Вясна / Правы чалавека ў Беларусі
9.85K subscribers
22.7K photos
477 videos
89 files
20.1K links
Тэлеграм-канал Праваабарончага цэнтру «Вясна». Актуальныя навіны ў галіне правоў чалавека ў Беларусі.

Пра затрыманні пісаць на @viasna_bot, для кансультацый - @ViasnaSOS.
Сувязь з інфармацыйнай службай: @Viasnainfo
Юрыдычная служба: @zvarot96
Download Telegram
Дызайнерку адзення пачалі судзіць у Віцебску

У Віцебскім абласным судзе 6 жніўня пачаўся суд супраць Наталлі Крэміс паводле ч. 1 арт. 361-4 (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці) КК. Справу вядзе суддзя Яўген Буруноў. Ён вынес як мінімум 17 палітычна матываваных прысудаў.

Наталля вядомая сваімі дызайнерскімі вырабамі з ільну, ручным роспісам і вышыўкай, паведамляў раней тг-канал «Витебск, я гуляю!».
Журналіста Алеся Кіркевіча завочна асудзілі да 7 гадоў калоніі і вялікага штрафу за інтэрв'ю незалежным медыя

У Гродзенскім абласным судзе 2 жніўня ў парадку спецыяльнай вытворчасці вынеслі прысуд журналісту і былому палітвязню Алесю Кіркевічу — сем гадоў калоніі, штраф у памеры 24 000 рублёў і арышт на маёмасць. Яму прызначылі максімальнае пакаранне з магчымых.

Арышт на маёмасць быў накладзены 22 лістапада 2023 года, і яе вырашана рэалізаваць у кошт пагашэння штрафу. Гэта 1/3 долі права ўласнасці Кіркевіча на будынак аднакватэрнага жылога дома вёсцы Бычкі Ушацкага раёна.

Журналіста абвінавацілі ў «садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці» (ч. 1 і 2 арт. 361-4 КК). Справу з 8 ліпеня завочна разглядаў суддзя Юры Казакевіч. З прысуду стала вядома, што Алеся асудзілі за інтэрв'ю «Радыё Свабода» і «Белсату».

Чытаць па спасылцы 👉 https://spring96.org/be/news/115919
За ўдзел у паслявыбарчых акцыях пратэсту затрымалі хлопца і дзяўчыну

На відэа бачна, што сілавікі залезлі да іх дадому праз балкон — пара жыве на другім паверсе шматпавярховага дому.

Паводле папярэдняй інфармацыі, затрыманыя — Сямён Дубовік і Стэфанія Мельнікава.

🔗Хроніка палітычнага пераследу
💔Палітвязень Дзяніс Пішчала — на волі

Дзяніса затрымалі 31 кастрычніка 2022 года. Яго абвінавацілі паводле ч. 1 арт. 342 КК (актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак). Суд Заводскага раёна Мінска 21 сакавіка 2023 года прызначыў хлопцу 2 гады калоніі. Свой тэрмін Дзяніс дбываў у магілёўскай калоніі № 15, адкуль выйшаў на волю 27 ліпеня.

"Вітаю вас, шаноўнае спадарства! Ужо крыху больш за тыдзень я дыхаю адносна вольным паветрам. 635 дзён я быў афлайн і маё раптоўнае знікненне не засталося незаўважным для многіх з вас. Ліставацца мне было дазволена толькі з блізкімі сваякамі, ад сяброў і знаёмых лісты я не атрымліваў", — напісаў хлопец нядаўна у сваім фэйсбуку, заўважыла "Наша Ніва".

Дзяніс змясціў фота наведвання мемарыяльнага комплексу Ала ў Гомельскай вобласці, які ён наведаў упершыню пасля рэканструкцыі.
Прадпрымальніка з Паставаў, які дапамагаў пратэстоўцам, завочна асудзілі да 6 гадоў калоніі

У Мінскім абласным судзе 29-гадовага Ігара Парункевіча, які быў уладальнікам бара ў Паставах, дзе збіралі грошы пацярпелым ад рэпрэсій, завочна асудзілі да шасці гадоў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму.

