Вясна / Правы чалавека ў Беларусі
9.93K subscribers
21K photos
463 videos
73 files
18.7K links
Тэлеграм-канал Праваабарончага цэнтру «Вясна». Актуальныя навіны ў галіне правоў чалавека ў Беларусі.

Пра затрыманні пісаць на @viasna_bot, для кансультацый - @ViasnaSOS.
Сувязь з інфармацыйнай службай: @Viasnainfo
Юрыдычная служба: @zvarot96
Download Telegram
🌿Праваабаронцы «Вясны» два гады за кратамі. Вечар салідарнасці ў Вільні

Два гады таму, 14 ліпеня 2021 года, старшыня «Вясны» Алесь Бяляцкі, яго намеснік Валянцін Стэфановіч і юрыст арганізацыі Уладзімір Лабковіч былі брутальна схопленыя беларускімі ўладамі і кінутыя за краты за сваю праваабарончую дзейнасць, легальную дапамогу грамадзянам і імкненне да дэмакратыі ў краіне.

Што вядома пра вясноўцаў на гэты момант? У якіх умовах утрымліваюцца праваабаронцы і з якімі праблемамі сутыкаюцца? Што іх падтрымлівае ў зняволенні?

Гэтыя і іншыя пытанні мы абмяркуем на сустрэчы, прысвечанай другой гадавіне затрымання вясноўцаў.

📍Дзе: Гасцёўня Беларускай Рады культуры, Šv. Ignoto g. 5 (Vilnius)
Калі: 14 ліпеня ў 18.00

Запрашаем на вечар cалідарнасці!

Падрабязнасці 👉
spring96.org/be/news/112152
У «экстрэмісцкі» спіс унеслі праваабарончыя і моладзевыя аб'яднанні

Гаворка пра сайты і сацсеткі праектаў «Dissidentby» і «Беларускі нацыянальны моладзевы савет "РАДА"», а таксама Instagram-cтаронку «zbsunion». Усе яны былі прызнаныя «экстрэмісцкімі» судом Чыгуначнага раёну Гомеля 5 ліпеня.

Як мы пісалі раней, у той дзень за адно пасяджэнне гэты суд прызнаў «экстрэмісцкімі» ажно 105 старонак у інтэрнеце.
Не да законаў: якія правы палітвязняў парушаюцца ў зняволенні і як

За тры гады з пачатку прэзідэнцкай кампаніі ўжо стала зразумела, што ва ўладаў асаблівае стаўленне да вязняў, якія сядзяць за палітыку: за кратамі ў Беларусі сядзіцца ім значна горш, чым злодзеям, забойцам ды іншым крымінальнікам.

Якія правы палітвязняў парушаюцца ў зняволенні і як, «Еўрарадыё» тлумачыць юрыстка Праваабарончага цэнтру «Вясна» Віка Рудзянкова.

«У нас права не зазнаваць катаванні парушаецца паўсюдна, а ў адносінах да вязняў — часта з самага пачатку крымінальнага працэсу. Гэта і прымяненне сілы, і дрэнныя ўмовы ўтрымання, і катаванні электрашокерам, і розныя формы ціску, і гэтак далей. Шэраг палітвязняў робіць спробы самазабойства, што сведчыць пра прымяненне да іх катаванняў і іншых спосабаў жорсткага абыходжання»

Чытаць па спасылцы
Акімат, дэпартацыя і вялікія джыпы ў Данецку. Як Уладзімір Лабковіч назіраў за выбарамі ў міжнародных місіях

Праваабаронца Уладзімір Лабковіч ужо 21 год з’яўляецца сябрам «Вясны» і амаль столькі ж — каардынатарам кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары».

Уладзімір мае вялікі досвед у міжнародным незалежным назіранні за выбарамі ў розных краінах. Напярэдадні гадавіны затрыманні Уладзя, узгадваем наш архіўны тэкст, дзе калегі зняволенага «вясноўца» ўзгадваюць пра ягоныя рызыкоўныя прыгоды падчас розных місій назірання.

«Усе назіральнікі, і Уладзь таксама, сутыкнуліся з аднолькавай сітуацыяй: іх паставілі перад патрабаваннем пакінуць краіну цягам 24 гадзін. Нас нават паспрабавалі прымусіць падпісаць, што “я абавязваюся пакінуць тэрыторыю Малдовы ў 24 гадзіны».

