Вясна / Правы чалавека ў Беларусі
9.85K subscribers
22.6K photos
476 videos
88 files
20K links
Тэлеграм-канал Праваабарончага цэнтру «Вясна». Актуальныя навіны ў галіне правоў чалавека ў Беларусі.

Пра затрыманні пісаць на @viasna_bot, для кансультацый - @ViasnaSOS.
Сувязь з інфармацыйнай службай: @Viasnainfo
Юрыдычная служба: @zvarot96
Download Telegram
❗️У Беларусі +3 новыя палітвязні.

Гэта Аляксей Коршун, Яўген Сямёнаў ды Ягор Міхайлаў.

Хто гэтыя людзі і чаму праваабарончыя арганізацыі лічаць іх справы палітычна матываванымі 👉 bit.ly/3jIBlip

Спіс усіх палітвязняў Беларусі і іх гісторыі 👉 bit.ly/306kkW9
Былы амбасадар Беларусі ў Славаччыне Ігар Ляшчэня знаходзіцца на Акрэсціна

Нагадаем, учора ў яго адбыўся ператрус.

Крыніца: @radiosvaboda
Беларусы патрабавалі праверыць жорсткія ўмовы ўтрымання на Акрэсціна — пракуратура пакінула зварот без разгляду

У канцы ліпеня «Вясна» апублікавала фотаздымкі, зробленыя ў ЦІП на Акрэсціна. На кадрах бачна, што камера перапоўненая, людзі спяць на стале і на падлозе, пасцельнай бялізны ў іх няма.

Беларусы склалі пэтыцыю і патрабавалі праверыць, ці сапраўды ў ЦІПе ў камерах ўсё выглядае так, як на фота, і прыняць меры. Петыцыя адправілася ў пракуратуру Мінска, і вось на зварот паступіў адказ.

«Паколькі пры падачы звароту не прадстаўлены якія-небудзь дакументы, якія пацвярджаюць паўнамоцтвы на прадстаўленне інтарэсаў тых адміністрацыйна арыштаваных грамадзян, хто змяшчаецца ў ЦІП ГУУС Мінгарвыканкама, зварот пакінуты без разгляду па сутнасці.

Грамадзяне, чые правы і інтарэсы парушаныя пры ўтрыманні ў названай установе, маюць права самастойна звяртацца з адпаведнымі заявамі ва ўстаноўленым заканадаўствам парадку».
🥀«У 3:35 Саша памёр». Роўна год таму загінуў Аляксандр Віхор

25-гадовы Аляксандр Віхор памёр у ноч з 11 на 12 жніўня ў рэанімацыі бальніцы Гомеля, куды яго прывезлі з СІЗА пасля неаднаразовых збіванняў увечары пасля затрымання. Афіцыйная прычына смерці — «захворванні сардэчна-сасудзістай сістэмы, якія раптам абвастрыліся».

Сёння мы ўспамінаем нашу размову з гамяльчуком Радзівонам Бегляком, якога 11 жніўня сілавікі этапавалі ў адным «стакане» спецтранспарту АМАПу з Аляксандрам. Мужчына распавёў, як паводзіў сябе хлопец у апошнія гадзіны жыцця, што рабілі пры гэтым сілавікі і што адбывалася з Віхорам у гэты час

«У яго ад гэтага стрэсу пачаўся нервовы зрыў, ён не зусім сябе адэкватна вёў, іх не слухаўся. І калі ён павярнуўся і пачаў нешта там... клікаць маму і нешта там, каб яго выпусцілі. Тады да яго падляцелі і пачалі яго біць так, што гэта было проста жэсць... Па-мойму, былі два чалавекі з дубінкамі, якія збівалі яго з усёй сілы»
✍️Журналісткі і СМІ з Беларусі ўзялі ўсё прэміі Free Media Awards.

Звычайна іх прысуджаюць журналістам адразу з некалькіх краін, аднак у гэтым годзе зроблена выключэнне, піша @dw_belarus.

Прэмію атрымалі журналісткі Кацярына Барысевіч, Кацярына Андрэева, Дар'я Чульцова, Наталля Лубнеўская, партал TUT.ВY і Беларуская асацыяцыя журналістаў.