Яго абвінавацілі паводле чатырох артыкулаў Крымінальнага кодэкса: арт. 130 (распальванне іншай сацыяльнай варожасці), арт. 368 (абраза Лукашэнкі), арт. 364 (пагроза прымянення гвалту ў дачыненні да міліцыянта), ч. 1 арт. 361-4 (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці). Сутнасць абвінавачвання невядомая. Прысуд вынесла суддзя Алена Бачышча.

Апынуўшыся ў замежжы, мужчына распавядаў, што падтрымліваў Святлану Ціханоўскую, і што ў ягоным бары «выставілі каробку для ахвяраванняў для тых людзей, хто пацярпеў падчас акцый пратэсту». Міліцыянтам гэта не спадабалася, яны спачатку пагражалі, а потым і насамрэч завялі на прадпрымальніка крымінальную справу.

Чытаць па спасылцы 👉 https://spring96.org/be/news/115922
Гродзенскую актывістку завочна асудзілі да 2,5 гадоў калоніі

Актывістку Кацярыну Туманаву завочна асудзілі да двух з паловай гадоў пазбаўлення волі ва ўмовах агульнага рэжыму. Прысуд агучыў суддзя Уладзімір Пазняк.

2 жніўня суд Кастрычніцкага раёна Гродна прызнаў жанчыну вінаватай паводле ч. 1 арт. 342 КК (актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак) і арт. 364 КК (гвалт альбо пагроза ўжывання гвалту ў дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных спраў).

Арышт, накладзены на маёмасць Кацярыны, знялі.

Чытаць па спасылцы 👉 https://spring96.org/be/news/115924
🥀40 дзён таму пайшоў з жыцця праваабаронца Леанід Свецік

Смерць напаткала яго ў Варшаве, далёка ад Радзімы. Але апошні спачын ён знайшоў у родным Крычаве, ягоны прах пахавалі побач з магіламі родных, піша @vicspring.

Леанід Свецік нарадзіўся ў Крычаве на Магілёўшчыне ў 1965 годзе. Скончыў фізіка-матэматычнае аддзяленне Магілёўскага педагагічнага інстытута, шмат гадоў настаўнічаў. Заўжды актыўна ўдзельнічаў у грамадскім жыцці, быў складальнікам «Шэрай кнігі» — хронікі парушэння правоў чалавека ў Віцебскім рэгіёне.

Акрамя праваабарончай дзейнасці Леанід займаўся журналістыкай і літаратурнай працай. Выдаў кнігу паэзіі «А мимо вдаль уходят поезда». Рыхтаваў да выдання наступны зборнік вершаў, які выйдзе, на жаль, ужо без яго...

🕯«Не паспеў даглядзець беларускае кіно да канца...»: у вянок памяці Леаніду Свеціку
📝Агляд сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі ў ліпені

📍У Беларусі захоўваецца крытычна высокі ўзровень рэпрэсій у дачыненні да палітычных супернікаў рэжыму і іншадумцаў;
📍Вядома пра некалькі палітвязняў, якія змяшчаюцца працяглы час у рэжыме інкамунікада; так, Марыя Калеснікава, Віктар Бабарыка, Мікалай Статкевіч, Сяргей Ціханоўскі больш за год пазбаўлены кантактаў з навакольным светам, у тым ліку ўсярэдзіне калоній;
📍Вядома пра не менш як 221 выпадак палітычна матываваных рэпрэсій, якія вынікаюць з крымінальнага і адміністрацыйнага пераследу;
📍Катаванні і жорсткае абыходжанне падчас затрымання і ў месцах зняволення застаюцца сістэмнай і шырока распаўсюджанай практыкай;
📍Сумарная колькасць палітвязняў і былых палітвязняў дасягнула 3 391 чалавека, сярод якіх 615 жанчын.

Справаздача цалкам 👉 https://spring96.org/be/news/115916

💳Падтрымаць «Вясну» на Patreon | Аднаразовым данатам
❗️Палітзняволенага анархіста Міколу Дзядка амаль два месяцы ўтрымліваюць у ШІЗА

Як паведамляе тг-канал @MDziadok, у чэрвені Міколу і многіх іншых палітзняволенных гродзенскай турмы № 1 адправілі ў ШІЗА. Мікола знаходзіцца там да гэтага часу. Акрамя гэтага, больш за год палітвязня ўтрымліваюць у адзіночнай камеры.

