, таму што перакананы, што яму няма чаго прад’явіць акрамя таго што ён сын свайго бацькі!», — напісаў Анатоль Лябедзька.
Audio
🎧 Праваабарончая праграма «Вясна». Сумесны праект ПЦ «Вясна» і Беларускага радыё Рацыя

1:42 Тыдні салідарнасці з Алесем Бяляцкім у Польшчы

20:47 Прэзентацыя тома «Галасы Беларусі-2022» і выставы «Шляхам свабоды» (прысвечанай Мікалаю Статкевічу).

27:03 Як назіральнікі «Вясны» назіралі Дні Волі. Асабісты досвед

🌿Слухайце выпуск тут альбо праз SoundCloud
📝«Электаральнае поле зачышчаецца ад усіх людзей, якія могуць скласці якую-небудзь канкурэнцыю аўтакрату»

У лютым дзяржаўныя медыя актыўна раскручвалі тэму гадавіны рэспубліканскага рэферэндуму, на якім былі прынятыя праўкі ў новую рэдакцыю Канстытуцыі. Па сцвярджэннях вышэйшых службовых асобаў «удасканальванне палітычнай мадэлі» Беларусі па новай рэдакцыі Канстытуцыі выклікала неабходнасць карэкціроўкі больш за ста законаў, у тым ліку прыняцце новых.

Разам з наратывам пра гадавіну рэферэндуму ўсё часцей гучаць заявы пра тое, што ўлады ўжо рыхтуюцца да электаральных кампаній 2024 і 2025 гадоў.

Праваабаронцам «Вясны» паведамляюць, што на буйных прадпрыемствах і калектывах прадпрыемстваў ужо створаны ячэйкі актыву, якія будуць актыўны выкарыстоўвацца падчас выбарчай кампаніі па выбарах прэзідэнта ў 2025 годзе.

Юрыст «Вясны» разбіраецца ў тым, якім чынам змены ў выбарчым заканадаўстве паўплываюць на правы чалавека ў Беларусі
‼️З акна калоніі ў Навасадах выкінуўся зняволены

@viasnaHomel стала вядома, што праз жорсткае абыходжанне са зняволенымі ў ПК № 14 у Навасадах, 26 сакавіка выкінуўся з акна з другога паверха адзін са зняволеных. Вядома прозвішча пацярпелага — Іпатаў Уладзімір Уладзіміравіч. Зараз ён знаходзіцца ў шпіталі Барысава.

Крыніца, якая паведаміла пра здарэнне, сцвярджае, што ў яго праблемы з пазваночнікам і ён асуджаны па палітычным артыкуле.

У папраўчай калоніі №14 свае тэрміны адбываюць пяць палітвязняў, сярод якіх шматдзетны бацька Зміцер Дашкевіч.
Палітвязень з Гомеля Міхаіл Зубкоў абвясціў сухую галадоўку ў ШІЗА калоніі

Паводле крыніцы @radiosvaboda, Міхаіл абвясціў сухую галадоўку на знак пратэсту супраць незаконнага змяшчэння ў штрафны ізалятар. Раней палітвязня выдала ўладам Беларусі Расія, нягледзячы на забарону Еўрапейскага суду правоў чалавека. Зубкову прызначылі тры гады калоніі.

Міхаіл адбывае свой тэрмін у калоніі ў Навасадах, дзе днямі з акна выкінуўся зняволены.
❗️Аўтара Youtube-канала "MozgON" будуць судзіць за "злоснае непадпарадкаванне адміністрацыі калоніі"

42-гадовага аўтара Youtube-канала "MozgON" Уладзіміра Цыгановіча затрымалі 9 чэрвеня 2020 года. Палітвязня абвінавацілі паводле двух артыкулаў Крымінальнага кодэкса: ч. 1 арт. 293 КК (арганізацыя масавых беспарадкаў), ч. 3 арт. 130 КК (распальванне сацыяльнай варожасці). 