— Мы прысуджаем усе прэміі для прэсы беларускім журналістам і сродкам масавай інфармацыі ў знак прызнання іх беспрэцэдэнтных намаганняў і мужнасці на працягу гэтага драматычнага года, працу ва ўмовах дыктатуры.
Журналіст Аляксандр Чарнуха далучыўся да праекту "Паштоўкі ад вясноўкі" і напісаў ліст Ягору Марціновічу.

"Прывітанне, Ягор!

Мы не так добра знаёмыя, як магло б быць. Так, вучыліся разам, некалькі разоў гулялі ў футболу, віталіся пры сустрэчы, але хіба гэта блізкае знаёмства? Але я сапраўды ганаруся і тым, што ёсць - таму што ты сумленны чалавек, а сумленне - гэта тое, што нельга купіць за грошы. Сумленне - гэта тое, да чаго не прымусіш, тое, што з табою навечна. І гэта сапраўдны гонар - мець сумленне.

Гэта як футбольны клуб, які яшчэ зусім зялёным абраў адзін раз і на ўсё жыццё. Хай гэты клуб у цяжкім становішчы, хай гульцы стомленыя і дэматываваныя, хай усё супраць - але ты ўсё роўна будзеш глядзець гульню, шчыра перажываць кожнае імгненне, а пасля будзеш гатовы нават атрымаць у сківіцу, адстойваючы сваё права звацца часткай гэтага клубу.

Сумленне - гэта калі ты ніколі не трапіш з «Манчэсцера» у «Ліверпуль», а з «Рэала» у «Барселону». Сумленне, гэта калі ты ніколі не скажаш публічную абразу пра чалавека, з якім трэніраваўся ў адной дзіцячай секцыі ці нават сядзеў за адным сталом. Сумленне - гэта калі ты будзеш рабіць сваю справу праз боль, праз абставіны, праз не магу. Але ніколі не змаўчыш, калі твае паплечнікі апынуліся ў цяжкім становішчы, калі ты бачыш несправядлівасць. І грошы, статус ці страх тут не пры чым. Ты проста не зможаш па-іншаму. Таму што маеш сумленне.

Я спадзяюся, Ягор, што ўжо вельмі хутка ты зможаш быць разам з сям’ёй - у цябе цудоўная сям’я, якая за цябе шчыра перажывае. Гэта вельмі цяжка - перажываць за сям’ю, што яна перажывае за цябе. Усё абавязкова будзе добра. Клуб па-ранейшаму ў вышэйшай лізе, сумленне па-ранейшаму з табою. А значыць - усё не так дрэнна."

Вы таксама можаце напісаць ліст падтрымкі Ягору Аляксандравічу Марціновічу:
СІЗА-1, 220030, г. Мінск, вул. Валадарскага, 2

Таксама заклікаем вас пісаць лісты і іншым палітвязням, інфармацыю пра палітвязвяў можна ўзяць на тэматычных сайтах:
1) https://prisoners.spring96.org/be
2) https://politzek.me/friends
3) https://dissidentby.com

#паштоўкіадвясноўкі
Царкве «Новае жыццё» пагражаюць крымінальнай адказнасцю за малітвы побач з забраным будынкам

Малітвы каля царквы разглядаюцца як сістэматычныя масавыя мерапрыемствы, за якія можа быць адказнасць аж да крымінальнай, піша «Радыё Свабода»

У 2020 годзе вернікі «Новага жыцьця» пасля выбараў запісалі відэазварот, у якім выказаліся супраць забойстваў, гвалту і катаванняў, ілжывых сведчанняў у судах, маніпуляцый. 17 лютага 2021 году судовыя выканаўцы ўварваліся ў царкву ў суправаджэнні сілавікоў падчас малітвы. Яны апісалі маёмасць, а вернікаў выгналі, пагражаючы арыштам.
Сёння раніцай быў затрыманы кандыдат у прэзідэнты на выбарах 2020 года Андрэй Дзмітрыеў.

Андрэй з'яўляецца сустаршынёй «Гавары праўду», сябрам аргкамітэта «Нашай Партыі» і дэлегатам «Сходу».

