Вясна / Правы чалавека ў Беларусі
9.83K subscribers
22.6K photos
476 videos
88 files
20K links
Тэлеграм-канал Праваабарончага цэнтру «Вясна». Актуальныя навіны ў галіне правоў чалавека ў Беларусі.

Пра затрыманні пісаць на @viasna_bot, для кансультацый - @ViasnaSOS.
Сувязь з інфармацыйнай службай: @Viasnainfo
Юрыдычная служба: @zvarot96
Download Telegram
This media is not supported in your browser
VIEW IN TELEGRAM
У Гомелі затрымалі дзяўчыну, якая пакінула на машыне праўладнага блогера запіску «Русский военный корабль иди *****»

3 красавіка праўладны блогер Катляроў паскардзіўся на дзвюх дзяўчат, якія пакінулі пад дворнікам яго машыны антываеннае пасланне. Іх зняў відэарэгістратар.

Сёння на праўладных каналах з'явілася відэа з затрыманай Дар'яй Чуравай, якая «прызнаецца» ў тым, што раздрукавала ўлёткі дома, а потым расклейвала і раскладвала іх па машынах на паркоўцы, піша @mediazona_by

Яўген Катляроў — гомельскі праўладны блогер, які выступаў на судзе супраць праваабаронцы Леаніда Судаленкі. Як потым пісаў Леанід, «...адкуль мне было ведаць, што 19 студзеня, калі я яшчэ знаходзіўся ў ІЧУ і не была яшчэ ўзбуджана справа, у СК супраць мяне даў паказанні Какойта (Яўген Катляроў, — ад рэд.), які галаслоўна абвінаваціў мяне ў арганізацыі ўсіх пратэстаў у Гомелі. Гэтыя ягоныя паказанні чалавек у мантыі суддзі паклаў у аснову абвінавачання ў прысудзе».
У Беларусі заблакавалі сайт Human Rights Watch — адной з самых буйных праваабарончых арганізацый у свеце

Зрабілі гэта па патрабаванні пракурора Мінска Алега Лаўрухіна, піша @euroradio
Сёння ў Рудзенску ў сябе дома пасля ператрусу быў затрыманы 51-гадовы Аляксандр Мурашка

Прычынай затрымання стаў каментар у чаце чыгуначнікаў у 2020 годзе. Працэсуальны статус і месцазнаходжанне Аляксандра пакуль невядомыя.

🔹Аператыўна паведаміць пра затрыманне, вобшук, выклік «на гутарку» можна ў нашым тэлеграм-боце 👉 @viasna_bot

🔹Паведаміць пра затрыманне і атрымаць бясплатнае юрыдычнае кансультаванне 👉
@ViasnaSOS, @SosViasna
У Мінску затрымалі 55-гадовую Ірыну Сташкевіч — яе тройчы судзілі па арт. 369 КК за абразы міліцыянтаў

Апошні раз яе асудзілі ў канцы сакавіка — тады ей прызначылі тры гады «хатняй хіміі».

Прычына затрымання пакуль невядомая. Вядома толькі, што сёння мусіў адбыцца суд у судзе Цэнральнага раёна Мінска.
Анархіст Дзмітрый Дубоўскі: «Працягваю верыць, што ўсё гэта ненадоўга»

Анархіста Дзмітрыя Дубоўскага асудзілі да 18 гадоў калоніі ўзмоцненнага рэжыму. Больш чым за год следства ён паспеў пабываць у трох месцах зняволення, з кожнага з іх ён дасылаў лісты родным і незнаёмым людзям. У СІЗА КДБ Дзіма за 12 месяцаў атрымаў толькі тры лісты.

Але ні інфармацыйная блакіроўка, ні катаванні не зламалі яго дух: ён, як і яго таварышы, як і яго сястра Юлія, верыць, што свабода не за гарамі. А каму яшчэ, як не аматару Карпат, ведаць пра тое, што знаходзіцца за чарговай вяршыняй?

