Вясна / Правы чалавека ў Беларусі
10K subscribers
20.4K photos
456 videos
68 files
18.3K links
Тэлеграм-канал Праваабарончага цэнтру «Вясна». Актуальныя навіны ў галіне правоў чалавека ў Беларусі.

Пра затрыманні пісаць на @viasna_bot, для кансультацый - @ViasnaSOS.
Сувязь з інфармацыйнай службай: @Viasnainfo
Юрыдычная служба: @zvarot96
Download Telegram
❗️Затрыманы стрыечны брат Васіля Парфянкова, які імаверна загінуў ва Украіне. Яму прысудзілі 15 сутак арышту.

Стрыечнага брата загінулага байца Палка імя Кастуся Каліноўскага Васіля Парфянкова Сяргея пасадзілі на 15 сутак. Пра гэта стала вядома карэспандэнтам @belsat.

Пасля таго, як стала вядома аб тым, што Васіль загінуў пад Лісічанскам, на працы кіраўніцтву Сяргея паведамілі, што ён «нядобранадзейны» элемент, бо ў ягоны брат ваяваў на баку Украіны супраць расейскай агрэсіі.

8 ліпеня Сяргей пайшоў у міліцыю, куды яго выклікалі на размову, і пасля гэтага сувязь з ім знікла. Позна ўвечары сваякам сказалі, што яго адпусцілі, але дадому ён не прыйшоў. 9 ліпеня стала вядома, што Сяргей арыштаваны.

Адзначым, што нядаўна маці і сястра Васіля адбылі па 10 сутак арышту.
На падставе рашэння Мінінфарма заблакаваны сайт беларускага незалежнага часопісу ARCHE

«Arche.by далучыўся да немалой ужо кампаніі заблякаваных Міністэрствам інфармацыі сайтаў. Пятля сьціскаецца. Дабілі/выпхнулі за мяжу буйных, узяліся дабіваць дробных і паўжывых», — паведаміў у Facebook галоўны рэдактар часопіса ARCHE Валер Булгакаў.
📍Фігуранта «справы Ціханоўскага» Арцёма Сакава перавялі ў шклоўскую калонію

27-гадовы Арцём Сакаў — былы памежнік, сябра ініцыятыўнай групы Святланы Ціханоўскай і адзін з відэааператараў Youtube-каналу «Страна для жизни». Палітычнай актыўнасці як такой не вёў — толькі здымаў відэаролікі для Ціханоўскага. Быў затрыманы 31 траўня ва ўласнай кватэры — пры тым, што быў на пікеце 29 траўня падчас правакацыі супраць Ціханоўскага, але тады яго не чапалі. 

Вядома, што яго абвінавацілі па чатырох артыкулах Крымінальнага кодэкса. 14 снежня ў Гомелі Арцёму прысудзілі 16 гадоў зняволення ў калоніі ўзмоцненага рэжыму.

З трэцяга ліпеня Арцём знаходзіцца ў папраўчай калоніі № 17 у Шклове.

💌Падтрымайце палітвязня лістамі салідарнасці: ПК № 17, 213004, г. Шклоў, вул. 1-я Заводская, 8, Арцём Мікалаевіч Сакаў (на лістах пазначайце «каранцін»)
🎥 «Я лічу, што я зрабіў усё правільна». ТОК з Алесем Бяляцкім

У 2012 годзе букмекеры з усяго свету лічылі, што Нобелеўская прэмія міру дастанецца беларускаму праваабаронцу Алесю Бяляцкаму. Ён быў фаварытам гонкі, але ўзнагароду прысудзілі Еўрасаюзу. Бяляцкі тады знаходзіўся за кратамі. На паказальным працэсе праваабаронца атрымаў 4,5 года пазбаўлення волі з канфіскацыяй маёмасці за грошы, атрыманыя на працу «Вясны». Бяляцкі мог з’ехаць за мяжу, але прынцыпова застаўся на радзіме, хоць і ведаў, што яго чакае калонія.

У выпуску праграмы «Ток», знятым у 2019 годзе, Алесь расказвае пра турэмны побыт, чалавечнасць у сістэме, правакацыі і падтрымку, разважае пра гамафобію, прэзідэнцтва, гаворыць пра сям'ю і нават пра ўласныя татуіроўкі.

Нагадаем, 14 ліпеня будзе роўна год, як праваабаронца зноў знаходзіцца за кратамі.