Чытаць па спасылцы 👉 spring96.org/be/news/105423

💌Падтрымайце Уладзя: ПК № 17, 213004, Шклоў, 1-я Заводская, 8, Уладзіміру Мікалаевічу Лабковічу
💻Напісаць анлайн 👉 bit.ly/3PIOcjz
💸Пераслед беларусаў за данаты — ужо было асуджана не менш за 19 чалавек

Па дадзеных праваабаронцаў, за «фінансаванне экстрэмізму» было ўжо асуджана не менш за 19 чалавек, 12 з якіх былі пазбаўлены волі на тэрмін ад трох да шасці гадоў. Вынікі яшчэ сямі чалавек высвятляюцца праваабаронцамі. Яшчэ мінімум дзесяць чалавек знаходзяцца ў зняволенні ў чаканні прысуду.

Таксама вядома, што справу аднаго палітвязня спынілі праз недаказаннасць віны, а самога мужчыну вызвалілі з-пад варты.

Распавядаем, хто цяпер знаходзіцца за кратамі за фінансаванне «экстрэмізму» і «тэрарызму», а таксама прыводзім гісторыю беларуса, які ў траўні прайшоў праз допыт у КДБ за «данаты».

Чытаць па спасылцы 👉 spring96.org/be/news/112127
Рэпрэсіі супраць праваабаронцаў не спыняюцца ў Расіі

На мінулым тыдні працягваліся рэпрэсіі супраць праваабаронцаў і праваабарончых арганізацый не толькі ў Беларусі, але і ў суседніх краінах: ў Расіі ідзе суд над сустаршынёй Цэнтра абароны правоў чалавека «Мемарыял» Алегам Арловым, у Чачні на журналістку і праваабаронцу Алену Мілашыну і адваката Аляксандр Немава быў здзейснены напад, ва Украіне ў выніку ракетнай атакі з боку Расіі загінула праваабаронца і пісьменніца Вікторыя Амеліна.

Сабралі для вас падборку навінаў пра пераслед і напад на праваабаронцаў і праваабарончыя арганізацыі ў суседніх краінах.

Чытаць па спасылцы 👉 spring96.org/be/news/112155
📄 Што пачытаць у нядзелю? Сабралі для вас самыя цікавыя матэрыялы «Вясны» за тыдзень:

🔹«Гэта бессэнсоўны акт прапаганды». Былы палітвязень ПК-17 пра сюжэт БТ пра яго калонію

🔹Дайджэст вызваленых: 34 палітвязні ў чэрвені выйшлі на волю, 27 з іх — па заканчэнні тэрміну

🔹«Крымінальная справа або перавод грошай у РНПЦ». Беларус распавёў пра пераслед за данаты

🔹Спецдакладчыца ААН па Беларусі: «Сітуацыя з правамі чалавека катастрафічная»

🔹У чэрвені судамі ў крымінальным парадку рэпрэсавана не менш за 58 чалавек

🔹Затрыманні, арышты, звальненні, прапагандысцкі фільм: як у апошнія месяцы пераследуюць супрацоўнікаў Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта

🔹Сітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі. Чэрвень 2023

🔹«Ні ў якім разе не гань прэзідэнта!». Бацьку былога палітвязня Станіслава Паўлінковіча выклікалі на размову ў КДБ

💳Падтрымаць «Вясну» на Patreon | Аднаразовым данатам
❗️Палітзняволенага мінчука Кірыла Казея часта змяшчаюць у ШІЗА

Мінчук да затрымання працаваў у кампаніі, якая прадае кампутарную тэхніку. Кірыл жанаты, ёсць дзеці 7 і 10 гадоў.

Паводле следства, Казея затрымалі за спробу правучыць кіроўцу BMW, які збіваў мужчыну на дарозе за БЧБ-сцяг. Нібыта палітвязень разам са знаёмымі збіраўся пракалоць шыны аўто мужчыны. У выніку Кірыла абвінавацілі па трох артыкулах Крымінальнага кодэкса. На судзе Казей не прызнаў сваёй віны. Ён распавёў падрабязна пра затрыманне, пра гвалт, які чынілі амапаўцы, пра пагрозы і здзекі ў РУУС з боку міліцыянтаў. 

Казею прысудзілі 7 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Тэрмін палітвязень адбывае ў віцебскай калоніі № 3. Па інфармацыі праваабаронцаў, на палітвязня цісне адміністрацыя ўстановы: яго часта змяшчаюць у ШІЗА і ўтрымліваюць там па некалькі месяцаў на год.

💌Падтрымайце Кірыла: ПК № 3. 211322, Віцебская вобласць, п. Віцьба, Кірыл Аляксандравіч Казей
💻Напісаць анлайн
Былога палітвязня Аляксандра Кабанава абвясцілі ў вышук за «садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці»

Гэта вынікае з інфармацыі, якая маецца на адпаведным міліцэйскім стэндзе.