14 снежня 2021 Уладзіміра асудзілі па «справе Ціханоўскага» да 15 гадоў калоніі. А нядаўна Уладзіміру ўзмацнілі пакаранне і перавялі з калоніі на турэмны рэжым.

Стала вядома, што 7 красавіка ў Ленінскім судзе Магілёва яго будуць судзіць па ч. 1 арт. 411 КК (злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі калоніі). Суддзя — Таццяна Касцюк.

💌Падтрымайце палітвязня: Турма № 4. 212011, г. Магілёў, вул. Крупскай, 99А, Уладзімір Уладзіміравіч Цыгановіч
💻 Напісаць анлайн
У Лунінцы судзяць мясцовую жыхарку, якая нібыта паклёпнічала на Лукашэнку

У Лунінцы 29 сакавіка пачынаецца суд над 43-гадовай жыхаркай раённага цэнтра Тамарай Каравай. Жанчыну абвінавачваюць у паклёпе на адрас Аляксандра Лукашэнкі паводле ч. 1 арт. 367 Крымінальнага кодэкса. Справу прызначаная разглядаць суддзя Лунінецкага раённага суда Кацярына Клеўжыц.

Згодна з матэрыяламі крымінальнай справы, Тамара ў снежні 2022 года праз мэсэнджар у сацыяльнай сетцы «Аднакласнікі» размясціла ў сетцы Інтэрнэт паклёпніцкія звесткі ў дачыненні да Лукашэнкі.

Следчыя паведамляюць, што абвінавачаная неаднаразова ў 2022 годзе прыцягвалася да адказнасці за ўчыненне адміністрацыйных правапарушэнняў – на яе накладалі спагнанні ў выглядзе штрафу, ні адзін з якіх яна не заплаціла.

Чытаць па спасылцы
Хлопца, якога раней асудзілі па «народным» артыкуле, заўтра пачнуць судзіць за абразу і паклёп на Лукашэнку

30 сакавіка ў судзе Маскоўскага раёну Мінска суддзя Сяргей Кацэр пачне разглядаць справу Сяргея Кабзенкі.

Сяргея ўпершыню затрымалі 5 кастрычніка 2022 года і далі 10 сутак арышту за «распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў». Далейшы яго лёс дакладна невядомы, акрамя таго, што яго абвінавацілі па артыкуле 342 за ўдзел у пратэстах і судзілі, але прысуд невядомы.

26 студзеня хлопца затрымалі за тое, што ён калісьці скінуў у адзін з раённых чатаў жартаўлівую аб'яву, у якой былі апісаныя «прыкметы» Лукашэнкі, паведамляла «Наша Ніва». Цяпер Сяргею інкрымінаваны ч. 2 арт. 367 КК (паклёп у дачыненні да Лукашэнкі) і ч. 1 арт. 368 КК (абраза Лукашэнкі).

💌Падтрымайце Сяргея: СІЗА-1. 220030, Мінск, Валадарскага, 2, Сяргей Аляксандравіч Кабзенка
💻 Напісаць анлайн
❗️Пракурор падаў апеляцыйны пратэст на прысуд па «справе Вясны»

Пракурор прынёс апеляцыйны пратэст на прысуд суда Ленінскага раёна Мінска ад 3 сакавіка, якім тром палітзняволеным праваабаронцам «Вясны» прызначаныя жорсткія тэрміны ад 7 да 10 гадоў калоніі.

Пра гэта паведаміў у лісце на волю асуджаны да дзевяці гадоў калоніі Валянцін Стэфановіч: «Думаю, што ім не спадабаліся нашы тэрміны, лічаць іх занадта мяккімі».

Нагадаем, пракурор Аляксандр Кароль запрашваў большыя на два гады кожнаму тэрміны зняволення і больш буйныя штрафы, але суддзя Марына Запаснік пастанавіла іншы прысуд. Дата разгляду пратэсту пакуль невядомая.