💌Падтрымаць Алеся:
СІЗА-1, 220030, Мінск, Валадарскага, 2, Аляксандру Віктаравічу Бяляцкаму.
💻Напісаць анлайн 👉 bit.ly/3jwJMLn
⁉️Як падтрымаць зняволеных праваабаронцаў «Вясны»
💳Падтрымаць «Вясну» на Patreon
МУС прызнала «экстрэмісцкім фармаваннем» тэлеграм-канал «Витебск 97%»

Адпаведнае рашэнне было прынятае 6 ліпеня.
🌿«Вясноўцы» за кратамі. Алесь Бяляцкі

Палітзняволеныя сябры «Вясны» — не толькі людзі, якія вымушаныя знаходзіцца за кратамі праз сваю грамадзянскую пазіцыю. У першую чаргу гэта адукаваныя спецыялісты, майстры ў сваёй справе, таму мы лічым, што гаварыць пра іх трэба праз прызму іх экспертнасці.

Сёння нагадаем вам пра цікавыя матэрыялы з удзелам кіраўніка і заснавальніка Праваабарончага цэнтру «Вясна» Алеся Бяляцкага.

🔹Обращение Алеся Беляцкого в связи с вручением премии ОБСЕ «Защитник демократии»

🔹Алесь Бяляцкі: Беларуская турма як мадэль беларускай дзяржавы

🔹Алесь Бяляцкі і Вясна атрымалі Прэмію «За годны лад жыцця – 2020» / Right Livelihood Award 2020

🔹Нястомнае сэрца — фільм пра Алеся Бяляцкага

🔹Выбары 2020. Зварот праваабаронцаў Вясны

🔹Маю права: З чаго пачынаўся праваабарончы цэнтр «Вясна»? Алесь Бяляцкі ўзгадвае падзеі, што мелі дачыненне да стварэння арганізацыі

🔹Сьвечка праўды Алеся Бяляцкага
Палітвязня асудзілі да трох гадоў «хатняй хіміі» пасля паўгода на «Валадарцы»

29-гадовага палітзняволенага айцішніка Іллю Люльковіча асудзілі да трох гадоў «хатняй хіміі» па «пратэсным» 342 артыкуле Крымінальнага кодэкса (удзел у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак). Такі прысуд вынес суддзя Цэнтральнага раёна Мінска Дзмітрый Карсюк 7 ліпеня.

Ілля быў вызвалены ў залі суда пасля шасці месяцаў пад вартай у СІЗА-1.
Напісаў антываенны верш з абразамі Лукашэнкі і запісаў яго ў Цік-Ток — 1 год і 9 месяцаў калоніі

Суд Віцебскага раёна разгледзеў крымінальную справу Аляксея Вячэрняга, абвінавачанага ў абразе Лукашэнкі (ч.1 арт 368 КК). Мужчына – грамадзянін Беларусі, але украінец, які нарадзіўся ў Чаркаскай вобласці. Удзельнічаў у рэспубліканскіх фестывалях народнай творчасці ў Беларусі. Выхоўвае 16-гадовага сына.

Пасля пачатку абстрэлу Украіны з тэрыторыі Беларусі на эмацыйнай хвалі напісаў верш, запісаў яго на відэа і выклаў у Tik-Tok. У ім прысутнічалі словы, якія «абразілі Лукашэнку, прынізілі ягоныя гонар і годнасць».

У выніку, суддзя Ігнаценка прысудзіў абвінавачанаму год і дзевяць месяцаў пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму.

Чытаць па спасылцы
📍Палітзняволеная Наталля Падлеўска выйшла на волю

56-гадовую Наталлю Падлеўска затрымалі летась у лістападзе за каментары ў адрас Лукашэнкі, Касьянчык і іншых прадстаўнікоў улады. Больш за паўгода яе пратрымалі пад следствам у СІЗА, дзе ў яе абвастрыліся хранічныя захворванні. На судзе, які праходзіў у закрытым рэжыме, жанчына ўвесь час была ў кайданках — ёй дазволілі зняць іх, толькі каб падпісаць дакументы.

Пракурор запатрабаваў для яе 2,5 гады зняволення. Суддзя абмежаваўся годам калоніі і штрафам у 100 базавых велічынь (3 200 беларускіх рублёў).