У дадзены момант невядома, з якой прычыны і якой структурай ён затрыманы, а таксама дзе ён знаходзіцца, піша @vybory_smotri
Затрыманага ўчора экс-пасла Беларусі ў Славакіі Ігара Ляшчэню правяраюць на датычнасць да дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак
Затрыманы ўчора член Каардынацыйнай Рады Мікалай Стрэха знаходзіцца ў ІЧУ на Акрэсціна, дзе правядзе 14 сутак за адміністрацыйнае правапарушэнне, піша @rada_vision
❗️Ад 3 да 4,5 гадоў пазбаўлення волі: вынесены прысуд трэцяй партыі абвінавачаных па берасцейскіх «беспарадках»

Суддзя Святаслаў Каліна прысудзіў наступныя тэрміны:

📍Антон Сотнікаў — 4,5 года калоніі;
📍Раман Гваздзёлка, Вадзім Жылінскі, Дзяніс Жук, Юрый Кузьміч — 4 гады калоніі;
📍Мікіта Ганчароў, Дзмітрый Тур — 3,5 года калоніі;
📍Дзмітрый Князеў, Дзмітрый Панько, Максім Шатохін (няпоўнагадовы) — 3 гады калоніі.

Усе асуджаныя адміністрацыяй брэсцкага СІЗА прызнаныя «схільнымі да экстрэмізму» і пастаўленыя на прафілактычны ўлік.

Падрабязнасці 👉 bit.ly/3k5pSK7
‼️«Я крычаў, задыхаючыся ў чорным пакеце, а яны смяяліся», — Сцяпан Латыпаў распавёў у апошнім слове пра збіццё і катаванні

12 жніўня палітзняволены жыхар «Плошчы Пераменаў» Сцяпан Латыпаў выступіў з моцным апошнім словам. Ён распавёў пра сваю сям'ю, рэпрэсаванага прадзеда ў 1937 годзе, пра сваёй затрыманне 15 верасня мінулага года, як яго збівалі сілавікі, як ён рыхтаваўся да суіцыду і што чакае ад прысуду. Пракурор запрасіў для Сцяпана 8,5 гадоў калоніі.

🔹Пра затрыманне і збіццё

«Я крычаў, задыхаючыся ў чорным пакеце, а яны смяяліся. Казалі: "Вучым алфавіт, зараз пытаем літару "Аааа" і пачнем вучыць "Б". Казалі: "Не крычы, твая Ціханоўская не пачуе", але я працягваў крычаць. Я крычаў і думаў, вельмі добра, што ўзялі мяне, мала хто з суседзяў у Беларусі вытрымае гэта
.

Калі было асабліва балюча, я ўспамінаў словы маці, яна вучыла мяне гаварыць сабе: «Я маленькі-маленькі вожык, мне зусім не балюча». І гэта ў нейкае імгненне дапамагала мне. Але яны [сілавікі] вельмі вопытныя, мяне пастаянна называлі па імені, і ў мяне не атрымлівалася адключацца ніяк»

🔹Пра спробу суіцыду ў судзе

«Было балюча. Вар'яцка балюча і страшна. Мэтай ставіў перарэзаць хоць адну з сонных артэрый. З левага боку прарэзаць не ўдалося, але затое з правага, дзякуючы ўхілу налева, атрымалася разрэзаць... І адчуў пальцамі цяпло. Нават атрымалася зачапіць артэрыю, але ад хвалявання я пацягнуў далей, замест таго, каб паглыбляцца па трахеі...

Потым тузануў за нагу канваір, я стукнуўся галавой і ўпаў. Было балюча, страшна і вельмі сорамна. Вельмі сорамна, таму што спроба выйшла няўдалай. І тое, што ёсць шмат спосабаў абараніць сваіх блізкіх і суседзяў, якіх я ў той момант не ўбачыў»

🔹Пра страх за блізкіх

«Жах, які мне давялося выпрабаваць, апраўдвае вельмі многае. Калі заканчваецца страх за сябе, пачынаецца страх за блізкіх.
Чалавек у масцы прыходзіў пасля аперацыі. Мне здавалася, што ён казаў некалькі гадзін — гэта былі толькі пагрозы і абразы. Я ведаю, што нічога не здолею з гэтым зрабіць і нават не магу да канца вызваліцца ад страху, але ў маіх сілах хаця бы паспрабаваць не баяцца».