Нагадаем, што Кабанаў цалкам адбыў тэрмін у калоніі па палітычнай справе. Пасля вызвалення ён з'ехаў з Беларусі і працягвае сваю актывісцкую дзейнасць. Праз гэтае да яго бацькоў ужо прыходзілі з вобшукамі, а супраць Аляксандра распачалі новыя крымінальныя справы.
🌿«Роднасная душа» і «барацьбіт з беспакаранасцю». Што кажуць пра Валянціна Стэфановіча віцэ-прэзідэнты FIDH

У 2019 годзе праваабаронца Валянцін Стэфановіч быў абраны віцэ-прэзідэнтам Міжнароднай федэрацыі за правы чалавека (FIDH) па рэгіёне Усходняй Еўропы і Цэнтральнай Азіі. Разам з ім віцэ-прэзідэнтамі па рэгіёне тады зрабіліся Талекан Ісмаілава з Кыргызстана і Артак Кіракасян з Арменіі.

Да гадавіны затрымання Валянціна ўзгадваем архіўны тэкст «Вясны», дзе Талекан і Артак падзяліліся сваімі ўражаннямі ад сумеснай працы з Валянцінам.

«Валянцін вельмі шмат зрабіў для свету, для такіх праваабаронцаў, як мы, і маладых, паказваючы, што трэба змагацца вельмі сур'ёзнымі і моцнымі інструментамі: нягвалту, гуманнасці, выконваючы высокія стандарты, каштоўнасці правоў і свабодаў чалавека».

Чытаць па спасылцы 👉 bit.ly/3mRknA0

💌Падтрымайце Валянціна: ПК № 15, 213105, Магілёў, п/а Вейна, Слаўгарадская шаша 183, Валянціну Канстанцінавічу Стэфановічу
💻Напісаць анлайн 👉 bit.ly/3PIOcjz
Жыхара Баранавіч асудзілі на 1,5 года калоніі за абразлівы надпіс у пад'езде на адрас Лукашэнкі

У судзе Баранавіцкага раёна вынесены прысуд мясцоваму 47-гадоваму слесару Алегу Кардашу. Яго абвінавацілі ў абразе Аляксандра Лукашэнкі (ч. 1 арт. 368 КК) і апаганьванні збудаванняў і псаванні маёмасці (арт 341 КК).

Справу разглядала суддзя Аксана Літвінчык, дзяржабвінаваўца – Вадзім Карачун.

Па інфармацыі мясцовай афіцыйнай газеты, жыхара Баранавічаў судзілі за тое, што ў лютым 2023 года ён распісаў некалькі сцен у пад'ездзе шматпавярховага дома. У надпісах змяшчаліся абразы на адрас Лукашэнкі. Такім чынам, гэтыя дзеянні следства кваліфікавала адразу па двух крымінальных артыкулах.

Кардаш працаваў слесарам, ездзіў працаваць у Еўропу, сімпатызаваў пратэстам у жніўні 2020 года, адседзеў больш за месяц запар у ІЧУ.

Чытаць па спасылцы 👉 spring96.org/be/news/112156
🎉Павіншуйце палітзняволеную Аніту Бакуновіч з Днём народзінаў

Нагадаем, дзяўчыну затрымалі 21 верасня ў Гродне пры спробе нелегальна перасекчы мяжу з Літвой. Доўгі час яе ўтрымлівалі ў СІЗА КДБ і не пускалі адваката.Палітзняволеную абвінавацілі паводле ч. 3 арт. 361-1 КК (удзел у экстрэмісцкім фармаванні), ч. 1 арт. 14 і ч. 3 арт. 371 КК (замах на незаконнае перасячэнне мяжы). 5 красавіка Гродзенскі абласны суд прызначыў Аніце тры з паловай гады зняволення і штраф у памеры 100 базавых велічынь. 

У канцы чэрвеня 2022 года Бакуновіч ужо асудзілі да двух гадоў «хатняй хіміі» паводле арт. 342 Крымінальнага кодэкса.

10 ліпеня Аніта адзначыць 20-годдзе ў зняволенні.

💌Павіншуйце дзяўчыну грашовымі пераводамі, пасылкамі і тэлеграмамі: Турма № 1. 230023, г. Гродна, вул. Кірава, 1, Аніта Алегаўна Бакуновіч
💻Напісаць анлайн 👉 bit.ly/3PIOcjz
Падтрымайце Мікалая Банькова пасылкамі і грашовымі пераводамі

Мікалай — былы выкладчык кафедры сувязі БДУІР. Гэтая кафедра прызначана для падрыхтоўкі кадравых афіцэраў для Узброеных Сіл і іншых сілавых структур і ведамстваў Рэспублікі Беларусь. Ён быў затрыманы 18 студзеня 2023 года. Спачатку яму прызначылі арышт паводле адміністрацыйнага пратакола, а потым перазатрымалі ў межах крымінальнай справы.