4 ліпеня Наталля выйшла на волю па заканчэнні тэрміну, нават не дачакаўшыся разгляду апеляцыйнай скаргі.

🌿»Мама выхавала ўва мне чалавека" — дачка палітзняволенай Наталлі Падлеўска
За абразы Лукашэнкі і распальванне сацыяльнай варожасці асудзілі жыхара Бабруйска

У Магілёўскім абласным судзе вынесены прысуд жыхару Бабруйска Анатолю Яскевічу, якога абвінавацілі ў распальванні расавай, нацыянальнай, рэлігійнай ці іншай сацыяльнай варожасці і варажненчы (ч. 1. арт. 130 КК), а таксама ў абразе Лукашэнкі (ч. 2 арт. 368 КК).

Па матэрыялах следства, у траўні 2021 года, выкарыстоўваючы навіну аб крушэнні ваеннага самалёта ў горадзе Баранавічы і гібелі дваіх лётчыкаў, у TikTok 35-гадовы мужчына «сістэматычна размяшчаў у адкрытым доступе відэазвароты, накіраваныя на распальванне сацыяльнай варожасці і варажнечы ў дачыненні да супрацоўнікаў сілавых ведамстваў».

Таксама ў той час ён запісаў тры відэа ў TikTok, у якіх «зняважыў кіраўніка дзяржавы, ілжыва абвінаваціў яго ў цяжкіх і асабліва цяжкіх злачынствах».

У выніку, суддзя Ігар Зямцоў прысудзіў Яскевічу 4 гады 6 месяцаў у калоніі агульнага рэжыму.

Падрабязнасці (з Беларусі — праз VPN) 👉
bit.ly/3ABP9Fl
За фінансаванне пратэстнай дзейнасці ў Берасці будуць судзіць палітзняволеную Вольгу Ялцэвіч

Брэсцкі абласны суд 11 ліпеня пачынае разгляд крымінальнай справы жыхаркі Докшыцаў Вольгі Ялцэвіч па абвінавачванні ў фінансаванні пратэстнай дзейнасці (ч. 2 артыкула 342 КК).

Згодна з матэрыяламі следства Вольга не пазней за 12 жніўня 2020 года «на розных інтэрнэт-рэсурсах ад імя аднаго з замежных фондаў апублікавала інфармацыю аб зборы грошай для падтрымкі грамадзян, якія прымалі ўдзел у несанкцыянаваных масавых мерапрыемствах на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь».

Такім чынам, па версіі абвінавачвання, яна «актыўна ўдзельнічала ў матэрыяльным забеспячэнні асоб для ўдзелу ў групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак і спалучаных з відавочным непадпарадкаваннем законным патрабаванням прадстаўнікоў улады».

Падрабязнасці (з Беларусі — праз VPN) 👉 bit.ly/3IAtakb
Палітвязень атрымаў другую групу інваліднасці, у сувязі з чым яго перавялі з «хіміі» на «хатнюю хімію»

5 ліпеня асуджанаму па «пратэсным» артыкуле палітвязню Валерыю Вішчэню змянілі від пакарання з «хіміі» на «хатнюю хімію». Гэта адбылося ў сувязі з тым, што нядаўна ён атрымаў другую групу інваліднасці, якая абмяжоўвае фізічныя нагрузкі, што робіць немагчымым адбыццё тэрміну на «хіміі». Рэшту тэрміну — 1 год і 9 месяцаў — Валер будзе адбываць на «хатняй хіміі».

Нагадаем, 34-гадовага мужчыну абвінавацілі ў «актыўным ўдзеле у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак» і асудзілі па арт. 342 КК да трох гадоў «хіміі». 5 верасня Валерый пачаў адбываць пакаранне ў папраўчай ўстанове №9 у Віцебску. Там ён працаваў на вытворчасці помнікаў.

Чытаць па спасылцы
🗣«Прыйшлі, драманули, папісалі і паехалі “дадому“», — Акіхіра Гаеўскі-Ханада пра суд

Палітвязень Акіхіра Гаеўскі-Ханада даслаў на волю ліст ад 13 чэрвеня:

«Мне сейчас очень редко что-то [письма] доходит сейчас, даже от родных, всего пару штук в месяц. Так что каждое входящее удивляет. Суды каждый день, но протекают как-то мимо нас: пришли, дреманули, пописали и поехали «домой».