Падрабязнасці (з Беларусі — праз VPN) 👉 bit.ly/3G0k8Nm

💌Падтрымайце праваабаронцаў лістамі, пасылкамі і грашовымі пераводамі: СІЗА-1, 220030, Мінск, Валадарскага, 2, Аляксандру Віктаравічу Бяляцкаму, Валянціну Канстанцінавічу Стэфановічу, Уладзіміру Мікалаевічу Лабковічу
💻Напісаць анлайн 👉 bit.ly/3PIOcjz
Тэлеграм-канал Зянона Пазняка прызнаны «экстрэмісцкім»

Адпаведнае рашэнне прынятае судом Баранавічаў і Баранавіцкага раёну 27 сакавіка.

Таксама «экстрэмісцкі» спіс папоўнілі Telegram-каналы «Магілёўцы abroad», «Варшава 97%», «Цівалі».
На гэтым тыдні ў Мінску пачнуць судзіць айцішніка за «фінансаванне дзейнасці экстрэмісцкага фармавання»

31 сакавіка ў Мінскім гарадскім судзе пачнуць разглядаць справу IT-спецыяліста Руслана Завадзіча. Працэс будзе весці суддзя Жанна Брысіна. Руслану ікрымінавана ч. 2 арт. 361-2 (фінансаванне экстрэмісцкай дзейнасці).

Згодна з профілем Linkedin, Руслан апошнія 6 гадоў працуе ў кампаніі Netcracker. Раней ён нейкі час быў валанцёрам «Аховы Птушак Бацькаўшчыны».

💌Падтрымайце Руслана: СІЗА-1, 220030, Мінск, Валадарскага, 2, Руслан Генадзьевіч Завадзіч
💻Напісаць анлайн 👉 bit.ly/3PIOcjz
Падчас выступу Святланы Ціханоўскай у Сенаце ЗША вывесілі партрэт палітзняволенага Ігара Лосіка

Гэта зрабіла сенатар Джын Шэйхін.

Нагадаем, Ігару прысудзілі 15 гадоў пазбаўлення волі ўзмоцненага рэжыму па «справе Ціханоўскага». Пазней два гады пазбаўлення волі прызначылі яго жонцы — Дар‘і Лосік. Чатырохгадовая дачка Лосікаў Паўліна цяпер знаходзіцца з бабулямі і дзядулямі.

💌Падтрымаць Ігара: ПК № 1, 211440, Наваполацк, Тэхнічная, 8, Ігару Аляксандравічу Лосіку
💌Падтрымаць Дар'ю: СІЗА-6. 225413, Баранавічы, Брэсцкая, 258 В, Дар'і Аляксандраўне Лосік
💻Напісаць анлайн 👉 bit.ly/3PIOcjz
У Мінску асудзілі айцішніка, які пагражаў гвалтам былому начальніку ГУБАЗіКа Дзмітрыю Ковачу і яго сям'і

У судзе Партызанскага раёна Мінска разгледжаная крымінальная справа грамадзяніна РФ, вядучага інжынера-праграміста аднаго з прадпрыемстваў Іллі Шакірава. Яго абвінавацілі ў гвалце альбо пагрозе гвалту ў дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных спраў, былога начальніка ГУБАЗіК МУС Дзмітрыя Ковача (арт. 364 КК).

Па матэрыялах абвінавачання, Шакіраў у жніўні 2022 года, «у мэтах перашкоды законнай дзейнасці супрацоўніка органаў унутраных спраў і з помсты за выкананне начальнікам ГУБАЗіК МУС Ковачам службовай дзейнасці, наўмысна пагражаў ужываннем гвалту ў дачыненні да яго і ягоных блізкіх, размясціўшы каментар, які змяшчае прыкметы вербальнай агрэсіі».

Свае маральныя пакуты ад каментара былы супрацоўнік ГУБАЗіК ацаніў у 2000 рублёў.