🔹«Вясна» публікуе ўрыўкі з лістоў Дзмітрыя Дубоўскага. Прачытаўшы іх, вы лепш зразумееце гэтага чалавека і даведаецеся, якія ў вас могуць быць агульныя тэмы для ліставання

💌Калі ласка, дасылайце Дзіме свае гісторыі і фотаздымкі з вандровак — яны зробяць яго шэрыя дні за кратамі больш каляровымі:
- СІЗА-2. 210026, Віцебск, вул. Гагарына, 2, Дзмітрый Мікалаевіч Дубоўскі
‼️Міліцыянты прадалі тэлефон віцебскага актывіста, пакуль ён адбываў 20-сутачны арышт

Актывіст Барыс Хамайда быў затрыманы ў Віцебску 15 сакавіка. Учора, 4 сакавіка, Хамайда выйшаў на волю пасля 20-сутачнага арышту. Ён распавёў @vicspring, што затрымалі яго на месцы, дзе ён звычайна распаўсюджвае беларускую літаратуру, а асудзілі за «несанкцыянаванае пікетаванне»:

«Я стаяў на звычайным месцы, пад’ехаў падпалкоўнік міліцэйскі, прозвішча я ў яго не спытаў. Ён пачаў разглядаць, з чым я стаю. Убачыў кніжкі, столік, а ў мяне там ужо некалькі гадоў, як была там начэпленая жоўта-блакітная стужка. Дагэтуль нікому справы не было, і раптам ён заўважыў. І кажа: «Я вас прашу, зніміце гэтую стужку!» Я адмовіўся, сказаўшы, што ў гэты момант ва Украіне пад абстрэламі гінуць дзеці, жанчыны, ідзе захопніцкая вайна, і таму нічога здымаць не буду».

Барыса затрымалі, калі ён збіраўся ўжо сыходзіць. У РУУСе ў заплечніку актывіста знайшлі БЧБ-стужку, а таксама дзве нашыўкі з украінскай сімволікай. У выніку, у пратаколе па арт. 24.23 КаАП міліцыянты напісалі, што Барыс пікетаваў дзвюма стужкамі: бел-чырвона-белай і блакітна-жоўтай.

На наступны дзень віцебская суддзя Алена Цыганкова арыштавала Барыса на 20 сутак:

«Суддзя была ў сваім кабінеце, я перад камп'ютарам у ІЧУ. Я адразу сказаў ёй, што не буду ўдзельнічаць у гэтым цырку, павярнуўся спінай да кампʼютара, тварам да сцяны, і маўчу. Суддзя крычыць «Барыс Ханонавіч, я вас пакараю за непавагу да суду!» Тут я адзінае, што сказаў: «Ну і прыцягвайце. Адсяджу і за гэта!». Так суд і прайшоў, я практычна нічога не сказаў».

Падчас арышту Барыс сядзеў з беларусамі, якія выказаліся супраць вайны ва Украіне:

«Па маіх падліках, у ізалятары ў адзін час са мной за «палітыку» сядзелі яшчэ 9 чалавек. Прозвішчы я называць не буду, згадаю хіба некалькі прыкладаў. Сядзелі там двое жыхароў Менску, якія прыехалі ў Полацк, каб паглядзець горад. А тут пачалася вайна, і яны выйшлі да гатэля «Дзвіна» з плакатам «Не – вайне», ім далі па 30 сутак. Сядзеў разам з расонскім хлопцам, яму, як і мне, прысудзілі 20 сутак – за тое, што напісаў зварот у райвыканкам супраць вайны. Яшчэ быў хлопец з Віцебску, які напісаў антываенны верш і размясціў у сацыяльных сетках. Яму прысудзілі 12, здаецца, сутак. З Наваполацку мужчыну асудзілі на 30 сутак за тое, што падчас рэферэндуму нібыта правёў пікет… Карацей, вельмі шмат цяпер неабыякавых людзей».

Пасля выхаду з ізалятару актывіста павезлі на прафілактычную гутарку і папярэдзілі, што калі яго затрымаюць у трэці раз па адміністрацыйным артыкуле, то распачнуць супраць яго крымінальную справу.