Мікалаю прад'явілі абвінавачванне па арт. 361-2 КК (Фінансаванне экстрэмісцкай дзейнасці) за данаты. Хутка над ім можа распачацца суд.

Падтрымайце Мікалая грашовымі пераводамі, пасылкамі з рознымі прыемнымі дробязямі, а таксама лістамі, паштоўкамі і тэлеграмамі.

💌Адрас для падтрымкі: СІЗА-1, 220030, г. Мінск, вул. Валадарскага, 2, Мікалай Васільевіч Банькоў
💻Напісаць анлайн
Media is too big
VIEW IN TELEGRAM
🚴‍♀️Беларускі пастар пачынае велазаезд на 1000 км уздоўж мяжы ў падтрымку палітзняволеных

Беларускі бежанец, пастар пратэстанцкай царквы Тарас Цялькоўскі сёння пачаў велазаезд уздоўж усёй заходняй мяжы Беларусі (па тэрыторыі Латвіі, Літвы, Польшчы). 1000 км ён праедзе нон-стоп у падтрымку палітвязняў у Беларусі. Яго галоўны пасыл: «Вы не забытыя, калі ласка, жывіце!».

Адной з задач з'яўляецца збор грошай для сям’і аднаго з палітзняволеных, якога асудзілі да 6 гадоў зняволення, а ягоная жонка з двума дзецьмі была вымушаная з'ехаць у Польшчу.
💌Беларусы Масквы працягваюць збірацца кожны тыдзень і пісаць беларускім палітвязням

Гэтым разам віншаванні з Днём Народзінаў, а таксама словы падтрымкі павінны атрымаць Купчына Таццяна, Калішук Міхаіл, Рубашка Яўген, Залатар Вольга, Канавалаў (Шутаў) Алег, Любецкі Андрэй, Піпія Тамаз, Бакуновіч Аніта, Бяганскі Вячаслаў, Шаўчэнка Дзмітрый, Гантавы Ігар, Расулаў Андрэй, Сумар Аляксандр, Сасункевіч Дзяніс, Шаламіцкі Аляксандр, Васілевіч Віталь.

📨Адрасы і спіс усіх палітвязняў, якім можна даслаць паштоўку або ліст
💻Напісаць анлайн 👉 bit.ly/3PIOcjz
⁉️Як яшчэ падтрымаць палітзняволеных?
✍️Паўтара года кожны тыдзень. Як беларусы Масквы пішуць паштоўкі палітвязням
Беларусы сабралі ўжо амаль 30 000€ на аперацыю Віталю Тысеву — засталося прыкладна 25 000€

Нагадаем, падчас зняволення ў 2020 годзе ў жыхара Стоўпцаў Віталя Тысева пагоршылася хранічнае захворванне. Пасля ўцёкаў з Беларусі лекары дыягнаставалі ў яго сур’ёзную праблему.

Віталю сабралі грошы на аперацыю: амаль 20 тысяч еўра, аднак польская клініка ў апошні момант адмовілася рабіць аперацыю. Гісторыю мужчыны распавядала «Радыё Свабода».

❗️Для мужчыны знайшлі нямецкую клініку, але аперацыя там каштуе 55 100 еўра. Калі за бліжэйшыя тыдні Віталю не зробяць аперацыю, яго можа паралізаваць.

Падрабязнасці гісторыі і ўсе дакументы ёсць на старонцы збору 👉
zrzutka.pl/46phux
😔5 месяцаў няма ніякіх вестак ад палітзняволенага Мікалая Статкевіча

Пра гэта ў Facebook паведаміла ягоная жонка Марына Адамовіч. У сярэдзіне траўня яна атрымала адказ адміністрацыі калоніі пра тое, што Мікалая змясцілі на паўгода ў адзіночную камеру

Нагадаем, Статкевіч знаходзіцца за кратамі больш за 3 гады. 14 снежня 2021 яму быў вынесены прысуд: 14 гадоў зняволення ў калоніі асаблівага рэжыму.

У канцы мінулага чэрвеня Статкевіч быў этапаваны з гомельскага СІЗА-3 у глыбоцкую калонію № 13. З таго часу яго рэгулярна змяшчаюць у ШІЗА — яму выпісалі не менш за 36 спагнанняў.

💌Падтрымайце палітвязня: ПК № 13, 211791, Глыбокае, Савецкая, 205, Мікалаю Віктаравічу Статкевічу
💻Напісаць анлайн