У выніку суддзя Аляксандр Супічэнка прызначыў Шакіраву два гады пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму.

Чытаць па спасылцы 👉 bit.ly/3Zp1rtu
🌿«Імя Алеся нас аб'яднала». Як прайшла прэзентацыя кніг пра Алеся Бяляцкага ў Вільні

У Вільні прэзентавалі кнігі пра Нобелеўскага лаўрэата і старшыню ПЦ «Вясна» Алеся Бяляцкага. У сустрэчы прыняла ўдзел яго жонка Наталля Пінчук.

🔹Сяргей Дубавец: «Для Беларусі Нобелеўская прэмія – гэта найважнейшая адзнака. І тое, як да яе паставіліся сённяшнія рэжымнікі ў Беларусіі (грэбліва, з замоўчваннем, з абразамі), сведчыць пра тое, што ёсць часовае, а што ёсць вечнае. Што будзе цаніцца заўсёды, а што сыйдзе як нейкае бервяно на шляху да цывілізацыі»;

🔹Вінцук Вячорка: «Тая ідэя, якой прысвяціў жыццё Алесь, з самага маладога ўзросту пачынаючы, мае перспектыву, таму што яна развілася так, як нам ў 80-м годзе можа яшчэ не мроілася»;

🔹Наталля Пінчук:
«Учора ад Алеся прыйшоў ліст, і я магу з вамі падзяліцца гэтай радаснай навіной. Пра што піша? Хвалюецца за мяне, за тое, што адбываецца тут. Пра сябе піша кароткай фразай: "У мяне ўсё па-старому"»;

Чытаць па спасылцы 👉 bit.ly/3Kirxde
Польшча дабілася вызвалення больш за 10 палітвязняў у Беларусі

Пра гэта заявіў намеснік міністра замежных спраў Павел Яблоньскі. Паводле яго, дзякуючы Польшчы пастаянна развіваецца міжнародны ціск на Беларусь з мэтай вызвалення палітвязняў.

«Нам удалося дабіцца мэты ў выпадку нават звыш дзесяці чалавек. Я не хачу гаварыць пра дэталі гэтых справаў, таму, што кожны раз патрэбны быў індывідуальны падыход. У выпадку такіх перамоваў трэба быць асцярожным.

Найважнейшая паспяховасць, дасягненне вызвалення палітвязняў. Я цяпер гавару пра палякаў, якія знаходзяцца ў беларускіх турмах, бо гэта для нас прыярытэт, але нам трэба памятаць, што па палітычных матывах зняволеныя ў Беларусі больш за 1500 чалавек».

Крыніца: @byplradio
Цяпер дакладна: Мінінфарм прызнаў «экстрэмісцкім» тэлеграм-каналы Зянона Пазняка

Першая спасылка на канал, якая была апублікаваная на сайце Мінінфарма, была памылковай — такога тэлеграм-канала не існуе.

Пазней ведамства выправіла спасылку на zianon_pazniak — гэта сапраўды тэлеграм-канал Зянона Пазняка.
Праваабаронцам паведамляюць пра затрыманні і суды ў рэгіёнах

Раніцай 17 сакавіка ў Ляхавічах былі затрыманы як мінімум тры чалавекі. Паведамляюць, што аднаго з затрыманых катавалі супрацоўнікі АМАП на вачах у сям'і.

Таксама праваабаронцам вядома, што ў Мёрах на гэтым тыдні ўжо адбылося як мінімум 6 судоў паводле арт. 19.11 КаАП (Распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў). Таксама вядома пра «судовы канвеер» у гарадскім пасёлку Акцябрскі.

📲Праваабаронцы просяць дасылаць вынікі адміністрацыйных справаў з судоў, а таксама аўдыё і тэкставую інфармацыю на: Telegram: @ViasnaSOS, @Viasnainfo | Email: viasna@spring96.org