Вясна / Правы чалавека ў Беларусі
9.84K subscribers
22.6K photos
476 videos
88 files
20K links
Тэлеграм-канал Праваабарончага цэнтру «Вясна». Актуальныя навіны ў галіне правоў чалавека ў Беларусі.

Пра затрыманні пісаць на @viasna_bot, для кансультацый - @ViasnaSOS.
Сувязь з інфармацыйнай службай: @Viasnainfo
Юрыдычная служба: @zvarot96
Download Telegram
⚡️Распавядаем пра травень у «сутках» і штрафах

Праваабаронцам «Вясны» вядома як мінімум пра 332 затрыманых беларусаў у траўні па адміністрацыйных справах, звязаных з акцыямі пратэсту. З іх 74 чалавека аштрафавалі агулам на 261 609 рублёў (9 021 базавых велічыняў), што ў 2,5 разы больш, чым у красавіку. На «суткі» тэрмінам ад 5 да 30 сутак былі адпраўленыя 160 чалавек. Агулам за адзін месяц беларускія суддзі арыштавалі па «палітычных артыкулах» на 2 144 сутак (амаль 6 гадоў).

🌿«Вясна назірае» традыцыйна склала спіс самых дзіўных і недарэчных прычын, за якія беларусаў каралі на працягу мінулага месяца: https://telegra.ph/svabodu-zhurnal%D1%96stam-06-04
Да Сцяпана Латыпава змагла патрапіць адвакатка

«Самаадчуванне здавальняючае. Трымаецца стойка. Перажывае за родных», — распавялі родныя Сцяпана і дадалі, што ў іх прынялі медыцынскую перадачу.

🔹«Ён абедзвюма рукамі трымае белую ручку ў горле і глядзіць на бацьку», — відавочца распавядае пра ўчынак Сцяпана Латыпава ў зале суда
Затрыманых учора журналістаў Івуліна і Пісарэнку зараз судзяць па адміністрацыйнай справе, піша @tribuna_by.

У чым іх абвінавачваюць — невядома.
⚡️⚡️⚡️Спартовага журналіста і футбаліста Аляксандра Івуліна асудзілі на 30 сутак нібыта за сцяг на акне

3 чэрвеня невядомыя ў цывільным прыйшлі на кватэру да Аляксандра Івуліна і Яраслава Пісарэнкі з ператрусам і потым адвезлі ў невядомым кірунку. Увечары Пісарэнка паведаміў, што яны на Акрэсціна.

4 чэрвеня іх справы разглядаюцца ў судзе Фрунзенскага раёна. Справу Аляксандра Івуліна накіравалі суддзе Юліі Блізнюк.

На журналіста ў Фрунзенскім РУУСе склалі пратакол па ч.3 арт. 24.23 КаАП нібыта за сцяг на акне іх кватэры. Аляксандр адмаўляе сваю віну. Івулін заявіў, што пры ператрусе сцяга на акне не было, таму ён заявіў хадайніцтва аб апытанні сведак, якія могуць пацвердзіць, што гэта праўда.

Суддзя Блізнюк адхіліла хадайніцтва і арыштавала Івуліна на 30 сутак.
Палітвязню Алесю Пушкіну працягнулі тэрмін утрымання пад вартай да 30 жніўня

За кратамі Алесь ужо больш за 2 месяцы: сядзеў у СІЗА Горадні, Менску і Жодзіна. Яго вінавацяць у тым, што дэманстрацыяй партрэту антысавецкага дзеяча Яўгена Жыхара ён «рэабілітуе нацызм». Мастаку пагражае ад 5 да 12 гадоў зняволення. Пушкін сябе вінаватым не прызнае, піша @belsat.

