Вясна / Правы чалавека ў Беларусі
9.83K subscribers
22.7K photos
477 videos
88 files
20K links
Тэлеграм-канал Праваабарончага цэнтру «Вясна». Актуальныя навіны ў галіне правоў чалавека ў Беларусі.

Пра затрыманні пісаць на @viasna_bot, для кансультацый - @ViasnaSOS.
Сувязь з інфармацыйнай службай: @Viasnainfo
Юрыдычная служба: @zvarot96
Download Telegram
🌿«Вясна» заўтра прэзентуе даклад «Абмежаванне свабоды выказвання меркаванняў на падставе барацьбы з экстрэмізмам і тэрарызмам»

Беларусь працягвае апускацца ў атмасферу татальных рэпрэсій і запалохвання за любую праяву свабоды думкі і слова. Праваабаронцы назіраюць відавочнае нарошчванне рэпрэсіўных практык, аснову якім заклала закандаўства, што паслядоўна рэфармуецца, якое абмяжоўвае грамадзянскія і палітычныя правы і свабоды пад выглядам барацьбы з экстрэмізмам і тэрарызмам.

Папярэдні даклад па той жа тэме быў прысвечаны аналізу паслядоўнага скарачэння межаў правоў і свабодаў, які актывізаваўся пасля выбараў у 2020 годзе, якія прайшлі з істотнымі парушэннямі і паклалі канец прызнанню рэжыму Лукашэнкі ў якасці легітымнай улады. Цяперашні даклад змяшчае абноўленыя звесткі аб сітуацыі з сакавіка 2023 года па сакавік 2024-га.

Прэзентацыя адбудзецца 5 красавіка (пятніца) а 14:00 у «Беларускім доме» (Vilniaus gatve, 20) у Вільні. Уваход вольны!


Чытаць па спасылцы 👉 https://spring96.org/be/news/114850
У Пінску мужчыну судзяць нібыта за «масавыя беспарадкі»

У судзе Пінска і Пінскага раёна з 28 сакавіка 2024 году судзяць Сяргея Кулеша. Яго абвінавачваюць паводле ч. 2 арт. 293 (масавыя беспарадкі) Крымінальнага кодэкса. Справу разглядае суддзя Яўгенія Мельнік.

Нагадаем, у красавіку 2021 году 14 палітвязняў паводле так званай «пінскай справы» пазбавілі волі на тэрміны ад 5,5 да 6,5 гадоў. Суддзя Яўген Брэган прызнаў іх вінаватымі паводле ч. 2 арт. 293 Крымінальнага кодэкса. Пасля гэтага ў ліпені 2021 году былі вынесеныя прысуды дзесяці мужчынам па «пінскай справе»: Вера Філонік прызначыла ім ад 4 да 5,5 гадоў пазбаўлення волі. У кастрычніку 2021 году да трох з паловай і чатырох гадоў калоніі Андрэй Грушко асудзіў яшчэ двух фігурантаў «пінскай справы».

Цяпер паводле гэта ж артыкулу судзяць Сяргея Кулеша. Падрабязнасці пра ягонае абвінавачанне пакуль невядомыя.
❗️Рыгору Кастусёву зрабілі аперацыю

Пра гэта ў Facebook напісаў зяць старшыні партыі БНФ Дзмітрый Антончык.

«Рыгору Кастусёву зрабілі аперацыю - вывелі катэтар з мачавога пузыра... і адразу з аперацыйнага стала адправілі ў камеру...».

Нагадаем, Кастусёва асудзілі да 10 гадоў калоніі. У зняволенні ў Рыгора абвастрыліся праблемы са здароўем — у яго выявілі анкалагічнае захворванне.

💌Падтрымайце палітвязня: Турма №1, 230023, Гродна, Кірава, 1, Рыгор Андрэевіч Кастусёў
💻Напісаць анлайн
⚖️Палітвязня Аляксандра Цялегу хочуць перавесці на турэмны рэжым

Учора, 3 красавіка, у Івацэвічах адбыўся суд па замене Аляксандру рэжыму ўтрымання, па выніках якога палітвязня могуць перавесці ў турму. Справу разглядаў суддзя Сяргей Кухацкавалец, але вынік суда пакуль невядомы.

Нагадаем, у судзе Ленінскага раёна Гродна 21 студзеня 2022 года Аляксандра асудзілі да чатырох гадоў калоніі за каментары ў інтэрнэце. На судзе стала вядома, што адзін з пацярпелых па справе збіваў Цялегу пры затрыманні. 1 лістапада 2022 года над палітвязнем распачаўся новы працэс у судзе Пухавіцкага раёна зноў за каментары. У выніку суд прызначыў яму адзін год зняволення, але шляхам паглынання больш строгага пакарання менш строгім тэрмін пакінулі ранейшым.