Недавно по ТВ пересмотрел один из моих любимых фильмов «Интерстеллар» режиссёра Кристофера Нолана. Драма про космос, чёрные дыры и любовь. И прекрасное музыкальное сопровождение от композитора Ханса Циммера. Хорошее кино переносит вдаль от здешних четырёх стен.


Получил привет от девчонки, с которой занимался рисованием 16 лет назад! Она сейчас в Филадельфии (США)».

Судовы працэс над Акіхіра і яшчэ 9 палітвязнямі ідзе ўжо амаль тры месяцы. За кратамі палітвязня ўтрымліваюць 23 месяцы.

💌Падтрымаць пасылкамі, грашовымі пераводамі і лістамі: СІЗА-1, 220030, г. Мінск, вул. Валадарскага, 2, Акіхіра Святаслававіч Гаеўскі-Ханада
Чарговае папаўненне Спіса экстрэмісцкіх матэрыялаў

У яго трапілі:
• Відэаролікі: «Расея перагрупуе войскі і рыхтуецца да атакі. ЗСУ выбілі ворага з Мікалаеўкі, Херсонскай вобласці», «Расея запусціла вучэнні з ракетнымі ядзернымі сіламі. У Маскве пачаліся аблавы на прызыўнікоў», «Акупанты прасоўваюцца до Славянску. Нямеччына павялiчыла импарт з Расеi на 60% / Вайна ва Ўкраине»;
• Telegram-канал: «ЖЫВЕ ВИТЕБСК 97%»;
• Суполкі ва «Укантакце»: «Стены Рухнут», «СТРАНА ДЛЯ ЖИЗНИ».
Яшчэ аднаго палітвязня асудзілі за «непадпарадкаванне» адміністрацыі бабруйскай калоніі

Палітзняволенага мінчука Андрэя Навіцкага, асуджанага да 5 гадоў калоніі за ўдзел у акцыях пратэсту, абразу Лукашэнкі ў відэароліку на YouTube і захоўванні пораху, асудзілі па арт. 411 Крымінальнага кодэкса за «злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі» бабруйскай калоніі № 2.

Суддзя суда Бабруйскага раёна і Бабруйска Вольга Серакова прызначыла палітвязню яшчэ чатыры месяцы пазбаўлення волі і змяніла яму рэжым адбыцця пакарання з узмоцненага на строгі.

Падрабязнасці (з Беларусі — праз VPN) 👉
bit.ly/3yv0i8q

🔹«Ён нязломны ўпарты воін», — маці палітвязня Андрэя Навіцкага пра сына
У Мінску за ўдзел у акцыі пратэсту пачалі судзіць Зміцера і Насту Дашкевічаў

У судзе Маскоўскага раёна Мінска сёння распачаўся крымінальны працэс над палітвязнем Зміцерам Дашкевічам і ягонай жонкай Настай Дашкевіч.

Суддзя Таццяна Пірожнікава судзіць сям'ю па ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса — удзел у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак. Іх абвінавачваюць ва ўдзеле ў акцыях пратэсту пасля выбараў у 2020 годзе.

15 чэрвеня, калі Зміцер ужо тры месяцы ўтрымліваўся ў СІЗА, у сям'і Дашкевічаў нарадзілася дзіцё.

Падрабязнасці (з Беларусі — праз VPN) 👉 bit.ly/3RrrP3l

💌Падтрымаць Зміцера:
- СІЗА-1, 220030, г. Мінск, вул. Валадарскага, 2, Зміцер Вячаслававіч Дашкевіч
«Вас не забылі». Намесніца памочніка дзяржсакратара ЗША выказала падтрымку беларускім палітвязням

«У Беларусі больш за 1200 палітзняволеных цяпер. Сярод іх праваабаронцы, журналісты — людзі, якіх затрымалі проста за тое, што яны рабілі сваю працу, людзі, у якіх трэба бачыць не пагрозу, а будучыню грамадства. Маё пасланне і зняволеным, і іх сем’ям — вас не забылі.

Злучаныя Штаты разам з партнёрамі і саюзнікамі будуць дабівацца вызвалення палітзняволеных і не супакояцца, пакуль усе палітзняволеныя не выйдуць на свабоду. І хачу падкрэсліць, што мала вызваліць аднаго ці двух зняволеных, ці частку зняволеных. Патрэбны сістэмны дэмантаж рэпрэсіўнай мадэлі. Гэта для Злучаных Штатаў прыярытэт», — заявіла «Нашай Ніве» намесніца памочніка дзяржсакратара ЗША па пытаннях дэмакратыі, правоў чалавека і працы Кара Макдональд.