📨 Падтрымаць Алеся:
- Следчая турма №8. 222163, г. Жодзіна, вул. Савецкая, 22А, Аляксандр Мікалаевіч Пушкін
💻 Напісаць анлайн 👉 bit.ly/3jwJMLn
У Мінску трох адміністратараў каналу «Кіроўцы 97%» адправілі ў калонію

Сёння быў абвешчаны прысуд па крымінальнай справе супраць чатырох адміністратараў тэлеграм-канала і чата «Кіроўцы 97». Усіх іх абвінавачвалі ў тым, што яны «дзейнічаючы ў злачыннай змове, наўмысна заклікалі да масавых беспарадкаў, блакаванняў дарог у сувязі з незадаволенасцю ўладай і фальсіфікацыяй выбараў». Слуханні па справе праходзілі ў закрытым рэжыме.

Суддзя Жанна Хвайніцкая вынесла наступныя прысуды:

🔻 Палітвязні Дзяніс Гуцін, Вікторыя Кульша, Ганна Вішняк — 2,5 года калоніі агульнага рэжыму;
🔻 Таццяна Шкробат — 3 гады «хатняй хіміі».

Падрабязнасці 👉 bit.ly/3zaD5Ij
⚡️⚡️"Вясна" назірае публікуе падрабязнасці з судовага працэсу над журналістам і блогерам Аляксандрам Івуліным

На судзе Аляксандр растлумачыў, што сцяг не вывешваў ні ён, ні Яраслаў. Ён пацвердзіў, што сцяг належыць яму, але на акне ў гэтым годзе ён не вісеў. Гэта маглі пацвердзіць і панятыя, якія прысутнічалі падчас ператрусу ў кватэры. Згодна з рапартам, складзеным оперупаўнаважаным па асабліва важных справах падпалкоўнікам міліцыі Дземіным Максімам Леанідавічам, ён разам з Мядзведзевым "каля 13:00 падчас візуальнага агляду абнаружылі сцяг на акне кватэры, у якой пражываюць Івулін і Пісарэнка, па словах якіх, яны «з чэрвеня 2021 года сумесна вывесілі БЧБ-сцяг для прыцягнення ўвагі грамадзян пратэсту, якія зноў пачалі з'яўляцца ў Мінску, а таксама, каб паказаць грамадзянам, што такім спосабам можна выказваць пратэст дзеючаму ўраду". Аляксандр гэта адмаўляе і сцвярджае, што такія паказанні яны з Пісарэнкам не давалі.

У пісьмовых матэрыялах справы ёсць фатаграфія акна, на якім "дэманстратыўна вывешаны сцяг бел-чырвона-белай расфарбоўкі". Аляксандра з матэрыяламі справы перад судом азнаёмілі. Журналіст на судзе распавёў, што затрымалі яго на вуліцы недалёка ад дома.

На судзе былі дапытаны падпалкоўнік Дзёмін. Са словаў Дзёміна, яны прыехалі па ўказаным адрасе каля 13:00 для правядзення ператрусу ў кватэры, адкуль як раз выйшаў Івулін каля 13:30, дзе яго і затрымалі. Пасля чаго прайшлі ў яго кватэру, дзе яшчэ быў Яраслаў. У іх агульным пакоі быў выяўлены БЧБ-сцяг.
Са словаў Дзёміна:
— Яны далі паказанні, што вывесілі сцяг з-за стаўлення да дзеючай улады. Таму што ў Мінску зноў пачаліся пратэстныя падзеі на фоне апошніх падзей з самалётам і затрыманнем Пратасевіча.