💌Падтрымайце Аляксандра: ПК № 22. 225295, Брэсцкая вобласць, г. Івацэвічы, ст. Даманава, а/с 20, Аляксандр Анатольевіч Цялега
💻Напісаць анлайн
У Ветцы была затрымана шматдзетная маці Ганна Малантаева

2 красавіка ў судзе Веткаўскага раёна суддзя Вольга Сычова разглядала адміністрацыйную справу паводле ч. 2 арт. 19.11 КаАП (распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў), якая была заведзена на Маналтаеву. Вынік суда высвятляецца.

Ганна Маналтаева — маці 4-х непаўнагадовых дзяцей. У 2023 годзе яна была ўзнагароджана Ордэнам Маці, піша «Гомельская Вясна».
У Гомелі на 15 сутак арыштавалі начальніка Праектнага інстытута «Гомельгіпразем»

Як піша @flagshtok, гаворка ідзе пра Андрэя Варуева — начальніка трэцяга аддзела па землеўпарадкаванні Рэспубліканскага дачэрняга ўнітарнага прадпрыемства «Праектны інстытут "Гомельгіпразем"».

Яму прызначылі 15 сутак арышту паводле ч. 2 арт. 19.11 КаАП (распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў).
❗️«Чаму не арыентуешся на Расію?». Беларуска распавяла пра свой допыт у КДБ гэтай вясной

У 2022 годзе дзяўчына ездзіла на навучанне ў Швецыю. У пашпарце з той паездкі ў Анастасіі засталася шэнгенская віза. Гэта прыцягнула ўвагу сілавікоў.

«Яны пачалі распытваць, навошта я туды ездзіла, дзеля чаго вучыла замежную мову і чаму не арыентуюся на Расію, а менавіта на Захад. Я сказала ім, што мне проста цікава вандраваць і пабачыць нешта новае».

Супрацоўнікі КДБ пачалі прапаноўваць Анастасіі супрацоўнічаць з імі.

«Яны цікавіліся, якія ў мяне далейшыя планы на жыццё. Я адказала, што пасля двух гадоў адпрацоўкі планую паступаць у магістратуру. Сілавікі спыталі, ці хацела б я паспрабаваць сябе ў чымсьці іншым. Я ім дала зразумець, што мяне гэта зусім не цікавіць».

Падчас допыту сілавікі ўвесь час выпраўлялі дзяўчыну: «На Украіне», «Не вайна, а спецаперацыя», «Не другая сусветная, а вялікая айчынная».

🔹«Будзеш ездзіць па свеце і распавядаць нам, як жыве беларуская дыяспара». Як КДБ схілялі мінчанку да супрацы
❗️Шукаем людзей, якія паводле «палітычных» адміністрацыйных справаў былі асуджаныя да «грамадскіх працаў» і ўжо прайшлі адпрацоўку

Калі гэта вы — калі ласка, напішыце праваабаронцам на @Viasnainfo. Ананімнасць гарантуецца.

Беларусам і беларускам прызначаюць такі від спагнання за «несанкцыянаванае пікетаванне» аватаркай у сацсетках ці «распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў» — перасыл родным навінаў з незалежных СМІ.
Падтрымайце Юлію Краўцову, затрыманую падчас рэйду КДБ па справе INeedHelpBy

47-гадовую палітзняволеную затрымалі 23 студзеня 2024 года падчас рэйду КДБ за прадуктовую дапамогу ад ініцыятывы INeedHelpBY. Яе абвінавачваюць у "фінансаванні экстрэмісцкай дзейнасці" паводле арт. 361-2 Крымінальнага кодэкса.

Цяпер жанчыну ўтрымліваюць у жодзінскай турме № 8.

💌Падтрымайце Юлію грашовымі пераводамі, пасылкамі і лістамі: Следчая турма № 8. 222163, г. Жодзіна, вул. Савецкая, 22А, Юлія Валер'еўна Краўцова
💻Напісаць анлайн
💔Дайджэст вызваленых: мінімум 32 палітвязні ў сакавіку выйшлі на волю па заканчэнні тэрміну

На дадзены момант у Беларусі налічваецца 1388 палітвязняў, а колькасць іх павялічваецца амаль штотыднёва. Пры гэтым кожны месяц некалькі дзясяткаў палітвязняў выходзяць з месцаў зняволення або па заканчэнні тэрміну, або пасля суда да накіравання ў ПУАТ ці пачатку адбыцця тэрміну на «хатняй хіміі».

Па дадзеных «Вясны», у сакавіку на волю выйшлі мінімум 32 чалавекі, якія цалкам адбылі свае тэрміны. Яшчэ 8 чалавекі былі асуджаныя да «хатняй хіміі» і вызваленыя з СІЗА.