Апошняе слова цалкам 👉 bit.ly/37Dqsc4
❗️Аляксей Кудзін і Андрэй Сакалоўскі прызнаныя палітвязнямі

Аляксей
— баксёр, якога прызналі вінаватым паводле ч. 2 арт. 363 КК («супраціў супрацоўніку органаў унутраных спраў або іншай асобе, якая ахоўвае грамадскі парадак, спалучаны з ужываннем гвалту або з пагрозай яго прымянення»). Следства палічыла, што падчас жнівеньскай акцыі пратэсту ў Маладзечна Аляксей нанёс удары двум міліцыянтам. Яму прысудзілі 2,5 года калоніі.

Андрэй — быў асуджаны на 3 гады калоніі. Яго вінавацілі па некалькіх артыкулах Крымінальнага кодэксу. Нібыта ён «знаходзіўся ў счэпцы, аказаў відавочнае непадпарадкаванне супрацоўнікам АМАПа і меў намер прычыніць боль 11 пацярпелым амапаўцам».

Чаму праваабарончыя арганізацыі лічаць іх справы палітычна матываванымі 👉 bit.ly/37DNNdK

📍Па стане на 12 жніўня ў Беларусі 631 палітвязень
Міністэрства інфармацыі заблакавала сайт "Удобный город - petitions.by" з-за трох петыцый і заявы аб прызнанні Каардынацыйнага Савета.

Прадстаўнікі сайта апублікавалі ў тэлеграм-канале загад Мінінфарма аб абмежаванні доступу да іх рэсурсу, дзе ўказана, што прычынай блакіроўкі сталі:

• петыцыя "Аб унясенні зменаў у Кодэкс Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэннях у частцы ўзмацнення адказнасці паводле арт. 23.34. і 23.4";
• петыцыя "Прызнаць выбары прэзідэнта Рэспублікі Беларусь несапраўднымі";
• петыцыя "Апублікаваць тэкст новай Канстытуцыі і правесці расследаванне ў дачыненні да старшыні ЦВК";
• заява "Аб прызнанні Каардынацыйнага савета".

Паводле Мінінфарм, тэкст і матэрыялы дадзеных петыцый нібыта могуць нанесці шкоду нацыянальным інтарэсам краіны, а сам сайт petitions.by з'яўляецца "пляцоўкай для ініцыявання збору подпісаў пад петыцыямі пратэстнага характару, накіраваных на дэстабілізацыю абстаноўкі ў Рэспубліцы Беларусь".

Хроніка палітычнага пераследу 12 жніўня 👉 bit.ly/3iG1eQH
🆘 Дапамога фігурантам «справы карагодаў»

📍 Андрэй і Паліна Ляшко — фігуранты брэсцкай «карагоднай справы». У ходзе следства высветлілася, што Паліна цяжарная, аднак гэта не спыніла следчых ад прад'яўлення абвінавачванняў, правядзення 4 ператрусаў, а затым высялення з інтэрната, дзе сям'я была зарэгістраваная і пражывала. У чэрвені іх асудзілі на 1,5 года «хіміі» і «хатняй хіміі» адпаведна.

❗️Сям'я звярнулася па дапамогу:

«Разумеючы ўвесь жах сітуацыі, мы адважыліся на крайнюю меру і праз лясы і балоты патрапілі на тэрыторыю Украіны, каб выратаваць сваю сям'ю. На бягучы момант мы спрабуем легалізавацца на тэрыторыі Украіны. Сродкаў да існавання ў нас амаль няма, жонка на 8-м месяцы цяжарнасці, а пасля перажытага ёсць шанец, што народзіць яна значна раней, чым плануецца. Малодшая дачка ў верасні павінна пайсці ў сад, а сын у школу, у першы клас. Але дзе і як гэта будзе мы не ведаем. Як і не ведаем дзе народзіцца наша дзіця.

Але самае галоўнае мы на волі і разам».

💵Падтрымаць фінансава сям'ю Ляшко
«Табе піздз*ц». Мінчука асудзілі да 4 гадоў «хіміі» за пагрозы Прыдыбайлу і распальванне варожасці да рускіх

48-гадовага мінчука Святаслава Лепешава да чатырох гадоў «хіміі» за пагрозу забойствам расійскаму прапагандысту Канстанціну Прыдыбайлу (арт. 186 КК) і распальванне нацыянальнай варожасці ў адносінах да рускіх (арт. 130 КК).