Сведка пацвердзіў, што Івуліна затрымалі на вуліцы прыкладна за 40 метраў ад пад'езда. Дземін сцвярджае, што БЧБ-сцяг супрацоўнікі міліцыі знялі да прыходу панятых, "каб іх не бянтэжыць". Ператрус праводзіўся ў межах крымінальнай справы аб арганізацыі масавых беспарадкаў у жніўні-верасні 2020 года. Дома выявілі "шмат пратэстнай сімволікі: гурткі, бранзалеты, БЧБ-палотны і майкі апазіцыйнай накіраванасці".
Дзёмін дадаў:
— Хачу дапоўніць, што грамадзянін Івулін у жніўні-верасні 2020 актыўна браў удзел у пратэстнай дзейнасці, і на сваім Youtube-канале размяшчаў розныя відэаролікі з апазіцыйна настроенымі грамадзянамі і спартоўцамі.
Галоўную інжынерку «ТУТ БАЙ МЕДЫА» Алу Лапатка абвінавачваюць у «дапамаганні ва ўхіленні ад выплаты падаткаў у асабліва буйным памеры» (ч.6 арт.16, ч.2 арт. 243 КК).

Раней паведамлялася, што ў саўдзеле ва ўхіленні ад выплаты падаткаў у асабліва буйным памеры (ч.1 арт. 16, ч.2 арт. 243 КК) абвінавачваюцца галоўная рэдактарка TUT.ВY Марына Золатава і журналістка партала Алена Талкачова.

Усяго па «справе TUT.ВY» былі затрыманыя 15 чалавек.
Ціск на святароў і новыя крымінальныя справы — што адбываецца ў краіне 4 чэрвеня

🔻Аказваецца ціск на святароў і іх канфесіі. Пра гэта паведамляюць прадстаўнікі хрысціянскіх цэркваў: каталіцкай, праваслаўнай і пратэстанцкай. Так, ноччу пабілі аўтамабіль і пашкодзілі будынак курыі Рымска-каталіцкага касцёла ў Мінску.

🔻Тэрмін утрымання пад хатнім арыштам працягнуты на два месяцы Сяргею Драздоўскаму, кіраўніку Офіса па правах людзей з інваліднасцю, — да 3 жніўня.

🔻На футбаліста Расціслава Шавеля завялі крымінальную справу. Раней у яго было тры адміністрацыйныя арышты: 8 сутак у жніўні, 15 — у лістападзе, 15 — у траўні. Яго абвінавачваюць па артыкуле 342 Крымінальнага кодэкса (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх).

Хроніка палітычнага пераследу 4 чэрвеня 👉 bit.ly/3gbAuor

Аператыўна паведаміць пра затрыманне можна ў нашым тэлеграм-боце 👉 @viasna_bot
❗️Палітвязня Арцёма Баярскага адлічылі з БДУ

19-гадовы хлопец быў студэнтам другога курса хімфака БДУ. Арцём чатыры разы станавіўся стыпендыятам Спецыяльнага фонду прэзідэнта па падтрымцы таленавітай моладзі і адораных студэнтаў і навучэнцаў.

Мінулай восенню яго асудзілі на 15 сутак па «народным» артыкуле 24.23 КаАП, а гэтай вясной — спачатку прысудзілі 25 сутак па тым жа артыкуле, а потым прад'явілі абвінавачванні ў «стварэнні альбо кіраўніцтве экстрэмісцкім фарміраваннем». Каб атрымаць відэа для тэлеграм-канала Азаронка, дзе студэнт прызнаецца ў адміністраванні пабліка, Арцёма збілі: білі дубінкамі па спіне і ягадзіцах.

Сёння стала вядома, што Арцёма адлічылі з БДУ.

📨 Падтрымаць Арцёма:
СІЗА-1, вул. Валадарскага, 2, г. Мінск, 220030, Арцёму Юр'евічу Баярскаму
💻 Напісаць анлайн 👉
bit.ly/3jwJMLn

🔹Студэнта Арцёма Баярскага збілі, каб запісаць прызнанне на відэа для канала Азаронка
«Балаклава не ўратуе нікога». У Брэсце судзяць жыхара Баранавічаў па артыкуле за «распальванне варожасці»

Уладзіслава Бурына
абвінавачваюць у тым, што ў телеграм-чаце групы «Карнікі» ён нібыта размясціў 13 паведамленняў, у якіх «негатыўна ацаніў» і «падахвочваў да незаконным крымінальных дзеянняў» у дачыненні да супрацоўнікаў міліцыі, ваенных, дзяржаўных службоўцаў і іх сем'яў.