Нагадаем, Міколу затрымалі 11 лістапада 2020, пасля чаго моцна збівалі і катавалі. Яго асудзілі да пяці гадоў зняволення. Пазней палітвязню ўзмацнілі пакаранне і перавялі на турэмны рэжым. Увесь час у зняволенні на яго аказваецца ціск.

💌 Месца ўтрымання: Турма № 1, 230023, г. Гродна, вул. Кірава, 1
💻Напісаць анлайн
📝Праваабаронцы накіравалі альтэрнатыўны даклад Камітэту па ліквідацыі расавай дыскрымінацыі

5 жніўня пачалася 113-я сесія Камітэта па ліквідацыі расавай дыскрымінацыі, на якой будзе разгледжаны даклад беларускіх уладаў аб выкананні імі абавязальніцтваў у межах Міжнароднай канвенцыі аб ліквідацыі ўсіх формаў расавай дыскрымінацыі. Беларусь будзе даваць справаздачу 15 і 16 жніўня.

БХК і Human Constanta ў супрацоўніцтве з Беларускім ПЭН і Lawtrend прааналізавалі сітуацыю з расавай дыскрымінацыяй і накіравалі Камітэту альтэрнатыўны даклад, што закранае ў тым ліку праблемы, якія ўзніклі ў выніку палітыкі ўладаў пасля 2020 года.

Альтэрнатыўны даклад дазваляе Камітэту, прадстаўнікам дзяржавы ды іншым зацікаўленым актарам азнаёміцца з праблемамі, якія дзяржава не згадвае ў сваім дакладзе, убачыць сітуацыю ў тым ліку з пункту гледжання ўразлівых груп, не прадстаўленай у афіцыйнай пазіцыі, а таксама прапануе рэкамендацыі для паляпшэння сітуацыі.

Чытаць па спасылцы 👉 https://spring96.org/be/news/115928
Супраць Аляксандра Карнеева распачалі спецвытворчасць — яго збіраюцца судзіць завочна

35-гадоваму Аляксандру інкрымінаваны арт. 364 КК (гвалт альбо пагроза ўжывання гвалту ў дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных спраў). Вядома, што Карнееў — актывіст з Маладзечна.

Яго запрашаюць вярнуцца ў Беларусь і прыйсці ва Упраўленне Следчага камітэта.

🔹«Адразае надоўга магчымасць вярнуцца». Юрыст «Вясны» пракаментаваў масавае завочнае ўзбуджэнне крымінальных спраў
🥀Сёння Алесю Пушкіну магло б споўніцца 59 гадоў

Алесь — вядомы беларускі мастак, быў асуджаны да 5 гадоў зняволення ў калоніі строгага рэжыму. Яго абвінавацілі ў здзеку з дзяржаўных сімвалаў (арт. 370 КК) і ў распальванні расавай, нацыянальнай, рэлігійнай альбо іншай сацыяльнай варожасці ці варажнечы (ч. 3 арт. 130 КК).

Прысуд яму вынесла суддзя Алена Шылько, пракурорам па справе быў Аляксандр Кароль.

У ноч з 10 на 11 ліпеня 2023-га году Алесь памёр у рэанімацыі, куды ён трапіў з гродзенскай турмы. Як пазней высветлілася, у Алеся была прабадная язва, яму своечасова не аказалі дапамогу ў турме. Мастака ўжо ў непрытомным стане прывезлі ў бальніцу, на аперацыйным стале ў яго спынілася сэрца.

📍Сёння ў Варшаве адкрываецца выстава, прысвечаная Пушкіну. Падрабязнасці
🎨Алесь шмат маляваў за кратамі — яго малюнкі можна паглядзець на асобнай старонцы праекту PrisonarArt.
🎧У аўдыёфармаце з'явілася кніга Алеся Бяляцкага «Асьвечаныя беларушчынай»

«Гэтую кнігу — як піша ва уступе («Іншадумства ў літаратуры») да папяровага выдання Паліна Сьцепаненка — Алесь Бяляцкі планаваў выдаць да свайго 50-годдзя. У 2011 годзе ён пачаў збіраць тэксты, якія пісаў, пачынаючы з 80-х гадоў ХХ стагоддзя, — тэксты па гісторыі беларускай літаратуры, крытыка, успаміны пра беларускіх пісьменьнікаў, эсэ. Праца па ўкладанні кнігі была распачатая, але не завершаная, бо 4 жніўня 2011 года Алесь быў арыштаваны, яго абвінавацілі ў зьдзяйсьненні крымінальнага злачынства, прадугледжанага часткай 2 Крымінальнага кодэкса».