За што палітзняволеныя адбывалі тэрміны і колькі іх утрымлівалі ў месцах няволі — распавядае «Вясна» ў штомесячным дайджэсце
❗️У Беларусі +13 новых палітвязняў

Гэта Дзіяна Кішкарэнка, Анастасія Юманава, Вольга Патрусаева, Дзмітрый Кучук, Міхаіл Петраш, Юрый Хаванскі, Піліп Сцёпін, Яўген Цыбулька, Вячаслаў Баравік, Дзмітрый Шчамер, Андрэй Анпілогаў.

Хто гэтыя людзі і чаму праваабаронцы лічаць іх справы палітычна матываванымі 👉 spring96.org/be/news/114903

Спіс усіх палітвязняў Беларусі 👉 prisoners.spring96.org
🌍Украінцы, палякі, расейцы: каго з замежных грамадзян утрымліваюць па палітычных справах у беларускіх турмах

Беларускі рэжым па палітычных матывах пераследуе не толькі грамадзян сваёй краіны, пад рэпрэсійны каток трапляюць грамадзяне і грамадзянкі іншых краін. Напэўна, адна з самых вядомых палітычных справаў супраць замежных грамадзян — кейс Наталлі Хершэ, якую вызвалілі з калоніі пры садзейнічанні Швейцарыі.

У беларускіх месцах няволі застаюцца грамадзяне Украіны, Польшчы, Расіі, Латвіі, Казахстана і Узбекістана. Дакладная лічба невядома, але іх падлік ідзе на трэці дзясятак. Іх пераследуюць за ўдзел у акцыях пратэсту, каментары, перадачу інфармацыі незалежным СМІ і сваякам за мяжу. З пачаткам поўнамаштабнай вайны ва Украіне ўзмацніўся ціск і пераслед украінцаў у Беларусі — іх абвінавачваюць у «агентурнай дзейнасці» і «шпіянажы».

«Вясна» распавядае, каго з замежных грамадзян пераследуюць у Беларусі па палітычных матывах і па якіх справах.

Чытаць па спасылцы 👉 https://spring96.org/be/news/114902
За ўдзел у пратэстах затрыманы жыхар Брэста Яўген Мельнічук

На «пакаяльным відэа» ён «прызнаецца» ў тым, што падчас акцыі «махаў рукой» натоўпу, кажучы «атачайце АМАП», і кідаў камяні, піша @mediazona_by.

🗣Паведаміць пра затрыманне
⚖️Атрымаць бясплатную кансультацыю праваабаронцаў
📝Абскардзіць дзеянні дзяржаўных органаў
✍️Звязацца з журналістамі «Вясны»
❗️«Збіваў асабіста міністр Кубракоў». Сталі вядомыя падрабязнасці затрымання палітвязня Дзяніса Воразава

Дзяніса затрымалі ў верасні 2022 года пасля вывешвання ў Мінску на фасадзе шматпавярховіка вялікага беларускага нацыянальнага і ўкраінскага сцягоў у знак салідарнасці з Украінай. Мужчыну асудзілі на 5 гадоў калоніі.

Былы палітвязень, які сядзеў у адной камеры СІЗА-1 з Дзянісам, распавёў праваабаронцам падрабязнасці яго затрымання.

«Дзяніса прывезлі ўсяго сіняга ад збіцця. Ён выглядаў, як кавалак мяса. Вочы і твар былі моцна заплыўшыя.

Спачатку яго адвезлі ў лякарню, каб сыйшлі пабоі, настолькі моцна яго збілі. У лякарні яго прысцягнулі да ложка па дыяганалі за руку і нагу».


Як распавёў суразмоўца, Дзяніса збіваў асабіста міністр МУС Іван Кубракоў.
🇺🇳СПЧ ААН падоўжыў мандат спецдакладчыка па Беларусі і стварыў орган па расследванні парушэнняў правоў чалавека

Савет па правах чалавека (СПЧ) ААН 4 красавіка на пасяджэнні 55-й сесіі ў Жэневе прыняў рэзалюцыю, якой падоўжыў мандат Спецыяльнага дакладчыка па Беларусі, а таксама пастанавіў стварыць групу з трох незалежных экспертаў па правах чалавека ў нашай краіне.

У яе мандат будзе ўваходзіць правядзенне расследавання і ўстанаўленне фактаў, абставінаў і карэнных прычын усіх меркаваных парушэнняў і ўшчамленняў правоў чалавека і парушэнняў, учыненых у Беларусі з 1 траўня 2020 года.

Перад галасаваннем на сесіі Савета выступіла прадстаўніца беларускага МЗС, якая заявіла, што Беларусь «не заслугоўвае асаблівай увагі» арганізацыі.