❗️Акрамя гэтага, «кнопачны» тэлефон, які суддзя пастанавіла вярнуць Барысу пасля арышту, міліцыянты прадалі за 15 рублёў яшчэ да яго вызвалення, а гэтыя грошы, па іх словах, пайшлі на аплату мінулых штрафаў. Таксама Хамайда распавёў, што пакуль ён быў у ізалятары, міліцыянты без дазволу зарэгістравалі яго ў Telegram.
Выйшаў на волю брэсцкі актывіст Алег Вялаў , які быў асуджаны за спробу ўскладання кветак да помніка Тарасу Шаўчэнку — усе 12 сутак ён трымаў галадоўку

У знак пратэсту супраць несправядлівага прысуду, усе 12 сутак, якія Вялаў знаходзіўся ў ізалятары Ленінскага РАУС, ён правёў у галадоўцы на адной вадзе. Увесь час знаходжання ў ізалятары яго стан кантралявалі медыкі.

У камеры, дзе знаходзіўся актывіст, не было ні матрацу, ні пасцельнай бялізны, ні магчымасьці ляжаць днём, ні магчымасці чытаць. Кожнай ноччу двойчы адбываліся праверкі, падчас якіх вязень павінен быў уставаць, называць сваё імя і артыкул, па якім ён асуджаны, паведамляе @novychas
Праваабаронцы звярнуліся ў ААН з нагоды пераследу беларускіх адвакатаў, якія падпісалі антываенную петыцыю

Беларускі Хельсінкскі камітэт праінфармаваў спецдакладчыкаў Савета па правах чалавека ААН па свабодзе выказвання меркавання і па пытанні незалежнасці суддзяў і адвакатаў аб пакаранні беларускіх адвакатаў за падпісанне петыцыі супраць вайны.

БХК просіць спецдакладчыкаў звярнуцца да дзяржавы і заклікаць спыніць практыку пакарання адвакатаў за выказванне меркавання па грамадска-значных пытаннях і даць гарантыі свабоднага выканання адвакатамі сваіх прафесійных функцый і незалежнасці юрыдычнай прафесіі.
Па патрабаванні Раскамнагляда беларускі правайдар заблакаваў брэсцкі сайт — за асвятленне вайны ва Украіне

Размова ідзе пра сайт brestnote.by, ад уладальніцы якога запатрабавалі выдаліць матэрыял, дзе асвятлялася хроніка расійскай ваеннай агрэсіі ва Украіне.

Уладальніца сайта звярнулася да правайдэра з пытаннем, якое дачыненнне да гэтага мае Раскамнагляд.

«Адказ мяне здзівіў. Аказваецца, што Раскамнагляд, які з'яўляецца арганізацыяй, што рэгулюе парадак доступу да інфармацыйных рэсурсаў у сетцы Інтэрнэт з тэрыторыі Расійскай Федэрацыі, мае паўнамоцтвы загадваць інтэрнэт-правайдэрам блакаваць доступ да сайта як па імя дамену, так і па IP-адрасу — у тым ліку на тэрыторыі Беларусі», — цытуе словы Наталлі Грынчак @bajby
Адміністрацыя калоніі можа другі раз за тыдзень вынесці спагнанне Марыі Калеснікавай

30 сакавіка Марыю пазбавілі права на працяглае спатканне з бацькам. Па словах палітзняволенай, падставай для спагнання паслужыў нібыта няветлівы зварот да супрацоўніка калоніі пасля спаткання з адвакатам.

Сёння стала вядома, што 6 красавіка будзе паседжанне камісіі ПК-4 у дачыненні да Марыі па пытанні нібыта «перабівання» ёю начальніка калоніі падчас працэдуры вынясення папярэдняга спагнання.

У залежнасці ад таго, ці будзе вынесена спагнанне і якой строгасці, магчыма сітуацыя, пры якой Марыя будзе прызнана злосна парушаючай парадак адбывання пакарання, што можа пацягнуць перавод у турму або змяшчэнне ў памяшканне камернага тыпу.