Мужчына ўбачыў у інтэрнэце нумар тэлефона Прыдыбайла, патэлефанаваў яму і сказаў: «Табе піздз*ц». Падчас суда стала вядома, што ў мэтах бяспекі прапагандыста тады перавезлі ў амбасаду Расіі ў Мінску. Пацярпелы Прыдыбайла заявіў грамадзянскі пазоў у выглядзе 3 000 рублёў за «маральныя пакуты». Следчыя таксама знайшлі перапіскі Лепешава на парталах «Обсуждай» і «Спрашивай», дзе ён пісаў, напрыклад, такія выразы як «добры маскаль – мёртвы маскаль».

«Вясна» распавядае пра працэс, які доўжыўся больш за два месяцы 👉 bit.ly/3xL2uWV
Рыгор Кастусёў, у якога падазраюць анкалогію, атрымаў магчымасць прайсці абследаванне.

Па словах яго адвакаткі Інэсы Аленскай, палітык па-ранейшаму "знаходзіцца ў СІЗА КДБ, але яго па меры неабходнасці возяць да медыкаў", піша @euroradio.

Пры гэтым яна таксама расказала, што Кастусёў адчувае сябе кепска, пастаянна скардзіцца на стан здароўя, не можа спаць начамі.

Лідар БНФ Рыгор Кастусёў быў затрыманы 12 красавіка 2021 года. Ён разам з Аляксандрам Фядутам і юрыстам з ЗША Юрыем Зянковічам — фігурант крымінальнай справы аб "змове з мэтай захопу ўлады неканстытуцыйным шляхам".
Праз 10 сутак пасля брутальнага затрымання не выйшлі на волю музыкі з гурта Irdorath і іх сябры.

Уладзімір Калач, Надзея Калач, Пятро Марчанка, Юлія Марчанка (Юніцкая), Антон Шніп, Зміцер Шыманскі
і Павел Шмыга (UPD. Ён не быў затрыманы) застаюцца за кратамі да суда. Месца ўтрымання пакуль невядомае, піша @by_culture

Іх абвінавачваюць паводле артыкула 342 КК (арганізацыя дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак) за выступленне падчас масавых шэсцяў у Мінску ў жніўні 2020 года.

🔹Пераслед гурта IRDORATH і іх сяброў: 12 чалавек арыштаваныя па крымінальных і адміністрацыйных справах, чатыры — аштрафаваныя
❗️Журналістку «Бі-бі-сі» Сару Рэйнсфорд, якая задала Лукашэнку пытанне аб легітымнасці, вышлюць з Расіі — ёй адмовілі працягнуць візы, у сувязі з чым Рэйнсфорд трэба пакінуць Расію да канца жніўня
У судзе Ленінскага раёна разглядзелі крымінальную справу ў дачыненні да Дзмітрыя Сарагаўца, якога вінавацілі ў абразе прадстаўніка ўлады па арт. 369 Крымінальнага кодэкса.

Абвінавачаны 14 траўня 2020 года пакінуў каментар пад фотаздымкам начальніка ўпраўлення аховы правапарадку Бабруйскага гарвыканкама Сяргея Рудзько, замешчаным у сацыяльнай сетцы «Аднакласнікі» на старонцы Вольгі Карач, наступнага зместу: «Ублюдкаў трэба ведаць у… тварам гэта назваць язык не паварочваецца».

13 жніўня суддзя Юлія Шут палічыла віну Дзмітрыя Сарагаўца даказанай і прызначыла яму пакаранне ў выглядзе абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу («хатняя хімія») тэрмінам на 2 гады.
7 жніўня падчас дзяжурства ў РНПЦ псіхічнага здароўя быў арыштаваны лекар па прозвішчы Якавенка, паведамляе @belhalat_by

У телеграм-канале перадаюць, што доктара вывелі прама з прыёмнага пакою ў кайданках і павезлі ў РАУС, потым на Акрэсціна, дзе ў панядзелак адбыўся суд па Skype.

У выніку доктара асудзілі на 15 сутак адміністрацыйнага арышту. Прычына затрымання невядомая.

Аператыўна паведаміць пра затрыманне ці вобшук можна ў нашым тэлеграм-боце 👉 @viasna_bot