Цяпер Алесь Бяляцкі ізноў апынуўся ў турме. Лаўрэата Нобелеўскай прэміі міру і заснавальніка Праваабарончага Цэнтру «Вясна» асудзілі да 10 гадоў калоніі. 

Агучыў Зьміцер Бартосік, а знайсці і паслухаць бясплатна можна па спасылцы.
За ўдзел у паслявыбарчай акцыі пратэсту затрымалі мінчука

«Пакаяльнае відэа» з ім апублікавалі праўладныя тэлеграм-каналы.

Паводле інфармацыі праваабаронцаў, затрыманы — Вадзім Сянюта.

🔗Хроніка палітычнага пераследу
Старонку Франака Вячоркі ва «Укантакце» прызналі «экстрэмісцкай»

Адпаведнае рашэнне прыняў суд Бярозаўскага раёну 31 ліпеня. Адзначым, што ў старонцы Франака ва «Укантакце» амаль 4000 сяброў.

Таксама Спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў папоўнілі:

📍Telegram-каналы і чаты «Мiй Киïв | Свiтло», «Киевский Движ», «Вечерний Жлобин», «MILITANT ZONE»;
📍Youtube-каналы «УНІАН», «Жыве»;
📍Старонка ва «Укантакце» «******Жыве Беларусь!******».

🔗Хроніка палітычнага пераследу
📍Ігара Аліневіча перавялі з лякарні ў Калядзічах у жодзінскую турму

Пра гэта паведамляе @a_partisans. Нагадаем, напрыканцы чэрвеня Ігара змясцілі ў лякарню ў Калядзічах. Прычыны пераводу невядомыя.

Ігар — актывіст анархічнага руху, якога затрымалі пры пераходзе мяжы Беларусі ў ноч з 28 на 29 кастрычніка 2020 года. Яго абвінавацілі па шэрагу крымінальных артыкулаў за падпал службовых аўтамабіляў, будынка ДАІ, дзяржаўнага камітэта экспертыз у Гомельскай вобласці. У выніку Ігара асудзілі да 20 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму.

Пазней яму ўзмацнілі пакаранне і перавялі на турэмны рэжым у Жодзіна.

💌Месца ўтрымання: Турма № 8. 222163, г. Жодзіна, вул. Савецкая, 22А
💻Напісаць анлайн
Audio
🌿Праваабарончая праграма «Вясна». Падзеі апошняга тыдня

1:23 4 жніўня адзначыўся Міжнародны дзень салідарнасці з грамадзянскай супольнасцю і праваабарончым рухам Беларусі.

6:43 Праваабаронца ў ЗША і тэма палітвязняў. Расповяд Анастасіі Васісльчук

18:36 1 жніўня Раману Бандарэнку магло б споўніцца 35 гадоў… Пра Рамана ўспамінае яго сястра Вольга Кучарэнка

29:25 А 6 жніўня мастаку Алесю Пушкіну споўнілася б 59 гадоў… Пра палітвязня ўспамінае Лявон Вольскі

🎧Слухайце выпуск тут альбо праз SoundCloud
❗️У Беларусі +10 новых палітвязняў

Гэта Аляксандр Пархоменка, Ігар Тарасаў, Іван Амрэйчык, Васіль Ніпарка, Аляксей Самалюк, Анатоль Закурка, Ігар Сарокін, Сяргей Дземідзюк, Станіслаў Чмыхаў, Андрэй Вялікаселец.

Хто гэтыя людзі і чаму праваабаронцы лічаць іх справы палітычна матываванымі 👉 spring96.org/be/news/115935

Спіс усіх палітвязняў Беларусі 👉 prisoners.spring96.org