Адно з іх: «Нас [б'юць], а мы кветачкі ім ўручаем».

Падрабязнасці 👉 bit.ly/3igToNv
‼️Даклад Спецыяльнага дакладчыка па пытанні аб становішчы ў галіне правоў чалавека ў Беларусі Анаіс Марэн

Публікуем вытрымкі з дакладу, які будзе прадстаўлены на 47 сэсіі Савета па правах чалавека ААН, якая пройдзе з 21 чэрвеня па 9 ліпеня.

🔹Пасля выбараў акты жорсткага гвалту з боку праваахоўных органаў прывялі да гібелі па меншай меры чатырох дэманстрантаў — Аляксандра Тарайкоўскага, Генадзя Шутава, Аляксандра Віхора, Рамана Бандарэнкі;

🔹Атрымліваліся паведамленні аб сістэматычнай і шырока распаўсюджанай практыцы катаванняў або жорсткага, бесчалавечнага або зневажальнага годнасць абыходжання або пакарання ў дачыненні да асоб, якія ўтрымліваюцца пад вартай у Беларусі, у тым ліку дзяцей;

🔹Па меншай меры 143 жанчыны заявілі, што падвяргаліся катаванням або сэксуальнаму гвалту з боку супрацоўнікаў праваахоўных органаў;

🔹Многія з непаўналетніх затрыманых падвергліся фізічнаму гвалту і атрымалі псіхалагічныя траўмы;

🔹Пад уздзеяннем розных формаў ціску са жніўня 2020 года краіну пакінулі тысячы беларусаў.
Тры гады калоніі за перапіскі ў telegram — вынеслі прысуд палітзняволенай Марыі Несцеравай

54-гадовую Марыю Несцераву абвінавачвалі ў «арганізацыі групавых дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак»: за ўдзел у мітынгах, распаўсюд улётак і газет, удзел у тэлеграм-каналах і чатах. Менавіта перапіскі з чатаў і ляглі ў аснову абвінавачвання.

Падрабязнасці і апошняе слова Марыі 👉
bit.ly/3cd7rjp
⚡️Палітвязняў Віктара Шаўру і Віталя Шыцікава выпусцілі з "хіміі" да паўторнай апеляцыі — верагодна, ім хочуць узмацніць прысуд

🔻Віктара і Віталя абвінавацілі ў тым, што яны «10 жніўня прынялі актыўны ўдзел ў групавых дзеяннях, якія груба парушылі грамадскі парадак <...> разам з іншымі рухаліся па праезнай частцы, ішлі наперадзе групы грамадзян на забаронены сігнал светлафора, перакрывалі рух транспарту». Суд горада Наваполацка 21 студзеня асудзіў хлопцаў да 2 гадоў «хіміі» па арт. 342 КК.

🔹4 чэрвеня Віктара Шаўру і Віталя Шыцікава выпусцілі з папраўчых устаноў пад падпіску аб не выездзе. На волі яны будуць да паўторнага апеляцыйнага суда, які адбудзецца 22 чэрвеня. Верагодна, ім хочуць узмацніць прысуд.
Магілёўца затрымалі за адмову даць падпіску пра неразгалошванне па крымінальнай справе супраць «Вясны». Суд спыніў справу.

Дзмітрыя Шчарбакова
затрымалі 2 чэрвеня. На яго склалі адміністрацыйны пратакол за непадпарадкаванне (арт. 23.4 КаАП), пасля чаго змясцілі ў ІЧУ.

Як высветлілася на судзе, прычынай стала тое, што 17 траўня Шчарбакова выклікалі ў якасці сведкі па крымінальнай справе супраць праваабаронцаў ПЦ «Вясна».