💌Падтрымаць Марыю:
- ПК №4. 246035, Гомель, Антошкіна, 3, Калеснікавай Марыі Аляксандраўне
Шматдзетная маці вярнула Лукашэнку ордэн Маці ў знак пратэсту супраць вайны

Радыё Свабода паведамляе, што маці семярых дзяцей украінка Алена Якавішына адправіла ў адміністрацыю Лукашэнкі ордэн, якім яе ўзнагародзілі ў 2019 годзе.

У лісце на імя Лукашэнкі жанчына выказвае падзяку «беларускай зямлі і цудоўнаму беларускаму народу за гасціннасць і падтрымку, за дабро і клопат, якія знаходзіла тут усе гэтыя гады». Аднак цяпер, калі яе народ праходзіць праз неверагодныя пакуты, боль і жахі вайны, развязанай Расійскай Федэрацыяй, кіраўнік Беларусі не толькі не асудзіў разам з усім цывілізаваным светам агрэсара, але і аказвае яму палітычную і ваенную падтрымку.

«Больш за тое, вы прадастаўляеце тэрыторыю Беларусі для размяшчэння і ўварвання на тэрыторыю суверэннай дзяржавы — Украіны — войскаў агрэсара, пускаў смяротных ракет па маім народзе, мірных гарадах», — напісала Якавішына ў звароце да Лукашэнкі.
Сайт «Салiдарнасці» заблакавалі ў Расіі

«З першых дзён уварвання Расіі ва Украіну ўлады РФ спрабавалі абмежаваць доступ да асобных артыкулаў нашага сайта на тэму вайны. А потым вырашылі не драбязніцца і заблакаваць дамен gazetaby.cоm цалкам», — паведамляе выданне.
«Дажынкі» прызнаныя «экстрэмісцкімі матэрыяламі»

Суд Цэнтральнага раёну Мінска 30 сакавіка прызнаў інфармацыйную прадукцыю тэлеграм-канала «ДАЖЫНКІ» «экстрэмісцкімі матэрыяламі». «Экстрэмісцкай» прызнаная і instagram-старонка «dazhynki».

Хроніка палітычнага пераследу 👉 bit.ly/3DRIN4n
📍Палітвязень Ціхан Клюкач адбыў увесь тэрмін і выйшаў на волю

19-гадовага Ціхана Клюкача затрымалі 26 верасня. Адразу яго некалькі разоў запар судзілі па адміністрацыйных артыкулах, а потым прад’явілі абвінавачванне па арт. 342 КК (Удзел у групавых дзеяннях, груба парушаючых грамадскі парадак). Судзілі хлопца па падзеях 6 верасня на "Маршы адзінства" ў Мінску, калі ён разам з палітзняволенай Сафіяй Малашэвіч размалёўваў балончыкам з фарбай шчыты спецыяльных сродкаў загароджы. Ціхану прысудзілі 1,5 года калоніі. Тэрмін ён адбываў у папраўчай калоніі №15.

🔺На волю Клюкач выйшаў яшчэ 9 сакавіка, паведамляе @viasna_brest. Пасля вызвалення хлопец з’ехаў з Беларусі.
У Мінску за ўдзел у паслявыбарных пратэстах затрыманы Дзмітрый Паўтарак

Пра яго затрыманне паведамляюць праўладныя тэлеграм-каналы.

34-гадовы мужчына трапіў на відэа журналіста з акцый пратэсту ў першыя дні пасля выбараў. Яму інкрымінуецца арт. 293 КК («масавыя беспарадкі»)

Хроніка палітычнага пераследу 👉 bit.ly/3DRIN4n
📍Палітзняволеных рэдактараў "Нашай Нівы" Ягора Марціновіча і Андрэя Скурко перавялі ў магілёўскую турму

Нагадаем, 15 сакавіка суд Заводскага раёна Мінска прысудзіў галоўнаму рэдактару «Нашай нівы» Ягору Марціновічу і кіраўніку аддзелу маркетынгу і рэкламы Андрэю Скурко па два з паловай гады калоніі. Іх абвінавацілі ў «нанясенні маёмаснай шкоды без прыкмет крадзяжу, учыненае групай асоб па папярэдняй змове, у буйным памеры» (ч. 2 арт. 216 КК). За кратамі іх утрымліваюць ужо 9 месяцаў.