Чытаць па спасылцы 👉 https://spring96.org/be/news/114908
Зорку «Што? Дзе? Калі?» Фёдара Шведава судзяць за «фінансаванне экстрэмізму»

Фёдару Шведаву 48 гадоў. Ён быў зоркай беларускага «Што? Дзе? Калі?» яшчэ да таго, як патрапіў у тэлеверсію праграмы. Гуляе ён з 2006 года і ўдзельнічаў у амаль усіх рэспубліканскіх спаборніцтвах. А ў 2013-м, пасля ўдзелу ягонай каманды «Гасіла» ў «Брэйн-рынгу», іх запрасілі ў так званую «элітарку».

Каманда Фёдара адгуляла восем сезонаў, апошні — у маі 2020-га. У 2017-м Фёдар атрымаў Вялікую хрустальную саву як найлепшы гулец сезона.

Калі яго затрымалі — дакладна невядома, як і сутнасць абвінавачання. Вядома толькі, што ён ахвяраваў да траўня 2021 года. Суд над Шведавым пачнецца 15 красавіка ў Гродзенскім абласным судзе.

Крыніца: Наша Ніва
Сацсеткі праекту аматараў цяжкай музыкі «ByMetal» прызнаныя «экстрэмісцкімі»

Адпаведнае рашэнне прынятае судом Гомельскага раёну 2 красавіка. У апісанні старонкі «ByMetal» у Instagram пазначана — «Metal music of Belarus. Цяжкая музыка як частка нацыянальнай культуры Беларусі ў еўрапейскім і сусьветным кантэксьце».

Таксама ў Спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў трапіла Facebook-старонка «Монтик Иван», TikTok-старонка «YouTube Беларусi», сацсеткі праектаў «Лахвiч» і «Тутэйшы Шляхцiч», а таксама Instagram-старонкі «usual_morningg» і «shkola_videoblogera».
spis_ekstremistau.pdf
11.8 MB
У «Спіс экстрэмістаў» дадалі яшчэ 28 чалавек — цяпер у ім 3960 прозвішчаў

5 красавіка МУС зрабіла традыцыйны пятнічны апдэйт «Пераліка грамадзян Беларусі, замежных грамадзян або асоб без грамадзянства, якія маюць дачыненне да экстрэмісцкай дзейнасці».

Сярод іншых, у спіс дадалі пенсінерку з Мазыра Ірыну Сапрыгіну, прадпрымальніка з Круглага Аляксандра Калініна, асуджанага за відэа з ваеннай тэхнікай інжынера з Брэста Аляксандру Бойку.

Да допіса далучыны апошні «Пералік грамадзян, якія маюць дачыненне да экстрэмісцкай дзейнасці».

⁉️«Мама, я экстрэміст». Якія абмежаванні накладаюцца на асоб, уключаных у «Спіс экстрэмістаў»
Беларуса, які адбывае тэрмін на «хіміі», арыштавалі на 15 сутак за падпіску на «Краіну для жыцця»

Паведамляецца, што мужчына адбывае свой тэрмін паводле ч.2 арт. 367 КК (паклёп на Лукашэнку).
Хрысціянскі прапаведнік і шматдзетны бацька Сяргей Мельянец не выйшаў на волю пасля арышту

Раней паведамлялася, што ён атрымаў 13 сутак арышту.

Як піша @christianvision, пасля іх сканчэння мужчыну не вызвалілі.
63-гадовую жыхарку Брэста будуць судзіць за «садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці»

Пра гэта паведамляе прэс-служба Следчага камітэта.

Паводле ведамства, у 2021 годзе беларуску асудзілі да 1,5 гадоў «хатняй хіміі» за абразу прадстаўніка ўлады (арт. 369 КК).

Пасля гэтага сілавікоў зацікавала «падазроная актыўнасць жанчыны ў ажыццяўленні грашовых пераводаў». Следчыя ўстанавілі, што яна ажыццявіла не менш за 125 пераводаў 114 беларусам на суму больш за 1,5 тысячы рублёў. Як піша СК, жанчына пераводзіла грошы выключна асобам, якія ўчынілі «злачынствы экстрэмісцкай накіраванасці».

Таксама следчыя ўстанавілі, што яна была ў закрытай суполцы ў Facebook, якая належыць «экстрэмісцкаму фармаванню». Верагодна, гаворка ідзе пра суполку «Письма Солидарности Беларусь 2020», якую ў снежні прызналі «экстрэмісцкім фармаваннем».

Жанчыне прад'яўлена абвінавачанне па ч.1 арт.361-4 КК (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці).

Паводле інфармацыі праваабаронцаў, гаворка ідзе пра палітзняволеную Наталлю Малец.