Пасля допыту ад яго запатрабавалі даць распіску аб неразгалошванні матэрыялаў справы. Як было адзначана на судзе, следчы зрабіў гэта, верагодна, не вельмі зразумелым чынам: «Шчарбакоў заявіў, што яму невыразна растлумачылі яго абавязак даць падпіску, ніхто не патлумачыў прычыны і падставы, таму падпісваць дакумент ён не стаў».

Суддзя Панасенка спыніла адміністрацыйны працэс за адсутнасцю складу правапарушэння. Дзмітрый Шчарбакоў ўжо на волі.
Адвакатка палітвязня Рамана Пратасевіча сказала, што не бачыла яго ўжо тыдзень
Яшчэ дзесяць еўрапейскіх парламентарыяў сталі «хроснымі» беларускіх палітвязняў.

Да кампаніі салідарнасці з беларускімі палітвязнямі #WeStandBYyou, арганізаванай швейцарска-нямецкай праваабарончай арганізацыяй Libereco, далучыліся яшчэ дзесяць дэпутатаў парламентаў еўрапейскіх краінаў.

«Хросных» атрымалі палітвязні Рамана Пратасевіча, Ігара Поварава, Канстанціна Свідуновіча, Дар'і Данілавай, Сафіі Сапегі, Сафіі Малашэвіч, Віталя Прохарава, Антона Лакішыка, Данііла Богната і Аляксандра Баброва.

Хто стаў «хроснымі» палітвязняў 👉
bit.ly/2TwKZLt
⚡️Юрый Савіцкі, асуджаны да трох гадоў «хіміі», зноў трапіў у спіс палітвязняў — ён пачаў адбываць пакаранне

🔻Сябру ініцыятыўнай групы Віктара Бабарыкі Юрыя Савіцкага абвінавацілі у тым, што ён «далучыўся да групы грамадзян, якія груба парушалі грамадскі парадак, аказваў відавочнае непадпарадкаванне супрацоўнікам міліцыі, перакрываў праезную частку, блакаваў праезд транспарту, парушаў дзеючае заканадаўства аб масавых мерапрыемствах». 21 студзеня суд Кастрычніцкага раёна Мінска асудзіў Савіцкага да трох гадоў абмежавання волі з накіраваннем у выпраўленчую ўстанову адкрытага тыпу па арт. 342 Крымінальнага кодэкса.

🔹3 чэрвеня Юрыя Савіцкага накіравалі адбываць пакаранне ў папраўчую ўстанову №17.

💌Падтрымаць яго лістамі і паштоўкамі салідарнасці: Выпраўленчая ўстанова адкрытага тыпа №17, г. Гомель, ул. Барысенка, 13, к. 2
«Праблема ўва мне, калі ўвесь свет супраць мяне. Я так разумею». У Мастах судзяць мужчыну за рэпосты карыкатураў на Лукашэнку

Сяргея Бурака
абвінавачваюць у «абразе прэзідэнта» і «здзеку з дзяржаўных сімвалаў» — ён размяшчаў у тэлеграм-канале «Масты для жыцця чат» створаныя іншымі карыстальнікамі паведамленні з выявай Лукашэнкі і «тэкстам, які змяшчае яго абразу». Сяргей віну не прызнаў — ён не лічыць гэтыя публікацыі абразай.

Падчас працэсу пракурор актыўна дыскутаваў з абвінавачаным:

— У чым тут гумар і сатыра? Калі б вас таксама назвалі «вусатай шмарай», вы б не абразіліся?

Я б задумаўся, калі б усе пра мяне так сказалі. Я самакрытычны. Калі б на мяне так сказалі, я б шукаў праблему ў сабе, значыць, нешта не так са мной. Праблема ўва мне, калі ўвесь свет супраць мяне. Я так разумею гэта.

Падрабязнасці 👉
bit.ly/3uWSmJ3