📨 Адрасы і спіс усіх палітвязняў, якім можна даслаць паштоўку або ліст 👉
bit.ly/3sSr3iL
💻 Напісаць анлайн 👉
bit.ly/3jwJMLn
Вясна / Правы чалавека ў Беларусі
У Мінску за ўдзел у акцыі пратэсту пачалі судзіць Зміцера і Насту Дашкевічаў У судзе Маскоўскага раёна Мінска сёння распачаўся крымінальны працэс над палітвязнем Зміцерам Дашкевічам і ягонай жонкай Настай Дашкевіч. Суддзя Таццяна Пірожнікава судзіць сям'ю…
У судзе і Зміцер, і Наста адмовіліся ад дачы паказанняў

Яны прызналі на працэсе толькі тое, што сапраўды прысутнічалі на Маршы 23 жніўня 2020 года. У матэрыялах справы тры тома — яны агалошваюцца ў судзе. На працэсе пералічваюцца ўсе арышты, штрафы і крымінальны пераслед Зміцера з 1999 года.

🔹У Мінску за ўдзел у акцыі пратэсту пачалі судзіць Зміцера і Насту Дашкевічаў
❗️Палітзняволены Уладзімір Гундар працягвае трымаць галадоўку — падчас працэсу ён стаяў у клетцы ў адных майтках

29 чэрвеня 61-гадовы фігурант «справы Аўтуховіча», інвалід ІІ групы Уладзімір Гундар абвесціў галадоўку, пратэстуючы супраць таго, што суд не рэагуе на яго патрабаванні, а таксама як адказ на прымусовае распрананне перад працэсам — адзенне фігурантаў справы перад судом прымушаюць прасвечваюць рэнтгенам. Вязні мяркуюць, што насіць яго пасля гэтага шкодна для здароўя.

Праваабаронцам стала вядома, што 9-га ліпеня Гундара вызвалілі з карцэру, дзе ён быў 10 сутак. Увесь гэты тэрмін палітвязню кожны дзень ставілі ўкол з абязбольваным з-за моцнага болю ў спіне. Пасля выхаду з карцару Уладзімір пачаў піць ваду, але працягвае трымаць галадоўку.

Гундар і надалей адмаўляецца апранаць адзенне пасля прасвечвання рэнтгенам, таму сёння падчас працэсу ён стаяў у клетцы ў адных майтках.
❗️Лічба дня 40. Столькі судовых паседжанняў адбылося над вясноўцамі Марфай Рабковай, Андрэем Чапюком і яшчэ васьмю палітвязнямі, і суд яшчэ працягваецца

Ужо другі месяц — з 25 красавіка — амаль кожны дзень у Мінгарсудзе ідзе суд над каардынатаркай Валанцёрскай службы «Вясны» Марфай Рабковай, валанцёрам Андрэем Чапюком, палітзняволенымі актывістамі анархісцкага руху Акіхірам Гаеўскім-Ханадам, Аляксандрам Францкевічам, Аляксеем Галаўко, Аляксандрам Казлянкам, Паўлам Шпетным, Мікітам Дранецам, Андрэем Марачом, Данілам Чулем. Справу ў закрытым рэжыме разглядае суддзя Сяргей Хрыпач, дзяржабвінавачванне падтрымлівае Раман Бізюк.

Усіх палітвязняў агулам абвінавачваюць па 10 артыкулах Крымінальнага кодэкса. Суд у першы дзень зрабілі закрытым. У справе 160 тамоў. Па падліках праваабаронцаў, сёння ідзе ўжо 40-е судовае паседжанне па справе. Мяркуецца, што прысуд па справе можа быць агучаны напрыканцы ліпеня.

💌Падтрымайце палітвязняў лістамі салідарнасці, грашовымі пераводамі, пасылкамі па адрасе: СІЗА-1, 220030, Мінск, Валадарскага, 2

🔹«Ціхенька спявала "Купалінку", каб не было страшна». Марфа Рабкова — пра свой першы дзень суда

🔹«Прыйшлі, драманулі, папісалі і паехалі “дадому“», — Акіхіра Гаеўскі-Ханада пра суд

💳Падтрымаць «Вясну» на Patreon