💌Новы адрас для падтрымкі: Турма №4. 212011, г. Магілёў, вул. Крупскай, 99А
Жыхара Віцебскай вобласці затрымалі нібыта за рэгістрацыю ў «Плане Перамога» і за тое, што ён нібыта збіраўся ехаць ваяваць ва Украіну

Праўладныя тэлеграм-каналы паведамляюць пра затрыманне Анатоля Міхайлава. Нібыта мужчына прайшоў рэгістрацыю ў чат-боце «Плана Перамога», а таксама запоўніў анкету, каб паехаць ваяваць ва Украіну.

Паведамляецца, што пасля прагляду яго сацсетак супраць мужчыны распачалі крымінальныя справы ажно паводле чатырох артыкулаў Крымінальнага кодэксу: арт. 361-1, арт. 368, арт. 369 і арт. 361-3.

Хроніка палітычнага пераследу 👉 bit.ly/3DRIN4n

⁉️Што вядома пра крымінальныя справы за стварэнне і ўдзел у «Плане Перамога»
У Хойніках затрымалі былую настаўніцу за інфармацыю аб перасоўванні вайсковай тэхнікі

Праўладныя тэлеграм-каналы паведамляюць пра затрыманне Ірыны Абдукерынай. Нагода: жанчына «даслала інфармацыю аб перасоўванні ваенных у сваім горадзе ў бот рэсурсу, прызнанага экстрэмісцкім фарміраваннем».

Па папярэдняй інфармацыі, у дачыненні да жанчыны распачата крымінальная справа па арт. 361-4 КК (Садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці) і па арт. 361-1 (Удзел у экстрэмісцкім фарміраванні).

Хроніка палітычнага пераследу 👉 bit.ly/3DRIN4n
Хроніка палітычнага пераследу жыхароў Оршы:

🔹Ужо 5 месяцаў у зняволенні знаходзіцца доктарка-стаматолаг Наталля Кукішава. Папярэдне, яе абвінавачваюць у абразлівым каментары ў дачыненні да нейкага чыноўніка.

🔹21 сакавіка быў затрыманы Антон Баброў. Яго абвінавачваюць у абразе Лукашэнкі.

🔹Нядаўна адбыўся касацыйны суд у дачыненні да жыхара Барані Арцёма Ляшнеўскага, які быў раней асуджаны на 2,5 года «хіміі» за абразу міліцыянта. Касацыйны суд не змяніў тэрміну пакарання.

🔹У Віцебску за кратамі знаходзяцца два аршанцы: Дзмітрый Матусевіч і Вячаслаў (яго прозвішча ўдакладняецца). Іх абвінавачваюць у тым, што яны спрабавалі спаліць чырвона-зялёны сцяг.

Крыніца: Orsha.eu
❗️Пінчука, якога затрымалі у войску за месяц да дэмбеля, асудзілі за ўдзел у пратэстах да 3,5 гадоў калоніі

У Ленінскім судзе Брэста агучылі прысуд 23-гадоваму палітвязню Алегу Ардзюку. Суддзя Святаслаў Каліна прызнаў яго вінаватым па ч. 2 арт. 293 Крымінальнага кодэкса (удзел у масавых беспарадках) і прызначыў тры з паловай гады калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму.

Яго абвінавачвалі ў тым, што на акцыі пратэсту ў Пінску ў ноч з 9 на 10 жніўня 2020 года «кінуў палку і жменю зямлі» ў бок міліцыянтаў.

Хлопца затрымалі 15 верасня мінулага году ў войску, калі ён праходзіў тэрміновую службу — да дэмбеля яму заставаўся ўсяго месяц. На некаторыя пытанні ў судзе ён адказваў: «Никак нет!», «Так точно!».

Падрабязнасці (з Беларусі — праз VPN) 👉 bit.ly/3x8BjZE